Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛА́ВІ (чычэва Malaŵi, англ. Malawi),
Рэспубліка Малаві (чычэва Mfuko la Malaŵi, англ. Republic of Malawi), дзяржава ва ўнутр. частцы Усх. Афрыкі. Мяжуе на Пн з Танзаніяй, на 3 з Замбіяй, на Пд з Мазамбікам; на У мяжа з Танзаніяй і Мазамбікам праходзіць па воз. Ньяса (Малаві). Пл. 118,5 тыс.км², у т. л. водная паверхня азёр 24,4 тыс.км². Нас. 9,8 млн.чал. (1998). Дзярж. мовы — чычэва (малаві) і англійская. Сталіца — г.Лілонгве. Падзяляецца на 3 правінцыі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (6 ліп.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1994. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Народнаму сходу, дэпутаты якога выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які прызначаецца прэзідэнтам.
Прырода. У рэльефе пераважае пласкагор’е, складзенае з дакембрыйскіх крышт. парод. Характэрны вышыні 1000—1500 м, найб. вышыня — г. Сапітва (3002 м). На У грабен (ч. Усходне-Афр. рыфавай сістэмы) з воз. Ньяса (на выш. 472 м над узр. м.) і р. Шырэ, якая выцякае з возера і ўпадае ў р. Замбезі. У М. ёсць невял. радовішчы баксітаў, каменнага вугалю, уранавых руд, буд. матэрыялаў і інш. Клімат субэкватарыяльны з летнім дажджлівым (ліст.—май) і сухім (май—лістапад) сезонамі. Сярэднямесячныя т-ры ад 14—19 °C (ліп.) да 23—27 °C (лістапад). Ападкаў 1500—3000 мм за год. У расліннасці пераважаюць акацыевыя саванны з баабабамі, паркавая саванна з пальмамі; у гарах — лістападныя трапічныя лясы, участкі стэпаў, па далінах рэк — галерэйныя лясы. Пад лесам і хмызнякамі 39% тэр. краіны. Характэрныя прадстаўнікі жывёльнага свету: бегемоты, кракадзілы, львы, леапарды, павіяны, зебры, антылопы. Ёсць малярыйныя камары і муха цэцэ. Воз. Ньяса багатае рыбай (асн. від тылапія). Нац. паркі: Касунгу, Ленгве, Лівондэ, Ньіка; некалькі паляўнічых рэзерватаў. Нац. парк воз. Малаві (Ньяса) уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Насельніцтва. Каля 99% складаюць блізкія паміж сабой народы, што адносяцца да ўсх. групы банту. Найб. — малаві (каля 55% насельніцтва), асн. этнічная група чэва (гавораць на мове чычэва). На Пд жывуць макуа, ломве, ваяа, суахілі, нгоні. Выхадцы з краін Азіі і Еўропы (больш за 30 тыс.чал.) жывуць пераважна ў гарадах. Сярод вернікаў 55% пратэстантаў, па 20% католікаў і мусульман, астатнія прытрымліваюцца мясц.традыц. культаў. Сярэднегадавы прырост 1,5% (1997), у асобныя гады перавышае 3%. Сярэдняя шчыльн. 104 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены паўд. раёны. У гарадах жыве 14% насельніцтва. Найб. гарады: Блантайр-Лімбе — каля 500 тыс.ж., Лілонгве — каля 400 тыс.ж. У сельскай гаспадарцы занята 86% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — каля 5%, у абслуговых галінах — каля 9%. Некалькі дзесяткаў тысяч жыхароў М. сезонна працуюць у Паўд.-Афр. Рэспубліцы (ПАР).
