БАКІ́НСКАЕ ХА́НСТВА,

феад. дзяржава ў Азербайджане з цэнтрам у г. Баку ў сярэдзіне 18 ст. — 1806. Насельніцтва займалася земляробствам, здабычай солі, нафты, транзітным гандлем. У канцы 18 ст. пад пагрозай іран. нашэсця правіцель Бакінскага ханства Гусейн Кулі-хан папрасіў прыняць яго ў падданства да Расіі. У 1806 Бакінскае ханства далучана да Рас. імперыі.

т. 2, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ТАМНАЯ МА́СА,

маса атама хімічнага элемента, выражаная ў атамных адзінках масы. Як асн. характарыстыка элементаў выкарыстана ў перыядычнай сістэме элементаў Мендзялеева. Прыродныя элементы ўтвараюцца з сумесі ізатопаў, таму за атамную масу элемента прымаецца сярэдняе значэнне атамных мас яго ізатопаў, а атамная маса з’яўляецца дробавай велічынёй. Адзін з метадаў вызначэння атамнай масы — мас-спектраметрыя.

т. 2, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАГЕМАТЭРАПІ́Я (ад аўта... + гема... + тэрапія),

метад лячэння хворага ўласнай крывёю, якая ўзята з яго вены і ўведзена ўнутрымышачна або падскурна. Выкарыстоўваецца пры фурункулёзе, хранічных гнойна-запаленчых працэсах, анеміі, трафічных язвах, насавых і некаторых унутраных крывацёках (напр., пры кроватачывых язвах страўніка і дванаццаціперснай кішкі), пры інш. захворваннях, якія патрабуюць агульнастымулявальнага ўздзеяння. Стымулюе кроваўтварэнне, павышае неспецыфічны імунітэт.

т. 2, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФРЫКА́НСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАНГРЭ́С (African National Congress; АНК),

палітычная арг-цыя афрыканскага насельніцтва Паўд.-Афр. Рэспублікі. Засн. ў 1912 з мэтай ліквідацыі рэжыму апартэіду і ўсіх праяў расізму, дэмакр. перабудовы грамадства. У 1961—90 на нелегальным становішчы. У крас. 1994 АНК перамог на парламенцкіх выбарах, а яго лідэр (з 1991) Н.Мандэла стаў прэзідэнтам ПАР.

т. 2, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́СІК (Міхаіл Уладзіміравіч) (н. 17.2.1937, в. Якавічы Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі і біяфізікі. Д-р мед. н. (1983), праф. (1985). Скончыў Гродзенскі мед. ін-т (1964, з 1986 яго прарэктар). Навук. працы па сістэмным аналізе механізмаў рэгуляцыі кіслародасувязных уласцівасцяў крыві, транспарту кіслароду, фарміравання паслястрэсавых наступстваў і інш. ў арганізме.

т. 2, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЦВІ́ННЕ,

надземная раслінная маса агароднінных, кармавых і тэхн. коранеклубняплодаў. У свежым і сіласаваным выглядзе выкарыстоўваецца на корм с.-г. жывёле: пераважна буйн. раг. жывёле (10—15 кг за суткі), у невял. колькасці свінням і авечкам. Бацвінне бульбы з-за наяўнасці ў ім шкоднага хім. рэчыва — саланіну — даюць абмежавана; нельга скормліваць яго цяжарнай жывёле і маладняку.

т. 2, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЁРБЕДЖ ((Burbage) Рычард) (каля 1567, Шодыч, цяпер у межах Лондана — 13.3.1619),

англійскі акцёр. Буйнейшы прадстаўнік т-ра эпохі Адраджэння. Сябар У.​Шэкспіра, які напісаў для яго ролі Рычарда III, Гамлета, Атэла, Ліра, Макбета і інш. Уваходзіў у склад трупы «Слугі лорда-камергера». Валодаў здольнасцю сцэн. пераўвасаблення, багатай мімікай і жэстам. Быў таксама выдатным жывапісцам.

т. 3, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЗА́НТ,

у грэчаскай міфалогіі заснавальнік г. Візантый (Бізантый). Сын Пасейдона і Кераэсы, дачкі Іо і Зеўса. Адбіў нападзенне на горад фракійскага цара Гемаса і гнаў ворага да аддаленых раёнаў Фракіі. У яго адсутнасць на горад напаў скіфскі цар Одрыс, жонка Бізанта Фідалея з жанчынамі закідала лагер ворага ядавітымі змеямі і выратавала Візантый.

т. 3, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІКАЛАТЭРА́ЛЬНЫ ПУЧО́К [ад бі... + лац. col- (con-) з, разам + lateralis бакавы],

правадны пучок сасудаў вышэйшых раслін, у якім да драўніны (ксілемы) з вонкавага і ўнутр. бакоў прылягаюць 2 цяжы лубу (флаэмы). Складаецца з аднаго поўнага калатэральнага пучка і шчыльна прылеглага да яго няпоўнага пучка. Бікалатэральны пучок характэрны для сцёблаў гарбузовых і паслёнавых.

т. 3, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАДЭМІ́ЧНАЕ ВЫДА́ННЕ,

1) выданне, якое змяшчае навукова вывераны тэкст і яго розныя варыянты, каментарыі і інш. даведачны апарат. Да акадэмічных выданняў належаць найб. поўныя зб. тв. класікаў л-ры, навукі, грамадскай думкі (напр., у 1991—95 АН Беларусі выдадзены Поўны зб. тв. М.​Багдановіча; т. 1—3).

2) Выданні, якія публікуюцца акадэміямі.

т. 1, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)