РЭЛІ́КВІІ царкоўныя, прадметы рэліг. пакланення, якія звязваюцца з жыццём Хрыста, Багародзіцы ці святых. Да Р. адносяць таксама мошчы. Ушанаванне Р. узыходзіць да першабытных вераванняў (гл.Фетышызм). Царквой Р. прыпісваецца цудадзейная сіла (вылячэнне і інш.). Найб. культ Р. распаўсюджаны ў каталіцызме. У каталіцкіх храмах і кляштарах захоўваюць рэшткі адзення Хрыста, кавалачкі «крыжа, на якім ён быў распяты», цвікі, «якімі яго прыбівалі да крыжа», і інш. Храмы і кляштары, якія валодаюць Р., асабліва ўшаноўваюцца і прыцягваюць шматлікіх паломнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЧЫ́ЎКІ (Carpodacus),
род птушак сям. ўюрковых атр. вераб’інападобных. 21 від. Пашыраны пераважна ў гарах Цэнтр. Азіі, 3 віды на ПнЗПаўн. Амерыкі, 1 — у Еўропе. Жывуць у хмызняках і па ўзлесках. На Беларусі 1 від — С. звычайная (C. erythrinus), якая робіць пералёты да Індыі і Кітая.
Даўж. цела да 22 см, маса да 26 г. Самцы пераважна чырв., самкі буравата-шэрыя. Нясуць 3—6 яец. Кормяцца насеннем, ягадамі, зрэдку насякомымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕПТЫМО́НЦЫУМ (лац. Septimontium ад septem сем + mons узгорак),
7 узгоркаў на левым беразе р. Тыбр (Авенцін, Вімінал, Квірынал, Капітолій, Палацін, Эсквілін, Цэлій), на якіх узнік Рым. Напачатку горад склаўся на Капітоліі і Палаціне (6 ст.да. н. э.), потым пашырыўся на суседнія ўзгоркі, нізіну да лукавіны р. Тыбр (Марсава поле) і перакінуўся на яе правы бераг (3 ст.дан. э.). Яго грамадскімі цэнтрамі былі Капітолій і комплексы Рымскага форума. У сучасным Рыме ўзгоркі С. адзначаюць гіст. цэнтр горада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУСВЕ́ТНЫ ДЗЕНЬ АХО́ВЫ НАВАКО́ЛЬНАГА АСЯРО́ДДЗЯ Адзначаецца штогод 5 чэрв. з мэтай прыцягнення ўвагі сусв. грамадскасці да праблем аховы навакольнага асяроддзя. Устаноўлены Канферэнцыяй ААН па навакольным асяроддзі (Стакгольм, 1972). На Беларусі адзначаецца з 1973. У гэты дзень пры ўдзеле членаў Беларускага таварыства аховы прыроды арганізуюцца кангрэсы, навук.-практычныя канферэнцыі, кінафестывалі і інш. мерапрыемствы па выхаванні ашчадных адносін да прыроды, па далучэнні насельніцтва да практычнай работы па прадухіленні неспрыяльнага ўздзеяння вытв. і гасп. дзейнасці чалавека на навакольнае асяроддзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАТА́РСКІ ПРАЛІ́Ў.
Паміж мацерыком Азія і в-вам Сахалін. Злучае Японскае і Ахоцкае моры (праз Невяльскога праліў, Амурскі ліман і Сахалінскі зал.). Даўж. 663 км, шыр. на Пдда 324 км, на Пнда 40 км, у самым вузкім месцы (Невяльскога праліў) 7,3 км, найменшая глыб. на фарватэры 8 м. Зімой замярзае. Прылівы на Пд паўсутачныя і мяшаныя (да 2,7 м), у Амурскім лімане няправільныя, сутачныя (больш за 2 м). Рыбалоўства. Гал. парты: Ваніна, Аляксандраўск-Сахалінскі, Невельск, Холмск (Расія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРЫГІ́ЙЦЫ,
старажытныя індаеўрапейскія плямёны, якія ў 2-м тыс.дан.э. перасяліліся з Македоніі і Фракіі ў Фрыгію. Некат. спецыялісты лічаць мову Ф. роднаснай арм. мове, другія — грэч. групе моў. Ф. займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, рамёствамі, гандлем з грэкамі і рымлянамі. У 13 ст.дан.э. дапамагалі Троі ў вайне супраць грэкаў, пасля Траянскай вайны ўсталявалі сваё панаванне над Траадай. Ф. адыгралі значную ролю ў падзенні Хецкага царства (каля 12 ст.дан.э.), б.ч. якога перайшла пад уладу Фрыгіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫЯНЕ́І (Cyanea),
род медуз атр. дыскамедуз кл. сцыфоідных. Некалькі відаў. Пашыраны ў паўн.ч. Атлантычнага і Ціхага ак., у морах Паўн. Ледавітага акіяна.