Гісторыя. Стараж. насельніцтва М. — бантумоўныя плямёны н’янджа (на Пд), чэва (у цэнтры) і тумбука (на Пн). У канцы 15 ст. каля воз. Ньяса склалася племянное аб’яднанне Малаві на чале з правадыром Каронгі. Пазней сюды перасяліліся народы нгоні і яо. У сярэдзіне 19 ст. тэр. М. наведваў Д.Лівінгстан, у 1876 брыт. місіянеры заснавалі пасяленне Блантайр. З 1891 М. — брыт. пратэктарат Ньясаленд. У 1915 тут адбылося антыбрыт. паўстанне на чале з Дж.Чылембве, задушанае ўладамі. У 1920—30-я г. ўзніклі туземныя асацыяцыі, у 1944 створана першая афр.паліт.арг-цыя — Афр. Кангрэс Ньясаленда (АКН). У 1953—63 М. ўваходзіла ў Федэрацыю Радэзіі і Ньясаленда. Пасля забароны АКН на яго базе ў вер. 1959 створана партыя Кангрэс М. (КМ) на чале з Х.Бандам. У 1961 уведзена ў дзеянне канстытуцыя Ньясаленда. На першых усеагульных выбарах у Заканад. сход у 1961 перамог КМ. У лют. 1963 Ньясаленд атрымаў унутр. самакіраванне, а Банда стаў прэм’ер-міністрам краіны.
6.7.1964 абвешчана незалежная дзяржава М. ў складзе Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1966 М. — рэспубліка, прэзідэнт — Банда, адзіная легальная партыя — КМ. У краіне ўсталяваўся рэжым асабістай улады Банды, які ў ліп. 1971 абвешчаны яе пажыццёвым прэзідэнтам. Жорстка душылася ўсялякая апазіцыя. Праводзілася палітыка спрыяння прыватнаму сектару, асабліва ў галіне забеспячэння харчаваннем. У знешняй палітыцы кіраўніцтва М. падтрымлівала цесныя сувязі з краінамі Зах. Еўропы, ЗША і ПАР. З пач. 1990-х г. краіну ахапілі масавыя дэманстрацыі з патрабаваннем адраджэння дэмакратыі, якія ўзначальвала каталіцкае духавенства. Восенню 1992 створаны альянс за дэмакратыю і Аб’яднаны дэмакр. фронт (АДФ). У студз. 1993 урад быў вымушаны дазволіць шматпартыйнасць. У 1994 на першых свабодных выбарах прэзідэнтам М. выбраны лідэр АДФ Б.Мулузі. З мая 1995 набыла сілу новая канстытуцыя краіны. М. — чл.ААН і арг-цыі афр. адзінства (з 1964). Дзейнічаюць паліт. партыі: Аб’яднаны Дэмакр. фронт, Кангрэс М.
Гаспадарка. М. — аграрная краіна са слаба развітой эканомікай. Па ўзроўні эканам. развіцця адносіцца да найменш развітых краін. Штогадовы даход на 1 чал. каля 180 дол. ЗША. Сельская гаспадарка дае 45% валавога нац. прадукту, прам-сць — 30%, абслуговыя галіны — 25%. Гал. сродак існавання для большасці насельніцтва — земляробства. Апрацоўваецца каля 1,7 млн. га. Пад пашу выкарыстоўваюцца саванны і рэдкастойныя лясы агульнай пл. каля 2 млн. га. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі, але асн. экспартную прадукцыю даюць плантацыі, якія належаць замежным кампаніям і еўрап. каланістам (каля 10% апрацаваных зямель). Штогод збіраюць асн. экспартныя культуры (тыс. т): чай (займае 6% с.-г. зямель) — каля 50, тытунь — каля 130. Меншае экспартнае значэнне маюць бавоўнік, тунг, цукр. трыснёг, арахіс, каўчуканосы. Харч. культуры (у сял. гаспадарках): кукуруза (займае 80% с.-г. зямель, штогадовы збор 1,5—2 млн. т), афр. сорга, проса, рыс, пшаніца, бабовыя, маніёк, батат. Агародніцтва, трапічнае садоўніцтва. Жывёлагадоўля абмежавана з-за распаўсюджання мухі цэцэ і нізкай якасці пашы. Пагалоўе (тыс.гал.): буйн. раг. жывёлы — каля 1000, авечак і коз — каля 800. Птушкагадоўля. Азёрнае і рачное рыбалоўства — 65 тыс. т (1993). Лясная гаспадарка, нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Прам-сць развіта слаба, арыентавана на перапрацоўку с.-г. прадукцыі, вытв-сць спажывецкіх тавараў. Вытв-сць электраэнергіі 782 млн. кВт гадз (1993), пераважна на невялікіх ЦЭС і ГЭС. Найб.