КАРЭ́Я Паўночная,

Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка (КНДР, кар. Часон мінджуджуый інмін канхвагук), дзяржава ва Усх. Азіі, якая займае паўн. ч. Карэйскага паўвострава і прылеглую ч. мацерыка. На Пн мяжуе з Расіяй і Кітаем, з З абмываецца Жоўтым, з У — Японскім морамі. На Пд аддзяляецца дэмаркацыйнай лініяй ад Рэспублікі Карэя (гл. Карэя Паўднёвая). Пл. 122,8 тыс. км². Нас. 23,9 млн. чал. (1996). Дзярж. мова — карэйская. Сталіца — г. Пхеньян. Падзяляецца на 9 правінцый і 3 гарады цэнтр. падпарадкавання. Нац. святы: дзень нараджэння Кім Чэн Іра (16 лют.), Дзень незалежнасці (9 верасня), Дзень канстытуцыі (27 студз.). Гл. карту да арт. Карэя.

Дзяржаўны лад. К. — нар. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1972. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Вярх. Нац. сход (ВНС), выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. У перыяд паміж сесіямі ВНС дзейнічае яго Пастаянны савет. ВНС выбірае вышэйшы кіруючы орган — Цэнтр. нар. камітэт (ЦНК), які ўзначальвае прэзідэнт. ЦНК стварае ўрад рэспублікі — Адм. савет на чале з прэм’ер-міністрам. На месцах функцыі ўлады ажыццяўляюць нац. сходы правінцый і гарадоў цэнтр. падпарадкавання, нар. сходы паветаў, гарадоў і раёнаў.

Прырода. КНДР пераважна горная краіна. На Пн — Паўн.-Карэйскія горы (г. Пэктусан, 2750 м), на Пд ад іх — менш высокія Усх.-Карэйскія. Раўнінныя ўчасткі (каля 20% тэр. краіны) пераважна на З, па ўзбярэжжы Жоўтага м. Карысныя выкапні: антрацыт і буры вугаль, жал. руда, каляровыя металы (вальфрам, свінец, цынк, золата, нікель, малібдэн), магнезіт, графіт і інш. Клімат умераны мусонны. Зімой халодныя патокі паветра з кантынента прыносяць сухое марознае надвор’е. Летам тэрыторыя знаходзіцца пад уплывам акіянічных паветр. мас, якія прыносяць ападкі. Т-ра паветра ў студз. каля -11 °C, у ліп. каля 23 °C. Ападкаў ад 600 мм на ПнЗ да 1100—1400 мм на астатняй тэрыторыі. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй. Найб. з іх Тэданган, Амнакан, Туманган. Лясы займаюць пл. каля 9 млн. га, пераважна ў гарах. Растуць даурская лістоўніца, карэйскі кедр, аянская елка, чырвоная хвоя. З лек. раслін найб. вядомы жэньшэнь. Жывёльны свет захаваўся ў гарах. Мора багатае рыбай, трэпангамі, кальмарамі і інш. Рэзерваты — Хвангпо, Янгам і інш.

Насельніцтва. Амаль усё насельніцтва — карэйцы. Вернікі пераважна анімісты, будысты і канфуцыянцы. Сярэднегадавы прырост каля 2%. Сярэдняя шчыльн. 198 чал. на 1 км². Найб. густа заселены раўніны і ўзбярэжжы (да 300—400 чал. на 1 км²). У гарадах больш за 70% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс. ж., 1997): Пхеньян — 2600, Хамхын — 775, Чханджын — 755. Больш за 300 тыс. ж. у гарадах Нампхо, Хэджу, Сіныйджу, Вансан. У прам-сці занята каля 30% працаздольнага насельніцтва, у сельскай, лясной гаспадарцы і марскіх промыслах — каля 46%.

Гісторыя. У жн. 1948 у Паўн. Карэі адбыліся выбары ў Вярх. нар. сход, які 9.9.1948 абвясціў стварэнне КНДР, прыняў канстытуцыю і сфарміраваў урад на чале з Кім Ір Сенам. Імкнучыся да пашырэння сацыяліст. сістэмы на ўсёй тэр. Карэі, улады КНДР пачалі Карэйскую вайну 1950—53, пасля заканчэння якой Кім Ір Сен усталяваў у краіне аўтарытарны рэжым. З пач. 1970-х г. паміж КНДР і Паўд. Карэяй ажыццяўляюцца кантакты з мэтай урэгулявання ўзаемаадносін і ўз’яднання краіны. У снеж. 1991 падпісана Пагадненне аб прымірэнні, ненападзе, супрацоўніцтве і абменах, у лют. 1992 — Сумесная дэкларацыя аб дэнуклеарызацыі Карэйскага п-ва (скасаваны ў 1992 Паўд. Карэяй у сувязі з адмовай КНДР ад міжнар. інспекцыі яе ядз. аб’ектаў). Пасля смерці Кім Ір Сена (1994) афіц. пераемнікам стаў яго сын Кім Чэн Ір (прэзідэнт з 1998). КНДР — чл. ААН (з 1991), Руху Недалучэння (з 1975). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.

Кіруючай і правячай партыяй у КНДР з’яўляецца Прац. партыя Карэі (ППК). У Аб’яднаны дэмакр. айчынны фронт уваходзяць ППК, С.-д. партыя Карэі, Партыя маладых сяброў рэлігіі нябеснага шляху, масавыя грамадскія арг-цыі.

