устойлівыя сацыяльна-негатыўныя адносіны суб’ектаў інстытуцыянальных структур, у т. л. ва ўзбр. сілах шэрагу дзяржаў, звязаныя з глумленнем, здзекамі і насіллем адных людзей над інш.
Н.ў. вядомы з часоў стварэння армій, у якіх афіцыйна выкарыстоўвалася разгалінаваная сістэма статутных адносін. Напр., у ВКЛ нормы рыцарскага права былі ўзаконены пастановамі Навагрудскага (1502), Віленскага (1507) і інш. соймаў, потым сістэматызаваны ў Статутах ВКЛ і Артыкулах вайсковых (1754), але яны не заўсёды выконваліся. У выніку адбываліся канфлікты, у т. л. ўзброеныя, паміж вайскоўцамі. Н.ў. былі вял.сац. праблемай у арміі Рас. імперыі як сярод салдат, кадэтаў і юнкераў, так і ў дваранскім і афіцэрскім асяроддзі. Л.М.Талстой вылучаў у салдацкім асяродку 3 групы аб’ектаў і суб’ектаў Н.у.: прыгнечаныя, тыя, што прыгнятаюць, і адчайныя. Найб. небяспечная для арміі група «адчайных», прадстаўнікі якой здольны «начальніка забіць і таварыша абрабаваць».
Шмат правапарушэнняў у сферы міжасобасных адносін было ва Узбр. Сілах СССР і ў наш час існуюць у арміях шэрагу краін, у т. л. Беларусі. Прычыны Н.у. абумоўлены аб’ектыўнымі супярэчнасцямі гіст. развіцця грамадства і неадэкватнымі мерамі па спыненні крымінальных праяў, а таксама нізкай кампетэнцыяй службовых асоб і іх халатнасцю пры выкананні сваіх абавязкаў. Недахопы фармальнай (статутнай) сістэмы ўзаемаадносін у вайсковых калектывах кампенсуюцца ў нефармальных іерархічных структурах, якія складваюцца ў калектывах. Перадумовамі ўзнікнення і падставамі для з’яўлення Н.у. служаць т.зв. «дзедаўшчына» (падзел ваеннаслужачых па тэрмінах службы), «зямляцтва» (падзел па рэгіянальнай і нац. прыналежнасці), «культ сілы», а таксама крымінальныя, рэліг. і грамадска-паліт. фактары. Для Узбр. Сіл Беларусі дамінуючым фактарам з’яўляецца «дзедаўшчына». Суб’екты Н.у. (правапарушальнікі) часцей належаць да крымінальна-гвалтоўнага тыпу асобы, для якіх характэрны гіпертрафіраваны ўзровень матэрыяльных патрабаванняў, эгаістычныя тэндэнцыі, адсутнасць (прыгнечанасць) духоўных памкненняў і г.д. Для аб’ектаў Н.у. (пацярпелых) характэрны больш малады ўзрост і пазнейшы прызыў, а ў некаторых выпадках — псіхал. гатоўнасць да здзекаў (успрыняцце Н.у. як армейскай «традыцыі»), нізкі ўзровень фіз. і псіхічнай падрыхтаванасці да службы і г.д. У бел. войску выпрацавана сістэма метадаў і прыёмаў папярэджання дэвіянтных паводзін ваеннаслужачых, што спрыяла зніжэнню негатыўных наступстваў Н.у.
Літ.:
Дедовщина в армии: (Сб. социол. док.). М., 1991;
Мацкевич Й.М., Эминов В.Е. Преступное насилие среди военнослужащих. М., 1994;
Сероштан В.А. Неуставные взаимоотношения в армии: социальные истоки и пробл. предупреждения // Армия. 1998. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАГЕ́НАВАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), палеаген,
першая сістэма кайназойскай эратэмы (групы) агульнай стратыграфічнай шкалы, адпавядае першаму перыяду кайназойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі мелавой сістэмы (перыяду), папярэднічае неагенавай сістэме (перыяду). Пачалася каля 65 млн.г. назад, доўжылася больш за 40 млн. гадоў. Назву ўвёў ням. геолаг К.Наўман (1866). У самастойную сістэму вылучана ў 1960, да таго лічылася падсістэмай (аддзелам) трацічнай сістэмы. Падзяляецца на 3 аддзелы (эпохі): палеацэн (ранняя), эацэн (сярэдняя) і алігацэн (позняя). На Беларусі палеаген, паводле прынятай схемы ў Зах. Еўропе, падзяляецца на ярусы (вякі): дацкі і танецкі (ніжні аддзел), лютэцкі, бартонскі і прыабонскі (сярэдні), рупельскі і хацкі (верхні). Паводле характэрных комплексаў выкапнёвых фарамініфераў, нанапланктону і рэшткаў раслін вылучана 7 світ: сумская, канеўская, бучацкая, кіеўская, харкаўская, страдубская, крупейская.
У палеагене сфарміраваліся складкавыя структуры альпід і ўзніклі восевыя часткі сучасных Пірэнеяў, Альпаў, Карпат, Крыма, Каўказа, Паміра, Гімалаяў і інш. Платформы неаднойчы зведалі марскія трансгрэсіі і рэгрэсіі. Адклады палеагену пашыраны на ўсіх кантынентах і прадстаўлены пераважна марскімі, радзей кантынентальнымі ўтварэннямі. З імі звязаны радовішчы нафты, газу, бурых вуглёў, жал. і марганцавых руд і інш. У флоры панавалі пакрытанасенныя, паступова з’яўляліся віды, больш падобныя на сучасныя. У жывёльным свеце для марской фауны характэрны нумуліты, сярод наземных жывёл — млекакормячыя. У эацэне з’явіліся драпежнікі, капытныя, грызуны, рукакрылыя, у алігацэне — першыя хобатныя, чалавекападобныя малпы. У канцы эацэну адбылося глабальнае пахаладанне клімату, пачалося фарміраванне ледавіковага шчыта Антарктыды.
