1) група глеб, якія фарміруюцца пад уплывам устойлівага залішняга ўвільгатнення, што суправаджаецца торфаназапашваннем і агляеннем. Да гідраморфных глеб адносяць тарфяна-балотныя глебы розных тыпаў, часам таксама глеіста-балотныя, глеіста-перагнойна-глеевыя і глеіста-тарфяніста-глеевыя. Характэрная асаблівасць гідраморфнага глебаўтварэння — анаэробныя ўмовы і аднаўленчыя працэсы. Гідраморфныя глебы меліярыруюць і ўключаюць у с.-г.вытв-сць.
2) Глебы, якія фарміруюцца ва ўмовах акумулятыўных ландшафтаў пад непасрэдным уплывам грунтавых вод.
3) Глебы, якія фарміруюцца пры пастаянным або перыядычным уздзеянні ўзыходных грунтавых вод на ўвесь профіль ці якую-н. яго частку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕГЕ́ЛА (Аляксандр Іванавіч) (22.7.1891, г. Днепрапятроўск, Украіна — 11.8.1965),
расійскі архітэктар. Віцэ-прэзідэнт Акадэміі архітэктуры СССР (1950—53). Скончыў Ін-т цывільных інжынераў (1920) і АМ (1923) у Петраградзе. Яго творчасць склалася пад уплывам І.А.Фаміна. У 1920—30-я г. ўдзельнічаў у распрацоўцы новых тыпаў грамадскіх будынкаў — дамоў культуры, кінатэатраў і інш.: Палац культуры імя Горкага (1925—27) і кінатэатр «Гігант» (1934—36, з Д.Крычэўскім), Выбаргскі дом культуры (1925—27, з Р.Сіманавым), бальніца імя С.П.Боткіна (1927—38) у Ленінградзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНУЛАЦЫ́ТЫ [ад лац. granulum зярнятка + ...цыт(ы)],
зярністыя лейкацыты, лейкацыты жывёл і чалавека, у цытаплазме якіх ёсць зерні (гранулы). Складаюць асн. масу лейкацытаў. Па здольнасці гранул афарбоўвацца кіслымі ці асн. фарбавальнікамі гранулацыты падзяляюць на эазінафільныя (афарбоўваюцца кіслымі фарбавальнікамі), базафільныя (афарбоўваюцца асн. фарбавальнікамі) і нейтрафільныя (афарбоўваюцца фарбавальнікамі 2 тыпаў). Гранулацыты маюць сегментаваныя ядры. Функцыі гранулацытаў — мікрафагацытоз і ферментатыўная актыўнасць, удзел у імуналагічных рэакцыях. Колькасныя суадносіны розных відаў гранулацытаў залежаць ад узросту, фізіял. стану арганізма, стану здароўя. У беспазваночных жывёл гранулацыты наз. зярністымі амёбацытамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУА́НА (ісп. guano),
прадукт натуральнага распаду птушынага памёту ва ўмовах сухога клімату; азотна-фосфарнае ўгнаенне. Мае каля 9% азоту, 13% фосфарнай к-ты, калій, вапну. Паклады гуана на астравах зах. ўзбярэжжа Паўд. Амерыкі і Паўд. Афрыкі. Пасля размолу гуана выкарыстоўваюць на глебах розных тыпаў пад усе с.-г. культуры ў якасці асн., перадпасяўнога ўгнаення і для падкормкі. Гуанай наз. таксама ўгнаенне, падрыхтаванае з адходаў марскога промыслу, напр., рыбнае гуана. Яно мае 8—11% азоту, 12—14% фосфарнай к-ты. Выкарыстоўваюць гуана пераважна ў Японіі, ЗША, Нарвегіі, Францыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАМАРФІ́ЗМ у геалогіі, уласцівасць розных, але блізкіх паводле хім. саставу рэчываў крышталізавацца ў аднолькавых структурах пры адным тыпе хім. сувязі. Падзяляецца на віды — дасканалы і недасканалы (абмежаваны) і шэраг тыпаў — ізавалентны, гетэравалентны, палярны, кампенсацыйны, індукцыйны і інш. Законы І. тлумачаць складаны хім. састаў большасці мінералаў, асабліва з групы сілікатаў, размеркаванне рэдкіх элементаў у горных пародах і рудах. Напр., большая ч. ітрыю і рэдкіх зямель змяшчаецца ў апатыце, сфене і флюарыце, дзе ізаморфна яны замяшчаюць кальцый. Прыкладам дасканалага І. з’яўляюцца мінералы пераменнага саставу, якія даюць неперарыўныя рады: плагіяклазы, скапаліты, вальфраміты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАДЫ́ГІН (Аляксандр Мікалаевіч) (18.10. 1847, с. Сценьшына Пятроўскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія — 16.3.1923),
рускі электратэхнік. Скончыў Маскоўскае ваен. вучылішча (1867). У 1872 вынайшаў лямпу напальвання з вугальным электродам, у 1890-я г. — некалькі тыпаў лямпаў напальвання з метал. ніцямі, у т. л. вальфрамавымі. Канструяваў прылады для эл. ацяплення, эл. печы для плаўлення і загартоўкі металаў і інш. Адзін з заснавальнікаў электратэхн. аддзела Рус.тэхн.т-ва і час. «Электричество». Ламаносаўская прэмія Пецярб.АН 1874.
