АРШАКІ́ДЫ (Аршакуні) армянскія, царская дынастыя ў Арменіі ў 62—428. Роднасная Аршакідам парфянскім. Заснавальнік Тырыдат I (з 62, афіцыйна ў 66—80). Пры Хасрове I Вялікім [217—238] улада Аршакідаў стала спадчынная. З часу царавання Тырыдата III Вялікага [287—332] хрысціянства стала (каля 301) дзярж. рэлігіяй Арменіі. Аршакіды змагаліся за незалежнасць дзяржавы, але беспаспяхова. Пасля падзелу Арменіі Вялікай у 387 паміж Іранам і Рымам Аршакіды трапілі да іх у залежнасць. У 428 дынастыя Аршакідаў спынілася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСА́НЬЯ ((Azana) Мануэль) (10.1.1880, г. Алькала-дэ-Энарэс, Іспанія — 4.11.1940),
іспанскі дзярж. і паліт. дзеяч, пісьменнік. Заснаваў партыю Рэсп. дзеяння (1930). Ваенны міністр (1931), кіраўнік урада (1931—33). Лідэр Леварэсп. партыі (з 1934), адзін з заснавальнікаў Нар. фронту (1935). Пасля перамогі Нар. фронту (1936) лідэр яго правага крыла, кіраўнік урада, з мая 1936 да 1.3.1939 — прэзідэнт рэспублікі. Пасля перамогі франкістаў у 1939 эмігрыраваў у Францыю. Аўтар літ. эсэ, аповесцяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́СКВІТ (Asquith),
лорд Оскфард і Асквіт Герберт Генры (12.9.1852, Морлі, графства Ланкашыр, Англія — 15.2.1928), англійскі дзярж. дзеяч. Адукацыю атрымаў у Оксфардскім ун-це, адвакат. Член парламента з 1886, у 1892—95 міністр унутр. спраў, у 1906—08 канцлер казначэйства. Кіраўнік Ліберальнай партыі (1908—26). У 1908—16 прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі. Урад Асквіта ўвёў пенсіі па старасці, спрыяў абмежаванню правоў палаты лордаў (1911), прызнанню аўтаноміі Ірландыі (1914), 4.8.1914 абвясціў вайну Германіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЎ ((Below) Георг Антон Гуга фон) (19.1.1858, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 20.10.1927),
нямецкі гісторык-медыявіст. Праф. у Мюнстэры (з 1891), Марбургу (з 1897), Цюбінгене (з 1901), Фрайбургу (1905—24). Даследаваў гісторыю дзярж. ладу і гаспадаркі ням. гарадоў у сярэднявеччы. Крытыкаваў вотчынную тэорыю, прызнаваў вядучую ролю палітыкі і права ў гісторыі. Гал. працы: «Тэрыторыя і дзяржава» (1900), «Нямецкая дзяржава ў сярэднія вякі» (1914), «Праблемы эканамічнай гісторыі» (1920).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛПРАМПРАЕ́КТ»,
праектны інстытут. Засн. ў 1949 у Мінску як Бел.дзярж.ін-тпрамысл. праектавання «Белпрампраект» Дзяржбуда БССР. З 1994 акц.т-ва. Асн. кірункі дзейнасці: праектаванне прамысл. прадпрыемстваў на Беларусі і за мяжой, грамадскіх і жылых комплексаў і збудаванняў (аб’екты гандлю, бізнес-цэнтры, мікрараёны, жылыя пасёлкі, банкі, офісы і г.д.), цэнтраў аўтасэрвіснага абслугоўвання, зваротных сістэм водазабеспячэння; распрацоўка аўтаматызаваных праграм для праектавання, праектна-каштарыснай дакументацыі; інжынерна-тэхнічныя разлікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРДЗЕНІШВІ́ЛІ (Мераб Ісідаравіч) (н. 1929),
грузінскі скульптар, жывапісец, графік. Нар. мастак СССР (1978). Вучыўся ў Тбіліскай АМ (1949—55). Аўтар манум., пластычна выразнага помніка ў гонар 30-годдзя перамогі ў Вял.Айч. вайне (1975, г. Марнеулі), дэкар. скульптуры «Муза» (1971) каля будынка Грузінскай філармоніі, помніка паэту Давіду Гурамішвілі ў Тбілісі (1959—65) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1976.
Літ.:
Воронина Н. Мераб Бердзенишвили: [Альбом] М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСКІ ПАРА́ДАК,
сістэма грамадскіх адносін, якая рэгулюецца маральнымі і прававымі нормамі, мае на мэце гарантаванне грамадскай бяспекі і спакою, абароны гонару і годнасці грамадзян і нармальных умоў для дзейнасці дзярж. і грамадскіх арг-цый. Складваецца ў працэсе свядомага і добраахвотнага выканання грамадзянамі правіл паводзін, устаноўленых законам і маральнымі нормамі. Выкананне гэтых правіл забяспечвае зладжанае і ўстойлівае супольнае жыццё людзей. Парушэнні грамадскага парадку цягнуць за сабой адпаведную адказнасць: маральную, адм., крымінальную.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБІНО́ЎСКІ (Лазар Ісаакавіч) (1.5.1910, г. Фалешты, Малдова — 29.11.1982),
малдаўскі скульптар. Нар.маст. Малдовы (1963). Чл.-кар.АМСССР (з 1954). Вучыўся ў АМ у Бухарэсце (1925—30). Яго работы вызначаюцца дынамікай, эмацыянальнасцю. Аўтар партрэтаў рум. мастака К.Бабы, Хо Шы Міна (Дзярж. прэмія Малдавіі 1970), помнікаў Р.Катоўскаму, «Гераічнаму камсамолу» ў Кішынёве, станковых кампазіцый (трылогія «Бацькі і дзеці», 1957, «Ціраспальскія швачкі», 1962) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУХМЯ́НАЯ,
сорт грушы селекцыі Бел.НДІ пладаводства. Выведзена скрыжаваннем сартоў Аляксандраўка і Любіміца Клапа. Знаходзіцца ў дзярж. сортавыпрабаванні.
Дрэва сярэднярослае, крона плоскакрутлаватая, густая. Сорт сярэднезімаўстойлівы, ураджайны, мала пашкоджваецца хваробамі. Плоданашэнне пачынае на 4—5-ы год. Плады сярэдняй велічыні (110—130 г). Скурка жаўтавата-зялёная з размытым у выглядзе палос цагляна-чырвоным румянцам. Мякаць белая, мяккая, сакаўная, кісла-салодкая, добрага смаку. Спажывецкая спеласць у сярэдзіне жніўня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІ́ЦЫН (Мікалай Дзмітрыевіч) (12.4.1850, с. Парэчча Маскоўскай вобл. — 2.7.1925),
расійскі паліт. дзеяч, апошні старшыня Савета Міністраў Рас. імперыі (9.1—12.3.1917). У 1885—1903 займаў пасады архангельскага, калужскага і цвярскога губернатараў. З 1903 сенатар, з 1915 чл.Дзярж. савета (фракцыя правых) і старшыня камісіі па аказанні дапамогі рас. ваеннапалонным. Быў блізкі да імператрыцы Аляксандры Фёдараўны. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 адышоў ад паліт. дзейнасці. У 1920—24 двойчы арыштоўваўся ВЧКАДПУ, расстраляны.