таксічныя хімічныя злучэнні, прызначаныя для пашкоджання жывога арганізма; аснова хімічнай зброі. Пранікаючы ў арганізм праз дыхальныя шляхі, слізістыя абалонкі вачэй і насаглоткі, скуру і стрававальны тракт, парушаюць механізм дзеяння ферментных сістэм. Паводле характару дзеяння падзяляюцца на нервова-паралітычныя (зарын, заман, табун), агульнаатрутныя (сінільная кіслата, хлорцыян, арсін, фасфін), скуранарыўныя (іпрыт, азоцісты іпрыт, люізіт), удушальныя (хлор, фасген, дыфасген), слёзацечныя (лакрыматары) і раздражняльныя (адамсіт, хлорацэтафенон і інш.), псіхахімічныя (BZ — бізэт, B7 — бісем). Бываюць смяротныя і несмяротныя (часова выводзяць са строю); нястойкія, стойкія і ядавіта-дымныя. Выяўляюць і дэгазуюць атрутныя рэчывы спец. прыладамі і метадамі. Ахова ад атрутных рэчываў: процівагаз, рэспіратар, спец. ахоўная і звычайная прагумаваная вопратка, антыдотная тэрапія і спец. абсталяваныя сховішчы. Як хім. зброя атрутныя рэчывы забаронены Жэнеўскім пратаколам 1925.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЛІЗА́ТАР,
1) у оптыцы — прыстасаванне для выяўлення характару палярызацыі святла. Лінейныя аналізатары служаць для выяўлення лінейна (плоска) палярызаванага святла і вызначэння становішча яго плоскасці палярызацыі, ступені палярызацыі часткова палярызаванага святла. Як аналізатары выкарыстоўваюць палярызацыйныя прызмы, паляроіды, пласцінкі турмаліну і інш. Аналізатар для святла з кругавой і эліптычнай палярызацыяй звычайна складаюцца з аптычнага кампенсатара і лінейнага аналізатара. Гл. таксама Палярызатар.
2) У прамысловасці — прылада ці вымяральнае прыстасаванне хім. саставу газаў, вадкасцяў, цвёрдых і сыпкіх рэчываў. Паводле метаду аналізу бываюць цеплавыя, магн., мех., хім., электрахім., аптычныя, радыеізатопныя і інш.
Да арт. Аналізатар. Аптычная схема цукрамера: S — крыніца святла; D1, D2 — дыяфрагмы; O1 — аб’ектыў; 1 — палярызатар; 2 — трубка з растворам цукру; 3 — кампенсатар; 4 — аналізатар; O2 + OR — зрокавая труба; 5 — шкала; O3 — акуляр шкалы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРЭ́СІЯ
(ад лац. aggressio напад),
выкарыстанне ўзброенай сілы адной дзяржавай (групай дзяржаў) супраць суверэнітэту, тэр. цэласнасці, паліт. незалежнасці другой дзяржавы або народа (нацыі). Найб. небяспечная ўзброеная (прамая) форма агрэсіі. Існуе таксама паняцце ўскоснай агрэсіі, пры якой дзяржава-агрэсар скрыта выкарыстоўвае ўзбр. сілы (напр., праз узбр. банды наёмнікаў, нерэгулярных вайск. фарміраванняў). Паводле Статута ААН, Савет Бяспекі можа кваліфікаваць як агрэсію і інш. дзеянні. Адпаведна з міжнар. правам агрэсія — злачынства супраць міжнар. міру і таму цягне за сабой міжнар. адказнасць. Дзяржава, якая стала аб’ектам агрэсіі, мае права на прыняцце мер індывідуальнай і калектыўнай абароны. Савет Бяспекі ААН правамоцны прыняць рашэнне аб выкарыстанні да агрэсара мер, у т. л. ваеннага характару (напр., у 1991 узбр. сілы НАТО выступілі супраць Ірака, які захапіў Кувейт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗАКЕРЫТАЛЯЧЭ́ННЕ, азакерытатэрапія,