На Беларусі адклады П.с.(п.) пашыраны на Пд і ў цэнтр. частцы. Палеацэн — раннеалігацэнавы час прадстаўлены марскімі адкладамі (пяскі кварцавыя, глаўканіт-кварцавыя, алеўрыты, пясчанікі, гліны, мергелі, апокі і інш.); позні алігацэн — кантынентальнымі адкладамі (пяскі, гліны, месцамі вуглістыя). Агульная магутнасць да 80 м. Залягаюць на глыб. 30—220 м, па далінах р. Дняпро і яе прытокаў месцамі выходзяць на паверхню. З адкладамі П.с. (п.) звязаны радовішчы фасфарытаў, глаўканіту, тугаплаўкіх і вогнетрывалых глін, бурых вуглёў, праяўленні бурштыну і тытан-цырконіевых россыпаў. Макс. трансгрэсія (харкаўскае мора — апошняе на Беларусі) ахапіла да 60% тэрыторыі. 3 сярэдзіны алігацэну (каля 30 млн.г. назад) асадканамнажэнне праходзіла ў далінах палеарэк, азёрах і забалочаных нізінах. Інтэнсіўна развіваўся карст. Флора была субтрапічная: вечназялёныя і цвердалістыя пароды з дамешкамі шыракалістых лістападных форм і голанасенных раслін. На працягу палеагену клімат змяніўся ад трапічнага да субтрапічнага, блізкага да цеплаўмеранага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКАЯ ГРУ́ПАў Вялікую Айчынную вайну,
першапачатковая арганізацыйная і баявая адзінка партыз. сіл, найменшае партыз. падраздзяленне. Стваралася парт. і сав. органамі пераважна на акупіраванай тэрыторыі, фарміравалася і ў сав. тыле. Колькасны склад і ўзбраенне групы залежалі ад характару задач і ўмоў дзейнасці. Паводле прызначэння і спосабу фарміравання адрозніваліся спец., дыверсійныя, разведвальныя і інш. Вясной 1942 у сувязі з масавым прытокам мясц. насельніцтва да партызан, выхаду ў лес падп. груп колькасць П.г. стала хутка павялічвацца, у выніку чаго на іх базе масава ствараліся партыз. атрады: зімой і вясной 1941—42 створана 150 новых атрадаў, за лета 1942 іх колькасць павялічылася на 121 атрад. На тэр. Беларусі дзейнічалі спецгрупы НКДББССР: «Арлы» (12.12.1943—12.7.1944, у Ганцавіцкім, Лагішынскім, Лунінецкім р-нах Пінскай вобл., камандзір Дз.М.Сакалінскі), «Бура» (17.4—2.7.1944, у Вілейскай вобл., камандзір М.А.Міхайлашаў), «Дружба» (7 вер. — ліст. 1943, у Дзятлаўскім, Шчучынскім р-нах Баранавіцкай, Лоеўскім, Рэчыцкім р-нах Гомельскай абл.; камандзір І.А.Жолабаў), «Заходнія» (13.10.1943—13.7.1944, у Жалудоцкім р-не Баранавіцкай, Аўгустоўскім, Ваўкавыскім р-нах Беластоцкай абл., камандзір Ф.С.Пілюгін), «Іскра» (28.10.1943—24.7.1944, у Антопальскім, Дзівінскім, Кобрынскім, Маларыцкім р-нах Брэсцкай, Драгічынскім р-не Пінскай абл., камандзір М.П.Хахлоў), «Мядзведзева» (2.8.1943 — люты 1944, у Акцябрскім, Глускім, Капаткевіцкім р-нах Палескай вобл., камандзір Р.І.Слепаў), «Родныя» (13.4.1943—4.7.1944, у Івянецкім р-не Баранавіцкай, Дзяржынскім, Заслаўскім, Мінскім р-нах Мінскай абл., камандзір Я.А.Фокін), «Стойкія» (6.10.1943—18.7.1944, у Ваўкавыскім, Свіслацкім р-нах Беластоцкай вобл., камандзіры І.Г.Паваразнюк, К.А.Груздзеў); спецгрупы НКДБСССР: «Бывалыя» (28.3. — май 1942, у Чашніцкім р-не Віцебскай, Барысаўскім, Лагойскім, Смалявіцкім р-нах Мінскай абл., камандзір П.Р.Лапацін), «Волаты» (студз. — 2.7.1944, у Навамышскім, Стаўбцоўскім р-нах Баранавіцкай, Дзяржынскім, Капыльскім, Слуцкім р-нах Мінскай абл., камандзір А.М.Шыхаў), «Знішчальнік» [4.8.1943—7.7.1944, у Лідскім, Навагрудскім р-нах Баранавіцкай, Маладзечанскім р-не Вілейскай, Жлобінскім, Рагачоўскім р-нах Гомельскай, Асіповіцкім, Бабруйскім, Клічаўскім р-нах Магілёўскай, Барысаўскім, Дзяржынскім, Мінскім, Пухавіцкім р-нах Мінскай абл., камандзіры Н.В.Карнілаў (загінуў), А.Н.Чычэнка].
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990. С. 452—453.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТА́ЎСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры класіцызму ў г. Паставы Віцебскай вобл. Створаны ў канцы 18—1-й пал. 19 ст. на паўд. ускраіне горада на левым беразе р. Мядзелка. Комплекс, які ўключае палац і парк, пабудаваны на месцы сядзібы 1-й пал. 17 ст.
Першапачатковая сядзіба складалася з жылых і гасп. пабудоў (5 драўляных жылых дамоў, кухня, 5 свірнаў, 3 стайні, вазоўня, склеп і інш.), якія ўтваралі прамавугольны ў плане двор, абнесены астрогам з 2 брамамі. Гал. жылы дом — 1-павярховы будынак складанай канфігурацыі з 2 алькежамі і 2 ганкамі, завершаны гонтавым дахам. Астатнія дамы — традыц. 2- і 3-камернае жыллё. Асобнае падвор’е ўтваралі 3-камерны жылы дом для прыслугі, сыраварня, склеп і абора, на гумнішчы — стадола, асець, адрына, абарогі. Пры сядзібе быў бровар.
