АДЗІНА́ЦЦАТЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎрабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.
Адбыўся 14—22.1.1935 у Мінску; 787 дэлегатаў з рашаючым і 180 з дарадчым голасам. Парадак дня: справаздача ўрада БССР; даклады аб стане і развіцці жывёлагадоўлі, стане і задачах аховы здароўя ў БССР.
Праходзіў ва ўмовах узмацнення культу асобы Сталіна і актыўнага складвання камандна-адм. сістэмы, што вяло да пэўнага адрыву рашэнняў з’езда ад жыцця, перабольшвання дасягнутых поспехаў, недаацэнкі цяжкасцяў і недахопаў. Паставіў нерэальную задачу перавыканаць план 2-й пяцігодкі. Сярод дасягненняў адзначаны адмена картачнай сістэмы на прадукты харчавання, канчатковая перамога калгаснага ладу ў рэспубліцы. З’езд звярнуў увагу на дрэнную работу большасці жывёлагадоўчых саўгасаў і калгасных фермаў, ухваліў дзярж. план развіцця жывёлагадоўлі. Зроблены змены і дапаўненні да Канстытуцыі БССР, абвешчана абавязковая сіла пастаноў і заканадаўчых актаў СССР на тэр. Беларусі.
Выбраў ЦВКБССР (215 чл.), 72 дэлегаты на 7-ы з’езд Саветаў СССР і 5 прадстаўнікоў ад БССР у Савет нацыянальнасцяў ЦВКСССР. Старшынёй ЦВКБССР абраны А.Р.Чарвякоў, старшынёй СНКБССР — М.М.Галадзед.
яўрэйская нац. партыя сацыяліст. арыентацыі ў Расіі ў 1917—20. Утворана на аб’яднаным з’ездзе Сацыялістычнай яўрэйскай рабочай партыі і Сіянісцка-сацыялістычнай партыі (ліп. 1917). Зыходная ідэя партыі — стварэнне самастойнага яўр. грамадства ў дыяспары на аснове нац.-паліт. аўтаноміі. Прадугледжвала скліканне экстэрытарыяльных парламентаў (соймаў), якія павінны вырашаць усе пытанні яўр.жыцця ў дыяспары. Канчатковая праграмная мэта — стварэнне ў Палесціне «нацыянальнага ачага» як «асобнага яўрэйскага сацыялістычнага грамадства». Абапіралася на дэмакр. інтэлігенцыю, рамеснікаў і некат. рабочых. Аб’ядноўвала каля 5 тыс.чал. (1917). Кіраўнікі Ш.Ківін, Н.Уфрыхціч, М.Гутман і інш. На Беларусі вяла барацьбу з Бундам за паліт. ўплыў, але паступова эвалюцыяніравала ў яго бок. У 1917—18 супрацоўнічала з Беларускай радай, Беларускай сацыялістычнай грамадой. Удзельнічала ў стварэнні Народнага сакратарыята Беларусі. Падтрымала абвяшчэнне БНР. Ва ўмовах змагання супраць польскіх інтэрвентаў зблізілася з бальшавікамі, і яе члены ўвайшлі ў склад СНКЛіт.-Бел. ССР (май 1919). ЦК партыі падтрымаў рэзалюцыю XII канфер. Бунда (Масква, крас. 1920) аб тым, што патрабаванне нац.-культ. аўтаноміі траціць сэнс пры сац. рэвалюцыі. Злілася з Бундам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НДЭРСЕН ((Anderstn) Ханс Крысціян) (2.4.1805, г. Одэнсе, Данія — 4.8.1875),
дацкі пісьменнік. Аўтар кніг «Казкі для дзяцей» (т. 1—3, 1835—37), «Новыя казкі» (1843—48), «Гісторыі» (1852—53); раманаў «Імправізатар» (1835), «Толькі скрыпач» (1837), «Дзве баранесы» (т. 1—3, 1849); зб. навел «Кніга карцін без карцін» (1840); п’ес «Мулат», «Маўрытанка» (абедзве 1840), аўтабіяграфіі «Казка майго жыцця» (1846), падарожных нарысаў. Сусв. вядомасць Андэрсену прынеслі казкі «Дзюймовачка», «Крэсіва», «Снежная каралева», «Прынцэса на гарошыне», «Новае ўбранне караля», «Брыдкае качаня», «Стойкі алавяны салдацік». Творчасці Андэрсена ўласцівыя рамантызм і народнасць, іронія і гумар, гуманізм і філас. мудрасць. На бел. мову казкі Анднрсена перакладалі Я.Маўр, А.Якімовіч і інш. Казка «Салавей» паст.Дзярж. т-рам лялек Беларусі (1980). 1975 быў аб’яўлены годам Андэрсена.
