грашовая выплата селяніна феадалу пры пераходзе да другога ўладальніка ў Рас. дзяржаве ў 15—16 ст. Упершыню як абавязковае П. ўпамінаецца ў Судзебніку 1497. Поўны яго памер (ад 50 кап. ад 1 руб.) сяляне плацілі пасля 4 гадоў жыцця на зямлі феадала. Памер П. «з варот» (сял. двара) павялічыў Судзебнік 1550. П. садзейнічала запрыгоньванню сялян. Пасля забароны выхаду сялянскага паступова знікла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛАЎСКАЯ «РЭСПУ́БЛІКА», Паўлаўская «Рэч Паспалітая», маёнтак Паўлава (Мерач) у Віленскім пав. (цяпер у Літве), дзе ў 2-й пал. 18 ст. былі праведзены кардынальныя сац.-эканам. рэформы. Уладальнік Паўлава (маёнтак атрымаў найменне ў 1767 ад імя гаспадара) П.К.Бжастоўскі (гл. ў арт.Бжастаўскія) ажыццявіў комплекс мерапрыемстваў па паляпшэнні становішча сялян, якое рэгулявалася статутамі 1769 і 1791. Сялянам дадзена асабістая вольнасць, яны атрымалі ў вечнае карыстанне вял. гаспадаркі, з якіх неслі павіннасці, права на вольнае карыстанне пушчай, права распараджацца маёмасцю, займацца рамёствамі і гандлем. Было ўведзена шырокае сял. самакіраванне на ўзор парламента з 2 палат, сял. суд і войска, ашчадна-пазыковая каса, дзе сяляне маглі атрымаць пазыку грашыма, збожжам і жывым інвентаром; пабудаваны школа, аптэка. Сяляне П.«р.» ўдзельнічалі ў паўстанні 1794. Не маючы магчымасці трымаць маёнтак пад рас. уладай, у канцы 1794 Бжастоўскі прадаў яго, аднак асн. палажэнні статута маёнтка захоўваліся. Праведзеныя ў духу Асветніцтва рэформы садзейнічалі развіццю капіталіст., грашовых адносін у сял. гаспадарцы, павышэнню дабрабыту насельніцтва. Рэформы Бжастоўскага сустрэлі варожыя адносіны большасці землеўласнікаў і ўхваляліся перадавымі коламі Рэчы Паспалітай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯ́ГА,
1) карыта, выдзеўбанае з доўгай калоды дрэва, прызначанае для вадапою свойскай жывёлы.
2) Човен у выглядзе карыта, выдзеўбаны з тоўстага камля або ствала дуба (радзей з хвоі або асіны). Адзін з старадаўніх водных трансп. сродкаў на Беларусі, якім карысталіся сяляне. Для ўстойлівасці на плаву да К. на ўзроўні воднай паверхні па баках звычайна мацавалі драўляныя брусы ці пласціны (крылы). Часам К., звязаныя парамі, трымалі на сабе паром.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ТРАКІ,
1) у 10—11 ст. у Кіеўскай Русі — малодшыя дружыннікі (гл. ў арт.Дружына) князёў і баяр, якія ўдзельнічалі ў паходах і зборы даніны; О. называлі таксама кіраўнікоў княжацкай гаспадаркі і асабістых слуг князёў і баяр. У 12 ст. асобы ніжэйшай княжацкай адміністрацыі, што вяршылі суд, збіралі пошліны і падаткі.
