ПСІХАЛО́ГІЯ ТВО́РЧАСЦІ,

галіна псіхалагічных даследаванняў творчай дзейнасці людзей у навуцы, вынаходніцтве і рацыяналізатарстве, літаратурным, выяўленчым, муз., сцэнічным і інш. мастацтвах. Вывучае псіхалогію чалавека як творцы, агульныя і асобныя заканамернасці творчага працэсу — ад узнікнення задумы да яе рэалізацыі. Тэарэтычна П.т. дазваляе раскрыць спецыфіку творчай дзейнасці, практычна — развіваць творчыя здольнасці чалавека. Да праблематыкі П.т. адносяць: размежаванне тыпаў творчых працэсаў у залежнасці ад тыпаў мыслення, у якіх пераважаюць рацыяналістычныя, суб’ектыўна-экспрэсіўныя ці аналітыка-сінт. тэндэнцыі; вывучэнне фактараў, якія стымулююць творчую актыўнасць (групавая дыскусія, «мазгавая атака», некат. псіха-фармакалагічныя сродкі і г.д.); дзейнасць асобы ў творчым калектыве; роля інтуіцыі, мыслення, натхнення, уяўлення, індывід.-псіхал. асаблівасцей у творчым працэсе.

Ужо ў антычнасці вызначалася дваякая трактоўка прыроды творчасці: як «свяшчэннага натхнення» (Платон) і як рэалізацыі ўсвядомленай задумы, што абапіраецца на вопыт і пэўныя прынцыпы (Арыстоцель). У 1740—60-я г. вылучана ідэя аб дэтэрмінаванасці творчай дзейнасці мастака, залежнасці характару гэтай дзейнасці ад часу і соцыуму (Д.​Дзідро, Г.​Э.​Лесінг, І.​Г.​Гердэр). Класікі ням. ідэаліст. філасофіі сцвярджалі, што дзейнасць мастака абумоўлена часам, і крытыкавалі думку аб несвядомасці творчага працэсу (І.​Кант, Ф.​Шэлінг, Г.​Гегель). Як навука П.т. пачала складвацца ў 2-й палавіне 19 ст. З канца 19 ст. П.т. развівалася ў межах асобных кірункаў у псіхалогіі («неўрапатычныя» канцэпцыі Ч.​Ламброза і М.​Нордаў, тэорыя псіхааналізу З.​Фрэйда, К.​Г.​Юнга і інш.).

т. 13, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРКУ́РЫЙ,

першая ад Сонца планета Сонечнай сістэмы, астр. знак .

Сярэдняя адлегласць ад Сонца 57,91 млн. км. Арбіта вельмі выцягнутая: адлегласць у перыгеліі 46 млн. км, у афеліі 70 млн. км (эксцэнтрысітэт 0,206). Перыяд абарачэння вакол Сонца 87,97 зямных сутак. вакол восі — 58,65 зямных сутак (​2/3 перыяду арбітальнага абарачэння). Сонечныя суткі на М. роўныя 176 зямным суткам. Сярэдняя скорасць руху па арбіце 47,9 км/с. Нахіл плоскасці экватара да плоскасці арбіты невялікі (~3°), таму сезонныя змены на М. практычна адсутнічаюць. Дыяметр М. 4879,4 км, маса 3,303∙10​23 кг (0,055 масы Зямлі), сярэдняя шчыльнасць 5420 кг/м³.

Т-ра паверхні ў поўдзень 430 °C, ноччу да -173 °C. Атмасфера ў асноўным вадародна-геліевая, вельмі разрэджаная (ціск на паверхні ~0,2 нПа). Паверхня М. нагадвае паверхню Месяца (шмат кратэраў), існуюць характэрныя для М. ўтварэнні — эскарпы, або абрывы. Сярэдняя адбівальная здольнасць паверхні М. ў адносінах да сонечнага выпрамянення нізкая (6%). Бляск мяняецца ад -1 да ​1/3 зорнай велічыні. У М. назіраюцца фазы, аналагічныя фазам Месяца. Спадарожнікі адсутнічаюць. Магнітнае поле прыблізна ў 100 разоў меншае, чым у Зямлі. Аптычныя назіранні М. ўскладняюцца блізкасцю да Сонца (найб. вуглавая адлегласць для зямнога назіральніка 28°). Даследаванні М. праводзяцца радыёастр. метадамі, радыёлакацыяй. Найб грунтоўныя і дакладныя звесткі атрыманы пры дапамозе касм. апарата «Марынер-10» (гл. «Марынер»).