Гаспадарка. КНДР — індустрыяльна-агр. краіна параўнальна нізкага ўзроўню развіцця. Эканоміка краіны носіць замкнёны характар, характарызуецца гіпертрафіраваным развіццём пераважна цяжкай і ваеннай прам-сці, тэхн. адсталасцю, нізкім узроўнем вытв-сці спажывецкіх тавараў. Валавы нац. прадукт у 1995 склаў 21,5 млрд. дол. ЗША каля 900 дол. на 1 чал. (прыкладна 114-е месца ў свеце). У апошнія гады адзначаны вял. цяжкасці ў асноўным з-за спынення дапамогі б. сацыяліст. краін, імпарту нафты з Расіі і агульнага крызісу гаспадаркі. Паліўна-энергет. прам-сць у значнай ступені базіруецца на ўласных рэсурсах. Здабыча вугалю 71,5 млн. т (1994). Імпартуюцца нафта і вугаль для каксавання. Электраэнергетыка выкарыстоўвае гідрарэсурсы (найб. Супхунская ГЭС на р. Амнакан) і каменны вугаль. Вытв-сць электраэнергіі 35,2 млрд. кВт∙гадз (1995). Буйнейшыя прадпрыемствы чорнай металургіі — металургічны камбінат у Чханджыне, з-ды ў Саніме і Кім-Чхэку. Выплаўка сталі каля 4 млн. т штогод. Развіта каляровая металургія на мясц. сыравіне. Асн. вытворцамі цынку (200 тыс. т, 1994), свінцу, медзі, нікелю, кобальту, кадмію, ртуці, малібдэну з’яўляюцца з-ды ў Нампхо, Хамхыне і Хэджу, алюмінію — з-д у Пукчане. Ёсць вытв-сць золата, серабра, рэдкіх металаў. Машынабудаванне і металаапрацоўка мае больш за 400 розных прадпрыемстваў. Развіты станкабудаванне (Рэксон, Хічхон, Танчхон, Тэан), аўтамабілебудаванне (Танчхон, Пхеньян), с.-г. машынабудаванне (Хэджу, Ыйджу, Хамхын, Чханджын, Кіян), вытв-сць рухомага саставу для чыгунак (Пхеньян, Вансан), суднаў (Чханджын), абсталявання для хім., металургічнай, горназдабыўной прам-сці. Хім. прам-сць уключае вытв-сць хім. валокнаў, пластмас, мінер. угнаенняў (у т. л. азотных — 630 тыс. т, 1995), гербіцыдаў, соды, карбіду кальцыю, салянай к-ты; асн. цэнтры Хамхын, Хынам, Сунчхон, Хэджу. Вылучаецца нафтаперапр. і фармацэўтычная прам-сць. Развіта вытв-сць буд. матэрыялаў: цэменту (каля 8—10 млн. т штогод), вогнетрывалай цэглы, аконнага шкла, жалезабетонных вырабаў. Лясная і дрэваапр. прам-сць спецыялізуецца на вытв-сці фанеры, цэлюлозы, паперы, мэблі (Кімджу, Хесан, Пхеньян). Сярод галін лёгкай прам-сці вядучае месца належыць тэкст. (Пхеньян, Кэсон, Хамхын і інш.), абутковай і швейнай. З галін харч. прам-сці вылучаюцца рысаачышчальная, алейная, мукамольная, рыбная. Сельская гаспадарка дае каля 20% нац. даходу. Пл. с.-г. угоддзяў складае каля 2,4 млн. га, у т. л. каля 2 млн. га пад ворывам. Каля 1,4 млн. га арашаецца. У сувязі з крызіснымі з’явамі ў сельскай гаспадарцы ў апошнія гады абвастрылася харч. праблема. У краіне ўведзена сістэма забеспячэння насельніцтва харч. прадуктамі па выключна нізкіх нормах. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — раслінаводства, якое дае 75% усёй валавой прадукцыі і спецыялізуецца пераважна на вытв-сці збожжавых. Гал. культура — рыс (пасяўная пл. 680 тыс. га, валавы збор 2,8 млн. т, 1996). Вырошчваюць таксама кукурузу (пасяўная пл. 600 тыс. га, валавы збор 2 млн. т, 1996), гаалян, сорга, пшаніцу, ячмень, авёс, сою, батат, агародніну. Пад бульбай 140 тыс. га, валавы збор 1,6 млн. т (1996). Тэхн. культуры: тытунь, бавоўнік, цукр. буракі, лён, жэньшэнь. Садоўніцтва і шаўкаводства. Пагалоўе буйн. раг. жывёлы — 1 млн. галоў, пераважае рабочая, толькі 10% складаюць каровы. Свіна- і птушкагадоўля. Марское рыбалоўства — 1,85 млн. т рыбы (1995). Аснова трансп. сістэмы — чыгункі (каля 90% грузаабароту, каля 70% пасажыраабароту). Даўж. чыгунак больш за 8 тыс. км, каля 70% электрыфікавана. Аўтадарог больш за 21 тыс. км. Марскі і паветр. транспарт абслугоўвае знешнія сувязі. Гал. парты Нампхо, Чханджын, Хэджу, Хынам, Вансан. Знешнегандл. сувязі развіты слаба, экспартны патэнцыял абмежаваны. У 1995 экспарт склаў 590 млн. дол., імпарт — 1,5 млрд. долараў. На сусв. рынак КНДР пастаўляе чорныя і каляровыя металы, жал. руду і яе канцэнтраты, тальк, графіт, магнезіт, хім. прадукты, рыбапрадукты, фрукты, лекі. Каля 50% імпартнай прадукцыі складаюць нафта і нафтапрадукты, вугаль для каксавання, марганцавыя і храмітавыя руды. Імпартуюцца таксама машыны і абсталяванне, трансп, сродкі, харч. прадукты. Краіна мае вял. даўгі, асабліва Расіі, як пераемніцы СССР (больш за 3,2 млрд. руб.), і Кітаю. Гал. гандл. партнёры: Расія, Кітай, Японія, Германія, Індыя, Інданезія і інш. Грашовая адзінка — вона КНДР.

Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў. Агульная колькасць (1997) рэгулярных узбр. сіл 1,055 млн. чал., ваенізаваных фарміраванняў 189 тыс. чал., рэзерву 4,7 млн. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне па прызыве. У сухап. войсках 923 тыс. чал., на ўзбраенні 3,5 тыс. танкаў, 2,5 тыс. бронетранспарцёраў, каля 8 тыс. гармат, 8,1 тыс. мінамётаў, 7,8 тыс. гармат зенітнай артылерыі, больш за 10 тыс. пераносных зенітна-ракетных комплексаў, 2,6 тыс. рэактыўных сістэм залпавага агню і інш. У ВПС 85 тыс. чал., 607 баявых самалётаў і 30 баявых верталётаў. У ВМС 47 тыс. чал., 26 падводных лодак, 31 баявы карабель (пераважна тральшчыкі) і 7 дапаможных суднаў, каля 680 баявых катэраў (пераважна дэсантных, тарпедных і патрульных).

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 67,5, жанчын 73,9 года.

Смяротнасць — 5 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 74 чал., урачамі — 1 на 370 чал. Узровень нараджальнасці — 22 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 1,7%. Дзіцячая смяротнасць — 25 на 1 тыс. нованароджаных (1997).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма нар. адукацыі ўключае дашкольныя ўстановы (да 3 гадоў — яслі, пасля 3 — сад з аднагадовым абавязковым курсам перадшкольнай падрыхтоўкі), агульнаадук. школу, прафес.-тэхн. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Кіраванне нар. адукацыяй цэнтралізаванае, праводзіцца К-там адукацыі пры Адм. савеце. Усе выдаткі на адукацыю аплачвае дзяржава. У 1975 уведзена абавязковая 11-гадовая адукацыя з 5-гадовага ўзросту: дашкольны клас і 10-гадовая школа, якая ўключае 4-гадовую пач. і 6-гадовую сярэднюю школу. Прафес. падрыхтоўку на базе абавязковай школы даюць тэхнікумы і вышэйшыя тэхн. школы (існуюць з 1960 пры з-дах, ф-ках і буйных прадпрыемствах). Іх выпускнікі атрымліваюць права працаваць па спецыяльнасці і працягваць вучобу ў ВНУ. У пач. 1990-х г. у КНДР было больш за 50 вышэйшых тэхн. школ і каля 500 тэхнікумаў. Вышэйшая адукацыя пачала развівацца пасля засн. ў Пхеньяне ў 1946 ун-та. У 2-й пал. 1940-х г. адчынены с.-г., пед., настаўніцкія, мед. і політэхн. ін-ты. Існуюць розныя формы адукацыі дарослых без адрыву ад вытв-сці (вячэрнія агульнаадук. і тэхн. школы, завочныя і вячэрнія тэхнікумы і ін-ты). У Пхеньяне знаходзяцца Дзярж. цэнтр. б-ка (з 1945), Б-ка АН КНДР (з 1952), Цэнтр. гіст. музей (з 1928), Музей этнаграфіі (з 1956), Цэнтр. музей прыгожых мастацтваў (з 1954) і інш. Навук, даследаванні праводзяцца ў АН (з 1952, у яе складзе каля 40 н.-д. ін-таў і філіял у Хамхыні), у Акадэміі с.-г. навук (з 1963), АМН (з 1963), Акадэміі грамадскіх навук (з 1952; да 1964 у складзе АН), Акадэміі лесаводства, у Цэнтры атамных даследаванняў (з 1952), на кафедрах ВНУ і інш. н.-д. установах.

Друк, радыё, тэлебачанне. Перыяд. выданні выходзяць на кар., англ., франц., яп., рус. і кіт. мовах. Найб. тыраж маюць штодзённая газета «Надон сінмун» («Газета Праца», орган ЦК Прац. партыі К., з 1945) і «Надон чханён» («Працоўная моладзь». орган ЦК Саюза сацыяліст. прац. моладзі К., з 1946). Працуе Цэнтр. тэлегр. агенцтва К. (ЦТАК, з 1946). Дзейнасць Цэнтр. радыёстанцыі К. і Пхеньянскай радыёстанцыі, а таксама Цэнтр. тэлебачання К. і Кэсонскага тэлебачання падпарадкаваны дзяржаве. Перадачы радыё і тэлебачання вядуцца па агульнанац. і мясц. праграмах на кар., англ., рус., франц., кіт. і інш. мовах.

