ВІТКО́ЎСКІ (Іван Антонавіч) (2.5.1888, в. Чэрчыцы Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 27.12.1937),
бел. гісторык. Праф. (1932). Скончыў каталіцкую духоўную семінарыю (1912) і 2 курсы духоўнай акадэміі (1914) у Петраградзе. З 1916 вікарый Мазырскага касцёла, у 1918 пазбаўлены духоўнага сану. З 1919 у Чырв.Арміі. У 1920—33 чл.ВКП(б). У 1921 у Аршанскім пав., заг. школы, аддзела агітацыі і прапаганды Сенненскага пав.к-та РКП(б), потым лектар Віцебскіх губкома і губ.сав.парт. школы, прарэктар і выкладчык Віцебскага вет. ін-та. З 1925 у Мінску, выкладчык Камуніст. ун-та імя Леніна, нам.заг. польскага аддзела Інбелкульта АН Беларусі. Нам. дырэктара, з 1932 дырэктар Ін-та польскай пралетарскай культуры. Адначасова заг. кафедры Мінскага пед. ін-та. У 1933 арыштаваны, адбыў 3 гады зняволення ў г. Марыінск (Сібір). У 1937 арыштаваны паўторна, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1959. Аўтар прац па гісторыі нац.-вызв. і рэв.-дэмакр. руху на Беларусі, яго сувязей з рэв. рухам у Польшчы і Расіі, паўстання 1863—63 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ФРОНТ ПЕ́РШЫў Вялікую Айчынную вайну.
Створаны 17.2.1944 у выніку перайменавання Беларускага фронту, дзейнічаў на Бабруйскім і Брэсцка-Люблінскім напрамках. Камандуючыя Маршалы Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі, з
ліст. 1944 Г.К.Жукаў; чл.ваен. савета: ген.-лейт. К.Ф.Цялегін, у маі—ліст. 1944 ген.-палк. М.А.Булганін, нач. штаба ген.-палк. М.С.Малінін. У розны час уваходзілі арміі: 3, 10, 28, 33, 47, 48, 50, 61, 65, 70, 3-я і 5-я ўдарныя, 6-я і 16-я паветр., 8-я гвардз., 1-я і 2-я гвардз.танк., 1-я і 2-я Войска Польскага, Дняпроўская ваенная флатылія. Франтавая газ. «Красная Армия». Войскі фронту сваімі сіламі і разам з інш. франтамі ў ходзе Беларускай аперацыі 1944 правялі Рагачоўска-Жлобінскую, Бабруйскую, Мінскую, Люблін-Брэсцкую, у 1945 — Вісла-Одэрскую, Варшаўска-Пазнанскую, Усх.-Памеранскую, Берлінскую аперацыі (гл. адпаведныя арт.). 10.6.1945 фронт расфарміраваны, яго палявое ўпраўленне рэарганізавана ў Палявое ўпраўленне Групы сав. войскаў у Германіі.
М.І.Камінскі.
Мемарыяльны комплекс у гонар воінаў Беларускага фронту першага і партызанаў у в. Сычкава Бабруйскага раёна Магілёўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАСТО́ЦКІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТРімя А.Венгеркі.
