Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ЗЕМСКІЯ,
княжацкі род у Стараж. Русі, ВКЛ, Маскоўскім вял. княстве, Рас. імперыі. Родапачынальнік Андрэй Уладзіміравіч Доўгая Рука (каля 1190—1224), вёў радавод ад Рурыка, ад удзельнага горада Вязьма стаў звацца князем Вяземскім. Вяземскае княства існавала ў Смаленскай зямлі, верагодна, з сярэдзіны 13 ст., у 1403 занята войскам ВКЛ. Князі Вяземскія Іван Святаславіч і Аляксандр Міхайлавіч трапілі ў палон, а Сямён і Уладзімір Мсціславічы разам са смаленскім кн. Юрыем Святаславічам з’ехалі ў Ноўгарад, потым у Маскву. У далейшым Вяземскія валодалі Вяземскім княствам як васалы вял. князёў ВКЛ. Род Вяземскіх моцна разгалінаваўся. У 1487—94 большасць Вяземскіх вымушаны прызнаць сваю васальную залежнасць ад вял.кн. маскоўскага Івана III, але некаторыя захавалі вернасць ВКЛ. У 1-й пал. 16 ст. ў ВКЛ застаўся адзін Вяземскі — кн. Іван Львовіч, уладальнік с. Пірошыцы і часткі Лукомскага замка. У далейшым прадстаўнікі роду Вяземскіх адыгрывалі значную ролю ў паліт. і культ. жыцці Маск. дзяржавы і Рас. імперыі. З іх найб. вядомы: Аляксандр Аляксеевіч Вяземскі (1727—93), давераная асоба Кацярыны II, з 1764 ген.пракурор Сената, кіраваў фінансамі, юстыцыяй, унутр. справамі; паэт Пётр Андрэевіч Вяземскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЖА́ЙСКІЯ малодшая лінія маскоўскіх вял. князёў. Паходзілі ад Андрэя Дзмітрыевіча
(1382—1432),
сына вял.кн. маскоўскага Дзмітрыя Іванавіча Данскога. Андрэй Дзмітрыевіч атрымаў ва ўдзел Мажайск (адсюль прозвішча роду), Вераю, Калугу, Белавозера. Ад яго старэйшага сына Івана пайшоў род М., ад малодшага Міхаіла — род князёў Вярэйскіх. Найб. вядомыя:
Іван Андрэевіч (? — да 1483), сын Андрэя Дзмітрыевіча. У час феад. вайны ў Расіі 1425—53 уцёк у ВКЛ, прэтэндаваў на пасад вял. князя маскоўскага. Вял. князь ВКЛ Казімір падараваў яму Гомель, Бранск, Старадуб. Андрэй Іванавіч (? — 1487), сын Івана Андрэевіча, валодаў пасля бацькі Бранскам і вёскамі ў Гомельскай воласці, выслужыў у Казіміра маёнтак Свержань. Сямён Іванавіч (? — каля 1505), сын Івана Андрэевіча, трымаў пасля бацькі Гомель і Старадуб. У 1496 вял. князь ВКЛ Аляксандр падараваў яму Чарнігаў і Карачаў, пазней — Хоцімль. У час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1500—03 перайшоў з усімі сваімі ўладаннямі на бок вял.кн. маскоўскага Івана III і ваяваў супраць ВКЛ. Захапіў Любеч. Празываўся таксама князем Старадубскім. Васіль Сямёнавіч (? — да 1519), сын Сямёна Іванавіча, валодаў пасля бацькі Гомелем, Старадубам, Чарнігавам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛА́ШКІНА (Тамара Андрэеўна) (н. 13.9.1934, г. Астрахань, Расія),
расійская спявачка (лірыка-драм. сапрана). Нар.арт.СССР (1973). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1959, клас А.Катульскай). У 1958—89 салістка Вял.т-ра. Валодае голасам прыгожага цёплага тэмбру вял. дыяпазону (больш за 2 актавы), роўным ва ўсіх рэгістрах, сцэн. абаяльнасцю. Выкананню ўласцівы шчырасць у перадачы пачуццяў, глыбокі псіхалагізм. Сярод партый: Ліза, Таццяна, Марыя, Іаланта («Пікавая дама», «Яўген Анегін», «Мазепа», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Аіда, Лізавета, Леанора, Дэздэмона («Аіда», «Дон Карлас», «Трубадур», «Атэла» Дж.Вердзі), Валхава, Фяўроння («Садко», «Казанне пра нябачны горад Кіцеж...» М.Рымскага-Корсакава), Яраслаўна («Князь Ігар» А.Барадзіна), Донна Анна («Каменны госць» А.Даргамыжскага), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Тоска («Тоска» Дж.Пучыні), Наташа Растова, Любка («Вайна і мір», «Сямён Катко» С.Пракоф’ева), Катарына («Утаймаванне свавольніцы» В.Шабаліна). Выступала ў «Ла Скала» і інш. замежных т-рах, выконвала партыю драм. сапрана ў «Рэквіеме» Вердзі. Яе творчасці прысвечаны фільм «Чараўніца з горада Кіцежа» (1966). Дзярж. прэмія Расіі 1978.