Літаратура. Гал. тэмы л-ры КНДР — сац. пераўтварэнні ў вёсцы (раман «Зямля», 1948—60, Лі Гіёна), станаўленне рабочага класа (аповесці Лі Букмёна, Хван Гона, Юн Седжуна), працяг традыцый пралет. паэзіі (Чо Гічхон і інш.). У 1946 створана Асацыяцыя работнікаў л-ры і мастацтва Паўн. К. Вайна 1950—53 паклала пачатак гераічнай і патрыят. тэматыцы: ваен. публіцыстыка Кім Сарана, апавяданні Хван Гона, Юн Седжуна, Чхон Себона, франтавыя вершы Чо Гічхона, Мін Бёнгюна. У 1950—60-я г. з’явіліся буйныя гіст. творы: «Рака Туманган» Лі Гіёна, «Бацька Сасан» Чхве Мён’іка, «Гісторыя няшчасцяў» Чхон Себона і інш., пашыралася мемуарная л-ра (серыя «Сярод людзей» і інш.). У 1970-я г. вылучыліся творы калектываў аўтараў паводле п’ес перыяду антыяп. барацьбы ў 1930-я г.: «Мора крыві», «Лёс вартаўніка» і інш. У сучаснай л-ры вядучымі застаюцца тэмы працы, аб’яднання краіны; асаблівая ўвага аддаецца ваен. тэматыцы (раманы Кім Джэгю, Пён Хігына). З 1953 дзейнічае Саюз пісьменнікаў К. На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі «Карэйскія казкі» (1954) і казка «Ластаўкі» (1957) у перакладзе А.​Якімовіча, асобныя вершы кар. паэтаў пераклаў М.​Аўрамчык. На кар. мове выдадзены зб. Я.​Коласа «У старых дубах» (1959).

Архітэктура, выяўленчае мастацтва. З 1950-х г. інтэнсіўна развівалася горадабудаўніцтва, якое вырашала праблемы рацыянальнага размяшчэння жылых і прамысл. раёнаў, забеспячэння гарадоў сеткай культ.-быт. устаноў, добраўпарадкавання і азелянення (арх. Кім Джанхі, Лі Хён, Пак Ікхван, Сін Сунгён, а таксама замежныя спецыялісты). У 1945—53 распрацаваны генплан Пхеньяна (арх. Кан Чахван і інш.), адноўлены і рэканструяваны гарады Хамхын, Вансан, Сарывон, Кэсон, Нампхо і інш. У пабудовах 1950—60-х г. дамінуюць формы сярэдневяковай архітэктуры (Пхеньянскі Вял. т-р, 1960, арх. Кім Чанхі, Сін Сунгён і інш.). З 1960-х г. пашыраюцца новыя буд. канструкцыі і матэрыялы, узводзяцца будынкі з рацыянальнай планіроўкай, лаканічныя па форме (Дзярж. ун-т імя Кім Ір Сена ў Пхеньяне, 2-я чарга, 1970-я г.). Жыллёвае буд-ва вядзецца па тыпавых праектах з захаваннем нац. асаблівасцей добраўпарадкавання (напр., ацяпляльная сістэма пад падлогай). Сярод пабудоў 1980-х г. гасцініца на гары Мёхян, будынкі Міжнар. дома культуры і комплексу культ.-быт. абслугоўвання ў Пхеньяне. У вайну 1950—53 ствараліся маст. лістоўкі, плакаты. У тэхніцы нац. жывапісу тушшу і вадзянымі фарбамі («часанхва») у спалучэнні традыц. сюжэтаў з актуальнай тэматыкай працуюць мастакі Чха Дэдо (майстар адлюстравання кветак слівы мэ), Лі Сакхо (жанр «кветкі-птушкі»). У алейным жывапісе працавалі Кім Джанам, Пак Мёнхун, Пхё Седжон, Мун Хаксу. Развіваюцца графіка (ілюстрацыя, эстамп, плакат; мастакі Кім Ганджун, Пэ Унсон, Пак Сынхі), станковая і манум. скульптура (Мун Сако, Хан Ёнсік, Чо Гюбон), якія сінтэзуюць традыцыі еўрап. і ўсх. мастацтва. Стараж. традыцыі захоўваюцца ў дэкар. -прыкладным мастацтве: вытв-сць керамікі і фарфору, разьба па косці і дрэве, пляценне з валокнаў бамбуку і травы, ткацтва, вышыўка, выраб лакавых рэчаў. Створана Асацыяцыя работнікаў л-ры і мастацтва Паўн. К. з Саюзам дзеячаў выяўл. мастацтва (засн. ў 1946), у 1953 засн. Саюз кар. мастакоў, у 1954 — Саюз кар. архітэктараў.

Музыка. Пасля 1945 у паўн. ч. краіны ствараюцца навуч. ўстановы еўрап. тыпу, развіваюцца музыказнаўства і муз. фалькларыстыка, фарміруецца нац. кампазітарская школа. Сярод кампазітараў: Лі Мёнсан, Сін Дасон, Мун Гёнок, Кім Ёнгю, Чо Гільсок, музыказнаўцы Пак Тансіль, Кім Гігон, Юн Дансу. Сярод выканаўцаў спевакі Кім Вану, Сін Юнгун, Кім Дынгук (у зах. стылі), Ан Хеён, Кім Дэнхва, Пак Бансек (традыц. стыль), інструменталісты Ан Гіёк, Чха Хакчхоль (чатэ), Ю Дзябок (хэгым), Гі Мансу (камунга), Пэк Насан (скрыпка), Пэк Унбок (фп.). Працуюць: Кар. філармонія (1955), Маст. т-р у Пхеньяне (1948), Вял. сімф. аркестр і хор, Нар. маст. т-р (1952), шматлікія муз.-драм. трупы, ансамблі песні і танца Кар. нар. арміі, песні і танца «Мансудэ» (1969), нац. інструментаў у Пхеньяне. Штогод праводзіцца Міжнар. веснавы муз. фестываль (Пхеньян). У 1953 засн. Саюз кампазітараў.

Тэатр. У 1947—49 у Пхеньяне адкрыты Дзярж. т-р (пазней Дзярж. драм. т-р «Чхаліма»), Дзярж. нар. маст. т-р (цяпер Пхеньянскі гар. т-р), пачалі працаваць трупы пры мін-вах транспарту і ўнутр. спраў, Кар. нар. арміі. У вайну 1950—53 дзейнічалі франтавыя трупы, якія ўяўлялі сабой невял. перасоўныя т-ры. У 1950—60-я г. створаны новыя трупы, у Пхеньяне пабудаваны т-р «Маранбон», адкрыты Вял. т-р (1960), т-ры кінаакцёра, лялечны і дзіцячы. У рэпертуары т-раў КНДР гіст. спектаклі, п’есы, прысвечаныя нац.-вызв. руху ў гады яп. акупацыі, творы сучаснай тэматыкі, а таксама рус. і сав. драматургія. Сярод рэжысёраў Хан Пэкнам, Ан Ёніль, Лі Енім, Кім Ін, Пён Гёнхван, сярод акцёраў Лі Дан, Хан Чжынсоп, Лі Чжэдок, Тхэ Ільмін, Ко Хванчхоль. З 1959 працуе Пхеньянскі ін-т тэатра і кіно.

