КАНТ ((Kant) Імануіл) (22.4.1724, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 12.2.1804),
нямецкі філосаф, родапачынальнік ням. класічнага ідэалізму. Скончыўшы Кёнігсбергскі ун-т (1745), працаваў хатнім настаўнікам у розных гарадах Усх. Прусіі. З 1755 прыват-дацэнт, у 1770—96 праф. логікі і метафізікі Кёнігсбергскага ун-та (быў дэканам факультэта, двойчы рэктарам ун-та). У творчай біяграфіі К. вылучаюць 2 перыяды: «дакрытычны» (1746—69) і «крытычны» (1770—97). Для першага перыяду характэрны творы па пытаннях прыродазнаўства і філасофіі прыроды. У працы «Усеагульная натуральная гісторыя і тэорыя неба» (1755) развіў касмаганічную гіпотэзу пра паходжанне і развіццё Сонечнай сістэмы (гл.Касмагонія). У фізіцы, у развіццё ідэй Р.Дэкарта і Г.Галілея, абгрунтаваў новае вучэнне пра адноснасць руху і спакою, у біялогіі сфармуляваў ідэю генеалагічнай класіфікацыі жывёльнага свету, у антрапалогіі — ідэю натуральнай гісторыі чалавечых рас.Гал. творы «крытычнага» перыяду — «Крытыка чыстага розуму» (1781), «Крытыка практычнага розуму» (1788) і «Крытыка здольнасці суджэння» (1790). Паводле К., па-за межамі пачуццёвых феноменаў існуе непазнавальная, але аб’ектыўная ў абсалютным сэнсе рэальнасць, аб якой у тэорыі пазнання маюцца толькі даволі абстрактныя паняцці — наўмены, якія не даюць нічога для пазнання «рэчаў у сабе», але дазваляюць мысліць пра іх як аб спасцігальных сутнасцях. Ён адзначаў супярэчлівасць розуму і мыслення наогул, паказаў, што пазнанне рухаецца ў рэчышчы гнасеалагічных процілегласцей, якія ўзнікаюць і патрабуюць свайго вырашэння (гл.Антыномія). Аснова этыкі К. — вучэнне аб годнасці і самакаштоўнасці кожнай асобы, якое адпавядала ідэям Франц. рэвалюцыі 1789 аб усеагульных і неад’емных правах чалавека і грамадзяніна. Яно выкладзена ў працах «Асновы метафізікі і маралі» (1785), «Метафізіка нораваў» (1797), «Рэлігіі ў межах толькі розуму» (1798) і інш. Маральны закон, паводле К., патрабуе ад кожнага індывіда дзейнічаць так, каб правіла яго асабістых паводзін магло стаць правілам паводзін для ўсіх (гл.Катэгарычны імператыў.) У сувязі з аўтаномнасцю і самастойным існаваннем маральнасці К. прапанаваў сваё разуменне права, дзяржавы, палітыкі і гісторыі. У працах «Ідэі ўсеагульнай гісторыі ў сусветным грамадзянскім плане» (1784), «Да вечнага міру» (1795) і інш. паказаў, што «натуральнае» права павінна ўмацоўваць маральную свабоду асобы, г. зн. ствараць умовы для выканання ёю свайго абавязку. К. вызначыў 3 неадчужальныя прынцыпы грамадскага жыцця ва ўмовах дзяржавы: свабода кожнага члена грамадства, роўнасць усіх падданых, самастойнасць кожнага грамадзяніна. У цэлым, на яго думку, чалавечае грамадства як адзіны механізм развіваецца ў кірунку да «ўсеагульнай прававой грамадзянскай супольнасці» або «сусветна-грамадзянскага стану», г. зн. да дасканалай ідэальнай рэспублікі. Дасягнуць ідэальнага стану грамадства, у якім панаваў бы мір паміж асобнымі людзьмі і дзяржавамі, можна, паводле К., толькі праз пераадоленне ўласцівых гісторыі антаганізмаў, супярэчнасцей, войнаў і звязаных з імі пакут і бедстваў людзей. У сваіх творах ён выклаў асновы крытычнай эстэтыкі, у прыватнасці, эстэтыкі прыгожага, узнёслага і геніяльнага. Ужо сама цікавасць да прыгожага ў прыродзе, лічыў ён, узвышае чалавека ў маральных адносінах. На аснове вучэння К. ўзніклі розныя філас. кірункі і плыні (гл.Бадэнская школа, Кантыянства, Марбургская школа, Неакантыянства).
