АКАМАДА́ЦЫЯ ў біялогіі і медыцыне,

тэрмін, блізкі да адаптацыі. Акамадацыя вока — прыстасаванне яго да выразнага бачання прадметаў, што знаходзяцца на рознай адлегласці; акамадацыя фізіялагічная ўзбудлівых тканак (мышачнай і нервовай) — прыстасаванне да дзеяння раздражняльніка, якое павольна нарастае па сіле; акамадацыя гісталагічная тканак — змена формы і суадносін тканкавых элементаў (клетак) у працэсе прыстасавання да зменлівых умоў.

т. 1, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМІНІ́СТРАЦЫЯ ПРЭЗІДЭ́НТА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

рабочы орган, які ствараецца пры Прэзідэнце. У адпаведнасці з палажэннем і штатным раскладам ажыццяўляе інфармацыйную і арганізацыйна-тэхн. дзейнасць. Адміністрацыя не мае права ўмешвацца ў работу Кабінета Міністраў і дубліраваць яго функцыі. Кіраўнік адміністрацыі прызначаецца Прэзідэнтам, іншыя работнікі — па ўзгадненні з Прэзідэнтам. Свае паўнамоцтвы яна складае перад нававыбраным Прэзідэнтам.

т. 1, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГІЕ́ВІЧ (Уладзімір Іванавіч) (26.9.1910, в. Пухавічы Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. — 4.10.1952),

бел. крытык і літ.-знавец. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1937). Друкаваўся з 1928. Найб. значныя працы пра творчасць Я.​Купалы, Я.​Коласа, пасляваен. бел. паэзію. Яго творы спрыялі пераадоленню вульгарызатарскіх схем і догмаў у бел. крытыцы.

Тв.:

Літаратура і жыццё. Мн., 1954.

т. 1, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСЕ́ЕЎ (Іван Епіфанавіч) (14.4.1909, Полацк — 16.1.1943),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Кіеўскую артыл. школу (1933). Служыў у БВА. На фронце з 1941, удзельнік абароны Масквы. У студз. 1943 танк. брыгада палкоўніка Аляксеева прарвала абарону праціўніка ў Варонежскай вобл., прайшла 70 км па яго тылах, вызваліла дзесяткі нас. пунктаў, чыг. ст. Росаш. Загінуў у баі.

т. 1, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМРЫКЯ́Н (Міхрдат Аванесавіч) (13.5.1843, Тбілісі — 17.2.1879),

армянскі акцёр, тэатр. дзеяч; адзін з заснавальнікаў сцэн. рэалізму ў арм. т-ры. Сцэн. дзейнасць пачаў у 1859. Працаваў у Ерэване, Александропалі, Шушы, Канстанцінопалі. З яго імем звязаны традыцыі сцэн. ўвасаблення вобразаў у п’есах Г.​Сундукяна. Адна з лепшых роляў — Франц Моар («Разбойнікі» Ф.​Шылера). Выступаў як тэатр. крытык.

т. 1, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬКА ВАЛАДА́РАВІЧ,

лагожскі (лагойскі) князь 12 ст. У 1186 разам са смаленскім кн. Давыдам, яго сынам наўгародскім кн. Мсціславам і друцкім кн. Усяславам удзельнічаў у паходзе на Полацк. Полацкае веча вырашыла дамагацца мірнага ўрэгулявання канфлікту: палачане сустрэлі праціўнікаў з пашанай і паклонамі, далі ім шмат дароў; тыя, атрымаўшы ўзнагароду, згадзіліся на мір.

т. 4, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́СТА,

у старажытнарымскай міфалогіі багіня свяшчэннага ачага рым. абшчыны, курыі, дома. Уяўлялі Весту з тварам, закрытым пакрывалам, з чашай, факелам, скіпетрам і паладыем. Круглы храм Весты стаяў на Рым. форуме, унутры яго знаходзіўся ачаг Весты, у якім вясталкі падтрымлівалі вечны агонь. Да аднаго культу з Вестай належалі Пенаты. У стараж.-грэч. міфалогіі Весце адпавядае Гестыя.

т. 4, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІБРАТЭРАПІ́Я (ад вібра... + тэрапія),

выкарыстанне вібрацыі ў лек. мэтах; адзін з метадаў фізіятэрапіі. Ажыццяўляецца з дапамогай спец. апаратаў, пераважна ў форме вібрацыйнага масажу цела ці асобных яго ўчасткаў пры шэрагу захворванняў перыферычнай нерв. сістэмы, асептычных запаленчых працэсах і інш. Лячэбнае ўздзеянне рэалізуецца праз паляпшэнне кровазвароту, абмену рэчываў, стымуляцыю нейратрафічнай і інш. функцый арганізма.

т. 4, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІР,

возера ў Чачэрскім р-не Гомельскай вобл., у бас. р. Сож, за 4 км на ПнУ ад г. Чачэрск. Пл. 0,2 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 200 м. Поймавае. Усходнія схілы катлавіны пад лесам, зах. пад хмызняком. Праз возера цячэ р. Курынка, якая злучае яго з воз. Вілія, на Пн упадаюць меліярац. каналы.

т. 4, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́КА БУ́РЫ, вока тайфуну,

вобласць у цэнтры трапічнага цыклону папярочнікам 20—30 км (часам да 60 км), з ясным небам і слабымі вятрамі (нярэдка поўны штыль). Акружана магутнай воблачнасцю, з якой звязаны ліўневыя ападкі, навальніцы, штармавыя вятры і моцнае хваляванне на моры. Утвараецца пры апусканні паветра, што суправаджаецца яго ўшчыльненнем, награваннем і высушваннем.

т. 4, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)