ГЕНЕТЫ́ЧНАЕ ВЫЗНАЧЭ́ННЕ ПО́ЛУ,

фарміраванне арганізмаў пэўнага полу ў залежнасці ад камбінацый генетычных фактараў, лакалізаваных у храмасомах. Пры гэтым мае значэнне і пэўны набор палавых храмасом, і дзеянне генаў, размешчаных у іх, а таксама ў аўтасомах. Палавыя храмасомы XX і XY, якія генетычна вызначаюць пол, фарміруюцца ў невял. колькасці двухдомных раслін (эладэя, смолка, некаторыя імхі), яны ёсць у чалавека і вышэйшых пазваночных жывёл (трапляюцца як выключэнне ў рыб і земнаводных) і ў многіх членістаногіх, павукападобных, насякомых і інш.

У чалавека звычайна вылучаюць некалькі ўзроўняў палавой дыферэнцыяцыі. Адзін з іх звязаны з наяўнасцю Y-храмасомы, прысутнасць якой неабходна для дыферэнцыяцыі палавых залоз (ганад) паводле мужчынскага тыпу. У мужчын фарміруецца 2 тыпы сперміяў: з X-храмасомай (23,X) і Y-храмасомай (23,Y). У яйцаклетак набор храмасом у норме 23,X. Апладненне яйцаклеткі сперміем 23,X прыводзіць да развіцця зародка жаночага полу (з наборам храмасом 46,XX), апладненне сперміем 23,Y вядзе да ўзнікнення зародка мужчынскага полу (46,XY). Фарміраванне полу плода першапачаткова залежыць ад тыпу спермія, які апладніў яйцаклетку (т.ч. за вызначэнне полу дзіцяці «адказвае» мужчына). Наяўнасць Y-храмасомы з’яўляецца першым фактарам, неабходным для фарміравання полу плода. Далейшае развіццё полу адбываецца пад кантролем H-Y антыгена, які кантралюецца Y-храмасомай. Калі H-Y антыген не ўтвараецца, ідзе развіццё паводле жаночага тыпу. Разам з тым і Y-храмасома, і H-Y антыген вызначаюць толькі генетычную дэтэрмінацыю полу, але не адказваюць за фарміраванне вонкавых палавых органаў, якія ў мужчын утвараюцца з вольфавых, а ў жанчын — з мюлеравых праток. Важная роля належыць гармонам, што выпрацоўваюцца клеткамі эмбрыянальных яечак. Парушэнні на храмасомным, антыгенным або гарманальным этапах вядуць да развіцця паводле жаночага тыпу. Зрэдку бываюць анамаліі псіхасексуальнай арыентацыі паводле полу (гл. Гомасексуалізм, Трансвестызм). Існуе мноства захворванняў (крыптархізм, манархізм, дысгенезія ганад і інш.), калі пад уплывам парушэнняў храмасом, генаў або знешніх фактараў развіццё палавых органаў індывіда адхіляецца ад звычайнага. Прагноз і лячэнне ў такіх выпадках залежаць ад характару захворвання.

т. 5, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДУЛЯ́Р (ад назвы радовішча ў гарах Адула ў Швейцарыі),

мінерал, адносна чыстая разнавіднасць артаклазу. Бясколерны, паўпразрысты да празрыстага. Трапляецца ў выглядзе крышталёў, часта ўтварае друзы. Характэрны для кварцавых жылаў альпійскага тыпу, сустракаецца ў пегматытах, рудных жылах. Адуляр з ірызацыяй у блакітнавата-сініх тонах (месяцавы камень) — каштоўны камень. Выкарыстоўваецца ў шкляной і керамічнай вытв-сці.

Адуляр.

т. 1, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́ЧЫН,

балота нізіннага тыпу ў Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл. і Салігорскім р-не Мінскай вобл., у вадазборах рэк Лань і Цна. Пл. 32,9 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 18,8 тыс. га. Глыб. торфу да 2 м, сярэдняя 1 м. Часткова асушана: выкарыстоўваецца пад ворыва і сенажаць. На неасушаных землях пераважаюць асакова-травяныя чорнаалешнікі.

