СВЯ́ТЫ І СВЯТО́ЧНЫЯ ДНІ,

замацаваныя звычаямі і абрадамі дні, якія выражаюць пэўныя погляды, адносіны людзей да прыроды і паміж сабою. Многія склаліся ў старажытнасці. У працэсе гіст. развіцця зменьваліся, некат. адміралі, узнікалі новыя. На ранняй стадыі чалавечага грамадства, калі асн. заняткамі людзей было паляўніцтва, рыбалоўства і збіральніцтва, важнае значэнне надавалася святам, што наладжваліся ў гонар татэма, якому пакланяўся род і лічыў сваім апекуном. Татэмныя святы адбываліся ў спец. месцах, дзе захоўваліся родавыя святыні, суправаджаліся песнямі і танцамі, расказамі міфаў пра ўзнікненне роду. Святы ў гонар татэма ў некат. месцах захоўваліся і пасля таго, як род знік. Больш трывалымі і разнастайнымі былі земляробчыя святы. На Беларусі яны з’явіліся пераважна ў бронзавым і жалезным вяках, пастаянна развіваліся і сталі характэрнай рысаю культуры бел. этнасу, яго календара. Першым веснавым святам было гуканне вясны. Яго гал. элемент — спяванне веснавых песень, якімі заклікалі хутчэйшы прыход вясны, ваджэнне карагодаў, гушканне на арэлях. Абрадавай ежаю свята было печыва, якое нагадвала птушак. Гал. веснавым святам у земляробаў было валачобнае, якое пазней атрымала назву Вялікдзень. У старажытнасці яно было пачаткам новага каляндарнага года, таму ў час свята выказвалі добрыя пажаданні на ўвесь год. Ім адзначалі таксама пачатак веснавых земляробчых работ. Асн. яго элементы — абход валачобным гуртом усіх двароў (хат), спяванне валачобных песень, віншаванні. Лічылася, што валачобныя абрады спрыяюць ураджаю, дабрабыту сям’і, засцерагаюць ад хвароб. Продкаў паміналі на Радаўніцу. У канцы вясны — пачатку лета, праз сем тыдняў пасля Вялікадня, спраўлялі Сёмуху («зялёныя святкі»). Хаты ўпрыгожвалі галінкамі дрэў, двары высцілалі аерам. У гэты час у некат. рэгіёнах Беларусі спраўлялі абрад кумавання, або куставы (гл. Куст). Абавязковай абрадавай стравай у час кумавання была яечня. Гал. летнім святам беларусаў было Купалле. Яно звязана з летнім сонцастаяннем і накіравана пераважна на тое, каб садзейнічаць паспяванню ўраджаю. Для яго характэрны ўяўленні, што агонь (вогнішча — сімвал сонца), вада. расліннасць спрыяюць ураджаю, здароўю людзей. З купальскім святам звязаны шматлікія абрады, багатая купальская міфалогія бел. этнасу, у якой адлюстраваны яго паэтычны погляд на прыроду і мары пра шчаслівае жыццё. Купальская міфалогія ўвасоблена ў купальскіх песнях, карагодах, паданнях і займае важнае месца ў нац. культуры беларусаў. Цэнтральнае восеньскае свята — Багач. Яго спраўлялі пасля ўборкі збожжавых культур, напярэдадні сяўбы азімых. Сімвал свята — сявенька з жытам і васковай свечкай, якую называлі багачом. З гэтым сімвалам абыходзілі ўсе двары, пасля яго ставілі ў хаце пэўнага гаспадара і пакідалі да наступнага жніва. З культам продкаў звязаны восеньскія Дзяды. У сярэдневякоўі ў сувязі са зменамі ў календары і пераносам пачатку новага года з вясны на зіму сфарміравалася зімовае свята Каляды. Асн. яго абрад — калядаванне. Яго ўдзельнікі хадзілі па хатах, выконвалі віншавальныя калядныя песні з пажаданнем добрага ўраджаю, дабрабыту, атрымлівалі за гэта дарункі. Істотны элемент гэтага свята — абрадавая вячэра (куцця). У час свята наладжвалі шматлікія гульні, танцы, забавы («Жаніцьба Цярэшкі», «Яшчур» і інш.), варажбу. З пашырэннем хрысціянства на Беларусі ўсталяваліся і хрысц. святы. Іх спраўляюць паводле царк. календара (правасл. і каталіцкага). Многія земляробчыя каляндарныя святы прымеркаваны да хрысціянскіх (гл. Святы рэлігійныя). Перапляліся даты правядзення хрысц. і земляробчых каляндарных свят і іх абрады. Сінкрэтычны характар у побыце набыла і міфалогія. Са з’яўленнем у сярэдневякоўі на Беларусі яўрэяў і татараў у іх асяроддзі спраўляюць іудаісцкія і мусульманскія святы. Шмат новых свят з’явілася на Беларусі ў 20 ст. Сярод іх дзярж.: Дзень Канстытуцыі (15 сак.), Дзень Перамогі (9 мая), Дзень Дзярж. герба Рэспублікі Беларусь і Дзярж. сцяга Рэспублікі Беларусь (2-я нядзеля мая), Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі — 3 ліп.), Дзень Кастр. сацыяліст. рэвалюцыі — 7 ліст. Адзначаюць таксама Дзень абаронцаў Айчыны і Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь (23 лют.), Дзень жанчын (8 сак.), Свята працы (1 мая). З’явілася многа свят, прысвечаных работнікам асобных прафесій, галін прамысловасці і сфер дзейнасці: Дзень работнікаў сац. абароны (5 студз.), Дзень бел. навукі (апошняя нядзеля студз.), Дзень міліцыі (4 сак.), Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі (7 мая), Дзень хіміка (апошняя нядзеля мая), Дзень мед. работніка (3-я нядзеля чэрв.), Дзень будаўніка (2-я нядзеля жн.), Дзень настаўніка (1-я нядзеля кастр.), Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысл. комплексу (3-я нядзеля ліст.) і інш. Апрача гэтых свят, на Беларусі пачалі адзначаць Дзень сям’і (15 мая), Дзень моладзі (апошняя нядзеля чэрв.), Дзень бел. пісьменства (1-я нядзеля вер.), Дзень маці (14 кастр.), Дзень памяці (2 ліст.), Дзень правоў чалавека (10 снеж.) і інш. Нерабочымі святочнымі днямі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца: 1 студз. — Новы год; 7 студз. — Каляды правасл.; 8 сак. — Дзень жанчын; 1 мая — Свята працы; 9 мая — Дзень Перамогі; 3 ліп. — Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі); 7 ліст. — Дзень Кастр. сацыяліст. рэвалюцыі; 25 снеж. — Каляды каталіцкія.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 14, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРЛА́НДЫЯ (ірл. Éire, англ. Ireland),

Ірландская Рэспубліка (ірл. Saorstát Éireann, англ. Irish Republic), дзяржава ў Зах. Еўропе, на в-ве Ірландыя. Мяжуе на Пн з Паўн. Ірландыяй, якая ўваходзіць у склад Вялікабрытаніі. Пл. 70,3 тыс. км². Нас. 3555,5 тыс. чал. (1997). Дзярж. мовы — ірландская і англійская. Сталіца — г. Дублін. Падзяляецца на 4 правінцыі, якія ўключаюць 26 графстваў і 5 буйных гарадоў-графстваў. Нац. свята — Дзень св. Патрыка (17 сак.). Характарыстыку прыроды гл. ў арт. в-аў Ірландыя.

Дзяржаўны лад. І. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1937 (з пазнейшымі змяненнямі). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт з шырокімі паўнамоцтвамі, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 7 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — двухпалатны парламент у складзе палаты прадстаўнікоў (166 дэпутатаў, якія выбіраюцца насельніцтвам не больш як на 5 гадоў) і сената (6Ō членаў, частка іх назначаецца прэзідэнтам, астатнія выбіраюцца насельніцтвам). Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае прэзідэнт.

Насельніцтва. Каля 99% насельніцтва — ірландцы. Да нац. меншасцей адносяцца англічане і шатландцы. Большасць вернікаў католікі (93%), ёсць пратэстанты (англікане, 3%). Сярэдняя шчыльн. 50,6 чал. на 1 км. Найб. густа населена ўсх.ч. краіны. Гар. насельніцтва 58%. Найб. гарады (тыс. ж., 1991): Дублін (з прыгарадамі) — 915,5, Корк — 174,4, Лімерык — 75,4, Дан-Лэры — 55,5, Голуэй — 50,9, Уотэрфард — 41,9. Працаздольнае насельніцтва занята ў прам-сці (29,5%), сельскай гаспадарцы (13,5%), сферы паслуг (57%). Эміграцыя 30—40 тыс. чал. за год.

Гісторыя. Паводле археал. звестак, чалавек на тэр І. з’явіўся прыкладна за 6 тыс. гадоў да н.э. У 4 ст. да н.э. І. пачалі засяляць кельты, што асімілявалі мясц. насельніцтва. Яны падзяляліся на роды (кланы) і плямёны, якія ўтварылі 5 плем. федэрацый, аб’яднаных у 3—4 ст. пад уладай ард-рыяга (вярх. караля). Развівалася кельцкая культура (вераванні, л-ра, заканадаўства). У 5 ст. прынята хрысціянства. Шматлікія кляштары сталі асяродкамі мастацтва, л-ры (на стараж.-ірл. і лац. мовах) і навукі. У 6—9 ст. ірл. вучоныя і місіянеры аказвалі ўплыў на краіны Зах. Еўропы, у т. л. на хрысціянізацыю Шатландыі, культ. развіццё дзяржавы Каралінгаў. У 795 пачаліся набегі на І. нарманаў, якія да 10 ст. заснавалі гарады Дублін, Уотэрфард, Лімерык. Працяглая барацьба з нарманамі скончылася перамогай ірл. дружын у бітве пры Клонтарфе (1014). У 1169 пачалося заваяванне І. англа-нармандскімі рыцарамі, якія стварылі на паўд.-ўсх. яе ўзбярэжжы англ. калонію. Тут былі ўведзены манарыяльная сістэма (гл. Манар), англ. законы, падзел на графствы, парламент (з 1297), які ў 1495 падпарадкаваны англ. парламенту і каралю. У канцы 15 ст. пры Цюдарах пачалася сістэматычная каланізацыя англічанамі ўсёй тэр. І. У 1536—37 англ. кароль Генрых VIII прымусіў ірл. парламент прызнаць яго кіраўніком царквы ў І., а ў 1541 прыняў тытул караля І. З гэтага часу нац,вызв. барацьба ірландцаў набыла і рэліг. характар. Англ. прыгнёт стаў прычынай шэрагу паўстанняў ірландцаў (1559—67, 1569—83, 1594—1603, Ірландскае паўстанне 1641—52, 1688—91), пасля задушэння якіх англ. ўлады праводзілі масавыя канфіскацыі зямлі (да канца 17 ст. іх канфіскавана амаль ​6/7). Карэннае насельніцтва І. зганялася з зямлі, на якой сяліліся шатл. і англ. пратэстанты. Каталіцкае насельніцтва І. было пазбаўлена паліт. і грамадз. правоў, што вяло да дэмаграфічнага і эканам. заняпаду краіны. Паліт. і эканам. ўмовы сталі прычынай шырокай эміграцыі, якая пачалася ў 17 ст. і набыла масавы характар у выніку т. зв. вял. голаду 1845—49. Смерць ад голаду і эміграцыя (пераважна ў ЗША і Вялікабрытанію) прывялі да значнага зніжэння колькасці насельніцтва (у 1841—8,2 млн., у 1851—6,5, у 1911—4;4 млн. чал.).

Нац.-вызв. рух, які ўзмацніўся пад уплывам вайны за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83 і франц. рэвалюцыі канца 18 ст., прымусіў брыт. ўрад паслабіць калан. рэжым, увесці ў 1782—83 парламенцкую аўтаномію. Арг-цыя «Аб’яднаныя ірландцы» выпрацавала праграму барацьбы за незалежную рэспубліку, аднак нац.-вызв. паўстанне 1798 было задушана. У 1801 парламенцкая аўтаномія І. ліквідавана, парламент скасаваны, ірл. прадстаўнікі атрымалі некалькі месцаў у брыт. парламенце (гл. Англа-ірландская унія 1801). У 19 ст. І. цалкам ператворана ў агр. прыдатак метраполіі. У 1840-я г. пачаўся агр. пераварот, дробная сял. рэнта замянялася арэндай буйных зямельных участкаў пашы. Шырыўся рух за разрыў уніі 1801. У 1842 створана група «Маладая Ірландыя», асн. патрабаваннем якой стала незалежнасць І. Радыкальныя ўдзельнікі нац.-вызв руху заснавалі ў 1847 Ірландскую канфедэрацыю, яе лідэры заклікалі да ўзбр. паўстання супраць англ. панавання; Ірл. паўстанне 1848 задушана. Пасля паражэння паўстання 1867 супраць згону сялян з зямлі цэнтр. месца ў паліт. жыцці краіны заняла барацьба за гомруль (самакіраванне ў межах Брыт. імперыі). У 1879 створана Зямельная ліга. Прадстаўнікі ірл. нац. інтэлігенцыі пачалі барацьбу за адраджэнне ірл. (гэльскай) мовы (да 19 ст. амаль цалкам выцесненай англ.) і нац. культуры (гл. Гэльская ліга).

У 1914 брыт. парламент ухваліў закон аб аўтаноміі І., аднак адтэрмінаваў яго ажыццяўленне да заканчэння 1-й сусв. вайны. Гэта палітыка брыт. улад стала прычынай Ірландскага паўстання 1916, якое было жорстка задушана. У хуткім часе незалежніцкі рух узначаліла партыя Шын фейн, у канцы 1918 яе прадстаўнікі атрымалі на выбарах у брыт. парламент 73 месцы. Дэпутаты-шынфейнеры абвясцілі сябе першым ірл. урадам, а ў студз. 1919 — незалежнасць І. (прэзідэнт І.Дэ Валера). Явачна ствараліся нац. органы ўлады, узбр. сілы. Сфарміраваная Ірландская рэспубліканская армія вяла ваен. дзеянні супраць англ. войск і паліцыі, якія скончыліся падпісаннем мірнага англа-ірландскага дагавора 1921. Паводле яго краіна была падзелена на 2 часткі. Паўн. І. (Ольстэр) засталася пад.уладай Вялікабрытаніі, Паўд. І. атрымала правы дамініёна (Ірл. свабодная дзяржава); на яе тэр. захаваліся англ. ваен. базы. Спрэчкі паміж ірл. патрыётамі па адносінах да дагавора 1921 выклікалі грамадз. вайну 1922—23, што скончылася паражэннем прыхільнікаў барацьбы за поўную суверэннасць і адзінства І. У 1932 яны атрымалі перамогу на парламенцкіх выбарах (партыя Фіяна файл) і сфарміравалі ўрад на чале з Дэ Валера (да 1948). У 1937 прынята новая канстытуцыя. Яна адмяніла статус дамініёна, абвясціла суверэнную дзяржаву Эйрэ (ірл. назва І.), якая захоўвала толькі фармальныя сувязі з Вялікабрытаніяй. У 1949 І. абвешчана рэспублікай і фармальна выйшла з брыт. Садружнасці. Адносіны да Паўн. І., якую І. лічыць сваёй гіст. часткай, з 1922 З’яўляюцца адной з гал. паліт. праблем, асабліва пасля абвастрэння ў 1968—69 паўн.-ірл. канфлікту. Ірл. ўрад лічыць таксама, што змена статусу Паўн. І. можа адбыцца толькі са згоды большасці яе жыхароў. І. імкнецца аказваць уплыў на брыт. кіраванне ў Паўн. І. і разам з памяркоўнымі паўн.-ірл. групоўкамі распрацоўвае мадэль уз’яднання, прымальную для Вялікабрытаніі і паўн.-ірл. пратэстантаў. У 1985 падпісана англа-ірл. пагадненне аб стварэнні міжурадавага кансультатыўнага органа па ўнутр. праблемах Паўн. І. Урад І. ўдзельнічаў у перагаворах, у выніку якіх у 1994 спынена ўзбр. барацьба ў Паўн. І. На міжнар. арэне І. падтрымлівае цесныя паліт. кантакты з краінамі Зах. Еўропы і Паўн. Амерыкі, захоўвае ваен. нейтралітэт (абвешчаны ў час 2-й сусв. вайны). З 1997 прэзідэнт краіны — М.​Макаліз, прэм’ер-міністр — Б.​Ахерн. І. — чл. ААН (з 1955), Еўрап. саюза (з 1973). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Лейбарысцкая партыя, Фіяна файл, Фіне гал, Партыя прагрэс. дэмакратаў, Дэмакр. левая партыя. Прафс. аб’яднанне — Ірл. кангрэс трэд-юніёнаў.

Гаспадарка І. — індустр.-агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на аднаго жыхара 15,4 тыс. дол. ЗША (1995). Доля ў ВУП (у %): прам-сці — 36, сельскай гаспадаркі — 8, сферы паслуг — 56. Вядзецца здабыча торфу — каля 8 млн. т за год (адно з першых месцаў у свеце). У І. буйнейшае ў Зах. Еўропе радовішча поліметал. руд Тынаг у цэнтр. ч. краіны. Здабываюць цынк (193,7 тыс. т, 8-е месца ў свеце, 1993), свінец, медзь, серабро, ртуць, жал. руду, каменны вугаль, прыродны газ, пірыты. Аснову энергабалансу складаюць торф, імпартная нафта, каменны вугаль, гідраэлектраэнергія. Вытв-сць электраэнергіі (1995) 16,6 млрд. кВт гадз, пераважна на ЦЭС. ГЭС на р. Шанан. Важнае месца ў прам-сці займаюць машынабудаванне і металаапрацоўка: зборка аўтамабіляў (з-д «Форд» у Корку) і трактароў (Дублін), суднабуд. і суднарамонт (Дублін, Корк, Лімерык, Дан-Лэры), электроніка і радыёэлектроніка (Дублін, Корк, Лімерык, Уотэрфард). Чорная металургія прадстаўлена з-дам у Корку. Хім. і нафтахім. (мінер. ўгнаенні, пластмасы, гумавыя вырабы), фармацэўтычная прам-сць у Корку, Дан-Лэры. На мясц. сыравіне развіта харч. (мясная, малочная, мясакансервавая, піваварная, спірта-гарэлачная) прам-сць. Ёсць прадпрыемствы папяровай і шкляной прам-сці ў Уотэрфардзе. У сельскай гаспадарцы пераважаюць дробныя і сярэднія фермерскія гаспадаркі памерам да 25 га. Пад ворывам 14% тэр. краіны, пад пашай і сенажацямі каля 70%. Гал. галіна — жывёлагадоўля, якая дае 90% валавой с.-г. вытв-сці (70% ідзе на экспарт). Па колькасці буйн. раг. жывёлы на душу насельніцтва і па яе вывазе ў жывым выглядзе І. займае 1-е месца ў Еўропе. Асн. раёны — Пд, ПдЗ і З краіны. Пагалоўе (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 6,4, авечак — 5,8, свіней — 1,5. Птушкагадоўля. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, авёс, сеяныя травы, бульбу, турнэпс, цукр. буракі, лён. Агародніцтва і садоўніцтва. Марское рыбалоўства. Улоў рыбы — 412,7 тыс. т (1995). Штогод краіну наведвае каля 3—3,5 млн. турыстаў. Замежны турызм дае каля 2 млрд. дол. ЗША прыбытку. Даўж. аўтадарог 86,8 тыс. км, чыгунак 1,9 тыс. км. Аўтапарк каля 990 тыс. машын. Унутр. суднаходныя шляхі: р. Шанан, Гранд-канал, Роял-канал. Танаж марскога флоту каля 129 тыс. брута рэг. т. Гал. парты Дублін, Корк. У краіне 225 км газаправодаў. 9 аэрапортаў, у т. л. 3 міжнародныя (Дублін, Корк, Шанан). Экспарт (1994, 29,9 млрд. дол. ЗША): машыны і абсталяванне, жывая жывёла, прадукты жывёлагадоўлі, піва, хім. прадукты, тэкстыль, канцэнтраты каляровых металаў. Імпарт (1994, 25,3 млрд. дол. ЗША): машыны і абсталяванне, нафта, хім. прадукты, кармы. Вял. значэнне маюць грашовыя пераводы эмігрантаў. Асн. гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Германія, Францыя, Нідэрланды. Гандл. абарот Рэспублікі Беларусь з І. у 1996 склаў 26,9 млн. дол. ЗША. Грашовая адзінка — ірл. фунт.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Агульная колькасць каля 13 тыс. чал. (1996). Ёсць рэзервы. Камплектуюцца з добраахвотнікаў. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Сухап. войскі (11 тыс. чал.) маюць на ўзбраенні больш за 100 танкаў і бронеаўтамабіляў, больш за 700 артыл. сродкаў і інш. У ВПС больш за 900 чал. асабовага складу, каля 30 самалётаў. У ВМС каля 1 тыс. чал., 7 караблёў.

Ахова здароўя. Сістэма мед. абслугоўвання знаходзіцца ў падпарадкаванні дэпартамента аховы здароўя. Насельніцтва, што карыстаецца мед. паслугамі, падзяляецца на 3 катэгорыі: людзі, якія атрымліваюць усе віды мед. дапамогі бясплатна (з нізкімі даходамі), 2 група (з больш высокімі даходамі) карыстаюцца мед. паслугамі за зніжаную, дыферэнцыраваную аплату. Для дзяцей да 16 гадоў і хранічна хворых — стацыянарнае і амбулаторнае лячэнне, прышчэпкі супраць заразных хвароб, іх дыягностыка бясплатныя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 73,1, жанчын 78,6 гадоў. Смяротнасць 9 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 255 чал., урачамі — 1 на 588 чал. Узровень нараджальнасці 13 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 0,4%. Дзіцячая смяротнасць 6 на 1 тыс. нованароджаных (1997).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі І. ўключае пач. і сярэднія школы, прафес. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Самаст. дашкольных устаноў няма (існуюць дашкольныя аддзяленні пры пач. школах). Большасць агульнаадук. навуч. устаноў прыватныя або канфесіянальныя. Пач. школа з 6-гадовага ўзросту, 6 гадоў навучання; ёсць 1- і 2-камплектныя школы. Існуюць 3 тыпы сярэдніх школ: традыц., аб’яднаныя і абшчынныя. Усе яны маюць 2 ступені: асн. абавязковая (3—4 гады навучання) дае няпоўную сярэднюю адукацыю, яе выпускнікі пасля здачы экзаменаў атрымліваюць прамежкавы атэстат, старэйшая (3-гадовая) — поўную сярэднюю адукацыю з правам паступлення ў ВНУ. На базе асн. школы прафес.-тэхн. адукацыю даюць прафес.-тэхн. школы (3—5 гадоў навучання), сярэднюю спец. — тэхн., маст. і інш. спец. каледжы (3—4 гады навучання). У 1996/97 навуч. г. ў І. 8 ун-таў (каля 60 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя ун-ты: Нац. ун-т І. ў Дубліне (з 1909, больш за 20 тыс. студэнтаў, уяўляе сабой федэрацыю універсітэцкіх каледжаў у Дубліне, Корку, Голуэі і яшчэ 6 каледжаў, у т. л. Каледж св. Патрыка ў Мейнуце), Дублінскі ун-т (засн. ў 1591 як Трыніты-каледж), Дублінскі гар. ун-т (з 1975), ун-т у Лімерыку (з 1989). Навук. ўстановы: Каралеўскае дублінскае т-ва, Каралеўская ірл. акадэмія, галіновыя акадэміі — мед., славеснасці (засн. Б.​Шоу), жывапісу, скульптуры і архітэктуры. Буйнейшыя б-кі: універсітэцкія, Нац. (з 1877) і Публічная — у Дубліне і інш. Буйнейшыя музеі: Нац. музей (з 1731), Нац. галерэя, Галерэя сучаснага мастацтва, Грамадз. музей (з 1953) — усе ў Дубліне.

Друк, радыё, тэлебачанне. У І. выходзіць 8 штодзённых газет: 6 — у Дубліне, 2 — у Корку, у т. л. 4 ранішнія, якія распаўсюджваюцца па ўсёй краіне. Самы высокі тыраж маюць незалежныя газеты — ранішняя «Irish Independent» («Ірландская незалежная», з 1891, сучасная назва з 1905) і штодзённая вячэрняя «Evening Herald» («Вячэрні веснік», з 1891). Інфарм. агенцтваў у І. няма. Радыё і тэлебачанне кантралююцца аўтаномнай карпарацыяй «Радыё Тэлефіс Эйрэан» (PTE; засн. ў 1960, фінансуецца дзяржавай), якая трансліруе праграмы Радыё-1 і Радыё-2. Дзейнічаюць таксама рэгіянальнае радыё Корк, нац. незалежнае радыё Сэнчуры. Дзярж. тэлебачанне трансліруе праграмы PTE-1 і PTE-2; з 1989 дзейнічае і незалежны канал ТВ-3.