Кіно. У 1946 створаны першыя дакумент. фільмы. У 1947 арганізавана кінастудыя Паўн. Карэі (з 1948 дзярж.), на базе якой створаны кінастудыі маст. і дакумент. фільмаў. Першы маст. фільм зняты ў 1949 («Мая Радзіма», рэж. Кан Хансік). У вайну 1950—53 выходзілі фільмы пра барацьбу супраць амер. агрэсіі («Юныя партызаны», рэж. Юн Ёнгю; «Зноў на фронт», рэж. Чхон Данмін). Пасля вайны пашырыўся іх жанравы і тэматычны дыяпазон, зняты першыя каляровыя фільмы: «Сказанне пра крэпасць Садо» (1956, рэж. Чон Джунчхэ), кар.-сав. фільм «Браты» (1957, рэж. І.​Лукінскі і Чхон Санін). Здымаліся фільмы на ваен. і гіст.-рэв. тэматыку, прысвечаныя актуальным праблемам сучаснасці: «Дрэвы каля дэмаркацыйнай лініі» (1961, рэж. Пак Хак), «Чырвоная кветка» (1963, Чхон Санін), «Пяць братоў-партызан» (1969, рэж. Ом Гільсон). Шырока выкарыстоўваўся жанр паліт. дэтэктыва (20-серыйны фільм «Невядомыя героі», 1970—80, рэж. Ю Хасон, Чхве Намсон). Экранізаваны стараж. кар. эпас «Сказанне пра Чхунхян» (Ю Ванджун, Юн Ёнгю), гіст. раман Хон Мёнхі «Сказанне пра Ім Какчона» (аднайменны 5-серыйны фільм, 1989). Сярод інш. фільмаў 1980-х г.: «Тальме і Памдары» (Ван Рангпон), «Лес шуміць» (Цян Енбок), «Соль», сав.-кар. «Секунда на подзвіг» (1985, Э.​Уразбаеў, Ом Гільсон), «Кветка званочак» і інш. У КНДР 6 кінастудый: маст., дакумент. фільмаў, Дзярж. імя 8 лютага (з 1959), Кар. нар. арміі, навук.-папулярных фільмаў. У 1961 створаны Саюз кар. кінематаграфістаў.

П.​Г.​Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае мастацтва), Г.​У.​Шур (кіно).

Герб і сцяг Карэі (Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка).
Да арт. Карэя Паўночная. Горны ландшафт на поўначы краіны.
Да арт. Карэя Паўночная. Упрыгожанне з палявых кветак. Традыцыйны жывапіс.
Да арт. Карэя Паўночная. Дзікія гусі месяцовай ноччу. Вышыўка.
Да арт. Карэя Паўночная. Пасудзіна для мёду. Пемза.
Да арт. Карэя Паўночная. Сольны танец з барабанам.
Да арт. Карэя Паўночная. На берагах р. Патхон.
Да арт. Карэя Паўночная. Міжнародны дом культуры ў Пхеньяне. 1988.
Да арт. Карэя Паўночная. Гасцініца на гары Мёхян.

т. 8, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ АБ’ЯДНА́НЫХ НА́ЦЫЙ ПА ПЫТА́ННЯХ АДУКА́ЦЫІ, НАВУ́КІ І КУЛЬТУ́РЫ (United Nations Educational Scientific and Cultural Organization; ЮНЕСКА),

спецыялізаваная міжурадавая ўстанова ААН, якая садзейнічае ўмацаванню міру і міжнар. бяспекі праз развіццё супрацоўніцтва паміж дзяржавамі ў галіне адукацыі, навукі і культуры. Створана на Лонданскай устаноўчай канферэнцыі ў ліст. 1945, афіцыйна дзейнічае з 4.11.1946 (з дня ўступлення ў сілу Статута ЮНЕСКА). На пач. 1995 членства ў ЮНЕСКА мела 171 дзяржава, у т. л. Рэспубліка Беларусь (з 1954, разам з СССР і Украінай). Кіруючыя органы ЮНЕСКА: Генеральная канферэнцыя, Выканаўчы савет і Сакратарыят, які ўзначальваецца Генеральным дырэктарам. Ген. канферэнцыя — вышэйшы орган, які вызначае стратэгію дзейнасці ЮНЕСКА, — склікаецца на чарговыя сесіі раз у 2 гады; у ёй прымаюць удзел прадстаўнікі ўсіх дзяржаў — членаў ЮНЕСКА. На канферэнцыі зацвярджаецца праграма і бюджэт арг-цыі, фарміруецца Выканаўчы савет, прызначаецца Ген. дырэктар (тэрмінам на 6 гадоў), прымаюцца канвенцыі і рэкамендацыі, новыя члены арг-цыі. Паміж сесіямі арг-цыяй кіруе Выканаўчы савет, які складаецца з 51 прадстаўніка. У склад Сакратарыята ўваходзяць сектары: адукацыі, прыродазнаўчых навук, грамадскіх навук, камунікацый, супрацоўніцтва, знешніх зносін. Сектары ўзначальваюць намеснікі Ген. дырэктара. Штаб-кватэра ЮНЕСКА ў Парыжы.

Дзейнасць ЮНЕСКА ажыццяўляецца паводле сярэднетэрміновых і кароткатэрміновых (2-гадовых) планаў, у якіх сфармуляваны агульныя кірункі дзейнасці, распрацаваныя на аснове аналізу актуальных праблем. Праграмныя галіны дзейнасці ЮНЕСКА ў 1994—95: адукацыя і будучыня; навука ў інтарэсах прагрэсу і навакольнае асяроддзе; культура — мінулае, сучаснае і будучае; камунікацыя — інфармацыя і інфарматыка на службе чалавецтва; сац. і гуманіт. развіццё навукі — уклад у развіццё міру, правоў чалавека і дэмакратыі. Праграмы ажыццяўляюцца ў форме канферэнцыі, нарады, сімпозіума, міжнар. кампаніі, збору, аналізу і распаўсюджвання стат. даных, садзейнічання дзяржавам у правядзенні рэстаўрацыйных работ, стварэння навуч. устаноў, іх абсталявання, накіравання экспертаў, кансультацый, дапамогі ў распрацоўцы навук. і навуч. праграм. Важная форма дзейнасці ЮНЕСКА па пашырэнні нац. і міжнар. супрацоўніцтва і ўзаемаразумення — распрацоўка міжнар. канвенцый, дэкларацый, рэкамендацый (напр., Усеагульная канвенцыя аб аўтарскім праве 1952, Канвенцыя аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны 1972, Рэкамендацыя аб развіцці адукацыі дарослых 1978 і інш.). Для кіравання асобнымі праграмамі Ген. канферэнцыя можа ствараць дапаможныя к-ты і камісіі. Так, для кіравання праграмай «ЮНЕСКА — Чарнобыль» створаны спец. камітэт. У рэалізацыі праграм ЮНЕСКА удзельнічаюць нац. камісіі, якія выконваюць кансультатыўныя функцыі пры дэлегацыі сваёй краіны на Ген. канферэнцыі або пры сваім урадзе. У Рэспубліцы Беларусь нац. камісія па справах ЮНЕСКА створана ў 1956. Узначальвае яе, як правіла, міністр замежных спраў. ЮНЕСКА выпускае 26 перыяд. выданняў на розных мовах. Найб. папулярны сярод іх штомесячнік «Курьер ЮНЕСКО».

Літ.:

Языкович Л.В. Деятельность Белорусской ССР в ЮНЕСКО. Мн., 1986.

Л.​В.​Паўлава.

Эмблема Арганізацыі аб’яднаных нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА).

т. 1, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАВАЎНЯ́НАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

вядучая падгаліна тэкстыльнай прамысловасці, якая вырабляе з бавоўны тканіны, ніткі, корд, нятканыя матэрыялы і інш. Уключае прадзільную, ткацкую, фарбавальна-аддзелачную (на прадпрыемствах закончанага цыкла) і круцільна-нітачную вытворчасці. Прадукцыя ідзе на выраб адзення, абутку, мэблі, тары, тэхн. дэталяў.

Ручны выраб баваўняных нітак і тканін вядомы з глыбокай старажытнасці ў Індыі, Егіпце і Кітаі. Баваўняная прамысловасць у Еўропе ўзнікла ў 2-й пал. 18 ст. і адна з першых перайшла на машынную вытв-сць. У Расіі значныя прадпрыемствы ўзніклі ў канцы 18 — пач. 19 ст. У дарэвалюцыйны час 50% бавоўны-сырцу завозілася з ЗША і Егіпта. У 1920-я г. пачалося буд-ва новых прадпрыемстваў, да 1940 пабудавана 13, у т. л. «Чырвоная Талка» ў Іванаве, першыя чэргі Ташкенцкага і Барнаульскага баваўняных камбінатаў. Баваўняная прамысловасць была створана ў асн. раёнах баваўнаводства (Узбекістан, Таджыкістан, Кыргызстан, Казахстан, Азербайджан). Пасля Вял. Айч. вайны адноўлены разбураныя прадпрыемствы, у т. л. на Беларусі і Украіне; пабудаваны новыя ў Чымкенце, Чэбаксарах, Бішкеку, Барнауле, Душанбе і інш. Былы СССР займаў 2-е месца ў свеце па выпуску баваўняных тканін.