На Беларусі філасофія К. вядома з канца 18 ст. Некаторыя яго творы, у т. л. трактат «Да вечнага міру», пераклаў і выдаў у Вільні Ю.Быхавец. Праф. Віленскага ун-та Ян Г.Абіхт чытаў лекцыі ў духу вучэння К. Ян Снядэцкі лічыў асноватворным пачаткам навук. сістэмы К. сенсуалізм, крытыкаваў яго тэзіс аб «чыстых» (апрыёрных) формах ведаў. А.Доўгірд прааналізаваў супярэчнасці ў канцэпцыі К. аб «рэчах у сабе», даследаваў на аснове прынцыпаў філасофіі «разважнага розуму» яго ўяўленні аб трансцэндэнтальнай дыялектыцы і яго этычную канцэпцыю. Актыўна прапагандавалі погляды К. філосафы Ф.Вігура, М.Чацкі, Ю.Шаняўскі, Ф.Яронскі і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—6. М., 1963—66;
Трактаты и письма. М., 1980.
Літ.:
Дорошевич Э.К. Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;
Асмус В.Ф. Иммануил Кант. М., 1973;
Нарский И.С. Кант. М., 1976;
Кузнецов В.Н. Немецкая классическая философия второй половины XVIII — начала XIX в. М., 1989;
Эрш Ж. Філасофскае здумленне: Гісторыя заходняе філасофіі: Пер. з фр.Мн., 1996;
Кассирер Э. Жизнь и учение Канта: Пер. с нем. СПб., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ НАВУЧА́ЛЬНАЯ АКРУ́ГА,
навучальна-адм. падраздзяленне ў Рас. імперыі ў 1803—1918 (з перапынкам). Створана ў 1803. Спачатку ёй падпарадкоўваліся навуч. ўстановы Валынскай, Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Кіеўскай, Магілёўскай, Мінскай і Падольскай губ., з 1810 — і Беластоцкай вобл.Навуч.-метадычны і адм. цэнтр акругі — Віленскі універсітэт. Мела пэўную самастойнасць. Кіравалася «Статутам, ці Агульнымі пастановамі Віленскага універсітэта і вучылішчаў яго акругі» (1803), «Прадпісаннем арганізацыі вучылішчаў у акрузе імп. Віленскага універсітэта» (1804), у якіх былі ўлічаны асн. прынцыпы і палажэнні статута Адукацыйнай камісіі. У 1803 у бел. губернях акругі (Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай і часткова Віленскай) 25 сярэдніх і няпоўных сярэдніх і каля 130 пачатковых школ. У пач. 1820-х г. многія выкладчыкі і вучні акругі ўдзельнічалі ў грамадска-паліт. і нац.-вызв. руху, што выклікала рэпрэсіі з боку царскіх улад.