Літаратура. Развіваецца на ірландскай мове і англійскай мове. Гераічны эпас (сагі) узнік у першыя стагоддзі н.э. (першыя запісы 8 ст., захаваліся запісы 12 ст.). Найб. вядомая — гал. сага гераічнага цыкла «Выкраданне быка з Куальнге» з цэнтр. вобразам Кухуліна — нац. героя І. У сярэднія вякі высокага ўзроўню дасягнула паэзія бардаў (Донах Мор, Мюрэдах Албанах, Гофрэй Фіён). Карэнныя змены ў л-ры звязаны з англ. каланізацыяй у 12 ст. Аднак забарона ірл. мовы, знішчэнне рукапісаў не спынілі развіццё нац. л-ры. У 16—18 ст. адбывалася ломка арыстакратычнай традыцыі бардаў, асаблівае значэнне набыла балада. Літ. мовай стала нар. ірл. гаворка. У л-ры пераважалі тэмы развітання з радзімай, адчування крызісу звыклага ўкладу жыцця (песня «Бывай, Ірландыя» Дж.​Наджэнта, «Ода Мэгуайру» Э.​О’Хасі). У 17 ст. сабраны і перапісаны шматлікія рукапісы, якім пагражала знішчэнне (склалі шматтомныя «Аналы чатырох магістраў»; 1632—36). З канца 18 ст. пачынае складвацца традыцыя празаічных твораў на англ. мове: гіст. (Дж.​Бейнім) і сац.-быт. (М.​Эджуарт, У.​Карлтан) раманы. Ірл. л-ра развівалася ў рэчышчы нац. паэт. традыцый і захоўвала сваю самабытнасць. Перавага фантаст. матываў, пачуццё камічнага і вострая іранічнасць — яе адметныя асаблівасці. Выразны ўзор асваення вобразнасці на англ. мове — «Ірландскія мелодыі» (1808—34) Т.​Мура. Канец 19 ст. пазначаны т. зв. «Ірландскім адраджэннем», яго пачынальнік у л-ры У.Б.Йітс. Нац. мастацтва, міфалогія і гісторыя паўплывалі на творчасць дзеячаў «Ірландскага адраджэння» Дж.​Расела, І.​А.​Грэгары, П.​Колума, Дж.​Стывенса, Дж.​Кэмпбела. Развіццю рэалізму ў нац. драме папярэднічала творчасць Дж.​Сінга. Раман Дж.Джойса «Уліс» (1922) паклаў пачатак л-ры «плыні свядомасці». Ірл. паўстанне 1916 прадвызначыла далейшы шлях развіцця ірл. л-ры. Асн. тэма творчасці пісьменнікаў 1920—30-х г. — нац.-вызв. рух (Ш.​О’Кейсі, П.​О’Донел, Б.​Біэн). Адраджаюцца мастацтва апавядальнікаў і жанр «апавядання ля каміна» (Ф.​О’Конар, М.​Лэвін, Ш.​О’Фаалейн, Б.​Кілі). Для л-ры 1960—80-х г. характэрны адмаўленне ад нацыяналіст. ідэй, увага да сац. праблем. Новае развіццё набывае гіст. раман. Э.​Дзілан, Т.​Флэнаган, Дж.​Планкет звяргаюцца да нядаўняга мінулага, імкнучыся выявіць сац. аснову катаклізмаў у сучаснай І. Сітуацыі пачатку 20 ст. прысвечаны лепшыя раманы Дж.​Джонстан «Ці далёка да Вавілона?» і «Стары жарт». Гіст. алюзіі ў раманах Д.​Марцін «Цырымонія ініцыяцыі» і «Шлях у Балішанон», К.​Кейсі «Мары аб помсце». Англа-ірл. праблематыка ў цэнтры ўвагі і буйнейшага сучаснага ірл. раманіста У.​Трэвэра. Да эксперым. прозы звяртаюцца пісьменнікі Дж.​Бэнвіл і Д.​Хоган. Ірл паэзія 1940—70-х г. прадстаўлена творамі О.​Кларка, П.​Кэванаха, Дж.​Монтэгю, Т.​Кінсела, Л.​Мак-Ніс, Р.​Мэрфі. Яна сучасная паводле светаўспрымання і выразных сродкаў і адначасова неадрыўная ад традыцый паэзіі Ш.​Хіні.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найб. раннія помнікі на тэр. І. захаваліся ад бронз. веку: мегалітычныя пабудовы (дальмены, кромлехі), курганы з пахавальнымі камерамі з несапраўднымі скляпеннямі (Нью-Грэйндж), залатыя і бронз. ўпрыгожанні з геам. арнаментам. Метал. вырабы 5—4 ст. да н.э. аздоблены складаным лінейным кельцкім арнаментам. Пасля хрысціянізацыі І. ў 5—12 ст. будавалі круглыя ў плане крэпасці (Эйлек), высокія вартавыя вежы-званіцы, кляштарныя комплексы з круглымі вежамі, капліцамі і келлямі (у Глендалоху, Дэвенішы, Келсе, а таксама за межамі І., на тэр. сучасных Францыі і Італіі). Дэкар. багацце характэрна для манум. каменных крыжоў (у Карндоне, 6 ст.; Манастэрбойсе, 9—10 ст.), дзе стылізаваныя фігуратыўныя выявы на біблейскія сюжэты арганічна ўключаны ў фармальную сістэму, у якой дамінуе арнамент з плеценых ліній, кругоў, спіралей. Багата арнаментаваліся бронз. брошы брошкі, рэлікварыі, паціры, посахі, пласціны (з эмаллю, філігранню ўзорнымі выявамі ў звярыным стылі) Характэрная рыса ірл. мініяцюр з рука пісаў 7—12 ст. — абстрактная трактоўка элементаў і фігур («Псалтыр св. Калумбана», канец 6 — пач. 7 ст.; «Ліндысфарнскае евангелле», канец 7 пач. 8 ст.; «Жыціе св. Калумбана», канец 7 ст.). Зааморфныя элементы, адзначаныя саксонскім і міжземнаморскім уплывамі, з’яўляюцца ў «Евангеллі з Дараў», «Лігфілдскім евангеллі», «Эхтэрнахскім евангеллі» (канец 7 — пач. 8 ст.). «Евангелле з Келса» і «Санктгаленскае евангелле» (канец 8 — пач. 9 ст.) змяшчаюць ілюстрацыі на цэлую старонку. У 11 ст. з’яўляецца запазычаны са Скандынавіі «звярыны» арнамент («Евангелле Бангора»). У 11—12 ст. будавалі раманскія капліцы (у Кашэлі), кляштарныя цэрквы (у Бойлі, Джэрпойнце), саборы (у Кланмакнойсе, Кланферце). простыя па кампазіцыі з выразным скульпт. афармленнем і вытанчанай разьбой на парталах. У канцы 12—14 ст. будавалі гатычныя храмы, найчасцей аднанефавыя з вежай над сяродкрыжжам (Крайс-чэрч у Дубліне), замкі (у Дубліне, Лімерыку, Трыме, графстве Клэр). Англ. каланізацыя запаволіла развіццё ірл. культуры, у 15—17 ст. архітэктура і мастацтва ў заняпадзе. У 17 — пач. 19 ст. ў Дубліне ўзводзілі парадныя адм. будынкі, палацы ў стылі англ. класіцызму (арх. У.​Робінсан, У.​Чэймберс, Т.​Кулі, Дж.​Гэндан і інш.), з 1829 — цэрквы ў стылі неаготыкі. У 19 — пач. 20 ст. ў партовых гарадах ствараліся раёны з рэгулярнай забудовай у духу эклектызму. У 20 ст. ў І. пабудаваны шэраг арх. комплексаў у сучасным стылі (работы арх. М.​Скота і Т.​Кенэдзі ў гарадах Дублін і Голуэй). У выяўленчым мастацтве з канца 17 ст. пашырыўся партрэтны жывапіс (Г.​Морфі, Т.​Бэт), развіццё якога працягвалася ў 18 ст. (Дж.​Лэтам, Ф.​Хасі, Э.​Лі, Т.​Фрай, Р.​Хантэр, Ч.​Джэрвас, С.​Слоўтэр, Н.​Хоўн Старэйшы). Пейзажны жанр прыўнёс у ірл. жывапіс І. ван дэр Хаген, найб. развіўся ў творчасці Дж.​Барэта, братоў Робертс, У.​Эшфарда, У.​Содлера. У канцы 18 ст. Дж.​Бары, Х.​Д.​Гамільтан стваралі карціны на міфалагічныя і біблейскія тэмы ў акад. стылі. У 18 ст. працавалі скульптары Дж. ван Ност, П.​Канінгем, Э.​Сміт, у 19 ст. — Дж.​Г.​Фолі. У жывапісе 1-й пал. 19 ст. развіваўся лірычны пейзаж (Дж.​Фішэр, Дж.​А.​О’Конар, Ф.​Дэнбі), рамант. партрэт (Т.​Хікі, Р.​Фэгэн), у 2-й пал. 19 ст. — жанравы жывапіс (У.​Осбарн, У.​Малрэдзі, Д.​Мэклайс), пейзаж (Н.​Хоўн Малодшы, Дж.​Фолкнер). У мастацтве пач. 20 ст. дамінавалі экспрэсіяніст Дж.​Б.​Йітс і рэаліст Ч.​Лэмб, С.​Кітынг. Кубізм і фавізм прыўнеслі М.​Джэлет, І.​Хоўн, К.​Мідлтан і Д.​О’Нейя; у інш. кірунках працавалі К.​Сутэр, В.​Браўн, Б.​Кінг. Мастакі наступнага пакалення (Р.​Балаф, Дж.​Дэўлін і інш.) удзельнічалі ў руху «новай фігурацыі». У 2-й пал. 20 ст. актыўна развіваюцца плыні авангарднага мастацтва: абстракцыянізм (У.​Скот, М.​Фэрэл, Х.​Хіран), сюррэалізм (П.​Генесі, М.​Гейл, Л.​Ле Брокі).

Музыка. Узоры нар. ірл. песень, якія захаваліся, аднагалосыя, хоць у стараж. сагах упамінаецца пра хар. і шматгалосыя спевы. Лады песень 7-ступенныя дыятанічныя; выразныя элементы пентатонікі, што звязана з гукарадамі асн. нац. муз. інструментаў арфы і валынкі. Носьбіты нар. муз. культуры — барды. Ёсць гіст. сведчанні пра ранняе развіццё ў кельтаў поліфаніі і развітую прафес. муз. культуру ў раннім сярэдневякоўі. З 12 ст. рост прафес. муз. культуры запаволены англ. заваёўнікамі. З канца 16 ст. пранікае шматгалосая музыка англіканскай царквы, фарміравалася свецкае муз. мастацтва прыдворных бардаў, вылучыліся першыя прафес. кампазітары, у т. л. Р.​Д.​О’Катайн (16—17 ст.), бард Т.​О’Кэрален (17—18 ст.). У 2-й пал. 17 ст. была пашырана англ. і шатл. музыка. З канца 18 ст. вядомы кампазітары Д.​Мэрфі, М.​Келі, Дж.​Філд (стваральнік жанру накцюрна ў фп. музыцы), М.​Балф. Зарадзілася муз. фалькларыстыка (Э.​Бантынг і інш.). Сярод кампазітараў 20 ст. В.​Бекет, А.​Дуф, Ф.​Ней. Нац. кампазітарская школа ў працэсе фарміравання. Адзін з асн. муз. цэнтраў І. — г. Дублін, дзе працуюць Ірл. нац. оперная трупа (з 1963), Ірл. акадэмія музыкі (б. Каралеўская ірл. акадэмія музыкі, засн. ў 1856) і інш.

Тэатр. Эстэтычныя прынцыпы ірл. нац. т-ра вызначыла мастацтва вуснай паэзіі, дэкламацыйнае майстэрства паэтаў-сказіцеляў з часоў язычніцтва. У 16 ст. ў Дубліне англ. цэхавымі гільдыямі ладзіліся паказы містэрый, з 17 ст. ствараліся т-ры для англ. знаці. Развіццё нац. мастацтва тармазілі англ. ўлады. У канцы 19 ст. ў сувязі з рухам за развіццё нац. культуры («Ірландскае адраджэнне») У.Б.Йітс і А.​Грэгары стварылі ў Дубліне Ірландскі літ. т-р (1899). У 1901 ён аб’яднаны з суполкай аматараў і названы Ірл. нац. драм. т-вам, у якім ставіліся п’есы Дж.​Сінга, Ш.​О’Кейсі, Л.​Робінсана. У 1904 т-ва ператворана ў пастаянны т-р у Дубліне — Тэатр Абацтва. У 1920-я г. пачаўся новы ўздым нац. тэатр. мастацтва, ставіліся п’есы ірл. і перакладной драматургіі. У 1922 створаны Драм. саюз. У 1929 Э.​Хілтан і М.​Мак-Ліямаір арганізавалі ў Дубліне т-р, дзе сцвярджаліся наватарскія прыёмы сучаснага тэатр. мастацтва. У 1928—31 існаваў Гэльскі т-р у Голуэі. З 1939 спектаклі на гэльскай мове пачаў ставіць і Тэатр Абацтва. Асн. тэатр. цэнтр — г. Дублін.

Кіно. У 1936 засн. кінематаграфічнае т-ва (з 1978 Саюз ірл. кінатаварыстваў). На мяжы 1930—40-х г. створаны Ірл. кінаінстытут. У 1958 засн. буйнейшая ў І. кінастудыя «Армдар», на якой фільмы здымаюць пераважна замежныя кінематаграфісты. Існуюць і інш. кінастудыі («Знер Кем’юнікейшэн», «Саліван Блют Ст’юдыяз, «Эбі Філмс»), дзе здымаюцца пераважна кароткаметражныя ігравыя, дакумент., рэкламныя фільмы. Поўнаметражныя фільмы ў асн. камерцыйныя. Сярод ігравых фільмаў 1970—80-х г.: «Ірландскі самагон» (рэж. Б.​Куін), «Раніца на Раство» (рэж. Т.​Мак-Брайд), «Выгнаннікі» (рэж. Р.​Він-і-Сімандс) і інш. Маст. фільмы 1990-х г.: «Усе гэтыя яркія і прыгожыя рэчы» (рэж. Б.​Дзёблін), «У імя бацькі» (рэж. Дж.​Шэрыдан), «Кола сяброў» (рэж. П.​О’Конар), «Крымінальная гульня» (рэж. Н.​Джордан), «Доўгі шлях да дому» (рэж. П.​Брытнах) і інш. Сярод дзеячаў кіно: рэжысёры Джордан, О’Конар, Дж.​Камерфард, Л.​Малкус; акцёры Г.​Бірн, Л.​Нісан, Э.​Дудзі, М.​О’Шы, Ф.​Тамэлці. Ірл. кінапракат з’яўляецца часткай брытанскага. У І. існуюць асацыяцыі: кінапрадзюсераў; ірл. кіно; т-ра і кіно; кінаакцёраў І.; Гільдыя ірл. кіно і тэлебачання і інш. Дзейнічаюць Школа камунікацый пры Дублінскім ун-це, школа кіно, тэлебачання і анімацыі (Каледж Дун Лаахаэра), Ірл. ін-т кіно. Міжнар. кінафестывалі ў Дубліне, Корку, Белфасце.

Літ.:

История Ирландии. М., 1980;

Осипова Т.С. Ирландский город и экспансия Англии XII—XV вв. М., 1973;

Сапрыкин Ю.М. Английское завоевание Ирландии (XII—XVII вв.). М., 1982;

Саруханян А.П. Современная ирландская литература. М., 1973;

Яго ж. «Объятия судьбы»;

прошлое и настоящее ирланд. лит. М., 1994;

Иванова Е.К. Современная архитектура Ирландии. М., 1982;

Буйвал В. Зямля Святога Патрыка // Мастацтва. 1996. № 4;

Arnold B. Irish Art. London, 1991;

Acton Ch. Irish music and musicians. Dublin, 1978.

Л.​В.​Лоўчая (насельніцтва, гаспадарка), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), М.​Ю.​Шода (літаратура), В.​Я.​Буйвал (архітэктура і выяўленчае мастацтва), Г.​У.​Шур (кіно).

Герб і сцяг Ірландыі.
Да арт. Ірландыя. Горад Кланакілці на поўдні краіны.
Да арт. Ірландыя. Рэгулярныя ірландскія войскі страляюць па паўстанцах у час грамадзянскай вайны 1921—22.
Да арт. Ірландыя. Краявід на поўначы краіны.
Да арт. Ірландыя. Тыповы сялянскі двор.
Да арт. Ірландыя. «Дыван-старонка» з мініяцюры «Ліндысфарнскага евангелля». Канец 7 — пач. 8 ст.
Да арт. Ірландыя. Заходні крыж у Манастэрбойсе. 9—10 ст.
Да арт. Ірландыя. Пацір з Арда. 8—9 ст.
Да арт. Ірландыя. Мініяцюра з «Евангелля з Келса». Каля 800.
Да арт. Ірландыя. Замак Банраці, графства Клэр. 1450.
Да арт. Ірландыя. Э.​Сміт. Элемент скульптурнага аздаблення будынка Ірландскага банка 1785—90.
Да арт. Ірландыя. Архітэктурны ансамбль у Кашэлі. 11—14 ст.
Да арт. Ірландыя. Будынак мытні ў Дубліне. Арх. Дж.​Гэндан. 1781—91.
Да арт. Ірландыя. Будынак чатырох Судоў у Дубліне. Арх. Т.​Кулі і Дж.​Гэндан. 1786—1800.
Да арт. Ірландыя. П.​Канінгем. Уільям Мейпл.
Да арт. Ірландыя. Ч.​Лэмб. Дзіўная пара.
Да арт. Ірландыя. Дж.​Б.​Йітс. Чаканне.
Да арт. Ірландыя. Х.​Хіран. Звар’яцелая Джэйн. Пач. 20 ст.

т. 7, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕКІ́Н, Бэйцзін (у 1928—49 Бэйпін),

горад, сталіца Кітая. Размешчаны на Пн Вял. Кітайскай раўніны, паміж рэкамі Бэюньхэ і Юндынхэ, у пач. Вял. канала. 3 прылеглымі раёнамі вылучаны ў асобную адм. адзінку (пл. 16,8 тыс. км²). Насельніцтва 11,3 млн ж. з прыгарадамі (1998), другі па колькасці насельніцтва горад Кітая (пасля Шанхая). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Шаўду. Паліт., індустр., гандл.-фін. і культ. цэнтр краіны. У П. і яго прыгарадах прам-сць: металург., маш.-буд. (вытв-сць станкоў, с.-г. машын, электрасілавога, хім., гарнаруднага і кавальска-прэсавага абсталявання, падшыпнікаў, тэкст. і друкарскіх машын, мед. абсталявання; цеплавоза-, вагона- і аўтамабілебудаванне), прыладабуд., радыёэлектронная, тэкст., хім. (вытв-сць кіслот, мінер. угнаенняў, інсектыцыдаў, пластмас, сінт. валокнаў і каўчуку, гумавых вырабаў), фармацэўтычная, паліграф., буд. матэрыялаў. У наваколлі П. здабыча каменнага вугалю. Дыванаткацтва. Развіты рамёствы (разьба па дрэве і слановай косці, выраб упрыгожанняў з золата, серабра, эмалі, нефрыту і інш.). Метрапалітэн. АН КНР, ун-т. Музеі, у т. л. гісторыі Кітая, Гугун, маст. галерэя.

Вядомы з 2-га тыс. да н.э. У 5—3 ст. да н. э. сталіца царства Янь пад назвай Цзі. У канцы 3 ст. да н.э. разбураны войскамі Цынь Шыхуандзі. Адбудаваны ў часы праўлення дынастыі Хань і названы Янь, пазней — Ючжоў. У 936 н.э. наз. Сіцзінь, пасля заваявання ў 937 кіданямі — Наньцзін. З 1125 сталіца дзяржавы чжурчжэняў Цзінь пад назвай Яньцзін. У 1215 захоплены манголамі, сталіца манг. імперыі Юань пад назвай Даду ці па-манг. Ханбалык. У 1368 вызвалены з-пад улады манголаў, наз. Бэйпін. У 1420 імператар Чэнцзу з дынастыі Мін перанёс з Нанкіна сюды сталіцу і перайменаваў яе ў П. У 1644 захоплены паўстанцамі на чале з Лі Цзычэнам. У 1644 акупіраваны маньчжурамі, да 1911 сталіца імперыі Цын. У англа-франка-кітайскую вайну 1856—60 заняты і разбураны акупац. войскамі. З 1912 сталіца Кіт. рэспублікі. У 1928 заняты Нар.-рэв. арміяй (гл. Паўночны паход 1926—28), сталіца перанесена ў Нанкін, П. зноў перайменаваны ў Бэйпін, у Нацыянальна-вызваленчую вайну кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—43 акупіраваны яп. войскамі. Вызвалены ў вер. 1945. У 1945—19 пад кантролем гаміньданаўцаў. У студз. 1949 заняты Нар.-вызв. арміяй Кітая. У кастр. 1949 абвешчаны сталіцай Кіт. Нар. Рэспублікі (зноў наз. П.). 4.6.1989 на гал. плошчы П. Цяньаньмэнь у сутыкненнях студэнтаў з войскамі і паліцыяй загінула каля 3 тыс. чал.

У аснове гар. плана — геам. планіроўка г. Даду, удасканаленая ў 1403—21. У 12 ст. меў прамавугольную планіроўку, быў падзелены на 2 роўныя ч. цэнтр. магістраллю (захаваліся рэшткі глінабітных сцен і фундаментаў будынкаў). У 13—14 ст. П. складаўся з «унутранага горада» (паслядоўна размешчаныя адзін у адным і абнесеныя сценамі «забаронены горад» і «імператарскі горад» з пл. і брамамі Цяньаньмынь) і ўласна горада (жылыя і гандл. кварталы, абнесеныя глінабітнымі сценамі, абліцаванымі цэглай, з брамамі і бастыёнамі). Усе 3 часткі аб’яднаны сістэмай палацавых, храмавых і інш. збудаванняў, якія ўтвараюць т.зв. ансамбль пекінскай восі, у цэнтры якога «забаронены горад» з комплексам імператарскага палаца (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны). На Пд яго завяршае арх. комплекс «Храм неба» (Цяньтань, 1420—1530, перабудаваны ў 18—19 ст.) з гал. будынкам-ратондай Цыняньдзянь («Храм малітвы за багаты ўраджай»), Каменная тэраса злучае Цыняньдзянь з храмам Хуанцюн’юй («Зала нябеснага скляпення», 1530), абнесеным круглай цаглянай сцяной і 3-ярусным мармуровым алтаром Хуаньцю («Алтаром неба»), Да 1553 сцяной была абнесена паўд. частка прыгарада П. («знешні горад» — крывыя вузкія вуліцы з глінабітнымі ці драўлянымі пабудовамі). Непаўторнасць гораду надаюць пейзажныя паркі — Бэйхай, які размешчаны на беразе аднайм. возера («Паўночнае мора») і на в-ве Цюнхуадао. На востраве знаходзяцца: ламаісцкая пагада Байта («Белая пагада») і храм Байтасы («Храм Белай пагады», цяпер Юн’аньсы, «Храм вечнага спакою», абодва 1651), храм Шан’іньдзянь («Храм крыніцы дабрыні», канец 17 — пач. 18 ст.) на кубічным пастаменце з багата дэкарыраванымі сценамі, паўкруглы будынак Юэгулоў («Сховішча ўзораў старажытнай пісьменнасці», 495 каменных пліт з каліграфічнымі надпісамі). За возерам у паўн. частцы парку павільёны Улунцін («Павільёны пяці драконаў», 1522—66), Ваньфалоў («Церам дзесяці тысяч Буд», 18 ст.), сцены Цзюлунбі («Сцяна дзевяці драконаў», 17 ст., выкладзена каляровымі паліванымі пліткамі з выявамі драконаў) і Тэінбі («Жалезная сцяна», аздобленая мудрагелістымі ўзорамі). Каля паўн. варот парку — Туаньчэн («Круглы гарадок»), абнесены сцяной. У ім альтанка Юйвэнцін і храм Чэнгуандзянь (1746). Вылучаюцца паркі Цзіншань («Гара прыгожага віду»), ці Мэйшань («Вугальная гара»), Іхэюань («Парк ціхамірнага адпачынку») з галерэяй Чанлан. Сярод інш. арх. помнікаў П.: храмы Утасы (1473) з 5 мармуровымі 11- і 13-яруснымі пагадамі на п’едэстале, «уляндзянь» («бязбэлечны храм», 1534), Таймяо («Храм памінання продкаў», 1420, перабудаваны ў 1544, цяпер частка Палаца культуры працоўных); у парку імя Сунь Ятсена — Шэцзітань («Алтар божастваў зямлі і злакаў», 15 ст.); ламаісцкі манастыр Юнхэгун (18 ст.). На ўскраіне П. — комплекс пахавальных збудаванняў імператараў Шысаньлін («13 грабніц», 15—17 ст.), храм Біюньсы (14 ст., перабудаваны ў 18 ст.) і інш. З 2-й пал. 20 ст. П. рэканструюецца паводле генплана (1954—58). Створаны адм.-паліт. цэнтр горада з гал. плошчай Цяньаньмынь, на З і У якой узведзены будынкі Усекіт. сходу нар. прадстаўнікоў, музеяў кіт. рэвалюцыі і гісторыі Кітая (абодва 1959).

Літ.:

Капица Л.Л. Древний город Пекин. М., 1962.

В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Пекін. Плошча Цяньаньмынь.
Пекін. Від на «забаронены горад».

т. 12, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРЫ́НА (Францыск) (каля 1490, г. Полацк Віцебскай вобл. — каля 1551),

бел. і ўсх.-славянскі першадрукар, асветнік-гуманіст, пісьменнік, грамадскі дзеяч, вучоны-медык. Дакладная дата нараджэння невядома. Супастаўленне звестак пра паступленне ў Кракаўскі ун-т (1504) і абароны доктарскай дысертацыі ў Падуанскім ун-це (1512), дзе ён названы «маладым чалавекам», дае падставы прыняць 1490 як прыблізны год яго нараджэння (дапушчальна і 2-я пал. 1480-х г.). Звесткі пра сям’ю С. вядомы з канца 15 ст. Бацька С. — Лук’ян Скарына згадваецца ў спісе рас. пасольскіх прэтэнзій 1492 да полацкіх купцоў. Старэйшы брат С. Іван названы ў каралеўскім дэкрэце адначасова віленскім мешчанінам і палачанінам. Невядома і хроснае імя С. Гіпотэза пра тое, што С. іменаваўся Георгіем, новымі дакументальнымі адкрыццямі не пацвярджаецца. У сваіх выданнях С. больш за 100 разоў выкарыстоўвае імя «Франциск», зрэдку «Францишек». У актах ВКЛ на лац. мове яго імя называюць «Franciscus», на бел. мове «Франьцышак», «Франьцышъко». Першапачатковую адукацыю С. атрымаў, відаць, у Полацку. Тут або ў сталіцы ВКЛ Вільні прайшоў ён і далейшыя школьныя навукі, авалодаў лац. мовай. У зімовы семестр 1504 С. паступіў у Кракаўскую акадэмію (ун-т) на факультэт вольных мастацтваў або філасофіі. У Кракаве С. ўсвядоміў навуч. і асветніцкія магчымасці друкаванай кнігі. У 1506 ён вытрымаў экзамен на ступень бакалаўра вольных мастацтваў. Невядома, дзе С. знаходзіўся ў 1507—12. Магчыма, ён скончыў ун-т і ў Празе, дзе атрымаў ступень доктара філасофіі, але больш верагодна, што доктарскі дыплом ён атрымаў у Кракаве. Запіс у акце Падуанскага ун-та 9.11.1512 сведчыць пра тое, што ён быў сакратаром караля «Дацыі» (?). Не пазней восені 1512 С. прыбыў у г. Падуя, каб набыць ступень доктара медыцыны. Можна меркаваць, што грунтоўную мед. адукацыю С. атрымаў у Кракаве або ў Падуі ці Балонскім ун-це. 9.11.1512 С. абараніў ступень доктара мед. навук. Пра дзейнасць С. ў 1513—16 дакумент. звесткі не выяўлены, але менавіта ў гэты час ён вырашыў пачаць кнігадрукаванне. У 1510-я г. С. наведаў Вільню, Полацк, інш. гарады ВКЛ і заручыўся падтрымкай суайчыннікаў. Інтэнсіўная выдавецкая дзейнасць С. ў Празе ў 1517—19 дазваляе думаць, што ён пасяліўся тут не пазней як у 1516. 6.8.1517 С. выдаў сваю 1-ю кнігу — Псалтыр. На працягу наступных 2 гадоў ён выдаў 19 кніг (або 22, калі лічыць кнігі «Царстваў» за 4) Старога Запавету: «Іоў», «Прытчы Саламона», «Ісус Сірахаў» (усе 1517), «Еклесіяст», «Песня песняў», «Прамудрасць Божая», «Царствы», «Ісус Навін» (усе 1518), «Юдзіф», «Суддзі», «Быццё», «Выхад», «Левіт», «Лічбы», «Другі закон», «Руф», «Эсфір», «Плач Ераміі», «Прарок Данііл» (усе 1519). Некат. з апошніх выданняў, якія не маюць выхадных звестак і традыцыйна датуюцца 1519, магчыма, надрукаваны ў 1520. У пач. 1520-х г. С. пераехаў у Вільню, дзе каля 1522 выдаў «Малую падарожную кніжку», якая складаецца з 23 частак: «Пісаныя рэчы», Псалтыр, «Часасловец», «Акафіст магіле гасподняй», «Канон магіле гасподняй», «Акафіст архангелу Міхаілу», «Канон архангелу Міхаілу», «Акафіст Іаану Прадцечы», «Канон Іаану Прадцечы», «Акафіст Багародзіцы», «Канон Багародзіцы», «Акафіст святым Пятру і Паўлу», «Канон святым Пятру і Паўлу», «Акафіст святому Міколе», «Канон святому Міколе», «Акафіст крыжу гасподняму», «Канон крыжу гасподняму», «Акафіст Ісусу», «Канон Ісусу», «Шасцідневец», «Канон пакаяльны», «Канон на ютрані», «Саборнік». Некат. часткі, магчыма, выходзілі як асобныя выпускі. У 1525 у Вільні С. выдаў кн. Апостал. З сярэдзіны 1520-х г. С. служыў сакратаром віленскага біскупа Яна, займаўся і мед. дзейнасцю. У Вільні ён ажаніўся з Маргарытаю, удавой віленскага радцы Юрыя Адверніка, і жыў у яе камяніцы на Нямецкай вул., недалёка ад палаца князёў Слуцкіх. Як лічаць даследчыкі, у канцы 1520 — пач. 1530-х г. С. наведаў Маскву, каб распаўсюдзіць там свае выданні. У 1530 па нейкіх прычынах ездзіў у Кёнігсберг да герцага Альбрэхта. Відаць, гэта было звязана з распаўсюджаннем у 1529—30 у Прускім герцагстве пандэміі т.зв. англ. гарачкі. Паводле інш. меркаванняў, увагу герцага прыцягвала асветніцкая і выдавецкая дзейнасць С. У канцы 1520 — пач. 1530-х г. матэрыяльнае становішча С. пагоршылася: памерлі амаль усе апекуны яго выдавецкай дзейнасці (Якуб Бабіч, Багдан Онкаў, Рыгор Адвернік); пачаліся судовыя працэсы ў Вільні з-за маёмасці жонкі, як удзельнік гандлёвых аперацый нябожчыка брата Івана С. быў зняволены на некалькі месяцаў у пазнанскай турме; пажар 1530 знішчыў значную частку Вільні, магчыма, і яго друкарню; апякун С. віленскі біскуп Ян у 1536 пераведзены ў Познань, дзе неўзабаве памёр. Спалучэнне розных абставін і адсутнасць падтрымкі вымусілі С. пакінуць ВКЛ і ад’ехаць у Прагу.

