прадстаўнічы і заканадаўчы орган, парламент дзяржавы. Уведзены Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), прынятай на рэсп. рэферэндуме 24.11.1996. Складаецца з 2 палат — Палаты прадстаўнікоў (110 дэпутатаў, якіх выбірае насельніцтва рэспублікі на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага, прамога выбарчага права пры тайным галасаванні) і Савета Рэспублікі (палата тэр. прадстаўніцтва: ад кожнай вобласці і г. Мінска ў яе склад выбіраюцца тайным галасаваннем на пасяджэннях дэпутатаў мясц. Савета базавага ўзроўню па 8 членаў і 8 членаў назначае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь). Тэрмін паўнамоцтваў парламента — 4 гады. Палаты збіраюцца на 2 чарговыя сесіі ў год.
Нечарговыя сесіі склікаюцца ў выніку асаблівай неабходнасці па ініцыятыве Прэзідэнта або па патрабаванні большасці не менш як 2/3 галасоў ад поўнага складу кожнай з палат. Палаты выбіраюць са свайго складу старшынь і іх намеснікаў, якія вядуць пасяджэнні і кіруюць унутр. распарадкам палат, пастаянныя камісіі і інш. органы для вядзення законапраектнай работы, папярэдняга разгляду і падрыхтоўкі пытанняў, аднесеных да ведання палат. Палата прадстаўнікоў разглядае праекты законаў, назначае выбары Прэзідэнта, дае згоду Прэзідэнту на назначэнне кіраўніка ўрада, заслухоўвае яго даклад аб праграме дзейнасці ўрада і ўхваляе або адхіляе праграму, разглядае пытанне аб даверы ўраду, прымае адстаўку Прэзідэнта ці рашэнне аб зняцці яго з пасады ў прадугледжаных Канстытуцыяй выпадках і інш. Савет Рэспублікі адабрае або адхіляе прынятыя Палатай прадстаўнікоў праекты законаў, дае згоду на назначэнне Прэзідэнтам пэўных вышэйшых службовых асоб дзяржавы, выбірае 6 суддзяў Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь, 6 членаў Цэнтр. камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэсп. рэферэндумаў, адмяняе незаконныя рашэнні мясц. Саветаў дэпутатаў, прымае рашэнне аб роспуску мясц. Савета дэпутатаў у выпадку парушэння ім заканадаўства, разглядае рашэнне Палаты прадстаўнікоў аб зняцці Прэзідэнта з пасады і прымае па ім канчатковае рашэнне, вырашае інш. пытанні, калі гэта прадугледжана Канстытуцыяй. Дэпутатам парламента належыць права заканад. ініцыятывы. Рашэнні палат прымаюцца ў форме законаў і пастаноў. Парадак дзейнасці палат вызначаецца іх рэгламентам. Пасяджэнні палат з’яўляюцца адкрытымі (калі патрабуюць інтарэсы дзяржавы ў пэўным парадку можа прымацца рашэнне аб правядзенні закрытага пасяджэння). Дэпутаты парламента карыстаюцца недатыкальнасцю пры ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЛІГІ́ЙНЫЯ ВО́ЙНЫ,
войны, якія адбываюцца ў адпаведнасці з прадпісаннямі рэлігійных догматаў або пад патранажам царквы (рэліг. арганізацыі), напр.крыжовыя паходы, у т. л. супраць славян і балтаў у 12—15 ст. і інш.Гл. таксама Джыхад. У еўрап. гістарыяграфіі Р.в. звычайна называюць Гугеноцкія войны ў Францыі, грамадзянскія войны паміж католікамі і пратэстантамі (гугенотамі) у 2-й пал. 16 ст., абумоўленыя комплексам рэліг., сац. і паліт. супярэчнасцей. Каталіцкую партыю на чале з Гізамі падтрымлівалі паўн.-ўсх. і цэнтр. правінцыі Францыі. Кальвіністаў (гугенотаў), якіх у розныя часы ўзначальвалі прынц Кандэ, адмірал Каліньі, Генрых Наварскі, падтрымлівалі гарады і дваранства зах. і паўд. правінцый краіны. Зачэпкай для 1-й Р.