ПІ́РЫ ((Peary) Роберт Эдвін) (6.5.1856, г. Крэсан, штат Пенсільванія, ЗША — 20.2.1920),
амерыканскі даследчык Арктыкі. Адмірал (1911). У 1892 перасек паўн. купал Грэнландыі з 3 на У на санях з сабачымі запрэжкамі, у 1895 паўтарыў гэты маршрут. У 1900 даследаваў паўн. бераг Грэнландыі, адкрыў мыс Морыс-Джэсеп. У 1909 дасягнуў Паўн. полюса. Яго імем названы паўвостраў на Пн Грэнландыі (Піры Зямля) і праліў на Пн Канадскага архіпелага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРА́ВДЫ» БЕ́РАГ,
узбярэжжа Зямлі Вільгельма 11 і Зямлі Каралевы Мэры ва Усх. Антарктыдзе, паміж 88° і 100°усх. д. Абмываецца морам Дэйвіса. Край мацерыковага ледавіковага покрыва, які пераходзіць у Зах. шэльфавы ледавік на З і шэльфавы ледавік Шэлктана на У. Стромка ўзвышаецца на Пд і за 100 км ад берага дасягае выш. больш за 1500 м. Тоўшча ледавіка 1000 м. Названы ў гонар расійскай газ. «Правда».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКІ ХРЫБЕ́Т У сістэме Куньлуня, у Кітаі, паміж далінамі рэк Керыя і Карамуран. Даўж. каля 400 м. Выш. да 6626 м. Складзены пераважна з гнейсаў, крышт. сланцаў і гранітаў. Складаецца з 3—5 грабянёў, падзеленых вузкімі тэктанічнымі далінамі. Паўн. схіл (выш. каля 4000 м) стромка абрываецца да Тарымскай раўніны, каля яго падножжаў — паласа аазісаў. Горныя пустыні і стэпы, ландшафты халодных пустынь. Ледавікі. Даследаваны і названы М.М.Пржавальскім (1885).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РАЎ ((Barrow) Джон) (19.6.1764, Дралейбек, графства Ланкашыр, Вялікабрытанія — 23.11.1848),
англійскі падарожнік. Даследаваў Кітай (1792) і Паўд. Афрыку (1795—1802, дасягнуў р. Аранжавая). Заклаў асновы геагр. ведаў аб Паўд. Афрыцы («Падарожжа ўнутр Паўднёвай Афрыкі», т. 1—2, 1801—03). Найб. значны яго твор «Храналагічная гісторыя падарожжаў у Арктычныя рэгіёны» (1818) садзейнічаў аднаўленню вывучэння Арктыкі і пошукаў Паўн.-Зах. праходу. Імем Бараў названы праліў у Канадскім Арктычным архіпелагу і мыс на Алясцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́БЕРАЎ АПАРА́Т,
орган некаторых касцістых рыб, які злучае плавальны пузыр з органам раўнавагі (лабірынтам унутр. вуха). Складаецца з чатырох пар рухома сучлененых паміж сабой костачак — відазмененых частак першых пазванкоў і трэцяга рабра. Дае магчымасць рыбе хутка рэагаваць на змену ціску вады і мае значэнне ў перадачы гукавых ваганняў. Рыбы, што маюць вебераў апарат, здольныя ўспрымаць гукі з частатой да 13 кГц, без веберава апарата — толькі да 2,5 кГц. Названы імем Э.Г.Вебера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯЖНЁЎ (Сямён Іванавіч) (каля 1605—73),
рускі землепраходзец. На пач. 1640-х г. разам з М.Стадухіным і інш. ўдзельнічаў у паходах па Крайняй Поўначы Сібіры; спусціўся па р. Індыгірка да паўн. Ледавітага ак., потым па моры дасягнуў р. Калыма, адтуль у 1648 з Паповым (Ф.Аляксеевым) праплыў вакол Чукоцкага п-ва і адкрыў праліў паміж Азіяй і Амерыкай. Імем Дз. названы мыс і хрыбет на Чукотцы, бухта ў Берынгавым м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗЯСЛА́Ў ВАСІ́ЛЬКАВІЧ,
князь полацкага роду Ізяславічаў у 12 ст. Адзін з герояў «Слова аб палку Ігаравым», дзе гаворыцца пра яго гераічную гібель у баі з літоўцамі. Дзедам І.В. названыкн.Усяслаў Брачыславіч. На падставе «Слова...» некат. даследчыкі лічаць, што І.В. быў князем у Гарадзені, які часам атаясамліваецца з сучасным Гроднам. Адзіны герой «Слова...», які не ўпамінаецца ў летапісах, што ставіць пад сумненне яго гіст. сапраўднасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЖЭДРАЦЯ́НІКІ,
лічынкі жукоў сям. чарнацелак і пылкаедаў, шкоднікі многіх с.-г. культур. Названы так за вонкавае падабенства да драцянікаў. У адрозненне ад іх у І. развітая верхняя губа, пярэднія ногі даўжэйшыя і таўсцейшыя за сярэднія і заднія; у лічынак чарнацелак цела знізу пляскатае, у пылкаедаў — цыліндрычнае. Найб. небяспечныя: павольнік пясчаны, чарнацелка кукурузная, пылкаед гарчычны і інш.
Да арт.Ілжэдрацянікі. Павольнік пясчаны: 1 — жук; 2 — пашкоджаныя ім усходы; 3 — лічынка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПРЫЯ́НАЎ (Пётр Іванавіч) (1926, г. Жодзіна Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. — 2.11.1944),
Герой Сав. Саюза (1945). Сын Н.Ф.Купрыянавай. У Вял.Айч. вайну ў партыз. атрадзе «Радзіма» брыгады «Разгром». У Чырв. Арміі з 1944. Вызначыўся ў ліст. 1944 у баі за вышыню ў Кулдыгскім р-не (Латвія): закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота. На радзіме К. пастаўлены помнік. Яго імем названы вуліцы ў Вілейцы, Жодзіне, Мінску, Полацку, Слуцку, Смалявічах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМАНО́САВА ХРЫБЕ́Т,
падводны хрыбет у Паўн. Ледавітым ак. Распасціраецца ад Новасібірскіх а-воў праз цэнтр.ч. акіяна да в-ва Элсмір у Канадскім Арктычным архіпелагу амаль на 1800 км. Шыр. ад 60 да 200 км. Узвышаецца над дном акіяна ў сярэднім на 3300—3700 м. Найменшая глыб. над асобнымі вяршынямі 900 м. Схілы стромкія, расчлянёныя каньёнамі, укрытыя слоем пясчаністага ілу. Адкрыты у 1948 сав. экспедыцыямі. Названы ў гонар М.В.Ламаносава.