У канцы 1530-х г., магчыма, і ў 1540-я г. С. працаваў садоўнікам каралеўскага парку на Градчанах. Невядомы і дакладны час смерці С. Відаць, гэта здарылася каля 1551, бо ў студз. 1552 яго сын Сімяон атрымаў ад чэшскага караля прывілей на права атрымаць спадчыну бацькі. Свае прэтэнзіі на маёмасць С. ў 1552 аб’явілі Марцін Онкавіч і лаўнік віленскага магістрата купец Тоўсцік. Некат. даследчыкі лічаць, што С. памёр да 1541. Месца пахавання С. таксама невядома.

Заснаванне С. бел. кнігадрукавання стала вяршыняй яго духоўнай дзейнасці, найб. яскравым і выразным пралогам бел. Адраджэння. У друкаванай кнізе С. бачыў невычэрпныя магчымасці духоўнай асветы народа, выхавання высокіх хрысц. маральных і грамадзянскіх якасцей, усё большага далучэння і актыўнага ўзаемадзеяння з еўрап. культурай. Ажыццяўленню яго плана спрыялі падарожжы па краінах з развітым кнігадрукаваннем (Польшча, Чэхія, Італія і інш.) і матэрыяльная падтрымка бел. мяшчан Вільні і Полацка. У адрозненне ад Польшчы, дзе друкарская справа была манапалізавана, а таксама духавенства і вярх. ўлада не падтрымлівалі падобных праектаў, больш спрыяльныя ўмовы для рэалізацыі сваіх планаў С. бачыў у Чэхіі. Менавіта ў Празе ён завяршыў пераклад і каменціраванне тэкстаў Бібліі на падставе лац., чэшскіх, стараж.-яўр. і царк.-слав. крыніц і ў 1517—19 выдаў 23 кнігі Старога запавету («Бівліі рускай»). Віленскія выданні 1520-х г. — «Малая падарожная кніжка» і Апостал — больш звязаны з традыцыйнай бел. і ўсх.-слав. кніжнасцю (за выключэннем некат. дадаткаў, арнаментыкі і каментарыяў С.) і выдаваліся на царк.-слав. мове. У Вільні С. меў сваю друкарню ў доме бурмістра Якуба Бабіча і займаўся непасрэднымі друкарскімі справамі. Бел. кнігадрукаванне пачалося адразу на высокім еўрап. узроўні. Рэнесансавыя выданні С. вылучаюцца высокімі выдавецкімі і друкарскімі якасцямі, адметныя мастацкім, гравюрным, арнаментальным упрыгожаннем, шрыфтам і інш. кампанентамі выдавецкай эстэтыкі і майстэрства. Яны вылучаліся практычнымі памерамі, а каментарыі разлічаны на ўспрыняцце простым («паспалітым») людам. З гэтай мэтай ён тлумачыў на палях кнігі архаічныя царк.-слав. словы «рускай мовай». Інш. маргіналіі С. павінны былі падкрэсліць духоўнае адзінства Св. пісання. З замежных, магчыма, славянскіх выданняў С. запазычыў падзел псалмоў на вершы. Кнігі С. зрабілі вял. ўплыў на развіццё духоўнай культуры Беларусі і Украіны, стымулявалі ўзнікненне кнігадрукавання ў Маскоўскай Русі, распаўсюджваліся ў шматлікіх рукапісных копіях. Арнаментальныя матэрыялы Віленскай друкарні С. да 1652 выкарыстоўваліся ў выданнях найбуйнейшай бел. друкарні — Віленскай брацкай друкарні і Еўінскай друкарні, а пражскія ініцыялы сустракаюцца ў выданнях Астрожскай друкарні на Украіне ў канцы 16 ст. На думку даследчыкаў, рэнесансавыя гравюры пражскіх выданняў С. выконвалі прадстаўнікі розных мастацкіх школ пры ўдзеле самога С. (партрэт С. да кніг «Ісус Сірахаў» і «Царствы»). У Віленскай друкарні С., безумоўна, працавалі і бел. мастакі, гравёры, рамеснікі, друкары. Маргінальныя запісы 16—18 ст. на кнігах С. сведчаць пра актыўнае іх выкарыстанне рознымі пластамі бел. і замежных чытачоў. Выданні С. з’яўляюцца выдатнымі помнікамі рэнесансавага пісьменства. Іх месца ў еўрап. і бел. культ.-гіст. працэсе вызначаецца гіст. ўмовамі, традыцыямі, своеасаблівасцю і былі арыентаваны на ўсе пласты насельніцтва, прызначаліся для прыватнага і сямейнага чытання, выкарыстання ў царк. службах і свецкіх б-ках. агульным узроўнем духоўнага развіцця Беларусі і ўсх.-слав. зямель ВКЛ. Біблія С. не адпавядае ніводнаму з вядомых рукапісных ці друкаваных зводаў Св. пісання. Яна адыходзіць ад царк. традыцый не столькі складам і зместам, колькі агульнай накіраванасцю, свецкай хрысціянскай прыўзнятасцю, грамадскімі, нац.-патрыятычнымі, гуманістычнымі і асветніцкімі тэндэнцыямі.

Творы С. ўяўляюць сабой сукупнасць уступных, заключных і каменціруючых матэрыялаў, дастасаваных да адпаведных біблейскіх кніг і ствараюць з імі і з усёй Бібліяй арганічную цэласнасць. Асн. ролю адыгрываюць «предъсловия» і блізкія да іх «сказания». У пражскіх выданнях змешчаны 21 прадмова і 4 сказанні, у віленскіх — адпаведна 2 і 21. Большасць даследчыкаў адносіць прадмовы і сказанні да адной жанравай разнавіднасці, на думку іншых, сказанні бліжэй да пазнейшых бел. пропаведзяў, казанняў. Яны звычайна больш сціслыя, адрозніваюцца сваёй стылістыкай, красамоўствам, насычаны багаслоўскай рыторыкай. Кнігі С. былі арыентаваны на ўсе пласты насельніцтва, прызначаныя для прыватнага і сямейнага чытання, выкарыстання ў царк. службах і свецкіх б-ках. Каб пазбегнуць спрошчанага ці памылковага ўспрыняцця Бібліі, С. імкнуўся ў простай і зразумелай форме каменціраваць біблейскія тэксты, падаваць звесткі пра гіст., побытавыя, багаслоўскія, моўныя рэаліі. У тэалагічным кантэксце асн. месца ў прадмовах і сказаннях С. займае т. зв. экзагеза — тлумачэнне алегарычнага зместу кніг Старога запавету. Комплекс прадмоў і сказанняў С. дапаўняюць калафоны — сціслыя ўступныя каментарыі да раздзелаў кожнай кнігі. У іх дасканалыя выяўл. сродкі, публіцыстычнасць, экспрэсіўнасць, прытчавы і алегарычны характар, багацце гіст., філас., тэалагічных каментарыяў, сугучнасць узнёслай моўнай стылістыцы Бібліі. Празаічныя творы С. ў «Малой падарожнай кніжцы» ўпрыгожвае і дапаўняе вял. гімнаграфічны цыкл, у т. л. аўтарскія гімны. Побач з аўтарскай прозай у прадмовах С. прасочваюцца прыкметы інш. літ. жанраў, якія пазней занялі значнае месца ў бел. л-ры і пісьменстве, у т. л. сілабічнае вершаскладанне (вольны пераклад дэкалога ў прадмове да кн. «Выхад» і інш). Спасылкі С. на стараж.-яўр., грэч., слав. і лац. пераклады, на багаслоўскія і каменціруючыя творы ант. і сярэдневяковых аўтараў сведчаць пра тое, што сваю дзейнасць ён разглядаў у рэчышчы айчынных, агульнаеўрап. і агульнахрысц. культ.-гіст. працэсаў як этап духоўнага прасвятлення, хрысціянізацыі, маральнага ачышчэння і ўдасканалення свайго народа. З тэалагічнымі і канкрэтна-біблейскімі каментарыямі С. арганічна звязаны аўтарскія разважанні, адступленні, трактоўкі, апісанні, пропаведзі, што дазваляе меркаваць пра яго грамадскія і інш. погляды.

Своеасаблівасць літ. і выдавецкай дзейнасці С. выразна засведчана ў жанрава-тэматычным выбары першадрукаў, іх унутр. структуры, перакладзе і каментарыях, маст., літ.-пісьменніцкіх, філас. і моўных рысах яго выданняў, у агульнай арыентацыі яго творчасці на патрэбы Айчыны і народа. Упершыню ў гісторыі Беларусі былі так цесна зліты ідэі адзінства і прымату хрысціянскай і этнічнай свядомасці. Яскравым пацвярджэннем этнагіст. і патрыят. свядомасці С. з’яўляецца яго замілаванне Полацкам і Полаччынай. Яно напаўняла яго любоўю да сваёй малой радзімы, сям’і, жаданнем служыць свайму народу, распаўсюджваць хрысціянскія і рэнесансава-гуманістычныя погляды, натхняць на асабістую і грамадскую актыўнасць, дасканаласць, на спасціжэнне высокіх сэнсаў зямнога быцця і боскіх запаветаў. Звяртаючыся ў сваіх кнігах да ўсяго народа, С. заснаваў у бел. л-ры навук.-асветніцкую, маральна-дыдактычную, філас. публіцыстыку. Асн. метадам публіцыст. актуалізацыі біблейскай праблематыкі стала яе гуманіст. інтэрпрэтацыя, накіраваная на ўдасканаленне сац паліт., прававых і маральна-бытавых ін-таў грамадства. На думку С., кніга «Іоў» — люстэрка жыцця, лекі для збалелай душы. Аповесць пра подзвіг Юдзіфі — узор патрыятызму, самаахвярнасці, бескарыслівага служэння грамадскаму дабру. Любоў да Радзімы — самае першае і высокае духоўнае пачуццё: «Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя; птици, летающие по воздуху, ведають гнезда своя; рибы, плывающие по морю и в реках, чують виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих, — тако ж и люди, игде зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають». Важнае месца ў творчасці С. займала сцвярджэнне духоўнай каштоўнасці роднай мовы. Каб надаць сваёй публіцыстыцы пераканаўчасць, ён карыстаўся рознымі выяўл. сродкамі красамоўства, стыліст. фігурамі, паўторамі, рытарычнымі воклічамі, пытаннямі. У яго прозе спалучаны асаблівасці пісьмовай і гутарковай мовы.

Літ.-эстэт. погляды С. адметныя кампрамісам паміж хрысціянскім этычным ідэалізмам з характэрным для яго маральным рыгарызмам і рэнесансавым гуманізмам, арыентаваным на зямную гармонію і красу. Паняцце прыгожага ўжывалася С. у эстэт., этычных, утылітарна-практычных значэннях. Сінтэз фалькл. і хрысц. разумення гэтага паняцця выявіўся ў трактоўцы прыгажосці як жыватворнага пачатку зямнога быцця. Літаратурны, свецкі аспекты прыгажосці падкрэсліваецца ім у вызначэнні стараж. грэкаў як мудралюбцаў і красамоўцаў. Паняцце агіднага С. абазначаў тэрмінамі «прыкрость», «неуставичность», «мерзость». Катэгорыя ўзнёслага азначае ў яго не толькі атрыбут Бога, але і духоўную ці грамадзянскую веліч чалавека (узнёсла-гераічны вобраз Юдзіфі). Грамадзянска-патрыятычны аспект узнёслага — у скарынаўскіх тытулах «вялікіх», «вялікаслаўных» гарадоў Полацка, Вільні і Прагі. У прадмовах і анатацыях С. развіваў традыц. хрысц. і фалькл. дыялектыку ўзаемапераходу нізкага і высокага: не толькі Бог «возводить смиренныя на высокость и немощные приводить къ полному здравию» (кн. «Іоў»), але і мудрасць, духоўны подзвіг «узносіць паніжанага», паказваючы «высокость свою и славу» (анатацыя да кн «Ісус Сірахаў»). Катэгорыю трагічнага С. раскрывае тэрмінамі «беды і немоци». Разуменне трагічнасці жыцця, паводле яго канцэпцыі, уваходзіць у паняцце чалавечай мудрасці. У творах С. сінтэзаваліся ант. і сярэдневяковыя традыцыі з ідэалогіяй еўрап. Адраджэння, хрысц. гуманізм з рэнесансава-гуманістычнымі ўяўленнямі. Яго канфесіянальныя погляды вызначаюцца талерантнасцю.

С. высока ацэньваў выдатных дзеячаў ант. свету, знакамітых біблейскіх герояў, пазітыўна ставіўся да сучаснага яму караля польскага і вял. князя ВКЛ Жыгімонта I. Як абгрунтаванне саслоўна-манархічнага ладу, удасканалення земскага заканадаўства ўспрымалася сучаснікамі С. яго апісанне стараж. правоў і статутаў, заключаных у біблейскіх кнігах: права паспалітае, язычніцкае, царскае, рыцарскае, гарадское, марское, купецкае і інш. Паліт. і сац. погляды С. складваліся пад уздзеяннем рэальных працэсаў, што адбываліся ў ВКЛ, Польшчы, інш. еўрап. краінах. Паліт. ідэалам С. была, відаць, моцная і асвечаная манархічная ўлада, якая падтрымлівае хрысц. справядлівасць, законнасць, правасуддзе, мірныя зносіны з суседзямі, спрыяе развіццю духоўнай культуры, гандлю, рамяства. Увасабленне свайго ідэалу С. бачыў у дзейнасці стараж.-грэч. і рым. цароў і заканадаўцаў: Салона, Нумы Пампілія, Лікурга, егіпецкага цара Пталамея IV Філапатара і інш. Значная ўвага С. да пытанняў права, ролі народаў у выпрацоўцы законаў, ідэй справядлівасці, роўнасці ўсіх людзей перад законам сведчыць пра тое, што ён быў занепакоены рэальным станам спраў на сваёй Радзіме, з’явамі сац. дыскрымінацыі, феад. анархіі, свавольства. Духоўная спадчына С. асэнсавана і ў значнай ступені ўспрынята і развіта наступнымі пакаленнямі выдатных бел. мысліцеляў, гуманістаў-асветнікаў.

Жыццё і дзейнасць С. вывучае комплексная навук. дысцыпліна — скарыназнаўства. Імем С. названы праспект у Мінску, вуліцы ў Полацку, Віцебску, Нясвіжы, Оршы, Слуцку і інш., Гомельскі ун-т, Помнікі С. пастаўлены ў Полацку, Лідзе, Мінску, Вільнюсе. Уведзены дзярж. ўзнагароды Беларусі — медаль С. (1989) і ордэн С. (1995).

Тв.:

Творы;

Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія. Мн., 1990;

Біблія. Т. 1—3. Мн., 1990—91.

Літ.:

Владимиров П.В. Доктор Франциск Скорина. Его переводы, печатные издания и язык. СПб., 1888;

Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925. Мн., 1926;

Флоровский А.В. Чехи и восточные славяне;

Очерки по истории чеш.-рус. отношений. Т. 2. Прага, 1947;

Алексютовіч М.А. Скарына, яго дзейнасць і светапогляд. Мн., 1958;

450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;

Подокшин С.А. Скорина и Будный. Мн., 1974;

Яго ж. Франциск Скорина. М., 1981;

Яго ж. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990;

Конон В.М. От Ренессанса к классицизму: (Становление эстет. мысли Белоруссии в XVI—XVIII вв). Мн., 1978;

Яго ж. Боская і людская мудрасць: (Францішак Скарына: жыццё, творчасць, светапогляд). Мн., 1990;

Анічэнка У.В. Слоўнік мовы Скарыны. Т. 1—3. Мн., 1977—94;

Белорусский просветитель Франциск Скорина и начало книгопечатания в Белоруссии и Литве. М., 1979;

Мальдзіс А. Францыск Скарына як прыхільнік збліжэння і ўзаемаразумення людзей і народаў. Мн., 1988;

Францыск Скарына і яго час: Энцыкл. давед. Мн., 1988;

Францыск Скарына: Зб дак и матэрыялаў. Мн., 1988;

Анічэнна У.В., Жураўскі А.І. Беларуска-іншаславянскі сінкрэтызм мовы выданняў Францыска Скарыны. Мн., 1988;

Спадчына Скарыны;

Зб. матэрыялаў першых Скарынаўскіх чытанняў (1986). Мн., 1989;

Франциск Скорина — белорусский гуманист, просветитель, первопечатник. Мн., 1989;

Каўка А. Тут мой народ: Францішак Скарына і бел. літ. XVI—пач. XX стст. Мн., 1989;

Тумаш В Пяць стагодзьдзяў Скарыніяны, XVI—XX: [Бібліягр.]. Нью-Ёрк, 1989;

Франциск Скорина и его время: Энцикл. справ. Мн., 1990;

Лойка А. Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае. Мн., 1990;

Яго ж. Скарына на Градчанах. Мн., 1990;

Яго ж. Старабеларуская літаратура. Мн., 2001;

Франциск Скорина и традиции гуманизма в славянской культуре: Тез. докл. и сообщений на науч. конф., посвяш. 500-летию со дня рождения Ф.​Скорины. Мн., 1990;

Булыка А.М., Жураўскі А.І., Свяжынскі У.М. Мова выданняў Францыска Скарыны. Мн., 1990;

Лабынцаў Ю. Пачатае Скарынам: Бел. друкаваная літ. эпохі Рэнесансу. Мн., 1990;

Яго ж. Скарынаўскі каляндар: (Да 500-годдзя з дня нараджэння Ф.​Скарыны). 2 выд. Мн., 1990;

Немировский Е.Л. Франциск Скорина: Жизнь и деятельность бел. просветителя. Мн., 1990;

Скарына і яго эпоха. Мн., 1990;

Чамярыцкі В.А. Беларускі тытан эпохі Адраджэння. Мн., 1990;

Шматов В.Ф. Искусство книги Франциска Скорины. М., 1990;

Дварчанін І. Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве: Пер. з чэш. Мн., 1991;

Франциск Скорина и Вильнюс: Сб. материалов Респ. науч. конф. Вильнюс, 1991;

Галенчанка Г.Я. Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар. Мн., 1993;

Запісы Бел. Ін-та навукі і мастацтва. Нью-Ёрк. 1994. Кн. 21;

Яскевіч А.А. Творы Ф.​Скарыны: Жанравая структура. Філас. погляды. Мастацтва слова. Мн., 1995;

480 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1998;

Агіевіч У.У. Сімволіка гравюры Скарыны. Мн., 1999. Гл. таксама да арт. Скарыназнаўства.

Г.​Я.​Галенчапка, У.​М.​Конан.

Ф.Скарына.
Ф.Скарына. Гравіраваны партрэт з кнігі «Быццё». Прага.
Да арт. Скарына Ф. Тытульны ліст «Псалтыра». Прага. 1517.
Да арт. Скарына Ф. Тытульны ліст «Бібліі» з кнігі «Быццё». Прага. 1519.
Да арт. Скарына Ф. Пасляслоўе да «Малой падарожнай кніжкі». Вільня. Каля 1522.
Да арт. Скарына Ф. Тытульны ліст «Апостала». Вільня. 1525.

т. 14, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ГРАМАДА́ (БСГ),

нацыянальная партыя леванародніцкага кірунку. Створана ў канцы 1902 пад назвай Бел. рэв. грамада (БРГ) на аснове гурткоў бел. студэнцкай і вучнёўскай моладзі ў Мінску, Вільні, Пецярбургу. Стваральнікі і кіраўнікі: браты І.І. і А.​Луцкевічы, А.​Пашкевіч (Цётка), А.​Бурбіс, К.​Кастравіцкі (Карусь Каганец), В.​Іваноўскі і інш. На 1-м з’ездзе (Вільня, 1903) БРГ прыняла праграму, у якой характарызавала сябе як арганізацыю «беларускага працавітага народа». Сваёй канчатковай мэтай абвясціла знішчэнне капіталіст. ладу і пераход у грамадскую ўласнасць зямлі, сродкаў вытв-сці, бліжэйшай задачай — звяржэнне самадзяржаўя ў Расіі. У нац. пытанні формай забеспячэння нац. свабоды прызнавала незалежную дэмакр. рэспубліку. Выступала за прамое, агульнае, роўнае выбарчае права з тайным галасаваннем, нар. заканадаўства, раўнапраўе ўсіх людзей незалежна ад полу, нацыянальнасці і веравызнання, свабоду слова, друку, сходаў, забастовак, 8-гадзінны рабочы дзень, бясплатную мед. дапамогу. У агр. пытанні праграма прадугледжвала скасаванне прыватнай зямельнай уласнасці, абвяшчала права кожнага чалавека на апрацоўку зямлі сваімі рукамі. У праграме спалучаўся рэв. дэмакратызм з народніцкім (сялянскім) сацыялізмам. Дакладны час перайменавання БРГ у БСГ не высветлены (па адных звестках у 1903, па другіх — у 1906). У 1903—04 БСГ узаемадзейнічала з Польскай партыяй сацыялістычнай (ППС), Партыяй сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР), Літоўскай с.-д. партыяй, выдавала разам з імі нелегальную л-ру. З канца 1905 у Мінску дзейнічала падп. друкарня БСГ. На 2-м з’ездзе (студз. 1906, Мінск) прынята новая праграма партыі. У ёй канчатковай мэтай БСГ абвясціла замену капіталіст. ладу сацыялістычным, бліжэйшай задачай — звяржэнне самадзяржаўя і ўтварэнне Расійскай федэратыўнай дэмакр. рэспублікі з свабодным самавызначэннем і культ.-нац. аўтаноміяй народнасцяў. Для Беларусі яна патрабавала аўтаноміі з мясц. сеймам у Вільні. У агр. пытанні патрабавала адчужэння памешчыцкай зямлі і надзялення сялян зямлёю на правах пажыццёвай арэнды. Ажыццяўленне ўсіх паліт. і сац. пераўтварэнняў з’езд звязваў са скліканнем Устаноўчага сейма Беларусі.

