АРГАНІЗА́ЦЫЯ ЎКРАІ́НСКІХ НАЦЫЯНАЛІ́СТАЎ (АУН),

украінская паліт. арганізацыя. Створана ў 1929 Я.​Канавальцам. У сваёй праграме абвяшчала непрымірымыя адносіны да камунізму. Паставіла сябе над інш. ўкр. партыямі і рухамі, пачаўшы з імі барацьбу. Імкнулася пры дапамозе ўсенар. паўстання аб’яднаць усе ўкр. землі ва Укр. Самастойную Саборную Дзяржаву (УССД). У 1940 з-за ўнутр. рознагалоссяў распалася на АУН (м) — мельнікаўцаў і АУН (б) — бандэраўцаў (паводле прозвішчаў кіраўнікоў — А.​Мельніка і С.​Бандэры). На пач. 2-й сусв. вайны выступіла супраць Польшчы, потым супраць СССР на баку Германіі. Пасля адмовы гітлераўскіх уладаў прызнаць Акт аднаўлення Украінскай Дзяржавы (30.6.1941) АУН (б) перайшла ў апазіцыю да акупац. рэжыму, разгарнула супраць яго прапаганду. На гэта фашысты адказалі арыштамі і расстрэламі бандэраўцаў. Мельнікаўцы стаялі на змоўніцкіх пазіцыях да фашыстаў. Вясной 1943 АУН (б) абвясціла стратэгію «двухфрантавой» барацьбы супраць Берліна і Масквы — «Украінская паўстанцкая армія» («УПА») пачала на Валыні і бел.-ўкр. Палессі дзеянні супраць гітлераўцаў і сав. партызанаў. З 1944 гал. сілы АУН разгарнулі антысав. барацьбу, якая ахапіла пераважна зах. вобласці Украіны і працягвалася да сярэдзіны 1950-х г. Пасля вайны асн. кадры абедзвюх частак АУН былі ў эміграцыі. З абвяшчэннем дзярж. суверэнітэту Украіны ў 1991 АУН перанесла сваю дзейнасць на радзіму і скіравала яе на пабудову дэмакр., паліт. і эканам. незалежнай укр. дзяржавы.

А.​В.​Кенцій.

т. 1, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ДЭРМЕЕР, бідэрмаер (ням. Biedermeier, Biedermaier),

кірунак, які развіваўся пераважна ў ням. і аўстр. мастацтве каля 1815—48. Назву атрымаў пазней ад выдуманага прозвішча ням. абывацеля з цыкла вершаў Л.​Айхрота «Biedermaiers Liederlust» (1850). Для бідэрмеера характэрна перапрацоўка формаў ампіру (пераважна ў інтэр’еры і дэкар.-прыкладным мастацтве) у духу інтымнасці і хатняй утульнасці. У жывапісе бідэрмеер спалучаў адгалоскі рамантызму з цікавасцю да простага чалавека — маленькіх радасцяў дробнага буржуа, штодзённага побыту бюргераў і сялян, да прыроды, таму часам творы майстроў бідэрмееру адносяць да «ранняга рэалізму». Жывапісныя творы адметныя невял. фарматам, карпатлівым выпісваннем дэталяў. Разам з тым у мастацтве бідэрмееру адчуваецца тэматычная вузкасць, ідэалізацыя ціха-мірнага, пераважна сямейнага побыту (жанравыя партрэты Г.​Ф.​Керстынга, бытавыя ідылічныя сцэны на фоне пейзажу Л.​Рыхтэра, эпізоды з жыцця дзівакоў К.​Шпіцвега, інтымныя жанравыя карціны І.​П.​Газенклевера, замалёўкі вулічных сцэн Ф.​Кругера). Тыповымі майстрамі бідэрмееру былі аўстр. жывапісцы М. фон Швінд і Ф.Вальдмюлер. Блізкая да бідэрмееру творчасць дацкіх мастакоў К.Кёбке і К.В.Экерсберга.

Літ.:

Geismeier W. Biedermeier. Leipzig, 1979.

