КІ́НГІСЕП ((Kingissepp) Віктар Эдуардавіч) (24.3.1888, в-аў Саарэмаа, Эстонія — 4.5.1922),

эстонскі паліт. дзеяч. Скончыў Пецярб. ун-т (1917). З чэрв. 1917 адзін з кіраўнікоў бальшавіцкай арганізацыі Эстоніі, арганізатар Чырв. гвардыі. З ліст. 1917 нам. старшыні ВРК, чл. Выканкома Саветаў Эстляндскага краю. З сак. 1918 у Маскве, у Вярх. рэўтрыбунале і ВЧК, чл. ВЦВК. З ліст. 1918 адзін з кіраўнікоў Кампартыі Эстоніі, якая дзейнічала ў падполлі, на яе 1-м (1920) і 2-м (1921) з’ездах выбраны чл. ЦК і яго палітбюро. Арыштаваны эст. паліцыяй і паводле прыгавору ваен.-палявога суда расстраляны.

т. 8, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́МАЎ (Барыс Канстанцінавіч) (22.8.1889, г. Казань, Расія — 13.1.1953),

расійскі хімік-арганік. Чл.-кар. АН Беларусі (1936), д-р хім. н., праф. (1935). Скончыў Тэхнал. ін-т у Пецярбургу (1913). З 1918 дырэктар доследнага з-да ваен.-хім. камбіната, з 1930 у Ленінградскім філіяле Ін-та торфу АН СССР, у 1935—50 у Ін-це гаручых выкапняў АН СССР. Навук. працы па хім. тэхналогіі цвёрдага паліва, у т. л. па хіміі і тэрмічным раскладанні бел. тарфоў.

Тв.:

Новые методы термической переработки торфа. Л.;

М., 1939.

Б.К.Клімаў.

т. 8, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛІНЗ ((Collins) Майкл) (н. 31.10.1930, Рым),

касманаўт ЗША. Скончыў Ваен. акадэмію ЗША (1952). З 1963 у групе касманаўтаў НАСА. 18—21.7.1966 з Дж.Янгам здзейсніў палёт на касм. караблі «Джэміні-10» (як 2-і пілот), у час якога двойчы выходзіў у адкрыты космас (агульны час 1 гадз 27 мін); 16—24.7.1969 з Н.Армстрангам і Э.Олдрынам — палёт вакол Месяца на караблі «Апалон—11» (як пілот; забяспечваў высадку першай экспедыцыі на Месяц, старт з Месяца і стыкоўку). У космасе правёў 11,09 сут. Імем К. названы кратэр на Месяцы.

т. 8, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСНАЯ́РАЎСКАЯ СО́ПКА,

гарадзішча, рэшткі крэпасці 11—13 ст. на Пд ад г. Усурыйск Прыморскага краю (Расія), былы адм. і ваен. цэнтр чжурчжэньскай дзяржавы Цзінь у Прымор’і. Мела выгляд трохвугольніка і складаную сістэму абароны: знешнія і ўнутр. валы, форты і інш. У ходзе раскопак (з 1953) адкрыты грамадскія пабудовы з лёгкімі сценамі і чарапічнымі дахамі, глінабітныя жытлы з лёгкім дахам. У грамадскіх пабудовах выяўлены арх. ўпрыгожанні, арнаментаваная дахоўка, жал. замкі, запоры, кручкі, парадныя сферычныя пасудзіны, у жытлах — бытавая кераміка, прадметы ўзбраення з жалеза (наканечнікі стрэл і коп’яў, нажы, панцыры), кіт. манеты.

т. 8, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗНЯЦО́Ў (Анатоль Васілевіч) (н. 14.1.1940, г. Горлаўка Данецкай вобл., Украіна),

бел. спявак (лірыка-драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1977). Скончыў Мінскае муз. вучылішча (1969). З 1962 саліст Дзярж. нар. хору БССР, з 1964 артыст хору Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1969 саліст хору ансамбля песні і танца Цэнтр групы войск, з 1973 саліст Ансамбля песні і танца Узбр. сіл Рэспублікі Беларусь. Выступае сола і ў дуэце. Валодае тонкай музыкальнасцю, пачуццём ансамбля. У рэпертуары творы ваен.-патрыят. тэматыкі, бел., рус. і ўкр. нар. песні, творы бел. кампазітараў.

