ПАРАЎНА́ННЕ ў філасофіі,

акт мыслення, пры дапамозе якога класіфікуецца, упарадкоўваецца і ацэньваецца змест быцця і пазнання. Заключаецца ў папарным супастаўленні аб’ектаў з мэтай выяўлення іх адносін; пры гэтым істотным з’яўляюцца ўмовы, або асновы П., — адзнакі, якія дэтэрмінуюць магчымыя адносіны паміж прадметамі. Найб. важны і просты тып адносін, якія выяўляюцца праз П. — адносіны тоеснасці і адрознення. Паводле адносін парадку П. звычайна звязвацца з іерархічнымі класіфікацыямі прадметаў, а П. па ўласцівасцях — з т.зв. разбіваннямі на класы абстракцый.

П. ў літаратуры — мастацкі прыём, пабудаваны на супастаўленні прадметаў ці з’яў, у выніку якога сутнасць аднаго з іх вытлумачваецца праз сутнасць другога; найб. пашыраны від тропа. Граматычна афармляецца з дапамогай злучнікаў і злучальных слоў («як», «нібы», «быццам», «няйначай» і інш.), творным склонам назоўніка, апісальным зваротам, інтанацыйнай (бяззлучнікавай) сувяззю. Бываюць разгорнутыя П., дзякуючы якім падрабязна характарызуецца пэўная з’ява. Асобны від П. — адмоўнае П., у якім пры знешнім проціпастаўленні двух паняццяў ці з’яў наглядаецца іх глыбокае ўнутр. супастаўленне: «Не каліна над вадою // Пахіліла голле — // Плача маці сярод поля, // Праклінае долю» (П.​Трус). Ад П. паходзяць паралелізм, метанімія, метафара, сінекдаха, гіпербала, літота і інш. Гутарковай мове ўласцівы ўстойлівыя, або нар. П.: «чысты як сляза», «чорны як сажа» і інш. У л-ры часам увесь твор — адно разгорнутае П., напр., верш М.​Багдановіча «Зразаюць галіны таполі адну за адной...». П. робіць тэкст твора па-мастацку дакладным, наглядным, жывапісным, выяўляе мастакоўскую своеасаблівасць паэта, яго стаўленне да таго, што адлюстроўваецца ў творы.

В.​П.​Рагойша (літаратура).

т. 12, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫМЕ́ТНІК,

знамянальная часціна мовы, якая абазначае прыкметы прадметаў, з’яў і жывых істот. Паводле значэння падзяляюцца на якасныя і адносныя.

Якасныя выражаюць якасці і ўласцівасці прадметаў, маюць ступені параўнання. формы суб’ектыўнай ацэнкі і меры якасці («бялюсенькі», «гаркаваты», «страшэнны», «даўжэзны»), могуць утвараць поўную і кароткую формы («дужы», «дуж»), бываюць невытворныя («добры», «новы») і вытворныя («клапатлівы», «працавіты»), Адносныя паказваюць на прыкмету прадмета праз адносіны да інш. прадметаў, асоб, дзеянняў ці акалічнасцей («летні вечар», «дзіцячы смех»), пры вобразна-пераносным ужыванні лёгка пераходзяць у якасныя («жалезная воля», «братні прыём»), бываюць толькі вытворныя («зімовы», «спартыўны»), Разнавіднасць адносных — прыналежныя П., якія абазначаюць прыкмету паводле прыналежнасці прадмета пэўнай асобе ці жывой істоце («бацькаў кажух», «вавёрчына дупло»), Формы роду, ліку і склону П. залежаць ад роду, ліку і склону назоўніка, з якім яны звязаны ў сказе ці ў больш шырокім кантэксце. Паводле склонавых форм падзяляюцца на 3 тыпы скланення: ад’ектыўнае (поўныя формы адносных і якасных П.), змешанае (прыналежныя П., якія ў назоўным і вінавальным склонах маюць кароткую, а ва ўсіх астатніх склонах — поўную форму), нулявое (нязменныя П. — «касцюм беж»). Утвараюцца афіксальным (суфіксальным — «пчаліны»; прэфіксальным — «антываенны»; прэфіксальна-суфіксальным — «міжвідавы») спосабамі, асноваскладаннем («руска-беларускі»), асноваскладаннем у спалучэнні з суфіксацыяй («дробназярністы»), зрашчэннем кампанентаў («вышэйпамянёны»), У сказе выконваюць ролю азначэння ці выказніка.

