дапаможныя, звычайна стандартныя прылады, прыстасаванні і дэталі, неабходныя для забеспячэння нармальнай работы абсталявання і трываласці канструкцый. Арматура жалезабетонных канструкцый успрымае пераважна расцягвальныя намаганні і стварае папярэдняе напружанне. Падзяляецца на рабочую (разліковую), мантажную і размеркавальную (канструкцыйную). Арматура павінна быць трывалая, пластычная, вязкая, добра зварвацца.
Найб. пашырана арматура стальная стрыжнёвая (гарачакачаная, умацаваная тэрмічна і выцягваннем) і драцяная (арматурны дрот, пасмы, канаты, тканыя і зварныя сеткі). Дыям. стрыжнёвай арматуры 6—90 мм, драцяной 3—8 мм. Для паляпшэння счаплення арматуры з бетонам ёй надаюць перыядычны профіль. У якасці арматуры жалезабетонных канструкцый выкарыстоўваюць таксама шкловалакно і вырабы з яго, шклапластыкі і інш. Арматура трубаправодная рэгулюе цячэнне вадкасці, паліва, газу, пары па трубах. Падзяляецца на запорную, рэгулявальную, вадазборную і засцерагальную (вентылі, краны, засаўкі, клапаны, рэгулятары ціску, кандэнсатаадводчыкі і інш.). Арматура электратэхнічная — шчыткі, патроны, выключальнікі, штэпсельныя разеткі і вілкі, некаторыя дэталі эл. машын, дэталі і прыстасаванні для мацавання ізалятараў і правадоў і інш. Арматура святлотэхнічная — часткі асвятляльных прыстасаванняў, прызначаныя для размеркавання светлавога патоку і аховы вачэй ад яркіх прамянёў, для падводу эл. току, прымацавання і аховы лямпаў ад пашкоджанняў і інш. Арматура пячная (металургічных пячэй) — сукупнасць метал. частак, якія павялічваюць трываласць печы і ахалоджваюць яе вонкавую паверхню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСКЕТБО́Л (ад англ. basket кошык + ball мяч),
камандная спартыўная гульня. Гуляюць на пляцоўцы памерам 26 × 14 м, па кароткіх баках якой устаноўлены стойкі са шчытамі з прымацаванымі да іх кошыкамі (кольцы з сеткамі). Мэта гульні — як мага больш разоў закінуць рукамі мяч (мае 75—78 см у акружнасці, маса 600—650 г) у кошык саперніка. Гуляюць 2 каманды па 12 чалавек (адначасова на пляцоўцы знаходзяцца па 5 чалавек ад каманды). Правілы гульні распрацаваны ў 1891 Дж.Нейсмітам (ЗША) і ў далейшым удасканальваліся. Улічваецца толькі чысты час гульні: для мужчын 40 мін, для жанчын — 36, для юнакоў і дзяўчат 30, для дзяцей 24 мін. За пападанне ў кольца налічваецца ад 1 да 3 ачкоў у залежнасці ад віду кідка і пазіцыі баскетбаліста ў момант яго выканання. Гуляюць да перамогі адной з камандаў, прадугледжаны дадатковыя 5 мін на выпадак нічыёй у асн.час.
Баскетбол — алімпійскі від спорту ў мужчын з 1936, у жанчын — з 1976. Дзейнічае Міжнар. федэрацыя баскетболу (ФІБА, з 1932). Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1950 у мужчын і з 1953 у жанчын. На Беларусі баскетбол развіваецца з 1921, рэгулярныя чэмпіянаты з 1946. Сярод бел. майстроў баскетболу алімпійскія чэмпіёны І.Ядзешка, Т.Івінская, І.Сумнікава, А.Швайбовіч. Каманда юнакоў Беларусі — чэмпіён Еўропы па баскетболе (1994).
Да арт.Баскетбол. Пляцоўка для гульні, стойка і шчыт з кошыкам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУМУЛЯ́ТАР,
прыстасаванне для назапашвання (акумуляцыі) энергіі з мэтай далейшага яе выкарыстання. У залежнасці ад віду энергіі адрозніваюць акумулятары: гідраўлічныя, механічныя (інерцыйныя), паравыя, пнеўматычныя, цеплавыя, электрычныя.
