НАФТАПЕРАПРАЦО́УКА,

сукупнасць тэхнал. працэсаў па тэрмічнай і тэрмакаталітычнай перапрацоўцы нафты для атрымання розных відаў паліва, змазачных матэрыялаў, бітумаў, парафінаў і інш. нафтапрадуктаў. Працэсы Н. падзяляюцца на першасныя (адбываюцца без змен хім. будовы кампанентаў нафты) і другасныя (накіраваны на пэўную змену структуры нафтавых вуглевадародаў). Перапрацоўцы нафты папярэднічаюць працэсы стабілізацыі (выдаленне раствораных газаў), абязводжвання і абяссольвання.

Асн. працэс першаснай Н. — перагонка нафты (тэрмічнае раздзяленне яе на часткі ці фракцыі з атрыманнем прамагоннага бензіну, газы, рэактыўнага, дызельнага і кацельнага паліва, топачнага мазуту). Прамагонныя бензіны складаюць да 25% ад масы нафты, маюць невысокую дэтанацыйную ўстойлівасць і патрабуюць далейшай апрацоўкі. Балансавы дэфіцыт светлых нафтапрадуктаў і павышэнне іх якасці дасягаецца пры другасных працэсах Н. — каталітычным крэкінгу, каксаванні, гідракрэкінгу, рыформінгу, ізамерызацыі, полімерызацыі, алкіліраванні і інш. Ачыстка нафтапрадуктаў, атрыманых пры першасных і другасных працэсах, уключае выдаленне сярністых, азоцістых і кіслародных злучэнняў, смалістых рэчываў, цвёрдых парафінаў. Светлыя нафтапрадукты спачатку апрацоўваюць водным растворам шчолачы ці сернай к-ты. Сярністыя злучэнні з іх выдаляюць метадам каталітычнай гідраачысткі пры наяўнасці каталізатара і вадароду. Для ачысткі масляных фракцый карыстаюцца сернай к-той, селектыўнымі растваральнікамі (фенолам, фурфуролам, нітрабензолам і інш.) і спец. адсарбентамі. Дэасфальтызацыя масляных фракцый ажыццяўляецца вадкім прапанам. Гл. таксама Нафтаперапрацоўчая прамысловасць.

Ю.​Р.​Егіязараў.

т. 11, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́ТРАНА-РЭАКТЫ́ЎНЫ РУХАВІ́К (ПРР),

рэактыўны рухавік, у якім для гарэння паліва выкарыстоўваецца кісларод атмасфернага паветра, што ўсмоктваецца ў камеру згарання. Пры выкарыстанні хім. паліва кісларод паветра служыць акісляльнікам, што абумоўлівае высокую эканамічнасць ПРР у параўнанні з хім. ракетнымі рухавікамі.

Паводле спосабу сціскання паветра, што паступае ў камеру згарання, ПРР падзяляюцца на бескампрэсарныя і кампрэсарныя. У бескампрэсарных ПРР сцісканне адбываецца ў паветразаборніку за кошт кінетычнай энергіі набягаючага паветр. патоку. Да такіх рухавікоў адносяцца праматочныя ПРР (згаранне паліва ў іх адбываецца ў скразным — праматочным канале; выкарыстанне іх мэтазгодна ў апаратах са звышгукавымі скарасцямі палёту, а для разгону патрэбны дадатковы рухавік) і пульсуючыя (згаранне паліва адбываецца кароткімі паслядоўнымі ўспышкамі; могуць развіваць цягу на месцы; апараты з такімі рухавікамі не патрабуюць сілавых стартавых паскаральнікаў). У кампрэсарных ПРР сцісканне паветра, акрамя паветразаборніка, робіцца спец. кампрэсарамі. Такімі рухавікамі з’яўляюцца турбарэактыўныя рухавікі і турбавінтавыя рухавікі. Да ПРР адносяцца таксама некаторыя камбінаваныя рухавікі (напр., турбапраматочныя). Цяга ПРР залежыць ад вышыні і скорасці палёту.

