род жгуцікавых сям. трыпанасамід атр. кінетапластыд. Унутрыклетачныя паразіты паўзуноў, некаторых млекакормячых (пясчанка, суслік і інш. грызуны, сабака) і чалавека. У чалавека паразітуюць 3 віды Л.: трапічная (L. tropica), бразільская (L. brasiliensis) і Донавана (L. donovani) — узбуджальнікі адпаведна скурнага, слізіста-скурнага і вісцэральнага лейшманіёзаў. Перадаюцца праз укусы маскітаў (з роду Флебатомус і інш.).
Памеры 2—7 мкм. У арганізме жывёл (на лейшманіяльнай стадыі) трапляюцца толькі бязжгуцікавыя, круглаватыя або авальныя формы Л. Яны маюць ядро (трофануклеус) і падобнае на кароткую палачку ўключэнне (блефарапласт). У арганізме маскіта Л. набываюць (на лептаманаднай стадыі) верацёнападобную форму і жгуцік, які адыходзіць ад блефарапласта.
Да арт.Лейшманіі: 1 — клетка з паразітамі — узбуджальнікамі скурнага лейшманіёзу; 2 — жгуцікавыя формы лейшманій у культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСНІ́ЧНЫЯ ЧЭ́РВІ,
турбелярыі (Turbellaria), клас плоскіх (пляскатых) чарвей. 2 падкл., 11 (12) атр., каля 3 тыс. відаў. Пашыраны ў марскіх і прэсных водах усіх шырот (у трапічных лясах трапляюцца наземныя формы). Свабоднажывучыя, пераважна донныя формы. Асобныя віды — паразіты беспазваночных (ігласкурых, малюскаў, ракападобных і інш.).
Даўж. ад доляў міліметра да 60 см. Цела двухбакова-сіметрычнае, укрыта раснічным эпітэліем (адсюль назва). Поласць цела запоўнена парэнхімай. Большасць відаў — драпежнікі. Гермафрадыты. Развіццё палавое, прамое або з метамарфозам, у некат. — бясполае, дзяленнем.
Літ.:
Иванов А.В., Мамкаев Ю.В. Ресничные черви (Turbellaria), их происхождение и эволюция. Л., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛКАНІ́ЧНЫЯ БО́МБЫ,
застылыя кавалкі лавы, выкінутыя пры выбуховых вывяржэннях вулканаў. У залежнасці ад тыпу лавы пры застыванні набываюць формы аладкападобную (вадкія лавы), вітую, верацёнападобную, грушападобную і інш. (малавязкія) і круглаватую ці шматгранную (вязкія лавы); папярочнік іх да 7 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛА́Ч,
хлебабулачны выраб у некат. слав. народаў. У беларусаў — святочнае печыва з пшанічнай мукі. На З Беларусі — здобны пірог прадаўгаватай формы (пяклі на вяселле спецыяльна для маладых), на У Беларусі — круглае печыва з цеста на пірагі ў форме абаранка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙШМАНІЁЗЫ,
група інфекцыйных захворванняў скуры, якія выклікаюць жгуцікавыя прасцейшыя з роду лейшманій. Крыніца інфекцыі — грызуны і хворыя людзі; пераносчыкі — маскіты. Адрозніваюць 2 клінічныя формы — гарадскую і сельскую. Вылучаюць стадыі бугарка, язвы і рубцавання. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАГРА́ФСКІ КА́МЕНЬ,
гліністы даламіт або тонказярністы, шчыльны, светлы вапняк. Складаецца пераважна з CaCO3 (95—99%) і невял. колькасці SiO2, Al2O3 і інш. прымесей. Матэрыял, з якога вырабляюцца друкарскія формы ў літаграфіі. Найб. вядомае радовішча Л.к. Золенгофен у Германіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАРЭЛЬЕ́Ф (ад мікра... + рэльеф),
дробныя формы рэльефу, памеры якіх не перавышаюць некалькіх метраў. Утвораны пераважна экзагеннымі працэсамі, часта служаць дэталямі больш буйных форм рэльефу (напр., западзіны, прырэчышчавыя валы, невял. варонкі, стэпавыя сподкі); зрэдку ўзнікаюць у выніку антрапагеннай дзейнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІГАНА́ЛЬНЫЯ ЎТВАРЭ́ННІ,
формы мікра- і мезарэльефу, якія ўзнікаюць пры маразабойным растрэскванні тонкадысперсных грунтоў у палярных і субпалярных абласцях. Маюць выгляд многавугольнікаў або прамавугольнікаў. Найб. П.ў. сустракаюцца ў тундравай зоне, дзе маразабойныя трэшчынныя палігоны дасягаюць некалькіх сотняў у папярочніку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЁРСТКА,
1) адзін з працэсаў вырабу друкарскай формы — састаўленне старонак (палос) кніг, часопісаў, газет з гранак тэксту, табліц, ілюстрацый, элементаў унутр. афармлення ў адпаведнасці з разметкай або спецыяльна вырабленым макетам. 2). Адбітак (карэктура) са звярстанага набору, прызначаны для выпраўлення памылак.