2) У сярэдневяковай Балгарыі, Македоніі, Сербіі (да 14 ст.) феад.-залежныя сяляне, паводле свайго становішча блізкія да рабоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́БА ((Baba) Карнеліу) (н. 18.11.1906, г. Краёва, Румынія),
румынскі жывапісец і графік. Нар. мастак Румыніі (1962). Ганаровы член АМСССР (1958). Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Ясах (1934—38). Аўтар абагульненых кампазіцый на тэмы сял. жыцця («Адпачынак у полі», 1954, «Сяляне», 1958), вострых па характарыстыцы партрэтаў («М.Садавяну», 1953, «Партрэт дзяўчыны», 1957, «Суайчыннікі», 1974), пейзажаў, іл. да твораў рум. пісьменнікаў. Дзярж. прэміі Румыніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБЕ́КА ПАЎСТА́ННЕ,
антыарабскае і антыфеадальнае паўстанне ў Азербайджане і Зах. Іране каля 816—837 на чале з Бабекам. Гал. сіла паўстання — сяляне і рамеснікі — паслядоўнікі вучэння хурамітаў. Пасля выгнання араб. гарнізонаў у руках паўстанцаў апынуўся амаль увесь Азербайджан і зах. вобласці Ірана; паўстанне ахапіла і Усх. Арменію. У 833 паўстанцы пацярпелі цяжкае паражэнне каля г. Хамадан. У 837 узята іх апошняя апора — крэпасць Бадз. Бабека паўстанне аслабіла Халіфат і паскорыла яго распад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГАРО́ДНІКІ,
сяляне ў ВКЛ, якія пасяляліся на невял. дзялянках зямлі, за што абавязваліся выконваць пэўныя павіннасці. Агароднікі давалі па 3 маргі (1 морг — 0,71 га) зямлі і сялілі вёскамі па 10—20 двароў паблізу фальваркаў. За надзелы агароднікі адпрацоўвалі на землеўладальніка 1 дзень у тыдзень без каня, а іх жонкі — 6 дзён за лета. У час валочнай памеры ў катэгорыю агароднікаў пераводзілі чэлядзь. У 18 — 1-й пал. 19 ст. агароднікамі называлі сялян, якія мелі толькі хату і агарод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ШЧЫЦКІ РАССТРЭ́Л 1905,
расстрэл урадавымі войскамі сялян в. Кішчыцы Чавускага пав. (цяпер Шклоўскі р-н Магілёўскай вобл.). 17.6.1905 каморнікі пад аховай войск і паліцыі пачалі праводзіць мяжу паміж Горацкім і Чавускім пав., якая адначасова павінна была стаць мяжой паміж памешчыцкімі і сял. землямі. Сяляне вёскі не дазволілі праводзіць межавыя работы на карысць памешчыка. Спробы коннай паліцыі разагнаць натоўп не далі вынікаў. Войскі ўжылі зброю, забілі 8 сялян, цяжка паранілі 15. На месцы К.р. ў 1955 пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗАНЬЕ́ЛА (Masaniello, скарочанае ад Тамаза Аньела, Tommaso Aniello; чэрв. 1620, г. Пазітана, Італія — 16.7.1647),
правадыр нар. паўстання ў Неапалі ў чэрв. 1647, накіраванага пераважна супраць ісп. панавання; рыбак. Зачэпкай да паўстання паслужыла ўвядзенне падатку на садавіну. Паўстанцы спалілі падатковыя дакументы, аблажылі палац віцэ-караля і абвясцілі М. капітанам народа Неапаля. Да іх далучыліся сяляне, жыхары шэрагу паўд.італьян. гарадоў. Віцэ-кароль пайшоў на перагаворы і адмяніў падатак, адначасова арганізаваў забойства М. Паўстанне было задушана толькі ў крас. 1648.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙЛЯНЬЦЗЯ́О, Секта белага лотасу,
тайная будыйская секта ў Кітаі ў 12 — пач. 19 ст. Узнікла на пач. праўлення дынастыі Паўд. Сун [1127—1279]. У 14 ст. злілася з будыйскімі сектамі Мілацзяо і Мінцзяо і стала масавай арг-цыяй, у якую ўваходзілі пераважна сяляне і рамеснікі. Удзельнічала ва ўзбр. барацьбе супраць манг. дынастыі Юань. У наступныя стагоддзі неаднаразова ўздымала сял. паўстанні; адно з буйнейшых адбылося ў 1796—1805. Пасля яго задушэння маньчжурска-кіт. феадаламі секта спыніла сваю дзейнасць (за выключэннем адгалінаванняў у Шаньдуні і Чжылі).