Літ.:

Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ. М., 1984.

А.​А.​Шымбалёў.

Агульны выгляд планеты Меркурый (мазаіка з фатаграфій, зробленых пры дапамозе аўтаматычнай міжпланетнай станцыі «Марынер-10»; 1974, ЗША).

т. 10, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РАПІСЫ СТАТЫСТЫ́ЧНЫЯ,

спецыяльныя статыстычныя абследаванні, якія фіксуюць поўны ўлік і характарыстыку адзінак вывучаемай сукупнасці. Уключаюць: суцэльную рэгістрацыю адзінак, што складаюць якую-н. з’яву; правядзенне назіранняў на пэўны момант Часу; максімальна кароткі тэрмін П.с.; запіс сабраных звестак у спец. фармуляр (перапісны ліст); перыядычнасць П.с. з мэтай супастаўлення вынікаў. Адрозніваюць П.с. перыядычныя (перапісы насельніцтва, рэдкіх металаў, вагонаў і інш.); неперыядычныя, або разавыя (асн. фондаў, работнікаў, жыллёвага фонду і інш.), прамысловыя (абследаванні прадпрыемстваў), сельскагаспадарчыя (збор звестак пра элементы с.-г. вытв-сці), гнездавыя (некат. групы насельніцтва, пэўныя тэрыторыі і інш.).

Улік насельніцтва вядомы са стараж. часоў. У Расіі ў 1638 праведзены першы перапіс промыслаў і заняткаў насельніцтва, царк. прыходаў. У 18 ст. для перапісаў распрацоўваліся спец. праграмы і інструкцыі; П.с. рэгістраваліся ў спец. кнігах (пісцовых, дарожных. межавых). Пасля рэформы 1861 праводзіліся перапісы для ацэнкі эканам. патэнцыялу, становішча краіны: сялянскіх абшчын, ваенна-конныя, абследаванне саматужнай прам-сці і інш. У 1916 зроблены 1-ы с.-г. перапіс. Пасля 1917 праводзіліся перапісы камунальных прадпрыемстваў, матэрыяльных рэсурсаў, аб’ектаў буд-ва, пасяўных плошчаў, пладова-ягадных насаджэнняў, жывёлы, с.-г. тэхнікі і інш.

На Беларусі ў 1900-я г. праводзіліся П.с.: неўстаноўленага абсталявання і асн. фондаў (практычна кожны год), жывёлы ў грамадскіх гаспадарках і ў насельніцтва, садоў і садовых пладова-ягадных культур (1998), прыватных гандл. прадпрыемстваў і аб’ектаў незавершанага буд-ва (2000). У інш. краінах П.с. праводзяцца пераважна для ўліку насельніцтва. У міжнар. статыстыцы вядомы сусв. перапіс насельніцтва і перапіс валют.

В.​М.​Тамашэвіч.

т. 12, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫУТО́ПІЯ,

плынь грамадскай думкі, прадстаўнікі якой адмаўляюць магчымасць стварэння дасканалага грамадства і лічаць, што любыя намаганні пабудаваць адвольна спраектаваны грамадскі лад прыводзяць да катастрафічных наступстваў. Гіст. антыутопія паходзіць ад сатыр. традыцыі Дж.​Свіфта, Вальтэра, У.​Ірвінга, С.​Батлера, М.​Е.​Салтыкова-Шчадрына, Г.​К.​Чэстэртана, Г.​Уэлса і інш. У раманах і публіцыст. творах Я.​Замяціна («Мы»), О.​Хакслі («Гэты цудоўны новы свет», «Малпа і сутнасць»), Дж.​Оруэла («Ферма жывёл», «1984 год»), А.​Кёстлера («Цемра ў поўдзень»), Л.​Мэмфарда («Міф аб машыне») і інш. утапічныя праекты ўяўляюцца як насілле над чалавечай прыродай, якое вядзе да таталітарызму. Да твораў-антыутопій можна далучыць і раманы-папярэджанні Дж.​Лондана, К.​Чапека, А.​Франса, Р.​Брэдберы, А.​Азімава, І.​Яфрэмава і інш. Асаблівае пашырэнне антыутопія набыла пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 у Расіі, якая практычна пацвердзіла немагчымасць ажыццяўлення сац. ідэалаў. Як і утопія, антыутопія гал. чынам канструюецца з дапамогай метаду ідэалізацыі, але з адваротным знакам. Пры гэтым у ёй могуць выкарыстоўвацца прадказанні, у т. л. і навук. прагнозы. Антыутопія заснавана на абсалютызацыі аб’ектыўных негатыўных тэндэнцый і ўяўляе сабой вобразатвор абсалютна недасканалага, дрэннага і суб’ектыўна непажаданага з пункту погляду безумоўных агульначалавечых каштоўнасцяў грамадскага ладу. Антыутопія ў пэўнай меры выконвае і функцыю рэгулятара дзейнасці і функцыю папярэджання, перасцярогі ад утопіі. Створаны ў ёй вобраз грамадскага будучага можа выкарыстоўвацца ў якасці ідэалізаванага аб’екта ў сац. пазнанні.

