ЛЕГІ́РАВАННЕ (ням. legieren сплаўляць ад лац. ligare звязваць, злучаць),
увядзенне ў метал. сплавы спец. элементаў-дамешкаў для надання ім патрэбных фіз., хім., мех. і тэхнал. уласцівасцей.
Легіруюць звычайна расплаўленыя сплавы, часам — цвёрдыя (т.зв. паверхневае Л. — дыфузійная металізацыя, напр., алітаванне, азатаванне, берылізацыя, цэментацыя). У якасці легіруючых элементаў пры Л. жалезавугляродзістых сплаваў (сталей, чыгуну) выкарыстоўваюць хром, нікель, малібдэн, марганец, крэмній, вальфрам, ванадый, тытан і інш.; пры Л. каляровых металаў і сплаваў — цынк, алюміній, крэмній, медзь, марганец, магній і інш. Легіруючыя элементы могуць утвараць з асн. металам (сплавам) эўтэктыкі, цвёрдыя растворы, хім. злучэнні (карбіды, аксіды, нітрыды), якія надаюць сплаву новыя ўласцівасці. На аснове Л. створаны легіраваная сталь, легіраваны чыгун, бронза, дуралюмін, сілумін і інш. Л. наз. таксама дазіраванае ўвядзенне пабочных атамаў, дамешак, структурных дэфектаў унутр цвёрдага цела (пераважна паўправаднікоў) бамбардзіроўкай іх паверхні іонамі (іоннае Л.) для змены эл. уласцівасцей. Л. вядома са старажытнасці (пра гэта сведчаць знойдзеныя ўзоры халоднай зброі). У Расіі з 1830-х г.прамысл. доследы Л. праводзіў П.П.Аносаў. Ён распрацаваў тэорыю і тэхналогію выплаўкі легіраванай сталі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЛО́Ў (Уладзімір Іванавіч) (14.12.1902, с. Красны Яр Самарскай вобл., Расія — 31.8.1994),
бел. матэматык. Акад.АН Беларусі (1956), д-рфіз,матэм.н., праф. (1951). Засл. дз. нав. Беларусі (1968). Скончыў Ленінградскі ун-т (1928), дзе працаваў у 1933—56. З 1957 у Ін-це фізікі і матэматыкі, з 1959 у Ін-це матэматыкі АН Беларусі (у 1959—73 нам. дырэктара). Адначасова ў 1957—75 у БДУ. Навук. працы па выліч. матэматыцы, метадах лікавага інтэгравання і інтэгральных пераўтварэнняў. Распрацаваў метады набліжанага вылічэння шэрагу вызначаных і нявызначаных інтэгралаў, даследаваў набліжаныя інтэгральныя пераўтварэнні, спосабы паляпшэння збежнасці шэрагаў і паслядоўнасцей. Развіў метады, заснаваныя на алгебраічным і паказальным інтэрпаляванні. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.
Тв.:
Приближенные методы высшего анализа. 5 изд. М.; Л., 1962 (разам з Л.В.Кантаровічам);
Приближенное вычисление интегралов. 2 изд. М., 1967;
Вычислительные методы высшей математики. Т. 1—2. Мн., 1972—75 (разам з У.В.Бабковым, П.І.Манастырным);
Вычислительные методы. Т. 1—2. М., 1976—77 (з імі ж);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫТЫ́ЧНЫ СТАНу фізіцы,
раўнаважны стан двухфазнай сістэмы, у якім розныя фазы становяцца аднолькавымі па сваіх фіз. уласцівасцях. Характарызуецца крытычнымі значэннямі т-ры, ціску і аб’ёму; на дыяграме стану яму адпавядаюць лімітавыя пункты на крывых раўнавагі фаз (крытычныя пункты). Уласцівасці рэчыва ў К.с. вывучаюць і выкарыстоўваюць пры стварэнні ўстановак звадкавання газаў, раздзялення сумесей, энергет. установак на звышкрытычных параметрах і інш.