Буд-ва П.п.-п.к. распачата на месцы сядзібы ў 1760-я г. (верагодна, паводле праекта арх. Дж.Сака). У 1770-я г. спынена (пабудаваны 2 бакавыя флігелі і падмурак палаца). У 1-й пал. 19 ст. на паўд. беразе возера пабудаваны П-падобны ў плане 1-павярховы мураваны палац. Цэнтр. часткі паўд. і ўсх. крылаў вылучаны больш высокімі аб’ёмамі з мезанінамі. Усе часткі палаца накрыты пакатымі 2-схільнымі дахамі з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. Сіметрычны ўсх. фасад мае па баках глыбокія рызаліты і аздоблены пілястрамі, плоскі рызаліт у цэнтры з вял. тэрасай перад ім. У 1830-я г. да паўн. фасада прыбудаваны 6-калонны дарычны порцік з манум. лесвіцай; у паўн. крыле — капліца, аздобленая лепкай і размалёўкай у тэхніцы грызайль. Парк — рэгулярна-пейзажнага тыпу, размешчаны на раўнінным рэльефе. Ствараўся ў 2 этапы. Пл. каля 10 га. Меў форму выцягнутага з Пн на Пд прамавугольніка, абмежаванага па баках каналамі, з Пн — возерам. Каля палаца знаходзілася пейзажная частка парку з экзотамі ў дэкар. групах. Ад рэгулярнага парку ўцалелі і рэшткі старых ліпавых прысад, ад пейзажнага — асобныя групы дрэў па берагах вадаёма і ўсх. канала, а таксама на ўзгорку паміж каналам і гал. вуліцай горада.
В.Р.Анціпаў, А.М.Кулагін, Ю.А.Якімовіч.
Пастаўскі палацава-паркавы комплекс. Фрагмент парку.Пастаўскі палацава-паркавы комплекс. Галоўны фасад палаца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎПРАВАДНІКІ́,
рэчывы, у якіх канцэнтрацыя рухомых носьбітаў зараду значна меншая за канцэнтрацыю атамаў матрыцы. Адрозніваюцца паводле ўпарадкаванасці размяшчэння атамаў, хім. саставу, уласцівасцей. Атамы П. лёгка іанізуюцца, у выніку чаго ўзнікаюць дэлакалізаваныя электрон і дзірка (электронная вакансія ў хім. сувязі атамаў матрыцы). У ідэальных П. канцэнтрацыі электронаў і дзірак роўныя. У рэальных П., якія маюць атамы дамешкаў і дэфекты структуры, гэта роўнасць можа парушацца і тады электраправоднасць П. у асноўным забяспечваецца адным тыпам носьбітаў зараду (электронамі ці дзіркамі).
П., у якім канцэнтрацыя электронаў праводнасці намнога большая за канцэнтрацыю дзірак, наз. П. n-тыпу, у якім больш дзірак — р-тыпу. Паводзіны носьбітаў зараду ў крышт. П. апісваюцца зоннай тэорыяй. Запоўненыя электронныя станы (узроўні энергіі) валентнай зоны аддзелены ад вакантных станаў зоны праводнасці забароненай зонай (энергетычнай шчылінай). Дамешкавыя атамы і дэфекты крышт. структуры прыводзяць да з’яўлення энергетычных станаў у забароненай зоне (радзей у зоне дазволеных энергій), але паняцце забароненай зоны захоўвае сэнс. Дамешкавыя атамы ў П. могуць набываць зарад (донары — дадатны, акцэптары — адмоўны), які кампенсуецца з’яўленнем электрона ў зоне праводнасці ці дзіркі ў валентнай зоне. Эл. актыўнасць дамешкавага атама абумоўлена тым, што ён мае інш. валентнасць, чым замешчаны ім атам крышт. матрыцы (рашоткі). Калі дамешкавы атам замяшчае ў крышт. рашотцы атам з той жа групыперыяд. сістэмы элементаў (ізавалентнае замяшчэнне), то, часцей за ўсё, ён электрычна неактыўны і не ўтварае лакалізаваны стан. Ізавалентныя дамешкі могуць уваходзіць у крышт. рашотку ў вял. канцэнтрацыях і ўтвараць цвёрдыя растворы. У іх размяшчэнне вузлоў рашоткі мае далёкі парадак, але атамы замяшчэння размяшчаюцца ў гэтых вузлах хаатычна. Бясшчылінныя П. маюць нулявую шырыню забароненай энергет. зоны. Ад тыповых П. (германій, крэмній) іх адрознівае адсутнасць парогавай энергіі, неабходнай для паяўлення электрон-дзірачнай пары, ад металаў — значна меншая канцэнтрацыя электронаў праводнасці.
На Беларусі даследаванні па фізіцы П. вядуцца з пач. 1960-х г. у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, Ін-це фізікі, Ін-це электронікі Нац.АН, БДУ і інш.
Літ.:
Бонч-Бруевич В.Л., Калашников С.Г. Физика полупроводников. 2 изд. М., 1990;
Вавилов В.С. Алмаз в твердотельной электронике // Успехи физ. наук. 1997. Т. 167, №1;
Yu P.Y., Cardona M. Fundamentals of semiconductors. 2 ed. Berlin, 1999;
Seeger K. Semiconductor Physics. 7 ed. Berlin, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМЯШЧЭ́ННЕ ВЫТВО́РЧАСЦІ,
геаграфічнае размеркаванне рэчавых кампанентаў галін нар. гаспадаркі, якія вырабляюць тавары (прамысловасць, сельская гаспадарка, буд-ва і інш.). У розныя перыяды развіцця чалавецтва мела свае адметныя рысы, бо ў кожную гіст. эпоху дзейнічалі розныя эканам. законы і спецыфічная сістэма тэр. арганізацыі грамадскай вытв-сці. На характар Р.в. ўплываюць тэр.падзел працы, выкарыстанне прыродных і прац. рэсурсаў, гасп. сувязі паміж краінамі і ўнутры іх. Ва ўмовах рыначнай эканомікі гал. заканамернасцямі Р.в. з’яўляюцца: рэгуляванне і прапарцыянальнае размеркаванне, якое заключаецца ў аптымізацыі тэр. прапорцый развіцця; рацыянальнае размяшчэнне, што дае магчымасць эканоміць грамадскія затраты на вытв-сць прадукцыі; комплекснае размяшчэнне, звязанае з развіццём на пэўнай тэрыторыі групы ўзаемазвязаных галін вытв-сці (спецыялізаваных, дапаможных і абслуговых). Асн. прынцып размяшчэння — набліжэнне вытв-сці да крыніц сыравіны, электраэнергіі, паліва і спажыўца.
На размяшчэнне канкрэтных галін вытв-сці значна ўплываюць арганізацыйна-эканам. фактары (канцэнтрацыя, спецыялізацыя, каапераванне і камбінаванне), прыродныя ўмовы і рэсурсы (іх уплыў асабліва моцны на размяшчэнне сельскай гаспадаркі і здабыўной прам-сці), сац.-эканамічныя фактары (эканоміка-геагр. становішча, навук. і вытв. патэнцыял, насельніцтва і прац. рэсурсы, трансп. спажывецкі, экалагічны, абароны, знешняй палітыкі і інш.). Ад Р.в. ў вял. ступені залежаць эканам. паказчыкі розных галін прам-сці.