Да арт. Бідэрмеер. К.​Шпіцвег. Убогі паэт. 1839.
Да арт. Бідэрмеер. Пісьмовы стол з гадзіннікам, 1820 (злева); столік з чырвонага дрэва, 1830.
Да арт. Бідэрмеер. Гасціная эрц-герцагіні Сафіі ў Лаксенбургу каля Вены. 1820-я г.
Да арт. Бідэрмеер. Ф.​Вальдмюлер. Сям’я ў парку. 1840-я г.

т. 3, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРБО́ЎНІКІ,

зборы выяў гербаў у выглядзе рукапіснай або друкаванай кнігі. Вядомы ў Еўропе з сярэдзіны 13 ст. З развіццём інстытута герольдаў гербоўнікі складаліся пры дварах манархаў, гал. чынам для правядзення рыцарскіх турніраў. У 1-й пал. 15 ст. гербы рыцарства ВКЛ змешчаны ў зах.-еўрап. гербоўніках «Armorial Lyncenich» («Гербоўнік Лінцэніха», Брусель), «Codex Bergschammar» («Кодэкс Бергшамара», Стакгольм; у гэтым гербоўніку ўпершыню змешчана «Пагоня»), «Armorial de la Toison d’Or» («Гербоўнік Залатога Руна», Парыж). Некалькі гербаў літ. і рус. князёў ёсць у хроніцы Канстанцкага сабора 1414—18 У.​Рыхенталя. Старэйшы польск. гербоўнік — «Insignorum clenodiorum Regis et Regni Poloniae descriptor» («Апісальнік адзнак і клейнодаў караля і Каралеўства Польскага», 2-я пал. 15 ст.), аўтарам якога лічаць Я.Длугаша. У Польшчы і ВКЛ выпрацавалася адмысловая форма гербоўніку, у якіх выявы гербаў суправаджаліся кароткімі звесткамі пра гісторыю роду. У 17 ст. складзены «Гербоўнік рыцарства Вялікага княства Літоўскага» В.Каяловіча, аднак у ім змешчана толькі невял. частка гербаў ВКЛ. Вычарпальных гербоўнікаў шляхты якой-небудзь краіны не існуе. Былі спробы скласці поўны гербоўнік Францыі «Armorial Général» («Усеагульны гербоўнік», 18 ст.) і генеральны гербоўнік усіх гербаў. На сучасным этапе большасць манархій не праводзіць набілітацый, і толькі ісп. герольдыя займаецца рэгістрацыяй гербаў шляхціцаў усіх краін.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 5, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІ́НСКІХ МЯЦЕ́Ж 1508,

выступленне групоўкі феадалаў у ВКЛ, якую ўзначальваў М.Л.Глінскі з братамі Васілём і Іванам. Непасрэднымі падставамі для мяцяжу стаў канфлікт Глінскіх з групоўкай старой прыдворнай знаці (Радзівіламі, Кежгайламі, Забярэзінскімі) і імкненне Глінскага паказаць сябе абаронцам праваслаўя ў ВКЛ (хоць сам быў католікам). Вырашальную ролю адыграла Маскоўская дзяржава, якая падштурхнула яго да мяцяжу, абяцаючы сваю падтрымку. Глінскі меў намер стварыць ва ўсх. частцы ВКЛ асобнае княства з цэнтрам у Кіеве. Аб’ектыўна Глінскіх мяцеж у выпадку поспеху мог прывесці да далучэння гэтай тэрыторыі да Маскоўскай дзяржавы, як гэта было ў 1500 з Ноўгарад-Северскім і Чарнігаўскім княствамі. Мяцеж пачаўся ў Тураве, які належаў Глінскаму, і ахапіў пераважна ПдУ Беларусі і Кіеўшчыну, дзе яго падтрымалі кіеўскі ваявода В.​Глінскі (брат М.​Глінскага) і мазырскі намеснік Я.​Івашанцэвіч. Глінскіх мяцеж адбыўся ў час вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1507—08, у якой прыхільнікі Глінскіх дзейнічалі сумесна з маск. войскам у напрамку Бабруйск—Мінск, з наступным адыходам на Друцк—Оршу. Выступленне не было падтрымана шляхтай, таму Глінскія і некалькі дзесяткаў іх прыхільнікаў былі вымушаны ўцячы ў Маскву, страціўшы свае маёнткі ў ВКЛ. Вял. кн. маскоўскі Васіль III выкарыстаў Глінскіх мяцеж для заключэння выгаднага для яго перамір’я з ВКЛ.

