дакладнае апісанне на фармальнай мове паслядоўнасці дзеянняў аўтаматычнай прылады (часцей ЭВМ); рэалізуе распрацаваны алгарытм.
П. ЭВМ складаецца з сукупнасці каманд (інструкцый), якія выкарыстоўваюцца для кіравання яе работай. Каманды выконваюць арыфметыка-лагічныя аперацыі над данымі ці аналізуюць вынікі такіх аперацый. Аўтаматызм выканання дасягаецца тым, што за бягучай камандай (акрамя апошняй) абавязкова называецца чарговая або тая, якая вызначаецца камандай умоўнага ці безумоўнага пераходу. Выбар напрамку ў камандах галінавання залежыць ад выніку аперацый над данымі. Некат. каманды ці іх групы могуць выконвацца шматразова, таму працягласць работы П. залежыць ад уваходных даных (П. рэагуе на разнастайнасць даных і іх пераўтварэнні). Распрацоўка П. — адна з асноўных задач прыкладной матэматыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ВА ПРАГРАМАВА́ННЯ,
фармальная мова сувязі чалавека з ЭВМ, прызначаная для апісання інфармацыі (напр., даных) і алгарытмаў яе апрацоўкі. Задаецца наборам сімвалаў (алфавіт), правіламі пабудовы тэксту (сінтаксіс), пералікам дзеянняў і аб’ектаў, што апісваюцца сінтаксічна дапушчальнымі тэкстамі праграм (семантыка). Праграмы, напісаныя на М.п., пераводзяцца ў машынныя коды з дапамогай транслятара.
Адрозніваюць М.п. машынна-арыентаваныя, працэдурна-арыентаваныя і аб’ектна-арыентаваныя. Да машынна-арыентаваных адносяць мовы, што ўлічваюць асаблівасці канкрэтнай ЭВМ (структуру каманд, памяць, знешнія прылады і інш.) і дазваляюць ствараць праграмы, такія ж па эфектыўнасці, як праграмы. напісаныя ў кодах машыны (гл.Асемблер, Машынная мова). У працэдурна-арыентаваных М.п. (напр., Паскаль, Фартран, Алгол, Модула, ПЛ/1) вылучаюць 2 часткі: для апісання структуры аб’ектаў і для працэдуры іх апрацоўкі. На іх эфектыўна апісваюцца і рэалізуюцца алгарытмы апрацоўкі інфармацыі складанай іерархічнай структуры. Самастойнае падмноства такіх моў складаюць мовы мадэліравання. Аб’ектна-арыентаваныя М.п. (напр., Ада, Сі++) грунтуюцца на 4 гал. прынцыпах: магчымасць праграмісту апісваць уласныя аб’екты, вызначаць уласныя аперацыі над аб’ектамі, будаваць іерархіі аб’ектаў і дзеянняў над імі, перавызначаць аб’екты і аперацыі над імі. У выніку з’явіліся магчымасці развіваць і назапашваць праграмы з канкрэтнай прадметнай вобласці, павялічылася іх надзейнасць і скараціўся час іх распрацоўкі і наладкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМІ́ТКА, павойнік, хуста, сярпанка,
даўні галаўны ўбор замужніх жанчын на Беларусі. Складаўся з уласна Н. — тонкага белага кужэльнага палатна (ручніка) 30—60 см шырынёй, ад 2,3—2,6 да 5 м даўжынёй, абматанага паверх чапца і тканкі (лямец, кібалка). Вядома каля 30 спосабаў абмотвання Н. Часам абодва яе канцы завязвалі ззаду (магілёўскі строй), над ілбом ці па баках (капыльска-клецкі строй); найчасцей адзін канец праходзіў пад барадой і драпіраваўся над плячом, а другі спадаў на спіну. Часта Н. замацоўвалі доўгімі шпількамі, тады яе можна было здымаць, як шапку. Канцы Н., іншы раз і край над ілбом аздаблялі арнаментам (вышыўка ці натыканне), карункамі, мохрыкамі (пухавіцкі строй, маларыцкі строй, кобрынскі строй). Святочную Н. аздаблялі зелянінай, букетам штучных ці жывых кветак, папяровым веерам (ляхавіцкі строй), кветкамі вяргіні (пінска-івацэвіцкі строй), пер’ем (кобрынскі строй), маляўнічай каробачкай з 2 «рожкамі» — пукамі фарбаванага пер’я (касцюм свацці ў маларыцкім строі). Першы раз у Н. ўбіралі нявесту на вяселлі (абрад «ачэпін»), пасля чаго жанчына не выходзіла на людзі без яе. Найдаўжэй бытавала на Палессі (да 1950-х г.). Іл.гл. таксама ў арт.Галаўныя ўборы.