У 1824 Віленская навучальная акруга рэарганізавана. Навуч. ўстановы Віцебскай і Магілёўскай губ. перададзены Пецярбургскай навуч. акрузе, а ў 1829 вылучаны з яе і ўтварылі Беларускую навучальную акругу, куды ў 1831—32 увайшлі навуч. ўстановы Мінскай, Гродзенскай, Віленскай губ. і Беластоцкай вобл. Віленская навучальная акруга часова перастала існаваць, а Віленскі ун-т быў пераведзены ў Кіеў. Паводле палажэння аб навуч. акругах 1835 ун-ты вызваляліся ад кіраўніцтва навуч. ўстановамі, гэтую функцыю выконвалі папячыцельскія саветы на чале з папячыцелем. У 1850 Віленская навучальная акруга адноўлена, у яе ўвайшлі навуч. ўстановы Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай і Мінскай губ.Навуч. ўстановы Віцебскай і Магілёўскай губ. зноў далучаны да Пецярбургскай навуч. акругі. У Віленскую навучальную акругу яны ўвайшлі ў 1864. За ўдзел у паўстанні 1863—64 з 13 гімназій і 3 прагімназій было выключана 455 выкладчыкаў і вучняў. Усе выкладчыкі «нярускага» паходжання з 1866 пазбаўляліся права выкладаць у навуч. установах акругі. У 1914/15 навуч.г. ў акрузе 6667 пач. вучылішчаў і школ, 31 мужчынская гімназія, 69 жаночых гімназій, 11 рэальных вучылішчаў, 3 настаўніцкія ін-ты, 8 настаўніцкіх семінарый. У Вільні выдавалася «Памятная кніжка Віленскай навучальнай акругі» (1874—1915).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК),
орган паліт. прадстаўніцтва бел.нац. руху ў сак.—ліп. 1917. Створаны ў Мінску з’ездам беларускіх нацыянальных арганізацый для выпрацоўкі ў кантакце з Часовым урадам асноў аўтаноміі Беларусі ў складзе Рас. федэратыўнай рэспублікі і падрыхтоўкі выбараў у Бел. краёвую раду. У склад БНК на з’ездзе выбраны Р.А.Скірмунт (старшыня), П.П.Аляксюк, У.С.Фальскі (нам. старшыні), Б.А.Тарашкевіч (сакратар), Л.Заяц (скарбнік), А.А.Смоліч, Э.А.Будзька, В.Гадлеўскі, Я.С.Канчар, І.І.Краскоўскі, А.Л.Бурбіс, К.К.Кастравіцкі (Карусь Каганец), Бабарыкін, Ф.Г.Шантыр, М.С.Кахановіч, В.Л.Іваноўскі, Л.І.Дубейкаўскі, З.Х.Жылуновіч. БНК меў права кааптацыі іншых членаў. Склікаў краёвы сялянскі з’езд (крас. 1917), які падтрымаў агр. праграму Беларускай сацыялістычнай грамады і выказаўся за заснаванне на месцах сял. арг-цый пад эгідай БНК. Для перагавораў з Часовым урадам накіраваў у Петраград дэлегацыю на чале са Скірмунтам з прапановамі абвясціць Расію федэратыўнай рэспублікай, дэмакратызаваць органы мясц. самакіравання, увесці ў школах краю бел. мову, гісторыю Беларусі і інш. краязнаўчыя дысцыпліны, кампенсаваць насельніцтву страты, прычыненыя ваен. дзеяннямі. Часовы ўрад згадзіўся наладзіць з БНК пастаянны кантакт, аднак паліт. платформу к-та не падтрымаў. Адсутнасць выразнай пазіцыі па агр. пытанні і знаходжанне на чале к-та Скірмунта, які быў вядомы як прыхільнік памешчыцкага землеўладання, давалі паліт. апанентам падставу абвінавачваць БНК у ахове інтарэсаў памешчыкаў, пазбаўляла яго адчувальнай падтрымкі з боку народа. 1-ы з’езд сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ. (крас. 1917) і з’езд настаўнікаў Мінскай губ. (май 1917) адхілілі прапановы БНК адносна будучага дзярж. і культ. статуса Беларусі. У маі 1917 са згоды Часовага ўрада БНК прызначыў юрыстаў Г.В.Багдановіча і Я.Л.Бруевіча сваімі прадстаўнікамі ў Асобую нараду па распрацоўцы палажэння аб выбарах ва Устаноўчы сход. БНК займаўся культ.-асв. дзейнасцю, пад яго эгідай заснавана Т-вабел. культуры, 24—25.6.1917 к-т правёў «Дні вольнай Беларусі». Друк. орган — газ.«Вольная Беларусь». Скасаваны з’ездам беларускіх арганізацый і партый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНІКАВА ПАЎСТА́ННЕ 1606—07.