Літ.:
Грошева Е. Тамара Милашкина // Певцы Большого театра СССР. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЛА́К-АРЦЯМО́ЎСКІ (Арцямоўскі) Сямён Сцяпанавіч
(16.2.1813, г. Гарадзішча, Украіна — 17.4.1873),
украінскі і рускі спявак (барытон), кампазітар, драм. акцёр, драматург. Вучыўся ў кіеўскіх духоўным вучылішчы (1824—30) і духоўнай семінарыі (1835—38), удасканальваў майстэрства ў Прыдворнай пеўчай капэле (Пецярбург) пад кіраўніцтвам М.Глінкі. У 1842—64 саліст імператарскай оперы ў Пецярбургу (перыядычна выступаў у спектаклях італьян. оперы і драматычных). У 1864—65 саліст Вял.т-ра ў Маскве. Валодаў моцным прыгожым голасам і драм. талентам. Выканаў больш за 50 оперных партый, у т. л. Руслан («Руслан і Людміла» Глінкі), Мазета («Дон Жуан» В.А.Моцарта), Антоніо, лорд Генрых Эштан («Лінда ды Шамуні» і «Лючыя ды Ламермур» Г.Даніцэці). Яго творчасць як кампазітара прасякнута ўкр. нац.-песенным каларытам. Аўтар 1-й укр. оперы «Запарожац за Дунаем» на ўласнае лібрэта (паст. 1863; партыя Карася), тэкстаў і музыкі вадэвіля «Ноч на Івана Купалу» (1852), вак.-харэаграфічнага дывертысмента «Украінскае вяселле» (1851; партыя запарожца-бандурыста), драмы «Караблеразбуральнікі» (1853), рамансаў, песень, у т. л. «Стаіць явар над вадою», прысвечанай яго сябру Т.Шаўчэнку. Як драм. акцёр выступаў у п’есах І.Катлярэўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАКА́НЕ,
адна з плыней у духоўным хрысціянстве, якая сфарміравалася ў канцы 18 ст. ў Расіі. Падзяляюцца на шэраг асобных кірункаў. Заснавальнікам лічыцца селянін з Тамбоўшчыны Сямён Уклеін. М. адмаўляюць царк. іерархію, абразы, абрадавую сістэму, лічаць, што Бог-Бацька вышэй за Бога-Сына і Бога Духа-Святога. Ідэя ўратавання тлумачыцца ў агульнапратэстанцкім сэнсе, не з дапамогай царквы, а асабістай верай. Біблію М. ўспрымаюць адвольна, як «духоўнае млека». Крыніцай веравызнання з’яўляецца кніга «Догматы малакан», змест якой складаюць хіліястычнае вучэнне і прароцтвы аб другім прышэсці Хрыста. Часткай культу з’яўляюцца пасты; «духоўныя» пасты патрабуюць устрымання ад зла (курэння, п’янства, весялосці і інш.), а «цялесныя» — ад ежы і вадкасці. М.-суботнікі не ўжываюць мяса, хрышчэнне ў М. «духоўнае». Сац. асновай М. заўсёды былі сяляне (раней аднадворцы і адыходнікі), а кіраўнікамі выбіраліся заможныя вяскоўцы, гандляры, прамыслоўцы і рамеснікі. У цяперашні час засталіся невял. групы М. у Закаўказзі, на Украіне, Стаўрапольскім краі, Тамбоўскай вобл., куды яны былі высланы або перасяляліся ў час праследаванняў з боку ўрада Расіі ў 19 ст.
