дашкольная ўстанова, якая забяспечвае неабходныя ўмовы развіцця і выхавання дзяцей ва ўзросце ад 2 месяцаў да 3 гадоў. У Дз.я. вылучаюць 4 ўзроставыя групы: грудных дзяцей (да 9 мес), «паўзунковая» (9—14 мес), сярэдняя (14—24 мес), старэйшая (2—3 гады). Дзяцей, якім споўнілася 3 гады, прымаюць дзіцячыя сады. З 1959 існуе дашкольная ўстанова, якая аб’яднала Дз.я. і дзіцячыя сады ў адзін тып дашкольнай установы — дзіцячыя яслі-сад.
У яслях дзеці знаходзяцца па 10—11 гадз у суткі; існуюць групы падоўжанага і кругласутачнага выхавання. З дзецьмі працуюць сёстры-выхавальніцы, метадычную і выхаваўчую работу ажыццяўляе педагог-метадыст, лячэ́бна-прафілактычную — урач. Будуюць Дз.я. паводле тыпавых праектаў на 30—40 месцаў; у групе ад 1 да 2 гадоў — 10, ад 2 да 3 гадоў — 15 месцаў. У апошнія гады колькасць дзяцей у Дз.я. паменшала ў выніку змены заканадаўства аб працягласці дэкрэтнага адпачынку жанчынам (да 3 гадоў). У 1980 на Беларусі было 229 Дз.я. на 20,6 тыс. дзяцей, у 1996—17 Дз.я. на 0,8 тыс дзяцей. Гл. таксама Дашкольныя ўстановы, Дашкольнае выхаванне і навучанне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ КРАЁВЫ З’ЕЗД,
выдуманы форум «дэлегатаў беларускіх грамадзянскіх і палітычных арганізацый, сялянскіх радаў», членаў «быўшай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ... іншых краёвых арганізацый цэлай Беларусі», які нібыта адбыўся 28—30.1.1919 у зоне «бальшавіцкай акупацыі» — у Навагрудку. «Прэзідэнт» нібыта абранай на Беларускім краёвым з’ездзе Беларускай краёвай народнай рады У.Цвірка-Гадыцкі меў у той час сталыя кантакты з дзеячамі БНР і нават супрацоўнічаў з імі. Легенда аб Беларускім краёвым з’ездзе ўзнікла ў сак. 1919, калі дэлегацыя БНР на чале з А.Луцкевічам дамагалася ўдзелу ў Парыжскай мірнай канферэнцыі. 23.3.1919 Цвірка-Гадыцкі і член Бел. краёвай нар. рады А.Янсан накіравалі міністру-прэзідэнту Польшчы І.Падарэўскаму ліст, у які ўключылі «рэзалюцыю з’езда», што тычылася справы бел. дзяржаўнасці. Аўтары «рэзалюцыі» пісалі, што «Беларусь у сваіх этнаграфічных межах... увойдзе ў сціслы звязак з Польскай Рэчы Паспалітай». Спасылкай на гэтую «рэзалюцыю» міністр-прэзідэнт Польшчы даводзіў на Парыжскай мірнай канферэнцыі, што дэлегацыя БНР не мае паўнамоцтваў і не можа ўдзельнічаць у перагаворах. «Рэзалюцыя» істотнага ўплыву на работу Парыжскай мірнай канферэнцыі не зрабіла. Фіктыўнасць Беларускага краёвага з’езду была даказана, і ў чэрв. 1919 прадстаўнікі бел. народа былі дапушчаны на канферэнцыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІЯ КАМІТЭ́ТЫ ДАПАМО́ГІ АХВЯ́РАМ РАДЫЯ́ЦЫІ за мяжой, дабрачынныя арганізацыі, якія дапамагаюць жыхарам Беларусі ў пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы 1986. Утвораны прадстаўнікамі бел. дыяспары ў некаторых краінах свету. Беларускі камітэт дапамогі ахвярам радыяцыі ў Лондане. Засн. ў 1989 як частка Бел. місіянерскага фонду ў Англіі. У складзе камітэта А.Надсон (старшыня), П.Асіповіч, Д.Дзінглі, В.Рыч. Мае прадстаўніцтвы ў ЗША (узначальвае Я.Сіру), Канадзе (Р.Жук-Грышкевіч), Аўстраліі (М.Лужынскі), Францыі (М.Навумовіч). Аказвае дапамогу жыхарам радыяц. зонаў лекамі, мед. абсталяваннем, прыладамі дазіметрыі. Канадскі фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля. Засн. ў 1989 у г. Атава. Узначальвае І.