т. 5, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́БНІК,

балота на ПдУ Пінскага р-на Брэсцкай вобл., у вадазборы р. Стыр. Нізіннага тыпу. Пл. 7,6 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 5,8 тыс. га. Глыб. торфу да 3,8 м, сярэдняя 1,2 м. Балота ў натуральным стане. Растуць асокі, ёсць хмызнякі з вярбы. Часткова выкарыстоўваецца пад сенажаць. Паўн. ч. балота асушаецца.

т. 6, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДЗІ́ШЧАНСКАЕ БАЛО́ТА,

у Пінскім р-не Брэсцкай вобл., абапал Прыпяці, паміж вусцямі рэк Піна і Ясельда. Нізіннага тыпу. Пл. 8,5 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 6,5 тыс. га. Глыб. торфу да 2,8 м, сярэдняя 1,2 м. Балота ў натуральным стане, растуць хмызнякі і асокі; выкарыстоўваецца пад сенажаць. Ёсць невял. пясчаныя астравы.

т. 5, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАГА́ЛЛЕ,

балота на ПдУ Любанскага р-на Мінскай вобл., у вадазборы р. Арэса. Нізіннага тыпу. Пл. 9,2 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 6,9 тыс. га. Сярэдняя глыб. торфу 1,9 м. Асушаную ч. выкарыстоўваюць пад ворыва і сенажаць. На неасушаных землях месцамі рэдкі лес з хвоі і бярозы, пашырана асакова-гіпнавая расліннасць.

т. 6, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛЕ́ННЕ,

аперацыя падрыхтоўкі шкуры да дублення ў гарбарнай вытв-сці. Робяць воднымі суспензіямі гашанай вапны з сульфатам натрыю (радзей з інш. рэчывамі) у спец. апаратах (тыпу бетоназмяшальнікаў). У выніку З. раствараюцца волас і эпідэрміс ці аслабляецца іх сувязь з дэрмай, што дазваляе без пашкоджанняў ачысціць шкуру ад воласу. У выніку З. атрымліваюць паўфабрыкат — галлё.

т. 6, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛКІ́,

участкі прыродных бярозавых, радзей асінавых ці вярбовых лясоў астраўнога характару на раўнінах стэпавых і лесастэпавых зон Расіі. Размяшчаюцца ў межах водападзельнай прасторы і прымеркаваны да больш вільготных паніжаных мясцін (напр., да стэпавых сподкападобных западзін). Найб. пашыраны на Пд Зах.-Сіб. раўніны. Часам маюць другаснае паходжанне, калі ўтварыліся на месцы зведзеных лясоў таежнага тыпу.

т. 7, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЛІ́НСКАЕ БАЛО́ТА,

у Докшыцкім і Лепельскім р-нах Віцебскай вобл., у вадазборы р. Бярэзіна, у межах Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Нізіннага тыпу. Пл. 7,4 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 4,6 тыс. га. Сярэдняя глыб. торфу 1,8 м. Асушаная ч. балота выкарыстоўваецца пад сенажаць, неасушаная — пад лесам. Пераважаюць бярозавыя, чорнаальховыя, асакова-сфагнавыя асацыяцыі, месцамі яловы лес.

т. 8, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ДАВА БАЛО́ТА.

На ПнЗ Хойніцкага р-на Гомельскай вобл., абапал берагоў р. Віць. Нізіннага тыпу. Пл. 12 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 9,9 тыс. га. Глыб. торфу да 7,3 м. На балоце радовішча сапрапелю. Здабычу торфу на 0,6 тыс. га вядзе торфабрыкетны з-д «Хойніцкі». Астатняя частка выкарыстоўваецца пад ворыва і сенажаць.

т. 9, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)