ІНГУМА́ЦЫЯ (англ. inhumation inhumo, ingumare пакрываць зямлёй) у археалогіі, пахаванне нябожчыка паводле абраду трупапалажэння ў грунтавой магіле, а таксама пад курганом на гарызонце, у яме або на падсыпцы ў курганным насыпе ў адрозненне ад абраду крэмацыі (трупаспалення). Упершыню ў беларускамоўным археал. выданні тэрмін І. выкарыстаны ў 1928 А.М.Ляўданскім пры апісанні пахавальнага абраду ў Заслаўскіх курганных могільніках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУСТРЫЯ́ЛЬНАЕ МА́СЛА,
дыстылятнае нафтавае масла малой і сярэдняй вязкасці. Выкарыстоўваюць як змазачны матэрыял пераважна ў вузлах трэння станкоў, кавальска-прэсавага абсталявання, тэкст. машын, вентылятараў, помпаў і інш. механізмаў, а таксама як аснову пры прыгатаванні гідраўл. вадкасцей, пластычных і тэхнал. змазак. Вырабляюць І.м. з комплексам прысадак (антыакісляльнай, антыкаразійнай і інш.), якія захоўваюць дэталі ад іржаўлення, зніжаюць іх знос, павялічваюць даўгавечнасць вузлоў трэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТАЛЬЯ́НСКІЯ ГУ́СІ,
парода гусей. Выведзена ў Італіі скрыжаваннем мясц. гусей з кітайскімі. Пашыраны ўсюды. Выкарыстоўваюцца ў скрыжаваннях для атрымання мясных гусянят, а таксама для вытв-сці гусінай печані.
Апярэнне белае, дзюба і ногі аранжавыя. Галава і шыя сярэдніх памераў, грудзі шырокія і глыбокія. Маса дарослых гусакоў 6,5, гусак 5,5 кг. Яйцаноскасць да 80 яец за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
К,
дванаццатая літара беларускага алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай К («кака»), утворанай на аснове грэка-візант. устаўнай Κ («капа»). У старабел. пісьменстве абазначала гукі «к», «к’» («камень», «кислый»). Мела таксама лічбавае значэнне «дваццаць». У пач. 16 ст., акрамя рукапіснай, набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае шумныя глухія выбухныя заднеязычныя зычныя гукі «к», «к’» («клопат», «крохкі» — «крохк’і», «ракіта» — «рак’іта»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́БЕЛЬНАЕ ТЭЛЕБА́ЧАННЕ,
сістэма размеркавання сігналаў тэлебачання па кабельных лініях сувязі. Аб’ядноўвае сістэмы тэлевізійнага вяшчання, прыкладнога тэлебачання, службы электрасувязі, у т. л. тэлефанія, камп’ютэрныя сеткі, сродкі мультымедыя і інш. Выкарыстоўваецца для павелічэння колькасці каналаў і якасці перадачы інфармацыі. Найб. пашырана ў раёнах з высокім узроўнем прамысл. перашкод (напр., у гарадах з рознапавярховай забудовай), горных мясцовасцях і інш.Гл.таксамаВідэатэлефон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБРАДАРЫ́Т,
поўнакрышталічная магматычная горная парода, анартазіт-лейкакратавая разнавіднасць габра. Складзена ў асноўным з лабрадору, а таксама піраксену, аўгіту, тытанамагнетыту, ільменіту і інш. Структура буйназярністая, тэкстура масіўная. Колер шэры да чорнага. Ірызацыя ў блакітна-сініх, радзей залацістых тонах. Шчыльн. 2,7—2,9 г/см³. Магматычнага паходжання. Выкарыстоўваецца як дэкаратыўна-абліцовачны камень. Радовішчы ў Канадзе (п-аў Лабрадор), на Украіне, у Фінляндыі, ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГО́ЦА (Lagozza),
неалітычнае паселішча на воз. Лагоца ў Беснаце каля Мілана ў паўн. Італіі. З’яўляецца эпанімным помнікам культуры заходняга неаліту (2850—1600 да н.э.). Характэрны цёмныя паліраваныя кругладонныя пасудзіны і місы. Арнамент сустракаецца рэдка і складаецца з радыяльных ліній у прыдоннай частцы, а таксама прадрапаных заштрыхаваных трохвугольнікаў. Пасудзіны мелі некалькі ручак з адтулінамі для падвешвання. Сустракаюцца крамянёвыя мікраліты, прасліцы і грузікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЗЕРНАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,
электрамагнітнае выпрамяненне, крыніцай якога з’яўляецца лазер. Дыяпазон даўжынь хваль ад 0,1 да 100 мкм. Характарызуецца надзвычай высокімі кагерэнтнасцю, монахраматычнасцю (аднолькавасцю частаты), накіраванасцю і шчыльнасцю энергіі. Выпрамяняецца неперарыўным патокам або кароткімі імпульсамі працягласцю ад фемтасекунд да долей мілісекунд і пікавай магутнасцю да 1015Вт. Выкарыстоўваецца ў розных галінах навукі, прам-сці, медыцыне і інш.Гл.таксамаЛазерная фізіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКА́ТАР (ад лац. locare змяшчаць),
лакацыйная станцыя, прылада (станцыя) для вызначэння месцазнаходжання і інш. характарыстык аб’екта (лакацыі) з дапамогай адбітых або выпрамененых ім гукавых ці эл.-магн. хваль. Ваен. Л. таксама вызначаюць параметры руху цэлей, распазнаюць, суправаджаюць, наводзяць ракеты і інш. лятальныя апараты. Бываюць радыёлакатары (гл.Радыёлакацыйная станцыя), Л. гукавыя, у т. л.гідралакатары, і аптычныя, у т. л. лазерныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕНДАТУ́РА (ням. Kommandantur),
1) орган кіравання ваен. каменданта гарнізона, крэпасці, станцыі, порта і да т.п., а таксама памяшканне, якое ён займае.
2) У СССР падраздзяленне пагранічных войск, якое прызначалася для аховы пэўнага ўчастка дзярж. граніцы і складалася з некалькіх пагранзастаў; уваходзіла ў склад пагранатрада. К. ствараюцца і ў інш. выпадках, напр., у 1945—49 існавалі як органы сав.ваен. адміністрацыі ва Усх. Германіі.