Пры набліжэнні да К.с. адрозненні ў шчыльнасцях, складзе і інш. уласцівасцях фаз, а таксама скрытая цеплата фазавага пераходу і міжфазнае паверхневае нацяжэнне змяншаюцца і ў крытычным пункце роўныя нулю. Уласцівасці новай фазы бясконца мала адрозніваюцца ад уласцівасцей зыходнай і таму пры яе ўзнікненні выключаецца пераграванне (пераахаладжэнне), а таксама выдзяленне (паглынанне) цеплаты, што характэрна для фазавых пераходаў 2-га роду. Значна ўзрастаюць флуктуацыі шчыльнасці і канцэнтрацыі (у сумесях); у крытычных пунктах растваральнасці становіцца неабмежаванай узаемная растваральнасць кампанентаў. Гл. таксама Крытычныя з’явы.
П.А.Пупкевіч.
Да арт.Крытычны стан. Крывыя расслаення на 2 фазы раствораў: а — вада—фенол; б — вада—нікацін (1, 2 — верхні і ніжні крытычныя пункты адпаведна). Выдзелены вобласці двухфазнай раўнавагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭДЫ́ТНЫЯ СА́НКЦЫІ,
меры ўздзеяння, накіраваныя на частковае або поўнае спыненне (забарону) крэдытных узаемаадносін. Існуюць розныя віды К.с.: перавод на асаблівы рэжым крэдытавання, датэрміновае спагнанне выдадзеных пазык, спагнанне ў бясспрэчным парадку пратэрмінаваных плацяжоў, часовае спыненне крэдытавання. Ужываюцца часцей да дзяржавы (яго юрыд. або фіз. асоб) пры парушэнні ёй сваіх абавязацельстваў і норм міжнар. права, а часам і з мэтай парушэння яе эканам. развіцця і прымусу да выканання якіх-н. патрабаванняў, у т. л. і палітычных. Напр., Міжнар. валютны фонд уплывае на эканам. курс той ці інш. дзяржавы на аснове прадастаўлення крэдытаў (больш выгадных, чым камерцыйныя) у абмен на строга пэўны курс у правядзенні эканам. рэформаўтварэння. Паміж урадам і фондам падпісваецца дакумент («Пісьмо аб намерах»), у якім выразна выкладзены ўсе будучыя эканам. меры. Пад іх даюцца крэдыты, крэдытаванне вядзецца па частках і спыняецца, калі ўрад адхіліцца ад прынятага курсу рэформ. Такі падыход нельга лічыць дыскрымінацыйным, калі ён не ўшчамляе нац. інтарэсы краіны-пазычальніка і не мае на мэце паліт. інтарэсаў. Гл. таксама Крэдытная блакада, Крэдытная дыскрымінацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВЫ ГАДЗІ́ННІК, атамны гадзіннік, малекулярны гадзіннік,
прылада для дакладнага вымярэння часу, якая мае кварцавы генератар, што кіруецца квантавым стандартам частаты. Ход К.г. рэгулюе частата выпрамянення атамаў або малекул пры іх квантавых пераходах з аднаго энергет. стану ў другі.
