ШАНІ́,
вёска ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Пружаны—Брэст. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 7 км на ПдЗ ад г. Пружаны, 82 км ад Брэста, 19 км ад чыг. ст. Аранчыцы. 436 ж., 163 двары (2003). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Мемарыяльная дошка на ўшанаванне памяці першага старшыні сельсавета І.М.Дыбы, якога ў 1942 загубілі ням. фашысты.
т. 17, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯЗЁРЫ,
вёска ў Чэрыкаўскім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і с.-г. вытв. кааператыва. За 8 км на З ад г. Чэрыкаў, 100 км ад Магілёва, 35 км ад чыг. ст. Верамейкі, каля аўтадарогі Слаўгарад—Крычаў (3 км). 758 ж., 264 двары (2003). Сярэдняя школа, дзіцячы сад, б-ка, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 18, кн. 1, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́НАВІЧЫ,
вёска ў Чырваназоркаўскім с/с Клецкага р-на Мінскай вобл., на беразе р. Лань. Цэнтр рэспубліканскага унітарнага с.-г. вытв. прадпрыемства племзавод «Чырвоная зорка». За 7 км на Пд ад горада і 9 км ад чыг. ст. Клецк, 147 км ад Мінска. 955 ж., 316 двароў (2003). Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — сядзіба (1-я пал. 19 ст.).
т. 18, кн. 1, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГА... (ад грэч. oligos нешматлікі, нязначны),
першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на малую колькасць, нешматлікасць чаго-н., на адхіленне ад нормы ў бок памяншэння, напр. алігамеры, алігаполія.
т. 1, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРО́ГА (франц. pirogue ад ісп. piragua ад карыбскага piragva),
лодка індзейцаў-карыбаў. Драўляны каркас П. абцягнуты карой дрэў ці скурамі. Назву «П.» еўрапейцы перанеслі на падобныя лодкі інш. народаў.
т. 12, с. 382
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНАЕ САМААЧЫШЧЭ́ННЕ,
здольнасць біяцэнозаў нейтралізаваць шкоднае ўздзеянне тэхнагенных, быт. і інш. антрапагенных рэчываў, якія забруджваюць навакольнае асяроддзе. Адбываецца бесперапынна з удзелам жывых арганізмаў у цеснай сувязі з кругаваротам рэчываў у прыродзе. Засн. пераважна на паглынанні і раскладанні забруджвальнікаў мікраарганізмамі-рэдуцэнтамі і залежыць ад іх колькасці і фізіял. актыўнасці. Поўнае ачышчэнне навакольнага прыроднага асяроддзя ад арган. забруджвальнікаў настае пасля іх мінералізацыі, ад шэрагу неарган. рэчываў — у выніку хім. рэакцый. Здольнасць асяроддзя да біялагічнага самаачышчэння залежыць ад колькасці ультрафіялетавай радыяцыі, сумы актыўных т-р паветра і глебы, наяўнасці ў асяроддзі акісляльнікаў. У адносінах да стойкіх забруджвальнікаў біялагічнае самаачышчэнне блізкае да нуля. З’ява біялагічнага самаачышчэння шырока выкарыстоўваецца пры ачыстцы сцёкавых і пітных водаў.
т. 3, с. 171
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ГАРЫ (Gregory),
браты, англ. тапографы, даследчыкі Аўстраліі. Нарадзіліся ў г. Фарнсфілд, Вялікабрытанія. З 1841 супрацоўнікі тапагр. службы ў Зах. Аўстраліі. Агастус (1.8.1819 — 25.6.1905), у 1848 накіраваўся ад г. Перт на Пн, адкрыў і даследаваў бас. р. Мерчысан. У 1855—56 перасек Аўстралію ў паўд.-ўсх. напрамку ад зал. Жазеф-Банапарт Тыморскага м. да Ціхага ак.; даследаваў воз. Вікторыя. У 1858 паўторна перасек Аўстралію ў паўд.-зах. напрамку (ад г. Брысбен да г. Адэлаіда). Фрэнсіс (19.10.1821 — 24.10.1888), вывучаў Зах. Аўстралію, адкрыў у 1858 на Пн ад р. Гаскайн гару Агастус (названа ў гонар брата), у 1861 — рэкі Дэ-Грэй, Фортэск’ю, Ашбертан і хр. Хамерслі. Склаў схематычную геал. карту Зах. Аўстраліі.