Гідраўлічны акумулятар назапашвае энергію рабочай вадкасці, што знаходзіцца пад ціскам. Выкарыстоўваецца для выраўноўвання ціску і расходу вадкасці ці газу з рэзкапераменнай нагрузкай. Бываюць гру́завыя, спружынныя, з пругкім корпусам, а таксама пнеўмагідраакумулятары поршневыя, мембранныя, балонныя. Інерцыйны акумулятар звычайна складаецца з масіўнага махавіка, вала, падшыпнікаў і кажуха. Мае мінім. страты энергіі на трэнне і супраціўленне паветра. Выкарыстоўваецца ў ветраэл. станцыях для выраўноўвання абаротаў генератара, прывода аўтаматрыс і аўтобусаў (гіробусаў), у прэсавым абсталяванні і інш.Паравы акумулятар — стальны бак, у якім назапашваецца адпрацаваная ў розных паравых машынах (напр., у паравым молаце) пара без змены агрэгатнага стану, якая затым расходуецца на тэхнал. мэты (напр., у сушыльных і прапарачных камерах) ці ў сан.-тэхн. прыстасаваннях (падагравальніках, цеплаабменніках і інш.). Пнеўматычны акумулятар — рэзервуар са сціснутым паветрам (ці інш. газам), падключаны да паветравода і абсталяваны засцерагальным клапанам, які рэгулюецца на зададзены гранічны ціск. Выкарыстоўваецца ў пнеўматычных сетках для выраўноўвання рабочага ціску і інш.Цеплавыя акумулятары (пастаяннага і пераменнага ціску) — пераважна паравадзяныя, назапашваюць цеплату ў цепласілавых устаноўках. Служаць для выраўноўвання цеплавых і сілавых нагрузак і недапушчэння перабояў у забеспячэнні парай прамысл. установак. Найб. пашыраны электрычны акумулятар.
Гідраўлічны акумулятар: а — гру́завы; б — балонны; 1 — рэзервуар; 2 — поршань; 3 — груз; 4 — балоны са сціснутым паветрам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РНЫ КАМБА́ЙН,
камбінаваная машына для адначасовага аддзялення ад масіву карыснага выкапня, здрабнення і пагрузкі яго на трансп. сродкі (канвееры, ваганеткі, самаходныя вагоны). Горныя камбайны для здабычы карысных выкапняў наз. здабыўнымі, для правядзення горных вырабатак — праходчымі.
Здабыўныя горныя камбайны выкарыстоўваюць у доўгіх (100—400 м) ачышчальных забоях пры выемцы вугалю, калійнай солі і інш. Ёсць іх разнавіднасці для работы на пакатых (0—25°), нахіленых (25—45°) і крутых (45—90°) пластах; па глыбіні захопу падзяляюцца на вузказахопныя (0,5—1 м) і шыроказахопныя (1,5—2 м). Маюць рабочыя органы ў выглядзе бараў (разбураюць забой ланцугамі з разцамі), барабанаў і шнэкаў (з разцамі на перыферыі), буравых каронак (праразаюць у забоі шчыліны з далейшым іх сколваннем ламальнікамі). Пагружаюць горную масу шнэкамі, пагрузчыкамі, лемяшамі. Уздоўж лавы камбайн перасоўваецца спец. механізмам. Праходчыя горныя камбайны працуюць у кароткіх забоях горных вырабатак па пародзе (палявыя вырабаткі), па карысным выкапні (пластавыя вырабаткі) і па змешаным масіве. Іх рабочыя органы: паваротная страла з рэжучай каронкай, ротар са знешнім і ўнутраным бурамі, планетарныя разцовыя дыскі. Горную масу загружаюць шнэкамі і скрабалкавымі канвеерамі.
Літ.:
Машины и оборудование для угольных шахт: Справ. 4 изд. М., 1987;
Солод В.И., Зайков В.И., Первов К.М. Горные машины и автоматизированные комплексы. М., 1981.
П.Я.Антонаў.