Літ.:
Клибанов А.И. История религиозного сектантства в России. М., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДО́КШЫН (Сямён Аляксандравіч) (н. 8.3.1931, г. Гомель),
бел. філосаф і гісторык-медыявіст. Д-рфілас.н. (1987), канд.гіст.н. (1965). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1953). З 1960 у Ін-це філасофіі і права Нац.АН Беларусі. Даследуе гуманіст. рух і рэліг.-царк. жыццё Беларусі 14—17 ст., гісторыю філас. і грамадска-паліт. думкі эпохі Адраджэння і Рэфармацыі, праблемы культуры, філасофіі і гісторыі, нац. самасвядомасці бел. народа. Стварыў цэласную гісторыю станаўлення і развіцця рэнесансава-гуманіст. думкі Беларусі, вызначыў спецыфічныя рысы айч. Адраджэння і гуманізму. Адзін з аўтараў «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 1, 1972), прац «Францыск Скарына і яго час» (1988), «Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Тэксты, даведнік, каментарыі» (1989), «Скарына і яго эпоха» (1990), «Мысліцелі і асветнікі Беларусі, X—XIX стст.» (1995). Дзярж. прэмія Беларусі 1984.
Тв.:
Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970;
Скорина и Будный: Очерк филос. взглядов. Мн., 1974;
Франциск Скорина. М., 1981;
Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДЗЁННЫ (Сямён Міхайлавіч) (25.4.1883, хутар Казюрын Пралетарскага р-на Растоўскай вобл. — 26.10.1973),
савецкі ваенны і дзярж. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1935), тройчы Герой Сав. Саюза (1958, 1963, 1968). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1932). Удзельнік рус.-японскай і 1-й сусв. войнаў (быў узнагароджаны 4 Георгіеўскімі крыжамі). Летам 1917 разам з Каўказскай кав. дывізіяй прыбыў у Мінск, выбраны старшынёй палкавога і чл. дывізіённага к-таў. Пад кіраўніцтвам Будзённага 1-я брыгада Каўказскай дывізіі разам з рэўкомам аршанскіх чыгуначнікаў раззброіла 5 эшалонаў карнілаўскай «дзікай» дывізіі, якая праз Оршу накіроўвалася на барацьбу з рэв. Петраградам. У час.грамадз. вайны сфарміраваў у 1918 конны атрад, які перарос у дывізію. З 1919 камандзір у Чырв. Арміі коннага корпуса і створанай на яго базе Першай Коннай арміі. У Вял.Айч. вайну камандуючы групай армій рэзерву Галоўнакамандавання, галоўнакамандуючы войскамі Паўд.-Зах. і Паўн.-Каўказскага напрамкаў, камандуючы Зах. рэзервовым і Паўн.-Каўказскім франтамі, кавалерыяй Узбр. Сіл СССР. Канд. у чл.ЦККПСС у 1934—39 і з 1952. Чл.ЦККПСС у 1939—52. Чл.ВЦВК, ЦВКСССР. Дэп. Вярх. СаветаСССР з 1937. Чл. Прэзідыума Вярх. Савета СССР з 1938. Адзін з арганізатараў масавых рэпрэсій 1930 — пач. 1950-х г. сярод ваенных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАНЦО́ВЫ,
дваранскі, графскі і княжацкі род у Расіі.