Сурвіла. Мае аддзел у г. Ванкувер (з 1994). Аказвае дапамогу медыкаментамі, прымае на лячэнне і адпачынак дзяцей з Беларусі. У г. Лондан (прав. Антарыо) па ініцыятыве Б.Рагулі разам з ф-там стаматалогіі Лонданскага ун-та распрацаваны праект па аказанні дапамогі ў стаматалагічным лячэнні дзяцей на Беларусі. Фонд вядзе прапагандысцкую работу, пашырае веды пра Беларусь. Камітэт дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Аўстраліі. Дзейнічае з 1990 пры Федэральнай радзе бел. арг-цыі. Збірае грошы, арганізоўвае дастаўку медыкаментаў на Беларусь і лячэнне дзяцей у Аўстраліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛА́К-БАЛАХО́ВІЧ Станіслаў Нікадзімавіч
(10.2.1883, маёнтак Мейшты, Браслаўскі р-н Віцебскай вобл. — 10.5.1940),
ваенны і паліт. дзеяч. У 1-ю сусв. вайну ваяваў на Паўн.-Зах. фронце, штаб-ротмістр. Вясной 1918 уступіў у Чырв. Армію, але ў ліст. 1918 разам са сваім палком перайшоў на бок Пскоўскага добраахвотніцкага корпуса белых, з мая 1919 — ген.-маёр. У студз. 1920 прыняты са сваім конным атрадам у склад войска БНР і з дазволу польскіх улад накіраваны на Палессе, рабіў кав. налёты на тылы і асобныя часці Чырв. Арміі. У ліп. 1920 пайшоў на пагадненне са старшынёй Рус.паліт.к-та ў Польшчы Б.В.Савінкавым аб сумеснай барацьбе супраць сав. улады, падрыхтаваў і ажыццявіў Булак-Балаховіча паход 1920. У 1920—30-я г. ў Польшчы, ген. брыгады польск. войска. У 1937—39 прымаў удзел у грамадз. вайне ў Іспаніі на баку Ф.Франка. У 2-ю сусв. вайну ў вер. 1939 удзельнічаў у абароне Варшавы. Вёў падпольную работу супраць акупантаў. Забіты гестапаўцамі ў час арышту.
Літ.:
Cabanowcki M. Generał Stanisław Bułak-Bułachowicz. Warszawa, 1993;
Чобат А. Станіслаў Булак-Балаховіч // Спадчына. 1995. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́НДАР Карл Іванавіч
(17.4.1883, Ліепайскі р-н, Латвія — 29.7.1937),
савецкі парт. і дзярж. дзеяч, удзельнік барацьбы за сав. ўладу ў Беларусі. З 1905 вёў падп.работу ў Маскве, Пецярбургу, Лібаве, Рызе, Самары, Ніжнім Ноўгарадзе. З 1915 на Зах. фронце, чл. латышскай с.-д. групы ў Мінску. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. Мінскага і ПаўнЗах. к-таў РСДРП(б). Чл. часовага ВРКЗах. фронту па барацьбе з карнілаўшчынай. З вер. 1917 старшыня Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З 9.11.1917 старшыня ВРКЗах. фронту, у ліст. 1917 — студз. 1918 — СНКЗах. вобласці і фронту. З мая 1918 нарком дзярж. кантролю РСФСР. З 1920 асобаўпаўнаважаны ВЧК на Паўн. Каўказе і ў Данской вобл., нач. асобага аддзела Каўказскага фронту. У 1921 заг. агітац.-прапагандысцкага аддзела Маскоўскага к-та РКП(б). З 1922 упаўнаважаны Сав. ўрада пры замежных місіях дапамогі галадаючым у Расіі, у 1923—25 чл. калегіі Наркамата знешняга гандлю СССР, пазней на навук.-літ. і пед. рабоце ў ВНУ Масквы, Ленінграда, Кіева. Чл.ВЦВК у 1917—18 і яго Прэзідыума.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАПАМО́ЖНАЯ ШКО́ЛА,