Горныя камбайны: а — праходчы (1 — пагрузачны стол, 2 — фрэзерная каронка, 3 — выканаўчы орган; 4 — перагружальнік, 5 — хадавая частка); б — здабычны (выкарыстоўваецца на рудніках ВА «Беларуськалій»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУКА́РСКАЯ МАШЫ́НАпаліграфічная,
машына для шматразовага атрымання аднолькавых адбіткаў тэксту, ілюстрацый і інш. на паперы (або інш. матэрыяле) з адпаведнай друкарскай формы. Асн. вузлы Д.м.: друкавальны і фарбавальны апараты, прыстасаванні для падачы паперы і перамяшчэння яе ў машыне, вываду гатовай прадукцыі.
Адрозніваюць Д.м.: высокага друку, глыбокага друку і плоскага друку, у т. л.афсетнага друку тыгельныя (да плоскай друкарскай формы папера прыціскаецца плоскасцю т.зв. тыгля), плоскадрукавальныя (да плоскай формы папера прыціскаецца цыліндрам) і ратацыйныя (форма і прыціскальная паверхня цыліндрычныя, верцяцца з аднолькавай скорасцю). Папера можа падавацца аркушамі (аркушавая Д.м.) або з рулона (рулонныя). Найб. прадукцыйныя ратацыйныя рулонныя Д.м. Першая Д.м. (плоскадрукавальная) створана ням. вынаходнікам Ф.Кёнігам у 1811, машыны розных тыпаў пачалі выкарыстоўвацца ў пач. і сярэдзіне 19 ст. ў Германіі, Англіі, ЗША і інш.
Літ.:
Полянский Н.Н. Технология полиграфического производства. Ч. 2. М., 1982.
Адна з першых друкарскіх машын (прэс): 1 — дэкель для ўкладкі паперы; 2 — талер (металічная пліта) для ўстаноўкі друкарскай формы; 3 — друкарская форма; 4 — вінтавы прэс.Схемы друкавальных прыстасаванняў друкарскіх машын: а — тыгельнай; б — плоскадрукавальнай; в — ратацыйнай; г — афсетнай; 1 — друкарская форма; 2 — плоская аснова — талер (або формны цыліндр); 3 — тыгель (або друкавальны цыліндр); 4 — папера; 5 — дэкель; 6 — перадатачны (афсетны) цыліндр.Схема рулоннай афсетнай кніжна-часопіснай друкарскай машыны: 1 — рулон паперы; 2 — трохцыліндравыя аднафарбавыя друкавальныя секцыі; 3 — штангі для пераварочвання папяровага палатна; 4 — фальцавальны апарат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РЫ,
сродкі вымярэнняў, прызначаныя для ўзнаўлення і захоўвання фізічных велічынь зададзенага памеру. Вывучаюцца метралогіяй. Існуюць М. для даўжыні, масы, аб’ёму, эл. супраціўлення, частаты, т-ры і інш.; не маюць М. скорасць руху, мех. сіла, ціск, сіла эл. току, час, энергія, магутнасць. М. выкарыстоўваюць у якасці эталонаў, узорных сродкаў вымярэнняў і рабочых сродкаў вымярэнняў.
М. падзяляюцца на адназначныя, якія ўзнаўляюць фіз. велічыню аднаго памеру (ripa, вымяральная колба), мнагазначныя, што ўзнаўляюць шэраг аднайм. велічынь аднаго памеру (лінейка з дзяленнямі, кандэнсатар пераменнай эл. ёмістасці), наборы М. для ступеньчатага ўзнаўлення шэрагу значэнняў велічыні ў пэўных межах (наборы плоскапаралельных канцавых мер). Разнавіднасцю М. з’яўляюцца стандартныя ўзоры і ўзорныя рэчывы — целы або пробы рэчыва пэўнага саставу, адно з якіх пры належных умовах характарызуецца велічынёй з вядомым значэннем (узоры цвёрдасці, шурпатасці і да т.п.). М., прызначаная для параўнання з ёю памераў, формы і размяшчэння паверхняў дэталей з мэтай вызначэння іх годнасці, наз.калібрам. Значэнне дадзенай фіз. велічыні, абазначанае на М., з’яўляецца намінальным значэннем М. Сапраўднае значэнне М. атрымліваюць пры яе вымярэнні з выключэннем сістэматычных хібнасцей і давядзеннем да мінімуму выпадковых хібнасцей. Хібнасць вызначэння сапраўднага значэння наз. хібнасцю атэстацыі М. Хібнасць М. — гэта рознасць паміж намінальным і сапраўдным значэннем М. У залежнасці ад хібнасці атэстацыі М. падзяляюцца на разрады, а хібнасць М. з’яўляецца асновай для падзелу іх на класы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЛІНЕ́ЙНАЯ О́ПТЫКА,
раздзел оптыкі, які вывучае распаўсюджванне магутных светлавых пучкоў у рэчыве з улікам нелінейнай залежнасці аптычных характарыстык асяроддзя ад напружанасці эл. і магн. палёў светлавых хваль. З’явы Н.о. выкарыстоўваюцца для змены частаты, накіраванасці і інш. параметраў светлавых патокаў, а таксама для вывучэння многіх характарыстык рэчываў і працэсаў.