Схемы паветрана-рэактыўных рухавікоў: а — праматочнага (1 — паветразаборнік, 2 — стабілізатар полымя, 3 — камера згарання); б — пульсуючага (1 — клапанная рашотка, 2 — фарсункі, 3 — камера згарання, 4 — рэактыўнае сапло).

т. 11, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГО́НЫ (ад польск. pogon жгут, шнур),

наплечныя знакі адрознення на форменным адзенні ваеннаслужачых і некат. катэгорый служачых. Паказваюць персанальныя званні, а ў ваеннаслужачых таксама прыналежнасць да віду ўзбр. сіл (роду войск, спец. войск, службаў). Правобразам П. былі метал. пласціны, якія прыкрывалі плечы кавалерыстаў ад шабельных удараў. У пач. 18 ст. замест іх з’явіліся П. як знакі адрознення, якія спачатку насілі толькі на адным (левым) плячы, потым на двух плячах. У арміях ВКЛ і Расіі П. ўведзены ў сярэдзіне 18 ст., ва Узбр. Сілах СССР — у 1943. Захаваліся ва Узбр. Сілах і інш. сілавых структурах (КДБ, МУС) Рэспублікі Беларусь.

Пагоны афіцэраў і прапаршчыкаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь: да параднай формы адзення (1 — палкоўнік, 2 — падпалкоўнік); да штодзённай формы адзення (3 — маёр, 4 — капітан, 5 — старшы лейтэнант, 6 — лейтэнант); да палявой формы адзення (7 — малодшы лейтэнант, 8 — старшы прапаршчык, 9 — прапаршчык).
Пагоны салдат і сяржантаў, якія праходзяць службу па кантракце, курсантаў ваенна-навучальных устаноў, ваеннаслужачых тэрміновай службы Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь: да параднай формы адзення (1 — старшына, 2 — курсант—старшы сяржант); да штодзённай формы адзення (3 — сяржант, 4 — курсант—малодшы сяржант); да палявой формы адзення (5 — яфрэйтар, 6 — радавы, 7 — курсант).

т. 11, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТЫЗА́НСКАЕ ЗЛУЧЭ́ННЕ ў Вялікую Айчынную вайну,

адна з арганізацыйных форм аб’яднання партызанскіх брыгад, партызанскіх палкоў, партызанскіх атрадаў, якія дзейнічалі на акупіраванай тэр. Беларусі. У выніку шырокага партыз. руху былі створаны шматлікія фарміраванні, якім для правядзення баявых аперацый у шырокіх маштабах патрэбна было цэнтралізаванае кіраўніцтва і рэгулярная сувязь з сав. тылам. Фарміравалі П.з. ЦШПР, БШПР, падп. абкомы, міжрайкомы, міжрайпартцэнтры і райкомы КП(б)Б. Узначальвалі П.з. звычайна сакратары падп. абкомаў, міжрайкомаў партыі ці афіцэры Чырв. Арміі; кіраўніцтва ажыццяўлялася праз штабы злучэнняў. У розны час дзейнічала каля 40 тэрытарыяльных злучэнняў [наз. таксама ваенна-аператыўнымі групамі (ВАГ), цэнтрамі: абласныя Баранавіцкае, Беластоцкае, Брэсцкае, Вілейскае, Гомельскае, Магілёўскае, Мінскае, Палескае, Пінскае; злучэнні Барысаўска-Бягомльскай, Івянецкай, Лідскай, Паўд. зон Баранавіцкай вобл., Паўд.-Прыпяцкай зоны Палескай вобл., Слуцкай, Стаўбцоўскай, Шчучынскай зон; Клічаўскі аператыўны цэнтр; ВАГ Асіповіцкая, Быхаўская, Бялыніцкая, Бярэзінская, Кіраўская, Клічаўская, Круглянская, Магілёўская, Рагачоўская, Шклоўская; П.з. «Трынаццаць» і інш. Большасць злучэнняў створана ў 1943. Часта ствараліся спец. падраздзяленні аўтаматчыкаў, артылерыстаў, мінамётчыкаў, якія падначальваліся камандзіру злучэння. Стварэнне П.з. садзейнічала павышэнню ўзроўню кіраўніцтва партыз. рухам, баявой і своечасовай актыўнасці партыз. фарміраванняў.