Першым друкаваным органам БСГ і першым легальным перыяд. выданнем на бел. мове стала газ. «Наша доля» (1-ы нумар выйшаў 14.9.1906). Газета мела рэв.-дэмакр. характар, таму з 6 яе нумароў 5 былі канфіскаваны, а № 7 забаронены і раскіданы ў наборы. У ліст. 1906 БСГ пачала выдаваць новую легальную газету на бел. мове «Наша ніва». Асн. аб’ектам дзейнасці БСГ было бел. сялянства. Яе ўплыў на гар. рабочых, за выключэннем Мінска і Вільні, быў нязначны. У рэвалюцыю 1905—07 БСГ дзейнічала сярод сялян і сельскіх рабочых у паветах Мінскай, Віленскай і Гродзенскай губ., арганізавала шэраг паліт. сходак і мітынгаў у вёсках, удзельнічала ў правядзенні сял. забастовак. Ва ўмовах наступу рэакцыі нелегальная дзейнасць грамады спынена. З 2-й пал. 1907 лідэры БСГ засяродзілі сваю дзейнасць на выданні газ. «Наша ніва», якая стала ідэолагам і арганізатарам бел. нац.-культ. руху, разгарнула на сваіх старонках прапаганду нац. свядомасці, ідэі нац.-культ. адзінства беларусаў, дамагалася прызнання самастойнасці бел. нацыі, змагалася за ўвядзенне бел. мовы ў школе, царкве і касцёле. У 1-ю сусв. вайну на акупіраванай немцамі тэр. дзейнічала створаная членамі БСГ Беларуская сацыял-дэмакратычная работніцкая група. На неакупіраванай тэр. БСГ аднавіла дзейнасць пасля Лют. рэвалюцыі 1917. Яе паліт. курс у новай гіст. сітуацыі адлюстроўваў інтарэсы і настроі сярэдніх слаёў насельніцтва, якія былі зацікаўлены ў ажыццяўленні дэмакр. пераўтварэнняў. Канферэнцыя БСГ (сак. 1917, Мінск) выступіла ў падтрымку Часовага ўрада, выставіла патрабаванне аўтаноміі Беларусі ў складзе федэратыўнай Рас. рэспублікі, выказалася за агульнанародную ўласнасць на зямлю, 8-гадзінны рабочы дзень. У сак. 1917 прадстаўнікі БСГ удзельнічалі ў рабоце з’езда беларускіх нацыянальных арганізацый у Мінску, атрымалі 10 месцаў у Беларускім нацыянальным камітэце. Грамада пашырыла свой уплыў сярод інтэлігенцыі, сялян, гараджан, бежанцаў, ваеннаслужачых, рабочых; яе арганізацыі ўзніклі ў Мінску, Бабруйску, Слуцку, Віцебску, Гомелі, Петраградзе, Маскве і інш. Да сярэдзіны 1917 БСГ налічвала каля 5 тыс. членаў і спачуваючых, у маі—чэрв. 1917 выдавала газ. «Грамада», мела прадстаўнікоў у Саветах рабочых і салдацкіх дэпутатаў і гар. думах Мінска, Петраграда, Бабруйска. У чэрв. 1917 канферэнцыя БСГ выбрала часовы ЦК, у які ўвайшлі П.​Бадунова, А.​Бурбіс, Я.​Варонка, К.​Душэўскі, З.​Жылуновіч, У.​Ігнатоўскі, Я.​Колас, А.​Смоліч. БСГ была ініцыятарам склікання ў ліп. 1917 з’езда беларускіх арганізацый і партый, займала кіруючае становішча ў Цэнтральнай радзе беларускіх арганізацый, Вялікай беларускай радзе, актыўна ўдзельнічала ў скліканні Усебеларускага з’езда 1917. У кастр. 1917 БСГ налічвала каля 10 тыс. членаў. Аднак у ёй нарасталі ўнутр. супярэчнасці паміж прыхільнікамі рэфармісцкага шляху і тымі, хто быў гатовы перайсці на леварадыкальныя пазіцыі, блізкія да бальшавіцкіх. У вер. 1917 частка левага крыла БСГ вылучылася і ўтварыла арганізацыю бальшавіцкага кірунку — Беларускую сацыял-дэмакратычную рабочую партыю. У пач. 1918 адбыўся раскол БСГ. Прыхільнікі стварэння самастойнай бел. дзяржавы прынялі ўдзел у абвяшчэнні Беларускай Народнай Рэспублікі. Петраградская і Маскоўская арг-цыі сталі на шлях утварэння бел. дзяржаўнасці на савецкай аснове. Да лета 1918 БСГ распалася на Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю, Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў і Беларускую партыю сацыялістаў-федэралістаў. Выхадцы з левага крыла БСГ удзельнічалі ў рабоце Беларускага нацыянальнага камісарыята, некаторыя ўступілі ў беларускія секцыі РКП(б). На пач. 1919 у Вільні пэўны час дзейнічала Левая фракцыя Бел. сацыяліст. грамады. Пераемніцай традыцый БСГ з 1991 стала Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада.

Літ.:

Турук Ф. Белорусское движение: Очерк истории нац. и рев. движения белорусов. М., 1921 (репр. изд. Мн., 1994);

Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928): Успаміны аб працы першых бел. паліт. арг.: Бел. рэв. грамада, Бел. сац. грамада. Вільня, 1928;

Тое ж. Мн., 1991.

М.​В.​Біч, С.​С.​Рудовіч.

т. 2, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКВА́,

федэральны горад, сталіца Расійскай Федэрацыі, цэнтр. Маскоўскай вобл. Найбуйнейшы ў краіне прамысл., фін., навук. і культ. цэнтр. Горад-герой (1965). Размешчаны ў міжрэччы Волгі і Акі, на ўскраіне Мяшчорскай нізіны. Па тэр. М. працякае каля 150 рэчак, большасць з якіх у падземных трубах; самая вял. р. Масква з прытокамі Яўза і Сетунь. Агульная пл. 1071 км² (пад жылымі кварталамі 367 км², пад прамысл. зонай 151 км², зялёнымі насаджэннямі 104 км², водныя аб’екты 24 км²). У межы М. ўключаны б. гарады Бабушкін, Любліно, Кунцава, Пярова, Тушына і інш. нас. пункты. Падзяляецца на 10 адм. акруг. 8,7 млн. ж. (1999). Вузел чыгунак, аўтамаб., водных і паветр. шляхоў зносін, рачны порт. Ад М. адыходзяць 11 электрыфікаваных напрамкаў чыгункі, 13 шашэйных дарог. 9 чыг. вакзалаў, 3 рачныя парты, 4 пасажырскія аэрапорты (Дамадзедава, Шарамецьева, Унукава, Быкова). Метрапалітэн (працягласць 255,7 км, 158 станцый). М. — адзін з найб. у свеце індустр. цэнтраў; вырабляе каля 5% прадукцыі прам-сці Расіі. У структуры прамысл. прадукцыі (1995, %) вылучаюцца электраэнергетыка — 17, машынабудаванне — 24, прам-сць буд. матэрыялаў — 8, харч. — 23, інш. — 28. Шмат прадпрыемстваў ваенна-прамысл. комплексу, вядучыя прадпрыемствы авіяц., ракетна-касм., радыёэлектроннай, прыладабуд. прам-сці. Вядучае месца займаюць машынабудаванне і металаапрацоўка, у т. л. станкаінстр., эл.-тэхн., аўтамаб. прам-сць, вытв-сць халадзільнага, кампрэсарнага і пад’ёмнага абсталявання, падшыпнікаў, гадзіннікаў. Найб. маш.-буд. прадпрыемствы: «ЗІЛ», АЗЛК, «Маскоўскі падшыпнік», авіяц. вытв. аб’яднанне імя Дзяменцьева, вытв. аб’яднанне «Энергія», з-ды імя Хрунічава, «Калібр», «Метраном», «Чырвоны пралетарый» і інш. Развіта хім. прам-сць, у т. л. вытв-сць аўтамаб. шын, гумава-тэхн., пластмасавых, фармацэўтычных, парфумерных вырабаў, фарбаў, тавараў быт. хіміі. Прадпрыемствы чорнай металургіі, нафтаперапр. з-д. М. — традыц. цэнтр тэкст. і швейнай прам-сці. Развіты харч. (кандытарская ф-ка «Чырв. Кастрычнік», Астанкінскі і Чаркізаўскі мясаперапрацоўчыя камбінаты, акц. т-вы «Ферэйн», «Царыцына», «Бабаеўскае» і інш.), паліграф., гарбарная, абутковая, футравая прам-сць. М. — цэнтр кнігавыдавецтва і кнігадрукавання. Кінапрамысловасць. У М. сканцэнтраваны буйныя прадпрыемствы буд. індустрыі. Фін. і інвестыцыйны цэнтр краіны (банкі, біржы). 92 плавальныя басейны, 18 палацаў спорту, 96 стадыёнаў.

Гісторыя. У канцы 1-га тыс. н.э. асновай насельніцтва М. былі вяцічы. У канцы 11 ст. М. — невял. горад з умацаваным цэнтрам і рамесна-гандл. пасадам. Упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе ў 1147 як уладанне суздальскага князя Юрыя Далгарукага. На мяжы 12—13 ст. значны горад Уладзіміра-Суздальскага княства. У 1237—38 разбурана мангола-татарамі. З канца 13 ст. цэнтр самаст. княства; пачынальнікам дынастыі маск. князёў быў Даніла Аляксандравіч, сын Аляксандра Неўскага. З 14 ст. цэнтр Маскоўскага вялікага княства. Каля 1326 пры Іване I з Уладзіміра ў М. перанесена рэзідэнцыя мітрапалітаў рус. правасл. царквы. У 1368 і 1370 войскі Дзмітрыя Іванавіча Данскога адбілі напады на М. вял. князя ВКЛ Альгерда. У М. фарміравалася рус. войска, якое ўдзельнічала ў Кулікоўскай бітве 1380. У 1382 горад абрабаваў і спаліў хан Тахтамыш (гл. таксама Маскоўскае паўстанне 1382). З канца 15 ст. М. — сталіца Расіі, у сувязі з чым у 15—16 ст. павялічылася эканам. значэнне горада (вытв-сць зброі, тканін, скураных, ганчарных і ювелірных вырабаў), засн. Гарматны двор, Парахавы (канец 15 ст.) і Манетны (1534) двары. У сак. 1564 І.Фёдараў (Федаровіч) і П.Мсціславец выдалі ў М. першую друкаваную рус. кнігу («Апостал»). Горад моцна пацярпеў у часы апрычніны (1565—72, 1575—76), у 1571 спалены (акрамя Крамля) войскам крымскага хана Даўлет-Гірэя. У 1610 акупіраваны войскамі Рэчы Паспалітай, вызвалены нар. апалчэннем пад кіраўніцтвам К.​М.​Мініна і Дз.​М.​Пажарскага. З 17 ст. М. — усерас. цэнтр рамеснай вытв-сці і гандлю (у канцы 1630-х г. у горадзе было каля 2 тыс. рамеснікаў), узніклі парахавыя млыны, папяровыя мануфактуры, Гранатны двор і інш. У 1687 засн. Славяна-грэка-лацінская акадэмія (з 1682 Маск. духоўная акадэмія). У 1682 (гл. Маскоўскае паўстанне 1682) і 1698 у М. адбыліся бунты стральцоў. З 1708 цэнтр Маскоўскай губ., рэзідэнцыя ген.-губернатарства. Пасля пераносу ў 1712 сталіцы Расіі ў Пецярбург М. засталася важнейшым эканам., гандл. і культ. цэнтрам краіны. У 18 ст. развівалася тэкст. вытв-сць (палатняныя, шаўковыя мануфактуры, Суконны двор). Паводле перапісу 1701 у М. 16 358 двароў. Пачалося брукаванне вуліц, у 1730 з’явілася вулічнае асвятленне, у 1781—1804 пабудаваны першы ў Расіі водаправод. У 1699 засн. Бурмістрава палата (пазней Ратуша, з 1720 Магістрат), у 1785 — Гар. дума. Засн. Артыл. (1707) і Інж. (1712) школы, у 1755 — Маскоўскі універсітэт. У вайну 1812 М. — цэнтр агульнарас. супраціўлення, на ​2/3 спалена войскамі Напалеона 1. У 1814 тут дзейнічала больш за 250 прадпрыемстваў. З 2-й пал. 19 ст. М. — найбуйнейшы чыг. цэнтр краіны. У канцы 1840-х г. у горадзе з’явіўся першы грамадскі транспарт — «лінейкі», у 1899 — трамвай. У пач. 20 ст. М. — буйны сусв. крэдытна-фін. цэнтр. Адзін з цэнтраў рэвалюцыі 1905—07 і Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі. З 1918 М. — сталіца РСФСР, у 1922—91 — СССР. У Вял. Айч. вайну адбылася Маскоўская бітва 1941—42, масквічы сфарміравалі 16 дывізій нар. апалчэння; тут знаходзіліся Дзярж. к-т абароны і Стаўка Вярх. галоўнакамандавання. У 1980 месца правядзення ХХП летніх Алімп. гульняў. У 1990 у М. абвешчаны дзярж. суверэнітэт Рас. Федэрацыі. З 1992 М. — сталіца Рас. Федэрацыі, горад федэральнага значэння — суб’ект Рас. Федэрацыі.

Архітэктура. Гіст. ядро М. — Крэмль Маскоўскі (узнік у 11—12 ст. у сутоках Масквы-ракі і р. Няглінная), Красная плошча (з 15 ст.) з Васіля Блажэннага храмам (1555—90). У аснове радыяльна-кальцавога плана М. вуліцы, што разыходзіліся ад Крамля, і 3 поясы крапасных умацаванняў: Кітай-горада (1535—38, захаваліся фрагменты), Белага горада (1585—93, дойлід Ф.​Конь, цяпер Бульварнае кальцо) і Землянога горада (1591, 1641 і 1659, цяпер Садовае кальцо). У 13—16 ст. на гал. падыходах да М. ўзведзены ўмацаваныя манастыры: Андронікаў манастыр, Данскі манастыр, Новадзявочы манастыр, Данілаў (засн. ў 1282, цяпер манастыр-рэзідэнцыя патрыярха Маскоўскага) і інш. Забудова горада была пераважна драўляная. У 14 ст. складваецца Маскоўская школа дойлідства. Пачалі будаваць каменныя пасадскія храмы, у т. л. бесстаўповыя, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі (царква Зачацця Ганны, што ў Вугле, 1478—93). У 16 ст. будавалі цэрквы стоўпападобныя шатровыя (царква Ушэсця ў Каломенскім, 1532), манум. 5-купальныя (царква Адсячэння галавы Іаана Прадцечы ў Дзякаўскім, 1547). У 17 ст. Крэмль страціў крапасное значэнне, яго вежы ўпрыгожылі дэкар. шатрамі; культавыя і грамадз. збудаванні набылі свецкі характар, ускладніўся сілуэт, з’явіліся ўзорыстая цагляная муроўка, белакаменная разьба, каляровая кафля (царква ў Хамоўніках, 1679—80). З канца 17 ст. будавалі ў духу т.зв. нарышкінскага барока: цэрквы Уваскрэсення ў Кадашах (1687—1713, перабудавана ў 1860), Тройцы ў Хахлоўскім завулку (1696, каляровая кафля бел. цанінніка Палубеса), Тройцы ў Троіцкім-Лыкаве (1698—1704, прыпісваецца Я.​Бухвоставу), каменныя жылыя дамы (палаты дзяка Аверкія Кірылава, 1657, перабудаваны ў 18 ст.). Многія храмы і палацы М. аздаблялі бел. рэзчыкі (гл. Беларуская рэзь). З канца 17 — пач. 18 ст. былі спробы рэгулявання планіроўкі гар. кварталаў, складзены першы геад. план М. (1731—39, арх. І.​Мічурын, І.​Мардвінаў). Будавалі ў традыц. формах 17 ст. з выкарыстаннем ордэра, склаўся стыль барока (царква Архангела Гаўрыіла, т.зв. Меншыкава вежа, пачата ў 1701, у 1704—07 — арх. І.​Зарудны; дом Апраксіных, 1766—69). У 2-й пал. 18 ст. ў М. пашырана буд-ва ў формах класіцызму: будынкі Шляхетнага сходу (да 1775, перабудаваны ў 1784—90; цяпер Дом Саюзаў), Сената ў Крамлі (1776—88; цяпер рэзідэнцыя прэзідэнта Рас. Федэрацыі), Галіцынскага шпіталя (1796—1801), царква Філіпа Мітрапаліта (1777—88), дамы Дзямідава (1779—91), Барышнікава (1797—1802; усе арх. М.​Казакоў), Пашкова (1784—96, арх. В.​Бажэнаў, цяпер корпус Рас. дзярж. б-кі). У канцы 18 ст. на месцы Белага горада закладзены бульвары (першы — Цвярскі, 1796). У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. склаліся ансамблі падмаскоўных сядзіб — Астанкіна, Кускова, Царыцына і інш. На ўскрайках М. сяліліся рамеснікі і рабочыя. Пасля пажару 1812 (зруйнавана больш за ​2/3 будынкаў) створана «Камісія для адбудовы Масквы» (1813—43, адзін з кіраўнікоў арх. В.​Бавэ), праводзіліся вял. горадабуд. работы, створаны ансамблі Краснай і Тэатральнай плошчаў, разбіты Аляксандраўскі сад, узведзены будынкі манежа (1817, Л.​Карбанье, А.​Бетанкур, Бавэ), Вялікага тэатра Расіі (1824), перабудаваны ун-т (1817—19, арх. Д.​Жылярдзі). Аблічча М. вызначала жылая забудова невял. асабнякамі (майстар А.​Грыгор’еў). Найб. значныя збудаванні 1-й трэці 19 ст. ў стылі ампір: Удовін дом (1809—11, арх. Дж.​Жылярдзі, перабудаваны ў 1818, арх. Д.​Жылярдзі), сядзібы кн. Галіцыных (Кузьмінкі, 1820-я г.), Усачовых-Найдзёнавых (1829—31, абедзве арх. Д.​Жылярдзі), Правіянцкія склады (1821—35, арх. В.​Стасаў, Ф.​Шастакоў), Трыумфальныя вароты (1827—34, арх. Бавэ). Пабудовы 19 — пач. 20 ст. ў духу эклектыкі і стылю мадэрн: храм Хрыста Збавіцеля ў памяць вайны 1812 (1837—83, знесены ў 1930-я г., адноўлены ў 1990-я г.), Мікалаеўскі вакзал (цяпер Ленінградскі; 1849, абодва арх. К.​Тон, рус.-візант. стыль), Гістарычны музей (1875—81), Музей выяўленчых мастацтваў імя А.​С.​Пушкіна (1898—1912), будынак МХАТ імя А.​П.​Чэхава (1902), асабняк Рабушынскага (1902—06, абодва арх. Ф.​Шэхтэль, мадэрн), гал. фасад Траццякоўскай галерэі (1906). План «Новая Масква» (1918—25, калектыў архітэктараў пад кіраўніцтвам А.​Шчусева і І.​Жалтоўскага) прадугледжваў добраўпарадкаванне цэнтр. і перыферычных раёнаў М., буд-ва жылых кварталаў са свабоднай расстаноўкай будынкаў, багатым азеляненнем (раёны Усачоўкі, Дангаўэраўкі і інш.). Грамадскія будынкі 1920—30-х г. у духу канструктывізму: радыёвежа на Шабалаўцы (1921, інж. У.​Шухаў), дом газ. «Известия» (1925—27, арх. Р.​Бархін), клуб імя І.​Русакова (1927—29, арх. К.​Мельнікаў). Цэнтр. стат. ўпраўленне (1928—35, арх. Ле Карбюзье, з удзелам арх. М.​Колі; цяпер Дзяржкамстат Расіі), камбінат газ. «Правда» (1929—35, арх. П.​Голасаў), Палац культуры аўтазавода «АМО» (1930—34, арх. браты Весніны) і інш. У ансамблі Краснай пл. маўзалей У.​І.​Леніна (1929, арх. Шчусеў). У 1930-я г. пачалося буд-ва метрапалітэна, здадзена ў эксплуатацыю першая тралейбусная лінія, пабудаваны канал імя Масквы. У працэсе рэалізацыі плана рэканструкцыі М. 1935 (арх. У.​Сямёнаў, С.​Чарнышоў і інш.) створана Манежная пл., пабудаваны гасцініца «Масква» (арх. Шчусеў, А.​Стапран, Л.​Савельеў), будынак Дзяржплана (абодва 1932—38, арх. А.​Лангман), рэканструяваны гал. гар. магістралі — вул. Горкага (цяпер Цвярская), Мажайская шаша (цяпер ч. Кутузаўскага праспекта) і інш. У 1936—39 цалкам перабудаваны масты, у т. л. Маскварэцкі (арх. Шчусеў, інж. В.​Кірылаў), вісячы Крымскі (арх. А.​Уласаў, інж. В.​Канстанцінаў), створана Усесаюзная с.-г. выстаўка (перабудавана ў 1954, цяпер Усерас. выставачны цэнтр). У канцы 1940-х—60-я г. ўзводзілі вышынныя будынкі: Маскоўскі ун-т на Вараб’ёвых гарах (1949—53), жылыя дамы на вул. Паўстання (арх. М.​Пасохін, А.​Мндаянц і інш.), гасцініца «Украіна» (1957, арх. А.​Мардвінаў). З 1950-х г. на свабодных землях ствараліся буйныя гар. раёны, падзеленыя на мікрараёны (Паўд. Захад, Новыя Чаромушкі, Паўн. Ізмайлава і інш.); забудова вялася паводле тыпавых праектаў 5-павярховымі дамамі, з сярэдзіны 1960-х г. — дамамі ў 9 і больш паверхаў. У цэнтры пракладзены і забудаваны новыя праспекты — Камсамольскі (1958—65), Калінінскі (1964—69, цяпер Новы Арбат), Навакіраўскі (1980—90-я г., цяпер праспект А.​Дз.​Сахарава) і інш. Сярод значных збудаванняў у формах сучаснай архітэктуры: комплекс Цэнтр. стадыёна ў Лужніках (1955—56), кінаканцэртная зала «Кастрычнік» (1967), тэлецэнтр у Астанкіне (вежа — 1967, выш. 533 м, будынак — 1968), будынак СЭУ на Новым Арбаце (1969, цяпер Маск. мэрыя), комплекс гасцініцы «Расія» (1967—70) з Цэнтр. канцэртнай залай (1974); Курскі вакзал (1972), Дом урада Рас. Федэрацыі («Белы дом», 1981), камфартабельныя гасцініцы («Балчуг-Кемпінскі», «Прэзідэнт-атэль») і жыллёвыя комплексы (1990-я г.). У выніку рэканструкцыі 1992—96 Манежная пл. пераўтворана ў гандл.-рэстаранны цэнтр; уздоўж агароджы Аляксандраўскага сада адкрыта штучнае рэчышча (імітацыя вадацёку р. Няглінная), дэкарыраванае балюстрадамі і скульпт. групамі на тэмы рус. казак (скульпт. З.​Цэрэтэлі). Паркі: Цэнтр. культуры і адпачынку імя М.​Горкага, Ізмайлаўскі, Сакольніцкі і інш. Помнікі: А.​С.​Пушкіну (1880), «Героям Плеўны» (1887), І.​Фёдараву (1909), М.​Горкаму (1951), Ю.​Далгарукаму, П.​І.​Чайкоўскаму (абодва 1954), М.​Ю.​Лермантаву (1965), «Невядомаму салдату» (1967), М.​І.​Кутузаву (1973), маршалу Г.​К.​Жукаву (1996) і інш. Крэмль і ансамбль Краснай пл. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Культурна-асветныя ўстановы. У М. знаходзяцца расійскія АН, АМ, акадэмія мед. навук і інш. галіновыя акадэміі; каля 1 тыс. НДІ і канструктарскіх бюро; каля 80 ВНУ, у т. л. Маскоўскі універсітэт, маскоўскія тэхн. ун-т, лінгвістычны ун-т, кансерваторыя, расійскія ун-т дружбы народаў, мед. ун-т, акадэміі: мед., с.-х., ветэрынарная, нафты і газу, эканам., кіравання, музыкі імя Гнесіных, хар. мастацтва імя Свешнікава, тэатр. мастацтва, харэаграфічная, фіз. культуры; ін-т кінематаграфіі, тэатр. і муз. вучылішчы. Буйнейшыя б-кі: Рас. дзяржаўная, гіст., замежнай л-ры, Маскоўскага ун-та і інш. Больш за 70 музеяў, у т. л. музейнае аб’яднанне «Траццякоўская галерэя», выяўл. мастацтваў імя Пушкіна, Гістарычны, Політэхн., Аружэйная палата, архітэктуры імя Шчусева, гісторыі М., Тэатральны імя Бахрушына, Літаратурны; дамы-музеі В.​Васняцова, М.​Горкага, М.​Лермантава, Л.​Талстога, М.​Цвятаевай, А.​Чэхава, Ф.​Шаляпіна і інш.; маст. галерэі і выставачныя залы. Каля 60 прафес. тэатраў, у т. л. Вялікі, муз. імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі, аперэты, Малы, МХАТ імя Чэхава, МХАТ імя Горкага, імя Вахтангава, імя Маякоўскага, імя Массавета, імя Ярмолавай, «Ленком», на Таганцы, на Малой Броннай, «Сучаснік», Сатыры, лялек імя Абразцова і інш.; тэатры-студыі. 2 цыркі. Канцэртная зала імя Чайкоўскага, Вял. і Малая залы кансерваторыі, Калонная зала Дома Саюзаў, Цэнтр. канцэртная зала «Расія» і інш. Кінаканцэрн «Масфільм» і інш. кінастудыі. Тэлецэнтр «Астанкіна».

У М. адбываюцца Міжнар. конкурс артыстаў балета (з 1969), Міжнар. конкурс імя Чайкоўскага (з 1958), Маскоўскі міжнар. кінафестываль (у 1935, з 1959 раз у 2 гады), муз. фестывалі «Маскоўскія зоркі», «Руская зіма», «Маскоўская восень», фестываль музыкі і жывапісу «Снежаньскія вечары» і інш.