Літ.:

Булахаў М.Г. Прыметнік у беларускай мове. Мн., 1964;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Сямешка Л.І., Шкраба І.Р., Бадзевіч З.І. Курс беларускай мовы. Мн., 1996.

А.​І.​Наркевіч.

т. 13, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕ́СКІЯ ШКО́ЛЫ ДО́ЙЛІДСТВА.

Сфарміраваліся ў 17—18 ст. у драўляным грамадз. і культавым дойлідстве Бел. Палесся, традыцыі школ развіваліся да пач. 20 ст. Вылучаліся самабытнымі канструкцыйнымі і маст. прыёмамі стварэння арх. формы. Адрозніваюць зах.-палескую і ўсх.-палескую (прыпяцкую) школы.

Зах.-палеская школа склалася ў межах сучаснай Брэсцкай вобл. паміж Брэстам і Пінскам. Нар. жыллё гэтага рэгіёна вылучаецца своеасаблівасцю канструкцыі, планіроўкі, арг-цыі двара, архітэктуры пабудоў. Зрубы жылых і гасп. пабудоў ставілі пераважна з брусоў і дыляў з рубкай вуглоў «у каню», «у просты замок» і без «астатку». У гасп. збудаваннях пашырана слупавая канструкцыя плеценых з лазы сцен. Шырока бытавалі стрэхі 4-схільныя і паўвальмавыя з прычолкамі, накрытыя саломай ці чаротам. Здаўна характэрна каркасная канструкцыя страхі на сохах, стаяках, козлах, пазней — на кроквах. Своеасаблівасць планіроўкі 3-камернага жылля заключалася ў тым, што жылы пакой сенцамі злучаўся часам не з клеццю, а з варыўнёй. Найб. пашыраны былі пагонныя двары. У культавым дойлідстве пераважалі храмы падоўжна-восевай кампазіцыі, дзе розныя па памерах і форме зрубы аб’ядноўвалі агульным пластычным гонтавым дахам (цэрквы ў вёсках Здзітава Бярозаўскага, Вавулічы Драгічынскага р-наў). Будавалі таксама цэрквы з невысокімі пірамідальнымі вярхамі, часам зрэзанымі ў верхняй частцы (Олтушская Спаса-Праабражэнская царква), храмы з вежамі-званіцамі на гал. фасадзе (царква ў в. Альба Івацэвіцкага р-на), крыжовыя з перавагай у кампазіцыі падоўжнай восі (у в. Чарнаўчыцы Брэсцкага р-на). Пад уплывам стылю барока з’явіліся храмы падоўжна-восевай кампазіцыі з 2-вежавым гал. фасадам (Валавельская Юр’еўская царква) і базілікальныя (Опальская царква Параскевы Пятніцы). Асн. тыпы званіц — слупавыя (в. Ражкоўка Камянецкага р-на), каркасныя (в. Хмелева Жабінкаўскага р-на) і ярусныя зрубна-каркасныя (гл. Чэрская Міхайлаўская царква і званіца). Для школы характэрны сувязі з дойлідствам Украіны (Валынь, Букавіна), Літвы і Польшчы.