в. (сак. 1562—сак. 1563) было забойства пратэстантаў у сак. 1562 атрадам Ф. дэ Гіза каля мяст. Васі ў Шампані. У адказ пратэстанты на чале з Кандэ сабралі войска і захапілі шэраг гарадоў. У першай бітве (снеж. 1562 каля Дро) перамаглі католікі. У гэтай і наступных бітвах на баку пратэстантаў выступалі ням., а на баку католікаў — італьян. наёмнікі. Пасля забойства Гіза (1563) на чале каталіцкай партыі сталі яго сыны Генрых, Луі (кардынал Латарынгскі) і Шарль. Вайна завяршылася прыняццем эдыкта (15.3.1563, у Амбуазе), які дазволіў пратэстанцкі культ. 2-я Р.в. (вер. 1567 — сак. 1568) пачалася з «сюрпрызу ў Мо», калі Кандэ спрабаваў захапіць караля Ваен. дзеянні вяліся вакол Парыжа. У бітве пры Сен-Дэні гугеноты пацярпелі паражэнне і ў Ланжумо быў заключаны мір. 3-я Р.в. (жн. 1568—жн. 1570) вялася на З і Пд краіны, дзе брат караля Генрых Анжуйскі ваяваў супраць Кандэ і Каліньі. Найб. крывавыя бітвы адбыліся пры Жарнаку (сак. 1569), калі загінуў Кандэ, і пры Манкантуры (кастр. 1569), калі гугеноты пацярпелі паражэнне. Аднак паводле міру ў Сен-Жэрмене (1570) пратэстанты атрымалі свабоду веравызнання і 4 гарады-крэпасці ў якасці гарантый іх бяспекі. Шлюб паміж Генрыхам Наварскім і сястрой караля Маргарытай Валуа 18.8.1572 павінен быў замацаваць дасягнуты мір. Аднак масавае забойства гугенотаў 24.8.1572 (гл.Варфаламееўская ноч), калі загінула каля 3 тыс.чал., у т. л. адмірал Каліньі, прывяло да 4-й Р.в. (жн. 1572 — ліп. 1573) і эскалацыі насілля з абодвух бакоў. Пасля няўдалай аблогі ўрадавымі войскамі Ла-Рашэлі быў заключаны мір. Булонскі эдыкт (1573) пацвердзіў свабоду веравызнання. Характэрнай рысай 5-й Р.в. (ліст. 1574—май 1576) быў саюз паміж памяркоўнай ч. католікаў, т.зв. «палітыкаў», якіх узначальваў брат караля Франсуа Алансонскі, і пратэстантамі. Паводле міру ў Бальё (1576) урад рэабілітаваў гугенотаў, забітых у час Варфаламееўскай ночы і пацвердзіў свабоду веравызнання. Да гэтага часу склалася паліт. арганізацыя гугенотаў, якая аб’яднала гугеноцкія гарады 3 і Пд краіны ў пратэстанцкую канфедэрацыю, фактычна незалежную ад цэнтр. ўрада. У адказ у Пероне аформілася Каталіцкая ліга 1576. На Генеральных штатах у Блуа (1576) пад націскам каталіцкай партыі кароль 1.1.1577 адмовіўся ад эдыкта ў Бальё і абвясціў каталіцызм адзінай рэлігіяй у дзяржаве, што прывяло да 6-й Р.в. (снеж. 1576—кастр. 1577). Аднак адсутнасць фін. сродкаў прымусіла абодва бакі падпісаць мір 17.9.1577 у Бержэраку і эдыкт у Пуацье (кастр 1577), які ў асн. паўтараў эдыкт у Бальё. 7-я Р.в. (ліст. 1579 — ліст. 1580) была выклікана барацьбой гугенотаў за выкананне артыкулаў эдыкта ў Пуацье і вяртанне гарадоў-крэпасцей, якія гарантавалі іх бяспеку. Апошняя Р.в. (ліп. 1585—чэрв. 1598), або т.зв. «вайна Ліг», пачалася пасля смерці 10.6.1584 Франсуа Алансонскага і прызнання Генрыха Наварскага спадкаемцам трона. Адноўленая Каталіцкая ліга вымусіла караля Генрыха III Немурскім эдыктам (ліп. 1585) забараніць пратэстанцкае веравызнанне ў краіне. Пашырэнне ўплыву Каталіцкай і далучанай да яе Парыжскай лігі, прэтэнзіі Г. дэ Гіза на трон прывялі да забойства апошняга і яго брата, кардынала Латарынгскага (снеж 1588), заключэння саюза паміж Генрыхам III і Генрыхам Наварскім і аблогі іх войскамі Парыжа. У час гэтай аблогі 1.8.1589 Генрых III забіты і трон перайшоў да Генрыха Наварскага, які 25.7.1593 прыняў каталіцтва і 27.2.1594 каранаваўся ў Шартры як Генрых IV. У сак. 1594 Парыж адчыніў яму свае вароты, а да 1596 было задушана супраціўленне праціўнікаў Генрыха IV ва ўсёй Францыі. На апошнім этапе ў 1595—98 адбылася вайна паміж Францыяй і Іспаніяй, якая скончылася мірам у Вервене (май 1598) і канчатковым прызнаннем правоў Генрыха IV. Паводле Нанцкага эдыкта 1598франц. пратэстанты атрымалі свабоду веравызнання і гарантыі іх бяспекі.