М.Ф.Раманюк.
Жанчыны ў святочных уборах з наміткамі. Вёска Варатынічы Кобрынскага раёна Брэсцкай вобл.Пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРУ́НЫ,
хвалі, якія разбураюцца з пенай на некаторай адлегласці ад берага (у адрозненне ад прыбою). Утвараюцца звычайна над падводнымі валамі, рыфамі, водмелямі. Адрозніваюць «ныральныя» буруны, што ўзнікаюць пры поўным разбурэнні хвалі, і «слізгальныя» буруны — пры частковым, неаднаразовым разбурэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІЕ́ВАС, Дзіеўс, Дзіеў,
у балтыйскай міфалогіі абазначэнне бажаства і гал. з багоў. Дз. стаіць над усімі багамі, але звычайна ён пасіўны і непасрэдна не ўплывае на лёсы людзей. У яго ёсць памочнікі (адзін з іх грамавержац Пяркунас) і дзеці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВАЯ РЫ́БА (лац. Piscis Austrinus),
сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка — Фамальгаўт. 25 зорак ярчэй 5-й зорнай велічыні. На тэр. Беларусі відаць у сярэдзіне верасня (на вышыні менш 5°над гарызонтам) на Пд. Гл.Зорнае неба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІДУРУТАЛА́ГАЛА,
самая высокая вяршыня на в-ве Шры-Ланка (Цэйлон). Выш. 2524 м, над прылеглымі пласкагор’ямі ўзвышаецца на 500—700 м. Складзена з гранітаў і гнейсаў. Мае купалападобную форму. На схілах — гушчары экватарыяльнага драбналесся, каля падножжа чайныя плантацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРНА́ДСКАГА ГО́РЫ,
падлёдавыя горы ва Усх. Антарктыдзе, ва ўсх. частцы Зямлі Каралевы Мод. Даўж. каля 400 км. Выш. больш за 1600 м. Над гарамі — ледавіковае покрыва магутнасцю да 1000 м. Адкрыты ў 1964 сав. антарктычнай экспедыцыяй. Названы ў гонар У.І.Вярнадскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МБУРЦАВА ГО́РЫ,
падлёдавыя горы ў цэнтр. частцы Усх. Антарктыды, у раёне плато Савецкае. Даўж. каля 1300 км. Выш. да 3390 м. Над гарамі — ледавіковае покрыва магутнасцю да 600 м. Адкрыты ў 1958 сав. антарктычнай экспедыцыяй. Названы ў гонар сав. геафізіка Р.А.Гамбурцава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАБА́ХСКАЕ НАГО́Р’Е,
вулканічнае лававае нагор’е ў Закаўказзі, паміж Зан гезурскім і Карабахскім хрыбтамі, у Азербайджане і Арменіі. Выш. да 3616 м (г. Далідаг). Над паверхняй нагор’я ўзнімаюцца патухлыя вулканічныя конусы да 3581 м (г. Кызылбагаз). Каменныя россыпы, субальпійскія лугі. Пашавая жывёлагадоўля.