метад гразе- і цеплалячэння, заснаваны на выкарыстанні азакерыту. Асн. спосаб — накладванне аплікацый. Спалучае цеплафіз. (за кошт награвання высокацеплаёмістага азакерыту да пэўнай т-ры) і хім. (за кошт біял. актыўных рэчываў азакерыту) уздзеянні на арганізм. Механізмы ўплыву рэалізуюцца праз рэакцыі мясцовага (паляпшэнне крова- і лімфазвароту, нервовай трофікі, процізапаленчыя, абязбольваючыя і рассысальныя эфекты) і агульнага (рэфлекторна-гумаральныя змены ў дзейнасці асн.фізіял. сістэм) характару. Аптымальны эфект мае, калі цеплавая нагрузка не з’яўляецца для арганізма празмернай і не перакрывае біяхім. змены на малекулярным, субклетачным і клетачным узроўнях. Выкарыстоўваецца пры некаторых захворваннях апорна-рухальнага апарату, вуха, горла, носа, пры траўмах, спайкавых працэсах у брушной поласці, малым тазе і інш. Проціпаказана пры наяўнасці пухлін, актыўных формах туберкулёзу, сардэчна-сасудзістых хваробах, вострых запаленчых працэсах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧАРЭ́НКА (па мужу Яўдошанка) Надзея Мацвееўна
(н. 1.7.1929, г. Адэса, Украіна),
бел. актрыса. Засл.арт. Беларусі (1968). Скончыла Адэскае тэатр. вучылішча (1950). У 1955—88 у Брэсцкім драм. т-ры імя ЛКСМБ. Выконвала драм. і характарныя ролі. Спалучэнне жаноцкасці з унутр. цвёрдасцю характару, эмацыянальнасць, глыбокае пранікненне ва ўнутр. свет гераінь вызначальныя ў мастацтве Ганчарэнкі. Сярод лепшых роляў: Зорына, Марына («Брэсцкая крэпасць», «Людзі і камяні» К.Губарэвіча), Інга («Чатыры крыжы на сонцы» А.Дзялендзіка), Наталля Фадзееўна («І змоўклі птушкі...» І.Шамякіна), Ганна Ісакаўна («Верачка» А.Макаёнка), Маці («Парог» А.Дударава), Яўгенія, Мамаева («На бойкім месцы», «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага), Наташа («Тры сястры» А.Чэхава), Валька («Іркуцкая гісторыя» А.Арбузава), Марсела («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі), лэдзі Мільфард («Каварства і каханне» Ф.Шылера), Эліза («Пігмаліён» Б.Шоу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРАШЭ́ВІЧ Улас Міхайлавіч
(17.1.1865, Масква — 22.2.1922),
рускі журналіст, публіцыст, тэатр. крытык. Друкавацца пачаў ананімна з 1881 у газ. «Московский листок» (гумарыстычныя сцэнкі, рэпарцёрскія нататкі). З 1893 супрацоўнік газ. «Одесский листок». У 1902—18 рэдагаваў газ. «Русское слово». Майстар вострых, папулярных фельетонаў («кароль фельетона»), у якіх выкрываў царскіх міністраў, суд. сістэму, правінцыяльныя норавы. Аўтар рэаліст. нарысаў пра сахалінскую катаргу («Сахалін», ч. 1—2, 1903), тэатр. нарысаў і рэцэнзій пра артыстаў Ф.Шаляпіна, М.Ярмолаву, М.Савіну і інш. (кн. «Старая тэатральная Масква», 1923), нарысаў мемуарнага і літ.-крытычнага характару пра А.Чэхава, Л.Талстога, М.Горкага, У.Караленку, В.Верасаева і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́СЕНСКАЯ КЕРА́МІКА,