Беларусы ў Маскве. З бел. зямель ВКЛ у М. перасяляліся пакрыўджаныя ці незадаволеныя палітыкай вял. князёў прадстаўнікі вышэйшага феад. саслоўя (князі Бельскія, Вяземскія, Глінскія і інш.), выводзіліся захопленыя ў час войнаў палонныя — шляхта, сяляне, рамеснікі. У 1-й пал. 16 ст. вял. кн. маскоўскі Васіль III набраў сабе атрад целаахоўнікаў пераважна з выхадцаў з ВКЛ і пасяліў іх асобна ў створанай для іх слабадзе Налі (Наліўкі, Налейка). У пач. 17 ст. засн. яшчэ 2 вайск. слабады, населеныя ў асн. беларусамі — Старапанская (Іншаземная) у раёне Варанцова поля (у 1638 былі 52 двары) і Панская (абедзве асіміляваны да канца 17 ст.). Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 каля ​1/5 насельніцтва М. складалі палонныя беларусы, якія сяліліся па розных слабодах (найб. у Броннай і Ганчарнай). У 1672 для іх створана новая іншаземная Мяшчанская слабада, дзе ў 1684 у 477 дварах жыло 612 сем’яў (жыхары Мяшчанскай слабады асіміляваны ў пач. 18 ст.). З 15 ст. ў М. існаваў Літ. купецкі двор, дзе спыняліся купцы з ВКЛ (двор размяшчаўся ў раёне Варварскага крыжа; цяпер вул. Разіна), у канцы 16 ст. перанесены на Лубянскую плошчу, дзе праіснаваў да 2-й пал. 17 ст. З 16 ст. ў М. існаваў дыпламат. двор, прызначаны для пражывання пасольстваў ВКЛ — на Успенскім яры (з 1530), Пакроўцы (з 1560-х г.), Ільінцы ў Кітай-горадзе (пач. 17 ст.); дыпламат. двор ліквідаваны ў сярэдзіне 17 ст. паводле ўказа цара Міхаіла Фёдаравіча. Значны ўплыў на развіццё грамадскай думкі, культуры, асветы, кнігадрукавання ў Расіі 16—18 ст. зрабілі выхадцы з Беларусі, у т. л. П.​Мсціславец, І.​Фёдараў (Федароўскі), а таксама тыя, што жылі ў М.: І.С.Перасветаў, І.Ф.Капіевіч, А.Х.Белабоцкі, Сімяон Полацкі і інш. Трупа першага рус. (прыдворнага) тэатра (1672—76) амаль цалкам складалася з беларусаў Мяшчанскай слабады. У 2-й пал. 17 ст. дзесяткі беларусаў працавалі на Друкарскім двары, у Аружэйнай палаце, аздаблялі церамы Крамля, цэрквы і манастыры М. Яны прывезлі новыя рамёствы, тэхніку беларускай рэзі, вырабу шматколернай кафлі і інш. У 1800 у М. перасялілі музыкантаў Шклоўскага тэатра Зорыча. У 19 — пач. 20 ст. у М. працавалі мастакі С.К.Заранка, С.Ю.Жукоўскі, В.К.Бялыніцкі-Біруля, вучоныя А.А.Кавалеўскі, В.К.Цэраскі, А.С.Будзіловіч і інш. У першыя дзесяцігоддзі 20 ст. ў М. існавалі бел. паліт. і культ.-асв. арг-цыі: Беларуская сацыялістычная грамада, Беларуская народная грамада, бел. секцыя пры ЦК партыі левых эсэраў, Цэнтр. бюро бел. секцый РКП(б), Беларускі нацыянальны камісарыят, Беларускі народны універсітэт, Беларускае навукова-культурнае таварыства, клуб «Беларус», Беларуская чыгуначная грамада і інш. У 1920—1-й пал. 1930-х г. у М. дзейнічалі Беларускае Цэнтральнае бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР, Цэнтр. бюро бел. студэнцкіх арг-цый, Беларускае пралетарскае студэнцкае зямляцтва, Т-ва паліт. эмігрантаў з Зах. Беларусі, Беларуская культурна-навуковая асацыяцыя, Беларускі клуб, Беларуская драматычная студыя, Беларуская песенная камісія, бел. секцыя Маскоўскай асацыяцыі пралет. пісьменнікаў і інш. У 2-й пал. 20 ст. прыток беларусаў у М. значна павялічыўся: калі ў 1926 у М. было 13 тыс. чал. беларусаў, то ў 1959—34 370, у 1970—50 257, у 1989—73 005. Многія беларусы і ўраджэнцы Беларусі 20 ст. сталі ў М. вядомымі дзярж., грамадскімі і культ. дзеячамі, вучонымі: А.М.Адамовіч, Ж.А.Алфёраў, І.Р.Брайцаў, В.А.Гальданскі, А.А.Грамыка, Я.Б.Зяльдовіч, Л.Іларыёнава, А.К.Каўка, К.Т.Мазураў, Я.А.Мандэльштам, А.Б.Мігдал, П.В.Сухі, М.М.Улашчык, Ф.Л.Шапіра, О.Ю.Шміт, Я.​Шыраеў, касманаўты У.В.Кавалёнак і П.А.Клімук. З канца 1980-х г. у М. зноў ствараюцца бел. культ.-асв. і грамадска-паліт. арг-цыі: Т-ва бел. культуры імя Ф.​Скарыны, аб’яднанне беларусаў М. «Бацькаўшчына», студэнцкая суполка «Пагоня», бел. каталіцкая і уніяцкая суполкі і інш. У кастр. 1999 створана бел. нац.-культ. аўтаномія «Беларусы Масквы». Выдаецца бюлетэнь «Шляхам Скарыны». Прадстаўнікі маск. бел. арг-цый удзельнічалі ў сходзе беларусаў блізкага замежжа (1992), з’ездах беларусаў свету (1993, 1997). У М. размешчаны сядзібы Міжрэгіянальнага аб’яднання беларусаў Расіі і федэральнай нац.культ. аўтаноміі «Беларусы Расіі».

Літ.:

Москва: Энцикл. М., 1998;

Забелин И. История города Москвы: Репринт. воспр. изд. 1905 г. М., 1990;

По Москве: Репринт. воспр. изд. 1917 г. М., 1991;

Молокова Т.А., Фролов В.П. История Москвы в памятниках культуры: К 850-летию столицы. М., 1997;

Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве XVII в. Мн., 1957;

Брага С. [Тумаш В.] Доктар Скарына ў Маскве. Мн., 1993;

Прыбытка Г. Міласцю прыроднаю майстры: Бел. слабоды ў Маскве // Бел. мінуўшчына. 1993. № 3/4;

Москва: Памятники архитектуры XIV—XVII вв.: [Альбом]. М., 1973;

Москва: Памятники архитектуры XVIII — первой трети XIX в. Кн. 1—2. М., 1975;

Кириченко Е. Москва: Памятники архитектуры 1830—1910 хт. М., 1977.

Г.​С.​Смалякоў (геаграфія, эканоміка), Г.​В.​Прыбытка (гісторыя), Р.​Л.​Раманаў (архітэктура), Г.​В.​Прыбытка, Г.​Г.​Сяргеева (беларусы ў Маскве).

Да арт. Масква. Від на Маскву-раку.
Да арт. Масква. Вуліца С.​Разіна.
Да арт. Масква. Пасольскі двор. Малюнак І.-Р.​Сторна для кнігі А.​Меерберга «Вандраванне ў Масковію». 1661—62.
Да арт. Масква. У заваяванай Маскве. (Падпальшчыкі). Мастак В.​В.​Верашчагін. 1897—98.
Да арт. Масква. Царква Зачацця Ганны, што ў Вугле. 1478—93.
План Масквы 1610 («Жыгімонтаў план»), Складзены І.​Г.​Абелінам. Гравюра Л.​Кіліяна.
Помнік Г.​К.​Жукаву ў Маскве. 1996.
Да арт. Масква. Універсітэт імя М.​В.​Ламаносава.
Да арт. Масква. Жыллёвы комплекс на Мажайскай шашы. 1999.
Да арт. Масква. Гасцініца «Расія». 1967—70.

т. 10, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСК,

горад абл. падпарадкавання Беларусі, цэнтр Бабруйскага р-на. За 110 км ад абл. цэнтра — г. Магілёў. Вузел чыгунак на Асіповічы, Жлобін, Акцябрскі і аўтадарог на Мінск, Гомель, Магілёў, Калінкавічы, Слуцк, Рагачоў. Порт на р. Бярэзіна. 227,1 тыс. ж. (1995).

Паселішча чалавека на месцы горада існавала ўжо ў канцы 3-га — 2-м тыс. да нашай эры; на рубяжы нашай эры дзейнічаў водны шлях па Бярэзіне. У 6—7 ст. тут існавала слав. паселішча, з 11 ст. — дрыгавічоў. Першае пісьмовае ўпамінанне Бабруйска (летапісны Бобровск, Бобруеск, Бобрусек) адносіцца да 1387. Цэнтр воласці ў ВКЛ, меў магдэбургскае права. У 14 ст. пабудаваны Бабруйскі замак. У 1503—05 спустошаны крымскімі татарамі, у 1506 вытрымліваў аблогі кн. М.​Глінскага. З 1565 у Рэчыцкім пав.; уладанне вял. князя, потым Радзівілаў, Гаштольдаў, Трызнаў. Хутка рос у 16—17 ст. У 1620 меў 15 вуліц, 409 двароў, 75 крам, млын, царкву, касцёл, з 1630 тут дзейнічала Бабруйская езуіцкая гімназія. У антыфеад. вайну 1648—51 значна пацярпеў у час аблогі і штурму войскамі гетмана Я.​Радзівіла (гл. Бабруйска абарона 1649). Разбурэнні ў час войнаў сярэдзіны 17 — пач. 18 ст. прывялі горад у заняпад. З 1793 у складзе Рас. імперыі, з 1795 цэнтр Бабруйскага павета. У 1796 Бабруйску нададзены герб: у сярэбраным полі карабельная мачта і 2 перакрыжаваныя бервяны. У вайну 1812 значныя сілы франц. войскаў адцягнула Бабруйскай крэпасці абарона 1812. З Бабруйскам звязаны падзеі дзекабрысцкага руху (гл. Бабруйскі план дзекабрыстаў 1823). Развіццю горада спрыяла пракладка шашы Масква—Варшава (1848) і Лібава-Роменскай чыгункі (1873). У 1897 у горадзе 34,3 тыс. ж, 19 фабрык і з-даў. Тут адбылося Бабруйскае выступленне салдатаў 1905. У 1916—19 працавала Бабруйская жаночая настаўніцкая семінарыя. У студз. 1918 заняты войскамі Ю.​Доўбар-Мусніцкага, у маі—ліст. германскімі, у жн. 1919 — ліп. 1920 польск. войскамі. У 1924 створаны Бабруйскі краязнаўчы музей. З 1924 цэнтр Бабруйскай акругі, з 1927 — Бабруйскага раёна. З 1938 горад абл. падпарадкавання. У перадваенныя гады адзін з буйных прамысл. і культ. цэнтраў БССР. З 28.6.1941 да 29.6.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія стварылі тут Бабруйскі лагер смерці, загубілі ў Бабруйску і наваколлі каля 100 тыс. грамадзян. Дзейнічала Бабруйскае патрыятычнае падполле. Вызвалены ў ходзе Бабруйскай аперацыі 1944. У 1944 — 28 тыс. ж. У 1944—54 цэнтр Бабруйскай вобласці. У 1959 каля 97,5 тыс. ж.

Хім. прам-сць: вытв. аб’яднанні: «Бабруйскгідролізпрам», Беларускі шынны камбінат, завод «Беларусьгуматэхніка»; маш.-буд. і металаапр. прам-сць; Бабруйскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання, Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў, Бабруйскі доследна-механічны завод, з-ды вагавымяральных прылад, аўтатрактарных дэталяў і інш. Лёгкая прам-сць: Бабруйская футравая фабрыка, Бабруйская фабрыка мастацкіх вырабаў, Бабруйскі гарбарны камбінат і камбінат нятканых матэрыялаў; ф-кі швейная, валюшна-лямцавая, трыкатажная, абутковая, люстраная. Харч. прам-сць: мясакамбінат, камбінат хлебапрадуктаў; Бабруйская кандытарская фабрыка «Чырвоны харчавік», з-ды малочны, маслабойны, кансервавы і інш. Самае вялікае на Беларусі вытв. дрэваапр. аб’яднанне; вытв-сць буд. матэрыялаў: Бабруйскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат, Бабруйскі камбінат будаўнічых матэрыялаў, з-ды буйнапанэльнага домабудавання, зборнага жалезабетону. ЦЭЦ. Тэхнікумы: аўтатрансп., лесатэхн., механіка-тэхнал., сельскагаспадарчы (пра кожны гл. асобны артыкул); мед. вучылішча і Бабруйскае вучылішча алімпійскага рэзерву. Бальнеагразевы курорт Бабруйск.

Паводле інвентара 1638, Бабруйск меў плошчу 6,75 га на правабярэжжы Бярэзіны. На ўзвышшы размяшчаўся замак, каля ракі — касцёл Пятра і Паўла і царква Мікалая, на вул. Падольнай — Бабруйскі «каралеўскі двор», на вул. Свіслацкай — дом езуітаў, каралеўскі сад, паміж вул. Прудовай і Кісялёўскай — царква Прачыстай Багародзіцы, на вул. Ільінскай — царква Ільі Прарока, на вул. Капыльнічавай — замкавы гасціны дом. Першы праектны план Бабруйска складзены ў 1800, паводле яго горад забудоўваўся да 1810. Развіццё арх.-планіровачнай структуры звязана з буд-вам у Бабруйску (1807—36) на месцы гіст. цэнтра адной з самых моцных у Расіі Бабруйскай крэпасці. У канцы 19 — пач. 20 ст. цэнтр горада забудаваны мураванымі будынкамі (жаночая гімназія, банкі, асабнякі, жылыя дамы), у якіх выявіліся рысы стыляў несапраўднай готыкі, псеўдарускага, неабарока, неакласіцызму, мадэрн. У 1920—30-я г. Бабруйск развіваўся па традыцыйнай радыяльна-паўкальцавой схеме на тэр. б. фарштатаў вакол крэпасці і ўздоўж асн. магістраляў — вуліц Мінскай, Рагачоўскай. Пабудаваны дом-камуна, «Дом калектыву», адм. будынкі, у якіх выявіліся рысы канструктывізму, выкарыстаны элементы класічнай спадчыны. У 1960—70-я г. забудоўваўся паводле генплана 1966. Кампазіцыйным ядром застаецца крэпасць, на перакрыжаванні вуліц Савецкай і Горкага — адм. цэнтр горада з Домам Саветаў. Паводле генплана 1978 кампазіцыйная вось горада — р. Бярэзіна, галоўная — вул. Горкага з новым грамадскім цэнтрам. Вызначаны планіровачныя раёны Цэнтр., Паўн., Паўд. і новы Усходні (в. Цітаўка на левым беразе р. Бярэзіна); прадугледжана інтэнсіўнае жыллёвае буд-ва ў Паўн. раёне, стварэнне паркаў і сквераў уздоўж р. Бярэзіна.

Першыя звесткі пра тэатр. жыццё ў Бабруйску адносяцца да 18 ст. і звязаны з дзейнасцю Бабруйскага школьнага тэатра. У 1852 мінскія аматары паказвалі ў Бабруйску п’есу «Сялянка» В.​Дуніна-Марцінкевіча, пазней гастраліравалі польск., яўр., рус. тэатр. трупы. У Бабруйску пачыналі творчую дзейнасць рус. акцёры М.​Савіна і В.​Далматаў. У 1918 арганізаваны Рус. нар. т-р пад кіраўніцтвам А.​Пакрасава. У 1920 сфарміраваны Другі паказальны тэатр. У 1932 тут створаны Дзярж. рус. драм. т-р БССР (гл. Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі), у 1935 — Т-р рабочай моладзі, у 1938 — калгасна-саўгасны т-р, у 1944 — Бабруйскі абласны драматычны тэатр, у 1956 — Бабруйскі вандроўны беларускі драматычны тэатр. З 1970 у Бабруйску дзейнічае Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя Дуніна-Марцінкевіча. У 1892 у Бабруйску засн. муз.-драм. гурток, з 1921 працавала нар. кансерваторыя, у 1927 створана муз. школа, пачатак дзейнасці якой звязаны з імем Я.​Цікоцкага (цяпер носіць яго імя). У 1944—49 працаваў т-р муз. камедыі, з 1962 Бабруйскі музычна-драматычны тэатр, рэарганізаваны ў Магілёўскі абласны тэатр музычнай камедыі. На 1995 г. ў Бабруйску 2 муз. школы, шматлікія самадз. калектывы. У горадзе Музей народнай творчасці Беларусі, краязнаўчы музей, выставачная зала. Здаўна вядомы традыцыйныя ганчарныя вырабы майстроў з Бабруйску (гл. Бабруйская кераміка). Помнікі: С.​М.​Халтурыну, В.​З.​Харужай, воінам 1-га Бел. фронту — вызваліцелям Бабруйска ад ням. фашыстаў. Брацкія магілы падпольшчыкаў і воінаў грамадз. вайны, ваен. інтэрвенцый, сав. воінаў і партызанаў, магілы ахвяраў фашызму Вял. Айч. Вайны.

Цэнтральная плошча ў Бабруйску.
Гасцініца «Юбілейная» ў Бабруйску.
Да арт. Бабруйск. Асабняк на вул. Пушкіна. 1912.
Помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў у Бабруйску.

т. 2, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНГАПУ́Р (малайскае Singapura, англ. Singapore),

Рэспубліка Сінгапур (малайскае Republik Singapura, англ. Republic of Singapore), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на в-ве Сінгапур (пл. 570 км²) і прылеглых дробных астравах (каля 50), каля паўд. берагоў п-ва Малака. Джахорскім прал. (перасечаны дамбай з чыгункай, шашой і магістральным водаправодам) аддзелены ад тэр. Малайзіі, Сінгапурскім — ад Інданезіі. Пл. 648 км². Нас. 4151,3 тыс. чал. (2000). Дзярж. мовы — малайская, кітайская, англійская, тамільская. Сталіца — г. Сінгапур. Нац. свята — Нацыянальны дзень (9 жн.).

Дзяржаўны лад. С. — рэспубліка з парламенцкай формай праўлення. Чл. Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1991 (з папраўкай 1993). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на прамых усеагульных выбарах тэрмінам на 6 гадоў. Аднапалатны парламент выбіраецца на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Рэльеф раўнінны (выш. да 176 м). Клімат экватарыяльны мусонны, гарачы і вільготны. Т-ра ўвесь год 26—28 °C. Выпадае каля 2500 мм ападкаў за год. Амаль уся тэрыторыя забудавана, ёсць паркі і скверы. Захаваліся невял. балоты, рэшткі трапічных лясоў (каля 5% тэр.), каля берагоў мангравыя зараснікі. Ёсць некалькі рэзерватаў, запаведнік на г. Букітымах, сусв. вядомы бат. сад.

Насельніцтва. Жывуць кітайцы (76%), малайцы (15%), выхадцы з Паўд. Азіі, пераважна тамілы (7%), еўрапейцы (англічане, французы, партугальцы), нашчадкі ад мяшаных шлюбаў еўрапейцаў з прадстаўнікамі азіяцкіх народаў, арабы і інш. Вернікі — будысты, канфуцыянцы, мусульмане, індуісты, хрысціяне. Сярэднегадавы прырост каля 1 % за год. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва больш за 6400 чал. на 1 км², адна з найб. у свеце. Усё насельніцтва гарадское, жыве ў г. Сінгапур (3567 тыс. ж.), суседніх гарадах і пасёлках. У прам-сці занята 25,6% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 1%, у фінансах і банкаўскай справе — 33,5%, у буд-ве — 6,6%, у кіраванні і абслуговых галінах — 33,3%.

Гісторыя. У сярэдневякоўі тэр. С. ўваходзіла ў склад розных малайска-інданез. дзяржаў (Шрывіджаі. Малакскага султаната і інш). Пасля войнаў 13—14 ст. да пач. 19 ст. яна амаль незаселена. У 1819 брыт. губернатар Явы Т.​С.​Рафлз выкупіў в-аў Сінгапур у султана Джахора, заснаваў тут факторыю С., вакол якой вырас горад — адзін з найб. гарадоў Паўд.-Усх. Азіі; з 1826 асобная калонія Вялікабрытаніі. У 1942—45 С. акупіраваны яп. войскамі. У 1954 створана Партыя нац. дзеяння (ПНД). У 1959 С. атрымаў самакіраванне. У 1963—65 у складзе Федэрацыі Малайзія, з 9.8.1965 — незалежная дзяржава. Урад ПНД (напачатку на чале з прэм’ер-міністрам Лі Куан Ю, з ліст. 1990 — Го Чок Тонгам) ажыццяўляе палітыку прыцягнення замежнага капіталу і развіцця рыначнай эканомікі, што прывяло да хуткага эканам. росту С. і ператварэння яго да пач. 1990-х г. у адну з найб. развітых краін Азіі. С. — чл. ААН (з 1965), Арг-цыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі. Дыпламат. адносіны паміж С. і Рэспублікай Беларусь усталяваны ў жн. 1992. Гал. паліт. партыя — Партыя нац. дзеяння, інш. партыі не адыгрываюць значнай ролі ў паліт. жыцці С.

Гаспадарка. С. — найб. развітая ў эканам. адносінах краіна Паўд.-Усх. Азіі. Разам з Тайванем і Паўд. Карэяй трывала ўваходзіць у лік «новых індустр. краін». Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) — 91,7 млрд. дол., каля 22 100 дол. на душу насельніцтва (2000). У прам-сці ствараецца каля 30% ВУП, у транспарце і сувязі — 13%, у сельскай гаспадарцы — 0,2%, у сферы абслугоўвання каля 57%. С. — буйны рэгіянальны і міжнар. цэнтр гандлю, фінансаў, маркетынгу, паслуг і распрацовак найноўшых тэхналогій, важнейшы трансп. і камунікацыйны вузел Паўд.-Усх. Азіі. Аснова эканомікі — традыц. знешнегандл. аперацыі (гал. чынам рээкспарт) і экспартныя галіны прам-сці (на імпартнай сыравіне). У прам-сці 3 групы галін: суднабудаванне і суднарамонт (2-е, пасля ЗША, месца ў свеце па вытв-сці перасоўных буравых установак для распрацоўкі марскіх радовішчаў нафты), нафтаперапрацоўка (5 з-даў сумарнай магутнасцю перапрацоўкі 60 млн. т нафты за год, 3-е месца ў свеце) і нафтахімія; электроніка, радыё- і электратэхніка (персанальныя камп’ютэры, інтэгральныя схемы, перыферыйныя сістэмы, абсталяванне аўтаматызаванага праектавання, сродкі навігацыі і сувязі, фотаоптыка, гадзіннікі і інш.), зборка і рамонт самалётаў, аўтамабіляў, матацыклаў, веласіпедаў; лёгкая (тэкст., швейная, трыкатажная) і харчовая. Вытв-сць электраэнергіі 28 млрд. кВт∙гадз (1999), усе электрастанцыі цеплавыя, працуюць на вадкім паліве. Захавалі сваё значэнне традыц. галіны: волаваплавільная, перапрацоўка каўчуку і гумавая прам-сць, дрэваапрацоўка. Дзейнічаюць старэйшы ў Паўд.-Усх. Азіі металург. з-д поўнага цыкла, інш. прадпрыемствы чорнай і каляровай металургіі. Высокаразвітая ваен. прам-сць, прадукцыя якой ідзе пераважна на экспарт (стралковая зброя, патрульныя марскія катэры, радыёапаратура, боепрыпасы і інш.). Рээкспарт каўчуку, волава, копры, драўніны, вострых прыпраў (найб. перцу). Развіта аказанне разнастайных інфарм., фін., тэхнал., мед. і турыстычных паслуг. С. — буйны фін. цэнтр (саступае толькі Лондану, Нью-Йорку і Токіо). Працуюць валютныя і фондавыя біржы, 141 банк, у т. л. 128 замежных. Праводзяцца буйныя міжнар. гандл.-прамысл. выстаўкі, навукова-тэхн. сімпозіумы і канферэнцыі. Штогод С. наведвае больш за 7 млн. турыстаў з суседніх краін, Японіі, Кітая, ЗША і інш. У 1998 даход ад турызму склаў 5,79 млрд. дол. Сельская гаспадарка мае другаснае значэнне. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 1,3 тыс. га. Вырошчваюць гевею, какосавую пальму, вострыя прыправы, тытунь, агародніну, садавіну, кветкі. Развіты свінагадоўля (у 1997—190 тыс. свіней) і птушкагадоўля (2 млн. курэй). Марское рыбалоўства (штогадовы ўлоў 13—15 тыс. т рыбы). Транспарт пераважна марскі. У С. — буйнейшы ў рэгіёне транзітны марскі порт (прымае за суткі ў сярэднім 150 суднаў, 2-гі ў свеце пасля Ротэрдама па грузаабароце). У порце — зона свабоднага гандлю. Марскі флот налічвае больш за 500 суднаў. Даўж. чыгункі 38,6 км, аўтадарог і вуліц 3017 км. У краіне 379,5 тыс. легкавых, 140,8 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Аэрапорт Чангі — адзін з найбуйнейшых у свеце. Трубаправодны транспарт заняты транспарціроўкай пітной вады з Малайзіі і Інданезіі. У 1998 экспарт склаў 128 млрд. дол., імпарт — 133,9 млрд. дол. Экспартуюцца і рээкспартуюцца нафтапрадукты (8% сусв. гандлю імі), вылічальная тэхніка і радыётэлевізійнае абсталяванне (каля 14% сусв. аб’ёму), камунікацыйнае і офіснае абсталяванне, марскія судны і платформы, хім. прадукты, машыны і абсталяванне, каўчук, тэкст. і швейныя вырабы, алей, лесаматэрыялы, волава і інш. У імпарце пераважаюць сыравінныя тавары і харч. прадукты. Асн. гандл. партнёры: Малайзія (19% экспарту, 15% імпарту), ЗША (18% і 15% адпаведна), Японія (21% імпарту), Інданезія, Кітай, Тайланд, Паўд. Карэя і інш. Грашовая адзінка — сінгапурскі долар.

З.​М.​Шуканава (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Сінгапура.
Да арт. Сінгапур (дзяржава). Жылыя кварталы г. Сінгапур.

т. 14, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДНА,

горад, цэнтр Гродзенскай вобл. і раёна, прыстань на р. Нёман. За 300 км на З ад Мінска. Вузел чыгунак на Вільню, Масты, Беласток, аўтадарога на Вільню, Ліду, Ваўкавыск. Порт, аэрапорт. 303,6 тыс. ж. (1997).