ГЭС на р. Шырэ. Асн. прадпрыемствы звязаны з апрацоўкай тытуню і чаю (Блантайр-Лімбе, Лілонгве, Зомба). Ёсць бавоўнаачышчальныя, тэкст., швейныя, кансервавыя, цукр., па вытв-сці тунгавага алею, мукамольныя, цагельныя, лесапільныя, цэм. прадпрыемствы. Невял. здабыча мармуру, жал. руды, кіяніту, баксітаў, буд. матэрыялаў. Развіты разнастайныя саматужныя промыслы. Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, унутр. водны. У М. 49,8 тыс. км аўтадарог, у т. л. 5,7 тыс. км з цвёрдым пакрыццём, 15 тыс. легкавых, 19 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Даўж. чыгункі 789 км. Знешнегандл. сувязі пераважна па чыг. Блантайр-Лімбе—Бейра (Мазамбік). Унутр. водныя шляхі па воз. Ньяса і асобных участках р. Шырэ. У краіне 41 аэрапорт, у т. л. 2 міжнар. каля Блантайр-Лімбе і Лілонгве. У 1995 экспарт склаў 431 млн.дол., імпарт — 348 млн. долараў. М. экспартуе тытунь (40% па кошце), чай (35%), цукар, каву, арахіс, драўніну, імпартуе харч. прадукты, нафту і нафтапрадукты, тавары шырокага ўжытку, трансп. сродкі. Асн.гандл. партнёры: ПАР, ЗША, Японія, Германія. Дадатковыя крыніцы даходаў насельніцтва — сезонная работа ў ПАР і замежны турызм. Эканоміка М. залежыць ад эканам. дапамогі МВФ, Сусв. банка і асобных краін-донараў (найб. — Вялікабрытаніі і ПАР). Грашовая адзінка — квача.
К.А.Анціпава (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Малаві.Да арт.Малаві. Узбярэжжа возера Ньяса.Да арт.Малаві. Краявід на Пд краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́СЛАЎСКІЯ АЗЁРЫ,
дзяржаўны нацыянальны парк Беларусі. Створаны ў 1995 на тэр. цэнтральнай ч. Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. ў мэтах захавання тыповага для Бел. Паазер’я прыроднага комплексу Браслаўскай групы азёр. Пл. 71,5 тыс.га, працягласць з Пн на Пд 56 км, з З на У ад 7 да 29 км. Найб. азёры (басейн р. Друйка): Дрывяты, Снуды, Струста, Войса, Неспіш, Недрава, Богінскае воз., Воласа Паўн., Воласа Паўд., Бярэжа, Абаб’е і інш. Лясы займаюць каля 33 тыс.га (46%), с.-г. ўгоддзі і азёры — па 12 тыс.га (па 17%).
Рэльеф Браслаўскіх азёр — узгорыста-марэнны азёрны; у паўн. і сярэдняй ч. — Браслаўская града, у паўд. — Дзісенская нізіна. Марэнныя грады, пагоркі мяжуюцца з глыбокімі міжпагоркавымі паніжэннямі з азёрамі, пашыраны камы, озы. Клімат умерана цёплы, вільготны. Іхтыяфауна азёр багатая: вугор, судак, рапушка еўрапейская (сялява) — усяго 30 відаў рыб, у т. л. 27 абарыгенных. У воз. Воласа Паўд. пашыраны лімнакалянус (рэліктавы рачок), мізіда рэліктавая, понтапарэя, бакаплаў Паласа, занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі, з млекакормячых распаўсюджаны дзік, казуля, лось, зайцы, ліс, янотападобны сабака, воўк, лясная куніца, вавёрка, выдра, бабёр, норка. У арнітафауне да 85% усіх птушак, якія гняздуюцца на Беларусі: беркут, арлан-белахвост, скапа, малы падворлік, каршачок, шэры журавель, чорны бусел, малая паганка, вял. бугай, чорнаваллёвая гагара, белая курапатка, сярэдні кулон, залацісты сявец, дзербнік, касматаногі сыч, няясыць даўгахвостая (уральская), трохпальцы дзяцел, уюрок і інш., з якіх 45 відаў занесены ў Чырв. кнігу. Цецеруковыя, кулікі, вадаплаўная дзічына маюць прамысл. значэнне. У флоры рэгіёна больш за 500 відаў, з якіх каля 20 рэдкія і знікаючыя: карлікавая бяроза, ворлікі звычайныя (аквілегія), гарлачык жоўты малы, званочак персікалісты, марошка прысадзістая, лінея паўночная, чараўнік зеленакветкавы, неатыянта клабучковая, першацвет веснавы, пералеска высакародная, шпажнік чарапіцавы і інш. Адасоблены некалькі лясных масіваў: Багінскі (каля 17 тыс.га), Друйская лясная дача (каля 5,6 тыс.га), Бяльмонт (каля 12 тыс.га). Выяўлены асабліва каштоўныя біягрупы раслін лістоўніцы сібірскай, бярозы павіслай і карэльскай, ліпы драбналістай.