Адбылося ў Расіі і на тэр. Украіны пад кіраўніцтвам І.І.Балотнікава; найвышэйшы этап сялянскай вайны пачатку 17 ст. Пачалося летам 1606 у раёне Пуціўля пасля звяржэння Лжэдзмітрыя I (гл.Ілжэдзмітрый I), ахапіла Чарнігаў і інш. гарады. Яго асн. сіла — халопы і сяляне, удзельнічалі пасадскія людзі, стральцы, казакі, дваране. Балотнікаў заклікаў да звяржэння цара В.І.Шуйскага і аднаўлення ўлады «цара Дзмітрыя». У жн. 1606 пад Кромамі і Яльцом паўстанцы разбілі царскія войскі, занялі Арол, Болхаў, Калугу, Серпухаў і рушылі на Маскву. Да іх далучыліся дваранскія атрады — разанскія на чале з П.Ляпуновым і тульскія на чале з І.Пашковым. Кульмінацыя Балотнікава паўстання — аблога Масквы (28.10—2.12.1606). Паўстанне ахапіла цэнтр. паветы Расіі і Паволжа (больш за 70 гарадоў). Сацыяльна неаднароднае шматлікае (60—100 тыс.чал.) войска Балотнікава было недастаткова ўзброенае і мала абучанае. Барацьба за кіраванне паўстаннем паміж Балотнікавым і Пашковым (апошняму, як і ўсім паўстанцам-дваранам, не падабаліся заклікі Балотнікава да прыгонных сялян распраўляцца са сваімі гаспадарамі) прывяла да расколу. 15 ліст. на бок Шуйскага перайшлі дваранскія атрады Ляпунова, 2 снеж., у час вырашальнай бітвы каля в. Ніжнія Котлы, — атрады Пашкова. Страціўшы каля 30 тыс.чал., Балотнікаў адступіў у Серпухаў, потым у Калугу, якую абараняў са снеж. 1606 да пач. мая 1607. У маі 1607 атрады Ілейкі Мурамца разбілі царскае войска на р. Пчэльна. Шуйскі зняў аблогу Калугі. Паўстанцы аб’ядналіся ў Туле, якая з мая да кастр. 1607 стала месцам цяжкіх баёў. Палітыка цара па ўмацаванні прыгоннага права (Улажэнне 1607) дазволіла яму кансалідаваць феадалаў і сабраць 100-тысячную армію. У чэрв. 1607 войскі Балотнікава былі двойчы разбіты і асаджаны ў Туле, якая была затоплена ў выніку запруды р. Упа. Нягледзячы на хваробы і голад, паўстанцы гераічна абараняліся. Але пасля абяцання Шуйскага захаваць жыццё ўсім паўстанцам 10.10.1607 яны адчынілі гарадскія вароты. Пасадскія вярхі выдалі царскім уладам Балотнікава і Мурамца. Балотнікава паўстанне — першае ў Расіі значнае выступленне супраць прыгонніцтва.
Кр.: Восстание И.Болотникова: Документы и материалы. М., 1959.
Літ.:
Смирнов И.И. Восстание Болотникова, 1606—1607. [2 изд.] М., 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́БЛІН (Dublin; ірл.Бале-Аха-Кліях),
горад, сталіца Ірландыі. Размешчаны на У краіны, у вусці р. Ліфі, якая ўпадае ў зал. Дублін Ірландскага м. 915,5 тыс.ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог, гал. марскі порт. Каналамі Роял і Гранд злучаны з унутр. раёнамі. Міжнар. аэрапорт. Гал.эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: машынабудаванне (эл.-тэхн. і радыёэлектроннае, прылада- і трактарабудаванне, суднабудаванне і суднарамонт, с.-г.), металаапр., харчасмакавая (піваварная, мясакансервавая, беконная, мукамольная, тытунёвая, вытв-сць віскі), тэкст. (шарсцяная і льняная), швейная, джутавая, буд. матэрыялаў. Дублінскі ун-т, Нац.ун-т, АН і Акадэмія мастацтваў. Тэатры. Штогадовы міжнар. Дублінскі тэатр. фестываль (з 1948).