Гісторыя. Паводле археал. даследаванняў, горад узнік у канцы 10 ст. на т.зв. Замкавай гары пры ўпадзенні р. Горадня (Гараднічанка) у Нёман на ятвяжскай тэр. як умацаваны пункт і цэнтр паўн.-зах. каланізацыі дрыгавічоў і валынян. Упершыню Гродна (Горадзен, Гародня, Горадня) упамінаецца ў Іпацьеўскім, Лаўрэнцьеўскім і Радзівілаўскім летапісах пад 1127. Да сярэдзіны 16 ст. вядома ў крыніцах як Горадзен (Городень). Сярод гісторыкаў 19 ст. існавалі розныя меркаванні аб месцы знаходжання летапіснага Гродна. Слушнае абгрунтаванне тоеснасці Горадзена з сучасным Гродна даў Я.Ф.Арлоўскі ў 1893. У 12—13 ст. існавала ўдзельнае Гродзенскае княства. З сярэдзіны 13 ст. ў складзе ВКЛ. Цярпела ад нападаў крыжакоў Тэўтонскага ордэна, якім у 1300—26 паспяхова процістаяў кашталян гродзенскага замка Давыд Гарадзенскі. З 1376 уладанне кн. Вітаўта, у 1390 было арэнай феад. вайны паміж ім і польскім каралём Ягайлам. Гродзенская харугва ўдзельнічала у Грунвальдскай бітве 1410. У 1391 горад атрымаў магдэбургскае права (напачатку няпоўнае, у 1444 поўнае, у 1496 дапоўненае спец. прывілеем). З 15 ст. праводзіліся кірмашы. З 1413 у складзе Трокскага ваяв., з сярэдзіны 16 ст. цэнтр Гродзенскага павета. З 1540 мела пячатку з гербам на ўзор люблінскага (казёл на задніх нагах абгрызае вінаградную лазу). Пазней гербам горада стала выява ў блакітным полі аленя з залатым крыжам паміж рагамі (алень св.Губерта), які пераскоквае цераз агароджу. Паводле інвентара 1560 у Гродна было каля 4 тыс. ж., 716 дамоў, 33 вуліцы, 3 рынкі, замак, велікакняжацкі (каралеўскі) дом, 9 цэркваў, 2 касцёлы, сінагога, ратуша, звярынец. У 1576—86 — рэзідэнцыя караля польскага і вял. князя ВКЛ Стафана Баторыя. З гэтага часу і да канца 18 ст. Гродна — велікакняжацкі горад. У 1589—1796 цэнтр Гродзенскай эканоміі. Напярэдадні Брэсцкай уніі 1596 у Гродна дзейнічалі 7 правасл. Цэркваў, 3 касцёлы, у 1-й пал. 17 ст. — Гродзенскі езуіцкі калегіум, ордэны бернардзінцаў, дамініканцаў, кармелітаў, францысканцаў, 9 касцёлаў, 2 уніяцкія манастыры. З 1678 месца правядзення заканадаўчых генеральных сеймаў (кожны трэці сейм Рэчы Паспалітай з гэтага часу праходзіў у Гродна). У 17—18 ст. значна пацярпеў у час войнаў Рэчы Паспалітай з Расіяй і Швецыяй. Гродзенскі сейм 1793 зацвердзіў 2-і падзел Рэчы Паспалітай. У 1793—95 цэнтр Гродзенскага ваяводства. У час паўстання 1794 у жн.—кастр. тут дзейнічала Цэнтральная дэпутацыя ВКЛ — выканаўчы орган паўстанцаў на тэр. Літвы і Зах. Беларусі. З 1795 у Рас. імперыі, 1796 цэнтр павета, з 1802 — Гродзенскай губерні. У час вайны 1812 у чэрв.—снеж. акупіраваны напалеонаўскім войскам. У час паўстання 1830—31 аб’яўлены на ваен. становішчы. У 1862 праз горад пракладзена першая у Беларусі чыгунка — участак лініі С.-Пецярбург — Варшава. Напярэдадні і ў час паўстання 1863—64 у Гродна і губерні дзейнічала Гродзенская рэв.-дэмакр. арг-цыя. У 1897 у Гродна 46,7 тыс. ж. У канцы 19 — пач. 20 ст. працавалі Гродзенскае педагагічнае таварыства, Гродзенскае таварыства сельскай гаспадаркі, Гродзенскае таварыства ўрачоў, Гродзенскі гурток беларускай моладзі і інш., дзейнічалі рэв. арг-цыі: Гродзенскі рэв. гурток, Гродзенская рабочая арг-цыя, арг-цыі РСДРП, Бунда, ППС і інш. У рэвалюцыю 1905—07 у Гродна адбыліся ў сак.—крас. 1905 выступленні салідарнасці рабочых з палітвязнямі, у крас.—жн. 1905 забастоўкі на прамысл. прадпрыемствах, у кастр.—снеж. 1905 выступленні салдат гарнізона, паліт. стачкі і інш. З 1915 акупіравана герм. войскам. 19.11.1918 у Гродна створана Бел. рада, у снеж. 1918 сюды пераехаў урад БНР на чале з А.​Луцкевічам, пачалося фарміраванне бел. войска. Культ.-асв. дзейнасць праводзіла Грамада Беларускай моладзі ў Гродне. У студз.—крас. 1919 дзейнічаў Гродзенскі Савет рабочых дэпутатаў. 27.4.1919 герм. войскі пакінулі горад, і ён перайшоў пад уладу Польшчы. Пасля заняцця Гродна 19.7.1920 Чырв. Арміяй (3-і конны корпус Г.​Гая) устаноўлена сав. ўлада (да кастр. 1920). Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 у складзе Польскай Рэспублікі, цэнтр павета Беластоцкага ваяводства. У 1920—30-я г. ў горадзе дзейнічалі паліт., грамадскія і культ.-асв. бел. арг-цыі: ТБШ, БСРГ, КПЗБ, КСМЗБ. Адбываліся антыўрадавыя дэманстрацыі, мітынгі, забастоўкі, у т. л. Гродзенскія выступленні працоўных 1936. З вер. 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Гродзенскага раёна Беластоцкай вобл. У Вял. Айч. вайну з 24.7.1941 да 16.7.1944 акупіравана ням.-фаш. войскамі і пад назвай Garten (Гартэн) непасрэдна ўключана ў склад Германіі. Разбурана на 43%, у Гродна і раёне загублена 51 438 чал. Дзейнічала Гродзенскае патрыятычнае падполле. Горад вызвалены 16—24.7.1944 у ходзе Беластоцкай аперацыі 1944 і Вільнюскай аперацыі 1944. З 20.9.1944 цэнтр Гродзенскай вобласці. У 1970 — 132,5 тыс. жыхароў.

Гаспадарка. Прамысл. аблічча стаў набываць у 1-й пал. 19 ст. У 1840-я г. ў Гродна было больш як 40 прадпрыемстваў, у т. л. цагельныя, фланелевыя, свечачныя, вінакурныя, піваварныя і інш. Штогод праводзіўся кірмаш. Важнае значэнне мелі водны шлях па р. Нёман, які звязаў Гродна з рознымі рынкамі, і пракладзеная праз горад чыгунка. У 1861 засн. Гродзенская тытунёвая фабрыка. З 1876 у горадзе працуе водаправод. У 1884 узніклі ліцейна-мех. майстэрні (гл. Гродзенскі завод аўтамабільных агрэгатаў). Крэдытна-фін. паслугі аказвалі аддзяленні Дзярж. і Віленскага камерцыйных банкаў, Т-ва ўзаемнага крэдыту, банкаўскія канторы. У канцы 19 ст. ў Гродна было больш за 70 прамысл. прадпрыемстваў (больш за 2 тыс. рабочых); колькасць гандл. устаноў павялічылася з 252 у 1861 да 748 у 1900. Працавалі 4 друкарні. У 1914 у Гродна 99 прадпрыемстваў (2287 рабочых). У выніку 1-й Сусв. і грамадз. войнаў, ням. і польскай акупацыі, знаходжання Гродна ў складзе Польшчы прам-сць заняпала. У 1940 у Гродна дзейнічалі 33 прадпрыемствы, у т. л. 2 тытунёвыя ф-кі, веласіпедны з-д, Гродзенская абутковая фабрыка «Нёман», Гродзенскі шклозавод, 3 лесазаводы, 2 гарбарныя, цагельна-кафляны з-ды, швейная, абутковая ф-кі і інш., на якіх працавала 3,5 тыс. чал. У гады 2-й сусв. вайны амаль уся прам-сць Гродна была разбурана. У 1945 працавала 7 прадпрыемстваў. За пасляваенныя гады ў Гродна створаны новыя галіны прам-сці — тэкст., харч.; хутка нарошчвалася вытв-сць лёгкай, шкляной, будматэрыялаў прам-сці.

Сучаснае Гродна — адзін з вядучых прамысл. цэнтраў Беларусі. У 1996 у горадзе 109 прадпрыемстваў, з іх 31 дзяржаўнае. Найб. развіты лёгкая (Гродзенскае вытворчае тонкасуконнае аб’яднанне, Гродзенскае вытворчае прадзільна-нітачнае аб’яднанне, ф-кі швейных спарт. вырабаў «Дынама», пальчаткавых вырабаў, дзіцячых цацак і галантарэі), хім. (Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Азот», Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно»), харч. (кансервавы з-д і інш.), маш.-буд. і металаапр. (гродзенскі завод «Радыёпрылада», з-д тэхнал. аснасткі, гродзенскі завод «Белтапаз», Гродзенскі завод гандлёвага машынабудавання, Гродзенскі завод карданных валоў) прам-сць, прадпрыемствы электраэнергетыкі, дрэваапр., гарбарнай, буд. матэрыялаў (з-ды зборнага жалезабетону, жалезабетонных канструкцый, домабудаўнічы, вапны і сілікатных вырабаў, Гродзенскі камбінат будматэрыялаў) прам-сці.

Асвета і культура. Паводле археал. даследаванняў, пісьменнасць у Гродзенскім княстве існавала ў 12 ст. Школы былі пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах, дзе па царк. кнігах вучыліся дзеці маёмных бацькоў. У 13 ст. пісьменнасць пранікла ў асяроддзе гараджан, рамеснікаў, купцоў. У 14—15 ст. школы ствараліся і ў буйных маёнтках; навучаннем дзяцей займаліся таксама настаўнікі-самавукі. З 1591 у Гродна існавалі брацкія школы, з 1625 — Гродзенскі езуіцкі калегіум. У 1774—76 дзейнічаў Гродзенскі кадэцкі корпус. У 1770—80-я г. адчынены школы: мед. (гл. Гродзенская медыцынская акадэмія), вет., чарчэння і малявання, бухгалтэрыі і рахункаводства, каморніцкая, будаўнічая. У 1773 на базе езуіцкага калегіума засн. ваяводская школа, з 1783 акруговае вучылішча, пераўтворана ў 1797 у дамініканскае (з 1825 гімназія). У 1834 яна рэарганізавана ў губернскую свецкую гімназію. У 1860 адчынена жаночая Марыінская гімназія (гл. Гродзенскія гімназіі). У 2-й пал. 19 ст. створаны Аляксандраўскае рамеснае 3-класнае, 2 мужч. і 2 жан. павятовыя прыходскія, 2 евангелічна-лютэранскія прыходскія вучылішчы, у 1852 — прыватнае яўр. вучылішча (у 1906 рэарганізавана ў 4-класную прагімназію). У 1907 створана Гродзенскае рэальнае вучылішча. У 1907—14 існавала Гродзенскае педагагічнае таварыства, у 1912—20 у Гродна працавала Гродзенская цэнтральная беларуская вучыцельская рада, у 1920—21 — Беларуская школьная рада. У 1920—39 у Гродна 5 гімназій, у т. л. 2 дзяржаўныя. У 1930-я г. польскія ўлады закрылі ў Гродна ўсе бел. школы; пасля аб’яднання Зах. Беларусі з БССР (вер. 1939) яны зноў пачалі працаваць. У 1940 засн. Гродзенскі настаўніцкі інстытут, рэарганізаваны ў 1944 у пед. ін-т, на базе якога ў 1978 створаны Гродзенскі універсітэт. У гады Вял. Айч. вайны большасць школ і культ.-асв. устаноў разбурана. 1.7.1945 у Гродна 9 агульнаадук. школ, пед. ін-т, чыг. і фізкультурнае вучылішчы, 2 мед. школы, 3 дзіцячыя дамы, 6 дзіцячых ясляў. У 1951 засн. Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, у 1956 — Гродзенскі політэхнічны тэхнікум, у 1958 — Гродзенскі медыцынскі інстытут. У 1996/97 навуч. г. ў Гродна 92 дашкольныя ўстановы (каля 20 тыс. дзяцей), у т. л. цэнтр развіцця дзіцяці, 79 дашкольных устаноў з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, эстэтыка і інш.), санаторны сад (для дзяцей з захворваннямі лёгкіх), сад для дзяцей з парушэннямі зроку, сад для дзяцей з парушэннямі слыху. 39 агульнаадук. школ (каля 48 тыс. вучняў), у т. л. 1 ліцэй, 3 школы з ліцэйскімі класамі, школа-гімназія, школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку, дапаможная школа (для дзяцей з затрымкай псіхічнага развіцця) і інш. Акрамя таго ў Гродна ёсць школа з польскай мовай навучання, санаторная школа «Нёман», 2 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу (па 6 дзяцей у кожным), 10 дзіцяча-юнацкіх спарт. школ (9 з іх школы алімпійскага рэзерву), 2 школьныя вучэбна-вытв. камбінаты, 5 цэнтраў, у т. л. 2 дзіцяча-падлеткавыя, тэхн. творчасці моладзі, сац.-псіхал. дапамогі моладзі, падлеткам і дзецям-інвалідам, цэнтр прафарыентацыі моладзі, абл. Палац дзіцяча-юнацкай творчасці, 18 клубаў для работы з дзецьмі. У 10 праф.-тэхн. вучылішчах займалася больш за 6 тыс. навучэнцаў. Дзейнічаюць 9 сярэдніх спец. навуч. устаноў (больш за 5 тыс. студэнтаў), у т. л. Гродзенскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум, Гродзенскі навучальна-вытворчы комплекс «ПТВ-тэхнікум», палітэхнікум, тэхн. каледж, вучылішчы: пед., мед., мастацтваў, муз., алімпійскага рэзерву. У Гродна 3 дзярж. ВНУ — ун-т, мед., с.-г. ін-ты, Гродзенскі філіял недзярж. ін-та сучасных ведаў, Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя. У Гродна 14 масавых б-к, у т. л. 6 дзіцячых, 2 мяшанага тыпу, польскай л-ры, Гродзенская абласная з дзіцячым аддзяленнем. Дзейнічаюць Беларускі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі, Гродзенскі гісторыка-археалагічны запаведнік, Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей.

Архітэктура. У 12 ст. на беразе Нёмана пабудаваны Гродзенскі княжацкі церам, на мысе — абарончая Каменная сцяна; у цэнтры замка (гл. Гродзенскі Стары замак) узведзена Гродзенская Ніжняя царква, на яе руінах ў 14 ст. — Гродзенская Верхняя царква. У 12 ст. пабудаваны таксама Гродзенская Барысаглебская царква, Гродзенская Прачысценская царква, у канцы 12 ст. — Васкрасенская і т.зв. Малая цэрквы. У выніку ў 12 ст. тут склалася самабытная Гродзенская школа дойлідства. У 15 ст. цэнтр горада змясціўся з дзядзінца на рыначную плошчу, дзе былі дамы заможных гараджан і гандляроў. У 1494 на ёй пабудавана драўляная ратуша, закладзены Гродзенскі фарны касцёл. Своеасаблівае аблічча горада ў 17—18 ст. утваралі касцёлы і праваслаўныя храмы, пабудаваныя пераважна ў стылі барока (гл. Гродзенскі кляштар бернардзінцаў, Гродзенскі кляштар езуітаў, Гродзенскі кляштар бернардзінцаў, Гродзенскі кляштар брыгітак, Гродзенскі кляштар францысканцаў, Гродзенскі манастыр базыльянак, Гродзенскі кляштар дамініканцаў). У 2-й пал. 18 ст. будаваліся палацы, ствараліся сядзібна-паркавыя ансамблі (Гродзенскі Новы замак, сядзібы ў прадмесці Аўгустава, «Панямонь», Станіславоўская сядзіба). З заснаваннем у Гродна і яго ваколіцах гродзенскім старостам А.​Тызенгаўзам каралеўскіх мануфактур пашырыліся межы горада, у яго паўн.-ўсх. частцы забудоўвалася прадмесце Гарадніца. У 2-й пал. 18 — 19 ст. ствараліся жылыя і адм. будынкі ў стылі класіцызму: кантрольная палата (1750), Гродзенскі дом Агінскага, ратуша з гандл. радамі (1807, усе не захаваліся), Гродзенскі дом віцэ-губернатара, будынак мужчынскай гімназіі (1735) і інш. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ўзведзены будынкі розных арх. стыляў: эклектыкі — жылы дом купца Мураўёва (1914; цяпер б-ка імя Карскага), Гродзенскага акруговага суда будынак; у стылі мадэрн — Гродзенскага пазямельна-сялянскага банка будынак, жылыя дамы па вуліцах Ажэшкі, Замкавай; у псеўдарус. стылі — Гродзенская Пакроўская царква. Існавалі таксама збудаванні прамысл. архітэктуры — вежа пажарнага дэпо, Гродзенскія воданапорныя вежы і будынак піваварнага з-да (1877). Сучасны горад развіваецца ў паўн.-ўсх. і паўд.-ўсх. напрамках, вядзецца масавае буд-ва жылых раёнаў (Паўночна-заходні, Паўднёва-заходні, Прынёманскі, Усходні). Сярод сучасных адм. і грамадскіх будынкаў: Дом тэхнікі (арх. В.​Бажко, У.​Праабражэнскі), гасцініцы «Беларусь» (арх. Л.​Вільчко, «Гродна» і «Турыст» (арх. У.​Лытаў, І.​Абухаў), Гродзенскі абласны драматычны тэатр, гал. корпус медінстытута (арх. Вільчко, У.​Давыдзёнак), Ін-т біяхіміі АН Беларусі (І.​Мазнічка), аэравакзал (арх. У.​Еўдакімаў, Л.​Маскалевіч і інш.).

У Гродна брацкія магілы: сав. воінаў і партызан; сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму; чырвонаармейцаў; сав. ваеннапалонных; магілы польскіх воінаў. Помнікі: Э.​Ажэшка, Вітаўту Вялікаму, Я.​Купалу, В.​Д.​Сакалоўскаму, А.​Тызенгаўзу, В.​Урублеўскаму, у гонар 850-годдзя горада і інш.

Літаратурнае жыццё. У 15—16 ст. у Гродна ствараліся рукапісныя кнігі («Трыёдзь», 1466; Евангеллі), пашыраліся афарызмы і казанні К.Бекеша, які тут жыў. У 16—17 ст. развівалася дзелавое пісьменства на бел. мове — від тагачаснай публіцыстычнай л-ры, распаўсюджваліся ў рукапісах бел. літ. песні, польскамоўная барочная паэзія. З 2-й пал. 17 ст. ствараліся школьныя драмы (У.​Нарэвіч, К.​Гаршвіла, В.​Нармунт, М.​Сіповіч, С.​Макоўскі, Ф.​Ідвель), інтэрмедыі (Я.​Пылінскі; гл. Школьны тэатр); у калегіумах працавалі філосафы-публіцысты і перакладчыкі А.​Кярсніцкі, І.​Сцірпейка, Ф.​Андрушкевіч, І.​Ляхніцкі, Я.​Зноска, Ю.​Мышкоўскі, М.​Дамашэвіч, Б.​Мажэйка і інш. У 18 ст. з Гродна звязана творчасць польскіх паэтаў С.​Трамбецкага і Я.Ясінскага, байкапісца С.​Кубліцкага. У Гродзенскай друкарні выдаваліся кнігі паэта Ф.Карпінскага, польскія пераклады Вальтэра, Мальера. У Гродна нарадзіліся славісты Я.​Замыслоўскі і І.​Казлоўскі, публіцыст А.​Жышкевіч, паэт Л.​Найдус, вучыўся паэт І.Легатовіч, працаваў публіцыст і літ.-знавец Я.​Фалькоўскі, жылі паэт-рамантык Т.Зан, пісьменніца і перакладчыца В.​Касцялкоўская-Зындрам, бывалі паэты Ю.Нямцэвіч, В.Каратынскі (1862). У 1861 К.Каліноўскі і В.Урублеўскі стварылі тут рэв.-дэмакр. арг-цыю, у якую ўваходзіў паэт Ф.​Ражанскі. У 1869—1910 у Гродна жыла Э.​Ажэшка, стварыла тут свае найб. значныя творы. Да яе прыязджалі М.Канапніцая, У.Рэймант, Я.Карловіч, часта бываў Ф.Багушэвіч. Этнограф і фалькларыст Е.Раманаў, які працаваў у Гродна ў 1890-я г., апублікаваў у «Гродненских губернских ведомостях» (1894, №71) адну з першых рэцэнзій на зб. Багушэвіча «Дудка беларуская». У 1867—73 тут працаваў М.А.Дзмітрыеў. У Гродна ў 1892—96 праходзіла дзяцінства М.Багдановіча. Яго бацька А.Я.Багдановіч друкаваўся ў гродзенскай прэсе, маці дэбютавала як празаік. У 1896 у Гродна выдадзена паэма «Тарас на Парнасе». У канцы 19 — пач. 20 ст. выйшлі літ.-знаўчыя работы мясц. аўтараў А.​Турчыновіча і І.​Астравумава, кнігі гісторыка і краязнаўца Я.Арлоўскага. Працавалі т-вы літ.-муз. (1883—1904), пед. (1907—14, мела гісторыка-філал. секцыю) і аматараў драм. і муз. мастацтва «Муза» (1907—14). У Гродна нарадзіліся бел. і лат. пісьменнік і перакладчык У.Пігулеўскі, польскі філолаг М.Аляхновіч; у гар. гімназіях вучыліся пісьменніца З.Верас, філолаг К.Пушкарэвіч, публіцыст А.Бергман (нарадзілася ў Гродна). У 1918—20 тут у гімназіі выкладаў С.Рак-Міхайлоўскі. У 1909—14 працаваў Гродзенскі гурток беларускай моладзі, які выдаў літ. альманах «Колас беларускай нівы» (1913). У 1919—21 пад кіраўніцтвам П.Мядзёлкі драм. гурток Грамады бел. моладзі перакладаў для сваіх пастановак п’есы рус. аўтараў, прапагандаваў бел. паэзію. У 1920—30-я г. дзейнічала польскае т-ва сяброў л-ры і мастацтва імя Э.​Ажэшкі. З Гродна звязана творчая дзейнасць Л.Родзевіча, польскай пісьменніцы З.Налкоўскай, у 1930-я г. — Б.Тарашкевіча, П.Пестрака, І.Дварчаніна, В.Таўлая, у 1930—33 тут жыў бел. паэт С.Крывец. У пасляваен. час у горадзе жылі пісьменнікі М.Васілёк, А.Міронаў, А.Астрэйка, З.Бандарына (нарадзілася ў Гродна), М.Дуброўскі, В.Тарас, А.Цяжкі, А.Макаёнак (напісаў тут свае першыя гумарэскі і п’есы). У Гродзенскім пед. ін-це вучыліся пісьменнікі А.Карпюк, М.Грынчык, У.Дадзіёмаў, П.Макаль, Ф.Янкоўскі, Г.Юрчанка, Д.Бічэль-Загнетава, філолагі П.Сцяцко і І.Лепешаў. З Гродна звязана творчае станаўленне пісьменнікаў П.Місько, В.Блакіта, В.Іпатавай. У 1947—49 і 1955—78 у Гродна жыў і працаваў В.Быкаў. Тут адбыўся яго літ. дэбют (1949), напісаны многія аповесці пра Вял. Айч. вайну, якія прынеслі аўтару сусв. вядомасць. У 1960-я г. ў горадзе штогод праходзіў абл. літ. семінар. У 1960—70-я г. Гродна наведалі дэлегацыі рус., літ., узб., арм. і тадж. пісьменнікаў, у 1980-я г. — рус., літ., эст., у 1988 — польскіх. З 1946 дзейнічае аддзяленне (з 1964 абласное) Саюза бел. пісьменнікаў.

Друк, радыё, тэлебачанне. У канцы 18 ст. дзейнічала Гродзенская друкарня (каралеўская), якая акрамя разнастайнай кніжнай, інфармацыйна-юрыд. і рэкламнай прадукцыі друкавала перыядычныя выданні: «Gazeta Grodzieńska» («Газэта Гродзеньска», 1776—83, першая на тэр. сучаснай Беларусі), «Wiadomości Grodzieńskie» («Вядомосьці Гродзеньске», «Гродзенскія ведамасці», 1792), «Kurier Litewski» («Кур’ер Літэвскі», «Літоўскі веснік», 1796—97), штогоднік «Kalendarz Gospodarski...» («Гаспадарчы каляндар...», 1776—1800). У пач. 19 ст. ў Гродна з’явіліся прыватныя друкарні (у сярэдзіне 1860-х г. іх было 5, у 1915—10). У 1820—1915 дзейнічала Гродзенская губернская друкарня, якая акрамя матэрыялаў урадавых і губ. органаў друкавала час. «Ondyna druskienickich źródeł» («Андына», 1844—46), даведнікі-штогоднікі «Памятная кніжка Гродзенскай губерні» (1857—1915) і «Агляд Гродзенскай губерні» (1880—1914); газеты «Гродненские губернские ведомости» (1838—1915), «Торговый вестник Западного края» (1822) і інш. У 1905—06 група рэвалюцыйна настроеных навучэнцаў выдавала час. «Школа», Гродзенская ваен.-рэв. арг-цыя РСДРП — газ. «Солдатская воля» (1906). Выдаваліся газеты ліберальна-дэмакр. кірунку «Гродненские отголоски» (1905) і «Голос Гродны» (1906), «Гродненская копейка» (1912), «Гродненское эхо» (1914). У пач. 1910-х г. выдаваліся газ. «Наше утро» (1912—15), «Северо-Западная жизнь» (1912—13), «Гродненские епархиальные ведомости» (1901—14; з 1992), «Педагогическое дело» (1911—14), альманах «Колас беларускай нівы» (1913). З вер. 1915 да 1919, калі горад быў акупіраваны герм. войскамі, выходзілі польскія і ням. газеты «Gazeta Grodzieńska» («Гродзенская газета»), «Grodnoer Zeitung» («Гродзенская газета»), «Zeitung des Grodnoer Soldatenrates» («Газета Гродзенскага салдацкага Савета»). У 1919 у час акупацыі горада польскімі войскамі выходзілі газеты рознай паліт. арыентацыі: «Набат», «Зорка», «Беларусь», «Бацькаўшчына», «Беларускі народ», «Родны край», «Dziennik Grodzieński» («Гродзенскі дзённік», замест закрытай уладамі газ. «Echo», «Рэха»); гандлёвы час. «Голас Гродны». У 1920-я г. выдаваліся штодзённыя газ. «Беларускае слова» (1920—21), «Echo Grodzieńskie» («Гродзенскае рэха», 1920), «Беларускі шлях» (1922), «Сялянская гутарка» (1923), газеты-аднадзёнкі «Выстрал» і «Гудок» (1924). У 1927 бел. т-ва «Аб’яднанне» выдавала штодзённую газ. «Беларуская доля». У 1930—32 выходзіў штотыднёвы грамадска-літ. і с.-г. час. «Беларуская думка». Найб. радыкальнай у 1920—30-я г. была штотыднёвая газ. «Postęp» («Прагрэс»), якая вяла барацьбу за сац. справядлівасць і дэмакратыю. Большасць газет гэтага часу — афіц. выданні, якія былі рупарам урадавых колаў: «Dziennik kresowy» («Газета ўскраіны»), «Przegląd Kresowy» («Ускраінны агляд»), «Nowe źycie» («Новае жыццё») і інш. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР у Гродна ў 1939—41 выходзіла грамадска-паліт. газ. «Свабодная Беларусь» (на бел. і рус. мовах). У 1944 падпольна друкавалася антыфаш. выданне «За Советскую Родину».

Выдаюцца газеты «Гродзенская праўда» (з 1939, абласная, мяняла назвы), «Сельская навіна» (з 1939, раённая, мяняла назвы), «Glos znad Niemna» («Глос з-над Немна», «Голас з-над Нёмана», з 1989), «Молодёжный курьер» (з 1991) і інш., з 1994 выходзіць час. «Свіцязь». Дзейнічае абл. арг-цыя Бел. саюза журналістаў (з 1958). Радыёвяшчанне з 1944. Абл. студыя тэлебачання з 1968.