Тв.:
Бел.пер. — Брыдкае качаня. Мн., 1938;
Выбраныя казкі. Мн., 1946;
Стойкі алавяны салдацік. Мн., 1947;
Казкі. Мн., 1955;
Дзікія лебедзі. Мн., 1971;
Рус.пер. — Сказки и истории. М., 1980.
Літ.:
Грёнбек Бо. Ханс Кристиан Андерсен: Жизнь. Творчество. Личность: Пер. с дат. М., 1979;
Переслегина Э.В. Ханс Кристиан Андерсен: Биобиблиогр. указ. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫЛО́ПЫ,
групы жывёл атр. парнакапытных сям. пустарогіх за выключэннем быкоў, буйвалаў, казлоў і бараноў. Пашыраны ў Афрыцы, Еўразіі, Паўн. Амерыцы. 30 родаў, каля 80 відаў. Да роду антылоп (Antilope) належыць толькі індыйская антылопа гарна. У стэпах і саваннах Афрыкі жывуць буйныя каровіны антылопы — гну і бубалы, горная антылопа (Hippotragus niger). Паўпустыні і пустыні Афрыкі насяляюць конскія антылопы (Hippotragus), орыксы, адакс (Addax nasomaculatus). У пустынях, стэпах і лесастэпах Афрыкі і Азіі жывуць газелі, да якіх належаць джэйран і дзерэн. Спосаб жыцця стадны. Многія занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Выш. ў карку ад 25 см (карлікавыя антылопы — Neotraginae) да 180 см (антылопа Кана — Taurotragus oryx), маса ад 8 кг да 1000 кг. Рогі прамыя і кароткія (ад 1,5 см) або доўгія (да 150 см) і выгнутыя ў выглядзе дугі або штопара. Афарбоўка ад светлай жоўта-пясчанай да шэра-блакітнай або амаль чорнай. Нараджаюць 1—3 цялят. Кормяцца травяністай расліннасцю, радзей лісцем дрэў. Аб’екты палявання; выкарыстоўваюцца мяса, скура, рогі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАСЫ́,
рагавыя ніткападобныя ўтварэнні скуры чалавека і млекакормячых. Сукупнасць валасоў утварае валасяное покрыва скуры, якое ахоўвае яе паверхню ад пашкоджанняў і ахаладжэння. Валасы бываюць накіроўныя, пуховыя і прыкметныя (вібрысы). Волас складаецца са стрыжня (выступае над скурай) і кораня, размешчанага ў скуры і акружанага валасяным фалікулам. На канцы фалікула — цыбулінка, у якую ўрастае злучальны валасяны сасочак з крывяноснымі сасудамі. Валасы маюць пігменты, ад якіх залежыць іх афарбоўка. У некаторых жывёл валасы сталі шчаціннем (свінні), калючкамі (вожыкі), у жывёл з патоўшчаным эпідэрмісам (сланы, насарогі) ці моцна развітым тлушчавым слоем (кіты) — рэдукаваныя. У чалавека да 8 месяцаў ва ўлонні маці цела ўкрыта першаснымі (плоднымі) валасамі. Скорасць іх росту ў нованароджаных 0,2 мм за суткі, пазней да 0,3—5 мм за суткі. У дарослых у залежнасці ад участка цела колькасць валасоў на 1 см² ад 40 да 880. На іх рост уплываюць агульны стан арганізма, фіз. фактары, гармоны. На працягу жыцця арганізма валасы абнаўляюцца (у чалавека без пэўнага рытму, у жывёл перыядычна — лінька). Пры інфекцыях і розных парушэннях у арганізме ўзнікаюць валасоў хваробы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЁН, Вільён (Villon) Франсуа (сапр.дэ Манкарб’е або дэ Лож; de Montcorbier, des Loges; каля 1431, Парыж — пасля 5.1.1463), французскі паэт. Скончыў Сарбону (1452). Не парываючы са студэнцкай багемай, Віён стаў заўсёднікам парыжскіх тавернаў і прытонаў, сябраваў з крымінальнікамі, валацужнічаў па Францыі. Усё гэта адбілася ў паэзіі Віёна, яскравай і своеасаблівай, дзе побач з матывамі пераходнасці, недаўгавечнасці ўсяго існага, захаплення ўцехамі жыцця і каханнем выступаюць і сац. матывы. Абвінавачваўся ў злачынствах, неаднаразова трапляў у турму, у 1463 прыгавораны да смяротнай кары, замененай на дзесяцігадовае выгнанне. Далейшы лёс Віёна невядомы. Аўтар «Малога запавету» (1456) і «Вялікага запавету» (1461), «Балады пра павешаных» (1463). Асобныя яго вершы на бел. мову перакладалі З.Колас, А.Зарыцкі.
