мемарыяльны комплекс на ўшанаванне памяці жыхароў колішняй в. Дальва (Лагойскі р-н), якіх ням.-фаш. захопнікі сагналі ў хату аднаго з жыхароў вёскі В.Кухаронка і спалілі. Створаны ў 1973 (скульпт. У.Церабун, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1974). Размешчаны на адкрытай паляне сярод лесу. Каля дарогі камень-валун, на якім высечаны надпіс: «Да 19 чэрвеня 1944 г. тут была в. Дальва. За 10 дзён да вызвалення гітлераўцы жывымі спалілі яе жыхароў». Кампазіцыйным цэнтрам комплексу з’яўляецца пастаўлены на месцы спаленай хаты помнік: фігура маці і хлопчыка на фоне 3 сімвалічных абгарэлых бэлек. Каля помніка бетон ная сцяна з пералікам 44 прозвішчаў тых, хто загінуў. Побач у памяць аб ахвярах пасаджаны 44 бярозкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЕ́ЧНЫ АЎТАМАТ,
матэматычная мадэль сістэмы, якая пераўтварае дыскрэтную інфармацыю і мае канечны фіксаваны аб’ём памяці; важнейшы від кіравальных і вылічальных сістэм. Мае ўваходны і выхадны каналы і ў кожны дыскрэтны (тактавы) момант часу знаходзіцца ў адным з унутр. станаў з пэўнага канечнага набору (мноства).
У кожны тактавы момант часу на ўваход падаецца некаторы сімвал уваходнага канечнага алфавіта, аўтамат выдае адпаведны выхадны сімвал (вызначаецца функцыяй выхаду) і пераходзіць у інш.ўнутр. стан (вызначаецца функцыяй пераходу). Найб. важныя кірункі тэорыі К.а. — сінтэз надзейных элементаў сістэм і даследаванне паводзін К.а. ў выпадковых асяроддзях; яе метады выкарыстоўваюцца пры праектаванні дыскрэтных прылад і прыстасаванняў, напр., лічбавых ЭВМ, у біялогіі, псіхалогіі і інш.Гл. таксама Аўтаматаў тэорыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКІ САБО́Р АЛЯКСА́НДРА НЕ́ЎСКАГА,
помнік архітэктуры позняга класіцызму з элементамі рэтраспектыўна-рус. кірунку. Закладзены ў 1864 у гонар адмены прыгоннага права. Буд-ва завершана ў 1868. Цагляны крыжова-купальны храм з бабінцам, рызніцамі і чатырохвугольнай апсідай. Над асн. кубічным аб’ёмам васьмігранны светлавы барабан (купал не захаваўся). Рызніцы далучаны да крылаў трансепта. Да вуглоў, утвораных плоскасцямі сцен рызніц і трансепта, прымыкаюць невял. прыдзелы з бакавымі ўваходамі. Фасады вырашаны ў стрыманай пластыцы. Сцены гал. фасада, апсіды і тарцовай ч. трансепта завершаны трохвугольнымі франтонамі. Партал вылучаны накладным несапраўдным порцікам з паўкруглым франтонам. На саборы мемар. дошка на ўшанаванне памяцірус. салдат, якія загінулі ў вайну 1812.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУКО́ЎСКІ (Уладзімір Якаўлевіч) (н. 6.3.1937, г. Асіповічы Магілёўскай вобл.),
бел. мастак-плакатыст. Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1972). З 1979 маст. рэдактар час. «Маладосць», у 1982—84 — «Мастацтва Беларусі», з 1989 — «Спадчына». Аўтар плакатаў: «Помнікі архітэктуры — нацыянальны скарб» (1973), «Назаўсёды ў памяці народа» (1974), «У бітвах за волю, у бітвах за долю!..» (1980), трыпціх «Дзень X» (1996), «Што ж мы за людзі?» (1998), а таксама шэрагу плакатаў, прысвечаных славутым дзеячам Беларусі: Ф.Скарыне, Міколе Гусоўскаму, В.Цяпінскаму, К.Каліноўскаму, Цётцы (А.Пашкевіч), М.Багдановічу, Я.Купалу, Я.Коласу, І.Луцкевічу, Я.Драздовічу і інш. Творы адметныя лаканізмам адлюстравання, выразнасцю колеру, трапнасцю сюжэта.
Г.А.Фатыхава.
У.Крукоўскі. Зверанят, нібы братоў малодшых... 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАШЫ́ННАЯ МО́ВА,
спосаб запісу праграм, які дазваляе выконваць іх непасрэдна на тэхн. сродках ЭВМ. Праграма на М.м. з’яўляецца паслядоўнасцю каманд (гл.Каманда ў ЭВМ), адрасоў, даных у любым парадку. Працэсар успрымае і выконвае каманды, выражаныя двайковымі кодамі і размешчаныя ў ячэйках памяціЭВМ.