Гэтая частата настолькі стабільная (хібнасць 10−11—10−13), што дазваляе вымяраць час больш дакладна, чым з выкарыстаннем астр. метадаў (недакладнасць ходу каля 1 с за 100 гадоў). К.г. мае спец. электронныя прыстасаванні, якія фарміруюць сетку частот, забяспечваюць вярчэнне стрэлак або змену лічбаў на цыферблаце, выдачу сігналаў дакладнага часу. Выкарыстоўваюцца ў радыёнавігацыі для вымярэння адлегласцей ад лятальнага апарата да наземнай станцыі (параўнаннем фазы сігналу, прынятага з Зямлі, з фазай апорнага сігналу бартавога абсталявання), у службах дакладнага часу, неабходнага для геал., геафіз. і інш. работ, а таксама ў якасці эталона частаты пры фіз. даследаваннях. На аснове К.г. ў 1960-я г. створана сістэма адліку часу, незалежная ад астр. назіранняў (наз. атамным часам). Гл. таксама Секунда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕДЗЯ́РАЎ (Аляксандр Пятровіч) (н. 24.12.1947, в. Янглічы Канашскага р-на, Чувашыя),
бел. спартсмен (стралк. спорт). Майстар спорту СССРміжнар. класа (1971). Засл. майстар спорту СССР (1973). Скончыў Бел.ін-тфіз. культуры (1977). З 1972 інструктар Спартклуба БВА. Сярэбраны прызёр XXI Алімп. гульняў (1976, г. Манрэаль, Канада) у асабістым першынстве. Перамогі на чэмпіянатах свету: 1973 (г. Мельбурн, Аўстралія) — 2 залатыя медалі ў камандным, залаты і сярэбраны — у асабістым першынствах; 1974 (г. Тун, Швейцарыя) — 2 залатыя медалі ў камандным, сярэбраны ў асабістым першынствах, 2 залатыя медалі ў камандным першынстве 1975 (г. Мюнхен, Германія), 1979 (г. Лінц, Аўстрыя). Перамогі на чэмпіянатах Еўропы: 1973 (г. Доргмунд, Германія) — залаты медаль у камандным першынстве; 1977 (Бухарэст) — залаты медаль у камандным і сярэбраны ў асабістым першынствах; 1978 (г. Зуль, Германія) — залаты медаль у камандным і бронз. ў асабістым першынствах; 1979 (г. Грац, Аўстрыя) — сярэбраны медаль у асабістым першынстве; 1980 (Осла) — залатыя медалі ў камандным і асабістым першынствах. Чэмпіён СССР у асабістым (1972—74) і камандным (1978) першынствах. Пераможца і прызёр міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтваў. Рэкардсмен свету, Еўропы, СССР. Усе перамогі атрыманы ў практыкаванні «Бягучы дзік».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЯЛЕ́ЎСКІ (Леанід Іванавіч) (12.4.1927, Мінск — 8.10.1991),
бел. фізік; заснавальнік даследаванняў па фізіцы і тэхніцы плазмы на Беларусі. Акад.АН Беларусі (1980; чл.-кар 1972), д-рфіз.-матэм.н. (1970), праф. (1971). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1978). Брат А.І.Кісялеўскага. Скончыў БДУ (1952). З 1959 у Ін-це фізікі АН Беларусі (з 1970 нам. дырэктара). У 1978—83 гал. вучоны сакратар Прэзідыума, з 1990 акад.-сакратар Аддз. фізікі, матэматыкі і інфарматыкі АН Беларусі. У 1983—90 рэктар БДУ. Навук. працы па плазменна-лазерных сістэмах, тэхналогіі выкарыстання нізкатэмпературнай плазмы і лазераў, аўтаматызацыі спектраскапічных вымярэнняў. Пад яго кіраўніцтвам створаны спектральныя прыборы для вывучэння працэсаў уваходу касм. апаратаў у шчыльныя слаі атмасферы і даследавання прыродных покрываў Зямлі з борта арбітальных станцый «Салют» і «Мір». Дзярж. прэмія Беларусі 1974. Дзярж. прэмія СССР 1990.
Тв.:
Плазменная металлизация в вакууме. Мн., 1982 (у сааўт.);
О гидродинамических уравнениях для переходного слоя плазма—твердое тело. Мн., 1986 (разам з С.Л.Мазурэнкам).