В.​Л.​Насевіч.

т. 5, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОЛАНАСЕ́ННЫЯ (Pinophyta, або Gymnospermae),

найбольш старажытны аддзел вышэйшых насенных раслін. 10 парадкаў, 12 сям., больш за 70 родаў, каля 600 відаў. Падзяляюцца на 2 класы: вымерлы клас кардаітавых (Cordaitopsida) і сучасны — хвойных (Pinopsida). Пашыраны па ўсім зямным шары (акрамя Антарктыды), асабліва ва ўмераных шыротах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 3 парадкі (цісы, хвоі і кіпарысы). 5 родаў (елка, піхта, хвоя, ціс, ядловец), каля 100 відаў і формаў голанасенных інтрадукаваны ў сады і паркі. Многія з голанасенных — лесаўтваральнікі. Маюць вял. водаахоўнае і проціэразійнае значэнне, узбагачаюць атмасферу кіслародам, паветра фітанцыдамі і аэраіонамі, даюць каштоўную драўніну і сыравіну для цэлюлозна-папяровай і хім. вытв-сці. Голанасенныя выкарыстоўваюць як лек. і дэкар. расліны; насенне некат. ядомае.

Першыя голанасенныя з’явіліся ў канцы дэвонскага перыяду, іх продкі — стараж. папарацепадобныя. Былі пашыраны ў мезазойскую эру, у канцы якой большасць голанасенных выцеснена пакрытанасеннымі раслінамі. Характэрная прыкмета голанасенных — наяўнасць голых (адсюль назва) семязародкаў (семяпупышак). Усе голанасенныя — разнаспоравыя дрэвы і кусты з монападыяльным галінаваннем. Ствол складанай будовы, з другасным патаўшчэннем. Лісце пераважна шматгадовазялёнае, звычайна дробнае суцэльнае, лускападобнае, падоўжанае пляскатае або іголкападобнае (ігліца). Кветак няма. Амаль ва ўсіх сучасных голанасенных ёсць раздзельнаполыя стробілы — укарочаныя рэпрадуктыўныя парасткі (т.зв. мужч. і жан. шышкі).

Літ.:

Голосеменные (Pinophyta, или Gymnospermae) // Жизнь растений. Т. 4. Мхи. Плауны. Хвощи. Папоротники. Голосеменные растения. М., 1978.

Г.​У.​Вынаеў.

т. 5, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІЯ ЗАБАСТО́ЎКІ 1918—19.

Адбыліся ў час ням. акупацыі і ўваходжання Гомельскага пав. ў Палескую вобл. Украіны. У маі—чэрв. 1918 забастоўкі супраць акупац. эканам. палітыкі прайшлі на асобных прадпрыемствах Гомеля. З 15 жн. пачалася стачка рабочых і служачых чыг. вузла ў падтрымку агульнаўкр. чыг. забастоўкі. Спачатку яна мела пасіўны характар, з 19 жн. спынены выхад на працу. Акупац. ўлады арыштавалі 73 актывістаў стачкі. Нягледзячы на спробы стачачнага к-та пашырыць забастоўку на прадпрыемствы горада, у пач. вер. 1918 яна скончылася. Па дамоўленасці герм. камандавання і сав. дэлегацыі да 20.12.1918 павінна была скончыцца эвакуацыя ням. войск з Гомеля, улада перададзена Ваен.-рэв. к-ту (ВРК) і горад займала Чырв. Армія. 18.12.1918 ВРК прызначыў новага каменданта чыг. вузла, правёў арышты контррэвалюцыйных элементаў у горадзе і на чыгунцы. Яго дзеянні былі расцэнены ням. бокам як парушэнне дамоўленасці. Акупац. ўлады вярнулі горад пад свой кантроль, арыштавалі бальшавіцкі к-т чыгуначнікаў, цывільнае кіраўніцтва перадалі Гомельскай дырэкторыі. 26.12.1918 на скліканым ВРК мітынгу чыгуначнікаў вырашана пачаць забастоўку, быў створаны стачачны к-т. 28 снеж. спынілі работу чыг. майстэрні і кіраўніцтва станцыі. У пач. студз. 1919 забастоўка стала ўсеагульнай. 6.1.1919 яна спынена, кантроль над горадам перайшоў да ВРК. 14.1.1919 ням. войскі пакінулі Гомель, у яго ўвайшлі часці Чырв. Арміі.