Усх.-палеская (прыпяцкая) школа склалася ў Прыпяцкім Палессі і верхнім Падняпроўі (у межах сучасных Гомельскай, У Брэсцкай і Пд Мінскай абласцей). Для гэтай тэрыторыі характэрны вянковыя, пагонныя, Г-падобныя двары і 2- і 3-камерныя хаты. Жыллё і гасп. пабудовы вылучаліся тэхнікай складання сцен з бярвёнаў (рубка вуглоў з «астаткам»; часам выступы-канцы бярвёнаў «астатку» счэсваліся на 6 граней), выкарыстаннем 2-схільных дранічных дахаў на зволаках. У паўд. частцы зоны сустракаюцца цэнтрычныя пабудовы жылога і гасп. прызначэння з вянковым пірамідальным перакрыццём. На ПдУ многія жылыя будынкі мелі квадратны план і вальмавы каркасны дах. У культавым дойлідстве разам з падоўжна-восевай кампазіцыяй храмаў пашыраны глыбінна-прасторавая і крыжова-цэнтрычная кампазіцыі з яруснымі вярхамі. На ранняй стадыі развіцця школы (17—1-я пал. 18 ст.) вярхі былі чацверыковыя пірамідальныя (Сінкевіцкая Георгіеўская царква), пад уплывам стылю барока расла колькасць заломаў (Слуцкая Міхайлаўская царква), вярхі станавіліся васьмерыковымі (Старабеліцкая Мікалаеўская царква). У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. школай выпрацаваны арыгінальны прыём узмацнення кантрасту кампазіцыі цэнтр. храмавага аб’ёму ў выніку пастаноўкі паміж 2 васьмерыкамі чацверыка (Рубельская Міхайлаўская царква, Кажан-Гарадоцкая Мікалаеўская царква). Такі прыём характэрны і для званіц. Будавалі таксама ярусныя храмы глыбінна-прасторавай кампазіцыі са званіцамі на гал. фасадзе (Гомельская Ільінская царква). На раннім этапе відавочная сувязь школы з Бойкаўшчынай (Укр. Карпаты), на познім пэўны ўплыў зрабіла дойлідства Левабярэжнай Украіны.

Літ.:

Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978.

Ю.​А.​Якімовіч.

т. 11, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМЕНЕ́ЎТЫКА (грэч. hermēneutikē ад hermēneuō растлумачваю, тлумачу),

майстэрства тлумачэння стараж. рэліг. і гіст. тэкстаў; вучэнне аб прынцыпах іх інтэрпрэтацыі, якое спалучала асновы багаслоўя і філалогіі.

2) Вучэнне аб разуменні тэкстаў твораў, метадалагічная аснова гуманітарных навук. Выкарыстоўваецца таксама ў музыцы і юрыспрудэнцыі (тлумачэнне законаў). Узнікла ў эпоху элінізму ў сувязі з даследаваннем класічных тэкстаў. Найб. развіццё як метадалагічны прыём атрымала ў рамках экзегетыкі пры тлумачэнні тэкстаў Бібліі і іх пачуццёва-літаральнага сэнсу. З пачаткам фарміравання ў эпоху Адраджэння класічнай філалогіі, незалежнай ад тэалогіі, герменеўтыка выступала як майстэрства перакладу помнікаў мінулай ант. культуры на мову жывой, сучаснай культуры. Выкарыстоўваецца таксама ў музыцы і юрыспрудэнцыі (тлумачэнне законаў). Як агульнафілас. праблема герменеўтыкі пастаўлена ў раннім ням. рамантызме Ф.Шлегелем і распрацавана Ф.Шлеермахерам. Як метад уласна гіст. інтэрпрэтацыі далей распрацоўвалася прадстаўнікамі т.зв. гіст. школы (Л.​Ранке, І.​Г.​Дройзен, В.Дзільтэй). У 1920-я г. паступова выпучылася ў адну з асн. метадалагічных працэдур у рамках уласна экзістэнцыялізму (Э.Гусерль, М.Хайдэгер), а потым і ва ўласна філасофскай герменеўтыцы (Г.Г.Гадамер, Ю.Хабермас). У 1960—70-я г. праблемы герменеўтыкі распрацоўвалі П.Рыкёр, Т.Кун, Э.​Карэт, Э.​Гайнтэль і інш. Пры ўсіх адрозненнях варыянтаў філас. герменеўтыкі агульнымі яе рысамі з’яўляюцца недавер да непасрэднага сведчання свядомасці, да абвешчанага Р.​Дэкартам прынцыпу непасрэднай верагоднасці самапазнання і зварот да «ўскоснага сведчання» аб жыцці, свядомасці, якія ўвасабляюцца не столькі ў логіцы, колькі ў мове.

Літ.:

Михайлов А.А. Современная философская герменевтика. Мн., 1984;

Рикер П. Герменевтика. Этика. Политика: Моск. лекции и интервью: Пер. с фр. М., 1995;

Szondi P. Einführung in die literarische Hermeneutik. Frankfurt-am-Main, 1975;

Hermeneutics and Modern Philosophy. New York, 1986.