Тв.:
Бел.пер. — Балада ісцін навыварат;
Чатырохрадкоўе // Наша слова. 1992. № 29;
Рус.пер. — Стихи. М., 1963;
Лирика. М., 1981.
Літ.:
Сент-Бёв Ш. Франсуа Вийон // Сент-Бёв Ш. Литературные портреты: Критич. очерки: Пер. с фр.М., 1970;
Косиков Г.К. Франсуа Вийон // Villon F. Oeuvres. М., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТАЛІ́ЗМ (ад лац. vitalis жыццёвы),
кірунак у біялогіі, які сцвярджае наяўнасць у арганізмах асобнай нематэрыяльнай жыццёвай сілы, якая адсутнічае ў нежывых целах. Прыхільнікі віталізму адмаўляюць трактоўку жыцця як сукупнасці фіз., хім. і мех. з’яў і разглядаюць яго як якасна своеасаблівую, аўтаномную з’яву, невытлумачальную без прыцягнення нематэрыяльных фактараў.
Карані віталізму ў першабытным анімізме (адушаўленні ўсіх цел прыроды). Элементы яго прысутнічаюць ва ўяўленнях ант. філосафаў (Платона, Арыстоцеля). Як цэласнае вучэнне сфарміраваўся ў 17—18 ст. у форме канцэпцыі «душы», што кіруе жыццём арганізмаў (галанд. вучоны Я.Б. ван Гельмант, ням. ўрач Г.Э.Шталь). Новая хваля віталізму — неавіталізм, што ўзнікла ў 2-й пал. 19 ст. (ням. біёлаг Г.Дрыш і інш.), адмаўляла тэорыю Ч.Дарвіна і проціпастаўляла ёй сцверджанне аб непазнавальнай жыццёвай сутнасці («энтэлехіі»), якая кіруе жыццёвымі працэсамі і забяспечвае іх развіццё. У 20 ст. ідэі віталізму ўвасобіліся ў шэрагу антыдарвінісцкіх канцэпцый эвалюцыі (псіхаламаркізм Э.Копа, «творчая эвалюцыя» К.Бергсона і інш.).
Літ.:
Кремянский В.И. Структурные уровни живой материи. М., 1969;
англійская пісьменніца; адна з найб. значных тэарэтыкаў і практыкаў мадэрнізму. Заснавальніца «псіхалагічнай школы». У раманах «Падарожжа» (1915), «Ноч і дзень» (1919), «Пакой Джэйкаба» (1922), «Місіс Дэлаўэй» (1925), «Да маяка» (1927), «Арланда» (1928), «Хвалі» (1931), «Гады́» (1937), «Паміж актамі» (1941) і інш., зб-ках апавяданняў «Сады К’ю», «Знак на сцяне» (абодва 1919), «Панядзелак ці аўторак» (1921), аповесцях — універсалізм светабачання, хісткасць часавых межаў, адсутнасць традыц. сюжэтаў і характараў, асацыятыўнасць, складаная сімволіка, усведамленне жыцця праз плынь суб’ектыўных успрыманняў і імгненных уражанняў, арыентацыя на псіхааналіз З.Фрэйда, інтуітывізм А.Бергсона, творчасць М.Пруса і Дж.Джойса. Аўтар шэрагу эсэ (у т. л. «Сучасная мастацкая літаратура», 1919; «Містэр Бенет і місіс Браўн», 1924).
