ЧАЛАВЕ́ЧНАСЦЬ, гуманнасць,
маральна-псіхалагічная якасць, што характарызуе добразычлівыя і бескарыслівыя адносіны да людзей, адпаведнасць думак, пачуццяў і дзеянняў чалавека лепшым бакам яго сацыяпрыроднай сутнасці. Праяўляецца ў павазе да годнасці асобы, справядлівасці ў дзеяннях і ацэнках, самаахвярнасці ва ўчынках, міласэрнасці, спагадлівасці, праўдзівасці, шчырасці. Прадугледжвае таксама любоў да працы, прыроды, да ўсяго прыгожага ў дзеяннях чалавека, што надае яму высакароднасць, павагу інш. людзей. Адна з вышэйшых каштоўнасцей чалавека — любоў да Айчыны і да свайго народа. У паняцце «4.» уваходзіць таксама непрыманне любых праяў зла і насілля, жорсткасці, несправядлівасці і здрадніцтва.
Ч. грунтуецца на нормах маралі, сфармуляваных у розных этычных вучэннях і замацаваных шматгадовай жыццёвай практыкай. І.Кант вылучаў спец. этычныя катэгорыі, якія характарызуюць Ч. як высокую маральнасць, звязаную з практычным розумам (дапамога людзям, садзейнічанне іх шчасцю, адмаўленне ад хлусні, рабалепства, зайздрасці, пагарды і да т.п.). В.Р.Бялінскі лічыў Ч. вышэйшай дабрачыннасцю, бо «без яе чалавек ёсць толькі жывёліна». Праблему Ч. ў 20 ст. разглядалі А.Камю, Ж.П.Сартр, Э.Фром, З.Фрэйд і інш.
Прынцыпы Ч., агульнага дабра і гуманізму адстойвалі ў сваёй творчасці Ф.Скарына, С.Будны, А.Доўгірд, Я.Даманеўскі, Ф.Багушэвіч, Я.Лучына, Я.Колас, Я.Купала і інш. бел. мысліцелі і асветнікі. Гл. таксама Гуманізм, Дабро і зло.
Літ.:
Фромм Э. Человек для себя: Иметь или быть?: Пер. с англ. Мн., 1997;
Скарына Ф. Творы. Мн., 1990;
О человеческом в человеке: [Сб.] М., 1991;
Бердяев Н.А. О назначении человека. М., 1993;
Кант И. Основы метафизики нравственности: Пер. с нем. М., 1999.
В.Дз.Марозаў.
т. 17, с. 211