т. 5, с. 489
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖАЎНЫЯ ДАХО́ДЫ,
фінансавыя сродкі, якія паступаюць у дзярж. бюджэт і складаюць даходную частку цэнтралізаваных фін. рэсурсаў дзяржавы. Выкарыстоўваюцца дзяржавай для ажыццяўлення сваіх функцый. Утвараюцца ў асноўным за кошт чыстага даходу ў форме падатку з абароту, плацяжоў прадпрыемстваў і арг-цый з прыбытку, мытных даходаў, узносаў па сац. страхаванні, падаходнага падатку. Крыніцамі Дз.д. з’яўляюцца таксама даходы ад жыллёвага фонду, лясны даход, выручка ад рэалізацыі безгаспадарчай і канфіскаванай маёмасці, незапатрабаваных грузаў і паштовых адпраўленняў, маёмасці прадпрыемстваў, што ліквідуюцца, арг-цый і ўстаноў, даходы ад платных паслуг. Да Дз.д. належаць паступленні сум, якія перавышаюць даходы над расходамі па спец. сродках бюджэтных устаноў, ад арэнднай платы і інш. Адна з формаў папаўнення Дз.д. — замежныя пазыкі.
т. 6, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНОПЛЕАПРАЦО́ЎЧЫЯ МАШЫ́НЫ,
устаноўкі і агрэгаты для атрымання валакна з канаплянай трасты. Бываюць мяльныя (ломяць і часткова аддзяляюць сухую кастрыцу ад сцёблаў), трапальныя (ачышчаюць доўгае валакно ад кастрыцы і кароткіх валокнаў), трасільныя (аддзяляюць кудзелепадобнае валакно ад адходаў) і камбінаваныя (мяльна-трапальныя і кудзелепрыгатавальныя).
Ільноканоплемялка — стацыянарная машына, мае стол падачы, рыфленыя вальцы, транспарцёр, сістэму пнеўматранспарту, кастрыцаадвод, эл. абсталяванне. Развязаныя снапы канапель кладуць на стол і падаюць да вальцаў, якія мнуць і пераціраюць трасту. Пенькатрапальная машына заціскным транспарцёрам падае папярэдне апрацаваную льноканоплемялкай трасту да 2 трапальных барабанаў, білы якіх вылучаюць з трасты валакно. Кудзелепрыгатавальная машына абчышчае ад кастрыцы валакністыя адходы, што ўтвараюцца на пенькатрапальнай машыне. Мае мяльную, трапальна-расчэсвальную і трасільную часткі.
т. 7, с. 589
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРАВА́ННЕ ў мовазнаўстве,
від залежнай сінтакс. сувязі паміж членамі словазлучэння, пры якой гал. слова патрабуе ад залежнага (назоўніка ці яго эквіваленту) формы пэўнага ўскоснага склону. Кіруючым можа быць любое самаст. слова. Вылучаюць К.: прыдзеяслоўнае (кіруючае слова — дзеяслоў, «спяваць песні»), прысубстантыўнае (назоўнік кіруе назоўнікам, «любоў да радзімы»), ад’ектыўнае (кіруючае слова — прыметнік, «поўны радасці»), адвербіяльнае (кіруючае слова — прыслоўе, «далёка ад дому»).
К. бывае непасрэднае, або беспрыназоўнікавае («люблю дзяцей»), і пасрэднае, або прыназоўнікавае («клапачуся пра дзяцей»). Адрозніваюць моцнае К. — гал. слова патрабуе ад залежнага пэўнай склонавай формы («апяваць гераізм», «адмовіцца ад сваіх слоў»), і слабае — сувязь паміж гал. і залежным словамі неабавязковая для рэалізацыі значэння гал. слова (параўн.: «вербы шумяць над ракой» і «вербы шумяць»).
Г.У.Арашонкава.
т. 8, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)