творы нар. лірыкі, якія спявалі ў застоллі. Рэгіянальныя назвы: гасцявыя, кірмашовыя, банкетовыя, пірушачныя песні. Значная колькасць іх сярод дажынкавых, талочных, радзінных песень, таму паводле функцыянальнай прыкметы адрозніваюць бяседныя песні пазаабрадавыя, каляндарна-абрадавыя і сямейна-абрадавыя. Маюць велічальныя матывы, у якіх услаўляюцца багаты стол, шчодрыя гаспадары, жаданыя госці. Ідэалізаваная карціна дастатку адлюстроўвае мару селяніна. У бяседных песнях пераважаюць сямейна-бытавыя матывы: нешчаслівае замужжа, жорсткі муж, лютая свякроў, ліхія суседзі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУНІ́Т (ад назвы гары Дун у Новай Зеландыі),
інтрузіўная ультраасноўная поўнакрышт. горная парода, якая складаецца амаль цалкам (на 85—100%) з алівіну; мае таксама акцэсарны хромшпінелід; у рознай ступені серпентызаваная. Колер светла-зялёны, цёмна-зялёны да чорнага. Шчыльн. 3280 кг/м³. Д. вельмі пашыраны, звычайна ўтварае паралельныя лінзы, сілы, сякучыя трубкі (напр., паясы Д. на Урале). З Д. звязаны буйнейшыя радовішчы хромавых руд і плаціноідаў. Выкарыстоўваецца для вытв-сці вогнетрывалых матэрыялаў, дунітавыя пяскі — у ліцейнай вытв-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСТА́ВА,
1) падраздзяленне, якое выконвае задачы аховы. Вылучаецца войскамі на маршы (паходная З.), пры размяшчэнні на месцы (вартавая З.).
2) Падраздзяленне (каманда) пагранічнай вартавой службы ў Расіі 16—19 ст. Пазней — пагранічная З.
3) Месца ўезду ў горад або выезду з яго ў 16—19 ст., якое ахоўвалася вартай, дзе правяраліся дакументы і збіралася пошліна. У пач. 20 ст. некат. назвы З. замацаваліся за гар. ўскраінамі, напр., Нарвенская З. ў Санкт-Пецярбургу, Рагожская З. ў Маскве і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКО́ЎНІК (Anthriscus),
род кветкавых раслін сям. парасонавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 2 віды М.; лясны (A. sylvestris, нар.назвы ствольны цвет, вадзяны кроп) і цьмянцовалісты, або кервель (A. cerefolium). Трапляюцца ў хмызняках, гаях, каля жылля.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны. Сцёблы граністыя. Лісце складанарассечанае. Кветкі дробныя, белыя, жаўтаватыя ў парасонавых суквеццях. Плод — падоўжаны віслаплоднік. Культывуюць М. цьмянцовалісты як вострапрыпраўную расліну. Лек., агароднінныя, вострапрыпраўныя, меданосныя, эфіраалейныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНА́РХ (грэч. monarchos ад monos адзін + archos правіцель),
аднаасобны кіраўнік дзяржавы, які ажыццяўляе ўладу паводле ўласнага права, а не ў дэлегаваным парадку. Улада М. з’яўляецца, як правіла, пажыццёвай і перадаецца ў спадчыну. Ва ўсіх манархічных краінах М. паводле закону — недатыкальная асоба. У розных краінах М. маюць розныя назвы: кароль — у Вялікабрытаніі, Іспаніі, Даніі, Швецыі, Бельгіі; султан — у Малайзіі, Брунеі, Амане, эмір — у Кувейце, Аб’яднаных Араб. Эміратах, вял. герцаг — у Люксембургу, князь — у Ліхтэнштэйне. Гл. таксама Манархія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСАМІ́ТНІК, амарант (Amaranthus),
род пераважна аднагадовых травяністых раслін сям. аксамітнікавых. Каля 80 відаў, пашыраных у цёплых і ўмераных абласцях зямнога шара. На Беларусі 8 заносных і 1 інтрадукаваны від — аксамітнік трохкаляровы (A. tricolor), радзіма — трапічная Азія. Найб. вядомыя аксамітнік сіняваты (A. lividus, нар.назвы зяльборнік), аксамітнік адкінуты (A. retroflexus, нар. назва падбурачнік), аксамітнік жміндападобны (A. blitoides). Многія аксамітнікі — дэкар. расліны. Растуць таксама як пустазелле.
