парушэнне дзейнасці органа, сістэмы органаў і арганізма ў цэлым з прычыны знясілення ці зрыву яго прыстасавальных механізмаў. Шкодныя ўздзеянні выклікаюць значныя змены ў арганізме і парушаюць раўнавагу паміж арганізмам і навакольным асяроддзем, што існуе пастаянна. Праз некат. час арганізм прыстасоўваецца да новых умоў існавання (напр., гіпертрафіруецца мышца сэрца пры яго пароках) і раўнавага аднаўляецца — настае кампенсацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ЦЕНЬ,
у бел.нар.дэманалогіі «гаспадар» поля (яго жаночая паралель — жытняя баба). Ж. ўяўлялі ў выглядзе маленькага дзядка («жытні дзед») з доўгай барадой. Лічылася, што ён забяспечваў ураджай жыта («даваў жыта»), збіраў каласы на жытняй ніве нядбайнай гаспадыні і пераносіў іх на поле руплівай жняі. Яго шанавалі таксама як духа багацця і дабрабыту. З вобразам Ж. звязаны земляробчы абрад «завіванне барады».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКРЫ́ТАЕ МО́РАў міжнародным праве,
мора, якое абмывае берагі некалькіх дзяржаў і па сваім геагр. становішчы не можа быць выкарыстана для транзітнага праходу праз яго ў інш. мора. Доступ з адкрытага мора ў закрытае ажыццяўляецца па вузкіх марскіх шляхах, якія вядуць толькі да берагоў дзяржаў, размешчаных вакол З.м. Паводле канцэпцыі З.м. ў яго не павінны дапускацца ваен. караблі непрыбярэжных краін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎРЫНО́ВІЧ (Уладзімір Сцяпанавіч) (1913, в. Порса Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 31.1.1945),
Герой Сав. Саюза (1945). З 1944 на 2-м і 1-м Бел. франтах. Кулямётчык сяржант Л. вызначыўся ў час ліквідацыі варожай групоўкі ва Усх. Прусіі: 31.1.1945 адбіваў атакі гітлераўцаў, падтрыманых танкамі і самаходнымі гарматамі; з гранатамі кінуўся пад танк і падарваў яго. Яго імем названа вуліца ў г. Вілейка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУМІФІКА́ЦЫЯ (ад мумія + лац. facio раблю),
высыханне трупа ці асобных адмерлых частак жывога арганізма. Натуральная М. адбываецца пры пераходзе вільгаці з мёртвай тканкі ці трупа ў навакольнае асяроддзе і адсутнасці ўмоў для гніласнага распаду тканак (напр., высокая т-ра). Пры штучнай М. труп насычаецца спец. рэчывамі, якія яго кансервуюць. Пасля М. труп ці ягоч. захоўвае форму, страта масы дасягае 75%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАФІЛА́КТЫКА,
(грэч. prophylaktikos засцерагальны) у тэхніцы, мерапрыемствы планава-папераджальнага характару для падтрымкі ў спраўным стане з зададзеным узроўнем надзейнасці тэхн. прыстасаванняў, механізмаў і вырабаў. Заключаецца ў абследаванні вырабу, замене ці рамонце асобных яго дэталей і вузлоў, у чыстцы, змазцы, рэгуліроўцы і інш. Папярэджвае магчымасць нечаканага спынення работы прыстасавання з прычыны зносу яго элементаў, забруджвання эл. кантактаў і інш. Ажыццяўляецца ў прадугледжаныя тэрміны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЦІ (стараж.-інд. — задавальненне, асалода),
