РАДЫЯ́НТ [ад лац. radians (radiantis) які выпрамяняе],

пункт нябеснай сферы, з якога быццам бы выходзяць (з прычыны перспектывы) бачныя шляхі метэораў аднаго і таго ж метэорнага патоку. Метэорныя патокі наз. па сузор’ях, у якіх знаходзяцца іх Р., напр., андрамедыды, леаніды, персеіды і інш.

Радыянт.

т. 13, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗДЗЯРЖА́ЎЛЕННЕ перадача ад дзяржавы фізічным або юрыдычным асобам часткова або поўнасцю, у т. л. праз прыватызацыю, функцый непасрэднага кіравання гаспадарчымі суб’ектамі. Садзейнічае ўмацаванню самастойнасці таваравытворцаў, напаўненню рынку таварамі (паслугамі), павышэнню іх якасці, ліквідацыі манапалізму дзярж. прадпрыемстваў. Ажыццяўляецца ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам і праграмамі прыватызацыі.

т. 13, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ЛАСНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

расліны, якія вырошчваюць для прыгатавання сіласу. Да іх адносяць расліны, што даюць высокі ўраджай зялёнай масы, багатыя асн. пажыўнымі рэчывамі, паддаюцца механізаванай уборцы і апрацоўцы. На Беларусі асн. С.к.: кукуруза, кармавыя лубін і капуста, сланечнік, віка-аўсяная сумесь, рапс, рэдзька і інш.

т. 14, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛЕРО́З (ад грэч. sklerōsis зацвярдзенне),

паталагічнае ўшчыльненне тканкі ці органа, выкліканае гібеллю функцыян. элементаў і заменай іх злучальнай тканкай. Бывае С. дыфузны (агульнае пашкоджанне органа) і ачаговы (частковае пашкоджанне). Адрозніваюць атэрасклероз, кардыясклероз, С. нырак (нефрасклероз), лёгкіх (пнеўмасклероз), печані (цыроз печані). Асобная форма С. — рассеяны склероз.

т. 14, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПЕЦЫФІКА́ЦЫЯ,

пералік тавараў, якія прапанаваны ў продаж або падлягаюць пастаўцы, дзе ўказаны іх колькасць, гатунак, марка, якасныя характарыстыкі, а пры неабходнасці і цэны. Адрозніваюць С. адгрузачную (таварасуправаджальны дакумент на пэўную партыю тавару), С., якая з’яўляецца дадаткам да дагавора, і С., якая дадаецца да разліковых дакументаў.

т. 15, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРЭ́ЛКА ў геамарфалогіі,

вузкая намыўная паласа сушы, накіраваная ў бок мора; доўгая каса з пяску, ракушачніку, жвіру (напр., Арабацкая С. ў Крыме). С. наз. таксама ўчастак сушы ў выглядзе вострага кліна паміж 2 рэк у іх сутоках ці заканчэнне вострава паміж пратокамі, што яго абцякаюць.

т. 15, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕНАГЕНЕ́ТЫКА (ад фен + генетыка),

раздзел генетыкі, што вывучае шляхі рэалізацыі спадчыннай праграмы ў працэсе індывід. развіцця арганізма (антагенезу). Даследуе малекулярныя механізмы ўздзеяння генаў, рэгуляцыю іх актыўнасці і ўзаемадзеяння, ролю спадчыннасці і асяроддзя ў фарміраванні адзнак арганізмаў. Гл. таксама Фен, Фенатып, Фенакопія.

Р.​Г.​Заяц.

т. 16, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІКАБІЁНТ (ад грэч. phykos водарасць + біёнт),

водарасцевы кампанент слаявіны лішайніку. Прадстаўлены пераважна сіне-зялёнымі, зялёнымі, радзей жоўта-зялёнымі і бурымі водарасцямі. Большасць з іх існуе ў свабодным стане, некат. — толькі як Ф. Найб. пашыраная зялёная водарасць трэбуксія, якая з’яўляецца Ф. амаль паловы ўсіх лішайнікаў.

т. 16, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАНБАЙША́НЬ, Чанпэксан,

вулканічнае пласкагор’е ў Кітаі і КНДР, самая высокая ч. Маньчжура-Карэйскіх гор. Выш. да 2750 (вулк. Пэктусан). Складзена пераважна з базальтаў, глыбока расчлянёнае далінамі рэк Ялуцзян, Маньцзян і Тумыньцзян і іх прытокамі. Хвойныя лясы, зараснікі кедравага сланіку. На тэр. Кітая рэзерват Чанбайшань.

т. 17, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКСПРЭ́С (англ. express ад лац. expressus узмоцнены),

поезд, цеплаход, аўтобус і інш. трансп. сродкі, якія рухаюцца з найб. хуткасцю і робяць прыпынкі толькі на буйных станцыях, або наогул іх не робяць. Звычайна яны больш камфартабельна абсталяваны і выкарыстоўваюцца для перавозак на працяглыя адлегласці.

т. 18, кн. 1, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)