В.​М.​Лебедзева.

т. 5, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГРАНІ́Т»,

кодавая назва аперацыі бел. партызан у Вял. Айч. вайну па вывадзе са строю трансп. ліній акупантаў вясной і летам 1943. План аперацыі зацверджаны 21.4.1943 нач. Беларускага штаба партызанскага руху (БШПР) П.​З.​Калініным. Задача аперацыі — шляхам узгодненых дзеянняў партызан сарваць перавозкі ворага да фронту, нанесці яму макс. страты. Для падрыхтоўкі і правядзення аперацыі ў тыл ворага былі накіраваны прадстаўнікі БШПР (афіцэры сувязі, інструктары-мінёры). З сак. пры дапамозе авіяцыі далёкага дзеяння партызанам перапраўлялі зброю, боепрыпасы, узрыўчатку; да 6.6.1943 дастаўлена 555 т грузаў (тол, міны, аўтаматы, ручныя кулямёты, вінтоўкі, карабіны, процітанк. ружжы, патроны, гранаты і інш.). У ходзе аперацыі партызаны пусцілі пад адхон 1806 эшалонаў, 8 бронецягнікоў, узарвалі 66 чыг. мастоў, разбурылі 167 км чыг. пуці, 619 км тэлеф.-тэлегр. сувязі, разграмілі 164 фаш. гарнізоны і паліцэйскія ўчасткі. Да лета 1943 вывелі са строю амаль усе вузкакалейкі. Гэта прымусіла гітлераўцаў прыняць дадатковыя меры бяспекі: з мая начны рух цягнікоў спыніўся, хуткасць на шэрагу ўчасткаў знізілася да 10—15 км у гадз. Аднак БШПР не змог забяспечыць узрыўчаткай усе партыз. фарміраванні, таму што «Граніт» была праведзена ў абмежаваным маштабе. Яе вопыт быў выкарыстаны пры планаванні і ажыццяўленні новых больш маштабных аперацый, у т. л. аперацыі «Рэйкавая вайна».

У.​І.​Лемяшонак.

т. 5, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ФА́РНЫ КАСЦЁЛ,

касцёл Прачыстай Божай Маці, фара Вітаўта. Упершыню ўпамінаецца ў 1389 у грамаце вял. кн. літ. Вітаўта, які яго заснаваў. Першы каталіцкі храм у Гродне. На гравюры М.​Цюнта 1568 — гэта драўляны 1-нефавы прамавугольны ў плане будынак, накрыты 2-схільным дахам; на паўд.-ўсх. рагу размяшчалася высокая круглая шмат’ярусная вежа-званіца. У 1584—87 на яго месцы пабудаваны (з удзелам італьян. майстра А.​Дзігрэпа) мураваны касцёл у гатычна-рэнесансавым стылі (зафіксаваны на гравюры Т.​Макоўскага, 1600). Трохнефавы прамавугольны ў плане будынак. Гал. фасад быў вылучаны прамавугольнай у плане 4-яруснай вежай-званіцай. Па баках да яе прымыкалі 2 баявыя вежы. Бакавыя сцены былі ўмацаваны контрфорсамі. Па сваіх памерах гэта быў самы вял. храм сярод аналагічных яму на Беларусі (даўж. 58,6 м, шыр. каля 23 м). Касцёл перабудоўваўся ў 1753, 1782, 1892. У 1804 перададзены правасл. царкве, пераабсталяваны, у 1807 асвячоны ў імя св. Сафіі. У 1896—99 перабудаваны ў псеўдарус. стылі (арх. М.​Чагін), меў 5 цыбулепадобных купалаў на высокіх барабанах, з Пн дабудаваны прыдзел, з У — апсіда. У 1919 вернуты каталіцкай царкве, выкарыстоўваўся як гарнізонны касцёл. Перабудовы 1923 (арх. В.​Генеберг) і 1935 (арх. А.​Сасноўскі) надалі яму рысы раманскага стылю. У 1961 узарваны.

