помнік архітэктуры канца 18 ст. Пабудаваны ў 1778—87 у г. Крычаў Магілёўскай вобл. для кн, Р.А.Пацёмкіна, у 1840-я г. рэканструяваны. Мураваны П-падобны ў плане 2-павярховы будынак накрыты пакатым 2-схільным дахам. Арх. вырашэнне гал. фасада мае рысы несапраўднай готыкі: цэнтр вылучаны рызалітам, раскрапаваным гранёнымі пілонамі, вуглавыя пілоны завершаны зубцамі і нагадваюць вежы, аконныя праёмы стральчатай формы. Астатнія фасады расчлянёны пілястрамі. Тарцы бакавых крылаў вырашаны ў строгіх класіцыстычных формах, завершаны трохвугольнымі франтонамі. Інтэр’еры залаў і пакояў мелі багатую ляпную аздобу, мармуровыя каміны, кафляныя печы. Перад палацам быў пейзажны парк (захаваўся часткова), за ім — П-падобны ў плане будынак стайні і пладовы сад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЙ ГАРАДСКО́Й УПРА́ВЫ БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры эклектыкі ў Магілёве. Узведзены ў 2-й пал. 19 ст. ў гіст. цэнтры горада, спалучае рысы стыляў позняга класіцызму і псеўдарускага. Мураваны будынак складаецца са злучаных 2 прамавугольных у плане аб’ёмаў: 3- і 2-павярховага. Гал. тарцовы фасад карнізнымі паясамі (цягамі) падзелены на 3 ярусы: 1-ы ярус масіўны, з 4 руставанымі пілонамі, мае невял. спараныя арачныя аконныя праёмы абапал параднага ўвахода; 2-і ярус вылучае група парадных памяшканняў, вырашаны ён больш багата: паміж падвойнымі пілонамі высокія арачныя спараныя вокны-біфорыумы, аздобленыя архівольтамі, калонамі, сандрыкамі; 3-і ярус рытмічна расчлянёны невял. прамавугольнымі аконнымі праёмамі, згрупаванымі па 3. Сцены завершаны высокім складаным па форме прафіляваным карнізам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКІ ПУСТЫ́НСКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў каля г. Мсціслава Магілёўскай вобл. на беразе р. Аслянка (правы прыток Сажа). Паводле царк. падання, засн. каля 1380 мсціслаўскім кн.Лугвенам. Паводле царк. гісторыка М.І.Пятрова манастыр вядомы з 1500. У пач. 17 ст. стаў уніяцкім, у 2-й пал. 17 ст. пэўны час быў не заселены. Да 19 ст. будынкі былі драўляныя, у 1801—08 мітрапаліт Іраклій Лісоўскі пабудаваў мураваны храм Успення Багародзіцы базілікальнага тыпу (у 1869 перабудаваны ў крыжападобны ў плане). З 1839 манастыр зноў праваслаўны. У 1864 пабудавана царква Раства Багародзіцы, у 1865 — Пакроўская царква, у канцы 19 ст. — шмат’ярусная званіца. У 1918 манастыр закрыты. Частка будынкаў захавалася ў руінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРЫ́ЦКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва ў в. Нарыца Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. Заснаваны, верагодна, у сярэдзіне 18 ст. на беразе невял. рэчкі. Парк рэгулярнага тыпу, пл. каля 2 га. Цэнтр кампазіцыі — мураваны палац (пазней драўляны, не захаваўся), пабудаваны на месцы стараж. замка, ад якога засталіся валы і равы. На У ад яго ў бок вадаёма, які аддзяляў палац ад асн. паркавага масіву, прамавугольная тэраса з кветнікавым партэрам і групамі ясеню звычайнага. Планіровачную аснову парку складае сістэма ўзаемна перпендыкулярных ліпавых алей, з багатым кветнікавым афармленнем, баскетамі і круглымі пляцоўкамі на перакрыжаванні алей. Папярочная вось кампазіцыі падкрэслена сістэмай вадаёмаў (раней было 9). Парк моцна пашкоджаны. Захаваліся часткі алей, пляцовак, тэрас і асн. вадаёмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ КНЯ́ЖАЦКІ ХРАМ Існаваў у 12—16 ст. ў г. Полацк Віцебскай вобл. на тэр. Верхняга замка. Рэшткі выяўлены М.Каргерам у час археал. раскопак 1966—67. Храм мураваны, 3-нефавы, 6-стаўповы, крыжова-купальны (24 × 16 м), 3-апсідны (бакавыя апсіды размяшчаліся ў тоўшчы сцяны). Цэнтр. неф з У завяршаўся паўкруглай апсідай, больш вузкія бакавыя нефы — паўкруглымі нішамі ў тоўшчы сцяны. У цэнтры ўзвышаўся купал на круглым светлавым барабане. Да бакавых нефаў былі прыбудаваны прытворы з самаст. апсідамі. Багатую пластыку фасадам надавалі пілястры складанага профілю, аркатурныя паясы, дэкар. арачкі над аконнымі і дзвярнымі праёмамі, закамары. Інтэр’ер быў аздоблены фрэскамі, падлога выкладзена з паліваных керамічных плітак.
А.А.Трусаў.