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990. С. 398.

А.​Л.​Манаенкаў.

т. 12, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТО́Н (Барыс Яўгенавіч) (н. 27.11.1918, Кіеў),

украінскі вучоны ў галіне электразваркі, металургіі і тэхналогіі металаў. Акад. АН Украіны (1958). Акад. Рас. АН (1962). Чл. шэрагу замежных акадэмій. Двойчы Герой Сац. Працы (1969, 1978). Сын Я.А.Патона. Скончыў Кіеўскі індустр. (політэхн.) ін-т (1941). З 1942 у Ін-це электразваркі АН Украіны (з 1953 дырэктар). Адначасова з 1962 прэзідэнт АН Ўкраіны. Навук. працы ў галіне зваркі, спец. электраметалургіі, зварачных працэсаў у космасе. Распрацаваў асновы тэорыі аўтаматаў для дугавой зваркі. Зрабіў значны ўклад у стварэнне і развіццё дугавой паўаўтаматычнай, электрашлакавай, мікраплазмавай, кантактнай, электронна-прамянёвай і інш. спосабаў зваркі, электрашлакавага пераплаву і ліцця, тэхналогіі вытв-сці труб вял. дыяметра і буд-ва трубаправодаў. Ленінская прэмія 1957. Дзярж. прэмія СССР 1950. Залаты медаль імя Ламаносава АН СССР 1981.

Тв.:

Электрошлаковая сварка. Киев, 1960;

Электрооборудование для дуговой и шлаковой сварки. М., 1966 (разам з У.​К.​Лебедзевым);

Плазменные процессы в металлургии и технологии неорганических материалов. М., 1973 (у сааўт.);

Промышленные роботы для сварки. Киев, 1977 (разам з Г.​А.​Спыну, У.​Г.​Цімашэнкам);

Электрошлаковое литье. 2 изд. Киев, 1981 (у сааўт.).

Літ.:

Б.​Е.​Патон. 2 изд. М., 1979.

Б.Я.Патон.

т. 12, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРНІКА́РСТВА,

выраб фігурных пернікаў; від народных мастацкіх промыслаў. Пернікі здаўна адыгрывалі значную ролю на вяселлі, хрэсьбінах, памінках і інш. абрадах многіх народаў. На Беларусі ў 16—18 ст. П. пераважала ў гарадах і мястэчках (Дуброўна, Копысь, Мінск, Орша, магчыма, Смаргонь), у 19 ст. пашырана і ў вёсках. Прадукцыю збывалі на мясц. рынках і кірмашах. Пернікі выраблялі з мукі вышэйшага гатунку, у цеста дадавалі харч. фарбавальнікі, мёд, прыправы. Фармавалі іх у выглядзе розных фігур антрапаморфнага, зааморфнага, геам. характару (лялька, певень, конь, казёл, рыба, сэрца, ромб і інш.). Трактоўка фігур моцна стылізаваная, абагульненая; выбар сюжэтаў адлюстроўваў іх стараж. сімвалічны сэнс. Існавалі розныя тэхнікі фармоўкі вырабаў: узор атрымлівалі з дапамогаю спец. драўлянай дошкі, на якой выразалася адпаведная фігура, выціскалі бляшанымі штампамі з плоска раскачанага кавалка цеста, фармавалі ўручную. Пасля выпечкі пернікі аздаблялі каляровымі крэмамі, харч. фарбавальнікамі, глазуравалі расплаўленым цукрам. У сярэдзіне 20 ст. промысел заняпаў. У наш час фігурныя пернікі з аздабленнем выпускаюць прадпрыемствы харч. прам-сці.

Літ.:

Нікольскі Н.М. Жывёлы ў звычаях, абрадах і вераньнях беларускага сялянства. Мн., 1933;

Сахута Я. Абрадавая пластыка // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1982. №2.

Я.​М.​Сахута.

