ЗМЕЕГАЛО́Ў (Channa argus),

рыба сям. змеегаловых атр. акунепадобных. Пашыраны ў прэсных вадаёмах Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі. Акліматызаваны ў Сярэдняй Азіі. Жыве ў зарослых пратоках, залівах з невял. колькасцю кіслароду.

Даўж. да 85 см, маса да 7 кг. На целе бурыя плямы, за вачыма 2 доўгія вузкія цёмныя паласы да задняга краю шчэлепнай накрыўкі. Галава пляскатая, укрыта зверху і з бакоў луской, нагадвае галаву змяі (адсюль назва). Спінны і анальны плаўнікі доўгія. Можа дыхаць атм. паветрам, без вады жыве некалькі дзён. Драпежнік. Аб’ект промыслу і развядзення.

Змеегалоў.

т. 7, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРО́БКА,

1) у беларусаў традыц. прылада для зімовай лоўлі рыбы. Пасудзіна з конусападобна ўвагнутым дном з адтулінай (горлам) пасярэдзіне. Выраблялі з драніцы, лубу, выпляталі з дубцоў; часта выкарыстоўвалі старыя рашоты, дно якіх замянялі мешкавінай, горла падтрымлівалася вяровачкамі, прымацаванымі да верхняга краю рашот. Устанаўлівалі ў палонках, якія разам з К. закрывалі галінкамі, каб вада не замярзала. Рыба, якая імкнулася да свежай вады, заплывала ў К. Пашырана на Палессі.

2) Ёмістасць для ручной сяўбы; тое, што сявенька.

3) Ёмістасць для захоўвання і пераноскі зерня, круп і інш. сыпучых рэчываў.

І.​М.​Браім.

Каробка.

т. 8, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РУШКА еўрапейская

(Osmerus eperlanus),

касцістая рыба, тыповы прадстаўнік сямейства корушкавых, атр. ласосепадобных. У сям. 6 родаў, 10 відаў. Пашыраны ў водах Паўн. паўшар’я. Марскія, прахадныя і прэснаводныя чародныя рыбы. На Беларусі ў азёрах бас. Зах. Дзвіны трапляецца карлікавая форма К. еўрапейскай — К. азёрная (О.е. morpha spirinchus), або сняток, нар. назвы — стынка, устынка.

Даўж. да 35 см, маса да 350 г (у К. азёрнай даўж. 6—10, зрэдку да 15 см). Плаўнікі бясколерныя, спінны — кароткі, размешчаны над брушнымі плаўнікамі. Кормяцца ракападобнымі, дробнай рыбай. Аб’ект промыслу.

Корушка еўрапейская.

т. 8, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯНТУ́З (звычайны) (Lota lota),

адзіная прэснаводная рыба сям. трасковых атр. траскападобных. Пашыраны ў рэках і азёрах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі жыве ў вадаёмах з халоднай чыстай вадой і камяністым дном, у ямах, пад берагамі. Актыўны ўвосень і зімой, летам упадае ў спячку. Нар. назвы калека, мень, мянёк.

Даўж. да 1,7 м, маса да 32 кг (на Беларусі да 5 кг). Спінных плаўнікоў 2. Цела ўкрыта дробнай цыклоіднай луской. Верхняя сківіца выступае ўперад. На ніжняй сківіцы 1 вусік. Зубы шматлікія, шчацінкападобныя. Драпежнік. Аб’ект промыслу.

Мянтуз.

т. 11, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МЯНЬКІ́»,

бел. нар. гульня. На прамавугольнай пляцоўцы каля кожнай бакавой лініі чэрцяць кругі — «ямы», дыяметрам 1—1,5 м. З гульцоў выбіраюць 2 «рыбакоў», астатнія (іх можа быць 15—40 чал.) — «рыбы». «Рыбакі», узяўшыся за рукі, ловяць «рыб», якія могуць выратоўвацца ў «ямах». Аднак знаходзіцца ў «яме» можа толькі адна «рыба», калі туды забяжыць другая, тады тая, што там знаходзілася, павінна пакінуць «яму». Злоўленыя «рыбы» дапамагаюць «рыбакам». Гульня заканчваецца, калі «рыбакі» пераловяць усіх «рыб». Пераможцамі становяцца 5 «рыб», якія выратаваліся ў «ямах», іх называюць «М.».

Я.​Р.​Вількін.

т. 11, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫСТРА́НКА (Alburnoides bipunctatus),

рыба сям. карпавых атр. карпападобных. 4 падвіды. Пашырана ў прэсных вадаёмах Еўропы, Пярэдняй і Сярэдняй Азіі. На Беларусі тыповая форма ў рэках бас. Зах. Дзвіны, Нёмана, Зах. Буга, а падвід быстранка руская (A. b. rossicus) — у рэках бас. Дняпра. Жыве ў рэках з быстрым цячэннем (адсюль назва). Нар. назвы стракатка, сіняўка, ушвейка.

