ВАЙДЭЛО́ТЫ, вейдалоты,

язычніцкія жрацы старадаўняй Літвы, хавальнікі вечнага агню бога Перуна (Перкунаса). Вайдэлоткі ахоўвалі вечны агонь пры храме багіні Праўрымы, прыносілі ахвяры багам. У час баляў і на святы вайдэлоты спявалі і ўслаўлялі подзвігі продкаў, расказвалі пра барацьбу з іншаземнымі заваёўнікамі. Песні і легенды вайдэлотаў доўгі час бытавалі ў народаў ВКЛ і пасля прыняцця хрысціянства.

т. 3, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЙНЭ́ (грэч. koine ад koinos агульны),

1) агульнанародная мова, якая ўзнікла ў 4 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі на аснове атычнага з элементамі іанічнага дыялекту.

2) Мова міжпляменных або міждыялектных зносін для шэрагу роднасных плямён ці народаў, якая ўтварылася на аснове найб. пашыранай мовы ці дыялекту, што ўвабраў рысы інш. моў ці дыялектаў.

т. 7, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛДУНЫ́,

страва, вядомая ў беларусаў, палякаў, літоўцаў і інш. народаў. Робяцца з таркаванай бульбы, крутога пшанічнага, жытняга, грэцкага або інш. цеста. Напаўняюцца сырым сечаным мясам з прыправамі ці скваркамі, садавінаю, ягадамі, а таксама вараным бобам, гарохам, цёртым макам, рэпчатай цыбуляй і інш. Згатаваныя ставяць у лёгкі дух. Падаюць у тлушчы, смятане ці булёне.

т. 7, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАНІ́ЧНАЯ ЛІТАРАТУ́РА,

біблейскія кнігі, прызнаныя царквой адзінаправільнымі, боганатхнёнымі. На працягу стагоддзяў служыла афіц. прызнанай крыніцай ведаў пра гісторыю чалавецтва і навакольны свет, кодэксам хрысц. веры, маралі і адначасова была папулярнай белетрыстыкай, якая задавальняла эстэт. запатрабаванні і густы розных сац. груп. Паўплывала на л-ры ўсіх. хрысц. народаў. Гл. таксама ў арг. Біблія.

т. 7, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАП’Ё,

халодная колючая або кідальная зброя, якая выкарыстоўвалася на вайне і паляванні. Вядома з эпохі палеаліту. Складалася з дрэўка і наканечніка (з каменю, косці, металу). У некат. краінах і народаў захавалася і ў сярэдневякоўі. У 18 ст. страціла былое значэнне. Засталося на ўзбраенні ў плямён Аўстраліі, Акіяніі, Бразіліі. К. таксама называецца спарт. кідальны снарад.

т. 8, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЧУ́Н,

у старажытных павер’ях беларусаў і інш. слав. народаў фантаст. істота, што ўвасабляла зіму і смерць. Часам К. называлі зімовы сонцаварот і звязанае з ім свята, пазней стаў увасабленнем толькі смерці. На Беларусі К. лічылі злым духам, які скарачаў жыццё, выклікаў сутаргі, раптоўную смерць у маладым узросце. Павер’і пра К. захоўваліся да пач. 20 ст.

т. 8, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАУ́С,

у працах сярэдневяковых арабамоўных аўтараў — назва немусульманскіх пахавальных пабудоў. Н. былі пашыраны ў старажытнасці і сярэднявеччы ў некат. народаў Сярэдняй і Пярэдняй Азіі, рэлігія якіх забараняла хаваць нябожчыкаў у зямлю. У рус. усходазнаўчай і археал. л-ры Н. называюць скляпы, якія зараастрыйцы будавалі з гліны, ці камянёў для захавання асуарыяў ці для наземных пахаванняў.

т. 11, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА,

у рэлігійных уяўленнях стараж. народаў Малой Азіі багіня зямлі і ўрадлівасці, маці багоў. Яе культ, блізкі да культу Кібелы, у 1 ст. да н.э. быў уведзены ў Стараж. Рыме дыктатарам Сулам. У рымлян вобраз М. злучыўся з вобразам рым. багіні вайны Белоны, і М. шанавалася імі пад двайным імем (Ма-Белона).

т. 9, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЫЛЮ́К (Яўген Прохаравіч) (18.3.1902, Варшава — 24.6.1989),

украінскі літ.-знавец. Чл.-кар. АН Украіны (1957). Засл. дз. нав. Украіны (1972). Скончыў Кіеўскі ін-т нар. асветы (1926). У 1946—84 у Ін-це л-ры імя Т.​Шаўчэнкі АН Украіны. Аўтар больш як 800 прац, у т. л. кніг «Панцеляймон Куліш» (1929), «Украінскія пісьменнікі — рэвалюцыйныя дэмакраты і літаратуры заходніх і паўднёваславянскіх народаў» (1963), «Вечны рэвалюцыянер. Жыццё і творчасць Івана Франко» (1966), «Т.​Р.​Шаўчэнка. Жыццё і творчасць» (1959, 1964; Ленінская прэмія 1964), «Вук Караджыч і ўкраінская культура» (1978). Пад кіраўніцтвам К. створаны калектыўнае даследаванне «Шаўчэнказнаўства. Вынікі і праблемы» (1975), энцыклапедычны «Шаўчэнкаўскі слоўнік» (т. 1—2, 1976—77; Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1980). У даследаваннях «Шаўчэнка і славянскія народы» (1958), «Украінскі рамантызм у тыпалагічным супастаўленні з літаратурамі заходне- і паўднёваславянскіх народаў» (1973) і інш. Закранаў праблемы бел.-ўкр. літ. сувязей.

В.​А.​Чабаненка.

т. 8, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́СКА ПАХАВА́ЛЬНАЯ,

маска, якую клалі пры пахаванні на твар нябожчыка. Звычай звязаны з культам продкаў і ўяўленнямі аб замагільным жыцці; быў пашыраны ў розных народаў і ў розныя часы. М.п. з дрэва, гліны, гіпсу, золата знойдзены ў некропалях Стараж. Егіпта; залатыя — у шахтавых грабніцах Мікенаў (16 ст. да н.э.), на тэр. Ірана і в-ва Самас (пахаванні 6 ст. да н.э.), у Ольвіі і Пантыкапеі. Розныя М.п. выяўлены ў Ніневіі, Карфагене і інш., а таксама ў стараж. пахаваннях Мексікі і Перу. Вельмі пашыраны былі ў Стараж. Італіі ў этрускаў, а потым у рымлян. У некат. народаў Сібіры існаваў звычай класці на твары нябожчыкаў М.п. з гіпсападобнай тэракоты (канец 1-га тыс. да н.э. — 7—8 ст. н.э.). М.п. ў большасці выпадкаў індывідуальныя і партрэтныя; іх вывучэнне дазваляе ўстанавіць фізічны тып насельніцтва адпаведнага часу.

Залатая маска пахавальная. Мікены, 16 ст. да н.э.

т. 10, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)