Літ.:
Баблон Ж.-П. Генрих IV: Пер. с фр. Ростов н/Д, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛО́Ў (Уладзімір Аляксеевіч) (н. 25.8.1953, г. Полацк),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1975). З 1988 у выд-ве «Мастацкая літаратура». З 1989 віцэ-прэзідэнт Бел. ПЭН-клуба. Друкуецца з 1976. Дэбютаваў вершамі. У прозе распрацоўвае гіст. тэматыку: «Добры дзень, мая Шыпшына» (1986, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986), «Дзень, калі ўпала страла» (1988), «Асветніца з роду Усяслава: Ефрасіння Полацкая» (1989), «Рандэву на манеўрах», «Ефрасіння Полацкая», «Прысуд выканаў невядомы: Ігнат Грынявіцкі» (усе 1992), «Міласць князя Гераніма» (1993), «Пяць мужчын у леснічоўцы», «Таямніцы полацкай гісторыі» (абедзве 1994). Героі яго твораў — патрыёты роднай зямлі, славутыя людзі Беларусі, якія памнажалі яе славу і гонар, не шкадавалі свайго жыцця дзеля шчасця Бацькаўшчыны. Аўтар зб. вершаў у прозе «Там, за дзвярыма» (1991), кн.літ.-публіцыст. артыкулаў і эсэ «Совершенно секретно», або Адзін у трох іпастасях» (1992), «Мой радавод да пятага калена» (1993). Перакладае з рус., укр., фінскай моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРСЕНА́Л (франц. arsenal),
установа для захоўвання ваеннай зброі і боепрыпасаў. Узніклі ў 16 ст. Да канца 19 ст. займаліся таксама вырабам, рамонтам і зборкай узбраення і боепрыпасаў. У Расіі гал. арсеналы былі ў Маскве, Пецярбургу, у Англіі — у Вуліджы, у Францыі — у Ліёне, у Германіі — у Мюнхене, у Італіі — у Турыне, у ЗША — у Спрынгфілдзе. У 20 ст., калівытв-сць зброі была вылучана ў самастойную галіну прам-сці, арсеналы сталі выконваць функцыі базаў і складоў рознага прызначэння. У Францыі і ЗША арсеналамі наз. некаторыя суднабуд. заводы.
На Беларусі арсеналы (цэйхгаузы) будавалі ў вял. замках, абарончых вузлах гарадоў, сядзібна-палацавых комплексах. У мураваных або драўляных 1- або 2-павярховых будынках вылучаліся памяшканні, дзе захоўваліся гарматы, ручныя стрэльбы, халодная зброя, запасы пораху, ядраў, куль і інш. У 17—18 ст. арсеналы існавалі ў Слуцку, Крычаве, Бабруйску і інш. гарадах, у 19 ст. — у Бабруйскай і Брэсцкай крэпасцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЦЭТО́НАВЫЯ ЦЕ́ЛЫ, кетонавыя целы,
група арганічных злучэнняў, якія ўключаюць -оксімасляную, ацэтавоцатную кіслоты і ацэтон.