Мастацкае жыццё. Гродна здаўна было цэнтрам ювелірнага, ткацкага, ганчарнага і інш. рамёстваў. Гродзенскія майстры на высокім узроўні выконвалі дэкар. аздабленне сваіх вырабаў ужо ў канцы 11—12 ст. З 14 ст. выраблялі гродзенскую кафлю; у 16—17 ст. Гродна — буйны цэнтр кавальства і маст. ліцця, у 18 ст. — вытв-сці маст. вырабаў. На гродзенскіх каралеўскіх мануфактурах атрымалі развіццё маст. промыслы: Гродзенскае шкло, Гродзенскае ткацтва, Гродзенскія дываны, Гродзенскія паясы. Замалёўкі Гродна 16 ст. пакінулі мастакі Г.​Адэльгаўзер, М.​Цюнт. У 17 ст. тут працавалі жывапісцы Ф.​Лякштыцкі, Г.Хаецкі. Мясц. майстры зрабілі разны шматфігурны алтар у касцёле Гродзенскага кляштара езуітаў, аздобілі яго інтэр’ер скульптурай, фрэскамі, арх. пластыкай. Маст.-дэкар. аздабленне інтэр’ераў касцёла Гродзенскага кляштара бернардзінцаў належыць мастакам А.​Грушэцкаму і Ф.​Міхалкевічу. Пры ўдзеле мясц. мастакоў і рамеснікаў аздоблены інтэр’ер касцёла Гродзенскага кляштара францысканцаў, залы Гродзенскага Новага замка. У тэхніцы сграфіта выкананы дэкар. фрыз касцёла Гродзенскага кляштара брыгітак. У канцы 19 ст. мастак В.​Гразноў зрабіў замалёўкі фрэсак, якімі быў упрыгожаны алтар Гродзенскай Барысаглебскай царквы. У 1946 у Гродна створаны маст. майстэрні (з 1971 абл. арг-цыя Бел. саюза мастакоў). З 1967 дзейнічае Выставачная зала, дзе праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы па прапагандзе выяўл. і прыкладнога мастацтваў. У Гродна адбыліся персанальныя выстаўкі бел. мастакоў В.​Галубкінай, А.​Гаршкавоза, У.​Голуба, А.​Захарава, А.​Коха, А.​Кузняцова, Г.​Мазурава, У.​Мурахвера, Л.​Мягковай, Л.​Налівайкі, М.​Плужніка, І.​Пушкова, К.​Пятрова, В.​Савіцкага, А.​Салятыцкага, У.​Сушкевіча, У.​Церабуна, В.​Шчарбакова і інш. Сярод тэматычных выставак: «Зямля і людзі», да 850-годдзя Гродна (1978), «Малююць дзеці», мастакоў шклозавода «Нёман», «Песня пра зубра» (усе 1983), «Нёманскі край» (1990), «Творчасць маладых» (1993), «Акварэлі мастакоў Ліды» (1996) і інш.

Тэатральнае жыццё. Першыя звесткі пра тэатр. жыццё звязаны з дзейнасцю Гродзенскага школьнага тэатра (16 ст.). У 1780-я г. ў Гродна пабудавана памяшканне т-ра. У канцы 18 — 1-й пал. 19 ст. ў ім выступалі пастаянныя і вандроўныя польскія трупы. У рэпертуары былі камічныя оперы, камедыі, творы замежных («Паштальён з Ланжумо» А.​Адана, «Фра-Д’ябала» Ф.​Абера, «Папялушка» Н.​Ізуара, «Тарцюф» Мальера, «Гамлет» і «Макбет» У.​Шэкспіра, «Каварства і каханне» і «Разбойнікі» Ф.​Шылера, «Эмілія Галоці» Г.​Э.​Лесінга) і польскіх («Апошняя варшаўская латарэя» С.​Манюшкі, «Вяртанне пасла» Ю.​Нямцэвіча, «Генрых VI на паляванні» і «Уяўны цуд, ці Кракаўцы і горцы» В.​Багуслаўскага, «Помста» і «Муж і жонка» А.​Фрэдры) аўтараў. Працаваў Гродзенскі тэатр Дэшнер. З пач. 19 ст. пашыраны аматарскі т-р. У 1883 арганізавана Літ.-муз. т-ва (узначальваў К.​Дабравольскі), якое наладжвала канцэрты і драм. спектаклі, літ. чытанні і муз. вечары. З 2-й пал. 19 ст. вядучае месца ў тэатр. жыцці горада належала рус. тэатр. калектывам; працавалі антрэпрызы П.​Паўлава, В.​Дарашэнкі, А.​Даніловіча, Л.​Нікольскага, М.​Агарова; т-вы артыстаў пад кіраўніцтвам А.​Шчарбакова (у складзе трупы П.​Арленеў), Н.​Арбеніна (у складзе трупы В.​Стрэльская, К.​Варламаў, М.​Ходатаў), П.​Ленскага, Г.​Фядотавай, М.​Савінай і інш. У рэпертуары т-раў пераважалі вадэвілі, камедыі, меладрамы, п’есы А.​Астроўскага, А.​К.​Талстога, Л.​Талстога, А.​Сухаво-Кабыліна, А.​Чэхава. У 1907—14 дзейнічала Гродзенскае т-ва аматараў драм. і муз. мастацтва «Муза». 19.2.1910 адбыўся першы спектакль на бел. мове «Па рэвізіі» М.​Крапіўніцкага ў пастаноўцы Гродзенскага гуртка беларускай моладзі. Бел. вечарыны (са спектаклямі, маст. чытаннем, спевамі) наладжвалі ў Гродна і навакольных вёсках і мястэчках удзельнікі гэтага гуртка ў 1910—13, а ў 1919—21 — Гродзенскага драм. гуртка Грамады бел. моладзі. Тэатр. жыццё горада з 1860-х г. рэгулярна асвятлялася ў газ. «Гродненские губернские ведомости». У 1926—29 у Гродна (і Вільні) працаваў польскі т-р Ю.​Астэрвы «Рэдута». У 1920—30-я г. дзейнічаў мясц. польскі т-р, у 1934—38 — польскі т-р імя Э.​Ажэшкі. У 1940—41 у Гродна працавалі Дзяржаўны польскі тэатр БССР пад кіраўніцтвам А.​Венгеркі і Дзяржаўны польскі тэатр лялек БССР пад кіраўніцтвам У.​Ярэмы. У 1945—47 у Гродна знаходзіўся рус. драм. т-р БССР (гл. Дзяржаўны акадэмічны драматычны рускі тэатр Беларусі). З 1947 цэнтрам тэатр. жыцця стаў Гродзенскі абласны драматычны рускі тэатр. У 1980 створаны Гродзенскі абласны тэатр лялек. Дзейнічаюць самадз. калектывы. У горадзе гастраліруюць т-ры з Беларусі і інш. краін. Праходзілі фестывалі: 3-і рэсп. т-раў лялек (1968), аматараў т-раў Прыбалтыкі і Беларусі «Рампа дружбы» (1988), 2-і Бел. тэатральны (1989).

Музычнае жыццё. Найб. раннія звесткі пра муз. культуру Гродна адносяць да 12 ст., часу, якім датуюцца археал. знаходкі на тэр. горада: калок ад струннага муз. інструмента і фрагмент звона, а таксама ўпамінанне пра «трубы гарадзенскія» ў «Слове пра паход Ігараў». У 1543 у Гродна засн. адзін са старэйшых арк. калектываў на тэр. Беларусі, т.зв. «Літоўская капэла». З канца 16 ст. цэнтрам муз. культуры стала правасл. брацтва. Музыка займала значнае месца ў спектаклях школьнага т-ра пры езуіцкім калегіуме (1650—1754). Зберагліся праграмы спектакляў, з якіх відаць, што пастаноўкі 1720-х г. уключалі інстр., вак. (сольныя і харавыя) і танц. нумары. У 1730 існавала «касцельная музыка», якая абслугоўвала богаслужэнні і свецкія мерапрыемствы. У 1730—90-я г. значнае месца ў муз. жыцці горада займалі інстр. і вак.-інстр. капэлы, у т. л. Гродзенская капэла езуіцкай бурсы, Гродзенская капэла Тызенгаўза і інш. Асабліва вылучаліся выглядам і рэзкім гучаннем янычарскія капэлы, у т. л. капэла янычарскай харугвы ВКЛ (1768) і інш. У 18 ст. разам з аркестравым развівалася і сольнае выканальніцтва. Тут працаваў арганіст, арганны і фартэпіянны майстар Ю.​Рудзінскі, выступалі спявачкі і піяністкі-аматаркі У.​Тарноўская, Грабоўская і інш. Вял. аматарам музыкі быў А.​Тызенгаўз (напісаў месу і, магчыма, кантату, меў вял. калекцыю струнных муз. інструментаў). У 1795 у Гродна выступаў рагавы аркестр, да гэтага часу належаць і найб. раннія звесткі пра існаванне на Беларусі балалайкі і гармоніка. У 19 ст. цэнтрамі муз. жыцця былі муз. навуч. ўстановы — пансіён Фінжана і ўзорны пансіён; у 1840-я г. аркестрам гімназіі кіраваў І.Дабравольскі. Тут пачынала кар’еру Т.Юзафовіч-Бароўская, працаваў І.Глінскі. У 1883 у Гродна створана літ.-муз. т-ва, гастраліравалі рус. і інш. буйныя музыканты (В.​Давыдава, Есіпава, С.​Рахманінаў і інш.). Значнае ажыўленне ў муз. жыцці выклікалі пастаноўкі муз.-сцэн. твораў С.Манюшкі: у 1841 пастаўлены вадэвіль «Апошняя варшаўская латарэя» Ф.​Корвін-Мілеўскага на муз. Манюшкі, у 1856, 1861 і ў 1870-я г. ішла яго опера «Галька». У 1905 у Гродна існавалі 3 «хары духавой музыкі» (аркестры пажарнікаў і 2 ваенныя). У 1907—14 працавала аматарскае т-ва муз. і драм. мастацтва «Муза». Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР у Гродна пабывала брыгада бел. кампазітараў у складзе М.​Аладава, С.​Палонскага, П.​Падкавырава, Дз.​Лукаса. Яна праводзіла тут сходы, рэгістрацыю муз. работнікаў, садзейнічала стварэнню. муз. школы, канцэртнага і духавога аркестраў, арганізацыі муз. аддзела. У 1939 у Гродна засн. пед. вучылішча з дысцыплінай муз. выхаванне (з 1956 муз.-пед., у 1966 створана муз. аддзяленне, у 1969 на яго аснове адкрыта муз. вучылішча). Кафедра музыкі і спеваў існавала ў пед. ін-це (да 1978). З 1944 тут працаваў бел. ансамбль песні і танца пад кіраўніцтвам Р.​Шырмы, рэарганізаваны ў 1950 у Дзярж. хор БССР (з 1952 у Мінску; гл. Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь). Арганізацыяй канцэртнай дзейнасці з 1975 займалася гастрольна-канцэртнае аддзяленне Бел. філармоніі, у 1987 створана Гродзенская абласная філармонія, у 1992 — «Гродзенская капэла». У 1997 у Гродна працуюць: муз. і муз.-пед. вучылішчы, 2 муз. школы. Развіта муз. самадзейнасць; больш як 20 муз. і харэагр. калектываў маюць званне народных і ўзорных.

Літ.:

Кудряшев В.И. Гродно. М., 1960;

Пашкин Ю.А. Русский драматический театр в Белоруссии XIX в. Мн., 1980;

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Гродзенская вобл. Мн., 1986;

Гродно: Энцикл. справ. Мн., 1989;

Пяткевіч А. Літаратурная Гродзеншчына: Мясціны. Людзі. Кнігі. Мн., 1996.

А.​П.​Госцеў (гісторыя), В.​В.​Швед (гаспадарка), М.​І.​Ліс (асвета і культура), А.​М.​Пяткевіч (літ. жыццё), Т.​А.​Меляшкевіч (друк), Л.​Дз.​Налівайка (маст. жыццё), Дз.​У.​Стэльмах (тэатр. жыццё).

Панарама Гродна.
Панарама Гродна з боку Нёмана.

т. 5, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́НІЯ (Danmark),

Каралеўства Данія (Kongeriget Danmark), дзяржава ў Зах. Еўропе. Размешчана на п-ве Ютландыя, а-вах Зеландыя, Фюн, Лолан, Фальстэр, Мён, Борнхальм і інш. На Пд мяжуе з Германіяй (даўж. сухапутнай граніцы 68 км). На З абмываецца Паўночным м., на Пн — прал. Скагерак, на У — прал. Катэгат, Эрэсун, Балтыйскім м. Пл. 43,1 тыс. км², у т. л. 19,3 тыс. км² пл. астравоў. Нас. 5165 тыс. чал. (1993). Дзярж. мова — дацкая. Сталіца — г. Капенгаген. Падзяляецца на 14 амтаў (раёнаў). У склад Д. ўваходзяць Грэнландыя і Фарэрскія астравы, якія маюць унутр. аўтаномію. Нац. святы — Дзень нараджэння каралевы Маргрэтэ II (16 крас.) і Дзень Канстытуцыі (5 чэрв.).

Дзяржаўны лад. Д. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1953. Кіраўнік дзяржавы — манарх. Заканад. ўлада належыць манарху і аднапалатнаму парламенту — фолькетынгу (179 дэпутатаў), што выбіраецца на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які назначае манарх і ўзначальвае прэм’ер-міністр. Урад адказны перад фолькетынгам.

Прырода. Рэльеф пераважна раўнінны са шматлікімі марэннымі ўзгоркамі. Найвыш. пункт г. Аер-Баўнехёй (173 м). Зах. і паўн.-зах. ўзбярэжжа — нізіна з паласой дзюн, якія аддзяляюць шматлікія лагуны ад мора. Усходнія берагі п-ва Ютландыя і в-ва Зеландыя моцна расчлянёныя, месцамі абрывістыя, ёсць шмат бухтаў. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ (у Паўночным м.), торф, буд. матэрыялы і інш. Клімат умераны, марскі, з мяккай няўстойлівай зімой, халаднаватым летам. Сярэдняя т-ра студз. каля 0 °C, ліп. 16 °C. Ападкаў ад 600 мм на У да 800 мм на 3. Рэкі невялікія, найб. Гудэна (158 км). Шмат невял. азёр. Пад лесам 10% тэр., пераважаюць бук і дуб. Ёсць саджаныя лясы з елкі, хвоі, піхты і лістоўніцы. На З верасовыя пусткі. Запаведнікі Хеселё, Ворсё і інш.

Насельніцтва. Датчане складаюць каля 98% насельніцтва. На Пд Ютландыі жыве 40 тыс. немцаў. Ёсць невял. групы выхадцаў з Турцыі, б. Югаславіі, Швецыі, Вялікабрытаніі. Сярод вернікаў пераважаюць лютэране (91%), ёсць прыхільнікі інш. галін пратэстанцтва, католікі. Сярэдняя шчыльн. 120 чал. на 1 км², больш шчыльна заселены У краіны, асабліва в-аў Зеландыя. У гарадах 85% насельніцтва (1993). Больш за 25% насельніцтва краіны жыве ў Капенгагене з прыгарадамі (1,35 млн. ж., 1994). Значныя гарады (тыс. ж., 1993): Орхус — 274,5, Одэнсе — 181,8, Ольбарг — 158,1.

Гісторыя. Засяленне тэр. Д. чалавекам пачалося ў эпоху позняга палеаліту. У мезаліце тут існавала археал. культура маглемазэ. З апошніх стагоддзяў да н.э. на землях сучаснай Д. жылі стараж. германцы. Пасля перасялення большасці англаў, саксаў, ютаў на Брыт. а-вы (гл. Англасаксонскае заваяванне) на тэр. Д. ў 5—6 ст. н.э. з Пд Скандынаўскага п-ва прыбылі германамоўныя даны, вядомыя паводле пісьмовых крыніц прыблізна з 550 (адсюль назва Данія), якія сталі тут пануючым племем. У эпоху вікінгаў (канец 8 — сярэдзіна 11 ст.) продкі датчан каланізавалі б.ч. Брытаніі, абклаўшы яе насельніцтва данінай (т.зв. «дацкімі грашыма»), потым стварылі ў вусці Сены герцагства Нармандыя (911). Гэта садзейнічала іх паліт. кансалідацыі і ўтварэнню раннедацкага каралеўства (першым каралём быў Годфрэд, памёр у 810), што ўмацавалася пры Горме Старым (памёр каля 950) і яго сыне Харальдзе Сінязубым (памёр каля 985, пры ім у Д. каля 960 прынята хрысціянства). У эпоху вікінгаў узніклі першыя дацкія гарады, значную ролю ў грамадстве пачалі адыгрываць бонды, якія складалі аснову ваенна-марскога апалчэння (ледунга). Пры Кнудзе I Вялікім [1018—35] кароткі час існавала англа-дацка-нарв. дзяржава. Пазней пад уладу Д. трапіла герцагства Шлезвіг (гл. Шлезвіг-Гольштэйн; з 1460 у асабістай уніі). У 2-й пал. 12 — пач. 13 ст. Д. заваявала паўд. і частку ўсх. ўзбярэжжа Балтыйскага м. (пасля бітвы 1227 з немцамі пры Борнхёведзе б.ч. гэтых тэр. страчана). Вайна 1367—70 з Ганзай за панаванне на Балтыцы скончылася паражэннем Д. У 1397—1523 пад уладай дацкіх каралёў (Кальмарская унія) аб’яднаны Нарвегія і Швецыя (у 1523 вызваліліся з-пад дацкага панавання). У 2-й пал. 16 ст. Д. дамаглася перавагі на Балтыйскім м. Яна ўдзельнічала ў Трыццацігадовай вайне 1618—48. У 17 ст. ў краіне ўстаноўлена абсалютная манархія (1660), з’явіліся першыя мануфактуры. Працяглыя сял. выступленні прывялі да скасавання прыгону (1788—1800). Д. ўдзельнічала (фактычна безвынікова) разам з Расіяй і Саксоніяй у Паўночнай вайне 1700—21 супраць Швецыі, была адной з дзяржаў-ініцыятараў першага ўзбр. нейтралітэту (1780) у Вайну за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83. У выніку нападу англічан на Капенгаген і захопу імі дацкага ВМФ (1807) Д. ўцягнулася ў напалеонаўскія войны на баку Францыі. Паводле Кільскіх мірных дагавораў 1814 яна страціла Нарвегію, в-аў Гельгаланд і інш., аднак захавала пад сваёй уладай нарв. заморскія тэр. — Ісландыю, Грэнландыю, Фарэрскія а-вы. Пасля часовага эканам. застою ў Д. ў 1830—40-я г. пачалася прамысл. рэвалюцыя (у т. л. ў 1847 пабудавана першая чыгунка). Адначасова пад націскам апазіц. ліберальнага руху прынята канстытуцыя 1849, паводле якой устаноўлены рэжым абмежаванай манархіі з 2-палатным парламентам (рыксдагам) і ўрадам, адказным перад каралём. У гэты ж час абвастрылася шлезвіг-гольштэйнская праблема, што выклікала дацка-прускую вайну 1848—50. Наступны крызіс узнік у 1863 у сувязі з прыняццем новай дацкай канстытуцыі, прывёў да дацкай вайны 1864 і адмовы Д. ад прэтэнзій на тэр. герцагстваў. Да ўлады ў краіне прыйшлі кансерватыўныя сілы, якія ў 1866 дамагліся перагляду канстытуцыі 1849: за каралём прызнана права абсалютнага вета і выдання законаў паміж сесіямі парламента, дэпутаты верхняй палаты парламента (ландстынга) сталі выбірацца буйнымі землеўладальнікамі або прызначацца каралём. У 1870 кансерватары ўтварылі кабінет з удзелам правых лібералаў, а іх праціўнікі (левыя лібералы) стварылі аб’яднаную левую партыю (Венстрэ) і разгарнулі паліт. барацьбу за дэмакр. рэформы. У 1901 з дапамогай Сацыял-дэмакратычнай партыі Даніі (СДПД, засн. ў 1876) Венстрэ атрымала большасць у ніжняй палаце парламента (фолькетынгу) і з санкцыі караля Крысціяна IX [1863—1906] сфарміравала першы адказны перад парламентам урад (у 1905—08 яго ўзначальваў Е.К.Крыстэнсен). Рэфарматары палепшылі становішча батракоў і беззямельных сялян, пашырылі аўтаномію Ісландыі (дадзена ў 1874). У 1905 з-за рознагалоссяў вакол ваен. бюджэту і буд-ва ўзбр. сіл з Венстрэ выйшлі пацыфісцкія колы, якія ўтварылі партыю Радыкальная Венстрэ. Нейтральная знешняя палітыка Д. пасля 1864 (у т. л. ў 1-ю сусв. вайну) садзейнічала яе эканам. росту (асабліва ў с.-г. вытв-сці) у 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. У 1915 прынята папраўка да канстытуцыі краіны (набыла сілу пасля 1-й сусв. вайны), паводле якой выбарчае права дадзена датчанам абодвух полаў з 25-гадовага ўзросту. У 1917 Д. прадала падуладную ёй частку Віргінскіх а-воў ЗША. У 1918 дацкія ўлады далі яшчэ большую самастойнасць Ісландыі ў межах міждзярж. уніі (скасавана Ісландыяй у 1944). У 1920 краіна прынята ў Лігу нацый, па выніках плебісцыту, праведзенага згодна з умовамі Версальскага мірнага дагавора 1919, да Д. далучаны Паўн. Шлезвіг. З 1924 найб. ўплыў у парламенце працяглы час мелі сацыял-дэмакраты, дзейнічаў кааліцыйны ўрад на чале з У.Стаўнінгам (прэм’ер-міністр у 1924—26 і 1929—42), які рабіў захады па змяншэнні сац. напружанасці і аслабленні знешняй пагрозы (пакт аб ненападзе з нацысцкай Германіяй 1939). У 1933 Міжнар. суд у Гаазе вырашыў на карысць Д. яе спрэчку з Нарвегіяй з-за Грэнландыі. У 2-ю сусв. вайну краіна ў парушэнне дагавора 1939 акупіравана ням.-фаш. войскамі (9.4.1940). Акупац. ўлады захавалі ўрад Стаўнінга і дацкі парламент. У 1941 Д. вымушана стала чл. «Антыкамінтэрнаўскага пакта»; адначасова ў эміграцыі (Лондан) узнік Дацкі савет, які садзейнічаў актывізацыі Руху Супраціўлення ў краіне (з 1942). Пасля серыі антыфаш. забастовак і акцый сабатажу дацкіх працоўных акупац. ўлады 29.8.1943 ліквідавалі ўрад Э.​Скавеніуса (прэм’ер-міністр з 1942), раззброілі дацкую армію. Дацкі ВМФ часткова самазатапіўся. 5.5.1945 акупац. войскі ў Д. капітулявалі перад брыт. ўзбр. сіламі і падпольнай дацкай арміяй, 9.5.1945 сав. марскія пехацінцы вызвалілі в-аў Борнхальм. Першы пасляваенны ўрад на чале з В.​Булем (1945) ануляваў усе заканад. акты, навязаныя краіне ў перыяд акупацыі, выключыў з дзярж. апарату былых калабарацыяністаў. Знешняя палітыка пасляваен. урадаў, якія ўзначальваліся пераважна прадстаўнікамі СДПД (у 1947—50, 1953—68, 1971—73, 1975—82 і П.Н.Расмусенам з 1993), была накіравана на інтэграцыю краіны ў зах.-еўрап. рэгіянальныя арг-цыі (НАТО, Савет Еўропы, Еўрап. эканам. супольніцтва і інш.). Дацкія ўлады далі самакіраванне Фарэрскім а-вам (1948) і Грэнландыі (1979, з 1953 састаўная ч. Дацкага каралеўства). Стабілізацыі эканомікі краіны пасля 2-й сусв. вайны садзейнічала эканам. дапамога паводле Маршала плана. Пры каралю Фрэдэрыку IX прынята сучасная канстытуцыя, паводле якой уведзены аднапалатны парламент (фолькетынг) і пераемнасць манархіі па жаночай лініі. З 1972 каралевай Д. з’яўляецца Маргрэтэ Л. У 1992 і 1993 праведзены рэферэндумы па пытанні ўступлення краіны ў Еўрап. саюз (на апошнім большасць выбаршчыкаў дала станоўчы адказ). Д. — чл. ААН (з 1945), НАТО (пры ўмове неразмяшчэння на яе тэр. ў мірны час замежных войск, ваен. баз і ядз. зброі), Савета Еўропы (у абодвух арг-цыях з 1949), Еўрап. саюза. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. СДПД (найбуйнейшая), Сацыяліст. нар. партыя, Радыкальная Венстрэ, Венстрэ, Дэмакраты цэнтра, Хрысц. нар. партыя, Кансерватыўная нар. партыя, Партыя прагрэсу, Шлезвігская партыя, Цэнтр. аб’яднанне прафсаюзаў і інш.

Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных сухап. войск, ВПС, ВМС (на пач. 1995 агульная колькасць 27 тыс. чал.), і рэгулярных ваенізаваных фарміраванняў войск абароны (хемверн). Вярх. галоўнакамандуючы — манарх. Камплектуюцца паводле змешанага прынцыпу (да прызыву або найму не прыцягваюцца карэнныя жыхары Грэнландыі і Фарэрскіх а-воў). Сухап. войскі (16,3 тыс. чал.) уключаюць Ютландскую мотапяхотную дывізію, 2 мотапяхотныя брыгады на Зеландскіх а-вах, Борнхальмскую пяхотную брыгаду і інш. У складзе ВПС (6,1 тыс. чал.) 72 баявыя самалёты і часці ППА. ВМС (каля 4,5 тыс. чал. у пач. 1996) маюць 35 баявых караблёў (у т. л. 5 падводных лодак) і 30 баявых катэраў. Хемверн фарміруецца паводле тэр.-вытв. прынцыпу для дапамогі ўзбр. сілам. Каля 2 тыс. дацкіх вайскоўцаў — у войсках ААН (пераважна ў Босніі і Герцагавіне і на Кіпры).

