назва апошняй літары грэч. алфавіта ω, што ўзнікла ў выніку графічнага відазмянення Ο («амікрон»). У класічным грэч. і візант. пісьме абазначала доўгі гук «о», мела лічбавае значэнне 800. З’явілася крыніцай для кірыліцкай ω («амега»). У старабел. пісьменстве ўжывалася для перадачы гука «о» пераважна ў пач. слоў («ωлво», «ωрати») і як лічба 800. У бел. мове, многіх еўрап. мовах слова «амега», азначае канец чаго-небудзь («альфа і амега» — пачатак і канец, усё галоўнае).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПО́ЙСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Прапойскае староства,
буйны дзярж. маёнтак у ВКЛ у 16—18 ст. З пач. 16 ст. воласцю кіравалі намеснікі, якім звычайна належала і суседняя Чачэрская воласць. Намеснік падпарадкоўваўся віленскаму ваяводу. Паводле адм. рэформы 1565—66 уключана ў Рэчыцкі пав. Менскага ваяв. (ізаляваныя анклавы П.в., верагодна, адносіліся да Аршанскага пав. і Мсціслаўскага ваяв.). У вер. 1772 далучана да Рас. імперыі, неўзабаве падаравана Кацярынай II кн. А.М.Галіцыну, пасля чаго ператварылася ў прыватны маёнтак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЙО,
дзяржава народа іаруба на тэр.паўн.-зах.Нігерыі ў 14—19 ст. Да 2-й пал. 18 ст. падпарадкавала б.ч.інш. дзяржаў іаруба. Удзельнічала ў еўрап. гандлі рабамі, кантралявала асн. шляхі вывазу рабоў з унутр. раёнаў кантынента. На чале О. стаяў алафін (правіцель), улада якога была абмежавана саветам знаці. З канца 18 ст. пачаўся заняпад О. У 1836 войскі халіфата Сакота разбурылі сталіцу О. — г. Ойо, пасля чаго яна існавала як невял. дзярж. ўтварэнне. У 1893 абвешчана брыт. пратэктаратам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАЗРО́НЫ,
асоба, затрыманая па падазрэнні ва ўчыненні злачынства, а таксама асоба, якой абрана мера стрымання да прад’яўлення абвінавачання. Паводле крымін.-працэсуальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, П. з’яўляецца ўдзельнікам крымін. працэсу, які ўступае ў працэсуальныя адносіны на стадыі ўзбуджэння крымін. справы і папярэдняга следства. У працэсуальным становішчы ён можа знаходзіцца толькі на працягу вельмі кароткага тэрміну (не больш за 3 сутак), пасля чаго павінна быць вырашана пытанне пра прад’яўленне яму абвінавачання і меры стрымання, калі для гэтага будуць законныя падставы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДРАЗДЗЯЛЕ́ННЕ,
1) частка, раздзел чаго-небудзь, якія ўваходзяць у склад больш буйной адзінкі (напр., упраўленні, аддзелы мін-ваў, навуч. устаноў і інш.).
2) Вайсковая адзінка, якая, як правіла, мае пастаянную арганізацыю і аднародны склад. Існуюць у кожным відзе ўзбр. сіл, родзе войск (сіл), спец. войск і ўваходзяць у склад больш буйных П. або часцей. П. з’яўляюцца: аддзяленне, узвод, рота (батарэя, звяно, баявая часць карабля), батальён (дывізіён, эскадрылля), акрамя асобнага, і інш. Баявыя задачы выконвае ва ўзаемадзеянні з інш. П. і самастойна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЗМО́Н,
адна з квазічасціц, якая апісвае ваганні электронаў адносна цяжкіх іонаў у плазме, у т. л. носьбітаў зараду ў цвёрдых целах. Флуктуацыі шчыльнасці эл. зараду ствараюць эл. поле, якое імкнецца аднавіць электранейтральнасць; з-за інерцыі носьбіты зараду «праскокваюць» становішча раўнавагі, у выніку чаго ўзнікаюць ваганні, узгодненыя з калектыўным рухам часціц. У сістэмах свабодных электронаў у металах і ў валентнай зоне паўправаднікоў энергія кванта плазменных ваганняў каля 15—20 эВ; спектр ваганняў залежыць ад зоннай структуры цвёрдага цела, наяўнасці межаў, магн. поля і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТАЗО́РКА (ад прата... + зорка),
умоўная назва цела, з якога фарміруецца зорка. Уяўляе сабой адасобленую з газапылавога воблака ў выніку яго гравітацыйнай няўстойлівасці шчыльную кандэнсацыю рэчыва, дзе яшчэ не дасягнуты т-ры, неабходныя для пачатку тэрмаядзерных рэакцый — асн. крыніцы энергіі зорак. Пры далейшым сцісканні (на працягу каля 20 млн. гадоў) рэчыва П. разаграваецца і т-ра ў яго нетрах узрастае да 10 млн.К і больш. Гэта стварае ўмовы для працякання рэакцый тэрмаядз. сінтэзу, пасля чаго сцісканне П. спыняецца — утвараецца зорка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСПІРАНТУ́РА [ад лац. aspirans (aspirantis) які імкнецца да чаго-н.],
асноўная форма падрыхтоўкі навук. і навук.-пед. кадраў у некаторых краінах і на Беларусі. Арганізуецца пры ВНУ і н.-д. установах. У аспірантуру прымаюцца асобы з вышэйшай адукацыяй, якія выявілі здольнасць да навук.-пед. і н.-д. працы і вытрымалі ўступныя экзамены. На Беларусі існуе вочная (3 гады навучання) і завочная (4 гады). Асобы, якія праходзяць курс аспірантуры (аспіранты), здаюць кандыдацкія экзамены, рыхтуюць да абароны дысертацыю на атрыманне вучонай ступені кандыдата навук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕК,
1) тое, што стагоддзе.
2) Гіст. перыяд у развіцці чалавецтва, які вызначаецца пэўным узроўнем матэрыяльнай культуры (тып прылад працы, матэрыял, з якога яны вырабляюцца і інш.): каменны век, бронзавы век, жалезны век.
3) Жыццё, перыяд існавання каго-н. ці чаго-н.
4) У геалогіі — геахраналагічнае падраздзяленне геал.эпохі, адрэзак часу, за які ўтварыліся пароды пэўнага яруса. Мае тую ж назву, што і ярус (напр., апшэронскі век і апшэронскі ярус). Працягласць веку каля 10 млн. гадоў у палеазоі, каля 5—6 млн. гадоў і менш у мезазоі і кайназоі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЕ́Т, В’ет (Viète) Франсуа (1540, г. Фантэнэ-ле-Конт, Францыя — 13.12.1603), французскі матэматык, адзін са стваральнікаў элементарнай алгебры. Атрымаў адукацыю юрыста. Увёў літарныя абазначэнні для невядомых велічынь і каэфіцыентаў ураўненняў, у выніку чаго ўпершыню стала магчымым выражэнне ўласцівасцей ураўненняў і іх каранёў агульнымі формуламі. Распрацаваў аднолькавы прыём рашэння ўраўненняў 2, 3 і 4-й ступеняў. Устанавіў залежнасць паміж каранямі і каэфіцыентамі ўраўненняў (формулы Віета). Вызначыў першы дакладны выраз для π у выглядзе бясконцага здабытку. У 1579 выдаў «Матэматычны канон» з табліцамі трыганаметрычных функцый.