β-оксімасляная і ацэтавоцатная к-ты — прамежкавыя прадукты нармальнага абмену рэчываў у чалавека і жывёл. Утвараюцца ў печані пры няпоўным акісленні тлустых к-т, лёгка акісляюцца ў шкілетных мышцах і нырках. Інтэнсіўнасць іх утварэння залежыць ад стану вугляводнага абмену. Пры канчатковым акісленні іх у здаровым арганізме ўтвараецца вада і вуглякіслы газ.Калі паніжана здольнасць арганізма акісляць рэчывы да канчатковых прадуктаў абмену (пры цукровым дыябеце, недахопе вугляводаў, голадзе, ірвоце, некат. парушэннях нерв. і эндакрыннай сістэм і інш.), к-ты назапашваюцца ў крыві і мачы хворых у таксічных дозах (да 500 мг% супраць нормы — 1 мг%) і часткова ператвараюцца ў ацэтон, які выдзяляецца нават праз лёгкія, што прыводзіць да павышэння кіслотнасці крыві (ацыдозу) і атручэння арганізма. Ад увядзення ў арганізм інсуліну ці дадатковай колькасці вугляводаў утварэнне ацэтонавых целаў памяншаецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТУА́ЛЬНАЕ ЧЛЯНЕ́ННЕ СКА́ЗА,
падзел сказа (у жывым маўленні — выказвання) на тэму (зыходны пункт выказвання) і рэму (тое новае, што паведамляецца чытачу ці слухачу аб тэме). Актуальнае чляненне сказа накладваецца на фармальна-сінтаксічную будову сказа, і ён набывае магчымасць перадаваць актуальную ў дадзеным кантэксце, важную ў момант паведамлення інфармацыю. Напр., у сказах «Мужчыны выйшлі на двор з хаты» і «На двор з хаты выйшлі мужчыны» суадносіны і камунікатыўная значымасць тэмы і рэмы розныя (з другога варыянта сказа вынікае, што ў хаце былі не толькі мужчыны). Тэма і рэма перадаюцца: лагічным націскам (прасадычныя сродкі), парадкам слоў (сінтаксічныя), часціцамі, займеннікамі, прыслоўямі або сінонімамі (марфалагічныя і лексічныя). У вусным маўленні тэма найчасцей падкрэсліваецца інтанацыяй, у пісьмовым — парадкам слоў. У экспрэсіўных выказваннях рэма можа папярэднічаць тэме, што патрабуе пры вымаўленні сказа асабліва ўзмоцненага націску і наз. эмфазай. Калі ў сказе адсутнічае проціпастаўленне тэмы і рэмы, ён наз. камунікатыўна нерасчлянёным.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСО́РБЕР (ад лац. absorbere паглынаць),
апарат для паглынання (абсорбцыі) газаў з іх сумесі вадкімі абсарбентамі. У хім. і нафтаперапр. прам-сці выкарыстоўваюць некалькі канструкцый. Паверхневы абсорбер — рэзервуар з абсарбентам, над паверхняй якога прапускаюць газ, і кампаненты газавай сумесі часткова паглынаюцца абсарбентам. Выкарыстоўваюць, калі газавая сумесь добра раствараецца ў абсарбенце. Насадачны абсорбер — верт.метал. або керамічная калона (труба) з некалькімі гарыз. рашоткамі, на якія насыпаюць слаі насадкі (кокс, каменне, метал. або керамічныя кольцы і інш.). Абсарбент падаецца зверху і праз насадку сцякае ўніз, а сумесь газаў — знізу. У талерчатым абсорберы (гл.рыс.) газавую сумесь з рэчывамі, якія неабходна выдаліць, прадзімаюць знізу ўверх праз абсарбент, што сцякае з талеркі на талерку па пераліўных трубках. Адбываецца барбатаж (перамешванне) вадкасці з газам, што спрыяе паглынанню рэчываў абсарбентам. Абсорбер выкарыстоўваюць і ў сістэмах жыццезабеспячэння касм. апаратаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРЭ́Й АЛЬГЕ́РДАВІЧ, Андрэй Полацкі (1325—99),