Створаны ў 1945 у Беластоку. Захоўвае традыцыі польск. т-рапач. 18 ст. З 1987 дырэктар, маст. кіраўнік і гал. рэжысёр А.Якімец. У рэпертуары п’есы Ф.Шылера, У.Шэкспіра, Мальера, К.Гальдоні, Ю.Тувіма, В.Багуслаўскага, А.Міцкевіча, С.Выспянскага, С.Мрожака, Б.Шэфера, Т.Ружэвіча, В.Гамбровіча. Тэатр гастраліруе і за мяжой. У 1991 і 1992 браў удзел у Міжнар. фестывалі «Балтыйская тэатральная вясна» ў Гродне, у ліст. 1992 у «Фестывалі сяброў» у Мінску, дзе паказаны спектаклі «Тэрмінатар» П.Хандке, «Эмігранты» С.Мрожака (гал. ролі ў абодвух выканаў акцёр Нац.т-ра імя Я.Купалы У.Кін-Камінскі), «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» С.Пясецкага, «З нагоды мокрага снегу» паводле «Запісак з падполля» Ф.Дастаеўскага (рэж.—маст. кіраўнік т-ра імя Я.Купалы В.Раеўскі, сцэнаграфія нар. мастака Беларусі Б.Герлавана). У 1993 Раеўскі паставіў у т-ры спектакль «Рэвізор» М.Гогаля, дзе разам з польскімі ігралі акцёры т-ра імя Я.Купалы Ю.Авяр’янаў і Кін-Камінскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́НІГСЕН Лявонцій Лявонцьевіч [10.2.1745, г. Браўншвайг (паводле інш. звестак — маёнтак Бантэльн каля г. Гановер), Германія — 3.10.1826], расійскі ваенны дзеяч. Генерал ад кавалерыі (1802), граф (1813). Удзельнік Сямігадовай вайны 1756—63. У 1773 перайшоў на рас. службу з гановерскай арміі. Удзельнік паходаў супраць Турцыі, задушэння сял. вайны 1773—75 пад кіраўніцтвам Е.І.Пугачова. У 1792 удзельнічаў у бітве супраць бел.-літ. войска пад Мірам (19 мая), асадзе Нясвіжскага замка, баях пад Зэльваю, Ваўкавыскам, каля р. Буг (2 ліп.). У час паўстання 1794 са сваім атрадам дзейнічаў паміж Ашмянамі і Дзісной, нанёс паражэнне паўстанцам каля мяст. Солы, за што атрымаў чын ген.-маёра. За ўдзел у ваен. кампаніі на тэр. Літвы атрымаў 1080 душ прыгонных сялян у Слуцкім пав. Удзельнік дварцовага перавароту 1801 (забойства Паўла I). У 1801—06 віленскі ваен. губернатар. У 1806—07 камандзір корпуса і галоўнакамандуючы рус. арміяй, удзельнічаў у баях супраць Напалеона. У вайну 1812 за інтрыгі супраць М.І.Кутузава зняты з пасады нач. Галоўнага штаба. У замежных паходах 1813—14 камандаваў Польск. арміяй. У 1818 звольнены ў адстаўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РВАЛЬ,
вёска ў Глыбаўскім с/с Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. За 25 км ад горада і чыг. ст. Рэчыца, 75 км ад Гомеля. 240 ж., 130 двароў (1997).
Паводле археал. звестак, паселішча ў Горвалі існавала ў 12—13 ст. Паводле пісьмовых крыніц вядома з 1503 як мястэчка. У розныя часы належала Манівідам, Сангушкам, Віленскаму капітулу, Халадоўскім, дзярж. ўласнасць. У 1535 спалена рус. войскамі, у 1654 — укр. казакамі І.Н.Залатарэнкі. У 16 — 18 ст. існаваў Горвальскі замак. З 1565 у Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. З 1793 у Рас. імперыі, з 1861 цэнтр воласці Рэчыцкага пав. Мінскай губ. У 1892 — 2146 ж. У 1926—27 цэнтр Горвальскага раёна. У Вял.Айч. вайну ў ліп. 1943 ням.-фаш. захопнікі спалілі Горваль і загубілі 93 яе жыхароў. 19.11.1943 партызаны разграмілі каля Горваля гітлераўскую часць і ўтрымлівалі вёску да падыходу Чырв.Арміі (гл.Горвальская аперацыя 1943). Пасля вайны адноўлена.
