ЛЕТАРГІ́Я (грэч. lēthargia ад lētē забыццё + argia бяздзейнасць),
паталагічны стан чалавека, аслабленне ўсіх праяў жыцця (несапраўдная смерць), адсутнасць рэакцый на знешнія раздражняльнікі. Сустракаецца пры істэрыі, агульным знясіленні, пасля моцных хваляванняў. Прыступы раптоўныя, працягваюцца ад некалькіх гадзін да многіх дзён. Свядомасць пры Л. захоўваецца: хворыя ўспрымаюць і запамінаюць навакольнае, але не рэагуюць на яго.
т. 9, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТО́ЎСКАЕ ВАЕ́ННАЕ ГУБЕРНА́ТАРСТВА,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1800—30. У яго ўваходзілі да 1801 Літоўская губерня, з 1801 Віленская губерня і Гродзенская губерня. З 1830 наз. Віленскае генерал-губернатарства. Ваенныя губернатары: М.І.Кутузаў (да 1801, 1809—12), Л.Л.Бенігсен (1801—06), А.М.Рымскі-Корсакаў (1806—09, 1812—30).
т. 9, с. 315
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОТ (англ. lot),
партыя тавару, частка яго агульнай колькасці, што прадаецца ці пастаўляецца па дагаворы. Тэрмін пашыраны ў аўкцыённым гандлі (гл. Аўкцыён), дзе Л. можа складацца са стандартнага пакета каштоўных папер (100, 1000 адзінак і інш.), адной рэчы (напр., карціна, прадмет антыкварыяту), набору аднародных па якасці прадметаў (напр., калекцыя стараж. марак, манет).
т. 9, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫ́НІ (Morini) Фелічэ, балетмайстар і кампазітар 2-й пал. 18 ст. Родам з Венецыі. Балетмайстар Слонімскага тэатра Агінскага (паступіў на службу да 1781, працаваў да 1788). Стварыў шэраг балетных партытур. Пад яго кіраўніцтвам слонімскі балет дасягнуў высокага ўзроўню: 4 вучні Слонімскай балетнай школы, дзе выкладаў М., выступалі ў Варшаве ў балеце «Рыбакі» (1788).
т. 10, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛІК-ШАХ, Малік-шах Абуль-Фатх Джалал-ад-дзін (жн. 1055 — ліст. 1092), правіцель (султан) Сельджукскай дзяржавы [1072—92]. Пры ім Сельджукская дзяржава дасягнула найб. магутнасці і ахоплівала тэрыторыю ад г. Кашгар ва Усх. Туркестане да Міжземнага м. Падпарадкаваў Караханідаў дзяржаву (1089). Спрыяў навукам і мастацтву, ажыццявіў рэформу календара. Пасля яго смерці дзяржава распалася.
т. 10, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРЫДЫЯ́Н ГЕАМАГНІ́ТНЫ,
лінія сячэння паверхні Зямлі верт. плоскасцю праз назіраемы пункт зямной паверхні і прамую, якая злучае паўн. і паўд. геамагнітныя полюсы. М.г. супадае з дугамі вял. кругоў, якія праходзяць праз магнітныя полюсы Зямлі. У адрозненне ад мерыдыянаў магнітных, што апісваюць рэальнае магнітнае поле Зямлі, М.г. апісваюць яго першае прыбліжэнне — поле аднародна намагнічанага зямнога шара.
т. 10, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЁРТВЫ ЛЁД»,
маса нерухомага ледавіковага лёду, якая адарвалася ад крыніцы свайго жыўлення. Трапляецца каля ніжняга краю актыўнага ледавіковага языка і часта не мае выразнай мяжы з ім. Таўшчыня да некалькіх дзесяткаў метраў. У гарах «Мл.» звычайна ўкрыты магутным слоем марэны, што служыць прычынай яго працяглага захавання. Пры дэградацыі плейстацэнавых ледавікоў узнікалі значныя масы «Мл.».
т. 10, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖЗЕМНАМО́РСКІ КЛІ́МАТ,
тып умерана цёплага субтрапічнага клімату з гарачым летам і халаднаватай дажджлівай зімою. Уласцівасці яго абумоўлены перавагай летніх субтрапічных антыцыклонаў і інтэнсіўнай цыкланічнай дзейнасцю ў халоднае паўгоддзе. Т-ра паветра летам 20—25 °C, зімою 5—10 °C, ападкаў 400—600 мм за год, асобныя раёны паўзасушлівыя. М.к. тыповы для ўзбярэжжа Міжземнага мора.
т. 10, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ШПАЛЕ́РНАЯ ФА́БРЫКА.
Засн. ў 1910 у Мінску. У Вял. Айч. вайну разбурана. Адноўлена ў 1946. У 1965 рэканструявана і расшырана. З 1968 у складзе вытв. аб’яднання «Белпаперапрам», з 1989 яго галаўное прадпрыемства. З 1994 адкрытае акц. т-ва «Беларускія шпалеры». Асн. прадукцыя (1999): шпалеры (ціснёныя, столевыя, воданепранікальныя, дэкаратыўныя, глыбокага спосабу друку, дуплексныя, пенашпалеры).
т. 10, с. 430
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЕ́ЛЬНІЦТВА КА́РТЫ Адлюстроўваюць сац. і эканам. характарыстыкі насельніцтва. Адрозніваюць геаграфічныя Н.к.
(размяшчэнне і шчыльнасць насельніцтва, патэнцыялы поля рассялення, тыпы паселішчаў і рассялення і інш.),
дэмаграфічныя карты (склад насельніцтва паводле полу і ўзросту, яго натуральны і мех. рухі і г.д.), сацыяльна-эканамічныя карты (прац. рэсурсы і іх выкарыстанне, сац. склад, узровень жыцця і інш.), этнаграфічныя карты.
т. 11, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)