На Беларусі ў 20 ст. створаны і развіваецца даволі магутны вытв. комплекс, які ўключае разнастайныя галіны прамысл. вытв-сці, шматгаліновую сельскую гаспадарку і буд-ва. У даваенныя гады прам-сцьнайб. хутка развівалася ў буйных цэнтрах — Мінску, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Бабруйску, у пасляваенныя у Гродне, Брэсце, Баранавічах, Пінску, пабудаваны Наваполацк, Салігорск, Жодзіна, Светлагорск і інш. На змены ў размяшчэнні прадпрыемстваў сельскай гаспадаркі паўплывала асваенне Палескай нізіны. Буд. комплекс выконвае ўсе віды работ прамысл. і грамадз.буд-ва. Р.в. ў канцы 20 — пач. 21 ст. звязана з правядзеннем рэгіянальнай палітыкі, важнейшымі кірункамі якой у 2001—2005 павінны стаць: падтрымка структурных пераўтварэнняў у сферы вытв-сці, якія б забяспечылі ўмацаванне рэсурсна-фінансавага патэнцыялу тэрыторый, зніжэнне іх залежнасці ад знешніх рэсурсаў; эфектыўнае выкарыстанне ўнутр. магчымасцей рэгіёнаў, стымуляванне стварэння новых рабочых месцаў у рэгіёнах, якія маюць вял. ўзровень беспрацоўя; садзейнічанне развіццю тэрыторый, што знаходзяцца ў больш складаных сац.-эканам. і экалагічных умовах, у т. л. тэрыторый, якія пацярпелі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС; развіццё сістэм вытв. і сац. інфраструктуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЬДЫ́ВЫ (Дывехі Раджы),
Мальдыўская Рэспубліка (Дывехі Раджэйгі Джумхурыя), дзяржава ў Паўд. Азіі, на Мальдыўскіх а-вах у паўн.-зах.ч. Індыйскага ак.Пл. 298 км². Нас. 290,2 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — мальдыўская (дывехі). Сталіца — г.Мале.
Падзяляецца на 20 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (26 ліп.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Сходу грамадзян (меджлісу), які складаецца з 48 членаў (40 выбіраюцца на ўсеагульных выбарах і 8 назначаюцца прэзідэнтам). Выканаўчая ўлада ажыццяўляецца прэзідэнтам з дапамогай кабінета міністраў, які падсправаздачны меджлісу. На чале 20 адм. акруг стаяць кіраўнікі, прызначаныя прэзідэнтам. Кантроль за іх дзейнасцю ажыццяўляе мін-ва па справах атолаў.
Прырода. Астравы нізінныя, каралавага паходжання, утвараюць 2 паралельныя ланцугі. Складаюцца з 26 атолаў, уключаюць каля 2 тыс. дробных каралавых астравоў. Частка іх абкружана бар’ернымі рыфамі. Найб.выш. 24 м. Клімат экватарыяльны мусонны. Сярэдняя т-ра ўвесь год 24—28 °C. Ападкаў каля 2500 мм за год. Рэк і ручаёў няма. Порысты вапняковы грунт не затрымлівае ваду, таму адзначаецца яе недахоп. Гаі какосавых пальмаў, хлебнага дрэва. Мора багатае рыбай.
Насельніцтва. Амаль усё насельніцтва складаюць мальдыўцы (саманазва дывехі), гавораць на мове, якая адносіцца да індаарыйскай групы індаеўрапейскай сям’і. Жывуць невял. групы сінгалаў, дравідаў, арабаў, афрыканцаў. Вернікі — мусульмане-суніты. Сярэднегадавы прырост 3,47% (1977). Сярэдняя шчыльн. 974 чал. на 1 км². Заселены толькі 202 буйнейшыя астравы. Каля 30% насельніцтва жыве ў адзіным горадзе М. — Мале (63 тыс.ж., 1995), 54% працаздольнага насельніцтва занята ў абслуговых галінах, 25% — у рыбалоўстве і сельскай гаспадарцы, 21% — у прам-сці.
Гісторыя. У 3—1 ст. да н.э. М. засялілі выхадцы з Шры-Ланкі і Індыі. Да сярэдзіны 12 ст. пануючай рэлігіяй быў будызм. У 1153 прапаведнік Мухамад ул-Абдала схіліў насельніцтва М. да ісламу, заснаваў на М. султанат і абвясціў сябе султанам. У 1558 партугальцы захапілі в-аў Мале, але ў 1573 выгнаны. У 16—17 ст. султанат знаходзіўся ў залежнасці ад галандскіх, а з пач. 19 ст. — англ. улад Цэйлона (цяпер — Шры-Ланка); з 1887 — брыт. пратэктарат. У 1953—54 М. — рэспубліка, потым манархія. З 1956 на М. існавала буйная база брыт.ВПС. 27.7.1965 абвешчана незалежнасць М. З 11.11.1968 — рэспубліка на чале з прэзідэнтам І.Насірам. У 1976 выведзены ўсе брыт. войскі. У 1978 рэферэндум ухваліў назначэнне прэзідэнтам М.А.Гаюма, які ліквідаваў спробы дзярж. пераваротаў у 1980, 1981 і 1988. У лют. 1990 абвешчана праграма шырокай дэмакратызацыі паліт. жыцця ў краіне. Пачалося стварэнне апазіцыйных партый. З 1.1.1998 увайшла ў сілу новая канстытуцыя М., якая прадугледжвае шырокае кола дэмакр. праў і свабод грамадзян. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў снеж. 1993.
М. — чл.ААН (з 1965), Садружнасці (з 1985), Асацыяцыі рэгіянальнага супрацоўніцтва Паўд. Азіі (з 1985).
