Цыпрыян Павел (1612—88), каралеўскі сакратар з 1645, рэферэндар літоўскі з 1650, пісар літоўскі з 1657, ваявода трокскі з 1684. У 1658, 1661—64 у складзе дыпламат. місій, у 1667 камісар Рэчы Паспалітай на перагаворах з Расіяй, якія скончыліся падпісаннем Андросаўскага перамір’я 1667. У 1671—72, 1679, 1683 пасол у Маскву.
Канстанцін Казімір, гл.Бжастоўскі К.К.
Міхал (1722—21.5.1784), ген.-лейт. (1753), пісар літоўскі з 1758, канюшы літоўскі з 1762, падскарбі вял. літоўскі з 1764. У 1764 маршалак Генеральнай літ. канфедэрацыі.
Адам (1722—90), ген.-маёр кавалерыі (1748), потым ген.-лейт. пяхоты, кашталян полацкі ў 1758—76. Удзельнік Барскай канфедэрацыі 1768—72.
Станіслаў (2.3.1733—8.4.1769), ваявода інфлянцкі з 1767.
Павел Ксаверы (30.3.1739—17.11.1827), вял. пісар літоўскі з 1762, рэферэндар літоўскі ў 1774—87. У сваім маёнтку Мерач (пазней Паўлава) Віленскага пав. правёў прагрэс. рэформы (гл.Паўлаўская рэспубліка).
Міхал Геранім (17.4.1762—1806), чашнік літоўскі. Пасол на Чатырохгадовым сойме 1788—92. У час паўстання 1794 чл. Найвышэйшай літоўскай рады і дэпутацыі бяспекі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АДЧЫ́НЕНЫХ ДЗВЯРЭ́Й» ПАЛІ́ТЫКА,
1) адзін са стратэгічных кірункаў знешняй палітыкі ЗША у канцы 19 — пач. 20 ст. па стварэнні спрыяльных умоў для эканам. экспансіі ў Кітаі. ЗША, прызнаючы падзел Кітая на сферы ўплыву паміж Вялікабрытаніяй, Германіяй, Францыяй, Расіяй, Японіяй і інш. дзяржавамі, патрабавала захаваць для амер. капіталу ў гэтых сферах «адчыненыя дзверы» — роўныя правы і магчымасці, ільготы і тарыфы. Афіцыйна «Адчыненых дзвярэй» палітыка прызнана на Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22. У сав.гіст. л-ры наз. «Адкрытых дзвярэй» дактрына.
2) Сучасны кірунак развіцця сусв. эканомікі і гандлю, галоўны прынцып якога — узаемаадкрытасць эканомікі праз дзейнасць транснац. карпарацый і транснац. банкаў. Падтрымліваецца найб. краінамі свету: ЗША, Японіяй, Францыяй, Германіяй і інш. 3) Курс некаторых дзяржаў Азіі (Кітай, Паўд. Карэя, Малайзія, Індыя і інш.), Афрыкі (Егіпет, Нігерыя, Кенія і інш.), Лац. Амерыкі (Аргенціна, Мексіка, Багамскія Астравы і інш.), рэспублік б.СССР (Расія, Украіна, Літва, Латвія, Эстонія) на эканам. развіццё за кошт прыцягнення замежнага капіталу, тэхнікі і тэхналогій і стварэння свабодных эканамічных зон з ільготным падатковым рэжымам, асобнымі правамі ў сац.-эканам. і паліт. сферах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛАГА́РДЗІ (De la Gardie),
сям’я шведскіх ваен. і паліт. дзеячаў. Понтус (1520—5.11.1585). Француз па паходжанні. Барон, маршал (1582). Служыў у дацкім войску. У 1565 трапіў у шведскі палон і перайшоў на службу да караля Эрыка XIV, потым — Юхана III Вазы. З 1580 удзельнічаў у вайне з Расіяй, вёў мірныя перагаворы. Якаб Понтус (20.6.1585, Талін — 12.8.1652), сын Понтуса. Граф (1615), маршал (1620). Удзельнік польск. і швед. інтэрвенцыі ў пач. 17 ст. ў Расію, заключэння Сталбоўскага міру 1617, вайны Швецыі з Рэччу Паспалітай 1617—29. З 1619 швед. намесніку Рэвелі (цяпер Талін), з 1622 ген.