1) глебаўтваральная парода, верхні слой зямной кары, горныя пароды якога ператвараюцца ў глебу ў выніку фіз., хім., біял. працэсаў і дзейнасці чалавека; адзін з глебаўтваральных фактараў. Паводле паходжання адрозніваюць М.п. азёрныя, алювіяльныя, балотныя, дэлювіяльныя, ледавіковыя, магматычныя, марскія, пралювіяльныя, элювіяльныя, эолавыя (гл. адпаведныя арт.) і інш. Паводле хім.-мінералагічных уласцівасцей яны бываюць карбанатныя, кварцавыя, палёвашпатавыя і інш. Паводле будовы тоўшчы падзяляюцца на аднародныя (магутнасць больш за 1,5 м), двух-, трох-, шматчленныя (пароды зменьваюцца ў межах глебавага профілю). Паводле мех. складу вылучаюць М.п. гліністыя, сугліністыя, супясчаныя, пясчаныя і іх камбінацыі. Ад уласцівасцей М.п. залежаць мінералагічны, хім., грануламетрычны склад глебы, яе водна-фіз. ўласцівасці і ўрадлівасць. На Беларусі М.п. — адклады антрапагенавага перыяду (пераважна сярэдняга, позняга плейстацэну і галацэну), у асобных раёнах — выхады больш стараж. адкладаў. Пераважныя генет. тыпы М.п.: марэнныя адклады, флювіягляцыяльныя адклады, азёрна-ледавіковыя і інш. 2) Горная парода, з якой паходзяць інш. горныя пароды або карысныя выкапні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎГРУБАШЭ́РСНЫЯ АВЕ́ЧКІ,
пароды авечак з неаднароднай паўгрубай воўнай, якая складаецца з пуху, пераходнага воласу і восці. У адрозненне ад грубашэрсных авечак воўна П.а. больш мяккая, мае пух даўж. да 8 см, восць больш тонкая. Воўну выкарыстоўваюць для вытв-сці дываноў, штучнага футра, коўдраў, тканін.
Да П.а. належаць сараджынская (Зах. Туркменістан) і таджыкская (Таджыкістан) пароды, алайская і горнакарпацкая пародныя групы. Сараджынскія П.а. маюць падцягнуты курдзюк, маса 60 кг (маткі), 80 кг (бараны); настрыг воўны 3—4,5 кг. Таджыкская парода з шырокім курдзюком, маса 70 кг (маткі), 120 кг (бараны); настрыг воўны 2,5—4 кг. Гл. таксама Авечкагадоўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГМАТЫ́ЗМ,
працэсы ўтварэння, пранікнення ў горныя пароды і ўзаемадзеяння з імі, вывяржэння і крышталізацыі магмы. М. — праяўленне глыбіннай актыўнасці Зямлі; цесна звязаны з яе развіццём, цеплавой гісторыяй і тэктанічнай эвалюцыяй. Адрозніваюць М. геасінклінальны, платформавы, акіянічны; па глыбіні праяўлення (умовах застывання магмы) — абісальны, гіпабісальны, субвулканічны, паверхневы (гл.Вулканізм); паводле саставу — ультраасноўны, асноўны, сярэдні, кіслы, шчолачны. М. сучаснай геал. эпохі развіты ў межах Ціхаакіянскага геасінклінальнага пояса, сярэдзінна-акіянічных хрыбтоў, рыфтавых зон Афрыкі і Міжземнамор’я і інш. На Беларусі да геасінклінальнага М. адносяць архей-раннепратэразойскі і раннепратэразойскі, да платформавага — познапратэразойскі і дэвонскі. Гл. таксама Магматычныя горныя пароды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАКУЛЬЧА́,
шкурка заўчасна народжанага ягняці каракульскай пароды авечак. Мае кароткае шаўкавістае валасяное покрыва з муаравым малюнкам і несфарміраванымі завіткамі; колер, як у каракуля. Ідзе на выраб жакетаў, каўняроў, галаўных убораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІ́ТЫ [ад ал(юміній) + ...літ(ы)],
1) прадукты выветрывання, складзеныя пераважна з гідравокіслаў алюмінію.
2) Гліністыя пароды, у якіх гліназёму больш, чым крэменязёму; прамежкавыя паміж глінай і баксітамі. Магчымая сыравіна для вытв-сці алюмасілікатных вогнетрывалых вырабаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДУКЦЫ́ЙНАСЦЬ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫХ ЖЫВЁЛ,
колькасць і якасць прадукцыі ад адной жывёлы за пэўны перыяд (дзень, месяц, лактацыю, год). Залежыць ад пароды, скараспеласці, полу, узросту, працягласці гасп. выкарыстання і ўмоў утрымання жывёл. Паводле кірункаў П. вылучаюць пароды: у гадоўлі буйн. раг. жывёлы — малочныя, малочна-мясныя, мясныя; у свінагадоўлі — мясныя, мяса-сальныя, сальныя; у авечкагадоўлі — воўнавыя, мяса-воўнавыя, мяса-сальныя, сальныя, малочныя, смушкавыя, футравыя; у птушкагадоўлі — мясныя, яечныя, мяса-яечныя.