Гаспадарка. М. — слабаразвітая краіна. Штогадовы даход на 1 чалавека складае каля 900 дол. ЗША. Аснова эканомікі — замежны турызм, рыбалоўства і перапрацоўка рыбы. На М. створаны 2 турыстычныя цэнтры на а-вах Курумба і Бандас. У краіне штогод бывае каля 325 тыс. турыстаў пераважна з Зах. Еўропы, Японіі, Індыі. У 1998 прыбытак ад гэтай галіны склаў 287 млн.дол. Турыстаў прывабліваюць маляўнічыя ўзбярэжжы атолаў, купанні ў цёплым моры, сонечнае надвор’е, гіст. і арх. помнікі. У 1996 вылаўлена 105,6 тыс.т рыбы (пераважна тунец). Рыбалоўны флот налічвае каля 5 тыс. невял. ветразевых і маторных суднаў і лодак. З галін прам-сці найб. развіты суднабудаванне (буд-ва невял. суднаў), харч. (мукамольная, рыбакансервавая), тэкст., швейная. Здабыча пяску і каралаў. Новая галіна — зборка электронных кампанентаў. Шырока развіты разнастайныя рамёствы: кавальскае, выраб прадметаў хатняга ўжытку, драўляных лодак, цыновак, кошыкаў, рыбалоўных сетак з валакна какосавых арэхаў, разьбярства па дрэве, выраб упрыгожанняў і сувеніраў з каралаў і ракавін. Ёсць цеплавыя электрастанцыі, якія працуюць на імпартаваным паліве і выпрацоўваюць штогод каля 60 млн.кВт∙гадз электраэнергіі. Важная крыніца даходу — выпуск паштовых марак. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 3 тыс.га. Вырошчваюць какосавую пальму (збор штогод каля 10 млн.шт. арэхаў), хлебнае дрэва, цытрусавыя, манга, бананы, агародніну (перац, цыбуля, памідоры), караняплоды (ямс, батат), збожжавыя (проса). Жывёлагадоўля не развіта з-за адсутнасці кармавых угоддзяў. Птушкагадоўля. Транспарт пераважна марскі. Гандл. флот М. налічвае 19 суднаў. 2 міжнар. аэрапорты (каля г. Мале і на в-ве Ган). На астравах 10 км аўтадарог. У 1995 экспарт склаў 50 млн.дол., імпарт 268 млн. долараў. М. экспартуе пераважна рыбу і морапрадукты (50 % па кошце), копру, тэкст. і электронныя вырабы. У імпарце пераважаюць прамысл. і харч. тавары, паліва. Асн. знешнегандл. партнёры: Сінгапур, Індыя, Шры-Ланка, Японія. Краіна атрымлівае дапамогу ад асобных дзяржаў і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — мальдыўская руфія.
А.А.Дабрыцкая (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСТО́РА І ЧАСу фізіцы,
фундаментальныя паняцці, якія адлюстроўваюць формы існавання і спосабы каардынацыі з’яў, працэсаў, аб’ектаў і іх станаў. Базісны прасторава-часавы аб’ект — падзея, якая вызначаецца адносна сістэмы адліку заданнем 3 прасторавых каардынат і 1 часавай каардынаты. Сувязь паміж прасторавымі і часавымі характарыстыкамі розных падзей вызначае геам. ўласцівасці прасторава-часавай разнастайнасці.
Фіз. паняцці П. і ч. ўзніклі на аснове натурфіласофскіх уяўленняў аб іх сутнасці (гл.Прастора і час у філасофіі) і прасторава-часавых уяўленняў, заснаваных на мех. практыцы аперыравання з жорсткімі і пругкімі целамі. У класічнай механіцы існуе дваістасць апісання П. і ч., дзе разам з абсалютнымі ёсць і адносныя П. і ч. Паводле Ньютана, абсалютныя П. і ч. — ідэальныя формы, якія маюць матэм. выраз, адносныя П. і ч., даступныя вымярэнню працягласці матэрыяльных аб’ектаў (у прасторы) і назіраных з’яў (у часе). Такая дваістасць у фізіцы захоўваецца да нашага часу. П. і ч. рэальных аб’ектаў у фізіцы не заўсёды супадае з П. і ч: тэарэт. (ідэальных) аб’ектаў, якія апісваюць адпаведную прадметную вобласць. У аксіёмы, што вызначаюць геаметрыю класічных П. і ч., уключаецца кінематычны пастулат — прынцып адноснасці, які сцвярджае раўнапраўнасць інерцыяльных сістэм адліку, вызначае метрычныя ўласцівасці фіз. П. і ч., а таксама абмяжоўвае выбар дапушчальных дынамічных тэорый. Прынцып адноснасці Эйнштэйна адрозніваецца ад прынцыпу адноснасці Ньютана тым, што значэнне адноснай скорасці інерцыяльнай сістэмы адліку абмежавана зверху. Матэматычна гэты прынцып фармулюецца як патрабаванне інварыянтнасці дынамічных ураўненняў фізікі адносна груп пераўтварэнняў прасторава-часавых каардынат (групы Галілея і групы Пуанкарэ адпаведна). У абодвух выпадках П. і ч. аб’ядноўваюцца ў адзіны геам. аб’ект — чатырохмерную прастору. Пры гэтым прастора-час спецыяльнай адноснасці тэорыі — Мінкоўскага прастора-час з’яўляецца чатырохмернай псеўдаэўклідавай прасторай у адрозненне ад прасторы-часу Галілея — Ньютана, якая наогул не з’яўляецца эўклідавай. У абодвух выпадках меркаванні аб аднароднасці часу і аднароднасці і ізатропнасці прасторы звязаны з захавання законамі энергіі, імпульсу і моманту імпульсу адпаведна. Дапушчальнасць бясконцасці скорасці распаўсюджвання ўзаемадзеяння ў прасторы-часе Галілея-Ньютана ўзгадняецца з уключэннем у лік ідэальных аб’ектаў ньютанаўскай механікі абсалютна цвёрдых цел і магчымасці абсалютнай (незалежнай ад выбару інерцыяльнай сістэмы адліку) сінхранізацыі нерухомых і рухомых ідэальных гадзіннікаў. Усе пункты трохмернай прасторы могуць назірацца адначасова, у якасці эталона даўжыні выбрана цвёрдае цела (парыжскі метр), вымярэнне часу