Клуб, б-ка, аптэка, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. На тэр. вёскі выяўлена стаянка эпохі неаліту, каля вёскі — гарадзішча мілаградскай і зарубінецкай культуры і эпохі Кіеўскай Русі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са жн. 1941 да ліп. 1944 у Гродне. Складалася з 6 груп (60 чал.): б. ваеннаслужачых і сав. работнікаў (кіраўнік М.А.Волкаў), рабочых мясакамбіната (В.Д.Разанаў), рабочых з-да па рамонце аўтамаб. тэхнікі (С.П.Лямаў), 3 групы чыгуначнікаў лакаматыўнага дэпо (Н.Н.Багатыроў, С.П.Панасюк, Г.І.Святлічны). Падполле працавала ў цесным кантакце з партызанамі брыгад імя Ленінскага камсамола Баранавіцкай, імя К.Каліноўскага Беластоцкай абл., са спецгрупамі Чырв.Арміі. Падпольшчыкі здабывалі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, медыкаменты, перавязачныя сродкі, адзенне, разведданыя аб праціўніку і варожай агентуры, распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі і газеты. Падпольшчыкі групы Лямава вывелі са строю каля 150 машын, шмат абсталявання аўтарамонтных майстэрняў, групы Панасюка знішчылі воданапорную калонку на ст. Гродна; большасць «адрамантаваных» групай чыгуначнікаў паравозаў хутка выходзіла са строю, закладзеныя імі ў тэндэры толавыя шашкі, замаскіраваныя пад вугаль, вывелі са строю каля 20 паравозаў, падарваны таксама 2 эшалоны, учынена крушэнне 2 сустрэчных цягнікоў на ст. Гродна і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГІ́ ПАКАЗА́ЛЬНЫ ТЭА́ТР, Другі чырвонаармейскі паказальны тэатр пры палітаддзеле 16-й арміі Заходняга фронту. Існаваў з восені 1920 да ліп. 1921. Сфарміраваны ў Бабруйску з акцёраў Петраградскага нар. дома, рус. труп і ўдзельнікаў маст. самадзейнасці. Меў філіял у авіяатрадзе «Ілья Мурамец». Начальнікі т-ра С.Бахрах, В.Няволін, рэж. А.Пакрасаў-Гяцэвіч. Меў важнае значэнне для аб’яднання творчых работнікаў, узаемаабагачэння бел. і рус.тэатр. культур. У рэпертуары пераважалі рус. класічная драматургія, агітацыйныя п’есы і канцэрты.
Сярод пастановак: «Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна, «Без віны вінаватыя», «Апошняя ахвяра», «Беднасць не загана», «Беспасажніца» А.Астроўскага, «Горкі лёс» А.Пісемскага, «Павел I» Дз.Меражкоўскага, «Гора ад розуму» А.Грыбаедава, «Жывы труп» Л.Талстога, «Барыс Гадуноў» А.Пушкіна, «Дні нашага жыцця» Л.Андрэева, «Рэвізор» і «Жаніцьба» М.Гогаля, «На дне» М.Горкага, «Патанулы звон» Г.Гаўптмана, «Атэла» У.Шэкспіра. У трупе т-ра было каля 80 чал., у т. л. акцёры Б.Быхоўскі, М.Дняпроў, К.Замешына, В.Зярноў, К.Кулакоў, Няволін, У.Фарасаў. Вясной 1921 т-р быў рэарганізаваны і перададзены палітупраўленню Зах. фронту, узначальваў яго Дняпроў. Неўзабаве расфарміраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЦКАЯ ВАЙНА́ 1864, аўстра-пруска-дацкая вайна,