т. 5, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁТЭ́ХНІКА,

навука аб метадах генерацыі, распаўсюджвання ў прасторы, прыёму і выкарыстання радыёхваль; галіна тэхнікі, якая ажыццяўляе распрацоўку, выраб і выкарыстанне радыёапаратуры. Асн. прынцып — выкарыстанне энергіі эл.-магн. поля для перадачы інфармацыі. Грунтуецца на дасягненнях фізікі, электронікі, фізікі цвёрдага цела, тэорыі ваганняў і інш., а таксама тэхналогіі вакуумных і паўправадніковых прылад, вытв-сці крыніц электрасілкавання, тэхнікі высокачастотных вымярэнняў і інш.

Даследаванні М.Фарадэя эл. і магн. палёў (1831) далі пачатак вучэнню аб распаўсюджванні эл.-магн. поля без правадоў. На іх аснове Дж.​К.​Максвел абгрунтаваў аднолькавасць прыроды светлавых і эл.-магн. хваль (1864), што пацверджана эксперыментальна Г.Герцам (1888). У 1895 А.С.Папоў прадэманстраваў сістэму перадачы — прыёму радыёсігналаў, прыдатную для практычнага выкарыстання. На пач. этапе развіцця Р. створаны прасцейшыя перадавальныя і прыёмныя радыёапараты для забеспячэння радыёсувязі. Далёкасць і якасць радыёсувязі істотна выраслі з пераходам на слыхавы прыём сігналаў і выкарыстаннем дэтэктара. Вынаходства электронных лямпаў дало магчымасць стварыць магутныя радыёперадатчыкі, высакаякасныя радыёпрыёмнікі і інш. радыёапаратуру, значна павялічыць далёкасць радыёсувязі, развіць радыётэлефанію і радыёвяшчанне, перадаваць відарыс — фотатэлеграфію і тэлебачанне. Дасягненні Р. садзейнічалі ўзнікненню новых галін навукі і тэхнікі: радыёастраноміі, радыёметэаралогіі, радыёспектраскапіі і інш. На аснове Р. і электронікі ўзнікла радыёэлектроніка. Павышэнню эфектыўнасці радыётэхн. апаратуры садзейнічала выкарыстанне паўправадніковых прылад, інтэгральных схем, малекулярных і параметрычных генератараў і ўзмацняльнікаў, квантавых генератараў і інш.

На Беларусі даследаванні па праблемах Р. вядуцца ў Ін-тах фізікі, электронікі Нац. АН, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, БДУ і інш.; працуюць радыётэхн. з-ды, якія выпускаюць радыёпрыёмнікі, тэлевізары і інш. радыётэхн. апаратуру.

Літ.:

Бытовая радиоэлектронная техника: Энцикл. справ. Мн., 1995.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 13, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМЕАПА́ТЫЯ (ад гамеа... + патыя),

сістэма лячэння мізэрна малымі дозамі індывідуальна падабраных лякарстваў. Прапанавана ў канцы 18 ст. ням. урачом С.​Ганеманам, які сцвярджаў, што хваробы можна лячыць маленькімі дозамі тых рэчываў, якія ў вял. дозах выклікаюць сімптомы, падобныя на прыкметы дадзенай хваробы (прынцып лячэння падобным). Гамеапатыя разглядае падыход да хваробы як да індывід. рэакцыі хворага на пашкоджвальны фактар, што залежыць ад спадчынна-канстытуцыянальных асаблівасцей арганізма. Як метад лячэння гамеапатыя афіцыйна прызнана ў многіх краінах свету; выкарыстоўваецца таксама ў вет. практыцы. На Беларусі дзейнічаюць гомеапатычныя лячэбныя цэнтры і аптэкі, вядзецца гомеапатычны прыём у паліклініках, санаторыях.