Тв.:
Рус.пер. — Избранное. М., 1989.
Літ.:
Жантиева Д.Г. Английский Роман XX в., 1918—1939. М., 1965;
Жлуктенко Н.Ю. Английский психологический роман XX в. Киев, 1988;
Ивашева В.В. Литература Великобритании XX в. М., 1984;
Михальская Н.П. Пути развития английского романа 1920—1930 годов: Утрата и поиски героя. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНКУ́Р (Goncourt) дэ, браты Эдмон (26.5.1822, г. Нансі, Францыя — 16.7.1896) і Жуль (17.12.1830, Парыж — 20.6.1870), французскія пісьменнікі-сааўтары, мастацтвазнаўцы. Стварылі раманы, у якіх рысы натуралізму спалучаны з імпрэсіяністычнай манерай пісьма, што перадае найтанчэйшыя станы чалавечай душы і суб’ектыўныя адчуванні: «Шарль Дэмайі» (1860), «Сястра Філамена» (1861), «Рэнэ Мапрэн» (1864), «Жэрміні Ласертэ» (1865), «Манет Саламон» (1867), «Мадам Жэрвезэ» (1869) і інш. Стваральнікі кніг па гісторыі і мастацтве 18 ст.: «Гісторыя французскага грамадства эпохі Рэвалюцыі» (1855), «Гісторыя Марыі Антуанеты» (1858), «Мастацтва XVIII ст» (1859), «Жанчына ў XVIII ст.» (1862) і інш. «Дзённік. Мемуары з літаратурнага жыцця» (т. 1—9, 1887—96, поўнае выд.т. 1—22, 1956—58) — фундаментальная хроніка развіцця л-ры і мастацтва Францыі ў 1851—96. Толькі Эдмон Ганкур напісаў раманы «Дзеўка Эліза» (1877), «Браты Земгано» (1879), «Актрыса Фастэн» (1882) і інш.; працы па японскім мастацтве «Утамара...» (1891), «Хакусай» (1896). Паводле яго завяшчання заснавана т.зв. Ганкураўская акадэмія. У 1903 устаноўлена Ганкураўская прэмія, фонд якой склаў капітал, завешчаны Эдмонам Ганкурам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎРЫ́ЛКІН (Леанід Іванавіч) (22.5.1935, в. Стэп Добрушскага р-на Гомельскай вобл. — 5.2.1989),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1957). Быў сакратаром Гомельскага аддз. СП БССР (1967—77) і праўлення СП БССР (1979—86), з 1986 працаваў у час. «Вожык». Аўтар зб-каў аповесцей і апавяданняў «Рукі не здрадзяць» (1963), «Прашу звольніць мяне» (1965), «Пакінутая на досвітку» (1970), «Вясенні разліў» (1973), «Урок без перапынку» (1985), «Ружы для каварнай жанчыны» (выд. 1990), зб-каў гумарыстычных апавяданняў «Мадэльер з Баршчоўкі (1980), «Як Клава мужа шукала» (1985), «Жыццё Ігната Валуна» (1989) і інш. Раман «Не магу без цябе» (1973) аб працы і побыце бел. геолагаў, раман «Зямля дзяцей нашых» (1979) пра складаныя праблемы пераўтварэння Палесся, жыццё меліяратараў. Актуальным праблемам вясковага жыцця прысвечаны раман у апавяданнях «Матчына хата» (1983). Працаваў і ў галіне драматургіі: «Бо ў пісанні сказана» (1966), «Выпрабаванне» (паст. ў 1975), «Жыгулі ў экспартным варыянце» (як радыёп’еса, паст. ў 1978), «Хвост паўліна» (паст. на тэлебачанні, 1981). Аўтар сцэнарыя дакумент. фільма пра П.Броўку «Маўчаць я ніколі не буду» (1980).