Пераважна выкарыстоўваецца ў сістэмным праграмаванні для распрацоўкі найб. аптымальных і эфектыўных праграм, напр., аперацыйнай сістэмы, манітора, кіравальных праграм. У большасці выпадкаў М.м. «схавана» слаямі базавага і прыкладнога праграмнага забеспячэння, што дазваляе працаваць з папярэдне складзенымі праграмамі, а таксама запісваць іх на мовах праграмавання высокага ўзроўню. Пры распрацоўцы базавага праграмнага забеспячэння звычайна карыстаюцца больш зручным спосабам запісу каманд (гл.Асемблер).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАШКЕ́ВІЧ (Мікалай Арсенавіч) (20.5. 1936, в. Гарадзішча Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 14.3.1972),
бел. літаратуразнавец, краязнавец, педагог. Скончыў БДУ (1963). Працаваў настаўнікам, нам. дырэктара Сваткаўскай СШ Мядзельскага р-на. Узначальваў літаб’яднанне пры газ. «Нарачанская зара» (г. Мядзел). Пісаў вершы, літ.-знаўчыя артыкулы. Выдаў кн. «З вопыту работы літаратурнага гуртка...» (1968) пра работу школьнага гуртка бел. л-ры, у пасяджэннях якога прымалі ўдзел бел. пісьменнікі (Я.Брыль, В.Быкаў, У.Караткевіч, І.Навуменка, М.Танк і інш.). Памяці П. прысвечаны аповесць Быкава «Абеліск», верш А.Лойкі «Каліны», карціна А.Пупко «Памяць», раздзел экспазіцыі ў Мядзельскім музеі народнай славы.
Літ.:
Жук В. Сцежка застаецца людзям // Маладосць. 1981. № 9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫФРА́З, перыфраза (ад грэч. periphrasis апісальны выраз, алегорыя),
сэнсава-непадзельны выраз, утвораны ў маўленні як апісальная назва прадмета або дзеяння, што адначасова паказвае яго адметнасць.
Структурна П. супадаюць са словазлучэннямі («бачыць вачыма памяці» — успамінаць) або сказамі [«Усюды мае сябры, камбайнер і сталь хто варыць...» (П.Броўка)]. Як вобразны сінонім слова П. і называе пэўную з’яву, і характарызуе яе («крылатая мудрасць народа» — фальклор). Бываюць вобразныя: метафарычныя («раніца жыцця» — маладосць), метанімічныя («зямля Купалы» — Беларусь) і лагічныя («прадзедаў зямля» — радзіма). Амаль у кожным П. ёсць невялічкая загадка. Раскрыць яе дапамагае семантычная арганізацыя самога П. і кантэкст. Пашыраны традыц. П. («пан сахі і касы», «другі хлеб»), некат. з іх патэнцыяльныя фразеалагізмы.
Літ.:
Малажай Г.М. Сучасная беларуская мова: Перыфраза. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НСКІ ФІЛАРМАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР,
першы прафесійны канцэртны аркестр Аўстрыі, адзін са старэйшых у Еўропе. Напачатку наз. «Аркестравы персанал імператарскай прыдворнай оперы». Першы канцэрт адбыўся ў 1842 пад кіраўніцтвам аднаго з заснавальнікаў аркестра О.Нікалаі. З 1860-х г. штогод праводзіць цыкл з 8 нядзельных абанементных канцэртаў, канцэрт памяці Нікалаі, урачысты навагодні канцэрт з твораў венскай лёгкай музыкі і інш. З 1917 афіцыйны аркестр Зальцбургскіх фестываляў. У рэпертуары творы І.Гайдна, В.А.Моцарта, Л.Бетховена, Ф.Шуберта, Р.Шумана, І.Брамса, А.Брукнера, Г.Малера, Р.Вагнера, Р.Штрауса, П.Чайкоўскага і інш. У складзе аркестра каля 120 чал. Сярод дырыжораў: Малер, Брамс, Вагнер, Брукнер, Штраус, Дж.Вердзі, Ф.Дэсаф, Г.Рыхтэр, Ф.Вейнгартнер, Ф.Шальк, Ф.Мотль, К.Мук, А.Нікіш, Э.Шух, Б.Вальтэр, А.Тасканіні, К.Краўс, В.Фуртвенглер, К.Бём, Г.Караян.
французскі жывапісец і графік. Прадстаўнік фавізму. Самавучка, фарміраваўся пад уплывам В. ван Гога і П.Сезана. Раннія творы (пач. 20 ст.) дынамічныя па кампазіцыі, напружана-кантрастныя і крыкліва-зыркія па колеры і пейзажы: «Чырвоныя дрэвы», «Дом пад дрэвам», «Цырк», «Нацюрморт з яблыкамі» (усе 1906), «Баркі на Сене» (1907), «Буксір каля Шату» (1908), «Кветкі» (1909); партрэт «А.Дэрэна» (1905), «Аўтапартрэт» (1912) і інш. Творам 1920—30-х г. («Руэй-ла-Гадэльер», «Царква ў Аверсюр-Уаз. Памяці ван Гога») уласціва драм. экспрэсія, змрочны каларыт. Працаваў у галіне станковай і кніжнай графікі (гравюры на дрэве «Жаночая галава», «Аржэнтоль», літаграфія «Сен-ле-Таверні» і інш.).
рус. паэт, публіцыст, рэв. дзеяч. У час вучобы ў Маскоўскім ун-це (1832—33) удзельнічаў у паліт. гуртках, захапляўся франц. утапічным сацыялізмам. З 1856 у эміграцыі (Лондан, Жэнева). На фарміраванне светапогляду паўплывалі дзекабрысты і А.Герцэн, з якім выдаваў альманах «Полярная звезда» і газ.«Колокол». Адзін з заснавальнікаў рэв. арг-цыі «Зямля і воля» (1860-я г.). У лірычных творах заклікаў да барацьбы з самадзяржаўем, абгрунтоўваў ідэю грамадскага прызначэння паэзіі, прапагандаваў прынцыпы рэалізму (цыклы «Маналогі», «Успаміны дзяцінства», вершы «Памяці Рылеева», «Свабода», паэмы «Гумар», «Вёска», «Зімовы шлях», «Мацей Радаеў» і інш.). Аўтар аповесцяў, публіцыстычных і літ.-крыт. артыкулаў.