«ПРА́ВДЫ» БЕ́РАГ,
узбярэжжа Зямлі Вільгельма 11 і Зямлі Каралевы Мэры ва Усх. Антарктыдзе, паміж 88° і 100° усх. д. Абмываецца морам Дэйвіса. Край мацерыковага ледавіковага покрыва, які пераходзіць у Зах. шэльфавы ледавік на З і шэльфавы ледавік Шэлктана на У. Стромка ўзвышаецца на Пд і за 100 км ад берага дасягае выш. больш за 1500 м. Тоўшча ледавіка 1000 м. Названы ў гонар расійскай газ. «Правда».
т. 12, с. 528
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́СВІРА,
прынашэнні хрысціян у абшчыну ў першыя стагоддзі існавання хрысціянства; пазней — невялікі круглы хлеб з пшанічнага крутога прэснага цеста, які ў правасл. богаслужэнні выкарыстоўваецца ў час прычашчэння. На верхняй частцы П. выціснена выява крыжа і літары «ІС», «ХС», «НІ», «КА» («Ісус Хрыстос перамагае»), У каталіцкіх і лютэранскіх цэрквах для гэтых мэт выкарыстоўваюцца госціі — невял. круглыя праснакі з пшанічнай мукі з выявай ягняці або крыжа.
т. 13, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУТЫ́РСКІ (Лявон Восіпавіч) (1901, Мінск — 7.5.1920),
удзельнік партыз. руху на Беларусі ў грамадз. вайну. З 1911 працаваў на гуце, з 1916 слесар чыг. майстэрняў у Мелітопалі (Украіна). З 1917 у Чырв. гвардыі, потым у Чырв. Арміі. У час акупацыі Беларусі польск. войскамі на падп. рабоце ў Мінску. Вясной 1920 у партыз. атрадзе, які дзейнічаў у ваколіцах Мінска. Схоплены карнікамі і расстраляны ў Камароўскім лесе каля Мінска.
т. 13, с. 131
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁЎЗРЫВА́ЛЬНІК,
некантактны ўзрывальнік, які спрацоўвае пад уздзеяннем радыёсігналу. Выкарыстоўваецца ў артыл. снарадах, баявых частках ракет, авіябомбах і інш.
Прынцып дзеяння Р. заснаваны на выпрамяненні на траекторыі і прыёме адбітых ад цэлі сігналаў высокай частаты, вылучэнні біццяў, што ўзнікаюць пры ўзаемадзеянні гэтых сігналаў. У выніку ствараецца напружанне нізкай частаты, якое пры дасягненні пэўнага ўзроўню (пры набліжэнні боепрыпасу да цэлі) уключае крыніцу электрасілкавання электрадэтанатара, і Р. спрацоўвае.
т. 13, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБЕ́Ц у медыцыне,
участак шчыльнай злучальнай тканкі, які замяшчае дэфект скуры, слізістай абалонкі, органа або тканкі. Узнікае ў выніку апёкаў, абмаражэнняў, хранічных запаленчых працэсаў і інш. Пры рубцаванні краі раны сцягваюцца, што прыводзіць да дэфармацыі органаў і тканак, касметычных дэфектаў. Зрэдку Р. выклікаюць цяжкія парушэнні пры лакалізацыі ў сэрцы (напр., сардэчная недастатковасць), мозга (напр., эпілепсія, зрокавыя парушэнні), страўніку (непраходнасць) і інш. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.
І.М.Семяненя.
т. 13, с. 421
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫБУЛО́ЗА,
монацукрыд з групы кетапентоз (пяцівугляродны цукар). Фосфарныя эфіры Р. (рыбулоза-5-фасфат і рыбулоза-1,5-дыфасфат) — прамежкавыя прадукты абмену вугляводаў у жывёльных і расл. арганізмах. Р.-5-фасфат удзельнічае ў пентозафасфатным цыкле. Р.-1,5-дыфасфат неабходны для фотасінтэзу ў раслінах, дзе ён удзельнічае ў звязванні і пераводзе вуглякіслага газу ў арган. форму — 3-фосфагліцэрат, які пераўтвараецца ў глюкозу, цукрозу, крухмал, цэлюлозу.
І.М.Семяненя.
т. 13, с. 487
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭГІ́СТР у музыцы,
1) участак гукавога дыяпазону муз. інструмента або пеўчага голасу, які характарызуецца адзіным тэмбрам. Р. інструментаў бывае высокі, сярэдні і нізкі, Р. голасу — грудны, галаўны і мяшаны; у мужчынскіх галасоў — т.зв. фальцэтны (гл. Фальцэт).
2) Прыстасаванне на стр. клавішных інструментах, якое змяняе моц і тэмбр гуку.
3) Група труб (у аргане), струн (на клавесіне), язычкоў (у акардэоне, фісгармоніі і пад.) аднолькавага тэмбру.
т. 13, с. 548
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭМІНІСЦЭ́НЦЫЯ (ад лац. reminiscentia успамін) у псіхалогіі, адтэрмінаванае больш поўнае і дакладнае аднаўленне захаванага ў памяці матэрыялу ў параўнанні з першапачаткова ўспрынятым (завучаным). Назіраецца ў працэсе запамінання рознага вербальнага і нагляднага матэрыялу (тэксты, вершы, спісы, наборы малюнкаў, прадметаў), а таксама пры замацаванні сенсаматорных навыкаў. Асабліва выразна праяўляецца пры рабоце з лагічна звязаным матэрыялам вял. аб’ёму, які аказвае эмацыянальнае ўздзеянне на чалавека. Часцей сустракаецца ў дзіцячым узросце.
т. 14, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСПУБЛІКА́НСКІ ВЫ́СТАВАЧНЫ ЦЭНТР.
Адкрыты ў 1968 у Мінску як Выстаўка дасягненняў нар. гаспадаркі Беларусі, з 1992 — Р.в.ц. Праводзіў міжнар. выстаўкі-кірмашы дасягненняў вытв-сці, навукі і тэхнікі, прагрэс. тэхналогій, лепшых узораў тавараў Беларусі і замежных краін. Экспазіц. пл. 4,5 тыс. м², адкрытая пляцоўка для вялікагабарытных экспанатаў. З 1999 адзін з павільёнаў Нацыянальнага выставачнага цэнтра «Белэкспа», які валодае ўсімі неабходнымі ўмовамі для правядзення міжнар. мерапрыемстваў.
т. 14, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЙГЁ (сапр. Сата Нарыкіё; 1118—1190),
японскі паэт. Быў афіцэрам гвардыі; пакінуўшы службу, стаў вандроўным манахам. Зберагліся зб. яго паэзіі «Санкасю», у які ўвайшло больш за 1500 вершаў жанру танка, і твор па паэтыцы ў запісе яго вучня «Гутаркі з Сайгё» («Сайгё-дансе»). Паэзія С. глыбока філасофская, грунтуецца на асэнсаванні вобразаў прыроды; у ёй дамінуе журботны настрой.
Тв.:
Рус. пер. — Горная хижина. СПб., 1999.
Л.П.Баршчэўскі.
т. 14, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)