Літ.:
Шателен М.А. Русские электротехники второй половины XIX в. М.; Л., 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕПТО́ННЫ ЛІК, лептонны зарад,
квантавы лік, які характарызуе лептоны. Адлюстроўвае захаванне розніцы лікаў лептонаў і антылептонаў адной і той жа сям’і (пакалення) ва ўзаемадзеяннях элементарных часціц. Л.л. роўны 1 для лептонаў, -1 для антылептонаў і 0 для астатніх часціц. Л.л. сістэмы часціц роўны алг. суме Л.л. асобных часціц, якія ўваходзяць у яе састаў, і закон захавання лептонаў зводзіцца да закону захавання Л.л. Існуюць тэарэт. меркаванні, што закон захавання Л.л. з’яўляецца набліжаным, напр., магчымы ўзаемныя пераходы паміж нейтрына розных тыпаў (асцыляцыі нейтрына).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́НДАЛЬ-ЯЛО́ВЕЦ-ВО́ЛЬХАВА,
балота ў Лельчыцкім, Петрыкаўскім і Жыткавіцкім р-нах Гомельскай вобл. ў вадазборы р. Прыпяць, паміж ніжнімі цячэннямі р. Убарць на У і канавы Крушынная на 3. Нізіннага, вярховага і мяшанага тыпаў. Пл. 27,9 тыс.га, у межах прамысл. пакладу 21,5 тыс.га. Глыб. торфу да 7 м, сярэдняя 2,5 м. На балоце лес з хвоі і бярозы. Ёсць рэдкія рэліктавыя расліны (сальвінія плывучая, альдраванда пухіраватая, вадзяны арэх, рададэндран жоўты). На У балота часткова асушана, выкарыстоўваецца пад сенажаць, зах.ч. ў межах нац. парку Прыпяцкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЖА АКІЯ́НА адзін з галоўных элементаў рэльефу і геал. структуры дна Сусв. акіяна. Займае самы нізкі
(акрамя акіянічных жалабоў) узровень зямной паверхні. Глыб. ад 4 тыс.м да 7 тыс.м паміж мацерыковым падножжам і сярэдзінна-акіянічнымі хрыбтамі. Пл. больш за 185 млн.км² Складаецца з зямной кары акіянічнага тыпу, адрозніваецца слабым праяўленнем вулканізму і сейсмічнасці, малымі скорасцямі верт. рухаў (гл.Таласакратон). У рэльефе пераважаюць плоскія акумулятыўныя і складанарасчлянёныя ўзгорыстыя раўніны (гл.Абісальныя раўніны),
якія падзелены падняццямі розных тыпаў (асобныя вулканічныя горы і ланцугі гор, шырокія скляпеністыя і блокавыя ўзвышэнні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́А,
археалагічная культура позняга бронзавага веку (апошняя чвэрць 2-га тыс. да н.э.) у Румыніі, Малдове і на ПнЗ Украіны. Назва ад могільніка каля в. Ноўа непадалёку ад г. Брашоў у Румыніі. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй і земляробствам. Для Н. характэрны неўмацаваныя паселішчы са слупавымі наземнымі прамавугольнымі дамамі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным становішчы, сустракаюцца трупаспаленні. Гліняны посуд 2 тыпаў — грубаапрацаваны «мехападобны» з адцягнутым валікам і танкасценны з чорнай або шэрай глянцаванай паверхняй з 2 ручкамі. Знойдзены бронз. наканечнікі дзідаў, утульчатыя кельты, люстэркі, шпількі, касцяныя наканечнікі стрэл і псаліі.