Першае прадпрыемства на Беларусі працавала з пач. 19 ст. ў мяст. Зялёны Прудок Магілёўскай губ. (выпускала хусткі і папяровую тканіну). У 1900 створана бавоўнапрадзільная ф-ка «Дняпроўская мануфактура» паблізу Дуброўна (Дубровенская тэкстыльная фабрыка). Усяго да 1-й сусв. вайны на прадпрыемствах баваўнянай прамысловасці было 327 ткацкіх станкоў, з іх 198 механічных. Сучасная баваўняная прамысловасць Беларусі фарміравалася з 1960-х г. У 1960—69 створаны Баранавіцкі баваўняны камбінат, у 1963—67 — Гродзенскае вытв. прадзільна-нітачнае аб’яднанне, у Ветцы на базе арцелі «Чырвоны тэкстыльшчык» (засн. ў 1949) — Веткаўская баваўняная ф-ка, у 1976 — Віцебскае тэкстыльнае вытв. аб’яднанне (з 1991 «Віцтэкс»), Баваўняную прадукцыю выпускалі (1992) каля 20 прадпрыемстваў Беларусі, сярод іх, акрамя названых, Дзяржынская, Слуцкая і Талачынская тэкст. ф-кі, Рэчыцкае ткацкае вытв. аб’яднанне, Бабруйскі камбінат нятканых матэрыялаў і інш. Асн. прадукцыя баваўнянай прамысловасці Беларусі: паркаль, бязь, сацін, тканіны на бялізну і плацце, мэблева-дэкар., хустачныя, ручніковыя, махровыя, тэхн., тарныя, паковачныя, з устойлівым аздабленнем, з водаўстойлівым і супраць гніення насычэннем, баваўняныя мяшаныя тканіны, марля, вата, ніткі, нятканыя матэрыялы. У 1993 выраблена 35,2 тыс. т баваўнянай пражы (найб. у 1990—91 — 50,5 тыс. т); 102 млн. м² тканіны (найб. у 1991 — 142 млн. м²).

У свеце выпускаецца каля 46 млрд. м² баваўняных тканін (1985). Прадукцыя баваўнянай прамысловасці ў розных краінах складае 66—95% ад прадукцыі тэкст. прам-сці. Найб. вытворцы бавоўны-сырцу (1994) — Кітай, ЗША, Індыя і Пакістан, баваўняных тканін (у пач. 1990-х г.) — Кітай, краіны СНД (найб. у Расіі), Індыя, ЗША, Японія, Тайвань, Італія, Егіпет і інш.

В.​М.​Логвінка.

т. 2, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУСЕ́ЛЬ (флам. Brussel, франц. Bruxelles),

горад, сталіца Бельгіі. Размешчаны на р. Сена (бас. р. Шэльда) і некалькіх каналах. Адм. ц. прав. Брабант. 949,1 тыс. ж. (з прыгарадамі; 1993); паводле нац. складу — фламандцы і валоны. Падзяляецца на Ніжні горад, перасечаны рукавамі Сены, і Верхні горад, размешчаны на ўсх. грэбені ўзвышшаў. Цэнтр. ч. горада абкружана 18 прыгарадамі з самаст. кіраваннем. Буйны трансп. вузел чыгунак і аўтадарог. Порт (звязаны каналамі з вусцем р. Шэльда і Паўн. м., а таксама з цэнтр. прамысл. раёнамі краіны). Міжнар. аэрапорт Завентэм. Важны фін., прамысл., навук. і культ. цэнтр. Прам-сць: машынабудаванне (у т. л. аўта-, прылада- і станкабудаванне, эл.-тэхн. і радыёэлектроннае); хім., фармацэўтычная, парфумерная, паліграф., гарбарная, тэкст., швейная, папяровая, фарфоравая, шкляная, тытунёвая, піваварная, харч., вытв-сць дываноў, ювелірных вырабаў, карункаў. Метрапалітэн. У Бруселі штаб-кватэры НАТО, ЕЭС, Бенілюкса і інш. Месца правядзення міжнар. канферэнцый, з’ездаў, муз. конкурсаў.

Упершыню ўпамінаецца ў 966. З 12 ст. рэзідэнцыя герцагаў брабанцкіх, адзін з гал. цэнтраў Брабанта. З 16 ст. ў складзе Ісп. Нідэрландаў, у часы Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. прымкнуў да Утрэхцкай уніі 1579. У 1585 заваяваны іспанцамі, з 1713 пад уладай Аўстрыі, з 1794 — Францыі, з 1814 — Галандыі. Цэнтр Бельгійскай рэвалюцыі 1830, з 1830 — сталіца Бельгіі.

Цэнтр Бруселя захаваў сярэдневяковую радыяльна-кальцавую планіроўку (удасканалена ў 18—19 ст.). У Ніжнім горадзе, на пл. Грандплас і каля яе гатычны сабор Сен-Мішэль-э-Гюдзюль (1226—1490), ратуша (1401—55), «Каралеўскі дом» (1515—25), шматлікія дамы гільдый канца 17 — пач. 18 ст., барочныя цэрквы і інш. У Верхнім горадзе ансамблі ў стылі класіцызму (пл. Плас-дэ-Маргыр, 1772—75, і Плас-Руаяль, 1774—80), Каралеўскі палац (18—20 ст.), Палац Нацыі (цяпер парламент, 1779—83), «Брусельскі парк» (1774—76), Палац прыгожых мастацтваў (1922—28, арх. В.​Арта), сярод пабудоў канца 19—20 ст. асабнякі ў стылі мадэрн (арх. Арта), Палац стагоддзя (1935), аэравакзал «Сабена» (1954) і інш. Да Сусв. выстаўкі 1958 створаны новыя магістралі, трансп. развязкі на бульварным кальцы. Помнікі: «Бельгія» на пл. Плас-дэ-Мартыр (1838), Працы (1930, скульпт. К.​Менье) і інш.

У Бруселі — 2 каралеўскія АН: валонская (з 1772) і флам. (з 1938), 2 каралеўскія мед. акадэміі: валонская (з 1841) і фламандская (з 1938); Каралеўская археал. акадэмія прыгожых мастацтваў (з 1711), ун-т (з 1834), кансерваторыя (з 1832). Геагр. ін-т (засн. Э.​Рэклю), Пастэраўскі ін-т. 30 музеяў, у т. л. Бельг. каралеўскі музей мастацтваў, Каралеўскі музей мастацтва і гісторыі.

Да арт. Брусель. Дом карпарацыі лодачнікаў. 1697.
Да арт. Брусель. Панарама горада. На пярэднім плане сабор Сен-Мішэль-э-Гюдзюль.