Паходзіць ад стараж. назвы ўчастка р. Ліфі (Dubhlin — чорная затока). Упершыню ўпамінаецца пад 291. У 9 ст. заваяваны нарманамі, якіх паступова асімілявалі ірландцы. У 1170 захоплены англ. феадаламі, з канца 12 ст. цэнтр заваяванай імі калоніі. Гар.права з 1171. У 1613—1800 месца знаходжання ірл. парламента. З 17 ст. Д. — адзін з цэнтраў ірл.вызв. руху. У Д. адбылося Ірландскае паўстанне 1916. У 1919 тут засядаў Ірл. парламент, які абвясціў незалежнасць Ірландыі. Паводле англа-ірл. дагавора 1921 з Д. выведзены англ. гарнізон, горад стаў сталіцай Ірландскай вольнай дзяржавы, з 1949 — Ірландскай рэспублікі.
Са стараж. забудовы захаваліся замак (зараз Палац юстыцыі; 13 ст.), гатычныя царква Крайст-чэрч (1038—1225) і сабор Сент-Патрык (1190, перабудаваны пасля 1362). З 1757 перапланаваны цэнтр, дзе склаліся парадныя ансамблі ў стылі класіцызму. Парламент (1745—48), Трыніты-каледж (зараз ун-т; фасад — 1759), Чарлімант-хаўс (зараз Галерэя сучаснага мастацтва; 1763—70, арх. У.Чэймберс), ратуша (б. біржа; 1769, арх. Т.Кулі), Ірл. банк (1729—1805); будынкі «Чатырох судоў» (1786—1800), царква Сент-Джордж (1794—1802). У 1913 складзены план рэканструкцыі Д. (арх. П.Аберкрамбі); пабудаваны аэравакзал (1937—41), аўтавакзал (1951—53), шэраг жылых і прамысл. комплексаў. Музеі: Нац. музей, Нац. галерэя, Муніцыпальная галерэя сучаснага мастацтва, Грамадзянскі музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВРО́ЦЛАЎ (Wrocław),
горад на ПдЗ Польшчы, на р. Одра. Адм. ц.Вроцлаўскага ваяводства. Гал.прамысл. і культ. цэнтр прыроднай вобласці Сілезія (Шлёнск). 642,3 тыс.ж. (1993). Вузел аўтадарог і 9 чыгунак. Порт на р. Одра. Аэрапорт. Машынабудаванне (эл.-тэхн., радыёэлектроннае, электравоза-, вагона-, станка- і прыладабудаванне, электронна-выліч. машыны, вырабы дакладнай механікі, судны), хім., харч., швейная, тэкст., дрэваапр., паліграф.прам-сць. Філіял АН. 8 ВНУ (у т. л.ун-т). Т-ры (у т. л. оперны). Бат. сад.
Упершыню ўпамінаецца ў 980. З 1000 цэнтр епіскапства, з 1163 рэзідэнцыя сілезскіх Пястаў, буйны гандл.цэнтр. У 1261 атрымаў магдэбургскае права. У 1264—1335 цэнтр Вроцлаўскага княства. З 1335 у складзе Чэшскага каралеўства (наз. Враціслаў), з 1526 пад уладай Габсбургаў. У 1742 захоплены Прусіяй (ням. назва Брэслаў). У 1848 Вроцлаў — адзін з цэнтраў рэв. руху. У канцы 19 — пач. 20 ст. значна германізаваны. У 2-ю сусв. вайну разбураны, каля Вроцлава фашысты зрабілі 5 філіялаў канцлагера Грос-Розен. Паводле рашэнняў Патсдамскай канферэнцыі 1945 перададзены Польшчы.
Старыя раёны горада размешчаны на берагах і астравах р. Одра (Одэр), тут знаходзяцца цэнтр.пл. Рынак, кляштар і касцёл Дзевы Марыі (12—14 ст.), касцёлы Іаана Хрысціцеля (13—15 ст.), Марыі Магдалены (14 ст., раманскі паўд. партал 12 ст.), св. Войцеха (13—15 ст.), ратуша (2-я пал. 13 ст. — 1504), жылыя дамы 14—17 ст., езуіцкі калегіум (1726—32, цяпер ун-т) і б-ка фонду імя Асалінскіх (1676—1715) у стылі барока, «Зала стагоддзя» (ням.арх. М.Берг, 1911 – 13; цяпер «Народны дом») са смелай наватарскай канструкцыяй агромністага купала (яго жалезабетонныя рэбры апіраюцца на кальцо, якое падтрымліваюць 4 сегментныя аркі і рэбры). Адноўлены разбураныя ў 2-ю сусв. вайну арх. Помнікі, збудаваны комплекс Выстаўкі ўз’яднаных зямель (з 1948), «Школа тысячагоддзя» (1960) і інш., жылыя дамы ў раёне Гаявіцы, на пл. Грунвальда і інш. Музеі: Сілезскі і архітэктуры.