т. 12, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШЫ З’ЕЗД ДАСЛЕ́ДЧЫКАЎ БЕЛАРУ́СКАЙ АРХЕАЛО́ГІІ І АРХЕАГРА́ФІІ.

Адбыўся 17—18.1.1926 у Мінску; каля 60 дэлегатаў і гасцей. Заслухана 12 дакладаў і паведамленняў; 4 з іх надрукаваны ў «Працах Першага з’езда...», змест астатніх прыведзены ў пратаколах з’езда. З дакладамі выступілі: А.​М.​Ляўданскі, Дз.​І.​Даўгяла, М.​В.​Доўнар-Запольскі, М.​В.​Мялешка, А.​А.​Спіцын і інш. З’езд прыняў 6 рэзалюцый: «Аб Літоўскай метрыцы», «Аб беларускіх архіўных фондах за межамі БССР», «Аб археалагічных доследах», «Аб музейнай справе», «Аб Цэнтрархіве БССР і яго аддзелах», «Аб вяртанні бібліятэк». Канстатаваў нездавальняючы стан стараж. помнікаў Беларусі і вырашыў падрыхтаваць спец. законапраект аб помніках гісторыі і мастацтва. З’езд звярнуў увагу Інбелкульта на неабходнасць прасіць урад рэспублікі, каб вярнуць на Беларусь бібліятэкі Храптовіча і Полацкай уніяцкай семінарыі, вывезеныя ў Кіеў, б-ку М.​Х.​Каладзеева па беларусазнаўстве і гісторыі вайны 1812, якая знаходзілася ў Маскоўскім гіст. музеі.

Літ.:

Працы Першага зьезда даследчыкаў беларускае археалогіі і археаграфіі, 17—18 студз. 1926 г. Мн., 1926;

Алексеев Л.В. Археология и краеведение Беларуси XVI в. — 30-е гг. XX в. Мн., 1996;

Шумейко М.Ф. Собрать рассеянное: О реституции бел. архивов в прошлом и настоящем. Мн., 1997.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 12, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЧ у тэхніцы,

збудаванне (устаноўка, агрэгат, прылада), у якім у выніку гарэння паліва (часам інш. хім. рэакцый) або пераўтварэння эл. энергіі вылучаецца цяпло. Паводле крыніц цяпла адрозніваюць полымныя печы і электрычныя печы, а таксама П. са спец. відамі нагрэву: плазменна-дугавыя печы, электронна-прамянёвыя печы, аптычныя, у т. л. геліяпечы, і інш.; паводле галіны выкарыстання — прамысловыя і бытавыя.

Прамысловыя П. прызначаны для: награвання матэрыялаў або вырабаў (награвальныя печы), надання матэрыялам новых мех. уласцівасцей (тэрмічныя печы), апрацоўкі мінер. сыравіны (абпальвальныя печы), пераводу матэрыялаў, што апрацоўваюцца, у вадкі стан (плавільныя печы, у т. л. ватэржакетныя печы), выплаўкі сталі і цвёрдых металаў (мартэнаўскія печы, двухваннавыя П.), расплаўлення чорных і каляровых металаў у ліцейнай вытв-сці (вагранкі, адбівальныя печы), раскладання і ўзгонкі матэрыялаў (коксавыя печы), сушкі матэрыялаў (сушыльныя печы), варкі шкла і інш. Паводле метадаў перасоўвання матэрыялаў, што апрацоўваюцца, канструкцыйных і інш. адзнак П. падзяляюцца на: вярчальныя печы, камерныя печы, канвеерныя печы; вакуумныя печы, высокачастотныя печы, дугавыя печы, індукцыйныя печы; вежавыя, карусельныя, каўпаковыя, кальцавыя, метадычныя, нізкатэмпературныя, прахадныя, працяжныя, тыгельныя, шахтавыя, штурхальныя, з шагаючым подам і інш. Бытавыя П. падзяляюцца на ацяпляльныя (гл. Печ, Пячное ацяпленне), хлебапякарныя, кандытарскія, вяндлярныя (гл. Вяндлярня, Вэнджанне) і інш. Набылі пашырэнне мікрахвалевыя печы.