т. 3, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́ ЗА НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦЬ ІСПА́НСКІХ КАЛО́НІЙ У АМЕ́РЫЦЫ 1810—26,

вызваленчая вайна лац.-амер. калоній супраць ісп. панавання. Эканам. абмежаванні, немагчымасць атрымаць аўтаномію калоній у межах ісп. манархіі, малое прадстаўніцтва ў картэсах (ад 15-мільённага насельніцтва калоній 9 дэпутатаў, ад 12-мільённай Іспаніі 36) і інш. выклікалі незадаволенасць у крэолаў. У 1808—09 адбыліся антыісп. ўзбр. выступленні, задушаныя калан. ўладамі. Вайна пачалася ў 1810 паўстаннямі ў Каракасе, Буэнас-Айрэсе, Багаце і інш. буйнейшых цэнтрах Лац. Амерыкі, дзе была ліквідавана ісп. адміністрацыя і створаны часовыя рэв. ўрады — хунты. На 1-м этапе вайны (1810—18) адным з цэнтраў рэв. барацьбы была Венесуэла, у паліт. жыцці якой мела ўплыў «Патрыятычнае т-ва» (кіраўнік Ф.Міранда, адзін з гал. членаў С.Балівар). Аднак з-за адсутнасці сродкаў, зброі і падтрымкі насельніцтва першая (1811—12) і другая (1813—14) Венесуэльская рэспублікі палі. У «Пісьмах з Ямайкі» (1815) Балівар выклаў новую праграму вызв. руху (барацьба за адмену рабства, надзяленне зямлёй салдат вызв. арміі). Створаная ім на востраве каля берагоў Венесуэлы рэв. армія ў 1816 уступіла ў краіну і нанесла паражэнне ісп. войскам. У Мексіцы ў 1810—15 вайна набыла характар масавага сял. паўстання (кіраўнік М.Ідальга) — захопліваліся крэольскія латыфундыі, вярталіся землі індзейцам. Паўстанцы занялі некалькі буйных гарадоў і наблізіліся да Мехіка. Пасля паланення і расстрэлу іспанцамі Ідальга рух узначаліў яго паплечнік Х.М.Марэлас. У 1813 абвешчана незалежнасць, у 1814 прынята канстытуцыя рэспублікі. Аднак у 1815 іспанцы разграмілі паўстанцаў, пакаралі смерцю Марэласа і часова аднавілі ў Мексіцы калан. рэжым. На 2-м этапе вайны (1819—26) вызв. армія Балівара здзейсніла паход праз высакагорныя перавалы Андаў у Новую Гранаду, разграміла ісп. войскі ў бітве каля г. Баяка (1819), разам з войскамі новагранадскага ген. Ф.​Сантандэра ўступіла ў сталіцу Багату і вызваліла ўсю тэр. краіны. На пач. 1821 поўнасцю вызвалена Венесуэла. Было абвешчана стварэнне аб’яднанай дзяржавы Вял. Калумбія (Венесуэла, Новая Гранада, Панама і, пасля вызвалення, Эквадор). У Мексіцы з 1820 пасля задушэння сял. руху барацьбу вялі крэолы-сепаратысты на чале з А.Ітурбідэ, які пасля выгнання іспанцаў у 1821 абвясціў сябе імператарам. Пасля яго звяржэння краіна абвешчана незалежнай федэратыўнай рэспублікай (1824). У 1824 ісп. войскі разгромлены ў Перу. У 1826 завершана вызваленне Верхняга Перу (названа ў гонар Балівара Балівіяй), апошнія ісп. войскі выцеснены з узбярэжжа Чылі і Перу. У ходзе вайны праведзены асобныя дэмакр. рэформы, аднак не вырашана агр. пытанне. Пад уладай Іспаніі засталіся толькі Куба і в-аў Пуэрта-Рыка.

Літ.:

Линч Дж. Революции в Испанской Америке, 1808—1826: Пер. с англ. М., 1979;

Глинкин А.Н. Дипломатия Симона Боливара. М., 1991.

У.​Я.​Калаткоў.

Да арт. Вайна за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26. С.​Балівар падпісвае Асноўны закон аб утварэнні федэратыўнай рэспублікі Калумбія.

т. 3, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРБА́РНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна лёгкай прамысловасці, якая спецыялізуецца па вырабе натуральных цвёрдых і мяккіх скураных тавараў і штучных скур. Забяспечвае скуртаварамі абутковую прамысловасць, футравую прамысловасць, часткова швейную і інш. галіны. Асн. сыравінай для гарбарнай прамысловасці служаць скуры жывёл. Гарбарная сыравіна падзяляецца на: дробную (скуры цялят, жарабят, авечак, коз, цюленяў, нерпаў), што ідзе на выраб скур для верху абутку, адзення і галантарэйных вырабаў, буйную (скуры буйн. раг. жывёлы, коней, аслоў, вярблюдаў, аленяў, маржоў, кітоў) і свіную (са свойскіх свіней і дзікоў), якія служаць для вырабу хромавых і юхтовых скур на верх абутку, для рамізніцкіх і тэхн. вырабаў. Выкарыстоўваюць таксама скуры рэптылій (кракадзілы, яшчаркі, змеі), некат. рыб і інш.

Апрацоўка скур і выкарыстанне іх на абутак і адзенне вядома з глыбокай старажытнасці. Са скур выраблялі таксама пергамін, вупраж, шчыты і інш. Скуры дубілі пры дапамозе раслінных дубільнікаў. У 2-й пал. 19 ст. частка падрыхтоўчых і апрацоўчых аперацый механізавана, з 1880-х г. пачалі выкарыстоўваць паскораны метад вырабу скур солямі хрому. Рамесніцкае гарбарства ператварылася ў гарбарную прамысловасць. У 20 ст. развіццю гарбарнай прамысловасці спрыяла стварэнне галін машынабудавання, якія выпускалі машыны для апрацоўкі скур, пашыву абутку, адзення і інш. вырабаў, а таксама расшырэнне сыравіннай базы, развіццё вытв-сці штучных скур і заменнікаў скуры, сінт. каўчуку і дубільнікаў, дубільных экстрактаў.

Асартымент прадукцыі сучаснай гарбарнай прамысловасці акрамя шырока вядомых абутковых цвёрдых і мяккіх (хромавага дублення і юхту), адзежна-галантарэйных, рамізніцкіх і тэхн. скур уключае такія новыя вырабы, як спілак для абутку, велюры, асветленыя скуры для нізу абутку, лакавыя з поліурэтанавым пакрыццём, хромавыя павышанай эластычнасці, тэрмаўстойлівую юхту і інш. Развітую гарбарную прамысловасць маюць ЗША, Расія, Францыя, Італія, Вялікабрытанія, ФРГ, Аргенціна, Аўстралія, Манголія і інш. краіны.

Гарбарная прамысловасць — адна са старадаўніх на Беларусі. Скураны абутак 12—13 ст. вядомы з раскопак у Брэсце, Гродне, Мінску, Полацку і інш. У 2-й пал. 19 ст. скуры, вырабленыя на Беларусі, карысталіся попытам на рас. і замежным рынках. Цэнтрамі гарбарнай прамысловасці былі Смаргонь (22 прадпрыемствы), Ашмяны, Мінск (буйны з-д Сальмана), Магілёў, Скідзель, Талачын і інш. Вырабляліся лайка, хром, шчыгрын (гамбургскі тавар), падэшвы. Пабудаваны гарбарныя з-ды ў 1927 «Бальшавік» у Мінску, у 1930 — у Магілёве. У 1996 у краіне дзейнічаюць Мінскае гарбарнае вытворчае аб’яднанне, Магілёўскі гарбарны завод, Гродзенскае вытворчае гарбарнае аб’яднанне, Бабруйскі гарбарны камбінат, Пінскі завод штучных скур, шэраг меншых прадпрыемстваў. У 1996 выпушчана 426,9 млн. дм² верхніх скуртавараў (найбольш у 1991 — 992,4 млн. дм²), з іх 381,1 млн. дм² хрому, 45,8 млн. дм² юхту і 16 млн. дм² цвёрдых скуртавараў.

В.​М.​Логвінка.

Да арт. Гарбарная прамысловасць. У скурсыравінным цэху гарбарнага завода ў пас. Гатава Мінскага раёна.