На тэрыторыі нац. парку і ахоўнай зоны 25 помнікаў прыроды (напр., участкі ландшафтаў — а-вы Гарадзішча і Церанцейка, Ахрэмавіцкі парк «Бяльмонты», валуны, дрэвы). Тут размешчаны дзіцячы санаторый «Браслаў», турбаза «Браслаўскія азёры», лагеры адпачынку студэнтаў і выкладчыкаў Бел. акадэміі фіз. выхавання і спорту і Бел. ун-та інфарматыкі і радыёэлектронікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПЕЛЬ,
горад, цэнтр Лепельскага р-на Віцебскай вобл., на беразе Лепельскага воз. За 115 км на ПдЗ ад Віцебска. Канцавая станцыя чыг. Орша—Лепель, аўтадарогамі звязаны з Полацкам, Мінскам, Віцебскам, Оршай, Улай. 19,4 тыс.ж. (1998).
Паводле пісьмовых крыніц, вядомы з 1439 як вёска і маёнтак Стары Л. на востраве Лепельскага воз. У 1558—83 тут пабудаваны Лепельскі замак, побач з ім на востраве ў 1563 засн. «места Лепель». У 1580 «места» мела 300 дамоў, якія размяшчаліся на востраве і на зах. беразе возера (цяпер в. Стары Лепель). У 1586 Л.Сапега засн. за 3 км ад «места» ў в. Белае мястэчка Белы Л., або Новы Л. (пазней Л.), куды быў перанесены гандл. цэнтр, пабудаваны замак, царква і касцёл. Належаў Сапегам. У 1772—76 Л.адм. цэнтр Полацкага ваяв. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Л. у Рас. імперыі: у 1793—96 цэнтр Лепельскага павета Полацкай, з 1802 — Віцебскай губ. 5.4.1805 мястэчку Л. нададзены статус пав. горада, ён быў ўзяты ў казну, а жыхары пераведзены ў саслоўе мяшчан. 3.7.1812 горад захапілі франц. войскі, спалілі. У 1833 горад моцна пацярпеў ад пажару. 9.9.1852 Л. атрымаў герб «Пагоня» — у чырв. полі сярэбраны коннік. У 1864 у Л. больш за 2 тыс.ж.; 3 царквы, касцёл, капліца, 4 сінагогі, 38 мураваных і 562 драўляныя дамы, гарбарны і піваварны з-ды, 2 цагельні. У 1893 засн. метэастанцыя, у 1902 — настаўніцкая б-ка. У 1897 у Л. 6284 ж. З 1924 цэнтр Лепельскага раёна, у 1935—38 — Лепельскай акругі. З 3.7.1941 да 26.8.1944 акупіраваны ням фашыстамі, якія загубілі ў Л. больш за 1 тыс.чал. Дзейнічалі Лепельскае патрыятычнае падполле, падп. райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ. У кастр. 1943 партызаны злучэння Віцебскай вобл. правялі Лепельскую аперацыю 1943. Горад вызвалены войскамі 3-га Бел. фронту ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944. З 7.3.1963 горад абл. падпарадкавання. У 1959 у Л. 9,7, у 1970—13,1 тыс. ж.
Прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі, дрэваапрацоўчай, харчовай (Лепельскі малочна-кансервавы камбінат) прамысловасці. У горадзе Лепельскі гідрамеліярацыйны тэхнікум, Лепельскі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, чырвонаармейцаў. Помнікі: Вызвалення, сав. воінам, партызанам і падпольшчыкам. Помнік архітэктуры — касцёл св. Казіміра (2-я пал. 19 ст.).