Полацкі княжацкі храм. Рэканструкцыя П.А.Рапапорта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЁМКАВА,
вёска ў Папярнянскім с/с Мінскага р-на, на паўн.-ўсх. беразе Заслаўскага вадасховішча. Цэнтр саўгаса. За 16 км на ПнЗ ад Мінска, 12 км ад чыг. ст. Беларусь. 1461 ж., 482 двары (2001). Прадпрыемства па вытв-сці дзіцячых цацак «Метэор». Сярэдняя школа, школа-інтэрнат, клуб, б-ка, аптэка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — сядзіба (2-я пал. 18 ст.).
Вядома з 1567 як сяло, уласнасць Станіслававічаў, Саламярэцкіх, Рэкуцяў, Хмараў. У 1800 пры панскім двары на правым беразе Вячы мост, грэбля, млын, мураваны панскі дом, драўляная каталіцкая капліца, на левым беразе ракі — цагельны з-д. У 1897 у вёсцы 419 ж., 67 двароў, хлебазапасны магазін, карчма, у маёнтку 92 ж., 8 двароў. У 1917 у вёсцы 489 ж., у маёнтку — 115 жыхароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—17 ст. у сутоках Дняпра і Аршыцы на месцы гарадзішча 11 ст. (сучасны г. Орша). Мураваны 5-вежавы замак будаваўся з 1398 па 1407, не закончаны, у 15 ст. дабудаваны з дрэва. Меў патаемны ход да Дняпра. Пасля 1620 замак цалкам дабудаваны з каменю. На яго ўзбраенні былі гарматы, у цэйхгаузе захоўваліся 33 гакаўніцы, 20 аркебузаў, 3 невял. жалезныя гарматы, інш.ваен. рыштунак. Замак неаднаразова зведаў аблогі і захопы рус. войскамі (1500, 1507, 1519, 1562—64, 1654). У снеж. 1654 войска Радзівіла авалодала замкам і ўтрымлівала яго да 11.5.1655. Пазней рус. войскі занялі яго і ўтрымлівалі да канца вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У канцы 17 ст. замак заняпаў і страціў свае абарончыя функцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЧЭ́ЙКАЎСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва ў в.Бачэйкава (Бешанковіцкі р-н Віцебскай вобл.). Закладзены ў сярэдзіне 18 ст. Парк рэгулярнага тыпу, размешчаны на правым пакатым беразе р. Ула, аформлены 3 шырокімі тэрасамі. Цэнтрам сіметрычна-восевай кампазіцыі быў мураваны палац (закладзены ў 1769, не збярогся), перад якім размяшчаўся авальны партэр. Папярочная алея на восі У—З падзяляе парк на 2 зоны. На Пд ад палаца масіў ліп і таполяў, пасаджаных па рамбічнай планіровачнай сетцы. У тэраснай частцы парку, аформленай газонамі, шпалерамі, баскетамі, лабірынтам, фантанам, раслі ліпы, бэз персідскі, гартэнзія мяцёлчатая і інш. У вуглавых частках парку — штучныя вадаёмы. Гасп. мураваныя будынкі ў стылі класіцызму. Пашкоджаны ў Вял.Айч. вайну.
Літ.:
Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989. С. 52—55.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬШАНСКІ ПАЛА́Ц, Гальшанскі замак,
помнік палацава-паркавай архітэктуры. Пабудаваны ў в.Гальшаны (Ашмянскі р-н Гродзенскай вобл.) П.Сапегам на мяжы 16—17 ст.Асн. абарончую функцыю выконвалі земляныя валы і бастыёны з сістэмай абваднення. Палац — мураваны прамавугольны ў плане 3-павярховы будынак з вял. квадратным унутр. дваром. Вуглы палаца былі фланкіраваны 6-граннымі вежамі. У паўн.-ўсх. крыле знаходзіцца ўязная брама, якая ў 17 — 1-й пал. 18 ст. завяршалася гранёнай вежай. Насупраць брамы размяшчалася 1-нефавая капліца, убудаваная ў паўд.-зах. крыло палаца. Па ўсім перыметры будынка прамавугольныя і арачныя вокны. Сцены мелі фігурную муроўку, упрыгожаную лепкай. На ўзроўні 2-га паверха паўн.-зах. крыла з боку двара праходзіла адкрытая галерэя. Інтэр’еры палаца былі багата аздоблены. Перабудоўваўся ў 18—20 ст. Збярогся часткова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫБО́ЦКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры 18—пач. 20 ст. Размешчаны ў старым цэнтры г. Глыбокае Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1764—82 у стылі позняга барока. Мураваны 1-нефавы храм з выцягнутай паўкруглай апсідай і 2-вежавым фасадам, аздобленым ордэрнай пластыкай (вязкамі пілястраў, крапаванымі карнізамі і інш.). У 1902—08 (арх. Ю.Заро) прыбудаваны трансепт, бакавыя нефы і сакрысціі, што надало касцёлу аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю 3-нефавай крыжовай базілікі. 2-ярусныя вежы павялічаны на 2 ярусы, якія, як і цэнтр. фігурны франтон, маюць выцягнутыя верт. прапорцыі. Дэкар. аздабленне стылізавана пад першапачатковае. Тры драўляныя разныя алтары і амбон выкананы ў пач. 20 ст. У касцёле знаходзіцца абклад абраза «Маці Боская Адзігітрыя» 18 ст., захавалася каваная рашотка амбона. Над бабінцам хоры з арганам у стылі неаготыкі.