Дыям. парасона ад некалькіх сантыметраў да 2 м. Афарбоўка цела звычайна яркая, парасон бураваты або малінавы. З ніжняга боку парасона звісаюць доўгія (да 40 м), сабраныя ў 8 пучкоў шчупальцы з жыгучымі клеткамі і тонкія махрыстыя ротавыя лопасці кармінавага або малінавага колеру. Ёсць паліплоіднае пакаленне. Гл. таксама Медузы. Іл.гл.даарт.Сцыфоідныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭТБА́Й,
горны хрыбет у Егіпце і Судане. Цягнецца ўздоўж узбярэжжа Чырвонага м. ад дэльты р. Ніл на ПнЗда адгор’яў Эфіопскага нагор’я на ПдУ. Даўж. каля 1500 км. Пераважаюць выш. каля 1000 м, найб. 2259 м (г. Ода). Складзены з дакембрыйскіх крышт. сланцаў, гнейсаў. Стромка абрываецца на Уда ўзбярэжжа, ступеньчата апускаецца на Зда Аравійскай пустыні. У сухіх далінах бедная дрэвавая расліннасць (тамарыскі, сікаморы, акацыі), ксерафільныя злакі. Рэзерваты: Вадзі-Рышраш (Егіпет), Эркавіт (Судан).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭФЕМЕРЫ́ДЫ [ад грэч. ephēmeris (ephēmeridos) дзённік],
табліцы або зборнікі, якія змяшчаюць астр. звесткі (каардынаты планет, ШСЗ і інш.), вылічаныя для рада паслядоўных момантаў часу.
Прыклад Э. — астр. штогоднікі. Асобныя Э. спецыяльна прыстасаваны да практ. патрэб (напр., да мараплаўства). Складанне такіх Э. каардынуе Міжнародны астранамічны саюз. Паколькі Э. вылічваюцца на аснове матэм. тэорый руху нябесных цел. змешчаныя ў іх звесткі адносяцца да момантаў раўнамернага бягучага часу, што наз.эфемерыдным часам. Выкарыстоўваюцца для арганізацыі астр. назіранняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСТРА́КТНАЕ МАСТА́ЦТВА, беспрадметнае мастацтва, нонфігуратыўнае мастацтва,
плынь у выяўленчым мастацтве многіх краін, у аснову якой пакладзены метад абстракцыянізму. Узнікла ў 1910—13 у выніку расслаення кубізму, экспрэсіянізму, футурызму. Першыя абстрактныя кампазіцыі стварылі рус. мастак В.Кандзінскі, які працаваў у Германіі, француз Р.Дэланэ, іспанец Ф.Пікабія, чэх Ф.Купка, у Нідэрландах П.Мондрыян, у Расіі К.Малевіч, М.Ларыёнаў, Н.Ганчарова і інш. Пасля 1-й сусв. вайны тэндэнцыі абстрактнага мастацтва праяўляліся ў некат. творах дадаізму і сюррэалізму, у архітэктуры, дэкар. мастацтве, дызайне (эксперыменты групы «Стыль» і «Баўгауз»).
Практыка абстрактнага мастацтва зводзіцца да складання з дапамогай адцягненых элементаў маст. формы (каляровая пляма, лінія, аб’ём і г.д.) нявыяўленых кампазіцый, імпульсіўна-стыхійных ці рацыяналістычна ўпарадкаваных. Да сярэдзіны 20 ст. вызначаліся 2 асн. кірункі — экспрэсіянісцкі і геаметрычны абстракцыянізм. Прадстаўнікі першага (Кандзінскі, Дж.Полак, Дэланэ і інш.) імкнуліся дасамаст. гучання колеру, лірызму, пошуку вечнай духоўнасці і беспрадметнага свету. Мастакі другога кірунку (Малевіч, Мондрыян) карысталіся абстрактна ўпарадкаванымі, амаль што геам. формамі, пабудовамі, канструкцыямі. У сярэдзіне 20 ст. ў ЗША узнікла школа т.зв. «абстрактнага экспрэсіянізму» (Полак, М.Тобі), які развіўся ў многіх краінах (пад назвай ташызм або «бясформеннае мастацтва») і абвясціў сваім метадам «чысты псіхал. аўтаматызм», вынікам якога стала абсалютызацыя самога працэсу творчасці мастака. Абстрактнае мастацтва садзейнічала развіццю дызайну, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, паўплывала на развіццё тэатра і кінамастацтва, новых яго відаў і кірункаў (оп-арт, поп-арт, мінімалізм і інш.).
Даарт.Абстрактнае мастацтва. П.Мондрыян. Кампазіцыя. 1930.Даарт.Абстрактнае мастацтва. Дж.Полак. Лічба 1. Фрагмент. 1950.Даарт.Абстрактнае мастацтва. В.Кандзінскі. Эскіз I да «Кампазіцыі VII». 1913.