ІДЭА́ЛЬНЫ ГАЗ,

тэарэтычная мадэль газу, у якой не ўлічваецца ўзаемадзеянне часціц газу (сярэдняя кінетычная энергія часціц намнога большая за энергію іх узаемадзеяння). Адрозніваюць І.г. класічны і квантавы. Уласцівасці класічнага І.г. апісваюцца Клапейрона—Мендзялеева ўраўненнем і яго асобнымі выпадкамі — Бойля—Марыёта законам, Гей-Люсака законам, Шарля законам; часціцы размеркаваны па энергіях у адпаведнасці з Больцмана статыстыкай. Мадэль класічнага І.г. добра апісвае разрэджаныя рэальныя газы пры т-рах, далёкіх ад т-ры іх кандэнсацыі. Пры паніжэнні т-ры або павелічэнні яго шчыльнасці неабходна ўлічваць квантавыя (хвалевыя) уласцівасці часціц І.г., калі даўжыня іх хваль дэ Бройля пры скарасцях, парадку цеплавых, параўнальная з адлегласцямі паміж часціцамі. Пры гэтым квантавы І.г. апісваецца Бозе—Эйнштэйна статыстыкай або Фермі—Дзірака статыстыкай.

Р.​М.​Шахлевіч.

т. 7, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРМЕ́ЦЦА (італьян. intermezzo літар. перапынак, ад лац. intermedius тое, што пасярэдзіне, прамежкавы),

1) інструментальная п’еса прамежкавага значэння ў цыклічным творы (санаце, сюіце) або сярэдняя частка (трыо) у трохчасткавай інстр. кампазіцыі. У бел. музыцы І. ёсць у сімф. сюітах Г.​Вагнера, А.​Клумава, фп. сюіце Я.​Касалапава, сюіце для эстр. арк. У.​Чараднічэнкі. Сустракаецца і ў оперы, дзе часта наз. інтэрмедыяй, інтэрлюдыяй («Матухна Кураж» С.​Картэса).

2) Невял. інстр. п’еса, пераважна для фп. Упершыню ўведзена Р.​Шуманам (6 І. для фп.). Шырока вядомы І. для фп. І.​Брамса, А.​Лядава, В.​Каліннікава, для сімф. арк. — М.​Мусаргскага. У бел. музыцы І. стварылі Л.​Абеліёвіч, М.​Аладаў, А.​Багатыроў, Р.​Бутвілоўскі, Я.​Глебаў, А.​Залётнеў, Дз.​Смольскі, А.​Туранкоў і інш.

Т.​Б.​Варфаламеева.

т. 7, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМА́РЫН,

гарадскі пасёлак у Брагінскім р-не Гомельскай вобл., прыстань на р. Дняпро. За 52 км на Пд ад Брагіна, 3 км ад чыг. ст. Ёлча на лініі Чарнігаў—Оўруч (Украіна), аўтадарогай злучаны з Брагінам. 2,4 тыс. ж. (1998).

У 19 ст. мястэчка Рэчыцкага пав., параходная прыстань, вятрак, 6 крам; 550 ж. (1897). З 1923 цэнтр воласці Рэчыцкага пав. У 1926—62 цэнтр Камарынскага раёна. З 28.8.1941 да 23.9.1943 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў К. 98 чал. З 17.11.1959 гар. пасёлак, з 1962 у Брагінскім р-не. У 1971—1,6 тыс. ж.

Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя, муз. і спарт. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, помнік у гонар воінаў-вызваліцеляў.

т. 7, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАБАПАДО́БНАЯ ТУМА́ННАСЦЬ,

галактычная туманнасць, вынік успышкі ў 1054 звышновай зоркі ў сузор’і Цяльца. Утварылася са знешніх слаёў зоркі, што рассеяліся ў прасторы. Назва туманнасці звязана з яе формай, якая падобна на панцыр краба. Адлегласць да К.т. 7000 св. гадоў; памеры 5-10 св. гадоў. Расшыраецца са скорасцю 1100 км/с. Маса газу, што ўваходзіць у К.т., каля 0,1 масы Сонца; сярэдняя шчыльнасць 5∙10​−18 кг/м³. У цэнтры К.т. знаходзіцца пульсар, у які ператварылася зорка, што ўспыхнула. К.т. — адзін з нешматлікіх астр. аб’ектаў, ад якіх ідзе эл.-магн. выпрамяненне ва ўсім спектры, ад радыё- да рэнтгенаўскага і гамадыяпазону. Да гэтай пары К.т. губляе ў 100 тыс. разоў болей энергіі за секунду, чым Сонца.

Да арт. Крабападобная туманнасць.

т. 8, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ЦЫНСКАЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ,

сярэдняя навуч. ўстанова бел. нац. меншасці ў Латвіі. Існавала ў 1922—25 у г. Люцын (цяпер г. Лудза). Засн. 1.9.1922 як прыватная гімназія бел. культ.-асв. т-ва «Бацькаўшчына». Мела 4 класы (80—85 вучняў). Са жн. 1923 на ўтрыманні Бел. аддзела пры Мін-ве асветы Латвіі. Дырэктарамі гімназіі ў розны час былі Г.​С.​Плыгаўка, К.​Б.​Езавітаў, У.​В.​Пігулеўскі і інш. У гімназію набіралі вучняў з 30 навакольных пач. бел. школ. Навучэнцы выдавалі літ. час. «Ластаўка», удзельнічалі ў драм. гуртку, збіралі і запісвалі бел. фальклор. Закрыта 12.8.1925 уладамі Латвіі. Частка вучняў вярнулася дадому, некаторыя паступілі ў рас. школы, 34 вучні працягвалі вучобу ў Дзвінскай дзярж. бел. гімназіі.