Літ.:
Л.И.Киселевский // Журн. прикладной спектроскопии. 1997. Т. 64, № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́МПЛЕКС (ад лац. complexus сувязь, спалучэнне) ў псіхалогіі, злучэнне асобных псіхічных працэсаў у цэлае, якое адрозніваецца ад сумы сваіх элементаў. У такім сэнсе паняцце К. выкарыстоўвалі прадстаўнікі розных псіхал. канцэпцый і тэорый. Яго сутнасць спецыфічна тлумачылася ў псіхааналізе З.Фрэйда, які разглядаў К. як групу разнародных псіхічных працэсаў, аб’яднаных адзіным моцным эмацыянальным перажываннем — афектам. Фрэйд вылучаў т.зв. К. Эдыпа, які ўзнікае ў раннім дзяцінстве і праяўляецца ў непрыхільных адносінах дзіцяці да аднаго з бацькоў свайго полу і эратычнай прыхільнасці да другога процілеглага полу. У індывідуальнай псіхалогіі А.Адлера выкарыстоўваліся паняцці «К. непаўнацэннасці» (глыбокае ўсёпаглынальнае пачуццё ўласнай фіз. ці псіхал. непаўнацэннасці ў параўнанні з інш. людзьмі) і «К. перавагі» (тэндэнцыя перабольшваць сваю асабістую значнасць). К.Г.Юнг у сваёй аналітычнай псіхалогіі лічыў К. своеасаблівым цэнтрам душэўнага жыцця кожнага чалавека, адносна аўтаномным псіхічным утварэннем, якое складаецца з разнастайных (найчасцей неўсвядомленых) эмоцый, пачуццяў і значна ўплывае на свядомасць і дзейнасць людзей. Нярэдка К. выклікаюць разнастайныя адхіленні ў паводзінах чалавека, што праяўляецца ў памылковых дзеяннях, у неўратычных рэакцыях, неадчэпных ідэях і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЭ́НЗІЯ (ад лац. licentia свабода, права),
1) дазвол на выкарыстанне абароненых патэнтам вынаходстваў, карысных мадэляў і інш.тэхн. дасягненняў. Даецца патэнтаўладальнікам (ліцэнзіярам) юрыд. або фіз. асобам (ліцэнзіяту) на пэўны тэрмін за пэўнае ўзнагароджанне; афармляецца ліцэнзійным дагаворам. Адрозніваюць Л. патэнтную (даецца на запатэнтаванае вынаходства) і беспатэнтную (даецца на незапатэнтаванае вынаходства). Асн. віды патэнтнай Л.: невыключная (дазваляе ліцэнзіяру самому выкарыстоўваць вынаходствы або даваць Л. інш. асобам), выключная (ліцэнзіяр адмаўляецца ад выдачы Л. інш. асобам і ад самастойнага выкарыстання вынаходства ў вызначаных дагаворам межах), поўная (прадугледжвае поўнае адмаўленне ліцэнзіяра ад самастойнага выкарыстання вынаходства), прымусовая (даецца ў выпадку невыкарыстання або недастатковага выкарыстання вынаходства з прычыны нязгоды патэнтаўладальніка даваць Л.; пытанне аб выдачы прымусовай Л. вырашаецца ў судзе).
2) Дазвол на вядзенне некаторых відаў дзейнасці, якія ў адпаведнасці з заканадаўствам належаць ліцэнзаванню (напр., прыватныя медыцынская, банкаўская дзейнасць).
3) Дазвол на ажыццяўленне экспартна-імпартных аперацый, увоз, вываз або транзіт пэўнай колькасці тавараў, свабодны ўвоз, вываз або транзіт якіх не дапускаецца; выдаецца дзярж. органамі з мэтай кантролю экспарту, імпарту, руху валюты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ШТВАН (Іван Іванавіч) (н. 3.11.1932, в. Вялікая Дайнава Валожынскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне фізікахіміі торфу. Акад.Нац.АН Беларусі (1980), д-ртэхн.н. (1969), праф. (1971). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1978). Скончыў БПІ (1956). З 1958 у Калінінскім політэхн. ін-це. У 1973—87 дырэктар Ін-та торфу, у 1990—97 — Ін-та праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН Беларусі. З 1987 — віцэ-прэзідэнт, з 1992 акад.-сакратар Аддз.хім. і геал. навук Нац.АН Беларусі. Навук. працы па механіцы торфу, фіз.-хім. асновах тэхналогіі вытв-сці торфу, працэсах структураўтварэння і вільгацепераносу ў торфе, надмалекулярных структурах арган. злучэнняў торфу і інш.
Тв.:
Микро- и макрореология дисперсных систем. Мн., 1975;
Физико-химические основы технологии торфяного производства. Мн., 1983 (у сааўт.);
Физика и химия торфа. М., 1989 (у сааўт.);
Физические процессы в торфяных залежах. Мн., 1989 (разам з Я.Ц.Базіным, У.І.Косавым);
Массоперенос в природных дисперсных системах. Мн., 1992 (разам з АМ.Абрамцом, М.У.Чураевым).