НЯБА́БА Антон, кіраўнік казацка-сялянскага атрада на Беларусі ў час антыфеадальнай вайны 1648—51. Родам з г. Карастышаў Кіеўскага ваяв. (цяпер у Жытомірскай вобл., Украіна). Летам 1648 атрад (загон) Н. дзейнічаў на тэр. ўздоўж р. Прыпяць, граміў маёнткі шляхты і каталіцкага духавенства. У вер. 1648 далучыўся да паўстаўшых гараджан Пінска, разам з імі 5—9.10.1648 абараняў горад ад войск ВКЛ на чале са стражнікам ВКЛ Мірскім. Больш дакладных звестак пра лёс Н. не выяўлена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛЬКАМА́ЙО (Pilcomayo),
рака ў Паўд. Амерыцы, на тэр. Балівіі, Аргенціны і Парагвая (служыць мяжой паміж імі), правы прыток р. Парагвай (бас.р. Парана). Даўж. 1200 км, пл. басейна каля 160 тыс.км². Вытокі ў Цэнтр. Андах Балівіі, прарываецца праз Усх. Кардыльеру, цячэ па раўніне Гран-Чака. Сярэдні расход вады пасля выхаду з гор каля 170 м³/с, мнагаводная ад студз. да красавіка. У верхнім цячэнні ГЭС, суднаходная ў нізоўях. У вусці сталіца Парагвая — г. Асунсьён.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСТЭ́ЛЬНІКАЎ (Сямён Сільвестравіч) (10.2.1921, в. Свісцёлкі Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 5.2.1945),
Герой Сав. Саюза (1945). У Чырв. Арміі з 1940. У Вял.Айч. вайну з 1941 на фронце, удзельнік баёў пад Ленінградам. Пасля цяжкага ранення з 1944 у пагранвойсках Закарпацця (Украіна). 5.2.1945 яфрэйтар П. перарэзаў шлях 25 парушальнікам мяжы і адзін вёў з імі бой да апошняга патрона. Падарваў гранатай сябе і 2 бандытаў. Яго імем названа вуліца ў Оршы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ВА ПРАГРАМАВА́ННЯ,
фармальная мова сувязі чалавека з ЭВМ, прызначаная для апісання інфармацыі (напр., даных) і алгарытмаў яе апрацоўкі. Задаецца наборам сімвалаў (алфавіт), правіламі пабудовы тэксту (сінтаксіс), пералікам дзеянняў і аб’ектаў, што апісваюцца сінтаксічна дапушчальнымі тэкстамі праграм (семантыка). Праграмы, напісаныя на М.п., пераводзяцца ў машынныя коды з дапамогай транслятара.
Адрозніваюць М.п. машынна-арыентаваныя, працэдурна-арыентаваныя і аб’ектна-арыентаваныя. Да машынна-арыентаваных адносяць мовы, што ўлічваюць асаблівасці канкрэтнай ЭВМ (структуру каманд, памяць, знешнія прылады і інш.) і дазваляюць ствараць праграмы, такія ж па эфектыўнасці, як праграмы. напісаныя ў кодах машыны (гл.Асемблер, Машынная мова). У працэдурна-арыентаваных М.п. (напр., Паскаль, Фартран, Алгол, Модула, ПЛ/1) вылучаюць 2 часткі: для апісання структуры аб’ектаў і для працэдуры іх апрацоўкі. На іх эфектыўна апісваюцца і рэалізуюцца алгарытмы апрацоўкі інфармацыі складанай іерархічнай структуры. Самастойнае падмноства такіх моў складаюць мовы мадэліравання. Аб’ектна-арыентаваныя М.п. (напр., Ада, Сі++) грунтуюцца на 4 гал. прынцыпах: магчымасць праграмісту апісваць уласныя аб’екты, вызначаць уласныя аперацыі над аб’ектамі, будаваць іерархіі аб’ектаў і дзеянняў над імі, перавызначаць аб’екты і аперацыі над імі. У выніку з’явіліся магчымасці развіваць і назапашваць праграмы з канкрэтнай прадметнай вобласці, павялічылася іх надзейнасць і скараціўся час іх распрацоўкі і наладкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́КТАРНАЯ ДЫЯГРА́МА,
графічнае адлюстраванне значэнняў велічыняў, якія мяняюцца па гарманічным законе, і суадносін паміж імі з дапамогай вектараў. Даўжыня вектара адпавядае амплітуднаму значэнню велічыні, вугал паміж вектарамі — зруху фаз паміж велічынямі і г.д. Выкарыстоўваецца ў электратэхніцы, акустыцы, оптыцы і інш.