спецыяльная навучальна-выхаваўчая ўстанова для разумова адсталых дзяцей, задача якой — максімальная карэкцыя парушэнняў іх псіхічнага і фіз. развіцця ў працэсе вучобы, выхавання, а таксама заняткаў па выпраўленні дэфектаў развіцця і лячэбна-аздараўленчай работы. Прызначана забяспечыць адаптацыю і інтэграцыю дзяцей у грамадстве за кошт прафесійна-прац. падрыхтоўкі і інтэграванага навучання ў адпаведнасці з узроставымі і індывід. асаблівасцямі іх разумовага і фіз. развіцця. Першыя Д.ш. ўзніклі ў Германіі і Францыі ў 1-й пал. 19 ст. У Беларусі адкрыты ў 1918—20 (у Віцебску, Магілёве, Мінску). Асн. тып Д.ш. — школы-інтэрнаты. Частка дзяцей вучыцца ў звычайных школах (інтэграванае навучанне), некат. атрымліваюць карэкцыйную дапамогу на дэфекталагічных пунктах і ў дыягностыка-рэабілітацыйных цэнтрах. Навучанне вядзецца па спец. вучэбных планах, праграмах і падручніках. Напаўняльнасць класаў каля 12 чал. Большасць выпускнікоў Д.ш. уключаюцца ў вытв. працу. Дзеці з цяжкай формай разумовай адсталасці знаходзяцца ва ўстановах Мін-васац. абароны (дамы-інтэрнаты псіханеўралагічнага профілю). Пед. кадры для Д.ш. са спец. сярэдняй адукацыяй рыхтуюць Салігорскае пед. вучылішча і Магілёўскі пед. каледж, з вышэйшай — Бел.пед.ун-т. Навукова-даследчую работу ў гэтым кірунку вядзе Нац.ін-т адукацыі. У 1996/97 навуч.г. ў Беларусі 49 Д.ш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ЗНАЧАНЫ ІНТЭГРА́Л,
канечны ліміт інтэгральнай сумы функцыі на адрэзку [a, b]; адно з асн. паняццяў матэм. аналізу. Абазначаецца
.
Геаметрычна вызначаны інтэграл выражае плошчу «крывалінейнай трапецыі», абмежаванай адрэзкам [a, b] восі Ox, графікам функцыі 𝑓(x) і ардынатамі пунктаў графіка, якія маюць абсцысы a і b.
Паводле вызначэння вызначаны інтэграл
, дзе
— даўжыні элементарных адрэзкаў, якія атрымліваюцца ў выніку падзелу адрэзка [a, b] на n элементарных адрэзкаў пунктамі
; λ — даўжыня найбольшага адрэзка ; — некаторы пункт адрэзка . Асн. сродак вылічэння вызначанага інтэграла — формула Ньютана—Лейбніца
, дзе — любая першаісная для , г.зн.
.
Вызначаны інтэграл мае разнастайныя дастасаванні ў матэматыцы, фізіцы, механіцы, біялогіі, тэхніцы. З яго дапамогай вылічаюць плошчы крывалінейных фігур, паверхняў, даўжыні дуг крывых ліній, аб’ёмы цел, каардынаты цэнтра цяжару, моманты інерцыі, шлях цела, работу і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗГУРТАВА́ННЕ БЕЛАРУ́САЎ КАНА́ДЫ
(ЗБК),
бел.арг-цыя ў эміграцыі. Засн. ў 1948 у г. Таронта, першы старшыня — К.Акула. Працай кіруе Гал. ўправа, існуюць таксама Наглядная рада і Сяброўскі суд. Дзейнічаюць аддзелы ў Гамільтане (з 1949), Манрэалі (з 1951, цяпер Згуртаванне беларусаў прав. Квебек), Лондане (1956), Садбуры (1957), Атаве. Асн. кірункі дзейнасці — захаванне і прапаганда бел.нац. і культ. спадчыны, дапамога членам ЗБК. У выніку расколу ЗБК (1952) засн.Беларускае нацыянальнае аб’яднанне. Пасля стварэння групы «Авангард Беларусі» (1952) удалося пераадолець крызіс і ажывіць работу згуртавання. Пры ЗБК працуе Згуртаванне беларускіх жанчын Канады (з 1965) і інш. ЗБК — чл.Каардынацыйнага камітэта беларусаў Канады (з 1966), Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Таронта (з 1967), Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» (з 1990), удзельнік сустрэч беларусаў Паўн. Амерыкі (з 1952). ЗБК правяло святкаванні 450-годдзя бел. друку (1967), 1000-годдзя хрысціянства на Беларусі (1988), арганізоўвае выстаўкі выяўл. і нар. мастацтва, удзельнічае ў міжнац. фестывалях. Выдавала газ.«Беларускі эмігрант», з 1995 выдае квартальнік «Інфа ЗБК». У 1963—68 у газ.«Беларус (Нью-Йорк) змяшчала старонку «Весткі з Канады».
