КАДЭ́Ш, Кінза,

старажытны горад, які існаваў на р. Аронт (каля сучаснага г. Хомс, Сірыя). Вядомы з 16 ст. да н.э. паводле іерагліфічных (егіп.) і клінапісных крыніц; быў цэнтрам аднайм. дзяржавы Кадэш, населенай семітамі. У 15 ст. да н.э. заваяваны егіпцянамі. З пач. 14 ст. да 1200 да н.э. пад уладай Хецкага царства. У канцы 14 — пач. 13 ст. да н.э. каля сцен К. адбылася бітва паміж егіпцянамі на чале з царом Рамсесам II і хетамі на чале з царом Муваталу. З пач. 12 ст. да н.э. зруйнаваны т.зв. «народамі мора» (плямёны, якія прыйшлі з Балканскага п-ва або з М. Азіі). Зноў згадваецца ў дакументах 565 да н.э. як цэнтр аднайм. акругі Новававілонскага царства.

т. 7, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЗЕЛ (Казела, Козел-Паклеўскі) Іван (Ян) Іванавіч (псеўд. Скала; 1837, маёнтак Сэрвач, цяпер Вілейскі р-н Мінскай вобл. — 19.5.1896), адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64. Брат В.І.Козела. У час вучобы ў школе гв. падпрапаршчыкаў і інж. акадэміі належаў да пецярбургскай афіцэрскай рэв. арг-цыі. З 1859 у адстаўцы. Адзін з заснавальнікаў арг-цыі «чырвоных» ў Мінску. З восені 1862 чл. Літоўскага правінцыяльнага камітэта. З крас. 1863 у Варшаве, з восені ваен. начальнік Аўгустоўскага і Гродзенскага ваяводстваў, са снеж. нач. 3-га корпуса паўстанцкіх узбр. сіл. Пасля падаўлення паўстання ў эміграцыі (Францыя). Удзельнічаў у франка-прускай вайне 1870—71. У 1872 вярнуўся ў Расію і сасланы. З 1883 жыў на радзіме.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 8, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́МІ-ПЯРМЯ́ЦКАЯ МО́ВА,

адна з пермскіх моў (галіна фіна-угорскіх моў). Блізкароднасная комі-зыранскай мове. Пашырана ў Комі-Пярмяцкай аўт. акрузе, Кіраўскай і Пермскай абл., розных раёнах Сібіры (Расія). Мае 4 гаворкі: паўд. (кудымкарска-інвенскі, ніжнеінвенскі, онькаўскі, нердвінскі дыялекты), паўн. (качэўскі, касінска-камскі, мысаўскі, верх-луп’інскі дыялекты), верхнякамскую і комі-язвінскую. Характэрны дыялекты, якія не маюць гукаў «л», «в», марфалагізацыя і фаналагізацыя націску, знікненне спрадвечных лічэбнікаў.

Літ. мова пачала складвацца з 1918. Пісьменства з 1918 на аснове рус. графікі, з 1920 са значна змененымі графемамі, з пач. 1930-х г.лац., з канца 1930-х г.рус. графіка з увядзеннем дадатковых літар «і», «о».

Літ.:

Коми-пермяцкий язык. Кудымкар, 1962.

т. 8, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЎЧУ́К (Леанід Макаравіч) (н. 10.1,1934, с. Вял. Жыцін Ровенскага р-на, Украіна),

украінскі паліт. і дзярж. дзеяч. Канд. эканам. н. (1970). Скончыў Кіеўскі дзярж. ун-т (1958), Акадэмію грамадскіх навук (1970). З 1960 на парт. рабоце. З 1970 у апараце ЦК Кампартыі Украіны (КПУ); заг. аддзелаў прапаганды і агітацыі (з 1980) і ідэалогіі (з 1988). З 1989 сакратар, у ліп.вер. 1990 2-і сакратар ЦК КПУ. У ліп. 1990—91 старшыня Вярх. Савета УССР. У 1991—94 першы прэзідэнт Украіны. Разам з кіраўнікамі Расіі і Беларусі падпісаў Белавежскія пагадненні 1991 аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў. У лют.кастр. 1992 старшыня Вярх. Рады Украіны. З вер. 1994 нар. дэп. Украіны.

Л.М.Краўчук.

т. 8, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ ПЭН (н. ў кастр. 1928, г. Чэнду, Кітай),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Кітая. Скончыў Маскоўскі энергет. ін-т (1955). У 1955—66 гал. інжынер, дырэктар электрастанцый, з 1966 нач. Пекінскага электраэнергет. ўпраўлення. У 1979—83 нам., міністр электраэнергетыкі, 1-ы нам. міністра воднай гаспадаркі і электраэнергет. прам-сці. З 1983 нам., у 1988—98 прэм’ер Дзяржсавета Кітайскай Нар. Рэспублікі. Адзін з ініцыятараў задушэння сілай у чэрв. 1989 студэнцкіх выступленняў на пл. Цяньаньмэнь у г. Пекін. З сак. 1998 старшыня Пастаяннага к-та Усекіт. сходу нар. прадстаўнікоў. Чл. Палітбюро ЦК Камуніст. партыі Кітая (КПК) з 1985 і Пастаяннага к-та ЦК КПК з 1987. У 1995 наведаў з афіц. візітам Беларусь.