заснавана на меркаванні аднолькавай працягласці аднолькавых фіз. працэсаў. Вобласць выкарыстання прасторы-часу Галілея — Ньютана абмежавана нерэлятывісцкай класічнай, квантавай і статыстычнай механікамі, а таксама электра- і магнітастатыкай. У спец. тэорыі адноснасці існуе верхняя мяжа скорасці — скорасць святла ў вакууме, аднолькавая для ўсіх сістэм адліку, і таму немагчыма абсалютная сінхранізацыя нават ідэальных гадзіннікаў, паняцце адначасовасці падзей мае сэнс адносна пэўнай інерцыяльнай сістэмы адліку, сярод ідэальных аб’ектаў няма абсалютна цвёрдых цел. За эталон даўжыні прынята адлегласць, якую праходзіць святло за адзінку часу, эталонам часу служыць велічыня, адваротная частаце святла, выпрамененага эталоннай крыніцай. Прастора-час Мінкоўскага распадаецца для кожнага назіральніка на абсалютнае мінулае, абсалютнае будучае і абсалютнае аддаленае (унутранасць і знешнасць светлавога конуса), яна выкарыстоўваецца як базавая ў рэлятывісцкай класічнай і квантавай механіках, квантавай тэорыі моцных і электраслабых узаемадзеянняў. ідэальныя аб’екты гэтых тэорый не заўсёды маюць аналагі сярод рэчаісных аб’ектаў. У агульнай тэорыі адноснасці (АТА) прынцып адноснасці пашыраецца да патрабавання каварыянтнасці ўраўненняў адносна адвольных пераўтварэнняў усіх чатырох каардынат, у якасці ідэальнага аб’екта служыць метрыка прасторы-часу, пад якой разумеюць гравітацыйнае поле, крыніцай якога з’яўляецца тэнзар энергіі — імпульсу матэрыі. У гэтым сэнсе АТА устанаўлівае залежнасць метрыкі прасторы-часу ад уласцівасцей гравітавальнай матэрыі. Прастора-час у АТА неаднародная і неізатропная, яе тапалогія можа быць сінгулярнай (гл.Сінгулярнасць). Паводле сучасных уяўленняў з гравітацыйнай сінгулярнасці ў выніку Вялікага Выбуху нарадзіўся Сусвет. Мадэль пашыральнага Сусвету належыць да ідэальных аб’ектаў фізікі, які змяняецца ў часе. Асн. ўласцівасць такіх аб’ектаў — неабарачальнасць іх дынамікі ў часе. Існуюць таксама эксперым. ўказанні на магчымую неабарачальнасць у часе некаторых працэсаў у фізіцы элементарных часціц. Даказана, што Прырода несіметрычная адносна адлюстраванняў прасторавых каардынат і аддае перавагу то левай, то правай спіральнасці. Пры тэарэт. апісанні працэсаў у мікрасвеце ці на пачатковай стадыі Вялікага Выбуху даводзіцца аперыраваць з часавымі і прасторавымі інтэрваламі, для вымярэння якіх не існуе прылад (няяўна прымаецца гіпотэза бясконцай падзельнасці П. і ч.). Разглядаюцца мадэлі з дыскрэтнай прасторай-часам, з лікам прасторава-часавых вымярэнняў, большым за 4. Існуюць струнныя мадэлі, дзе ідэальным аб’ектам служыць аднамерная струна замест пункта, які не мае вымярэнняў. Мяркуюць, што менавіта струнныя мадэлі дазволяць зрабіць агульнае апісанне гравітацыйных, моцных і электраслабых узаемадзеянняў і тым самым істотна пашырыць нашы ўяўленні аб прасторы і часе.
Літ.:
Фок В.А. Теория пространства, времени и тяготения. 2 изд. М., 1961;
Пуанкаре А. О науке: Пер. с фр. 2 изд. М., 1990;
Минковский Г. Пространство и время // Принцип относительности. М., 1973;
Берке У. Пространство—время, геометрия, космология: Пер. с англ М., 1985;
Хокинг С., Пенроуз Р. Природа пространства и времени: Пер. с англ. Ижевск, 2000;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭ́РН (франц moderne ад лац. modernus новы, сучасны),
стыль у архітэктуры, выяўл. і дэкар. мастацтве канца 19 — пач. 20 ст. Вядомы таксама пад назвамі «ар нуво» (Бельгія і Францыя), югендстыль (Германія і Скандынавія), сецэсіён (Аўстрыя), ліберці (Італія), мадэрнізм (Іспанія). Узнік каля 1890 як рэакцыя на эклектызм і гістарызм акад. мастацтва. Прадстаўнікі М. імкнуліся стварыць стыль, свабодны ад гіст. запазычанняў, сінтэзаваць усе пластычныя мастацтвы. адрадзіць маст. адзінства прадметнага свету шляхам выкарыстання новых тэхн. магчымасцей. У архітэктурынайб. ярка М. выявіўся ў творах Ч.Макінташа (Шатландыя), Х. ван дэ Велдэ і В.Арта (Бельгія), А.Гаўдзі (Іспанія), Э.Гімара (Францыя), І.Гофмана і І.М.Ольбрыха (Аўстрыя), Ф.Шэхтэля і Ф.Лідваля (Расія) і інш. Збудаванні ў стылі М. адметныя свабоднай, функцыянальна абгрунтаванай планіроўкай, якая вызначала маляўніча-сіметрычны і дынамічны характар аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі, садзейнічала стварэнню падкрэслена індывід. будынкаў, дзе ўсе элементы падпарадкаваны адзінай вобразна-сімвалічнай задуме. Прынцыпова новым у архітэктуры М. было адмаўленне ад ордэрнай ці эклектычна запазычанай з інш. стыляў сістэмы аздаблення фасада і інтэр’ера. У М. не было падзелу на канстр. і дэкар. элементы будынка; дэкаратыўнасць заключалася ў эстэт. асэнсаванні формы. Вызначальным у структуры будынка была пабудова ўнутр. прасторы, якая выяўлялася ў рытмічнай і пластычнай арганізацыі вонкавых форм. Фасады вылучаліся дынамічнасцю і цякучасцю форм, часам набліжаліся да форм скульптурных ці імітуючых прыродныя з’явы (пабудовы Гаўдзі, Арта, ван дэ Велдэ, Шэхтэля), часам з геам. выразнасцю выяўлялі асн. аб’ём збудавання (пабудовы Гофмана, Ольбрыха, Макінташа, сталыя работы Шэхтэля). Некат. архітэктары М. прадвызначалі функцыяналізм, імкнуліся выявіць каркасную структуру будынка, падкрэсліць тэктоніку мас і аб’ёмаў (О.