С.​С.​Панізнік.

т. 9, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́ДЫ,

вёска ў Чэрвеньскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Чэрвень—в. Якшыцы. Цэнтр сельсавета. За 24 км на ПдУ ад г. Чэрвень, 86 км ад Мінска, 10 км ад чыг. ст. Градзянка. 444 ж., 166 двароў (1999).

З канца 18 ст. ў Ігуменскім пав. Мінскай губ. У 1897 было 377 ж., 65 гаспадарак, царква, крама, кузня. У 1917 існавалі Старыя і Новыя Л. З 1924 Старыя Л. — цэнтр сельсавета. У Вял. Айч. вайну ў студз. 1943 партызаны разграмілі фаш. гарнізон у Старых Л., за што гітлераўцы расстралялі 45 жыхароў вёскі. У 1966 Старыя і Новыя Л. аб’ядналіся ў адну вёску Л.

Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання. Магіла ахвяр фашызму.

Г.​І.​Дулеба.

т. 9, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ,

першая сярэдняя беларускамоўная навуч. ўстанова ў Мінску ў 1919—20. Створана 5.9.1919 на базе 3-га Мінскага пач. вучылішча. Дзейнічалі 4 класы. Выкладаліся бел. мова і л-ра, лац., рус., франц., ням: і польск. мовы, гісторыя Беларусі, прыродазнаўства, матэматыка, геаграфія, спевы, маляванне, ручная праца і інш. Існавалі фіз. кабінет, хім. лабараторыя; працавалі гурткі тэатр., прыгожага мастацтва. Многія навучэнцы былі чл. Мінскай бел. вучнёўскай грамады. Навучанне платнае. Дзеці бедных бацькоў і сіроты вызваляліся ад платы. Фінансавую дапамогу аказваў Часовы бел. нац. к-т. Дзейнасць гімназіі праходзіла пад наглядам польск. адміністрацыі. Сярод навучэнцаў паэты А.Александровіч, К.​І.​Жылка, матэматык Б.П.Дземідовіч, тэатр. дзеяч Я.Рамановіч. У 1920 пераўтворана ў 13-ю Мінскую сярэднюю школу 2-й ступені.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 10, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ-ГЭ́МПШЫР,

парода курэй мяса-яечнага кірунку. Выведзена ў аднайм. штаце ЗША у пач. 20 ст. на аснове высокапрадукцыйных курэй пароды род-айленд. Гадуюць таксама ў Нідэрландах, Францыі, Швецыі, Нарвегіі, краінах СНД і інш.; на Беларусі — у калекцыях і асабістых гаспадарках.

Маса пеўняў 3,5—3,8 кг, курэй 2,5—2,8 кг. Апярэнне ад светла-чырв. да светла-карычневага, на шыі з залаціста-жоўтымі пёрамі. махавыя пёры больш цёмныя. хвост і коскі чорныя. Ногі і дзюба жоўтыя. Тулава падоўжанае, спіна шырокая, грудны аддзел выпуклы. Касцяк моцны. Шыя прамая. Галава шырокая, прадаўгаватая, сярэдніх памераў, з лістападобным прамастаячым грэбенем і чырв. вушнымі мочкамі. Крылы і хвост невялікія. Яйцаноскасць 180—200 яец за год (сярэдняя маса яйца 58—59 г). Хутка растуць. Жыццяздольнасць высокая.

Нью-гэмпшыры.

т. 11, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДКАМЕ́ННАЯ ТУНГУ́СКА, Сярэдняя Тунгуска.Чулакан,

рака, правы прыток р. Енісей, пераважна ў Эвенкійскай аўт. акрузе Расіі. Даўж. 1865 км, пл. басейна 240 тыс.км². Цячэ ў межах Сярэднесібірскага ’пласкагор’я. У вярхоўях (пад назвай Катанга) цячэ ў шырокай і глыбокай даліне, ад вусця р. Тэтэрэ даліна звужаецца, у рэчышчы шматлікія шыверы і парогі. За 250 км ад вусця даліна расшыраецца да 20—23 км, у рэчышчы шмат перакатаў. Гал. прытокі: Тэтэрэ, Чуня (справа), Вельма (злева). Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 1560 м³/с. Разводдзе ад пач. мая да канца чэрв., у нізоўях да пач. ліпеня. Ледастаў з канца кастр. да сярэдзіны мая. Суднаходная ў разводдзе ад с. Ванавара (1146 км), для вял. суднаў — ад с. Байкіт (571 км).

т. 11, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЦА, Рыца Вялікая,

возера ў Абхазіі (Грузія), на У ад Гагрскага хр., на выш. 950 м. Пл. 1,49 км². Даўж. 2,5 км, найб. шыр. 1,1 км, сярэдняя глыб. 63 м, найб. 116 м. Катлавіна тэктанічнага паходжання. Возера ўтварылася ў выніку выкліканага землетрасеннем абвалу г. Пшэгішхва, які запрудзіў р. Лашыпсе. Берагі высокія, парослыя букавымі і хваёва-піхтавымі лясамі. У Р. ўпадаюць 6 рэчак, выцякае р. Юпшара (бас. р. Бзыб). Паблізу Р. на выш. 1235 м — воз. Малая Р. (пл. 0,2 км²). Уваходзіць у склад Рыцынскага запаведніка. Раён турызму і адпачынку. Шаша злучае Р. з курортамі Чарнаморскага ўзбярэжжа Каўказа. На беразе возера горнакліматычны курорт. Засн. ў 1946. Клімат субтрапічны вільготны, станоўча ўплывае пры захворваннях органаў дыхання, нерв. і сасудзістай сістэм. Курортная гасцініца, дом адпачынку.

т. 13, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)