Схема электрычнага ланцуга (а) з вектарнай дыяграмай токаў і напружанняў (б): L — індуктыўнасць; C — ёмістасць. R — актыўнае супраціўленне; I1, I2, I3 — сілы токаў і V1, V2, V3 — напружанне на адпаведных элементах ланцуга; φ — зрух фаз паміж токам і напружаннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРГАМІ́СТР (ням. Bürgermeister),
1) выбарная асоба, якая ўзначальвала мясц. самакіраванне ў сярэдневяковых гарадах, дзе дзейнічала магдэбургскае права. У феад. гарадах Беларусі наз.бурмістр.
2) У час Вял.Айч. вайны на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Беларусі пад выглядам мясц. самакіравання ў гарадах і раёнах назначалі бургамістра з мясц. жыхароў і з асоб, якія прыбылі разам з акупантамі і супрацоўнічалі з імі.
3) У шэрагу краін Зах. Еўропы (Германія, Бельгія і інш.) — кіраўнік органаў мясц. самакіравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАМАДА́ЦЫЯ (ад лац. accomodatio прыстасаванне),
розная ступень прыпадабнення суседніх зычных ці галосных; адзін з відаў камбінаторных змяненняў гукаў. Пры максімуме акамадацыі паміж імі ўзнікаюць т.зв. глайды (прамежкавыя напаўгалосныя гукі), якія з’яўляюцца рэалізацыяй агульных для зычных і галосных дыферэнцыяльных адзнак. Для стараж. моў ступень акамадацыі вызначаецца на аснове ўскосных паказчыкаў, для сучасных — інструментальна або з дапамогай аўдытара. Прыкладам акамадацыі можа служыць бел.цеканне і дзеканне.
Літ.:
Мартынов В.В. Славянская и индоевропейская аккомодация. Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТАГАНА́ЛЬНАЕ ПЕРАЎТВАРЭ́ННЕ,
лінейнае пераўтварэнне эўклідавай прасторы, якое захоўвае нязменным скалярны здабытак адвольных вектараў гэтай прасторы; (Ах, Ау) = (х, у). Захоўвае даўжыні вектараў і вуглы паміж імі, пераводзіць артанармоўны базіс у артанармоўны (гл.Артаганальная сістэма), у якім артаганальнаму пераўтварэнню адпавядае артаганальная матрыца з дэтэрмінантам роўным +1 (уласнае артаганальнае пераўтварэнне) або -1 (няўласнае артаганальнае пераўтварэнне). Напр., паварот вакол восі ў трохмернай эўклідавай прасторы — уласнае артаганальнае пераўтварэнне, здабытак павароту вакол восі і адбіцця ў перпендыкулярнай плоскасці — няўласнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТАГАНА́ЛЬНАСЦЬ (ад арта... + грэч. gonia вугал),
абагульненне паняцця перпендыкулярнасці на розныя аб’екты матэматыкі. Так, перпендыкулярнасць дзвюх прамых абагульняецца на артаганальнасці ліній (вугал паміж крывымі роўны вуглу паміж датычнымі ў пункце перасячэння), артаганальнасць траекторый (перасячэнне імі пад прамым вуглом зададзенай сям’і ліній, напр., сям’я радыяльных прамых перасякае пад прамым вуглом акружнасць) і артаганальнасць вектараў (роўнасць нулю іх скалярнага здабытку) — на любую вектарную прастору, дзе вызначана паняцце скалярнага здабытку са звычайнымі ўласцівасцямі і інш.Гл. таксама Артаганальная сістэма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТРЫ́Т (ад грэч. arthron сустаў + ...іт),
зборная назва запаленчых і запаленча-дыстрафічных, а ў шырокім сэнсе і інш. хвароб суставаў. Адрозніваюць артрыты першасныя (напр., спандылаартрыт) і другасныя або спадарожныя (пасля рэўматызму), вострыя і хранічныя, лакалізаваныя ў адным суставе і множныя (поліартрыт). Выклікаюцца інфекцыяй пры туберкулёзе, бруцэлёзе, парушэннямі абмену рэчываў і жыўлення суставаў, траўмамі і інш. Прыкметы: боль у суставах, пачырваненне скуры над імі, абмежаваная гнуткасць, змена формы суставаў, прыпухласць. Лячэнне медыкаментознае, санаторна-курортнае, пры цяжкіх ускладненнях хірургічнае.