рахунак, які банк мае ў свайго банка-карэспандэнта, дзе ўлічваюцца ўсе яго расходы і паступленні. Для банка, які мае рахунак, носіць актыўны характар, таму што адлюстроўвае размяшчэнне сродкаў у форме банкаўскага дэпазіту; для інш. банкаў — пасіўны характар і адлюстроўвае прыцягнутыя рэсурсы і па даручэнні банкаў-карэспандэнтаў (лора рахунак).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОДРСК, Одръск,
горад, які ўпамінаецца ў «Павучанні» Уладзіміра Манамаха ў сувязі з яго паходам на Полацк у 1078. З.Я.Даленга-Хадакоўскі выказаў меркаванне, што О. знаходзіўся на р. Адроў (правы прыток р. Дняпро), на Аршаншчыне, але гэта не пацверджана раскопкамі. Рас. гісторык М.М.Карамзін лічыў, што ў крыніцы памылкова напісана Одръск замест Дръютеск (Друцк).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛУБА,
гарызантальнае перакрыцце ў корпусе судна. Складаецца з насцілу і набору (крапежныя і сувязныя бэлькі і інш.). Верхняя П. з’яўляецца асн. падоўжанай сувяззю корпуса, якая забяспечвае яго агульную трываласць і папярочную жорсткасць. Ніжнія П. служаць для падзелу грузавых памяшканняў па вышыні (на грузавых суднах), размяшчэння пасажыраў (на пасаж. суднах), тэхнал. абсталявання (напр., на рыбаапрацоўчых суднах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСІ́ЎНАЯ РАДЫЁЛАКА́ЦЫЯ назіранне (лакацыя) аб’екта па яго ўласным выпрамяненні. Характэрная асаблівасць — скрытнасць работы з-за адсутнасці сігналаў зандзіравання, што перашкаджае выяўленню пасіўных радыёлакацыйных станцый. Адрозніваюць П.р. аб’ектаў з штучным (напр., радыёперадатчыкаў) і натуральным (цеплавым) выпрамяненнем. Выкарыстоўваецца для атрымання радыёлакацыйных карт мясцовасці ў навігацыйных мэтах, выяўлення і вызначэння каардынат паветрана-касм. аб’ектаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІКНО́МЕТР (ад грэч. pyknos шчыльны + ...метр),
прылада для вызначэння шчыльнасці рэчыва (часам т-ры) у газападобным, вадкім ці цвёрдым стане. Складаецца са шкляной пасудзіны (колба- або шарападобнай) з капілярнай трубкай, часам і з тэрмометрам. Прынцып дзеяння заснаваны на ўзважванні яго з даследаваным рэчывам, аб’ём якога вызначаецца па шкале або па метках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАЗО́Л,
1,2-дыазол, гетэраараматычнае злучэнне, C3H4N2. Бясколерныя крышталі, tпл 70 °C, tкіп 185—187 °C. Раствараецца ў вадзе, этаноле, дыэтылавым эфіры. П. і яго вытворныя — прамежкавыя прадукты ў сінтэзе лек. прэпаратаў (напр., анальгіну, амідапірыну) і пестыцыдаў. Выкарыстоўваюць вытворныя П. як фарбавальнікі для каляровай фатаграфіі, арган. люмінафоры. Іл.гл. да арт.Гетэрацыклічныя злучэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РАЗАЎСКІ РАЁН,
адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1940—60. Утвораны 15.1.1940 у Брэсцкай, з 20.9.1944 у Гродзенскай абл. Цэнтр — г.п.Поразава. Падзяляўся на 7 сельсаветаў: Крапіўніцкі (утвораны 16.7.1954 са скасаваных Дашкавіцкага, Нізянскага, Лескаўскага, Хрустаўскага, Шчурыцкага с/с), Кукліцкі, Лаўрынавіцкі, Міхайлаўскі, Навадворскі, Падароскі, Поразаўскі. 20.1.1960 скасаваны, яго тэрыторыя перададзена ў Свіслацкі раён.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТЭ́Й,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі марскі бог, пастух цюленевых статкаў. Быў стары, меў вял. колькасць дзяцей (пратыдаў), вызначаўся здольнасцю прымаць выгляд розных істот, прароцкім дарам, вял. дасведчанасцю. Лічыўся таксама стараж. царом Егіпта, дзе, паводле некаторых міфаў, у яго ў час Траянскай вайны знаходзілася сапраўдная Алена, у той час як Парыс валодаў толькі яе прывідам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГВАЛО́ДАВІЧЫ,
княжацкі род, прадстаўнікі якога ў 10—13 ст. валодалі Полацкаю зямлёю. Паходзяць ад полацкага князя Рагвалода, які загінуў разам з сынамі пры захопе Полацка Уладзімірам Святаславічам. Нашчадкі Рагвалода ад яго дачкі Рагнеды Рагвалодаўны ў летапісах названы «Рагваложымі ўнукамі», у навук. л-ры ад імя сына Рагнеды Ізяслава іх называюць Ізяславічамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁЛАКАЦЫ́ЙНЫ МАЯ́К,
наземная, размешчаная ў пэўным геагр. пункце (з вядомымі каардынатамі) прыёмна-перадавальная радыёстанцыя, якая працуе сумесна з устаноўленай на рухомым аб’екце (самалёце, судне і інш.) радыёлакацыйнай станцыяй. Пад уздзеяннем сігналаў бартавой станцыі Р.м. уключаецца і выпраменьвае кадзіраваныя сігналы, па якіх вызначаюцца напрамак на маяк і адлегласць да яго. Можа служыць і радыёмаяком.