т. 9, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РКАЎ (Фёдар Рыгоравіч) (24.12.1914, в. Качанішкі Уценскага пав., Літва — 14.1.1958),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху ў Вілейскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў ВПШ пры ЦК ВКП(б) (1948). За рэв. дзейнасць у Зах. Беларусі ў 1936—39 быў зняволены ў Бяроза-Картузскі канцлагер, віленскую турму. У 1939—41 старшыня Свянцянскага гарсавета, нам. старшыні Вілейскага аблвыканкома. У партызанах з вер. 1941: камандзір спецгрупы, з мая 1942 — атрада імя Суворава, з ліст. 1942 — партыз. брыгады імя Варашылава, адначасова з крас. 1943 нач. ваенна-аператыўнага аддзела Вілейскага падп. абкома КП(б)Б. З 1944 нам. старшыні Вілейскага, Маладзечанскага аблвыканкомаў. Дэп. Вярх. Савета БССР з 1940.

Ф.Р.Маркаў.

т. 10, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ВІ́ННА-ГАРЭ́ЛАЧНЫ ЗАВО́Д «КРЫШТА́ЛЬ».

Засн. ў 1893 у Мінску як дрожджа-вінакурны з; выпускаў сухія дрожджы і спірт. У 1917—24 дзярж. спіртавы склад № 1 і гарэлачны з, у 1925—37 спірта-гарэлачны, у 1937—41 лікёра-гарэлачны з. У Вял. Айч. вайну разбураны, пасля вайны адноўлены як лікёра-гарэлачны з. З далучэннем у 1958 віннага і ў 1959 дражджавога з-даў — дрожджа-вінны камбінат. У 1964—70 галаўное прадпрыемства вытв. аб’яднання «Крышталь», у 1972—76 спірта-гарэлачны камбінат «Крышталь». З 1986 уваходзіць у вытв. аб’яднанне «Мінсккрухмалпрам». Асн. прадукцыя (1999): гарэлка збожжавая, каньяк, лікёр, аперытывы, настойкі горкія, крухмал. Мае 7 філіялаў і 23 фірменныя магазіны.

т. 10, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНАЙ БЯСПЕ́КІ ІНСТЫТУ́Т, Інстытут нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь,

вышэйшая спец. навуч. ўстанова па падрыхтоўцы аператыўнага складу КДБ, а таксама Пагранічных войск і мытных органаў. Засн. ў 1946 у г. Львове як школа па падрыхтоўцы аператыўнага складу КДБ. З 1952 сярэдняя спец. навуч. ўстанова. У 1954 пераведзена ў Магілёў; рыхтавала спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй (з 1956). З 1961 у Мінску. У 1964 ператворана ў Вышэйшыя курсы КДБ пры СМ СССР. З 1992 пад юрысдыкцыяй КДБ Рэспублікі Беларусь. У 1994 на базе курсаў створаны ін-т нац. бяспекі. Мае 3 факультэты, 11 спец. кафедраў (1999); ад’юнктура з 1994, дактарантура з 1999.

Літ.:

Шаров В.И., Князев С.Н. Фрагменты большого пути. Мн., 1996.

С.​Н.​Князеў.

т. 11, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРКЕ́Т (франц. parquet),

габляваныя драўляныя планкі (клёпкі) для насцілу падлогі, а таксама само пакрыццё такой падлогі. Робіцца з дубу, буку, ясеню, клёну, бярозы, грабу і інш., мастацкі П. — з драўніны каштоўных парод (арэху, чырвонага дрэва). Вызначаецца прыгожым выглядам, даўгавечнасцю, нізкай цепла- і гукапранікальнасцю.

Бывае шчытавы (мае аснову і пакрыццё з клёпак, наклееных на аснову), наборны, або мазаічны (з планак, падабраных па рысунку і наклееных вонкавым бокам на трывалую паперу), штучны (з асобных планак, прыклееных да асновы) і з паркетных дошак (рэйкі з папярочна наклеенымі планкамі). Пасля насцілу П. націраюць воскам, масцікай ці пакрываюць спец. паркетным лакам. Аддзелка паркетнай падлогі — струганне, цыкляванне і націранне, робіцца паркетастругальнымі, паркеташліфавальнымі і электрапалацёрнымі машынамі.

т. 12, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́ТРЫКАЎСКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства ў г. Петрыкаў Гомельскай вобл. Пабудавана ў канцы 17 — пач. 18 ст. ў в. Сотнічы. Першапачаткова — стараверская, з 1746 — уніяцкая, у 1836 перанесена ў Петрыкаў, перададзена праваслаўным. Тры квадратныя ў плане зрубы — бабінец, асн. аб’ём і алтарная частка — складзены з круглых бярвён з 6-граннымі «астаткамі». Знадворку сцены ашаляваны, аформлены пілястрамі і простымі карнізамі. Асн. аб’ём мае 3-ярусную кампазіцыю: 2 ніжнія ярусы чацверыковыя (з усечаным зверху шатром паміж імі), верхні — васьмярык на купальнай аснове і з купальным пакрыццём. Астатнія аб’ёмы трактаваны як невял. прыбудовы з 2- і 3-схільнымі дахамі. Над бабінцам невял. каркасная званіца з шатровым пакрыццём.

Ю.​А.​Якімовіч.

Петрыкаўская Пакроўская царква.

т. 12, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)