т. 5, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАБАТА́НІКА (ад геа... + батаніка),

навука пра расліннае покрыва Зямлі, яго структурныя элементы — раслінныя згуртаванні (фітацэнозы); раздзел батанікі. Вывучае заканамернасці фарміравання, склад, будову, развіццё і класіфікацыю раслінных згуртаванняў, іх уплыў на асяроддзе. Развіваецца ў цеснай сувязі з комплексам геагр. навук, з экалогіяй раслін, лугазнаўствам, лесазнаўствам, аграмеліярацыяй. Асн. задача геабатанікі: ацэнка магчымасцей павелічэння прадукцыйнасці розных формаў расліннага покрыва і стварэнне штучных фітацэнозаў (лесааднаўленне, стварэнне пашы і лугоў шматгадовага карыстання і інш.). Геабат. звесткі шырока выкарыстоўваюцца ў раянаванні і пры распрацоўцы праектаў рацыянальнага гасп. выкарыстання тэрыторыі, аховы прыроды і генафонду расліннага свету.

Як самаст. навука сфарміравалася ў сярэдзіне 19 — пач. 20 ст. Тэрмін увёў ням. вучоны А.​Грызебах у 1866. У Расіі ў 1880-я г. пад геабатанікай разумелі пераважна вучэнне пра сувязь расліннасці з глебамі. Вял. ўклад у развіццё геабатанікі зрабілі рус. вучоныя А.​М.​Красноў, Дз.​І.​Літвінаў, Л.​Р.​Раменскі, А.​П.​Шэннікаў, У.​М.​Сукачоў, В.​Б.​Сачава, Я.​М.​Лаўрэнка, Т А.​Работнаў і інш.

На Беларусі геабат. работы праводзіліся з канца 19 — пач. 20 ст. (І.​К.​Пачоскі, У.​С.​Дактуроўскі, Н.​К.​Генко, Г.​І.​Танфільеў). У 1920—30-я г. даследаванні вяліся ў Ін-це бел. культуры, потым у АН БССР, Ін-це сельскай і лясной гаспадаркі (У.​У.​Адамаў, М.​А.​Збіткоўскі, В.​А.​Міхайлоўская, В.​С.​Палянская, М.​А.​Прахін і інш.). Планамернае развіццё геабатанікі пачалося з арганізацыяй у 1956 у Ін-це эксперым. батанікі АН БССР лабараторыі геабатанікі пад кіраўніцтвам І.Д.Юркевіча. Асн. кірункі геабат. даследаванняў: класіфікацыя і картаграфаванне расліннасці, вылучэнне ўздзеяння экалагічных фактараў на расліннасць, павелічэнне прадукцыйнасці прыродных фітацэнозаў і распрацоўка прынцыпаў аховы раслінных комплексаў. Распрацаваны класіфікацыі, тыпы і асацыяцыі лясоў Беларусі, іх структура і прадукцыйнасць залежна ад глебава-грунтавых умоў (Юркевіч, Л.​П.​Смаляк, В.С.Гельтман, В.І.Парфёнаў, А.В.Бойка, М.Ф.Лоўчы, Дз.С.Голад, У.С.Адзярыха, П.​Я.​Пятроўскі, Я.​Г.​Пятроў, Э.​П.​Ярашэвіч і інш.). Вывучаны заканамернасці размяшчэння, фарміравання і змен расліннасці (Голад), біял. і гасп. прадукцыйнасць лугоў поймы Нёмана, Прыпяці, Бярэзіны, Віліі, Гарыні, невялікіх рэк Палесся (Н.А.Буртыс, Е.​А.​Круганава, Г.​А.​Кім, С.​Р.​Бусько, Л.​М.​Сапегін, П.​М.​Сянько, Я.​М.​Сцепановіч і інш.), мацерыковыя лугі Бел. Паазер’я (М.​Е.​Баранава), лугава-балотная расліннасць на меліяраваных землях Палесся. Абгрунтавана геабатанічнае раянаванне расліннасці Беларусі. Створана серыя картаў расліннасці краіны і асобных яе рэгіёнаў. Вядуцца даследаванні розных тыпаў расліннасці на тэрыторыях, забруджаных радыенуклідамі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Літ.:

Юркевич И.Д., Гельтман В.С. География, типология и районирование лесной растительности Белоруссии. Мн., 1965;

Юркевич И.Д., Голод Д.С., Адерихо В.С. Растительность Белоруссии, ее картографирование, охрана и использование. Мн., 1979.

Дз.​С.​Голад.

т. 5, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́НУЯ (Genova),

горад у Паўн. Італіі. Адм. ц. вобласці Лігурыя і прав. Генуя. 659,8 тыс. ж., разам з прыгарадамі (Вял.Г.) больш за 1 млн. ж. (1993). Порт на беразе Лігурыйскага м. (грузаабарот каля 50 млн. т штогод). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Важны гандл., прамысл. і культ. цэнтр краіны. Буйнейшыя ў Італіі суднаверфі, вытв-сць самалётаў, авіяц. і суднавых рухавікоў, турбін, катлоў, лакаматываў, трактароў, электраабсталявання; ваен. прам-сць, дакладная механіка, металургія, нафтаперапрацоўка. Развіты таксама хім., лёгкая, харч. (пераважна мукамольная, вытв-сць аліўкавага алею) прам-сць. Ун-т (з 15 ст.). Акадэмія выяўл. мастацтваў. Т-ры. Бат. сад. Штогадовая міжнар. Марская выстаўка. Турызм. Радзіма Х.​Калумба. Міжнар. конкурсы скрыпачоў імя Паганіні. У наваколлі Генуі па ўзбярэжжы Лігурыйскага м. — курорты Італьянскай Рыўеры (Рыўера-Лігурэ).

У старажытнасці Генуя — пасяленне лігураў. У 3 ст. да н.э заваявана рымлянамі, важны гандл. порт Рымскай рэспублікі. У раннім сярэдневякоўі прыйшла ў заняпад. З 641 цэнтр герцагства, з 9 ст. — маркграфства. У 10—11 ст. магутная марская дзяржава. У 12 ст. Генуя — камуна на чале з калегіяй консулаў, з 1211 яе ўзначальваў падэста, з 1257 — капітан народа, з 1339 — дож. У 13—14 ст. атрымала выхад у Эгейскае і Чорнае моры і засн. свае калоніі ў Сірыі, Палесціне, Крыме, на Каўказе. З 1396 неаднаразова трапляла пад уладу Францыі і Мілана. У 1528 адноўлена рэспубліка Генуя, якая залежала ад Іспаніі. У 15—16 ст. Генуя — цэнтр банкаўскай справы. У 1797—1805 у складзе Лігурыйскай рэспублікі, з 1815 — Сардзінскага каралеўства. З 2-й пал. 19 ст. адзін з цэнтраў рабочага руху, у 2-ю сусв. вайну — Руху Супраціўлення.

Горад маляўніча размешчаны ў выглядзе амфітэатра на схілах вакол бухты. Найб. стараж. помнікі архітэктуры — цэрквы Санта-Марыя ды Кастэла (11 ст.), Сан-Матэа (1125—1278) і сабор Сан-Ларэнца (11—16 ст.). Найб. цікавыя збудаванні — палацы і вілы 16—17 ст. (Палацца Пародзі, 1567, вілы Камб’яза, 1548, і Палавічына дэле Песк’ерэ, 1560—72, арх. Г.​Алесі; Палацца Мунічыпале, або Дорыя-Турсі, 1564, арх. Р.​Лурага; Палацца Дурацца-Палавічыні, 1618, і Палацца дэль Універсіта, 1634—36, арх. Б.​Б’янка) з фантанамі, арачнымі галерэямі двароў, сходамі і тэраснымі паркамі, у кампазіцыі якіх эфектна выкарыстаны рэльеф мясцовасці. У цеснату старых кварталаў упісваюцца новыя будынкі і комплексы (тэр. Міжнар. выстаўкі, вышынны будынак Італьян. тэлеф. кампаніі). Раёны масавага жылога буд-ва пераважна па-за межамі горада. Музеі: Гар. музей лігурыйскай археалогіі (засн. ў 1892), Музей Лігурыйскай акадэміі прыгожых мастацтваў, падземны музей-скарбніца сабора Сан-Ларэнца (1956, арх. Ф.​Альбіні), музей Н.​Паганіні, галерэі Палацца Роса, Палацца Б’янка, Палацца Рэале, Нац. галерэя, Палацца Спінола.