В.У.Адзярыха (гісторыя).
Вроцлаў. Панарама горада.Вроцлаў. Будынкі на плошчы Рынак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНАЦЫ́Д (ад ген + ...цыд),
знішчэнне асобных груп насельніцтва па расавых, нац., этнічных, паліт. або рэліг. матывах, а таксама наўмыснае стварэнне жыццёвых умоў, разлічаных на поўнае ці частковае знішчэнне гэтых груп, меры па папярэджанні дзетанараджэння ў іх асяроддзі; адно з найцяжэйшых злачынстваў супраць чалавецтва. Арганічна звязана з фашызмам, расізмам і аналагічнымі рэакцыйнымі тэорыямі, якія прапагандуюць расавую і нац. выключнасць, нянавісць і нецярпімасць, панаванне т.зв. «вышэйшых» рас над «ніжэйшымі» і г.д. Паняцце генацыду — пагалоўнае вынішчэнне цэлых народаў — як катэгорыя міжнар.права ўвайшло ва ўжытак пасля 2-й сусв. вайны. У масавых маштабах гітлераўцы ўчынялі генацыд у час 2-й сусв. вайны ў акупіраваных краінах Еўропы, асабліва супраць слав. (рускіх, украінцаў, беларусаў, чэхаў, палякаў) і яўр. Насельніцтва. Мільёны людзей розных нацыянальнасцей знішчаны гітлераўцамі ў канцэнтрацыйных лагерах, лагерах смерці, турмах, у час карных аперацый і інш. Паводле генеральнага плана «Ост» фашысты прадугледжвалі знішчэнне на тэр.СССР і Польшчы 120—140 млн.чал. За гады акупацыі на тэр.СССР фашысты загубілі ў лагерах смерці 11 млн.чал. На акупіраванай тэр. Беларусі было створана больш за 260 лагераў смерці, за 3 гады акупацыі загублена больш за 2 млн. 200 тыс.сав. грамадзян. Выкрыццё на Нюрнбергскім працэсе 1945—46 жудасных злачынстваў гітлераўцаў паслужыла штуршком да прыняцця міжнар.-прававых актаў, накіраваных на барацьбу з генацыдам. Ген. Асамблея ААН 11.12.1946 прыняла рэзалюцыю супраць генацыду, 9.12.1948 ухваліла канвенцыю «Аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго», якая ўстанаўлівае міжнар. крымінальную адказнасць асоб, вінаватых ва ўчыненні генацыду. На XX сесіі Ген. Асамблеі ААН 21.12.1965 прынята міжнар. канвенцыя аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі, якая абавязвае дзяржавы папярэджваць, забараняць, выкараняць усе формы і віды расавай дыскрымінацыі, у т. л. генацыд. Генацыд супраць кампучыйскага народа быў учынены ў перыяд праўлення Пол Пота і Йенг Сары (1976—79; знішчана 3 млн.чал.). Гл. таксама Апартэід.
Літ.:
Нацистская политика геноцида и «выжженой земли» в Белоруссии, 1941—1944. Мн., 1984;
Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй: Пер. з пол. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́Ц,
горад, цэнтр Камянецкага р-на Брэсцкай вобл., на р. Лясная. За 39 км ад Брэста, 28 км ад чыг. ст. Жабінка на лініі Баранавічы—Брэст, на аўтадарозе Брэст—Камянюкі. 9,3 тыс.ж. (1998).