А.С.Ляднёва.
Да арт.Згуртаванне беларусаў Канады. Беларускі грамадскі цэнтр у г. Таронта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ
(БКА),
арганізацыя камуніст. кірунку на тэр. Мінскай і Гродзенскай губ. у 1920. Створана 1 студз. на аснове арг-цыі «Маладая Беларусь». У ЦК БКА уваходзілі У.М.Ігнатоўскі (старшыня), С.Г.Булат, І.П.Каранеўскі. Прызнаючы праграму і тактыку РКП(б), БКА дамагалася аднаўлення БССР, якая б будавала свае адносіны з РСФСР на федэратыўных асновах. Імкнулася праводзіць палітыку ў інтарэсах бел. народа, была як бы зародкам бел. нацыянал-бальшавізму. Яднала левыя элементы партыі бел. эсэраў сярод навучэнцаў, сельскага настаўніцтва, сялянства і накіроўвала іх у рэчышча барацьбы з польск. інтэрвентамі. Члены БКА садзейнічалі аб’яднанню партыз. атрадаў у Мінскую паўстанцкую арг-цыю. Пасля яе разгрому польск. дэфензівай у крас. 1920 ЦК БКА уключыў сваіх прадстаўнікоў у Бел. паўстанцкі к-т, які кіраваў баявымі дзеяннямі партызанаў. Пад кіраўніцтвам БКА дзейнічалі партыз. Атрады ў Докшыцах, Маладзечне, Старых Дарогах, Ігумене, Слуцку, Барысаве, Дукоры, Лідзе, Ашмянах і інш. Пасля вызвалення Мінска ад польск. інтэрвентаў БКА уключылася ў работу па адраджэнні нац. дзяржаўнасці бел. народа, удзельнічала ў падпісанні Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці БССР (31.7.1920). 20.8.1920 прынята ў склад КП(б)Б. У канцы 1920-х — 1930-я г. амаль усе б. члены БКА абвінавачаны ў правядзенні нац.-дэмакр. ідэалогіі і рэпрэсіраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІСАРЫЯ́Т, Белнацком,
Белнаком, аддзел Нар. камісарыята па справах нацыянальнасцяў РСФСР. Існаваў з лют. 1918 да сак. 1919. Распачаў дзейнасць у Петраградзе паводле дэкрэта СНК РСФСР ад 13.2.1918. З сак. 1918 знаходзіўся ў Маскве. Меў аддзяленні ў Петраградзе, Смаленску, Віцебску, Саратаве. Складаўся з агітацыйна-паліт., культ.-асв., бежанскага, выдавецкага аддзелаў. Працаваў сумесна з беларускімі секцыямі РКП(б). Камісар А.Р.Чарвякоў (да мая 1918). Вёў паліт. і культ.-асв.работу сярод беларусаў на тэр.Сав. Расіі, браў на ўлік бел. арг-цыі і ўстановы, эвакуіраваныя ў час 1-й сусв. вайны, адкрываў бел. школы, клубы, выдаваў л-ру на бел. і рус. мовах. Заснаваў у Маскве Беларускі народны універсітэт, удзельнічаў у стварэнні Беларускага навукова-культурнага таварыства ў Маскве і Беларускага вольна-эканамічнага таварыства ў Петраградзе. Друкаваны орган — газ.«Дзянніца». Прымаў удзел у падрыхтоўцы абвяшчэння БССР, у стварэнні Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі.
Літ.:
Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики. [Т. 1—2]. Мн., 1975—79;
Калубовіч А. «Айцы» БССР і іхны лёс // Калубовіч А. Крокі гісторыі. Беласток;
Вільня. Мн., 1993;
Скалабан В.В. Издательская деятельность Белорусского национального комиссариата (1918—1920 гг.) // История книги, книжного дела и библиографии в Белоруссии: (Сб. науч. тр.). Мн., 1986.