Гамеапатыя ўзнікла і атрымала пашырэнне ў Германіі, потым і ў інш. еўрап. краінах (у Расіі — з канца 1820-х г.) у той перыяд, калі ў медыцыне канкурыравалі супярэчлівыя тэорыі, шырока выкарыстоўваліся кровапусканні, клізмы, ірвотныя і стабільныя лек. рэчывы, якія знясільвалі арганізм хворага. У параўнанні з недахопамі лячэбнай медыцыны гамеапатыя адыгрывала пазітыўную ролю. Але з самага пачатку свайго існавання яна выклікала крытыку з боку прадстаўнікоў афіц. медыцыны. Асн. аб’ектам крытыкі былі вельмі нізкія канцэнтрацыі рэчываў, калі ў растворах знаходзіцца менш адной малекулы актыўнага рэчыва. Пазней даказана, што біял. актыўнасць рэчываў можа захоўвацца і ў канцэнтрацыях, адпаведных гомеапатычным. Гомеапатычныя лякарствы не выклікаюць пабочных эфектаў і алергічных рэакцый, не прычыняюць шкоды хвораму. Развіццём класічнай гамеапатыі стала тэорыя гоматаксікалогіі, распрацаваная ням. урачом. Г.​Рэкевегам у 1950-я г., якая аб’яднала гамеапатыю і навук. медыцыну

Літ.:

Гомеопатический домашний лечебник. 2 изд. М., 1993;

Гомеопатия: Практ. руководство к гомеопат. медицине. Т. 1—2. М., 1995;

Шаретт Ж. Практическое гомеопатическое лекарствоведение: Пер. с фр. Киев, 1990;

Вавилова Н.М., Кент Дж.Т. Реперторий гомеопатических лекарств. Новосибирск, 1995.

Т.​А.​Багрова.

т. 5, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК.

Створаны ў 1980 у Гродне з выпускнікоў аддзялення т-ра лялек Ленінградскага ін-та т-ра, музыкі і кінематаграфіі і Гродзенскага культасветвучылішча. Адкрыўся 25.5.1981 спектаклем «Людвіг і Тута» В.​Богача і С.​Хрыстоўскага. У спектаклях т-ра выкарыстоўваюцца лялькі розных сістэм (трысцінавыя, пятрушкі, планшэтныя, плоскасныя, маскі); прыём адкрытага валодання лялькай спалучаецца з дзеяннем акцёра ў жывым плане. У рэпертуары т-ра: «Тутэйшыя» Я.​Купалы, «Як здароўе...» паводле п’есы У.​Галубка «Пісаравы імяніны», «Цудоўная дудка» В.​Вольскага, «Чортаў скарб» У.​Караткевіча, «Пра Івана-ганчара і пачвару цара» А.​Грачанікава, «Балада пра белую вішню» С.​Клімковіч, «Прывітанне Малпе» і «Кацяня па мянушцы Гаў» Р.​Остэра, «Калі рамонак расцвітае» Р.​Маскова, «Доктар Айбаліт» В.​Карастылёва, «Церамок» С.​Маршака, «Дзівоснае кураня» В.​Корнева, «Прынцэса і паж» М.​Войтышка, «Лекар паняволі» Мальера і інш. Спектаклі ідуць на бел., рус., польск. і франц. мовах.

Гал. рэжысёры С.​Юркевіч (1981—88), М.​Андрэеў (з 1988), гал. мастакі Л.​Быкаў (1981—88), Ю.​Давыдзюк (1988—91), А.​Сураў (з 1995).

Будынак т-ра ўзведзены ў 1780-я г. (арх. І.​Г.​Мёзер і Дж.​Сака). Прызначаўся для т-ра А.​Тызенгаўза; зроблены як працяг яго палаца, злучаўся з ім крытым пераходам. Зала т-ра, сфарміраваная па «італьянскай крывой», уяўляла сабой паўкруглае памяшканне з амфітэатрам і яруснымі галерэямі па перыметры. У 1859 будынак рэканструяваны, яго аб’ём павялічаны. У 1940 надбудаваны 3-і паверх. У 1975 расшыраны сцэн. каробка і глядзельная зала.

Да арт. Гродзенскі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Калі рамонак расцвітае» Р.​Маскова.
Да арт. Гродзенскі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Балада пра белую вішню» С.​Клімковіч.

т. 5, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́МБА (скарочаная назва рус. тэрміна «самбо» — самозащита без оружия),

від спарт. барацьбы, асновай якога з’яўляюцца найб. эфектыўныя прыёмы з розных нац. відаў барацьбы.