Паводле археал. даследаванняў, у 10—11 ст. існавала невял. паселішча, на месцы якога па загадзе валынскага кн. Уладзіміра Васількавіча ў 1276 дойлід Алекса разам з мясц. жыхарамі заснаваў умацаванае пасяленне. Асновай яго абароны акрамя рова і вала з умацаваннямі была 30-метровая мураваная вежа (Камянецкая вежа).У 1289 К. разбурыў драгічынскі кн. Юрый Львовіч. З 1366 К. у ВКЛ, належаў кн. Кейстуту, з 1388 — кн. Янушу Мазавецкаму, у 1384 і з 1392 — кн. Вітаўту. На К. тройчы нападалі крыжакі і ў 1378 спалілі яго. З 1413 К. — цэнтр Камянецкага павета Трокскага, з 1520 — Падляшскага, з 1566 — Брэсцкага ваяводстваў. З 1503 К. меў магдэбургскае права, герб (на блакітным полі выява сярэбранай вежы). Разбураны ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 17—18 ст. тут пабудаваны Камянецкія замкава-палацавыя комплексы, дзейнічала тэкст. мануфактура Радзівілаў. З 1795 у Рас. імперыі, у Брэсцкім пав. Гродзенскай губ., у 1795—1940 наз. Камянец-Літоўскі. У сярэдзіне 19 ст. ў К. каля 2900 ж., 597 двароў, 3 кірмашы ў год. У 1897—4,6 тыс.ж., 1186 дамоў, лячэбніца, царк.-прыходская школа, у 1914 працавала 7 дробных прадпрыемстваў. У 1921—39 у складзе Польшчы, мястэчка Брэсцкага пав. Палескага ваяв., у 1921—2348 ж., 3 лесапільні, вінакурня, цэх па апрацоўцы аўчын, 2 маслабойні. З 1939 у БСФ, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Камянецкага раёна. У Вял.Айч. вайну з 23.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў раёне і горадзе 5,4 тыс.чал. Дзейнічала Камянецкм раённая антыфашысцкая арганізацыя. Вызвалены 22.7.1944 часцямі 28-й арміі 1-га Бел. фронту ў ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944. У 1971 у К. 5,1 тыс.ж. З 24.6.1983 К. горад.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. Філіял Брэсцкага абл. краязнаўчага музея. Помнікі архітэктуры: Камянецкая вежа (канец 13 ст.), Камянецкая Сімяонаўская царква (1912—14). Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНВЕРГЕ́НЦЫІ ТЭО́РЫЯ,
1) тэорыі аб паступовым збліжэнні розных сац.-паліт. сістэм на аснове паглыблення ўзаемасувязі, узаемадзеяння і ўзаемаўплыву паміж імі. Бярэ пачатак у канцэпцыі «стадый эканамічнага росту» амер. сацыёлага У.Ростаў, паводле якой капіталізм і сацыялізм — гэта толькі розныя варыянты «адзінага індустрыяльнага грамадства», а яго структура не залежыць ад характару форм уласнасці і грамадскіх адносін. Розныя аспекты К.т. распрацоўвалі Дж.Голбрэйт, П.Сарокін (ЗША), Р.Арон, Ж.Фурасцье, Ф.Перу (Францыя), Я.Тынберген (Нідэрланды), Х.Шэльскі, О.Флехтхейм (ФРГ), А.Дз.Сахараў (СССР) і інш. Яны зыходзілі з таго, што аб’ектыўныя працэсы развіцця НТР і інтэрнацыяналізацыіэканам., паліт. і культ. дзейнасці, неабходнасць сумеснага вырашэння глабальных праблем чалавецтва непазбежна прывядуць да ўзнікнення новага змешанага грамадства, якое будзе спалучаць рысы і ўласцівасці капіталізму і сацыялізму. Паводле К.т., сустрэчнае збліжэнне гэтых дзвюх сусв. сістэм, прызнанне прыярытэту агульначалавечых каштоўнасцей і інтарэсаў з’яўляюцца адзіным шляхам спынення тэрмаядзернай і экалагічнай гібелі чалавецтва, пераадолення голаду, галечы і беднасці ў розных рэгіёнах Зямлі. У 1970-я г. ў рамках К.т. распрацавана канцэпцыя «асіміляцыі» капіталізмам сацыяліст. ладу шляхам яго лібералізацыі, плюралізму і г.д. (З.Бжэзінскі, Р.Хантынгтан, К.Менерт, Э.Гелнер). Атрымала пашырэнне таксама канцэпцыя т.зв. «негатыўнай канвергенцыі», у адпаведнасці з якой процілеглыя сац.-паліт. сістэмы засвойваюць адна ў адной больш адмоўнага, чым станоўчага, што вядзе да крызісу сучаснай цывілізацыі як цэлага (Р.Хейлбранер, Г.Маркузе, Ю.Хабермас і інш.). Ідэя канвергенцыі застаецца актуальнай і ў канцы 20 ст.. калі размежаванне паміж краінамі капіталізму і постсацыялізму праходзіць не па лініі паліт. ўладкавання, а па лініі ўзроўню развіцця. Асн. элементамі сучаснай канвергенцыі прынята лічыць станаўленне рыначнай эканомікі, прававой дзяржавы, развіццё грамадзянскай супольнасці, міждзяржаўнай інтэграцыі і супрацоўніцтва, прызнанне суверэннага права народаў самім вызначаць свой лёс.