т. 12, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ імя Я.​П.​Кульнева, сярэдняя спец. навуч. ўстанова ў Полацку ў 1872—1918. Рыхтавала настаўнікаў пераважна для Віленскай навучальнай акругі. Мела 3 асн. класы (з 1907—4) і гадавое падрыхтоўчае аддзяленне. Прымаліся асобы ўсіх саслоўяў з 16-гадовага ўзросту, якія скончылі пач. нар. вучылішча. У 1912 семінарыі прысвоена імя Я.П.Кульнева. Выкладаліся: Закон Божы, педагогіка, рус. і царк.-слав. мовы, арыфметыка, асновы геаметрыі, каморніцтва, гісторыя, геаграфія, спевы, рамяство і інш. Пры семінарыі дзейнічалі: узорнае пач. вучылішча (50—70 вучняў штогод), дзе семінарысты праходзілі пед. практыку; курсы для настаўнікаў пач. нар. вучылішчаў; б-ка (8 тыс. тамоў); метэаралагічная станцыя (з 1900); музей наглядных дапаможнікаў (з 1910). У 1907 часова зачынена. У 1-ю сусв. вайну знаходзілася ў эвакуацыі ў г. Вязнікі Уладзімірскай губ. За 1872—1900 П.н.с. скончылі 521, у 1911—142 выхаванцы. На базе семінарыі створаны пед. тэхнікум (гл. Полацкі педагагічны каледж). У П.н.с. выкладалі Ю.Ф.Крачкоўскі, гісторык Я.​Смірноў, протаіерэй М.​Дуброўскі (даследчык жыцця Ефрасінні Полацкай), вучыўся бел. паэт Я.Журба.

Літ.:

Смирнов Е.И. Полоцкая учительская семинария за 30 лет ее существования. Витебск, 1902;

Арлоў У.А. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994.

А.​Ф.​Самусік.

т. 12, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГРАМАВА́ННЕ,

працэс стварэння праграмы ў адпаведнасці з алгарытмам рашэння задачы на ЭВМ; раздзел інфарматыкі, што вывучае тэорыю і распрацоўвае метады пабудовы, наладкі праграм. Адрозніваюць: тэарэтычнае П. — вывучае матэм. абстракцыі праграм, правілы дакладнай фармулёўкі ўмоў задач і алгарытмаў; сістэмнае П. — займаецца праектаваннем, пабудовай і рэалізацыяй сістэм праграмнага забеспячэння для масавага і працяглага выкарыстання; прыкладное П. — абслугоўвае канкрэтныя выпадкі выкарыстання ЭВМ у розных галінах навукі і тэхнікі. Тэарэт. аспекты П. вывучаюцца ў матэматычным праграмаванні.

Алгарытм рашэння задачы будуюць у выглядзе канчатковага набору каманд, для запісу якіх служаць спец. мовы сувязі чалавека з ЭВМ — мовы праграмавання. У П. ўдзельнічаюць сістэмныя аналітыкі (распрацоўка алгарытму, аналіз патрабаванняў) і праграмісты (кадзіраванне, тэстыраванне праграмы і яе выкарыстанне на ЭВМ) Пры П. ўлічваюць канкрэтнае праграмнае асяроддзе: тып ЭВМ, мова П., наяўнасць сродкаў распрацоўкі праграм (база даных, транслятар, рэдактар, наяўнасць бібліятэкі стандартных праграм і модуляў і інш.). Для праверкі дакладнасці выканання праграмы робіцца яе адладка (сістэм. выпрабаванні праграмы на ЭВМ).

Літ.:

Любимский Э.З., Мартынюк В.В., Трифонов Н.П. Программирование. М., 1980;

Мейер Б., Бодуэн К. Методы программирования: Пер. с фр. Т. 1—2. М., 1982;

Грис Д. Наука программирования: Пер. с англ. М., 1984.

С.​У.​Абламейка, М.​П.​Савік.

т. 12, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)