у міфалогіі індуізму багіня любоўнай асалоды, жонка бога кахання Камы. Паводле міфа, калі адзін з вярх. багоў Шыва спапяліў Каму, Р. звярнулася з упрошваннямі да яго жонкі Парваці і Шыва адрадзіў Каму ў выглядзе нованароджанага сына Крышны Прад’юмны. Р. ў абліччы смяротнай жанчыны вырасціла Каму, паведаміла яму пра іх былыя шлюбныя вузы і зноў стала яго жонкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСУ́РС (ад франц. ressource дапаможны сродак) тэхнічны, напрацоўка вырабу (машыны, тэхн. сістэмы) да дасягнення гранічнага стану, пры якім яго далейшая эксплуатацыя немагчыма, непажадана (з-за паніжэння эфектыўнасці) або небяспечна. Колькасна ацэньвае даўгавечнасць вырабу, ягонадзейнасць. Выражаецца ў гадах, гадзінах, кіламетрах, гектарах, колькасці ўключэнняў і інш. Бывае поўны (за ўвесь тэрмін службы да канца эксплуатацыі), дарамонтны, міжрамонтны, выкарыстаны, астаткавы. Завязаны з безадказнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬГЕ́РД (1296 — май 1377),
князь крэўскі і віцебскі, вял. князь ВКЛ [1345—77]. Сын Гедзіміна. Атрымаў ад бацькі Крэўскае княства. Каля 1318 ажаніўся з віцебскай князёўнай Марыяй Яраслаўнай і ў хуткім часе стаў віцебскім князем. Пасля смерці Гедзіміна, калі Вільня і велікакняжацкі пасад дасталіся яго малодшаму брату Яўнуту, арганізаваў супраць яго змову з братам Кейстутам. Кейстут заняў Вільню і захапіў Яўнута, аднак велікакняжацкі пасад дастаўся Альгерду, што сведчыла аб прызнанні Кейстутам дамінуючага месца бел. зямель у дзяржаве. Альгерд паспяхова вёў палітыку, накіраваную на канчатковае аб’яднанне ўсх.-слав. зямель у адзінай дзяржаве. Да ВКЛ было далучана Чарнігава-Северскае княства (1340-я г.), у паліт. залежнасці ад яго апынулася Смаленскае (1350-я г.). Імкнуўся пашырыць свой уплыў на Цвярское княства, што абвастрыла яго адносіны з Масквой. Ажыццявіў 3 паходы на Маскву (1368, 1370, 1372). У бітве каля Сініх Водаў 1362 разбіў татараў і далучыў да ВКЛ Падолле. Авалодаў Кіевам і пасадзіў там князем свайго сына Уладзіміра. У выніку барацьбы з польск каралём Казімірам III за Галіцкую і Валынскую землі яму дасталася (1377) апошняя. Шмат разоў узначальваў войска для адпору агрэсіі Тэўтонскага ордэна. За час яго княжання тэр.ВКЛ павялічылася больш як у 2 разы, што было на карысць бел. землям, забяспечвала ім вядучае месца ў дзярж. жыцці, спрыяла развіццю эканомікі і культуры ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКАЕ КНЯ́СТВА,
удзельнае княства ў вярхоўях р. Прыпяць і нізоўях яе прытокаў Ясельда, Піна, Стыр, Гарынь. Цэнтр — г.Пінск. Вылучылася з Тураўскага княства паміж 1167 і 1174. 1-ы пінскі князь — Яраслаў Юр’евіч, сын тураўскага кн. Юрыя Яраславіча. У 12—13 ст. знаходзілася пад уплывам Уладзіміра-Валынскага княства і Кіеўскага княства. У 13 ст. праз землі П.к. адбываліся напады літоўцаў на Валынь. Пасля ўтварэння ВКЛ Міндоўгам і яго забойства ў 1263 у Пінск уцёк яго сын Войшалк. У пач. 14 ст. П.к. ўвайшло ў ВКЛ. Паводле завяшчання вял.кн. Гедзіміна княства атрымаў яго сын Нарымонт. П.к. заставалася за яго нашчадкамі да 1-й пал. 15 ст. Пасля смерці кн. Юрыя Сямёнавіча з роду Нарымонтавічаў П.к. ўвайшло ў склад велікакняжацкіх уладанняў Жыгімонта Кейстутавіча. У 1471 П.к. аддадзена Марыі Гаштольд, удаве кіеўскага кн. Сямёна Алелькавіча, потым мужу яе дачкі кн. Ф.І.Яраславічу, які ў пач. 16 ст. завяшчаў П.к. вял.кн.ВКЛ Жыгімонту I Старому, той у 1519 перадаў яго сваёй жонцы Боне. Як дзярж. ўладанне П.к. пачало называцца Пінскім староствам, паводле адм.-тэр. рэформы 1565—66 увайшло ў склад Пінскага павета.
Літ.:
Довнар-Запольский М. Очерк истории Кривичской и Дреговичской земель до конца XII столетия. Киев, 1891;
Грушевский А.С. Пинское Полесье: Ист. очерки. Ч. 1—2. Киев, 1901—03;
Лысенко П.Ф. Древний Пинск, XI—XIII вв. Мн., 1997.