Літ.:

Бердяев Н. ...Смысл истории. М., 1990;

Утопия и утопическое мышление. Антол. зарубеж. лит.: Пер. с англ., нем., фр. и др. М., 1991.

Г.​А.​Антанюк.

т. 1, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНЗІ́Н,

прадукт перапрацоўкі нафты — сумесь вуглевадародаў рознай будовы. Бясколерная лятучая вадкасць, мае характэрны пах, tкіп 30—205 °C, шчыльн. 700—780 кг/м³, вогненебяспечны. Атрымліваюць дыстыляцыяй (прамагонны бензін), каталітычным крэкінгам газа-газойлевых і цяжкіх дыстылятных ці каталітычным рыформінгам бензінавых фракцый нафты. Асн. выкарыстанне — паліва для рухавікоў унутранага згарання. Прадпрыемствы па вытв-сці бензіну на Беларусі ёсць у Мазыры, Наваполацку.

У бензіне прамагонным 3—10% араматычных, 12—30% нафтэнавых, 60—80% нармальных парафінавых, 1—2% ненасычаных вуглевадародаў і да 0,2% серы; у бензіне крэкінгу 12—60% араматычных, 12—30% нафтэнавых, да 50% ненасычаных вуглевадародаў і да 0,2% серы; у бензіне рыформінгу ёсць араматычныя і ізапарафінавыя вуглевадароды, практычна няма ненасычаных і серы. Таварныя прадукты — сумесь бензіну з рознай сыравіны, іх маркі вызначаюцца актанавым лікам, эксплуатацыйныя ўласцівасці паляпшаюцца пры ўвядзенні алкілату, ізаактану, талуолу, некаторых прысадак (гл. таксама Антыдэтанатар). Вырабляюць бензін летні, зімовы, неэтыліраваны і этыліраваны (афарбаваны, мае да 1 мл этылавай вадкасці на 1 кг, ГДК 100 мг/м³). Бензін газавы (нафтавы) — вадкая сумесь насычаных вуглевадародаў. Атрымліваюць са спадарожных газаў, якія вылучаюцца пры здабычы нафты і яе стабілізацыі, ахаладжэннем ці паглынаннем мінер. маслам з наступнай перагонкай. Газавыя бензіны дабаўляюць да інш. бензіну (у т. л. зімовага) для паляпшэння «пускавых» характарыстык. Бензін з малой колькасцю араматычных вуглевадародаў (не больш як 3%) і серы выкарыстоўваюцца як растваральнікі і прамывачныя вадкасці. Уайт-спірыт — растваральнік і экстрагент для тлушчаў, смолаў, каўчукоў; Бензін «галош» выкарыстоўваецца ў вытв-сці гумавых клеяў.