Існаванне нелінейных аптычных з’яў адзначыў С.І.Вавілаў (1923); у 1926 ім (разам з В.Л.Лёўшыным) выяўлена змяншэнне паглынання святла уранавым шклом пры павелічэнні інтэнсіўнасці святла. Інтэнсіўнае развіццё Н.о. пачалося пасля стварэння лазераў. Да з’яў Н.о. належаць: генерацыя святла з кратнымі, сумарнымі і рознаснымі частотамі; вымушаныя камбінацыйнае, цеплавое і інш. рассеянні; многафатонныя пераходы; прасвятленне ці зацямненне асяроддзя; самафакусіроўка або самадэфакусіроўка патокаў святла, уздзеянне адных светлавых патокаў у рэчыве на другія і інш. Генерацыя гармонік і святла з сумарнымі (ці рознаснымі) частотамі, а таксама вымушаныя рассеянні выкарыстоўваюцца для змены частаты лазернага выпрамянення; прасвятленне асяроддзя — для кіравання працягласцю лазерных імпульсаў шляхам змен страт рэзанатара і фазавай сінхранізацыі яго ўласных ваганняў; двух- (ці больш) фатоннае паглынанне і генерацыя гармонік — у прыладах для вымярэння працягласці імпульсаў і карэляцыйных функцый лазерных патокаў святла.
На Беларусі даследаванні па Н.о. распачаты ў 1956 у Ін-це фізікі Нац.АН пад кіраўніцтвам Б.І.Сцяпанава і праводзяцца ў розных ін-тах Нац.АН і ун-тах.
Літ.:
Бломберген Н. Нелинейная оптика: Пер. с англ.М., 1966;
Апанасевич П.А. Основы теории взаимодействия света с веществом. Мн., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАВЕ́ЛЬ ((Ravel) Марыс Жазеф) (7.3.1875, г. Сібур, Францыя — 28.12.1937),
французскі кампазітар. Ганаровы д-р музыкі Оксфардскага ун-та (1929). Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1905). Фарміраванне творчасці Р. праходзіла пад уплывам К.Дэбюсі, а таксама рус. кампазітараў М.Рымскага-Корсакава, А.Барадзіна, асабліва М.Мусаргскага (з І.Стравінскім Р. працаваў над партытурай «Хаваншчыны» для пастаноўкі оперы ў Парыжы, аркестраваў «Карцінкі з выстаўкі»). У творах спалучаў тэндэнцыі імпрэсіянізму (каларыстычныя гармонія і аркестроўка, складаныя рытмы) з класічнай яснасцю і выразнасцю формы, ярка прасочваецца сувязь з франц., ісп. і інш. фальклорам. Пазней выразна акрэсліліся неакласічныя тэндэнцыі. Сярод твораў: оперы «Іспанская гадзіна» (паст. 1907), «Дзіця і чараўніцтва» (паст. 1925), балеты «Дафніс і Хлоя», «Сон Фларыны, ці Матухна-гусыня», «Адэлаіда, ці Мова кветак» (усе паст. 1912), харэагр. паэма «Вальс» (1920); інстр. музыка: дляарк. уверцюра «Шахеразада» (1898), «Іспанская рапсодыя» (1907), «Балеро» (харэагр. паст. 1928; на сцэне Бел.т-ра оперы і балета паст. 1963, 1971, 1984); 2 канцэрты дляфп. з арк. (1-ы для левай рукі, 1930; 1931); дляфп. «Павана на смерць інфанты», «Гульня вады», сюіта «Пахавальня Куперэна», цыкл «Адбіткі» і інш. Выступаў як піяніст і дырыжор пераважна са сваімі творамі.