А.​М.​Кушнярэвіч, А.​У.​Мілінкевіч, Е.​Пашэнда.

т. 5, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮМА́ (Dumas) Аляксандр, Дзюма-бацька (Dumas pére; 24.7.1802, г. Вілер-Катрэ, Францыя — 5.12.1870), французскі пісьменнік, Сын рэсп. генерала. Дэбютаваў вадэвілем «Паляванне і каханне» (1825). Вядомасць Дз. прынеслі рамант. драма «Генрых III і яго двор» (1829), п’есы «Антоні» (1831), «Нельская вежа» (1832), «Кін» (1836). У 1835 апублікаваў першы гіст. раман «Ізабэла Баварская». Творчы росквіт прыпадае на 1840-я г., калі былі выдадзены яго вядомыя гіст.-авантурныя раманы: трылогія «Тры мушкецёры» (1844), «Праз дваццаць гадоў» (1845), «Віконт дэ Бражэлон» (т. 1—3, асобнае выд. 1848—50); трылогія пра Генрыха Наварскага «Каралева Марго» (1845), «Пані Мансаро» (асобнае выд. 1846), «Сорак пяць» (асобнае выд. 1847—48); «Граф Монтэ-Крыста» (асобнае выд. 1845—46). Абапіраючыся на вял. гіст. матэрыял, Дз. цікава і дынамічна ўзнаўляе быт і норавы эпохі, характары гіст. асоб. Аднак яго раманы не вызначаюцца глыбокім гіст. і псіхал. аналізам, значныя гіст. падзеі часта тлумачацца выпадковым збегам абставін, што стварае эфектныя сітуацыі і заблытаныя інтрыгі. Літ. спадчына Дз. ўключае таксама кн. «Мае мемуары» (т. 1—22, 1852—54), пуцявыя нататкі (у т. л. «З Парыжа ў Астрахань», т. 1—5, 1858), творы самых розных жанраў.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—12. М., 1976—80.

Літ.:

Моруа А. Три Дюма: Пер. с фр. Мн., 1982.

І.​С.​Александровіч.

т. 6, с. 129

т. 6, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫВЕРТЫСМЕ́НТ (франц. divertissement літар. забава, развесяленне),

1) устаўныя, пераважна вак.-харэаграфічныя нумары, у драм., оперных і балетных спектаклях у 17—19 ст. Выконваліся паміж актамі спектакля, як правіла, не былі звязаны з яго сюжэтам.

2) Праграма з нумароў розных жанраў (папулярныя арыі, куплеты, танцы, камічныя маналогі і сцэнкі і інш.). З 17 ст. паказвалася ў драм. т-ры пасля заканчэння асн. п’есы.

3) Устаўная муз.-харэаграфічная кампазіцыя (балетная сюіта) унутры опернага ці балетнага спектакля. Уключаецца звычайна для паказу выканальніцкіх магчымасцей салістаў, раскрыцця асн. рыс вобразаў, якія ўвасабляюцца. Вядомы з 17 ст., сустракаюцца і ў 19—20 ст. (рысы дывертысментнасці ёсць у оперы «Кветка шчасця» А.​Туранкова, балетах «Падстаўная нявеста» Г.​Вагнера, «Выбранніца» Я.​Глебава і інш.).

4) 3 17 ст. інстр. і вакальныя муз. творы развесяляльнага характару. З 18 ст. адна з цыклічных формаў інстр. музыкі для камернага ансамбля ці аркестра і для аднаго інструмента (І.​Гайдн, В.​А.​Моцарт і інш.). Спалучае рысы санаты і сюіты, блізкі да серэнады, касацыі, накцюрна. Узнік у камедыі-балеце, камічных операх 17—18 ст. (Ж.​Б.​Люлі, Ж.​Ф.​Рамо, К.​В.​Глюк), вядомы і ў больш позніх шматактовых операх і балетах.

5) Свабодная інтэрмедыя ўнутры фугі (у замежнай муз. тэорыі).

т. 6, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)