-губернатар Ліфляндыі. У 1632—44 чл. рэгенцкага савета пры непаўналетняй каралеве Крысціне. Магнус Габрыэль (15.10.1622—26.4.1686), сын Якаба Понтуса. Граф, швагер (брат жонкі) Карла X Густава. Маршал і вял. канцлер (1660). Фаварыт каралевы Крысціны. У 1654—60 у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 узначальваў швед. армію ў Інфлянтах, Літве і Беларусі. Вёў перагаворы пра заключэнне Аліўскага міру 1660. Садзейнічаў развязванню вайны з Прусіяй, якая скончылася ў 1675 паражэннем Швецыі. За няўмелае кіраўніцтва арміяй адхілены ад пасады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЧАКО́Ў (Аляксандр Міхайлавіч) (15.6.1798, г. Хаапсалу, Эстонія — 11.3.1883),
расійскі дзярж. дзеяч, дыпламат, дзярж. канцлер (з 1867). Са стараж. княжацкага роду Гарчаковых. На дыпламат. службе з 1817. Да 1854 на розных дыпламат. пасадах у Лондане, Рыме, Берліне, Вене. У 1856—82 міністр замежных спраў. На Венскай канферэнцыі (1854) прадухіліў уступленне Аўстрыі ў Крымскую вайну 1853—56 на баку Францыі. Палітыка Гарчакова садзейнічала захаванню Расіяй нейтралітэту ў войнах Прусіі з Даніяй (1864), Аўстрыяй (1866), Францыяй (1870—71). У 1871 на міжнар. канферэнцыі ў Лондане дамогся адмены абмежавальных артыкулаў Парыжскага мірнага дагавора 1856, падпісання канвенцыі, якая пацвердзіла суверэнныя правы Расіі на Чорным м. Удзельнік стварэння «Саюза трох імператараў» (1873). Забяспечыў нейтралітэт еўрап. дзяржаў у рус.-тур. вайне 1877—78. Адмоўныя для Расіі вынікі Берлінскага кангрэса 1878 падарвалі прэстыж Гарчакова. У 1879 фактычна адышоў ад спраў, з 1882 у адстаўцы.
Літ.:
Семанов С.Н. А.М.Горчаков — русский дипломат XIX в. М., 1962;
Хитрова Н.И. Триумф А.М.Горчакова. Отмена нейтрализации Черного моря // Российская дипломатия в портретах. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛКЕ́ЎСКІ, Жулкеўскі (Žółkiewski) Станіслаў (1547, Турынец каля г. Львоў, Украіна — 7.10.1620), ваенны і дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай. Гетман польны каронны (1588), кашталян львоўскі (1590), ваявода кіеўскі (1608), гетман вял. каронны (1613), канцлер вял. каронны (1617). Удзельнічаў у ваен. дзеяннях пад Гданьскам у 1577 і ў паходах Стафана Баторыя ў Лівонскую вайну 1558—83, у т. л. ва ўзяцці Полацка (1579), аблозе Пскова (1581). У час бескаралеўя (1587) падтрымаў кандыдатуру Жыгімонта III Вазы. Задушыў паўстанне С.Налівайкі (1596). Быў праціўнікам прагабсбургскай і антырас. палітыкі Жыгімонта III, але ў час ўзбр. выступлення шляхты на чале з М.Зэбжыдоўскім выступіў на баку караля і ліквідаваў мяцеж (1607). У час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18 разбіў у 1610 каля в. Клушына рус. войскі, заняў Маскву і дамогся абрання на рас. трон каралевіча Уладзіслава. У 1620 узначальваў ваен. сілы Рэчы Паспалітай у вайне з Турцыяй. Загінуў у баі.
Тв.:
Historia wojny moskiewskiej aż do opanowania Smoleńska... 9 wyd. Warszawa, 1966.