Літ.:

Гуреев А.А., Жоров Ю.М., Смидович Е.В. Производство высокооктановых бензинов. М., 1981.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 3, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЭЛЕ́КТРЫКІ (ад дыя... + англ. electric электрычны),

рэчывы, якія практычна не праводзяць электрычны ток і могуць палярызавацца ў знешнім эл. полі (гл. Палярызацыя дыэлектрыкаў). Бываюць цвёрдыя (напр., бурштын, слюда, шкло, эбаніт), вадкія (вада, трансфарматарнае масла) або газападобныя (усе газы). Падзяляюцца на непалярныя (малекулы маюць сіметрычную будову і цэнтры «цяжару» дадатных і адмоўных зарадаў супадаюць), палярныя (малекулы пры адсутнасці знешняга эл. поля маюць адрозны ад 0 дыпольны момант) і іонныя крышталі (крышталічная рашотка з правільным чаргаваннем іонаў розных знакаў і ўтварэннем 2 іонных падрашотак). Адпаведна адрозніваюць электронную (дэфармацыйную), арыентацыйную (дыпольную) і іонную палярызацыю. Механізмы палярызацыі Д. розныя і залежаць ад характару хім. сувязей. Асн. характарыстыкі Д.: дыэлектрычная пранікальнасць, дыэлектрычная ўспрыімлівасць і эл. трываласць (гл. Прабой дыэлектрыкаў). У тэхніцы выкарыстоўваюцца як электраізаляцыйныя матэрыялы, у кандэнсатарах служаць для павелічэння ёмістасці; у паўправадніковай электроніцы (у т. л. мікраэлектроніцы) выкарыстоўваюцца дыэл. плёнкі (аморфныя, шклопадобныя, палімерныя) для ўтварэння структур метал—Д.—метал, метал—Д.—паўправаднік і інш. На аснове кантактаў у выглядзе тонкага слоя Д., які раздзяляе 2 звышправаднікі (кантакты Джозефсана; гл. Джозефсана эфект) створаны маламагутныя ЗВЧ генератары, хуткадзейныя элементы памяці ЭВМ, квантавыя інтэрферометры і інш.

На Беларусі даследаванні па фізіцы Д. пачаліся ў 1935 у БПІ (М.А.Безбародаў). З 1959 вядуцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН, Бел. політэхн. акадэміі і інш.

Літ.:

Сканави Г.И. Физика диэлектриков (область слабых полей). М.; Л., 1949;

Яго ж. Физика диэлектриков (область сильных полей). М., 1958;

Рез И.С., Поплавко Ю.М. Диэлектрики: Основные свойства и применения в электронике. М., 1989.

А.​У.​Шэлег.

т. 6, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЕЗАБЕТО́Н,

штучны будаўнічы матэрыял з бетону і стальной арматуры, якія маналітна злучаны і працуюць у канструкцыі як адно цэлае. Сумесная работа бетону і арматуры забяспечваецца іх трывалым счапленнем, амаль аднолькавымі каэф. лінейнага расшырэння. Бетон успрымае ў асн. сціскальныя намаганні, надае канструкцыі жорсткасць, ахоўвае арматуру ад карозіі; арматура (падоўжаныя стрыжні, папярочныя хамуты, мантажная для каркасаў) успрымае расцягвальныя намаганні. Вызначаецца высокай трываласцю, даўгавечнасцю, вогнеўстойлівасцю, прастатой формаўтварэння. Выкарыстоўваецца ў жыллёвым і прамысл. буд-ве, мостабудаванні, гідратэхн. буд-ве і інш. З Ж. робяць разнастайныя жалезабетонныя вырабы і канструкцыі.

Ж. бывае звычайны і папярэдне напружаны (яго арматуру перад бетанаваннем штучна нацягваюць, што абціскае бетон, павялічвае яго трываласць і трэшчынаўстойлівасць; гл. Папярэдне напружаныя канструкцыі), саманапружаны (робіцца з выкарыстаннем т.зв. напружвальнага цэменту, які пры цвярдзенні расшыраецца), зборны, маналітны і інш. Патэнт на Ж. атрымаў франц. вучоны Ж.​Манье ў 1867. Канструкцыі з Ж. хутка пашырыліся ў Англіі, ЗША, Расіі (з 1885) і інш. краінах. У 1901—02 на чыг. лініі Віцебск—Жлобін было пабудавана 27 жалезабетонных мастоў і пуцеправодаў. Ж. стаў адным з найб. пашыраных матэрыялаў у буд-ве, які выкарыстоўваецца ў розных канструкцыях будынкаў і збудаванняў (фундаментаў, пліт, сцен, труб, мастоў, плацін і г.д.), ва ўсіх кліматычных зонах (фіз.-мех. ўласцівасці Ж. пры т-рах ад -40 да + 60 °C практычна не змяняюцца). Значны ўклад у развіццё навукі пра Ж. зрабілі рас. і сав. вучоныя М.​А.​Белялюбскі, А.​Ф.​Лалейт, Р.​П.​Перадзерый, В.​В.​Міхайлаў, А.​А.​Гвоздзеў, бел. вучоныя І.​М.​Ахвердаў, Я.​І.​Дрозд і інш.