Узнікла у СССР у 1930-я г. З 1966 прызнана міжнар. відам спорту. Чэмпіянаты свету і Еўропы праводзяцца з 1972. Паядынкі адбываюцца на круглым дыване дыяметрам 9 м, у розных узроставых групах і вагавых катэгорыях. Пры барацьбе ў стойцы дазваляюцца падножкі, падсечкі, абвівы, кідкі праз грудзі і праз спіну, захопы ног рукамі; пры барацьбе лежачы — утрыманні саперніка на спіне і болевыя прыёмы на суставы рук і ног. Паядынак працягваецца 6—8 мін без перапынку. Перамога даецца за кідок саперніка на спіну ці за перавод яго на болевы прыём. Найб. развіта С. ў Балгарыі, Беларусі, Вялікабрытаніі, ЗША, Іране, Іспаніі, Расіі, Японіі і інш.

На Беларусі развіваецца з 1936—37. Першы чэмпіянат Беларусі адбыўся ў 1949, асабіста-камандныя пяршынствы праводзяцца з 1952. Бел. федэрацыя барацьбы С. існуе з 1968. У 1975 і 1992 у Мінску адбыліся чэмпіянаты свету па С., у 1995 — чэмпіянат Еўропы. Зборная каманда Беларусі — сярэбраны прызёр чэмпіянатаў свету (1994), Еўропы (1994, 2000). Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся чэмпіёны свету і Еўропы Н.​Багіраў, Я.​Далінін (1992, 1995), В.​Данілаў (1992, 1993, 1994), І.​Казанцава (1992, 1993), В.​Казлоўская (1991, 1993, 1994, 1995, 1996, 2000), Т.​Масквіна (1994, 1995, 2000), С.​Селіханава (1992, 1993, 1995, 1996), К.​Сямёнаў (2000), М.​Цыпандзін (1992, 1994), В.​Юркевіч (1996).

Побач са спарт. С. існуе яго баявы раздзел — самаабарона ад нападу няўзброенага і ўзброенага праціўніка і дзеянні ў адказ (прыёмы абяззбройвання, затрымання, суправаджэння і інш.), які ўваходзіць у сістэму баявой падрыхтоўкі ў арміі і спец. баявых фарміраваннях.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 14, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦО́ЎНЫ ДАГАВО́Р,

пагадненне паміж работнікам і наймальнікам. Паводле П.д. работнік абавязваецца выконваць работу па адной або некалькіх прафесіях, спецыяльнасцях або пасадах адпаведнай кваліфікацыі і выконваць унутраны прац. распарадак; наймальнік абавязваецца прадастаўляць работніку абумоўленую П.д. работу, забяспечваць умовы працы, прадугледжаныя заканадаўствам аб працы, лакальнымі нарматыўнымі актамі і пагадненнямі бакоў, своечасова выплачваць работніку заработную плату. Дагаворнымі бакамі з’яўляюцца наймальнік і работнік, якія знаходзяцца паміж сабой у прац. адносінах на аснове П.д. Па агульным для наймальнікаў правіле не дапускаецца заключэнне П.д. з асобамі да 16 гадоў. П.д. можа быць заключаны з асобай, што дасягнула 14 гадоў, з пісьмовай згоды аднаго з бацькоў (усынавіцеля, папячыцеля) для выканання лёгкай працы, якая не прычыніць шкоды здароўю і не парушыць працэс навучання.

Умовы П.Д., што вызначаюць сукупнасць правоў і абавязкаў дагаворных бакоў, складаюць яго змест. У П.д. павінны быць: звесткі пра работніка і наймальніка; месца работы з указаннем структурнага падраздзялення, куды работнік уладкоўваецца; працоўныя функцыі работніка; асн. правы і абавязкі работніка і наймальніка; тэрмін П.д. (для тэрміновага дагавора); рэжым працы і адпачынку (у выпадку адрознення ад агульнаўстаноўленага); умовы аплаты працы. Паводле пагаднення бакоў у П.д. могуць быць уключаны і інш. (дадатковыя) умовы, абавязковыя для абодвух бакоў. Пасля заключэння П.д. яго бакі набываюць правы і нясуць абавязкі, замацаваныя ў заканадаўстве аб працы, калект. дагаворы і ў лакальных актах наймальніка.