Літ.:
Prochaska A. Hetman Stanisław Żółkiewski. Warszawa, 1927.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЕВІ́НА ((Possevino) Антоніо) (12.7.1533, г. Мантуя, Італія —26.2.1611),
дыпламат, тэолаг, педагог. З 1559 чл. ордэна езуітаў. У 1581 у якасці папскага легата накіраваны ў Маскву, каб паспрыяць спыненню працяглай Лівонскай вайны 1558—83. З яго актыўным удзелам заключаны Ям-Запольскі мірны дагавор 1582 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай. Пасля вайны П. стаў дарадцам караля Стафана Баторыя, спрыяў умацаванню ў краіне пазіцый езуітаў (у т. л. на землях ВКЛ), пашырэнню контррэфармацыі. Абмяркоўваў з каралём праект стварэння Лігі еўрап. дзяржаў, накіраванай супраць Турцыі. Адзін з ініцыятараў падрыхтоўкі Брэсцкай уніі 1596, спрабаваў пераканаць у яе неабходнасці гал. апекуна праваслаўя ў ВКЛ К.В.Астрожскага. Па даручэнні караля ў 1586 ездзіў у Рым да папы Сікста V. Пасля абрання ў 1587 каралём Жыгімонта III вярнуўся ў Італію і прысвяціў сябе пед. і літ. дзейнасці. Аўтар кнігі «Масковія» (Вільня, 1586, на лац. мове), у якой выклаў гісторыю, звычаі і рэліг. сітуацыю ў Расіі, што робіць твор каштоўнай гіст. крыніцай.
Tв.: Рус.пер. — Исторические сочинения о России XVI в. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НІН, Захар’еў-Сухарук,
Кузьма Мініч (?—1616), арганізатар і кіраўнік (разам з кн. Дз.М.Пажарскім) нар. апалчэння, якое вызваліла Маскву ў час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. Ніжагародскі пасадскі чалавек, гандляр мясам і рыбай. 1.9.1611 выбраны земскім старастам. Ахвяраваў уласныя зберажэнні і ўзначаліў збор сродкаў на арганізацыю ніжагародскага нар. апалчэння, праз паслоў запрасіў Пажарскага стаць ваен. кіраўніком апалчэння. У пач. вясны 1612 апалчэнне на чале з М. і Пажарскім рушыла да Яраслаўля, дзе М. увайшоў у склад пераходнага ўрада — «Савета ўсёй зямлі» (дзейнічаў у 1612—13). Вызначыўся ў баях за Маскву 22—24.8.1612 як ваен. арганізатар і храбры воін. У 1613 уведзены ў Баярскую думу з чынам думнага двараніна. М. — адзін з найб. папулярных нац. герояў рус. народа. Яму ўстаноўлены помнікі ў Ніжнім Ноўгарадзе — у Крамлі (1826, скульпт. А.І.Мельнікаў) і на плошчы яго імя (1943, скульпт. А.І.Колабаў); у Маскве на Краснай плошчы ўстаноўлены помнік М. і Пажарскаму (1818, скульпт. І.П.Мартас).
Літ.:
Скрынников Р.Г. Минин и Пожарский: Хроника Смутного времени. М., 1981;
расійскі дзярж. дзеяч, дыпламат. Граф Амурскі (1858), ген.-ад’ютант (1857). Ген. ад інфантэрыі (1858). Скончыў Пажскі корпус (1827). Удзельнік рас.-тур. вайны 1828—29 і задушэння паўстання 1830—31 у Польшчы, Беларусі і Літве. У 1846 тульскі ваен. і грамадзянскі губернатар. Зарэкамендаваў сябе як ліберал, адзін з першых сярод вышэйшых саноўнікаў Расіі ўзняў пытанне пра скасаванне прыгоннага права. У 1847—61 іркуцкі і енісейскі губернатар, ген.-губернатар Усх. Сібіры. Быў прыхільнікам актыўнай наступальнай палітыкі на Д. Усходзе, з гэтай мэтай прыцягваў да вывучэння і асваення краю мясц. інтэлігенцыю і паліт. ссыльных, падтрымліваў дзейнасць Г.І.Невяльскога. З дазволу ўрада зрабіў захады па захопе і асваенні спрэчных з Кітаем тэрыторый Прыамур’я, падпісаў Айгунскі (1858) і Пекінскі (1860) дагаворы з Кітаем, паводле якіх за Расіяй замацаваны левабярэжжа Амура і Усурыйскі край. З 1861 у адстаўцы.