Гаспадарка. Д. — высокаразвітая індустр.-агр. краіна. Па вытв-сці валавога нац. прадукту на душу насельніцтва (26 730 дол., 1993) займае адно з вядучых месцаў у свеце. Доля прам-сці каля 18% (у т. л. апрацоўчай 17%), сельскай гаспадаркі (разам з лясной гаспадаркай і рыбалоўствам) каля 5, буд-ва 5,5, транспарту і сувязі 7, гандлю 12, інш. абслуговых галін каля 50%. У структуры прамысловасці пераважаюць галіны, цесна звязаныя са знешнім рынкам — з увозам сыравіны і паўфабрыкатаў і вывазам гатовых вырабаў. На знешнім рынку рэалізуецца больш як ​1/3 прамысл. і больш за ​1/2 с.-г. таварнай прадукцыі. Вядучыя галіны прам-сці: машынабудаванне, харч., хім. і тэкстыльная. У здабыўной прам-сці асн. значэнне маюць здабыча нафты (8,3 млн. т) і прыроднага газу (1,5 млрд. т, 1993). Здабываюць таксама буд. матэрыялы, каалін, дыятаміт, кухонную соль, торф і інш. Вытв-сць электраэнергіі 32,7 млрд. кВт∙гадз (1993), пераважна на ЦЭС. У машынабудаванні вылучаецца суднабудаванне (прыкладна 3% штогадовага сусв. танажу; у Одэнсе, Хельсінгёры, Накскаве, Капенгагене, Ольбаргу), вытв-сць суднавых дызеляў (Капенгаген). Развіта вытв-сць абсталявання (пад’ёмна-трансп., для цэм., харч., суднабуд., цэлюлозна-папяровай прам-сці), мед. і быт. электратэхнікі. Гал. цэнтры: Капенгаген, Орхус, Одэнсе, Ольбарг (асабліва абсталяванне для цэм. прам-сці), Ранерс (лакаматыва- і вагонабудаванне), Хорсенс. Харч. прам-сць вылучаецца высокім узроўнем механізацыі. Акрамя малочных з-даў і бойняў у краіне шмат мукамольных, хлебапякарных, піваварных, кансервавых, спіртагарэлачных, цукровых, кандытарскіх, тытунёвых і інш. прадпрыемстваў. Асн. цэнтры: Капенгаген, Орхус, Одэнсе, Эсб’ерг (рыба- і мясакансервавыя прадпрыемствы), Ольбарг (рыбаперапрацоўка), Хорсенс (перапрацоўка тытуню, мяса, малака). Хім. прам-сць прадстаўлена вытв-сцю мінер. угнаенняў, сінт. смол, фарбаў, кіслот. Цэнтры нафтаперапрацоўкі і нафтахіміі — Калунбарг і Фрэдэрысія. Развіта фармацэўтычная прам-сць. З галін лёгкай прам-сці найб. развіта тэкстыльная (Капенгаген, Орхус, Одэнсе, Ольбарг, Ранерс, Колінг і інш.). Прадпрыемствы швейнай, абутковай, цэм. (штогод выпускаюць каля 2,5 млн. т цэменту), шкляной, фарфоравай, мэблевай прам-сці і інш. Каля палавіны прамысл. прадукцыі выпускаецца ў Капенгагене і яго прыгарадах. Д. — адна з вядучых у свеце краін па эфектыўнасці сельскай гаспадаркі. Характэрна высокая ступень выкарыстання машын. Каля 200 тыс. чал., занятых у с.-г. вытв-сці (78,8 тыс. фермаў, сярэдні памер 35 га), выпускаюць прадукцыю, якой можна пракарміць 15 млн. чал. Сярэдні надой малака каля 7 тыс. кг (тлустасць больш за 4%), сярэдняя ўраджайнасць збожжавых 50,5 ц/га. Доля с.-г. угоддзяў складае 64% тэрыторыі. Вядучая галіна — жывёлагадоўля, якая дае каля 90% таварнай с.-г. прадукцыі. Пагалоўе (млн. галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы 2,2, свіней 11,1, птушкі 18,9. Штогадовая вытв-сць мяса дасягае 2 млн. т, малака — 5 млн. т, масла — 0,1 млн. т, сыру — 0,3 млн. т, яец — каля 90 млрд. штук. Земляробства абслугоўвае патрэбы жывёлагадоўлі. Каля палавіны с.-г. зямель пад кармавымі культурамі. Вырошчваюць (млн. т, 1993): пшаніцу — 4,3, ячмень — 3,3, жыта — 0,4, бульбу — 1,7, цукр. буракі — 3,6, авёс, бабовыя, рапс. Развіта агародніцтва, садоўніцтва. Штогадовы ўлоў рыбы каля 2 млн. т. Асн. рыбалавецкі порт Эсб’ерг. На адходах рыбалоўства развіта футравая зверагадоўля — вырошчванне норкі. Д. — краіна развітога міжнар. турызму. Штогод краіну наведвае больш за 10 млн. чал., гал. чынам з суседніх краін. Унутр. транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 71,1 тыс. км (1993), чыгунак 2,5 тыс. км, больш за 2 тыс. км электрыфікавана. Асноўныя астравы звязаны паміж сабой і з мацерыковай ч. краіны аўтамаб. і чыг. мастамі. Паромныя сувязі з Германіяй, Швецыяй, Нарвегіяй. Праз тэр. Д. праходзяць міжнар. аўтадарогі і чыгункі з Цэнтр. Еўропы ў Скандынавію. Грузападымальнасць марскога флоту 5 млн. т. На яго долю прыпадае каля ​1/3 унутр. і 80% знешніх перавозак. У перавозках дацкіх суднаў да 80% складаюць грузы замежных краін. Гал. порт Капенгаген. Развіты авіятранспарт заняты пераважна знешнімі перавозкамі пасажыраў. Д. мае дадатны штогадовы гандл. баланс. У агульным кошце экспарту (35,9 млн. дол., 1993) 69% прыпадае на прадукцыю прам-сці і 16% — на с.-г. прадукцыю, у імпарце 56% — на сыравіну і паўфабрыкаты і 18,5% — на машыны, абсталяванне і трансп. сродкі. Замежны гандаль вядзецца пераважна з Германіяй (​1/4 экспарту і імпарту), Швецыяй (10% экспарту і 11% імпарту), Вялікабрытаніяй (9% экспарту і 8% імпарту), Нідэрландамі, Нарвегіяй, Францыяй, ЗША і інш. Д. ў асобныя гады экспартуе ў Беларусь лекі, пшаніцу, цукар, імпартуе трактары, прадукты дрэваапрацоўкі, ільняныя тканіны. Грашовая адзінка — дацкая крона.

Ахова здароўя. Сістэмай мед. абслугоўвання ахоплена ўсё насельніцтва Д. Лячэнне ў шпіталі і хатні мед. догляд за хворым бясплатныя. Дзеці і моладзь перыядычна праходзяць абавязковае бясплатнае мед. абследаванне. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 73, у жанчын 79 гадоў. Смяротнасць 11 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 184 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 360 чал. Узровень нараджальнасці — 12 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць — 7 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Асвета. Сучасная сістэма адукацыі Д. заснавана на законе 1974, паводле якога ўведзена адзіная абавязковая 9-гадовая школа (з 6 гадоў). Дашкольнае выхаванне ў Д. праводзіцца ў дзіцячых яслях і садах (да 6 гадоў). З 1976 уведзена перадшкольнае навучанне для дзяцей 5—6 гадоў (праводзіцца ў спец. класах пры школах і садах). Агульную адукацыю дае адзіная абавязковая нар. школа, якая складаецца з падрыхтоўчага класа, 9-гадовай асн. школы і 10-га (дадатковага) класа для тых, хто хоча працягваць навучанне ў сярэдніх навуч. ўстановах (гімназіі і сярэднія тэхн. ўстановы). Права паступлення ў ВНУ даюць гімназіі; з 1968 такое права маюць і асобы, якія не закончылі гімназію, але здалі вышэйшы падрыхтоўчы экзамен. Прафес. падрыхтоўку даюць прафес.-тэхн. навуч. ўстановы і спец. цэнтры ў выглядзе вучнёўства. Буйнейшыя ВНУ: ун-ты ў Капенгагене (з 1479), Орхусе (з 1928), Одэнсе (з 1964), Дацкая вышэйшая тэхн. школа (з 1829), Каралеўская вышэйшая вет. і с.-г. школа (з 1856), Вышэйшая камерцыйная школа (з 1917), Дацкая вышэйшая пед. школа (з 1856), Дацкая інж. акадэмія (з 1957). Найб. бібліятэкі: Нац. (Каралеўская, засн. паміж 1657 і 1664), б-ка ун-та (з 1482) і Муніцыпальная (з 1885) у Капенгагене, Дзярж. і б-ка ун-та ў Орхусе і інш. Найб. музеі: Нац. (з 1807), Дзярж. маст. музей, Каралеўскі музей прыгожых мастацтваў, Музей Торвальдсена — усе ў Капенгагене, Дом-музей Х.​К.​Андэрсена, Музей пад адкрытым небам даўніх вясковых забудоў у Одэнсе, Музей нац. гісторыі ў замку Фрэдэрыксбарг, Музей караблёў вікінгаў у Роскіле і інш. Навук. даследаванні праводзяцца ва ун-тах, галіновых ін-тах і акадэміях, цэнтрах і інш. н.-д. установах.

Друк, радыё, тэлебачанне. Першая рэгулярная газета выйшла ў 1666. Буйнейшыя сучасныя выданні: «Berlingske Tidende» («Ведамасці Берлінга», з 1749), «Aktuelt» («Актуальна», з 1872), «Fyns Tidende» («Фюнскія ведамасці», з 1872), «Politiken» («Палітыка», з 1884), «Ekstrabladet» («Экстранная газета», з 1904), «Land og Folk» («Краіна і народ», з 1941) і інш. Нац. інфарм. агенцтва Рытсаўс-бюро (РБ; з 1866; акц. т-ва). Радыёвяшчанне з 1925, тэлебачанне з 1951. Радыё- і тэлеперадачы кантралюе дзярж. служба Дацкага радыё.

Літаратура. Самыя стараж. помнікі дацкага пісьменства — рунічныя надпісы 9—12 ст. Першыя літ. помнікі — зборнікі законаў і хронік на лац. мове («Учынкі данаў» Саксона Граматыка, нап. ў 1208). У сярэдневякоўі апрача лац. хронік ствараліся нар. балады і песні (фольквізер). Першая друкаваная кніга на дацкай мове — гіст. праца «Рыфмаваная хроніка» (1495). У 16 ст. развіццю л-ры садзейнічалі Рэфармацыя і кнігадрукаванне. Пераклад Бібліі К.​Педэрсена (1550) стаў асновай для фарміравання дацкай літ. мовы. У гэты час у Д. пранікае л-ра італьян. і галандскага Адраджэння, франц. класіцызму. Найб. значныя творы — «Візітная кніга» П.​Паладыуса і «Хроніка дацкага каралеўства» А.​Гуітфельда. У 17 ст. ў дацкай л-ры адзначаецца заняпад. У творчасці А.​К.​Арэба знайшла адбітак паэзія барока, якая дасягае завершанасці ў царк. песнях Т.​Кінга. Пачынае выходзіць першы часопіс «Дацкі Меркурый». У 18 ст. ў Д. набываюць папулярнасць ідэі Асветніцтва, выдатным прадстаўніком якога быў Л.​Хольберг — пісьменнік, філосаф, гісторык, заснавальнік сучаснай дацкай л-ры, стваральнік нац. тэатра (1722), рэфарматар мовы. У сярэдзіне 18 ст. пашыраецца сентыменталізм (І.​Эвальд, А.А.​К.​Стуб). У 19 ст. ў дацкай л-ры пануе рамантызм, найб. значны прадстаўнік якога паэт і драматург А.​Г.​Эленшлегер. Да рамант. кірунку адносіцца творчасць Н.​Ф.​Грунтвіга — філосафа, мараліста, «дацкага Лютэра». У 1830-я г. ў дацкую л-ру ўваходзіць Х.К.Андэрсен, казкі і гісторыі якога ўзнялі дацкую л-ру на сусв. ўзровень. У сярэдзіне 19 ст. развіваюцца паліт. лірыка і сатыра, асабліва ў творчасці Ф.​Палудан-Мюлера (вершаваны раман «Adam Homo»). Пісьменнік і філосаф С.К’еркегор заснавальнік сучаснай л-ры экзістэнцыялізму, зрабіў значны ўплыў на скандынаўскую і еўрап. л-ры. Важная роля ў развіцці рэалізму ў дацкай л-ры належала крытыку і гісторыку Г.​Брандэсу. Выдатны пісьменнік-рэаліст Е.​П.​Якабсен у рамане «Нільс Люне» паказаў трагічны лёс інтэлігента, які апынуўся адзінокім ва ўмовах тагачаснага жыцця. У 1880-я г. ў л-ры Д. пераважае сімвалізм: Г.​Банг, І.​Ёргенсен, нават у пісьменнікаў рэаліст. кірунку Х.​Драхмана, Х.Гёлерупа. У 1890-я г. адбываецца паварот да рэалізму: Г.​Пантопідан («Шчасліўчык Пер»), І.​В.​Енсен («Хімерландскія гісторыі»); сатыр. драмы пісаў Г.​І.​Від, псіхал. раманы і навелы — К.​Мікаэліс. На пач. 20 ст. развіццё крытычнага рэалізму звязана з творчасцю М.Андэрсена-Нексё. У канцы 1920-х г. адзначаецца паварот да рэаліст. прозы (Андэрсен-Нексё, Х.​Р.​Кірк, Х.​Шэрфіг, Э.​Крыстэнсен, К.​Бекер), гуманістычнай паэзіі (О.​Гельстэд); у творчасці К.​Мунка развіваецца філасофска-рэаліст. кірунак. У пасляваен. час у л-ры працуюць маладыя літаратары, аб’яднаныя вакол час. «Heretica» («Ерась», 1948—53), творчасць якіх характарызавалася ўцёкамі ад рэчаіснасці ў філас.-эстэт. разважанні (О.​Сарвіг, О.​Вівель, Т.​Б’ёрнвіг, Ф.​Егер). У 1950-я г. ў л-ру прыйшлі т.зв. новыя мадэрністы, якія абвясцілі абнаўленне ў галіне формы і грамадскі радыкалізм (В.​Сёрэнсен, К.​Рыфб’ерг, П.​Себерг, Л.​Пандура). Маст. і філас. пошукі гэтых розных па сваёй індывідуальнасці пісьменнікаў не супадалі з агульнымі працэсамі ў грамадстве і прывялі большасць з іх да чарговай эстэт. пераацэнкі, у рэчышча «новага» рэалізму (К.​Кампман, Х.​Стангеруп, Х.​Ё.​Нільсен, Е.​Х.​Сёрэнсен, У.​Далеруп, С.​О.​Мадсен).

Архітэктура. Ад «эпохі вікінгаў» (канец 8 — сярэдзіна 11 ст.) захаваліся рэшткі крэпасцей Трэлебарг на в-ве Зеландыя, Агерсбарг каля Лім-фіёрда. З часу стварэння дацкага каралеўства (10 ст.) і прыняцця хрысціянства (каля 960) пачалося буд-ва драўляных, а з сярэдзіны 11 ст. — каменных (царква Божай Маці ў Роскіле) базілікальных цэркваў. У раманскі перыяд (12 — пач. 13 ст.) будавалі крыжова-купальныя саборы ў Рыбе і Вібаргу. Помнікі готыкі (13 — пач. 16 ст.): саборы ў Роскіле і Одэнсе. У 16 — 1-й пал. 17 ст. будавалі палацы, грамадскія і жылыя будынкі (біржа і палац Росенбарг у Капенгагене), у дэкоры якіх выявіўся ўплыў Адраджэння. Выдатны помнік архітэктуры 18 ст. — ансамбль Амаліенбарг (арх. Н.​Эйтвед, Н.​Жардэн). Перайманне стыляў інш. эпох і эклектызм характэрны для 2-й пал. 19 ст. У канцы 19 ст. ўзнік нац. рамантызм (арх. М.​Нюрап, П.​В.​Енсен-Клінт і К.​Клінт). Шляхі развіцця сучаснай архітэктуры Д. супадаюць са шляхамі яе развіцця ў Швецыі. Разам з тым захаваліся традыцыі дацкай цаглянай архітэктуры. З 1930-х г. пашыраны функцыяналізм (ун-т у Орхусе, 1932—46, арх. К.​О.​Фіскер і інш.; Дзярж. радыёцэнтр у Капенгагене, 1938—45, арх. В.​Т.​Лаўрытсен). Сярод найб. вядомых архітэктараў Д. — А.Якабсен (ратуша ў Рэдаўрэ, 1954—56, будынак авіякампаніі «САС» у Капенгагене, 1959—61, і інш.), аўтар праекта сусв. вядомага опернага т-ра ў Сіднеі (Аўстралія, 1966) Ё.​Утсан.

Выяўленчае мастацтва. Помнікі маст. культуры вядомы з 8-га тыс. да н.э.: кромлехі і дальмены эпохі неаліту і бронзы; наскальныя выявы сцэн войнаў і палявання на в-ве Борнхальм эпохі бронзы; сярэбраны посуд і залатыя манеты жал. веку. У размалёўках раманскіх цэркваў («Хрыстос у славе», царква Себю на в-ве Зеландыя) — выявы ў візант. традыцыях у спалучэнні з мясц. арнаментам, які дамінуе і ў скульптуры (алтар з царквы ў Лісб’ергу). З 2-й пал. 15 ст. ў Д. імпартавалася шмат маст. твораў з Германіі, Нідэрландаў, Францыі, прыязджалі майстры, што працавалі тут да сярэдзіны 18 ст. Заснаванне ў Капенгагене АМ (1754) спрыяла развіццю класіцызму, які панаваў у Д. ў 2-й пал. 18 ст. — 1-й пал. 19 ст. У гэты час складваецца нац. маст. школа (скульпт. І.​Відэвельт, Б.Торвальдсен, жывапісец Н.​Абільгар). У партрэтным і пейзажным жывапісе (В.​Эрыксен, Е.​Юль) спалучаюцца рысы стыляў барока, ракако і класіцызму. Вызначальнае месца ў жывапісе 1-й пал. 19 ст. належала К.В.Экерсбергу і яго паслядоўнікам К.Кёбке, В.​Бендсу, І.​Т.​Лунбю і інш., творы якіх блізкія да бідэрмееру. Жывапіс мастакоў наступнага пакалення (К.​Хансен, В.​Марстран) набыў рысы акадэмізму. З 1880-х г. пачаўся росквіт маст. фарфору (сервізы і статуэткі з падглазурнай размалёўкай мяккіх тонаў). Новаму ўздыму жывапісу садзейнічала творчасць мастакоў аб’яднання «Вольная выстаўка» (засн. ў 1891), якія пасяліліся ў в. Скаген (Паўн. Ютландыя) і займаліся вырашэннем праблемы пленэру (рэалісты П.С.Кроер, В.​Іохансен, А.​Ерндарф, пачынальнік дацкага імпрэсіянізму Т.​Філіпсен). Творчасць Філіпсена істотна паўплывала на групу пейзажыстаў і анімалістаў, што паявіліся на в-ве Фюн, — П.​Хансена, Ф.​Сюберга, І.​Ларсена, П.​Крысціянсена. Тэму гісторыі Д. ўвасабляў К.​Сартман. Мастакі Е.​Ф.​Вілумсен, В.​Хамерсхёй, Э.​А.​Нільсен імкнуліся да сімвалізму і т.зв. нардычнага экспрэсіянізму. У 1910-я г. ў мастацтве заўважны ўплыў фавізму, кубізму і інш. новых плыней (Х.​Гірсінг, Э.​Вее). З 1930-х г. у мастацтве панаваў эклектызм (Э.​Альфельт, Э.​Біле, Э.​Якабсен), якому процістаялі рэаліст. жывапіс О.​Рудэ, Х.​Енсена, графіка І.​Крыстэнсена, паліт. і быт. карыкатуры Х.Бідструпа. У скульптуры 1-й пал. 20 ст. працавалі К.​Нільсен, Ж.​Гоген, І.​К.​Б’ерг і інш.

Музыка Д. была адносна развітой ужо ў першыя стагоддзі да н.э. Сярод стараж. муз. інструментаў духавыя рог і лур (4 ст. да н.э.). У сярэдневякоўі былі пашыраны героіка-эпічныя песні — драпы, сагі, якія выконвалі скальды. З 12 ст. развіваецца прафес. культавая, у 15—16 ст. і свецкая музыка (прыдворныя капэлы). У 16 ст. на музыку Д. значна паўплывала нідэрландская школа. Найб. значны кампазітар 17 — пач. 18 ст. Дз.Букстэхудэ. Узнікненне дацкай нац. оперы падрыхтавалі зінгшпілі і музыка да драм. спектакляў Ф.​Кулаў, а таксама Ф.​Кунцэна, І.А.​П.​Шульца, К.Э.​Ф.​Вайсе і інш. З 19 ст. вывучаецца нац. фальклор. Лепшыя прадстаўнікі дацкага муз. рамантызму Н.Гадэ, стваральнік першай нац. оперы І.П.​Э.​Хартман («Маленькая Кірстэн» паводле Х.​К.​Андэрсена, 1846), К.​Хорнеман, П.​А.​Хейсе. Вял. ролю ў станаўленні нац. балета адыграла дзейнасць А.Бурнанвіля. Заснавальнік сучаснай кампазітарскай школы К.Нільсен. У розных муз. жанрах вылучыліся кампазітары П.​Э.​Ланге-Мюлер, К.​Рысагер, Ф.​Хёфдынг, С.​Э.​Тарп, А.​Хамерык, Э.​Хамерык, Ё.​Ерсіль, В.​Хольмбу, Н.В.Бентсан, П.​Нёргар, П.​Р.​Ольсен і інш. Сярод выканаўцаў дырыжор Э.​Туксен, спявак Л.​Мельхіяр і інш. У Д. працуюць (1988): 5 кансерваторый, 5 хар. саюзаў, 2 саюзы кампазітараў і інш. Выдаюцца 15 муз. часопісаў.

Тэатр. Элементы тэатр. мастацтва былі ў творчасці стараж. скандынаўскіх спевакоў — скальдаў. У сярэднія вякі пашыраны паказы «нараў», містэрый, літургічных драм, маралітэ. У 1722 у Капенгагене адкрыты т-р «Дацкая сцэна» (з 1770 наз. Каралеўскі т-р). Драматургія 18 ст. (асабліва Л.​Хольберга) і творчасць выдатных акцёраў (К.​А.​Г’ельструп і інш.) залажылі асновы нац. камед. акцёрскай школы. У 1-й пал. 19 ст. творы А.​Эленшлегера вызначылі развіццё школы акцёраў-рамантыкаў (І.​К.​Руге, Н.​П.​Нільсен і інш.). П’есы І.​Л.​Хейберга, Е.​К.​Хострупа, Г.​Херца спрыялі росквіту сцэн. рэалізму. У канцы 19 ст. ставіліся востракрытычныя, гуманіст. драмы Г.​Ібсена. У пач. 20 ст. т-р перажываў крызіс, у 1930-я г. — уздым, які прывёў да росквіту тэатр. мастацтва і драматургіі. Ставіліся антыфаш. спектаклі па п’есах К.​Абеля, К.​Э.​Соі, К.​Мунка. У час ням.-фаш. акупацыі ставіліся гіст. п’есы, дацкая класіка, пасля вызвалення — п’есы пра ваенныя гады, гераізм удзельнікаў Руху Супраціўлення. У 1950—70-я г. ставіліся пераважна п’есы сучасных зах.-еўрап. і амер. драматургаў. Да твораў нац. і сусв. класікі звяртаўся найчасцей Каралеўскі т-р, які і цяпер прадаўжае рэаліст. традыцыі. Працуюць Нар. т-р (засн. ў 1857), «Новы тэатр» (1908), «Гладсакс-тэатр» (1964), «Ню Скала» (1912) — усе ў Капенгагене, т-ры ў Ольбаргу, Одэнсе, Орхусе і інш. Дзейнічае Дзярж. драм. школа ў Капенгагене. З 1979 праходзяць міжнар. «Фестывалі блазнаў», дзе прадстаўлены тэатр. калектывы ўсіх жанраў.

Кіно. Пачынальнік дацкага кінематографа — фатограф Л.​П.​Эльфельт, які ў 1896—97 зняў першы дакумент., а ў 1903 — маст. фільмы. З 1906 дзейнічала кінастудыя «Нордыск фільмс компані» (засн. О.​Ольсен), што набыла міжнар. вядомасць дзякуючы фільмам В.​Ларсена, П.​У.​Гада, А.​Блома, АВ.​Сандберга з удзелам вядомай актрысы нямога кіно А.​Нільсен. У пач. 20 ст. кіно Д. займала вядучае месца ў Еўропе (штогод стваралася каля 150 фільмаў). Далейшае яго развіццё прыпыніла эміграцыя вядучых кінарэжысёраў. У 1920-я г. здымаліся камедыі Л.​Лаўрытсена з удзелам комікаў Х.​Мадсена і К.​Шэнстрэма (вядомыя як Пат і Паташон). У канцы 1920-х—30-я г. вытворчасць фільмаў рэзка знізілася. У гады ням.-фаш. акупацыі развівалася дакумент. кіно (К. і Ё.​Рос, Т.​Крыстэнсен, A. і Б.​Хенінг-Енсен, О.​Пальсба). У 1950-я г. кіно Д. аддавала ўвагу сац. праблемам. Але яго развіццё стрымлівала ўзнікненне тэлебачання. У 1972 у Д. створаны Дзярж. ін-т кіно. У 1960-я г. маніфестам кіно Д. стала творчасць П.​К’ерульфа-Шміта. У 1970—80-я г. вылучыліся карціны, прысвечаныя моладзі (рэж. Н.​Мальмрас, М.​Арнфрэд, Б.​Аўгуст). Папулярнасцю карыстаецца серыя камедый Э.​Балінга пра шайку Ольсена (з удзелам коміка О.​Спрогё), а таксама фільмы Х.​Карлсена і Е.​Б.​Карлсена, Э.​Клаўсена, А.​Хенінг-Енсен, Г.​Акселя, К.​Рострупа з удзелам акцёраў Г.​Бюрне, Х.​Мірэн, К.​Бале.

Літ.:

Лебедев Г.С. Эпоха викингов в Северной Европе: Ист.-археол. очерки. Л., 1985;

Славяне и скандинавы: Пер. с нем. М., 1986;

Коган М.А. Просвещенный абсолютизм в Дании. Реформы Струензе. Лекция. М., 1972;

Кудрина Ю.В. Дания в годы второй мировой войны. М., 1975;

Карлсен А.-В. Современная Дания. М., 1981;

Неустроев В.П. Литература скандинавских стран (1870—1970). М., 1980;

Искусство стран и народов мира. Т. 1. М., 1962;

Danmarks arkitektur. Bd 1—5. Lund;

København, 1979—80;

Мохов Н. Некоторые страницы истории датской музыки // Исследования исторического процесса классической и современной зарубежной музыки. М., 1980;

Schirring N. Musikkens historie i Danmark. Bd 1—3. København, 1977—78.

П.​І.​Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.​Я.​Калаткоў (гісторыя), У.​Л.​Сакалоўскі (літаратура), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае мастацтва).

Герб і сцяг Даніі.
Да арт. Данія. Будынкі фахверкавай канструкцыі ў г. Орхус.
Да арт. Данія. Узбярэжжа зал. Орхус-Бугт на паўвостраве Ютландыя.
Да арт. Данія. Краявід паблізу г. Капенгаген.
Да арт. Данія. Карона караля Крысціяна IV.
Да арт. Данія. Б.​Торвальдсен. Ганімед. 1804.
Да арт. Данія. Вадзяны млын на востраве Фюн. 1700—1800.
Да арт. Данія. І.​Т.​Лунбю. Царква ў Калунбаргу. 1837.
Да арт. Данія. Ратуша ў Орхусе. Арх. А.​Якабсен і інш. 1938—42.
Да арт. Данія. Адна з залаў Музея Торвальдсена ў Капенгагене.
Да арт. Данія. К.​Кёбке. Сястра мастака. 1831.
Да арт. Данія. Царква Грунтвіга ў Капенгагене. Арх. П.​В.​Енсен-Клінт, К. Клінт 1921—40.
Да арт. Данія. Інтэр’ер жылога пакоя сялянскага дома з вострава Зеландыя. 1800.

т. 6, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)