КІТО́Ў Леанід Лявонавіч (н. 7.4.1940, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),

бел. спартсмен (вольная барацьба). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1969). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1974). З 1975 трэнер спартклуба БВА. Чэмпіён Еўропы (1970, Берлін) у цяжкай вазе. Сярэбраны (1969, Мінск) і бронз. (1966, г. Новасібірск, Расія) прызёр чэмпіянатаў СССР. Чэмпіён Беларусі (1964—69) па вольнай барацьбе і ў 1969 — па самба. Шматразовы пераможца і прызёр на міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтвах.

т. 8, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРХІМО́ВІЧ Віталь Міхайлавіч (17.7. 1943, г. Разань, Расія — 15.1.1995),

бел. спартсмен (стралк. спорт). Засл. майстар спорту СССР (1970). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1973). З 1978 трэнер Спарт. клуба Узбр. Сіл Беларусі. Бронз. прызёр XIX Алімп. гульняў (1968, Мехіка). Чэмпіён свету ў камандным (6-разовы) і асабістым заліку (1970, г. Фінікс, ЗША; 1974, г. Тун, Швейцарыя), 7-разовы сярэбраны (1970, 1974) і бронз. (1970) прызёр у асобных практыкаваннях. 15-разовы чэмпіён Еўропы ў камандным заліку (1965, 1975, Бухарэст; 1969, г. Пльзень, Чэхаславакія; 1971, г. Зуль, Германія; 1972, Бялград; 1973, г. Лінц, Аўстрыя), 7-разовы сярэбраны (1965, 1969, 1971) і 3-разовы бронз. (1969, 1973) прызёр у асабістым заліку. 18-разовы чэмпіён СССР у асабістым заліку ў асобных практыкаваннях. Уладальнік абс. рэкордаў свету, Еўропы, СССР (1970, 1972) у асобных практыкаваннях.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАБ’ЁЎ Віктар Яфімавіч (н. 7.12.1955, г. Лягніца, Польшча),

бел. спартсмен (веславанне на байдарках і каноэ). Засл. майстар спорту СССР (1975). Скончыў Гомельскі ун-т (1979). Чэмпіён свету і Еўропы (1975), сярэбраны прызёр чэмпіянату свету і Еўропы (1977) на дыстанцыі 500 м. Чэмпіён СССР на дыстанцыях 500 м (1975), 1000 м (1976), Спартакіяды народаў СССР на дыстанцыі 500 м (1975). Неаднаразовы пераможца і прызёр міжнар. спаборніцтваў. Усе поспехі дасягнуты на байдарцы-двойцы разам з М.Астапковічам.

т. 3, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́БКА Сяргей Назаравіч (н. 4.12.1963, г. Луганск, Украіна),

украінскі спартсмен-лёгкаатлет (скачкі з шастом). Засл. майстар спорту СССР (1983), засл. майстар спорту Украіны (1994). Скончыў Кіеўскі ін-т фіз. культуры (1987). Чэмпіён Алімпійскіх гульняў 1988, адзіны ў свеце лёгкаатлет-пераможца 5 чэмпіянатаў свету (1983, 1985, 1987, 1993, 1995). Шматразовы чэмпіён Украіны і Еўропы. 19 разоў паляпшаў уласныя сусв. рэкорды, давёўшы іх да 6,14 м на стадыёнах (1994) і 6,15 м (1993) у залах.

т. 3, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЯСЛА́ЎСКІ Ісак Яфрэмавіч (9.6.1919, г. Залатаноша Чаркаскай вобл., Украіна — 14.2.1977),

бел. шахматыст. Міжнар. гросмайстар (1948), засл. майстар спорту СССР (1948), засл. трэнер СССР (1964). Скончыў Уральскі ун-т (1949). Чэмпіён свету (1952) і Еўропы (1957, 1965) у камандным першынстве. Неаднаразовы чэмпіён Украіны і Беларусі. Удзельнік міжнар. матчаў зборнай Беларусі з шахматыстамі Польшчы, Венгрыі, ГДР. З 1954 трэнер зборнай СССР па шахматах, з 1967 — Рэсп. школы вышэйшага спарт. майстэрства (г. Мінск). Знаўца і даследчык шахматных дэбютаў.

т. 2, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУБКО́Ў Уладзімір Анатолевіч (н. 30.4.1948, г. Новасібірск, Расія),

бел. спартсмен (класічная барацьба). Засл. майстар спорту СССР (1971). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1974). З 1978 трэнер (з 1981 у Рэсп. комплекснай школе вышэйшага спарт. майстэрства). Чэмпіён свету (1971, Сафія; 1973, Тэгеран; 1974, Катавіцы; 1975, Мінск). Сярэбраны прызёр чэмпіянату свету (1970, Эдмантан); бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы (1972, Катавіцы). Чэмпіён СССР (1973). Пераможца і прызёр міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтваў. Выступаў у найлягчэйшай вазе.

