МЛАДАТУ́РКІ,
удзельнікі ліберальна-канстытуцыйнага руху ў Асманскай імперыі ў канцы 19 — пач. 20 ст. Рух М. пачаўся са стварэння ў 1889 навучэнцамі ваен.-мед. вучылішча ў Стамбуле тайнай арг-цыі «Яднанне і прагрэс», якая ставіла на мэце ўсталяванне ў імперыі канстытуцыйнага ладу, спрыянне развіццю краіны шляхам выкарыстання дасягненняў еўрап. цывілізацыі. М. ўзначалілі Младатурэцкую рэвалюцыю 1908. На аснове арг-цый «Яднанне і прагрэс» была створана аднайм. партыя, якая атрымала б.ч. месц у парламенце, скліканым восенню 1908. У час 1-й сусв. вайны ўсталявалі ў краіне сваю дыктатуру (трыумвірат: Энвер-паша, Талаат-паша, Джэмаль-паша). Пасля паражэння Турцыі ў вайне партыя М. забаронена, а іх лідэры ўцяклі за мяжу.
У.У.Куніцкі.
т. 10, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)