Літ.:

Гл. пры арт. Жалезабетонныя вырабы і канструкцыі.

П.​М.​Багаслаўчык.

т. 6, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТУІ́ЦЫЯ (ад лац. intueri пільна, уважліва ўглядацца),

здольнасць спасціжэння ісціны шляхам яе непасрэднага перажывання без абгрунтавання з дапамогай лагічных доказаў. Ант. філосафы разглядалі І. як своеасаблівы сродак цэласнага «спасціжэння сябе» (Сакрат), як спосаб пазнання ідэй (Платон) і вышэйшых прынцыпаў быцця (Арыстоцель). Вылучаюць пачуццёвую, інтэлектуальную, эмацыянальную, містычную І. Пачуццёвая выяўляецца незалежна ад інтэлекту ў розных вобразах, пачуццях і перажываннях. Інтэлектуальная з’яўляецца формай непасрэднага, інтэлектуальна-інтуітыўнага спасціжэння сутнасці розных феноменаў быцця (Э.​Гусерль). Эмацыянальная праяўляецца ў эмацыянальных актах пазнання вечных, абсалютных каштоўнасцей (М.​Шэлер). Містычная І. — неўсвядомлены працэс Божага адкрыцця, таямнічага азарэння (Ж.​Марытэн). У ням. класічнай філасофіі практычна атаясамлівалася з «інтэлектуальным сузіраннем» (Ф.​Шэлінг). У інтуітывізме тлумачыцца як непасрэднае зліццё суб’екта з аб’ектам, поўнае пераадоленне супрацьлегласці паміж імі (А.​Бергсон). У «філасофіі жыцця» І. супрацьстаіць навук. пазнанню жыццёвай рэальнасці і ўспрымаецца як здольнасць да ірацыянальнага спасціжэння свету. У псіхааналізе трактуецца як неўсвядомлены першапрынцып творчай дзейнасці чалавека (З.​Фрэйд). Аналітычная псіхалогія разглядае І. як адну з асн. псіхал. функцый, што дазваляе чалавеку атрымліваць інфармацыю шляхам непасрэднага ўспрымання жыццёвых падзей на ўзроўні падсвядомасці (К.​Г.​Юнг). У экзістэнцыялізме тлумачыцца як спецыфічны спосаб быцця чалавека ў свеце (М.​Хайдэгер, К.​Ясперс і інш.). Адыгрывае важную ролю ў вырашэнні складаных навук. задач стварэнні арыгінальных маст. твораў, прадухіленні канфліктных сітуацый у паўсядзённым жыцці чалавека.

Літ.:

Налчаджян А.А. Некоторые психологические и философские проблемы интуитивного познания: (Интуиция в процессе науч. творчества). М., 1972;

Ярвилекто Т. Мозг и психика. М., 1992;

Петухов В.В. Психология мышления. М., 1987;

Васильев И.А., Поплужный В.Л., Тихомиров О.К. Эмоции и мышление. М., 1980.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 7, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖМАЛЕКУЛЯ́РНАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ,

узаемадзеянне паміж малекуламі з насычанымі хім. сувязямі. Існаванне М.ў. ўпершыню ўлічыў Я.​Д.​Ван дэр Ваальс пры тлумачэнні ўласцівасцей рэальных газаў і вадкасцей (гл. Ван-дэр-Ваальса ўраўненне). Асобны выпадак М.ў. — вадародная сувязь.