Даўж. 10—15 см, маса да 13 г. Спіна цёмна-шэрая або цёмна-зялёная, брушка і ніз бакоў серабрыстыя. Уздоўж бакавой лініі дзве цёмныя палосы. Нерастуе на быстрынях з камяністым дном. Корміцца паветр. і воднымі насякомымі, зоапланктонам.

Быстранка.

т. 3, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛА́Ц (Galaţi),

горад на У Румыніі, на левым беразе р. Дунай. Адм. ц. жудэца Галац. Вядомы з 14 ст. 325,8 тыс. ж. (1992). Гал. порт краіны на Дунаі (увоз жал. руды, коксу, бавоўны, абсталявання, вываз харч. тавараў), даступны для марскіх суднаў. Вузел чыг., аўтамаб., трубаправодных магістралей. Прамысл. цэнтр, які вылучаецца машынабудаваннем (суднабудаванне, чыг. майстэрні, сельскагаспадарчае, металаапрацоўка) і чорнай металургіяй (лістапракатны з-д, металург. камбінат). Тэкст. (баваўняная, лёна-пяньковая), швейная, харч. (мукамольная, мяса-малочная, рыба- і плодакансервавая), хім. (фарбы, лакі), дрэваапр., мэблевая, абутковая, буд. матэрыялаў прам-сць. Гіст. музей, музей сучаснага румынскага мастацтва. Арх. помнікі 15—17 ст.

т. 4, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМБУ́ЗІЯ (Gambusia affinis),

рыба сям. пецыліевых атр. карпазубых. Радзіма — Паўн. і Цэнтр. Амерыка. Жыве ў невял. стаячых прэснаводных вадаёмах. Акліматызавана ў многіх краінах Еўразіі, Аргенціне, на Гавайскіх а-вах у мэтах барацьбы з малярыйнымі камарамі. Разводзяць у акварыумах.

Даўж. цела самца да 4 см, самкі да 7,5 см. Афарбоўка цела шаравата-аліўкавая ці жаўтаватая з цёмнымі плямамі, плаўнікі бясколерныя. Самцы цямнейшыя. У самцоў пярэднія прамяні анальнага плаўніка пераўтвораны ў спаравальны орган (ганаподый). Апладненне ўнутранае. Жывародная. Корміцца лічынкамі і кукалкамі камароў, зоапланктонам, ікрой і маляўкамі рыб, у т. л. і сваімі. Шкодзіць рыбнай гаспадарцы.

Гамбузія: 1 — самка; 2 — самец.

т. 5, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЧ,

традыцыйная бел. рыбалоўная прылада; сплеценая з дубцоў або зробленая з драніцы камера конусападобнай ці цыліндрычнай формы. У конусным бучы мелася адна лейкападобная перагародка (горла), у цыліндрычным — дзве. Рыба пранікала ў буч праз лаз у горле, якое адначасова перашкаджала выходзіць ёй назад. З аднагорлавых бучаў улоў вымалі праз адтуліну ў вузкім яго канцы (у час лоўлі яе закрывалі коркам, травой, сенам), у двухгорлавым рабілі дзверцы. Аднагорлавы буч прызначаўся толькі для лоўлі рыбы, двухгорлавы — пераважна для ракаў. У вадаёме бучы устанаўлівалі пры дапамозе калкоў. Бучы былі пашыраны па ўсёй Беларусі.

І.​М.​Браім.

Буч аднагорлавы. Пінскі краязнаўчы музей.
Буч двухгорлавы. Вёска Пескі Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці.

т. 3, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТА́Ф’ЕЎ (Віктар Пятровіч) (н.1.5.1924, г.п. Аўсянка Краснаярскага краю, Расія),

рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1989). Друкуецца з 1951. У псіхал. аповесцях пра вайну і сучасную сібірскую вёску «Крадзеж» (1966), «Пастух і пастушка» (1971), у цыкле аўтабіягр. апавяданняў і аповесцяў «Недзе грыміць вайна» (1967), «Апошні паклон» (кн. 1—2, 1968—78), узнімае тэму процістаяння духоўнаму і маральнаму распаду. Раман «Цар-рыба» (1976, Дзярж. прэмія СССР 1978) пра пагрозу знішчэння рус. прыроды. У рамане «Сумны дэтэктыў» (1986) аналізуе духоўны і сацыяльны стан сучаснага грамадства.

Тв.:

Собр. соч.: В 6 т. Т. 1—3. М., 1991—92;

Прокляты и убиты: Роман. Кн. 1—2. М., 1994—95.

В.П.Астаф’еў.

т. 2, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)