Выш. 10—150 см. Лісце чаргаванае. Кветкі зялёныя або пурпурова-чырвоныя. Плод — каробачка. Насенне дробнае, бліскучае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГА́ТКІ (Antennaria),
род шматгадовых травяністых або паўкусцікавых раслін сям. складанакветных. Больш за 100 відаў, пашыраных па ўсім зямным шары, асабліва ў арктычных і высакагорных раёнах (акрамя Афрыкі). На Беларусі трапляюцца агаткі двухдомныя (агаткі dioica), нар.назвы: сухотнік палявы, кацалапкі, сухапут, аўдулькі, коткі, пух. Растуць у хваёвых лясах, на сухіх лугах і схілах.
Расліны выш. 5—30 см, двухдомныя, густа апушаныя. Кветкі белыя (двухполыя) або ружовыя (песцікавыя). Суквецце — кошык шыр. 5—6 мм. Плод — сямянка з чубком. Выкарыстоўваецца ў лек. і дэкар. мэтах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛЕ́С,
язычніцкае бажаство ўсх. славян. Лакальныя назвы Валос, Волас. Вялеса лічылі апекуном жывёлагадоўлі (у «Аповесці мінулых гадоў» яго называлі «скоцій бог»), багацця (яго імем кляліся купцы і княжацкія дружыннікі), мастацтва, у прыватнасці паэзіі (у «Слове пра паход Ігараў» княжацкі паэт Баян называецца ўнукам Вялеса). З увядзеннем хрысціянства ў Кіеўскай Русі (канец 10 ст.) уяўленне пра Вялеса паступова знікла, а яго гал. функцыя — апекуна жывёлагадоўлі — нададзена хрысц. святому Уласу (Аўласу), у гонар якога спраўлялі конскае свята 11 лютага ст.ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ИЗВЕ́СТИЯ АРМЕ́ЙСКОГО СОВЕ́ТА ДЕПУТА́ТОВ X А́РМИИ»,
газета Выдавалася з ліст. 1917 да лют. 1918 у Маладзечне на рус. мове штодзённа. Орган бальшавіцкага Савета дэпутатаў 10-й арміі. Напачатку мела назвы: «Бюллетень Военно-революционного комитета X армии», «Известия Совета депутатов X армии». Змяшчала пастановы Расійскага і Зах.абл. Саветаў нар. камісараў, рэзалюцыі салдацкіх і сял. сходаў у падтрымку новай улады, матэрыялы пра барацьбу сав. войск супраць 1-га польскага корпуса Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага. Спыніла існаванне з наступленнем герм. войск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМАНІ́ШНІК (Succisa),
род кветкавых раслін сям. варсянкавых. 1 від — К. лугавы (S. pratensis). Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі трапляецца па ўсёй тэрыторыі на нізінных лугах, ускрайках балот, лясных палянах, нар.назвы каманіца, каноплі лясныя, папы.
Шматгадовая травяністая расліна выш. 40—100 см. Сцябло прамастойнае з доўгімі міжвузеллямі. Лісце цэласнае, ланцэтнае, на сцябле супраціўнае, пры корані ў разетцы. Кветкі сіне-фіялетавыя, блакітна-бэзавыя, радзей белыя, у галоўчатых суквеццях. Плод — 4-гранны касматы арэх. Лек., дубільная, фарбавальная і меданосная расліна.