Родапачынальнік — Фёдар па мянушцы Варанец. З яго прапраўнука Сямёна Іванавіча (п. у 1518) пачалося ўзвышэнне роду. Яго сыны: Фёдар (Дзямід) Сямёнавіч (п. 21.7.1546), баярын (1544), пасля паражэння Шуйскіх у 1543 заняў кіруючае становішча ва ўрадзе малалетняга Івана IV Грознага, пад націскам Глінскіх абвінавачаны ў здрадзе і пакараны смерцю; Міхаіл Сямёнавіч (п. у 1539), баярын (з 1531), у час праўлення Алены Глінскай (1533—38) адзін з бліжэйшых памочнікаў М.Глінскага, у 1534 разам з ім пасаджаны ў цямніцу, у 1535 памілаваны, удзельнічаў у ваен. дзеяннях супраць ВКЛ; Іларыён Гаўрылавіч (1674—25.5.1750), сенатар з 1742, яго сыны — Раман Іларыёнавіч (28.7.1707—12.12.1883), дзярж. дзеяч, з 1760 сенатар, Міхаіл Іларыёнавіч (23.7.1714—26.2.1767), дзярж. дзеяч, дыпламат, актыўны ўдзельнік дварцовага перавароту ў ліст. 1741, у 1758—62 канцлер. Сыны Рамана Іларыёнавіча: Аляксандр Раманавіч (15.9.1741—14.12.1805), дзярж. дзеяч і дыпламат, удзельнічаў у заключэнні важнейшых дагавораў Расіі з Францыяй (1786), Швецыяй (1790) і Турцыяй (Яскі мір 1791), з 1779 сенатар; Сямён Раманавіч (26.6.1744—1832), дзярж. дзеяч, дыпламат. Сын апошняга Міхаіл Сямёнавіч (30.5.1782—18.11.1856), дзярж. дзеяч, ген.-фельдмаршал, удзельнік вайны 1812. З 1823 ген.-губернатар новарасійскі, у 1828—44 і бесарабскі. У 1844—54 намеснік на Каўказе і галоўнакаманд. Асобным каўказскім корпусам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКІЯ,
княжацкі род герба «Пагоня» ў ВКЛ. Вялі радаслоўную ад вял. князя Альгерда, які ў дакументах 1366 пазначаны як уладар г.Кобрын. Верагодна, Кобрын перайшоў да яго сына Фёдара Ратненскага, які меў сыноў Гурку, Сангушку (родапачынальнік князёў Сангушкаў) і Рамана — родапачынальніка князёў К.
Раман Фёдаравіч (? — пасля 1417) упамінаецца ў дакументах з 1387. У 1404 вял. князь Вітаўт выдаў яму грамату на валоданне Кобрынам і навакольнымі маёнткамі (Грушава, Несухаіжы і інш.; гл.Кобрынскае княства); у 1411—17 пры двары польск. караля Ягайлы. Сямён Раманавіч (7 — каля 1460), сын Рамана Фёдаравіча. У 1431 дапамагаў вял. князю Свідрыгайлу бараніць Луцк ад войск Ягайлы. Іван Сямёнавіч (? — каля 1490), сын Сямёна Раманавіча. Зрабіў шмат наданняў цэрквам Кобрыншчыны, у 1473 — царкве Божага Нараджэння ў Пружанах. Апошні мужчынскі прадстаўнік роду К. Пасля яго смерці Кобрынскае княства пакінута яго ўдаве Фядоры Іванаўне з роду Рагацінскіх. Марыя Сямёнаўна (? — каля 1510), дачка Сямёна Раманавіча, жонка маскоўскага князя Івана Васілевіча Краснага. Ганна Сямёнаўна (? — люты або сак. 1519), дачка Сямёна Раманавіча. У 1481 выдадзена замуж за князя Фёдара Уладзіміравіча Бельскага, які ўцёк у Маск. дзяржаву з-за выкрыцця яго ўдзелу ў змове супраць Казіміра IV. Да 1512 трымала Кобрынскае княства, якое пасля яе смерці перайшло да мужа.