Літ.:
Крейн Ю. Симфонические произведения М.Равеля. М., 1962;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛА́КІРАЎ (Мілій Аляксеевіч) (2.1.1837, Ніжні Ноўгарад — 29.5.1910),
рускі кампазітар, піяніст, дырыжор, муз. дзеяч. З 1855 жыў у Пецярбургу. Пад яго кіраўніцтвам на пач. 1860-х г. сфарміравалася «Магутная кучка». Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў бясплатнай муз. школы ў Пецярбургу (1868—73 і 1881—1908), узначальваў Прыдворную пеўчую капэлу (1883—94). Аснова творчасці Балакірава — інстр. музыка (сімф. і фартэпіянная), пераважна праграмная, і рамансы. Паслядоўнік традыцый М.Глінкі, Балакіраў развіваў прынцыпы рус. эпічнага і нар. жанравага сімфанізму. Шырока выкарыстоўваў фальклор рус. і інш. народаў. Збіраў і вывучаў нар. песні («Зборнік рускіх народных песень. 40 песень для голасу з фп.», 1866).
Тв.:
2 сімфоніі (1897, 1908), 3 уверцюры, у т. л. Уверцюра на тэмы трох рус. песень (1858), сімф. паэмы «Русь» («1000 гадоў», 1864, 2-я рэд. 1887), «У Чэхіі» («Чэшская уверцюра», 1867, 2-я рэд. 1905), «Тамара» (1882) і інш.дляарк.;
2 канцэрты дляфп. з арк.;
камерна-інстр. ансамблі;
фантазія «Ісламей» (1869), санаты і інш.дляфп.;
хары, рамансы;
музыка да драм. спектакляў і інш.
Літ.:
М.А.Балакирев: Летопись жизни и творчества. Л., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЧЫ́СТКА СЦЁКАВЫХ ВО́ДАЎ,
выдаленне забруджвальных рэчываў, якія ёсць у сцёкавых водах і могуць неспрыяльна паўплываць на здароўе чалавека і навакольнае асяроддзе. Праводзіцца ў спец.ачышчальных збудаваннях пры падрыхтоўцы сцёкавых водаў да скідвання ў прыродныя вадаёмы або для паўторнага выкарыстання ў паўторнапаслядоўных сістэмах водакарыстання ці сістэмах зваротнага водакарыстання. Існуюць метады механічнай, фіз.-хім., біялагічнай ачысткі сцёкавых водаў.
Пры механічнай ачыстцы нерастваральныя дамешкі выдаляюцца працэджваннем, адстойваннем, фільтраваннем, флатацыяй з дапамогай тлустых спіртоў, сернакіслага алюмінію або хлорнага жалеза, цэнтрабежнай сепарацыяй і інш. Пры фізіка-хімічнай ачыстцы выкарыстоўваюць: рэагентную каагуляцыю і працэс адгезіі (прыліпанне дамешкаў да паверхні інертных матэрыялаў); нейтралізацыю кіслот і шчолачаў вапнай; экстракцыю арган. растваральнікамі (бензол, бутылацэтат і інш.); перагонку з сухой парай (для выдалення фенолаў); сорбцыю праз актываваны вугаль; фільтрацыю праз іонаабменныя матэрыялы; апрацоўку хлорам (эл.-хім. акісленне); мокрае спальванне (для выдалення арган. рэчываў). Выдаленыя са сцёкавых водаў забруджвальныя рэчывы ў шэрагу выпадкаў — каштоўныя длянар. гаспадаркі прадукты, якія здабываюць з дапамогай спец.тэхнал. установак (гл.Утылізацыя забруджвальнікаў).
Літ.:
Технические записки по проблемам воды: Пер. с англ.Т. 1—2. М., 1983;
Очистка производственных сточных вод. 2 изд М., 1985.