ганчарныя вырабы майстроў з г. Дзісна Міёрскага р-на Віцебскай вобл. Промысел вядомы са старажытнасці, у 18 ст. дзейнічаў гаршэчна-мулярскі цэх, куды ўваходзілі і ганчары. Тут выраблялі кухонны, сталовы і тарны посуд, які ў залежнасці ад ёмістасці меў розныя назвы: пецяронка (0,5—0,8 л), чацвяронка (1—1,5 л), траёнка (2—3 л), палавінніца (4—5 л), штука (8—10 л). У канцы 19—1-й пал. 20 ст. посуд выраблялі тачэннем на ганчарным крузе, глазуравалі празрыстай бясколернай, часам зялёнай ці карычневай палівай, аздаблялі выціснутымі прамымі і хвалістымі паяскамі, падпаліўной ангобнай размалёўкай расл. характару. Формы посуду ёмістыя, простых выразных абрысаў. Пашырана была таксама утылітарна-дэкар. кераміка (фігурныя пасудзіны, попельніцы, букетнікі, чарніліцы), дробная пластыка, цацкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗБО́РНІКІ РУ́СКАГА ГІСТАРЫ́ЧНАГА ТАВАРЫ́СТВА»
(«Сборники Русского исторического общества»),
зборнікі дакументаў па гісторыі Расіі 15—19 ст. Выдадзены ў С.-Пецярбургу і Маскве ў 1867—1916 у 148 тамах. Частка зборнікаў змешанага характару, іншыя ў выглядзе тэматычных серыйных выданняў. Гэта «Матэрыялы Кацярынінскай заканадаўчай камісіі 1767 г.» (т. 1—14), «Паперы і перапіска Кацярыны II» (т. 1—18), «Помнікі дыпламатычных дачыненняў старажытнай Расіі з дзяржавамі замежнымі» (т. 1—10), «Дыпламатычныя перапіскі замежных паслоў і пасланнікаў пры рускім двары» (т. 1—47). Шмат матэрыялаў па гісторыі Беларусі ў серыях тамоў «Помнікі дыпламатычных дачыненняў Маскоўскай дзяржавы з Польска-Літоўскай дзяржавай» (вып. 1—5), «Акты, дакументы і матэрыялы для палітычнай і бытавой гісторыі 1812 г.» (т. 1—3).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ КА́ФЛЯ,
вырабы рамеснікаў-ганчароў 14—19 ст. у Гродне, выяўленыя на тэр.Гродзенскага Старога замка і Гродзенскага манастыра базыльянак. Найб. раннімі з’яўляюцца гаршковыя кафлі з круглым вусцем і дыяметрам донца 7—8 см. Кафлі 2-й пал. 16 ст. маюць каробкападобную румпу і квадратную паліваную або тэракотавую ўвагнутую вонкавую пласціну з адагнутай вонкі рамкай і выявай кветкі пасярэдзіне. На кафлі 17 ст. выявы барочнага характару з раслінным, геаметрычным, зааморфным арнаментам (часам у спалучэнні); некат. маюць выяву коннага рыцара. Кафлі 18 ст. вызначаюцца спрошчаным малюнкам і адсутнасцю рамкі, у канцы стагоддзя пачалі вырабляць размаляваныя кафлі з выявамі жанравых сцэн. На мяжы 19—20 ст. наладжана прамысл.вытв-сць кафлі ў стылі «мадэрн» з насычаным рэльефным малюнкам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКШТА́НАВА Ільза Канстанцінаўна
(н. 31.1.1923, г. Камышын Валгаградскай вобл., Расія),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1954). Скончыла Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва імя Луначарскага ў Маскве (1944). Працавала ў Таганрогскім т-ры. У 1952—90 у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі. З 1991 жыве ў Ізраілі. Выканаўца лірыка-драматычных і характарных роляў. Творчасці ўласцівы глыбокае пранікненне ў псіхалогію характару, тонкі лірызм. Сярод лепшых роляў у рус.драм. т-ры Беларусі: Зорына («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Вера Малахава («Апошняя інстанцыя» М.Матукоўскага), Зубрыч («Трывога» А.Петрашкевіча), Кардэлія («Кароль Лір» У.Шэкспіра), каралева Лізавета («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера), Феніса («Хітрамудрая закаханая» Лопэ дэ Вэгі), Алена, Ліза, Ганна («Мяшчане», «Дзеці сонца», «Варвары» М.Горкага), Катрын («Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта) і інш.