Літ.:
Мамай А.С. Споры в русском правительстве по Амурскому вопросу (1848—1854) // Вестн. Московского ун-та. Сер. 8. История 1996. № 3;
Беспрозванных Е.Л. Приамурье в системе русско-китайских отношений, XVII — середина XIX вв. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКАЯ СПА́ДЧЫНА,
вайна за польскую спадчыну (1733—35) паміж Расіяй, Аўстрыяй і Саксоніяй з аднаго боку і Францыяй — з другога. Падстава — выбары караля Рэчы Паспалітай пасля смерці Аўгуста II (1733). Францыя падтрымлівала кандыдатуру Станіслава Ляшчынскага, зацвярджэнне якой вяло да стварэння антырас. блоку дзяржаў на чале з Францыяй. Расія і Аўстрыя падтрымлівалі сына Аўгуста II саксонскага курфюрста Фрыдрыха Аўгуста II. Паводле просьбы групы магнатаў, Расія ў вер. 1733 увяла ў Рэч Паспалітую свае войскі. 12.9.1733 на сейме ў Варшаве каралём быў выбраны Ляшчынскі, але частка шляхты на занятай рас. войскамі тэр. ўзвяла на прастол Фрыдрыха Аўгуста II (гл.Аўгуст Ш). Рас. войскі ў студз. 1734 захапілі г. Торунь, у ліп. — Гданьск (Данцыг), адкуль Ляшчынскі ўцёк у Прусію. У 1734—35 Францыя з пераменным поспехам вяла ваен. дзеянні супраць Аўстрыі на р. Рэйн і ў Італіі. У кастр. 1735 заключаны папярэдні, а ў ліст. 1738 у Вене — канчатковы мір паміж Аўстрыяй і Францыяй, да якога ў 1739 далучыліся Расія, Рэч Паспалітая і Саксонія. Францыя прызнала каралём Рэчы Паспалітай Аўгуста III.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ МІР 1918, Брэст-Літоўскі мірны дагавор 1918. Падпісаны ў Брэсце (Брэст-Літоўску) 3.3.1918 прадстаўнікамі Сав. Расіі з аднаго боку і прадстаўнікамі краін Чацвярнога саюза (Германіі, Аўстра-Венгрыі, Балгарыі і Турцыі) — з другога; ратыфікаваны 4-м Надзвычайным Усерас. з’ездам Саветаў 15.3.1918 і герм. імператарам Вільгельмам II 26.3.1918. У выніку перагавораў у Брэст-Літоўску, якія праходзілі з 20.11(3.12) па 2(15).12.1917, было заключана пагадненне аб перамір’і паміж Сав.Расіяй і Чацвярным саюзам да 1(14).2.1918. Мірныя перагаворы пачаліся 9(22).12.1917 і праходзілі ў абставінах вострай паліт. барацьбы ў бальшавіцкім кіраўніцтве паміж У.І.Леніным і яго прыхільнікамі з аднаго боку, Л.Д.Троцкім і «левымі камуністамі» на чале з М.І.Бухарыным — з другога. Геапалітычным фонам Брэсцкай мірнай канферэнцыі былі падзеі на Украіне — бальшавіцкае паўстанне супраць Укр.нар. рэспублікі (УНР), абвяшчэнне УССР. У выніку гэтых падзей герм. блок прызнаў УНР і 27.1(9.2).1918 падпісаў з яе прадстаўнікамі асобны дагавор, паводле якога Украіна падлягала акупацыі аўстра-герм. войскамі. Пасля зрыву мірных перагавораў дэлегацыяй Сав. Расіі на чале з Троцкім 18.2.1918 аўстра-герм. войскі пачалі наступленне па ўсім фронце і занялі б.ч.тэр. Беларусі (да Дняпра, Сажа і Зах. Дзвіны). Неакупіраванымі засталіся толькі 14 паветаў Віцебскай і Магілёўскай губ. Паколькі Сав. Расія была няздольная працягваць ваен. дзеянні, яе прадстаўнікі падпісалі мір, прыняўшы герм. ультыматыўныя патрабаванні. Дагавор складаўся з 14 артыкулаў і розных дадаткаў. Ням. акупацыі падлягалі Курляндыя, Літва, Ліфляндыя, Эстляндыя і частка Беларусі. На Каўказе да Турцыі адыходзілі правінцыі Усх. Анатоліі і акругі Карс, Ардаган і Батум. Украіна і Фінляндыя прызнаваліся самаст. дзяржавамі. Усяго Расія страчвала тэрыторыі каля 1 млн.км² з насельніцтвам больш за 50 млн.чал. Дагавор абавязваў Сав. Расію правесці поўную дэмабілізацыю арміі і флоту, прызнаць дагавор Цэнтр.укр. рады з Германіяй і яе саюзнікамі, заключыць мірны дагавор з УНР і вызначыць мяжу паміж Расіяй і Украінай. Сав. Расія абавязвалася аднавіць гандлёва-эканам. льготы і прывілеі для Германіі, у т. л. мытны тарыф 1904 на яе карысць. Заключэнне Брэсцкага міру дазволіла сав. ўраду атрымаць неабходную яму мірную перадышку.