т. 8, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУНЦЭ́ВІЧ (Анатоль Дзям’янавіч) (н. 6.8.1934, в. Свіслач Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

расійскі фізікахімік. Акад. Рас. АН (1987, чл.-кар. 1981). Ген.-лейт. (1987). Герой Сац. Працы (1981). Скончыў Ваен. акадэмію хім. аховы (1958), дзе і працаваў (з 1977 праф.). Дырэктар Цэнтра экатаксіметрыі пры Ін-це хім. фізікі Рас. АН. Навук. працы па арган. і прыкладной хіміі, даследаванні новых рэчываў і іх рэакцыйнай здольнасці ў монамалекулярных слаях, на мяжы падзелу фаз у мнагафазных сістэмах. Распрацаваў тэарэт. асновы стварэння высокарэакцыйных сарбентаў. Абгрунтаваў канцэпцыю «каардынацыйнага эфекту» ў рэакцыях нуклеафільнага замяшчэння.

А.​Дз.Кунцэвіч.

т. 9, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́НЬЯ ((Cunha) Эўклідыс да) (20.1.1866, г. Кантагалу, Бразілія — 15.8.1909),

бразільскі пісьменнік. Чл. Браз. акадэміі л-ры (з 1903). Па адукацыі ваен. інжынер. Удзельнічаў у выступленнях рэспубліканцаў супраць манархіі. Кн. «Сертаны» (1902) — спалучэнне навук. даследавання, публіцыстыкі з дакумент. апавяданнем пра задушэнне сял. паўстання 1896—97 у Канудусе. Аўтар кнігі аб збіральніках каўчуку «Страчаны рай» (1904, не завершана), зб-каў артыкулаў і нарысаў «Кантрасты і супастаўленні» (1907), «На палях гісторыі» (1909). Паўплываў на развіццё рэгіяналізму і крытычнага рэалізму ў браз. і лацінаамер. л-ры.

І.​Л.​Лапін.

т. 9, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́РАЧКІН (Павел Аляксеевіч) (19.11.1900, в. Горнева Вяземскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 27.4.1990),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945), ген. арміі (1959). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1932), Генштаба (1940). 3 ліп. 1941 камандуючы 20-й арміяй у складзе Зах. фронту, якая вяла абарончыя баі на тэр. Беларусі; удзельнічаў у Смаленскай бітве 1941, са жн. 1941 камандуючы 43-й арміяй, прадстаўнік Стаўкі Вярх. Галоўнакамандавання, камандуючы, нам. камандуючага Паўн.-Зах., 1-м Укр., 2-м Бел. франтамі. Да 1970 на адказных пасадах у Сав. Арміі.

П.А.Курачкін.

т. 9, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАДЫ́ГІН (Аляксандр Мікалаевіч) (18.10. 1847, с. Сценьшына Пятроўскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія — 16.3.1923),

рускі электратэхнік. Скончыў Маскоўскае ваен. вучылішча (1867). У 1872 вынайшаў лямпу напальвання з вугальным электродам, у 1890-я г. — некалькі тыпаў лямпаў напальвання з метал. ніцямі, у т. л. вальфрамавымі. Канструяваў прылады для эл. ацяплення, эл. печы для плаўлення і загартоўкі металаў і інш. Адзін з заснавальнікаў электратэхн. аддзела Рус. тэхн. т-ва і час. «Электричество». Ламаносаўская прэмія Пецярб. АН 1874.

Літ.:

Шателен М.А. Русские электротехники второй половины XIX в. М.; Л., 1950.

А.М.Ладыгін.

т. 9, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗАРЭ́ВІЧ (Уладзімір Саламонавіч) (14.9.1882, в. Астроўка Сакольскага пав. Беластоцкага ваяв., Польшча — 20.6. 1938),

савецкі ваен. дзеяч, камдыў. Скончыў Акадэмію Генштаба (1912). Удзельнік 1-й сусв. вайны, падпалкоўнік. У Чырв. Арміі з 1918. У грамадз. вайну нач. штаба арміі і штаба Паўд. групы войск Усх. фронту, з 1919 камандуючы 3-й, 4-й арміямі, нач. штаба Зах. фронту. У 1921—22 камандуючы Туркестанскім фронтам. З 1922 нам. нач. Гал. ўпраўлення ваенна-навуч. устаноў РСЧА, з 1925 нач. Ваенна-паветр. акадэміі, з 1934 нач. кафедры Ваенна-трансп. акадэміі.

т. 9, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)