князь полацкі, пскоўскі і трубчэўскі. Сын Альгерда і віцебскай князёўны Марыі Яраслаўны. У 1342 жыхарамі Пскова абраны князем, за захаванне княжацкай пасады ў Пскове змагаўся і тады, калі стаў полацкім князем. Удзельнічаў у паходзе цвярскога кн. Міхаіла на Маскву (1372). Вёў актыўную барацьбу з крыжакамі, у 1373 і 1375 правёў паспяховыя паходы на Дынабург. Пасля 1377 распачаў барацьбу за велікакняжацкі пасад у ВКЛ. Пацярпеўшы паражэнне, вярнуўся княжыць у Пскоў. Уступіўшы ў саюз з вял.кн. маскоўскім Дзмітрыем Данскім, удзельнічаў у разгроме татараў на р. Вожа (1378), адваяваў у ВКЛ для Масквы северскія гарады Трубчэўск і Старадуб, удзельнічаў у Кулікоўскай бітве 1380. Пазней вярнуўся ў Полацк, выступіў супраць Ягайлы (1386), але трапіў у палон. Вызвалены ў 1390, стаў на бок Вітаўта ў яго барацьбе супраць Скіргайлы. Зноў княжыў у Пскове. Загінуў у бітве на Ворскле 1399.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАЦЭНТРЫ́ЗМ (ад антрапа... + цэнтр),
погляд, паводле якога чалавек ёсць цэнтр і вышэйшая мэта светабудовы. Цесна звязаны з тэлеалогіяй. У ант. філасофіі прынцып антрапацэнтрызму сфармуляваны Пратагорам («Мера ўсіх рэчаў — чалавек»), развіты ў этычным рацыяналізме Сакрата. Рысы антапацэнтрызму назіраюцца ў прадстаўнікоў сярэдневяковай філасофіі (патрыстыка, Аўгусцін, Бернар Клервоскі і інш.). Прынцыпова новы характар антрапацэнтрызму набыў у культуры Адраджэння, калі ўвага мысліцеля акцэнтавалася на прыгажосці і велічы чалавека, яго высокім прызначэнні. Элементы антрапацэнтрызму захоўваліся ў класічнай зах. філасофіі (К.Гельвецый, Л.Феербах), былі ўласцівы філосафам рэліг. і ірацыяналісцка-экзістэнцыяналісцкай арыентацыі (Г.Марсель, А.Камю і інш.). На Беларусі ідэі антрапацэнтрызму вядомы з 11 ст. — з пашырэннем твораў патрыстычнай л-ры. У грамадскай думцы і культуры Беларусі 15—17 ст. зацвярджаецца гуманістычны антрапацэнтрызм Адраджэння. Бел. мысліцелі-гуманісты (М.Гусоўскі, Ф.Скарына, Сімяон Полацкі) адстойвалі высокую годнасць чалавека, грамадскае прызначэнне яго дзейнасці, самакаштоўнасць зямнога жыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́СТРЫЦА,
вёска ў Беларусі, у Трокеніцкім с/с Астравецкага р-на Гродзенскай вобл., на р. Вілія. За 29 км на Пн ад Астраўца, 34 км ад чыг. ст. Гудагай, 284 км ад Гродна. 234 ж., 82 двары (1995).
Вядома з 1390, калівял.кн.ВКЛ Ягайла заснаваў тут Крыжаўзвіжанскі касцёл. У 14—16 ст. дзейнічаў кляштар аўгусцінцаў. У 1-й пал. 16 ст. цэнтр воласці і рэзідэнцыя віленскага ваяводы. З 1537 мястэчка, з 1566 у Віленскім пав. З 1795 цэнтр воласці Віленскага пав.Рас. імперыі. На пач. 20 ст. 405 ж. З кастр. 1920 у складзе Сярэдняй Літвы, з 1922 у Польшчы. З 1939 у БССР, у 1940—62 і з 1965 у Астравецкім, у 1962—65 у Ашмянскім р-не. У 1970 — 295 ж., 91 двор. Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Крыжаўзвіжанскі касцёл (18 ст.).