вайна Прусіі ў саюзе з Аўстрыяй супраць Даніі за валоданне герцагствам Шлезвіг. Ініцыіравана прускім прэм’ер-міністрам О.Бісмаркам пасля таго, як Данія ў ліст. 1863 пашырыла сваю канстытуцыю на пераважна нямецкамоўны Шлезвіг, што парушала яго аўтаномны статус. У снеж. 1863 прускія, аўстр., а таксама саксонскія і гановерскія войскі занялі найбліжэйшыя да Шлезвіга герцагствы Гольштэйн і Лаўэнбург, якія ўваходзілі ў Герм. саюз. Данія не прыняла пруска-аўстр. ультыматум ад 16.1.1864 аб скасаванні сваёй канстытуцыі ў Шлезвігу. 1.2.1864 каля 60 тыс. пруска-аўстр. вайскоўцаў пад камандаваннем прускага ген.-фельдмаршала Ф.Урангеля атакавалі гал. сілы 38-тысячнай дацкай армііген.-лейт. К. дэ Меца ў раёне Даневірке на Пд ад г. Шлезвіг. У ходзе баёў у лют.—крас. дацкія войскі адступілі ў глыб п-ва Ютландыя. 29 чэрв. пруска-аўстр. часці (з мая камандуючы прынц Фрыдрых Карл) аднавілі наступленне і да 14 ліп. акупіравалі ўсю Ютландыю. 30 кастр. ў Вене падпісаны мірны дагавор, паводле якога Данія адмовілася ад прэтэнзій на Шлезвіг і ён стаў сумесным уладаннем Прусіі і Аўстрыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАЎ (Аляксей Канстанцінавіч) (24.3.1908, в. Зверавічы Смаленскай вобл., Расія — 2.10.1968),
бел. скульптар. Нар. мастак Беларусі (1955). Вучыўся ў Віленскім Віцебскім маст. тэхнікуме (1926—30) у М.Керзіна. Адзін з арганізатараў Аб’яднання моладзі Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі ў Віцебску (1928 — 30). Працаваў у галіне станковай і манум. скульптуры. Майстар тэматычнай кампазіцыі, батальнага і анімалістычнага жанраў, партрэта. Удзельнічаў у афармленні інтэр’ераў Дома ўрада Беларусі (бюст М.Фрунзе, 1933), стварыў барэльеф для Дома Чырв.Арміі («Лявоніха», «Мастацкая студыя», 1936) у Мінску і інш. Аўтар партрэтаў Я.Коласа, У.Уладамірскага, У.Кудрэвіча, партрэтнай групы «Максім Горкі і Янка Купала» (усе 1949), скульпт. кампазіцый «Народны паэт БССР Янка Купала» (1950), «Францыск Скарына» (1954). Работы ў галіне манум. мастацтва: гарэльеф «Партызаны Беларусі» для Манумента Перамогі ў Мінску (1954), помнік Ф.Скарыне ў Полацку (1976, устаноўлены ў 1974, Дзярж. прэмія Беларусі 1976). Кампазіцыі вылучаюцца вострай дынамікай, экспрэсіўнасцю, мяккай мадэліроўкай формаў, рытмічнасцю. Партрэты адзначаны тонкай прапрацоўкай дэталей, эмац. выразнасцю. Яго імя прысвоена Мінскаму маст. вучылішчу.
Літ.:
Бойка У.А. Глебаў Аляксей Канстанцінавіч. Мн., 1974.
Т.А.Карповіч.
А.К.Глебаў.А.Глебаў. Максім Горкі і Янка Купала. 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛЬМАН (Міхаіл Барысавіч) (29.10.1894, г. Кабялякі, Украіна — 27.12.1937),
удзельнік рэв. руху, эканаміст. Скончыў Харкаўскі ун-т (1916), Ін-тчырв. прафесуры ў Маскве (1927). З 1914 чл. партыі эсэраў-максімалістаў. З 1916 у арміі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. Петраградскага Савета, з мая 1917 старшыня Магілёўскага Савета сял. дэпутатаў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 левы эсэр, старшыня выканкома Савета рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў Магілёўскай губ., нам. старшыні Бел.абл.к-та. Дэлегат Усебел. з’езда 1917. З 1918 чл. РКП(б). З 1918 нам. старшыні Сімбірскага губ. выканкома і ваенкома, старшыня рэўтрыбунала. У 1921—23 супрацоўнік Усх. сектара Выканкома Камінтэрна, старшыня Камісіі Наркамата замежных спраў СССР. У 1924—25 у Дзяржплане СССР і ў аддзеле друку ЦКВКП(б). З 1927 дацэнт БДУ. Выступаў супраць палітыкі беларусізацыі. Аўтар прац па эканоміцы. У ліп. 1927 за ўдзел у т.зв. трацкісцка-зіноўеўскім блоку выключаны з ВКП(б); у 1929 арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў ссылкі. У 1936 паўторна асуджаны на 5 гадоў зняволення, пазней — да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1965.