Характар М.ў. залежыць ад адлегласці паміж малекуламі (r). Пры вялікіх r (rl, дзе l — лінейныя памеры малекул, што ўзаемадзейнічаюць) электронныя абалонкі малекул не перакрываюцца, паміж малекуламі пераважаюць сілы прыцягнення (далёкадзейныя сілы), якія маюць эл. прыроду. Далёкадзейныя сілы падзяляюць на арыентацыйныя (сілы ўзаемадзеяння паміж палярнымі малекуламі), індукцыйныя (паміж палярнымі і непалярнымі малекуламі), дысперсійныя (паміж любымі малекуламі). Пры малых r (rl), калі электронныя абалонкі малекул перакрываюцца, пераважаюць сілы адштурхоўвання, якія з’яўляюцца кароткадзейнымі сіламі. Энергія адштурхоўвання залежыць ад r так, як у выпадку абменнага ўзаемадзеяння, што прыводзіць да ўтварэння хім. сувязі. М.ў. звычайна апісваецца патэнцыяльнай энергіяй узаемадзеяння U(r) (патэнцыялам М.ў.), а сіла ўзаемадзеяння ƒ — функцыяй ƒ = −dU(r)/dr. Тэарэт. вызначэнне залежнасці U(r) ці эксперым. вымярэнне ƒ практычна немагчымыя з-за вельмі вял. колькасці малекул, што ўзаемадзейнічаюць, і малых значэнняў r. Звычайна залежнасць U(r) падбіраюць эмпірычна так, каб праведзеныя з яе дапамогай разлікі розных характарыстык рэчыва адпавядалі эксперым. даным. М.ў. вывучаюць рознымі фіз. метадамі, асн. з іх: метад малекулярных пучкоў і дыфракцыйныя метады. Пры даследаванні М.ў. усё часцей выкарыстоўваюць разліковыя метады квантавай хіміі.

Літ.:

Межмолекулярные взаимодействия: От двухатомных молекул до биополимеров: Пер. с англ. М., 1981.

Крывая залежнасці патэнцыяльнай энергіі U(r) міжмалекулярнага ўзаемадзеяння ад адлегласці r паміж малекуламі; r = σ — найменшая магчымая адлегласць паміж нерухомымі малекуламі; ε — глыбіня патэнцыяльнай ямы (вызначае энергію сувязі малекул).

т. 10, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ БЯСПЕ́КА,

комплекс мерапрыемстваў па ахове чалавека ад шкоднага ўздзеяння іанізавальных выпрамяненняў. Пры працы з радыеактыўнымі рэчывамі, мед. абследаваннях і ў інш. выпадках уздзеяння іанізавальных выпрамяненняў прыроднага ці тэхнагеннага паходжання скіраваная на зніжэнне сумарнай дозы апрамянення арганізма да бяспечнага для здароўя чалавека ўзроўню (гранічна дапушчальнай дозы). Выключная роля адводзіцца Р.б. пры аварыях на АЭС і ліквідацыі іх наступстваў. На Беларусі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) радыяцыйна-экалагічнае становішча характарызуецца складанасцю і неаднароднасцю радыеактыўнага забруджвання тэрыторыі, наяўнасцю радыенуклідаў практычна ва ўсіх кампанентах экасістэмы і іх уцягваннем у геахім. і трафічныя цыклы міграцыі. Меры Р.б. ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з законам «Аб радыяцыйнай бяспецы насельніцтва» (1998), які рэгламентуе нормы Р.б. з указаннем гранічна дапушчальных доз, дапушчальных узроўняў іанізавальных выпрамяненняў усіх відаў і інш. патрабаванні па абмежаванні радыеактыўнага ўздзеяння на насельніцтва.

У забруджаных раёнах больш за 70% сумарнай дозы апрамянення абумоўлена ўнутр. апрамяненнем арганізма, выкліканым ужываннем мясц. харч. прадуктаў (пераважна малака, ягад, грыбоў), якія маюць у сабе цэзій-137 і стронцый-90. Р.б. насельніцтва забяспечваецца правільнай арганізацыяй харчавання (напр., рэгулярнае ўжыванне пекцінавых прэпаратаў ачышчае арганізм ад цэзію-137) і с.-г. вытв-сці. Ахова ад знешняга апрамянення забяспечваецца правільным правядзеннем работ у забруджаных лясных масівах, нарыхтоўкі лесапрадуктаў, палявых работ (пры ўтварэнні пылу значна павялічваецца ўдзельная радыеактыўнасць паветра), арганізацыяй мерапрыемстваў па прадухіленні лясных і тарфяных пажараў, якія павышаюць радыяцыйны фон на значнай тэрыторыі. Для забеспячэння макс. эфектыўнасці Р.б. ажыццяўляецца радыяцыйны маніторынг навакольнага асяроддзя, а таксама радыеметрычны кантроль харч. прадуктаў і сістэматычныя мед. абследаванні жыхароў забруджаных раёнаў.

А.​М.​Дэвойна.

т. 13, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)