Малочная П. (малочнасць) кароў за лактацыю ад 600—2000 кг (мясныя пароды) да 6—10 тыс.кг (малочныя пароды); коз малочных парод 450—550 кг; авечак да 500; кабыл 1000—3000; вярблюдзіц 750—2000 кг. Мясную П. ацэньваюць па масе, скараспеласці (узрост, у якім жывёла дасягае неабходных паказчыкаў) і забойным выхадзе (адносіны масы тушы да жывой масы). Маса бычкоў у 15—18 месяцаў — 400—500 кг, куранят-бройлераў (60 сут) — 1,5 кг. Забойны выхад у буйн. раг. жывёлы 55—65%, у свіней 75—80%, у авечак і коз 45—55%. Воўнавая П. танкарунных авечак 3—8, грубашэрсных 1—4 кг, сярэдні начос пуху з коз 0,3—0,6 кг. Яечная П. курэй 230—240 (да 360) яец за год, качак 120—180, індычак 100—150, гусей 50—80, перапёлак 250—300. Маса курыных яец 50—60, гусіных 100—180, індычых 100—110 г. Пчаліная сям’я за сезон дае мёду да 150 (таварнага 30—50), воску 1,5—2,5 кг, пропалісу 100—200 г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕМЯННЫ́Я ГАСПАДА́РКІ, племгасы,
жывёлагадоўчыя гаспадаркі, што маюць высокапрадукц. статак жывёл пэўнай пароды, прыплод ад якога гадуюць на племя. Уключаюць племянныя заводы, саўгасы і фермы, кантрольна-выпрабавальныя станцыі і плем. рэпрадуктары.
Племянныя заводы займаюцца ўдасканаленнем існуючых і вывядзеннем новых парод, забяспечваюць прадпрыемствы каштоўнымі чыстакроўнымі жывёламі. Племянныя саўгасы і фермы разводзяць чыстапародных жывёл для ўласнага статка. На кантрольна-выпрабавальных станцыях ацэньваюць быкоў малочных парод, бараноў, свінаматак па якасці патомства, быкоў мясных парод па ўласнай прадукцыйнасці, праводзяць выпрабаванні парод і ліній свіней на спалучальнасць. Племянныя рэпрадуктары прызначаны для вырошчвання двухпародных свінаматак.
На Беларусі больш за 20 плем. заводаў: па развядзенні чорна-пярэстай малочнай пароды і мясной пароды шарале буйн. раг. жывёлы («Чырвоная зорка» Клецкага, «Карэлічы» Карэліцкага, «Рось» Ваўкавыскага, «Ведрыч» Рэчыцкага, «Прамень» Бярозаўскага і «Дружба» Кобрынскага р-наў); па бел. тыпу буйной белай і чорна-рабой пародах свіней («Нача» Ляхавіцкага, «Рэканструктар» Талачынскага, «Порплішча» Докшыцкага, «Ціманава» Клімавіцкага, «Леніна» Горацкага, імя Дзяржынскага Капыльскага р-наў); конныя заводы («Зарэчча» Смалявіцкага, эксперым. база «Ніва» Лідскага р-наў, Гомельскі, Мсціслаўскі) і інш. Каля 70 плем. саўгасаў і ферм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮМІ́НІЕВЫЯ РУ́ДЫ,
горныя пароды і мінералы, сыравіна для атрымання алюмінію. Асноўныя алюмініевыя руды — баксіты, з якіх атрымліваюць паўпрадукт — гліназём (Al2O3). У якасці алюмініевых руд выкарыстоўваюцца таксама нефелінавыя сіеніты, алунітавыя і нефелін-апатытавыя пароды; магчыма выкарыстанне высокагліназёмных каалінітавых глін і аргілітаў, лейцытаў, анартазітаў, лабрадарытаў, даўсанітаў, алюмафасфатаў і інш. Алюмініевыя руды — комплексная сыравіна; з баксітаў атрымліваюць таксама галій, ванадый, скандый, з нефелін-апатытавых парод — адначасова фасфаты. Буйнейшыя радовішчы ў Расіі, Казахстане, Гвінеі, Аўстраліі, Бразіліі, ЗША, Індыі, Камеруне, на Ямайцы і інш. На Беларусі перспектывы на баксітазмяшчальныя руды могуць быць звязаны з верхнімі гарызонтамі дакембрыю і карой выветрывання некаторых гарызонтаў палеазою, з радовішчамі даўсаніту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ЧО́РНА-ПЯРЭ́СТАЯ ПАРО́ДАсвіней,
універсальнага кірунку прадукцыйнасці. Зацверджана ў 1976. Выведзена на Беларусі складаным узнаўленчым скрыжаваннем мясц. свіней з даўгавухімі і караткавухімі свіннямі, йоркшырамі, беркшырамі, тэмворсамі і буйнымі чорнымі. Сучасныя лініі маюць «кроў» ландрасаў і эстонскай беконнай пароды. Парода складаецца з 9 ліній і 26 сямействаў і роднасных груп матак. Вядучыя племзаводы на Беларусі ў Капыльскім, Ляхавіцкім і Горацкім р-нах.
Свінні пераважна мяса-сальнага і мяснога тыпаў, моцнай канстытуцыі, вынослівыя, высокапрадукцыйныя. Жывая маса дарослых кныроў 310—340, матак 240—250 кг, даўж. тулава адпаведна 184 і 161 см. Пладавітасць 10—11 парасят за апарос.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ННАЯ МАРЭ́НА,
тып адкладаў марэны з грубаабломкавай горнай пароды, моцна ўшчыльненай пад ціскам лёду. Характэрна для покрыўных і горных ледавікоў. Утвараецца ў працэсе намнажэння матэрыялу, які пераносіцца прыдонным слоем ледавіка. Вельмі пашырана на Беларусі.