Вагнер і Гофман у Аўстрыі, П.Берэнс у Германіі, А.Перэ ў Францыі). У выяўленчым мастацтве М. падрыхтаваны ў Англіі творчасцю прэрафаэлітаў і групы Arts and Crafts, найб. поўна ўвасобіўся ў творах О.Бёрдслі. У Францыі рысы М. адлюстраваліся ў творах сімвалістаў, сінтэтыстаў, набістаў, А. дэ Тулуз-Латрэка. Стылістыка М. характарызуецца дамінаваннем дэкар. пачатку ў фармальнай, кампазіцыйнай і каларыстычнай пабудове твора, асіметрычнасцю выгнутых форм і ліній, стылізаванымі расл. матывамі, вытанчанасцю каларыту. У творах М. фантаст. выявы перапляталіся з рэальнымі матывамі, якія набывалі сімвалічны сэнс. У асобных творах відавочны ўплыў мастацтва Усходу, асабліва Кітая і Японіі. Адным з асн. выразных сродкаў у мастацтве М. быў арнамент крывалінейных абрысаў, часта пранізаны экспрэсіўным рытмам. Арнаментальны пачатак аб’ядноўвае ўсе віды мастацтва М. У інтэр’ерах вытанчаныя лінейныя пляценні, рухомыя расл. ўзоры, рассыпаныя па падлозе, столі, канцэнтраваліся ў месцах іх спалучэння; яны аб’ядноўвалі арх. плоскасці, актывізавалі прастору. У майстроў венскага М. (Гофман, Ольбрых), работах шатл.групы «Чацвёра» на чале з Макінташам строга геам. арнамент вар’іраваў матывы круга і квадрата. Для М. характэрна ўзаемапранікненне станковых і дэкар.-прыкладных форм мастацтва. У жывапісе пераважалі пано, у скульптуры — рэльефы. Мэтай архітэктара, мастака, скульптара было стварыць сінт. цэльны твор мастацтва. Для жывапісу характэрны спалучэнне дэкар. умоўнасці арнаментальных дывановых фонаў, сілуэтнасць, вял. колеравыя плоскасці, тонка нюансіраваная манахромія. У творах П.Гагена і мастакоў групы«Набі» ў Францыі, Г.Клімта ў Аўстрыі, Ф.Кнопфа ў Бельгіі, Э.Мунка ў Нарвегіі, членаў «Свету мастацтва» стылістыка М. часта выкарыстоўвалася для ўвасаблення тэм і матываў, характэрных для сімвалізму. М. актыўна праявіўся ў графіцы (Бёрдслі, немцы Т.Т.Гейне і Г.Фогелер, швейцарац Ф.Валатон, Мунк, француз Э.Грасэ, чэх А.Муха, у Расіі — А.М.Бенуа, К.А.Сомаў і інш.), гэта звязана з росквітам кніжнай справы. Скульптура М. (Ж.Міне ў Бельгіі, Г.Обрыст у Германіі) вылучаецца дынамікай і цякучасцю форм і сілуэта. Асабліва пашыраны быў у дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Яму ўласцівы тыя ж рысы, што і архітэктуры і скульптуры, у т. л. падабенства прадметаў і іх асобных дэталей натуральным формам (керамічныя і жал. вырабы Гаўдзі, метал. агароджы метро Парыжа Гімара, шкляныя вырабы Э.Гале, упрыгожанні Р.Лаліка ў Францыі; шкляныя пасудзіны Л.К.Тыфані ў ЗША, мэбля ван дэ Велдэ). Імкненне да канструктыўнасці, чыстаты ліній, лаканізму форм выявілася ў мэблі Макінташа, Гофмана, у Расіі — у І.А.Фаміна.
У архітэктуры Беларусі М. пашыраны з пач. 20 ст. Ён разгаліноўваўся на шэраг ярка выражаных стылёвых кірункаў: сецэсіён, неарускі стыль, неараманскі і неагатычны кірункі, неабарока, неакласіцызм, неарэнесанс і інш. Для М. характэрны багатая арнаментыка з уключэннем стылізаваных дэкар. элементаў готыкі, класіцызму, стараж.-рус. і інш. стыляў (жылыя дамы па вул. Савецкай у Гомелі, будынак б-кі імя Карскага ў Гродне, Віцебскага пазямельна-сялянскага банка будынак, праект кінатэатра «Сатурн» у Гродне, чыг. вакзал у Маладзечне, будынак банка ў Слоніме). Манум.-дэкар. мастацтва М. стала неад’емнай ч.арх. кампазіцыі будынкаў, шырока выкарыстоўваліся выяўл. элементы (герб кн. Святаполк-Мірскіх на Мірскай капліцы, мазаічныя пано-абразы на гал. фасадзе капліцы ў Ляснянскім мемарыяльным комплексе). Імкненне да наўмыснай ускладненасці, інтэнсіўнага святлаценю фасадаў абумовіла шырокае выкарыстанне моцна высунутых эркераў, вуглавых лоджый, мансардавых, шатровых і інш. форм дахаў (сядзібны дом у г.п. Жалудок Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл., Лужаснянскай земляробчай школы будынак). Дзвярныя і аконныя праёмы, часам выцягнутыя на вышыню будынка, з мудрагеліста выгнутымі пераплётамі атрымалі абрысы падкоў, трапецый, парабалічных арак. Былі пашыраны выгнутыя ажурныя балконныя краты і казыркі дзвярных парталаў, аздобленыя скульптурай, спалучэнне адкрытага муру і ляпных дэталей (б. даходны дом у Мінску па вул. Кірава). У драўлянай архітэктуры выкарыстоўваліся вежавыя кампазіцыі і дэкар. элементы нар. дойлідства (асабняк у г. Бабруйск Магілёўскай вобл.). У культавай архітэктуры М. праяўляецца ў пошуках зграбнай формы і сілуэта, вылучэнні дэталей і элементаў у агульнай кампазіцыі (Крыжаўзвіжанская царква ў в. Амелянец Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.). У стылі М. на Беларусі працавалі арх. С.Шабунеўскі, В.Марконі, О.Краснапольскі, А.Альшалоўскі, Б.Астравумаў, К.Данцоў, К.Шрэтэр, У.Срока і інш.