Бел. пытанне на перагаворах самаст. значэння не мела, нягледзячы на тое, што паняцце «самавызначэнне нацый» стаяла ў цэнтры дыскусій. Паводле прапаноў дэлегацыі РСФСР, нацыянальным групам, якія не карысталіся паліт. самастойнасцю да вайны, гарантавалася магчымасць свабодна вырашаць пытанне аб сваёй прыналежнасці да той ці інш. дзяржавы або аб сваёй дзярж. незалежнасці шляхам рэферэндуму. Бел. дэлегацыя, сфарміраваная Усебел. з’ездам 1917 (С.А.Рак-Міхайлоўскі, І.М.Серада, А.І.Цвікевіч), прысутнічала на канферэнцыі толькі як дарадца дэлегацыі УНР і актыўнага ўдзелу ў перагаворах не прымала. Паводле ўмоў Брэсцкага міру тэр. Беларусі падзялялася па лініі Дзвінск—Свянцяны—Ліда—Пружаны—Брэст. Немцы арыентаваліся на стварэнне «малой Літвы» з далучэннем бел. зямель, у т. л. Віленшчыны і Гродзеншчыны, да этнічнай Літвы. Астатняя тэр. Беларусі разглядалася як прэрагатыва Сав. Расіі. Землі на Пд ад Палескай чыг. па дамоўленасці з Цэнтр.укр. радай перадаваліся УНР. Устанаўлівалася, што для тэрыторый, якія знаходзіліся на З ад устаноўленай лініі і раней належалі Расіі, не будзе вынікаць ніякіх абавязкаў у адносінах да Расіі. Апошняя адмаўлялася ад усякага ўмяшання ва ўнутр. справы гэтых абласцей. Германія і Аўстра-Венгрыя збіраліся вызначыць іх будучы лёс праз рэферэндум. Брэсцкі мір — першы ў 20 ст. падзел бел. зямель паміж 5 дзяржавамі: Германіяй, Сав.Расіяй, Украінай, Літвой і Латвіяй. Беларусь не атрымлівала кампенсацый на аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі, паколькі Германія і Расія ўзаемна адмовіліся ад пагашэння ваен. страт. Брэсцкі мір узмацніў незалежніцкія настроі ў бел.нац.-вызв. руху і садзейнічаў абвяшчэнню незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Паводле дадатковага сав.-герм. дагавора ад 27.8.1918 Германія абавязвалася ачысціць тэр. на У ад Бярэзіны. Да пач.ліст. 1918 быў вызвалены шэраг валасцей Аршанскага, Лепельскага, Магілёўскага, Полацкага і Сенненскага пав. Калі ў выніку Лістападаўскай рэвалюцыі ў 1918 у Германіі была скінута кайзераўская манархія, Германія 11.11.1918 падпісаннем Камп’енскага перамір’я адмовілася ад Брэсцкага міру 13.11.1918 Усерас.ЦВК ануляваў Брэсцкі мір. Канчаткова Брэсцкі мір скасаваны паводле Версальскіх мірных пагадненняў 1919 з пераможанай Германіяй.
У.Е.Снапкоўскі.
Да арт.Брэсцкі мір 1918. Мірныя перагаворы ў Брэсце. Сакавік 1918.