2) Тэорыя псіхал. развіцця дзіцяці, распрацаваная ў пач. 20 ст.ням. псіхолагам В.Штэрнам. Засноўвалася на тым, што псіхал. развіццё дзіцяці вызначаецца канвергенцыяй унутраных (фактар спадчыннасці) і знешніх (навакольнае асяроддзе) умоў пры дамінуючай ролі фактару спадчыннасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКІ РАЁН.
На У Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924, у 1962—65 быў скасаваны, у сучасных межах з 1966. Пл. 0,8 тыс.км². Нас. 10,1 тыс.чал. (1998). Сярэдняя шчыльн. 13 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Крычаў. 110 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 5 сельсаветаў: Бацвінаўскі, Касцюшкавіцкі, Лабковіцкі, Маляціцкі, Чырванабудскі. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭСтэр. раёна ўваходзіць у зону радыяцыйнага кантролю.
Раён размешчаны ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паверхня раўнінная, мае агульны нахіл з З на У да даліны р. Сож. Характэрны платопадобныя ўчасткі з ярыста-суфазійнымі формамі. Пераважаюць выш. 160—180 м, найвыш. пункт 193 м (за 1 км на Пд ад в. Баяры). Карысныя выкапні: цэментныя мел і гліна, пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, фасфарыты. Сярэдняя т-растудз. -7,8 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 595 мм за год. Вегетац. перыяд 185 сут. Найб.р. Сож з прытокамі Асцёр, Чорная Натапа, Волчас, Мяртвіца, Бялянка, Добрасць, Худобычка, Лабжанка. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (50,9%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (31,7%), поймавыя (алювіяльныя, 10%). Пад лесам 25,7% тэр. Лясы драбнаконтурныя, у асн. хваёвыя, бярозавыя, яловыя, асінавыя; 3,8% — штучныя насаджэнні, пераважна хваёвыя. Балоты займаюць 3,2% тэр. Мікразаказнік у г. Крычаў. Помнікі прыроды мясц. значэння: дуб у г. Крычаў, дуброва каля в. Дарагая, бярозавы гай каля в. Маляцічы, гай каля в. Бацвінаўка.
На 1.1.1998 агульная пл.с.-г. угоддзяў 47,3 тыс.га, з іх асушаных 6,6 тыс.га. У раёне 10 калгасаў, калектыўна-долевая гаспадарка, саўгас, 9 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіны сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля, корма- і збожжавытв-сць, ільнаводства. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, металаапр., харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Орша—Унеча і Магілёў—Рослаўль, аўтадарогі Бабруйск—Крычаў—Рослаўль, Крычаў—Мсціслаў. У раёне 13 сярэдніх, 2 базавыя, 3 пач., 2 муз., маст. і спарт. школы, прафес.-тэхн. вучылішча, недзярж. тэхнікум эканомікі і права, 16 дашкольных устаноў, 19 клубаў, 23 б-кі, 4 бальніцы, 4 паліклінікі, 3 амбулаторыі, 15 фельч.-ак. пунктаў, санаторый «Колас». Выдаецца газ. «Ленінскі кліч».