дзяржаўны маёнтак у ВКЛ (16—18 ст.) і Польшчы (14—18 ст.), які даваў вял. князь або кароль на часовае карыстанне феадалам за службу. Гродавыя С. прыпісваліся да судова-адм. цэнтраў — замкаў і складалі кармленне дзярж. службовых асоб — старостаў. Нягродавыя С. даваліся на пажыццёвае карыстанне як узнагарода за паслугі вял. князю ці дзяржаве, а таксама здаваліся ў арэнду за пэўную гадавую плату ці ў залог за грашовую пазыку. З 1562 уладальнікі С. ўносілі ў дзярж. скарб на ўтрыманне войска т. зв. кварту — 1/4 частку чыстага даходу. З 1775 кварта падвоена. Перыядычна праводзіліся рэвізіі (люстрацыі) С. Феадалы імкнуліся як мага даўжэй пратрымаць С. ў сваім родзе, пераўступалі яго (са згоды вял. князя) пры жыцці членам сваёй сям’і ці пабочным асобам за плату. Вял. князі выкарыстоўвалі права раздачы С. з мэтай вярбоўкі сваіх прыхільнікаў. Шляхта вяла барацьбу за абмежаванне гэтага права. У 1775 сойм забараніў раздачу С., і яны павінны былі пасля смерці ўладальніка здавацца ў спадчынную арэнду на 50 гадоў. Да 1791 удзельная вага С. сярод зямельных уладанняў на Беларусі (без усх. часткі) складала 8%. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай С. ўвайшлі ў склад дзярж. маёнткаў. Пазней некаторыя з іх, асабліва ва ўсх. Беларусі, падараваны рас. дваранам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЛЯНДРО́ЎКА,
спосаб аздаблення драўляных і керамічных вырабаў, заснаваны на расчэсванні свежага фарбаванага слоя ў выглядзе зігзагаў, хваль, палос. На Беларусі, у Польшчы і Літве вядома з канца 19 ст. Шафы, камоды, куфры, скрыні, ложкі, зробленыя з хвоі ці бярозы, фарбавалі алейнымі фарбамі жоўта-карычневых адценняў, потым гумавым ці скураным грабеньчыкам наводзілі хвалевыя палосы, якія імітавалі фактуру каштоўнай драўніны. З часам Ф. выпрацавала ўласныя арнаментальна-дэкар. прыёмы, найб. ярка выяўленыя ў аздабленні куфраў.
Паверхню іх фарбавалі ў светлы колер (звычайна белы) і высушвалі, потым наносілі слой фарбы больш цёмнага колеру (блакітны, зялёны, малінавы) і грабеньчыкам наносілі палосы, высвечваючы ніжні светлы фон. Такім спосабам пярэднюю сценку і века куфра дзялілі на квадраты і прамавугольнікі, іх контуры служылі аблямоўкай для маляваных сюжэтаў; бакавыя і заднюю сценкі наводзілі Хвалістымі палосамі ў выглядзе касой сеткі (гл.Агоўскія куфры). Керамічны посуд пакрывалі паясамі белага ці карычневага ангобу. якія расчэсвалі ў выглядзе густых хваль. Найб. ярка Ф. праявілася ў аздабленні івянецкай керамікі 20 ст. Каляровыя палосы робяць упрытык, зубчастыя густыя хвалі, нанесеныя на лініі іх судакранання, утвараюць узаемныя зацёкі колераў.
Я.М.Сахута.
Да арт.Фляндроўка. В.Кулікоўскі. Ганчарны посуд. 1962.Да арт.Фляндроўка. Л.Доўгер. Фрагмент дэкору куфра. Вёска Агова Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл. 1959.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАНА́ЎТ (ад гідра... + грэч. nautēs мараплавец), акванаўт,
чалавек, які прайшоў спец. падрыхтоўку і здольны доўгі час (на працягу многіх сутак) знаходзіцца ў падводным апараце без выхаду на паверхню. Выконвае падводныя работы ці даследаванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУБА́,
тэрытарыяльная адзінка ў Расіі ў 16—17 ст. Першапачаткова супадала з воласцю ці горадам. Дзейнічалі губныя органы мясц. самакіравання (губныя хаты і інш.), якія выконвалі судова-паліцэйскія функцыі. Гл. таксама Губная рэформа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКВАМАРЫ́Н (ад лац. agua marina марская вада),
мінерал, разнавіднасць берылу. Празрыстыя крышталі сінявата-зялёнага ці блакітнага колеру. Трапляюцца ў гранітных і слюдзяна-кварцавых горных пародах (Бразілія, ЗША, Мадагаскар, Індыя, Украіна). Каштоўны камень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРБАТАВА́ННЕ, барбатаж,
прапусканне пад ціскам газу ці пары праз вадкасць у барбацёры. Выкарыстоўваецца ў прам-сці і лабараторнай практыцы для награвання вадкасці перагрэтай парай, перамешвання агрэсіўных вадкасцяў, паглынання газу і парападобных рэчываў растваральнікамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРЭ́НЬКА,
у беларусаў каробка, плеценая з лубу, бяросты, лазы. Мела круглую, авальную або прадаўгаватую форму, з адной ці дзвюма ручкамі, з глыбокім вечкам або без яго. Прызначалася для пераноскі прадуктаў і гародніны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНВАЛЮ́Т (ад лац. convolutus згорнуты, сплецены),
зборнік, складзены з некалькіх самаст. выданняў (кніг, часопісаў, брашур, адбіткаў артыкулаў) ці рукапісаў, пераплеценых у адзін том. Раней К. называлі зборнікі разнастайных матэрыялаў, пазней — толькі тэматычныя зборнікі.