Да арт. Генуя. Фасад царквы Сан-Матэа.
Панарама Генуі. Гравюра 17 ст.

т. 5, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬНАВО́ДСТВА,

галіна сельскай гаспадаркі па вырошчванні лёну. З высакаякаснага валакна вырабляюць ільняную тканіну, ніткі, адзенне, з валакна ніжэйшых гатункаў — мяшочную і ўпаковачную тканіну, вяроўкі, шпагат. З семя атрымліваюць ільняны алей; ільняная макуха — корм жывёле. Адходы перапрацоўкі лёну ідуць на ўпакоўку, з кастрыцы вырабляюць тэрма- і гукаізаляцыйныя пліты, паперу. На Беларусі І. адна з найважнейшых галін земляробства. Перапрацоўкай лёну займаюцца ільняная прамысловасць і прам-сць пач. апрацоўкі лёну (гл. Ільноапрацоўка).

І. вельмі стараж. галіна. За некалькі тысячагоддзяў да н.э. лён для вырабу тканін вырошчвалі ў Індыі, Егіпце, Закаўказзі (Калхіда, Ленкарань). На Усх.-Еўрап раўніну І. прыйшло ў пач. 2-га тыс. да н.э. З 10—13 ст. лён-даўгунец стаў асн. прадзільнай культурай усх. славян. У сусв. земляробстве найб. пашыраны алейны лён, які займае 3-е месца сярод алейных культур (пасля бавоўніку і соі). І. сканцэнтравана пераважна ў еўрап. краінах (Расія, Украіна, Польшча, Чэхія, Славакія, Францыя, Бельгія, Нідэрланды, Вялікабрытанія), а таксама ў Японіі, Турцыі і Аргенціне.

На Беларусі лён здаўна быў гал. сыравінай для вырабу адзення і таварам для экспарту. Да канца 19 ст. І. грунтавалася на ручной працы. Больш пал. пасеваў размяшчалася ў паўн. ч. краіны. Валавыя зборы льновалакна павялічваліся пераважна за кошт пашырэння пасяўных плошчаў. У 1931 на Бел. занальнай доследнай станцыі пачата селекцыя лёну. У даваен. часы Беларусь спецыялізавалася на вырошчванні лёну. У 1940 у параўнанні з 1913 плошча пад ім павялічылася ў 2,8 разы. Максімальнага ўзроўню дасягнула ў 1956—340 тыс. га. Далейшаму развіццю І. спрыялі механізацыя — выкарыстанне льноўборачных і льноапрацоўчых машын, мінер. угнаенняў, укараненне раянаваных высокапрадукцыйных сартоў. Размяшчэнне пасеваў лёну на Беларусі склалася гістарычна. Найб. іх канцэнтрацыя ў Віцебскай, на Пн Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абл., дзе халаднаватае і вільготнае лета са значнай колькасцю пахмурных дзён, спрыяльныя для культуры сугліністыя і супясчаныя глебы. Дынаміку развіцця льнаводства гл. ў табл.

Выкарыстоўваюцца найб. прадукцыйныя раянаваныя сарты лёну: айчынныя К-6, Аршанскі 2, Аршанскі 72, Светач, Магілёўскі 1; галандскі Белінка. Даследаваннямі тэхналогій перапрацоўкі лёну займаецца Рэсп. навук.-вытв. аб’яднанне «Лён Беларусі», па вырошчванні культуры і вывядзенні новых сартоў — Земляробства і кармоў Беларускі НДІ. З пач. 1990-х г. у І. назіраецца заняпад.

Г.​С.​Смалякоў.

Да арт. Ільнаводства. Квітнеючы лён.
Да арт. Ільнаводства. На льняным полі.
Развіццё льнаводства ў Рэспубліцы Беларусь
Паказчыкі 1960 1970 1980 1990 1997
Пасяўная плошча, тыс. га 270,2 261,1 234,3 149,0 73,6
Ураджайнасць ільновалакна, ц/га 3,1 3,9 4,0 3,5 3,6
Валавы збор ільновалакна, тыс. т 84,4 102,1 60,5 52,0 26,1
Продаж ільновалакна, тыс. т 76,9 98,7 51,3 52,0 25,9

т. 7, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОНТРРЭФАРМА́ЦЫЯ (ад контр... + рэфармацыя),

рэлігійна-паліт. рух у Еўропе ў 2-й пал. 16—17 ст., узначалены папствам і накіраваны супраць Рэфармацыі з мэтай узнаўлення страчаных каталіцызмам пазіцый. Гал. сродкамі К. былі інквізіцыя, манаскія ордэны, рым. курыя. Самы актыўны ўдзел у К. прыняў ордэн езуітаў (створаны ў. 1534—40). У 1559 быў апублікаваны Індэкс забароненых кніг. Праграмай К. сталі рашэнні Трыдэнцкага сабору 1545—63 (вяршэнства папы над саборам, увядзенне строгай царк. цэнзуры, богаслужэнне толькі на лац. мове і інш.). Былі створаны спец. органы кіравання — кангрэгацыі, шэраг навуч. устаноў (калегіумаў) для падрыхтоўкі каталіцкага духавенства. К. ўключала барацьбу супраць свецкай навукі і навук. светапогляду, праследаванне перадавых мысліцеляў (Дж.​Бруна, Г.​Галілей, Дж.​Ваніні і інш.), знішчэнне пратэстантаў (Варфаламееўская ноч), арганізоўвала т. зв. рэліг. войны, праследавала ерасі. У Беларусі К. актыўна праявілася пасля Люблінскай уніі 1569. Праваднікамі яе былі езуіты. Гал. ідэолагам К. ў ВКЛ быў П.Скарга. У 16—18 ст. тут асталяваліся яшчэ 24 каталіцкія манаскія ордэны (францысканцы, дамініканцы, кармеліты, бенедыкцінцы, піяры і інш.). Зачыняліся пратэстанцкія і праваслаўныя школы і друкарні, учыняліся пагромы. К. была накіравана не толькі супраць пратэстантызму, але і праваслаўя. На хвалі К. нарадзілася Брэсцкая унія 1596 і створана уніяцкая царква. Супраціўленне каталіцкай экспансіі вылівалася ў нар. паўстанні (Віцебскае паўстанне 1623; антыкаталіцкую накіраванасць мела антыфеадальная вайна 1648—51). Найб. жорсткія ганенні з боку каталіцкай царквы і дзяржавы пачаліся супраць антытрынітарыяў. У канцы 16 ст. рэфармацыйны рух у Беларусі пачаў паступова згасаць, большасць кальвінісцкай шляхты стала пераходзіць у каталіцтва, а ў пач. 17 ст. большая частка дробнай правасл. шляхты прыняла унію. Паводле сеймавых пастаноў 1764 адступніцтва каралася выгнаннем з краіны або смерцю. У 1733 правасл. шляхта і духавенства былі пазбаўлены права займаць пасады ў сенаце, сейме, судах і інш. дзярж. установах. У 2-й пал. 17—1-й трэці 18 ст. адбывалася амаль поўная клерыкалізацыя культуры і падпарадкаванне яе рэлігіі. Навук. веды абвяшчаліся грахоўнымі, панізіўся ўзровень адукацыі. У аснову навучання былі пакладзены тэалогія, схаластычная філасофія і лац. мова. З 1696 бел. мова стала выцясняцца з афіц. справаводства. Уздзеянне К. не было такім адмоўным у мастацтве. Пануючым стылем тут стала барока. Масавая паланізацыя пануючага класа Беларусі праз акаталічванне ў 17 ст. ўскладніла працэс кансалідацыі бел. народнасці, запаволіла фарміраванне яе свядомасці. У 1730—40-я г. на змену К. прыйшла эпоха Асветніцтва.

Літ.:

Подокшин С. А Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970;

Мараш Я.Н. Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII в. Мн., 1974;

1980;

Блинова Т.Б. Иезуиты в Белоруссии. Мн., 1990.

С.​В.​Марозава.

т. 8, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)