П.д. можа быць заключаны на няпэўны ці пэўны тэрмін, але не больш як на 5 гадоў; на час выканання пэўнай работы; на час выканання абавязкаў часова адсутнага работніка, за якім захоўваецца месца работы; на час выканання сезонных работ. П.д. заключаецца ў пісьмовай форме і падпісваецца бакамі. Пасля заключэння П.д. прыём на работу афармляецца загадам (распараджэннем). Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае таксама такі від П.д., як кантракт, які заключаецца на пэўны тэрмін, і мае асаблівасці ў параўнанні з агульнымі нормамі заканадаўства аб працы і прадугледжвае кампенсацыю за пагаршэнне прававога становішча работніка.

М.​І.​Тарасевіч.

т. 13, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУ́СТЫКА (ад грэч. akustikos слыхавы),

раздзел фізікі, які вывучае пругкія ваганні і хвалі ад самых нізкіх частот (умоўна ад 0 Гц) да самых высокіх (10​12—10​13 Гц), іх узаемадзеянне з рэчывам і выкарыстанне.

Першыя звесткі аб акустыцы — у Піфагора (6 ст. да н.э.). Развіццё акустыкі звязана з імёнамі Арыстоцеля, Г.Галілея, І.Ньютана, Г.Гельмгольца. Вынікі класічнай акустыкі падагульніў Дж.Рэлей. Значны ўклад у развіццё акустыкі зрабілі М.М.Андрэеў, А.А.Харкевіч, Л.М.Брэхаўскіх, Л.І.Мандэльштам, М.А.Леантовіч і інш. Новы этап развіцця акустыкі ў 20 ст. звязаны з развіццём электра- і радыётэхнікі, электронікі.

Агульная акустыка на аснове лінейных дыферэнцыяльных ураўненняў вывучае заканамернасці адбіцця і пераламлення акустычных хваляў на паверхні, распаўсюджванне, інтэрферэнцыю і дыфракцыю іх у суцэльных асяроддзях, ваганні ў сістэмах з засяроджанымі параметрамі. Акустыка рухомых асяроддзяў і статыстычная разглядаюць уплыў руху і нерэгулярнасцяў асяроддзя на распаўсюджванне, выпрамяненне і прыём гукавых хваляў. Фізічная акустыка вывучае залежнасць характарыстык хваляў ад уласцівасцей і стану асяроддзя; яе падраздзелы: малекулярная акустыка (паглынанне і дысперсія гуку), квантавая акустыка (разглядае пругкія хвалі як фаноны, пры нізкіх т-рах, ва ультра- і гіпергукавым дыяпазонах). Псіхафізіялагічная акустыка вывучае ўздзеянне гуку на чалавека. Асн. задача электраакустыкі (магнітаакустыкі) — распрацоўка гучнагаварыцеляў, мікрафонаў, тэлефонаў і інш. выпрамяняльнікаў і прыёмнікаў гуку. Гідраакустыка і атмасферная акустыка — выкарыстанне гуку для падводнай лакацыі, сувязі, зандзіравання атмасферы і інш. Задачы архітэктурнай і будаўнічай акустыкі — паляпшэнне распаўсюджвання і ўспрымання мовы і музычных гукаў у памяшканнях, памяншэнне шуму (гл. Акустыка архітэктурная, Акустыка музычная). Нелінейная акустыка, акустаоптыка і акустаэлектроніка вывучаюць узаемадзеянне акустычных хваляў з фіз. палямі і часціцамі. Новыя магчымасці візуалізацыі гукавых палёў дала акустычная галаграфія. На Беларусі даследаванні па акустыцы праводзяцца з 1950-х г. у ін-тах фіз. і фізіка-тэхн. профілю АН. Найб. значныя вынікі атрыманы Ф.І.Фёдаравым у тэорыі пругкіх хваляў у крышталях.

Літ.:

Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Механика сплошных сред. М., 1953;

Стретт Дж.В. (лорд Рэлей). Теория звука: Пер. с англ. Т. 1—2. 2 изд. М., 1955;

Скучик Е. Основы акустики: Пер. с нем. Т. 1—2. М., 1958—59;

Фёдоров Ф.И. Теория упругих волн в кристаллах. М., 1965;

Красильников В.А., Крылов В.В. Введение в физическую акустику. М., 1984.

А.​Р.​Хаткевіч.

т. 1, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)