Стыль М. меў уплыў на бел. выяўленчае, манум.-дэкар. і дэкар.-прыкладное мастацтва канца 19 — пач. 20 ст. Яго рысы адчуваюцца ў некат. творах Ф.Рушчыца, С.Богуш-Сестранцэвіча, А.Тычыны, Я.Мініна, А.Астаповіча, С.Юдовіна, у карцінах і дыванах Я.Драздовіча. Захаваліся помнікі манум.-дэкар. мастацтва ў Гродне (вітражы касцёлаў бернардзінцаў і францысканцаў), Віцебску (маёлікавая мазаіка на будынку пазямельна-сял. банка). Цякучыя, прэтэнцыёзныя, са скругленымі гранямі формы шклянога посуду, якія спалучаліся з пышным дэкорам (размалёўка золатам, эмалямі, выкарыстанне метал. арматуры) уласцівы маст. шклу, што выраблялася на шклозаводзе «Нёман» і на Барысаўскім хрусталёвым заводзе. Асіметрычныя, хваліста-ламаныя рэльефныя малюнкі характэрны для копыскай кафлі; мудрагелістыя перапляценні геам. арнаменту, выцягнутыя сцёблы галінак і лісцяў, кветак аздаблялі віцебскія кафлі і дэкар. пліткі. Драўляную мэблю багата ўпрыгожвалі рэльефнай разьбой, такарнымі элементамі, інкрустацыяй. М. праявіўся ў маст. ліцці і коўцы (аздабленне балконаў, парапетаў, ганкаў жылых і грамадскіх будынкаў у Гродне, Мінску, Віцебску, Магілёве, Полацку, Гомелі і інш.
Літ.:
Кириченко Е.И. Модерн: К вопросу об истоках и типологии // Сов. искусствознание. М., 1979. Вып. 1;
Tschudi Madsen S. Art nouveau. Paris, 1967.
В.Я.Буйвал, А.М.Кулагін, М.М.Яніцкая.
Да арт.Мадэрн. Кафляная печ у г Гродна. Канец 19 — пач. 20 ст.Да арт.Мадэрн. Э.Гімар. Станцыя метрапалітэна ў Парыжы.Да арт.Мадэрн. Л.Даменік-і-Мантанер. Будынак бальніцы Сан-Пуа ў г. Барселона (Іспанія). 1902—12.Да арт.Мадэрн. Ч.Макінташ. Дзверы чайнага пакоя асабняка Вілаў у Глазга. 1904. Вітраж, таніраванае шкло.Да арт.Мадэрн. В.Арта. Вестыбюль асабняка Таселя ў г. Брусель (Бельгія). 1893.Да арт.Мадэрн. Э.Гале. Фаянсавая чаша ў выглядзе сокала. 1885—89.Да арт.Мадэрн. Г.Клімт. Партрэт Адэль Блох-Баўэр. 1907.Да арт.Мадэрн. Кінатэатр «Сатурн» у г. Гродна. Праект пач. 20 ст.Да арт.Мадэрн. Асабняк у г. Бабруйск Магілёўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЛО́ГІЯ (ад грэч. anālōgia адпаведнасць, падабенства),
1) прыём (метад) выяўлення падабенства паміж прадметамі, іх уласцівасцямі і якасцямі. Усе прадметы прыроды (ад элементарных часціц і да касм. аб’ектаў) распадаюцца на пэўныя групы і класы, якія маюць агульныя ўласцівасці і прыкметы — аналогіі. Прыём аналогіі скарачае тэрміны даследаванняў і часам прыводзіць да навук. адкрыццяў, разам з тым ён можа быць крыніцай памылак, калі выкарыстаны некрытычна ці будуецца на выпадковых падабенствах і прыкметах (атаясамленне грамадства і арганізма, арганізма і механічнай сістэмы, сумлення і камп’ютэра, некаторых аналогій у гіст., сацыялагічным, паліталагічным і эканам. даследаваннях). Прыёмы аналогіі, маючы значныя пазнавальныя магчымасці, павінны дапаўняцца іншымі метадамі даследавання. Аналогія шырока выкарыстоўваецца ў фізіцы, матэматыцы, псіхалогіі і інш. (напр., падабенства ў паводзінах святла і гуку прывяло да вываду, што святло мае хвалепадобную прыроду).
2) У біялогіі — марфалагічнае падабенства органаў або іх частак розных па паходжанні, але аднолькавых па функцыях. Аналогія развіваецца ў выніку канвергенцыі. Органы, якія выконваюць аднолькавыя або блізка падобныя функцыі, наз. аналагічнымі (напр., крылы птушак і насякомых, шчэлепы рыб і ракаў). Развіццё іх сведчыць толькі аб прыстасаванасці органаў да аднолькавых умоў існавання, а не аб эвалюцыйным падабенстве (гл.Гамалогія).
3) У мовазнаўстве — утварэнне моўнай адзінкі шляхам прыпадабнення да адзінак і адносін, якія ўжо існуюць у мове. Так, форма «яблыняў» замест «яблынь» ужываецца па аналогіі з формамі «лічбаў», «вербаў» (канчатак «-аў» абумоўлены збегам зычных), што таксама ўтварыліся на ўзор стараж. формаў «сыноў», «дамоў». Найб. характэрна аналогія ў граматыцы, дзе яна выраўноўвае формы слоў, што вылучаюцца з агульнага рада, і вядзе да уніфікацыі (напр., «ядзім» як «глядзім» замест больш архаічнага «ямо»). Аналогія ўзнікае ў жывым маўленні, з цягам часу можа быць замацавана ў нармаванай моўнай сістэме.
4) У праве — прыём вырашэння дзярж., гаспадарчымі, грамадскімі і інш. органамі, службовымі асобамі і грамадзянамі юрыд. пытанняў, не ўрэгуляваных нормамі права. Адрозніваюць аналогію закону — дастасаванне ў вырашэнні пэўных пытанняў прававых нормаў, якія рэгулююць падобныя грамадскія адносіны, і аналогія права — прымяненне агульных асноў і прынцыпаў прававога рэгулявання адпаведнай галіны права ці прававога інстытута. На Беларусі аналогія выкарыстоўвалася на розных этапах развіцця дзяржаўнасці і права. Сучаснае заканадаўства Рэспублікі Беларусь поўнасцю забараняе аналогію ў крымін. праве, але дазваляе ў цывільных праваадносінах, у адм., прац., гасп. і інш. галінах права. Аналогія выкарыстоўваецца ў некат. замежных краінах. Напр., у краінах англа-саксонскай сістэмы права (ЗША, Вялікабрытанія) дапускаецца аналогія крымін. закону пры дапамозе т.зв. прэцэдэнту.