т. 7, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕАНЮ́К Сяргей Мікалаевіч (н. 3.4.1960, Мінск),

бел. спартсмен (тэніс). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1980). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1982). У 1991—95 на трэнерскай рабоце ў ЗША. З 1995 саветнік Мін-ва спорту і турызму Расіі. Чэмпіён Еўропы 1980 у камандным першынстве і парным разрадзе, 1983 — у парным разрадзе, у 1980 бронз. прызёр у змешаным разрадзе. Чэмпіён СССР 1979, 1982—83 у парным, 1982 у змешаным, 1983 у адзіночным разрадах.

т. 9, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ГВІН Алег Мікалаевіч (н. 23.5.1959, г. Барысаў Мінскай вобл.),

бел. спартсмен (веласіпедны спорт). Засл. майстар спорту СССР (1980). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1982). Чэмпіён XXII Алімп. гульняў (1980, Масква) у шашэйнай гонцы на 101 км. Сярэбраны прызёр чэмпіянату свету (1981) у каманднай гонцы на 100 км. Пераможца велагонак Міру (1981, 1984) у камандным заліку. Чэмпіён СССР у каманднай шашэйнай гонцы на 100 км (1979) і ў каманднай парнай гонцы на 50 км (1980).

т. 9, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́КА-РЫ́МСКАЯ БАРАЦЬБА́,

від спартыўнай барацьбы, у якім выкарыстоўваюцца кідкі, пераводы, перавароты і інш. прыёмы, але забараняюцца захваты праціўніка ніжэй пояса, прыёмы з дапамогай ног, падножкі і інш. Спаборніцтвы праводзяцца на спец. дыване памерам 8×8 м. Спартсмены падзяляюцца на вагавыя катэгорыі. Схватка складаецца з 3 перыядаў па 3 мін кожны, з мінутнымі перапынкамі для адпачынку. Паядынак праходзіць у «стойцы» або «партэры» (калі адзін з барцоў знаходзіцца на каленях, лежачы на грудзях, на баку, у «мосце»).

Сучасная грэка-рымская барацьба зарадзілася ў Францыі, дзе ў 1880 сфармуляваны першыя афіц. правілы. З канца 19 ст. пашырылася ў многіх краінах свету. З 1896 (за выключэннем 1900 і 1904) у праграме Алімпійскіх гульняў, з 1928 праводзяцца чэмпіянаты Еўропы, з 1950 — свету. З 1912 дзейнічае Міжнар. аматарская федэрацыя барацьбы (ФІЛА).

На Беларусі барацьба, падобная да грэка-рымскай барацьбы, вядома з даўніх часоў як барацьба «на крыжы». У 1914 у Мінску праведзены 1-ы чэмпіянат гораду сярод барцоў-аматараў. Сярод бел. спартсменаў найб. поспехаў дасягнулі А.​Караваеў (чэмпіён Алімпійскіх гульняў 1960, свету 1958, 1961), У.​Зубкоў (чэмпіён свету 1971, 1973—75), І.​Каныгін (чэмпіён свету 1981, 1983, Еўропы 1980, 1982—83, 1985), С.​Дземяшкевіч (уладальнік Кубка свету 1988, чэмпіён свету 1991, 1993).

т. 5, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯДЗЕ́ШКА Іван Іванавіч (н. 25.3.1945, в. Сцяцкі Гродзенскага р-на),

бел. спартсмен (баскетбол). Засл. майстар спорту СССР (1972). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1970). З 1964 у камандзе «Спартак» (Мінск), з 1968 у камандзе РТІ (Мінск). У 1971—77, 1979—80 у камандзе ЦСКА (Масква) і зборнай СССР. Чэмпіён XX Алімп. гульняў (1972, г. Мюнхен, Германія), бронз. прызёр XXI Алімп. гульняў (1976, г. Манрэаль, Канада). Чэмпіён свету (1974, г. Сан-Хуан, Пуэрта-Рыка), сярэбраны прызёр (1978, Маніла). Чэмпіён Еўропы (1971, г. Эсен, Германія; 1979; г. Турын, Італія), сярэбраны (1975, Бялград) і бронз. (1973, г. Барселона, Іспанія) прызёр. Уладальнік Кубка еўрап. чэмпіёнаў (1971). Чэмпіён СССР (1971—74, 1976—77, 1979—80). У 1981—83 трэнер зборнай маладзёжнай каманды СССР, зборнай нац. каманды СССР — чэмпіёна свету 1982 ( Багата). У 1984—86 на трэнерскай рабоце ў Гвінеі-Бісау, у 1994—98 у Ліване (у 1998 клубная каманда пад яго кіраўніцтвам бронз. прызёр Азіяцкіх гульняў). У 1987—99 трэнер каманды ЦСКА (1990—92 гал. трэнер); зборнай каманды СССР (1987—90) — сярэбранага прызёра чэмпіянату Еўропы (1989, Афіны); трэнер каманды «Шахцёр» (г. Іркуцк, Расія) і гал. трэнер маладзёжнай зборнай каманды Расіі (1999—2001). З 1991 у Беларусі праводзяцца традыц. міжнар. турніры па баскетболе на прызы яго імя.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 18, кн. 1, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)